Библия › Каталіцкі › Да Каласянаў
УСТУП
Прывітанне
Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей — святым і верным братам у Хрысце, якія ў Калосах: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага.
Малітва падзякі за каласянаў
Дзякуем Богу, Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды, калі молімся за вас, бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах. Вы пачулі пра яе раней у слове праўды Евангелля, якое прыйшло да вас. І як яно прыносіць плён і расце ва ўсім свеце, так і сярод вас, пачынаючы з дня, калі вы пачулі і пазналі Божую ласку ў праўдзе. Вы навучыліся ёй ад Эпафраса, нашага ўмілаванага супольніка ў служэнні, вернага слугі Хрыстовага для вас, які і выявіў нам вашую любоў у Духу.
Малітва-просьба Паўла
Таму і мы, з таго дня, калі пачулі пра вас, няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем Яго волі ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні; каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму, прыносячы плён ва ўсякай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога; каб вы цалкам умацоўваліся паводле моцы славы Ягонай для поўнай вытрываласці і доўгацярплівасці. З радасцю дзякуйце Айцу, які зрабіў вас здольнымі ўдзельнічаць у спадчыне святых у святле, які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства свайго ўмілаванага Сына, у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў.
БЯССПРЭЧНАЯ ПЕРАВАГА ХРЫСТА
Гімн Хрысту — вобразу нябачнага Бога
Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана. Ён ёсць перад усім, і ўсё трывае ў Ім. Ён — Галава цела, гэта значыць, Касцёла. Ён — пачатак, першародны з памерлых, каб ва ўсім Ён меў першынство. Бо спадабалася Богу, каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа.
Плады адкуплення ў жыцці Касцёла
Хоць вы калісьці былі адчужаныя і варожыя паводле мыслення і сваіх ліхіх справаў, цяпер Ён прымірыў вас у сваім зямным целе праз сваю смерць, каб паставіць вас перад сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі, калі толькі вы сапраўды непарушна і цвёрда трываеце ў веры і не даеце адвесці сябе ад надзеі Евангелля, якое пачулі і якое было абвешчана ўсяму стварэнню пад небам, слугою якога стаў я, Павел.
Паслуга Паўла ў Касцёле
Цяпер я радуюся за вас у цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл, слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб абвяшчаць слова Божае, таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым. Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы гэтай таямніцы, якою ёсць Хрыстус сярод вас — надзея славы. Яго мы абвяшчаем, настаўляючы і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага дасканалым у Хрысце. Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся Яго моцаю, якая магутна дзейнічае ўва мне.
Клопат Паўла аб адрасатах
Бо я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, хто ў Лаадыкеі, а таксама за ўсіх тых, хто не бачыў мяне асабіста. Няхай будуць заахвочаны іхнія сэрцы і злучаны ў любові дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля пазнання таямніцы Бога, Хрыста, у якім схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання. Я кажу гэта, каб хто з вас не паддаўся зману прывабных словаў. Бо хоць я і адсутнічаю целам, але ў духу я з вамі і радуюся, калі бачу ваш лад жыцця і цвёрдасць вашай веры ў Хрысце.
Як вы прынялі Пана Езуса Хрыста, так паступайце ў Ім, укаранёныя і збудаваныя ў Ім, умацаваныя вераю, як навучылі вас, і перапаўняючыся ўдзячнасцю. Глядзіце, каб ніхто не захапіў вас у палон філасофіяй і марным падманам паводле чалавечай традыцыі, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста. Бо ў Ім цялесна жыве ўся паўната боскасці, і вы атрымалі паўнату ў Ім, які ёсць Галавою ўсялякага панавання і ўлады. У Ім вы таксама абрэзаныя Хрыстовым абразаннем, а не чалавечым абразаннем зямнога грахоўнага цела. Пахаваныя ў хросце разам з Ім, вы таксама ўваскрэслі ў Ім дзякуючы веры ў дзеянне Бога, які ўваскрасіў Яго. І вас, мёртвых з-за правінаў і неабразанне вашага цела, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы ўсе правіны. Ён сцёр запіс нашых даўгоў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа. Раззброіў панаванні і ўлады, выставіў іх напаказ, трыумфальна перамогшы іх у Хрысце.
Супраць фальшывай аскезы
Няхай ніхто не асуджае вас за ежу, піццё або святы, або адзначэнне маладзіка ці шабатаў. Гэта цень будучых рэчаў, а тут ёсць цела Хрыста. Няхай не зводзіць вас той, хто мае ўпадабанне ў самапрыніжэнні і пакланенні анёлам, хто ўваходзіць у тое, што ўбачыў, марна раздзімаючы сваім цялесным розумам, але не трымаючыся Галавы. Ад яе ўсё цела, якое падтрымліваецца і ўмацоўваецца суставамі і сухажыллямі, узрастае ростам Божым.
Калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў свету, чаму вы падпарадкоўваецеся правілам, нібы яшчэ жывяце ў свеце? «Не чапай, не каштуй, не дакранайся». Але ж усё гэта знішчыцца праз выкарыстанне паводле чалавечых наказаў і вучэнняў. З прычыны павярхоўнай рэлігійнасці, самапрыніжэння і ўтаймавання цела гэта стварае толькі выгляд мудрасці, але не мае ніякай вартасці, бо служыць самазадавальненню.
НОВАЕ ЖЫЦЦЁ Ў ХРЫСЦЕ
Прызначаныя для нябеснай хвалы
Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу! Калі ж з’явіцца Хрыстус, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале.
Прынцыпы паводзінаў хрысціяніна
Таму зрабіце мёртвым тое, што зямное ў целе вашым: распусту, нячыстасць, пажадлівасць, дрэнныя памкненні і хцівасць, якая з’яўляецца ідалапаклонствам. З-за гэтых рэчаў гнеў Божы сыходзіць на сыноў непаслухмянасці, сярод якіх і вы калісьці хадзілі, калі жылі сярод іх.
Цяпер жа і вы адкіньце гэта ўсё: гнеў, абурэнне, злосць, блюзнерства, зласлоўе з вуснаў вашых. Не хлусіце адзін аднаму, бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі і апрануліся ў новага, які абнаўляецца для пазнання паводле вобраза таго, хто стварыў яго. І тут ужо няма ні грэка, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні чужаземца, ні скіфа, ні нявольніка, ні свабоднага, але ўсё і ва ўсім — Хрыстус.
Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі.
Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу. І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.
Прынцыпы сямейнага жыцця
Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам, як належыць у Пану. Мужы, кахайце жонак і не будзьце суровымі да іх. Дзеці, будзьце паслухмянымі бацькам ва ўсім, бо гэта падабаецца Пану. Айцы, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не падалі духам. Нявольнікі, падпарадкоўвайцеся ва ўсім сваім гаспадарам паводле цела, служыце ім не для выгляду, нібы жадаючы спадабацца людзям, але ад шчырага сэрца, баючыся Пана. Усё, што б вы не рабілі, рабіце ад душы, як для Пана, а не для людзей, ведаючы, што ад Пана атрымаеце ва ўзнагароду спадчыну. Будзьце нявольнікамі Хрыста Пана. Той, хто робіць крыўду, расплаціцца за зробленую крыўду, без увагі на яго асобу.
Гаспадары, будзьце справядлівымі і непрадузятымі да нявольнікаў, ведаючы, што і вы маеце Пана ў небе.
Трываласць у малітве
Непахісна трывайце ў малітве, чуваючы на ёй з падзякаю. У той жа час маліцеся і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы слова для абвяшчэння таямніцы Хрыстовай, дзеля якой я і зняволены, каб адкрываць яе так, як мне належыць абвяшчаць. Мудра паводзьце сябе ў дачыненні да тых, хто звонку, выкарыстоўваючы нагоду. Няхай слова вашае заўсёды будзе ласкавае, прыпраўленае соллю, каб вы ведалі, як трэба кожнаму адказваць.
ЗАКАНЧЭННЕ
Пра мяне ўсё раскажа вам Тыхік, мой умілаваны брат, верны слуга і супольнік у Пану. Я паслаў яго да вас, каб вы даведаліся пра нашыя справы і каб ён падбадзёрыў вашыя сэрцы, а разам з ім і Анэзіма, вернага і ўмілаванага брата, аднаго з вас. Яны раскажуць вам усё, што тут адбываецца.
Прывітанні
Вітаюць вас Арыстарх, мой сувязень, і Марк, стрыечны брат Барнабы (наконт яго вы атрымалі наказы; калі ён прыйдзе да вас, прыміце яго), а таксама Езус, якога завуць Юстам. Яны паходзяць з абрэзаных. Будучы маімі адзінымі супрацоўнікамі ў справе Божага Валадарства, яны сталі для мяне суцяшэннем. Вітае вас Эпафрас, адзін з вас, слуга Езуса Хрыста. Ён заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы сталі дасканалымі і напоўніліся ўсялякаю Божаю воляю. Я сведчу пра яго, што ён вельмі клапоціцца пра вас, а таксама пра тых, хто ў Лаадыкеі і Гіерапалісе. Вітае вас Лука, умілаваны лекар, і Дэмас. Прывітайце братоў маіх у Лаадыкеі і Німфа, а таксама тых, хто збіраецца ў ягоным доме. Калі ў вас будзе прачытаны гэты ліст, то зрабіце так, каб яго прачыталі і ў Лаадыкейскім Касцёле, а той, што з Лаадыкеі, прачытайце і вы. І скажыце Архіпу: «Глядзі, каб выканаў служэнне, якое прыняў ад Пана».
Гэта маё, Паўла, уласнаручнае прывітанне. Памятайце пра мае кайданы. Ласка з вамі.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019