Библия › Каталіцкі › 1 да Тэсаланікійцаў
Прывітанне
Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце: ласка вам і спакой.
Падзяка за веру тэсаланікійцаў
За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, згадваючы вас у нашых малітвах, няспынна памятаючы пра вашую справу веры і працу любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым, ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае. Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Духу Святым, і з вялікім перакананнем. Вы ведаеце, якімі мы былі для вас, будучы з вамі.
Вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Духа Святога, так што сталіся вы ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаі. Дзякуючы вам прагучала слова Пана не толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ў кожным месцы распаўсюджвалася вашая вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць. Яны самі пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў, — Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.
Місійная дзейнасць Паўла
Вы ж самі ведаеце, браты, што наш прыход да вас не быў дарэмны. Хоць раней у Філіпах, як ведаеце, мы зазналі цярпенні і знявагі, аднак адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні. Бо навучанне нашае не з памылкі, нячыстасці ці падману, але як выпрабаваныя Богам дзеля даручэння нам Евангелля, мы абвяшчаем так, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае нашыя сэрцы. Бо, як ведаеце, мы ніколі не былі ні ліслівымі ў словах, ні карыслівымі, Бог сведка. Мы не шукалі славы ні ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых. Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі. Вы памятаеце, браты, працу і намаганні нашыя, калі, працуючы ўначы і ўдзень, каб не абцяжарваць нікога з вас, мы абвяшчалі вам Евангелле Божае. Вы сведкі і Бог, як свята, справядліва і беззаганна мы паводзілі сябе ў дачыненні да вас, веруючых. Вы ж ведаеце, што кожнага з вас, як бацька сваіх дзяцей, мы заахвочвалі, падбадзёрвалі і пераконвалі паступаць годна Бога, які кліча вас да свайго валадарства і славы.
Вера і цярплівасць тэсаланікійцаў
Таму мы таксама няспынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самай справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых. Браты, вы сталі пераймальнікамі Касцёлаў Божых у Юдэі ў Езусе Хрысце, бо і вы нацярпеліся ад землякоў вашых, як і яны ад юдэяў, якія і Пана Езуса забілі, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям працівяцца. Якія забараняюць нам прамаўляць да язычнікаў, каб тыя не былі збаўлены. І так увесь час дапаўняюць меру грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.
Намеры Апостала
Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час фізічна, а не сэрцам, вельмі моцна жадаем пабачыцца з вамі. Таму неаднойчы хацелі пайсці да вас, асабліва я, Павел, але перашкодзіў нам сатана. Бо хто наша надзея, або радасць, або вянок хвалы? Ці ж не вы перад Панам нашым Езусам у час прыйсця Ягонага? Вы — нашая хвала і радасць.
Місія Цімафея
Паколькі мы не маглі далей вытрымаць, то захацелі самі застацца ў Атэнах і паслалі да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка Бога ў абвяшчэнні Хрыстовага Евангелля дзеля вашага ўмацавання і падтрымання вашай веры, каб ніхто не зняверыўся сярод гэтага ўціску. Вы ж самі ведаеце, што мы на гэта прызначаны. Калі былі ў вас, мы ўжо казалі вам, што павінны будзем цярпець уціск. І вы ведаеце, што так і сталася. Таму і я ўжо не мог далей стрымацца і паслаў даведацца пра вашую веру, ці не зводзіць вас спакушальнік і ці не дарэмнай была нашая праца.
Цяпер прыбыў ад вас Цімафей і прынёс добрыя весткі пра вашую веру і любоў, і што вы добра ўсцяж успамінаеце пра нас, жадаючы пабачыцца з намі, як і мы з вамі. Ва ўсёй нядолі і ўціску нашым вашая вера, браты, падтрымлівала нас. Бо цяпер мы жывём, калі вы трываеце ў Пану. Як жа можам аддзячыць Богу за ўсю радасць, якую маем за вас перад Богам нашым, калі ўначы і ўдзень горача молімся, каб убачыць вас і дапоўніць тое, чаго не хапае вашай веры?
Сам Бог і Айцец наш, і Пан наш Езус няхай скіруе да вас наш шлях. А Пан няхай памножыць вас і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас, каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі.
Святасць жыцця: любоў і адказнасць
Урэшце, браты, просім вас і заклікаем у Пану Езусе, каб вы, прыняўшы ад нас тое, як трэба вам сябе паводзіць і дагаджаць Богу, а вы так сябе паводзіце, каб больш вы ў гэтым узрасталі. Вы ведаеце, якія мы далі вам наказы ад Пана Езуса. Бо воля Божая — гэта вашае асвячэнне, каб вы асцерагаліся распусты, каб кожны з вас умеў утрымліваць сваё цела ў святасці і пашане, а не ў пажадлівым захапленні, як язычнікі, што не ведаюць Бога. Няхай ніхто не крыўдзіць і не выкарыстоўвае свайго брата ў гэтай справе, бо Пан — мсціўца за ўсё гэта, як мы сказалі вам раней і засведчылі. Бог паклікаў нас не да нячыстасці, але да святасці. Таму той, хто пагарджае гэтым, пагарджае не чалавекам, але Богам, які і дае вам свайго Духа Святога.
Няма патрэбы пісаць вам пра братнюю любоў, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго і робіце так у дачыненні да ўсіх братоў ва ўсёй Македоніі. Заахвочваем вас, браты: узрастайце ў гэтым яшчэ больш, імкніцеся жыць у спакоі, выконвайце свае абавязкі і працуйце ўласнымі рукамі, як мы наказалі вам, каб вы належна паводзілі сябе адносна тых, хто жыве звонку, і каб ні ў чым не мелі патрэбы.
Жывыя і памерлыя падчас паўторнага прыйсця Хрыста
Мы не хочам, браты, пакідаць вас у няведанні пра памерлых, каб не тужылі вы, як іншыя, хто не мае надзеі. Калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то разам з Ім Бог прывядзе да жыцця і тых, хто памёр у Езусе. Гэта кажам вам у слове Пана, што мы, жывыя, пакінутыя да прыйсця Пана, не апярэдзім тых, якія памерлі. Бо сам Пан на заклік і на голас арханёла і трубы Божай сыдзе з неба, і памерлыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі. Пасля мы, пакінутыя жывымі, будзем падхоплены на аблоках разам з імі насустрач Пану ў паветра, і гэтак назаўсёды будзем з Панам. Таму заахвочвайце адзін аднаго гэтымі словамі.
Нечаканае прыйсце дня Пана
Пра часы і пэўную пару няма патрэбы пісаць вам, браты, бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Пана прыйдзе, як злодзей уначы. Калі будуць гаварыць: «Спакой і бяспека», тады неспадзяваная пагібель сустрэне іх, быццам пакуты парадзіху, і яны не ўцякуць. Вы ж, браты, не ў цемры, каб гэты дзень застаў вас, як злодзей. Вы ўсе сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні да ночы, ні да цемры. Дык не будзем жа спаць, як астатнія, але чувайма і будзьма цвярозымі.
Тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя. Мы ж, якія належым дню, будзьма цвярозымі, адзеўшы панцыр веры і любові, і як шлем — надзею збаўлення. Таму што Бог прызначыў нас не для гневу, але для атрымання збаўлення праз нашага Пана Езуса Хрыста, які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі разам з Ім. Таму заахвочвайце сябе ўзаемна і настаўляйце адзін аднаго, як вы і робіце.
Заключныя настаўленні
Просім вас, браты, паважаць тых, хто працуе сярод вас і кіруе вамі ў Пану ды навучае вас. Любіце іх больш дзеля іхняй працы. Жывіце ў згодзе між сабою. Просім вас, браты: настаўляйце свавольных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх. Глядзіце, нікому злом за зло не адплачвайце, але рабіце заўсёды дабро адзін аднаму і ўсім. Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце. Духа не гасіце, прароцтвамі не пагарджайце. Усё правярайце, трымайцеся добрага. Устрымлівайцеся ад усялякага зла.
Заключная малітва і прывітанні
Сам Бог спакою няхай асвяціць вас цалкам, няхай увесь дух ваш, і душа, і цела захаваюцца беззаганнымі на прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста. Верны той, хто вас кліча, які і здзейсніць гэта.
Браты, маліцеся за нас.
Прывітайце ўсіх братоў святым пацалункам. Прашу вас у Пану, каб гэтае пасланне было прачытана ўсім братам.
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з вамі.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019