Библия › Каталіцкі › 1 да Цімафея
Прывітанне
Павел, апостал Езуса Хрыста паводле загаду Бога, нашага Збаўцы, і Езуса Хрыста, нашай надзеі, — Цімафею, сапраўднаму дзіцяці ў веры: ласка, міласэрнасць і спакой ад Бога Айца і Пана нашага Езуса Хрыста.
Перасцярога перад фальшывымі настаўнікамі
Ідучы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб ты забараніў некаторым навучаць іншаму, а таксама займацца байкамі і бясконцымі радаводамі, якія выклікаюць больш спрэчак, чым служаць Божаму настаўленню ў веры. Мэта ж настаўлення — гэта любоў з чыстага сэрца, добрага сумлення і праўдзівай веры. Некаторыя адвярнуліся ад гэтага і звярнуліся да пустаслоўя, хочучы быць настаўнікамі Закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.
Сапраўдная роля Закону
Мы ведаем, што Закон добры, калі хто ім разумна карыстаецца, ведаючы, што Закон дадзены не для справядлівых, але для несправядлівых, непаслухмяных, бязбожных, грэшнікаў, разбэшчаных і блюзнерцаў, бацьказабойцаў, мацізабойцаў і чалавеказабойцаў, распуснікаў, мужаложнікаў, для гандляроў людзьмі, падманшчыкаў, ілжэсведкаў і для ўсіх тых, хто пярэчыць здароваму вучэнню, згоднаму з Евангеллем, якое ёсць хвалой благаслаўлёнага Бога і якое даручана мне.
Падзяка Паўла за пакліканне
Я дзякую нашаму Пану Езусу Хрысту, які ўмацаваў мяне, таму што Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы сабе на служэнне, хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і. Ласка ж нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце.
Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы. Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю доўгацярплівасць як прыклад тым, хто будзе верыць у Яго дзеля жыцця вечнага.
Валадару вякоў, незнішчальнаму, нябачнаму і адзінаму Богу — пашана і слава на векі вечныя. Амэн.
Заданне Цімафея
Гэты наказ даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі як добры барацьбіт, маючы веру і чыстае сумленне, якое некаторыя адкінулі і згубілі веру. Сярод іх Гіменэй і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб адвучыліся блюзнерыць.
Аб малітве за ўсіх
Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей: за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці. Гэта добра і прыемна ў вачах Бога, Збаўцы нашага, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды. Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, дадзенае ў адпаведную пару, дзеля чаго я прызначаны прапаведнікам і апосталам. Кажу праўду і не хлушу. Я настаўнік язычнікаў у веры і праўдзе.
Мужчыны і жанчыны падчас малітвы
Таму жадаю, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, узносячы чыстыя рукі без гневу і спрэчак. Падобна і жанчыны няхай апранаюцца з належнай стрыманасцю, сціпла і прыстойна, аздабляючы сябе не пляценнем валасоў ці золатам або пэрламі ці каштоўнымі строямі, але добрымі ўчынкамі, як належыць жанчынам, што імкнуцца да пабожнасці.
Жанчына няхай вучыцца ў ціхасці і ў поўнай паслухмянасці. А жанчыне не дазваляю навучаць і панаваць над мужам, але няхай застаецца ў ціхасці. Бо першым быў створаны Адам, а потым Ева. І не Адам быў зведзены, але жанчына была зведзеная і зграшыла. Яна будзе збаўлена праз нараджэнне дзяцей, калі яны будуць трываць у веры, любові і святасці з развагаю.
Біскупы
Гэта слова годнае веры: калі хто жадае біскупства, ён жадае добрай справы. Таму біскуп павінен быць бездакорным, мужам адной жонкі, цвярозым, разважлівым, прыстойным, гасцінным, здольным навучаць, не схільным да п’янства, не сварлівым, але спагадлівым, міралюбным і не прагным да грошай. Ён павінен добра кіраваць уласным домам і трымаць дзяцей у паслухмянасці з усёй пашанаю. Бо, калі хто не ўмее кіраваць уласным домам, як жа зможа клапаціцца аб Касцёле Божым? Ён не павінен быць неафітам, каб не заганарыўся і не патрапіў пад д’ябальскае асуджэнне. Ён павінен таксама мець добрае сведчанне ад тых, хто звонку, каб не патрапіць у пагарду і пастку д’ябла.
Дыяканы
Таксама і дыяканы павінны быць годнымі, некрывадушнымі, не павінны злоўжываць віном і быць карыслівымі. Павінны захоўваць таямніцу веры ў чыстым сумленні. І такіх трэба спачатку выпрабоўваць, а потым няхай служаць, калі будуць бездакорнымі. Жанчыны таксама няхай будуць годнымі, не пляткаркамі, цвярозымі, вернымі ва ўсім. Няхай дыякан будзе мужам адной жонкі, няхай добра кіруе дзецьмі і ўласным домам. Бо тыя, хто добра служыў дыяканам, здабываюць сабе годнае становішча і вялікую адвагу ў веры ў Езусе Хрысце.
Касцёл Божы
Пішу табе гэта, маючы надзею неўзабаве прыбыць да цябе. Калі буду спазняцца, то ведай, як трэба паводзіць сябе ў доме Божым, які з’яўляецца Касцёлам жывога Бога, стаўпом і апірышчам праўды. І мы згодна прызнаём, што гэта вялікая таямніца пабожнасці: Той, хто з’явіўся ў целе, быў апраўданы ў Духу, з’явіўся анёлам, быў абвешчаны язычнікам, знайшоў веру ў свеце і быў узнесены ў славе.
Супраць фальшывых вучэнняў
Дух выразна кажа, што напрыканцы часоў некаторыя адступяцца ад веры і звернуцца да духаў, якія зводзяць, і да навук дэманаў праз крывадушных падманшчыкаў, якія заплямілі сваё сумленне. Яны забараняюць жаніцца, спажываць стравы, якія Бог стварыў дзеля спажывання з удзячнасцю для веруючых і тых, якія пазналі праўду. Бо ўсё, што стварыў Бог, добрае, і нельга адкідаць нічога, што з удзячнасцю прымаецца. Яно асвячаецца праз слова Божае і малітву.
Добрае вучэнне і пабожнасць
Калі гэта растлумачыш братам, станеш добрым слугою Езуса Хрыста, які жывіцца словамі веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся. Асцерагайся бязбожных і недарэчных баек. Сябе ж выхоўвай у пабожнасці, бо цялеснае практыкаванне мала ў чым карыснае, а пабожнасць да ўсяго прыдатная, мае ў сабе абяцанне цяперашняга і будучага жыцця. Праўдзівае гэта слова і вартае ўсялякай увагі. Бо дзеля гэтага мы працуем і змагаемся, таму што спадзяемся на Бога жывога, Збаўцу ўсіх людзей, асабліва веруючых. Загадвай гэта і гэтаму навучай.
Прыклад для верных
Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але стань для верных узорам у слове, паводзінах, любові, веры і беззаганнасці. Пакуль прыйду, займіся чытаннем Пісання, заахвочваннем і навучаннем. Не занядбоўвай дар, які ёсць у табе і які быў дадзены табе праз прароцтва і ўскладанне рук калегіі прэзбітэраў. Аб гэтым клапаціся, у гэтым трывай, каб твой поступ быў відавочны для ўсіх. Зважай на сябе і на навучанне. Заставайся ў гэтым. Робячы так, і самога сябе збавіш, і тых, хто слухае цябе.
Удовы
Старэйшага не дакарай, але ўпрошвай, як бацьку; маладых — як братоў; старэйшых жанчын — як маці, а маладых — як сясцёр, з усёй беззаганнасцю. Удоваў шануй, калі яны сапраўды ўдовы. Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, то няхай яны перш вучацца шанаваць сваю сям’ю ды быць удзячнымі бацькам, бо гэта падабаецца Богу. Сапраўдная ўдава і адзінокая спадзяецца на Бога і ўзносіць да Яго просьбы і малітвы днём і ноччу. Тая ж, што шукае асалоды, мёртвая пры жыцці. Таму так настаўляй іх, каб яны былі беззаганнымі. Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверуючага.
Удавой павінна лічыцца тая, якой не менш шасьцідзесяці гадоў, якая мела аднаго толькі мужа. Яна павінна славіцца добрымі ўчынкамі, гэта значыць добрым выхаваннем дзяцей, гасціннасцю і тым, што абмывала ногі святым, дапамагала гаротным і рупілася пра добрыя справы. А маладых удоваў абмінай, бо яны, кіруючыся пажадлівасцю, пагарджаюць Хрыстом ды імкнуцца выйсці замуж. Яны годныя асуджэння, бо страцілі першасную вернасць. Ходзячы па хатах, яны таксама вучацца гультайству. Яны не толькі гультайкі, але пляткаркі і цікаўныя, гавораць тое, што не трэба. Таму лічу, што лепш, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі ворагу ніякіх падстаў да знеслаўлення. На жаль, ужо некаторыя пайшлі за сатаной.
Калі ж якая верніца мае ўдоваў, дык няхай апякуецца імі і не абцяжарвае Касцёла, каб ён мог дапамагаць сапраўдным удовам.
Прэзбітэры
Прэзбітэраў, якія добра кіруюць, акружайце падвойнай пашанай, асабліва тых, хто цяжка працуе, прапаведуючы і навучаючы. Бо Пісанне кажа: «Не завязвай пысы валу, які малоціць» і: «Працаўнік варты платы сваёй». Не прымай абвінавачанняў супраць прэзбітэра, хіба што з-за двух ці трох сведкаў. А тых, хто грашыць, дакарай перад усімі, каб іншыя таксама мелі страх. Заклінаю цябе перад Богам і Хрыстом Езусам, і выбранымі анёламі, каб ты захоўваў гэта без прыліку і не рабіў нічога прадузята. Не ўскладай паспешліва рук ні на кога, і не ўдзельнічай у грахах іншых, а сябе самога захоўвай беззаганным.
Іншыя настаўленні
Адгэтуль не пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на страўнік і твае частыя немачы.
Грахі некаторых людзей відавочныя яшчэ да суда, а за некаторымі ідуць следам. Падобна і добрыя ўчынкі відавочныя, а калі не, то ўсё роўна схавацца не змогуць.
Гаспадары і слугі
Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў годнымі ўсякай павагі, каб не зневажалася імя Божае і навука. Тыя, хто мае веруючых гаспадароў, няхай не пагарджаюць імі, што яны браты, але няхай больш служаць ім, бо яны веруючыя і ўмілаваныя, і здзяйсняюць добрую справу. Гэтаму навучай і да гэтага заклікай.
Праўдзівыя і фальшывыя настаўнікі
Калі хто навучае інакш і не трымаецца здаровых словаў Пана нашага Езуса Хрыста, а таксама згоднага з пабожнасцю вучэння, той заганарыўся, нічога не ведае, але мае хваравітую схільнасць да пытанняў і слоўных спрэчак. З гэтага ўзнікаюць зайздрасць, гнеў, блюзнерствы, зласлівыя падазрэнні, няспынныя спрэчкі пазбаўленых праўды людзей з сапсаваным мысленнем, якія лічаць, што пабожнасць — гэта прыбытак.
Сапраўды, пабожнасць разам з задавальненнем — гэта вялікая карысць. Бо мы нічога не прыносім у свет і не можам нічога вынесці. Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым. А тыя, хто хоча ўзбагаціцца, трапляюць у спакусу і пастку, у шматлікія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія патапляюць людзей у згубе і пагібелі. Бо корань усялякага зла — гэта любоў да грошай, у пагоні за якімі некаторыя адступіліся ад веры і аддалі сябе шматлікім пакутам.
Заклік змагацца за веру
Ты ж, чалавеча Божы, пазбягай гэтага, імкніся да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці і лагоднасці. Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы і пра якое ты даў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.
Перад Богам, які дае жыццё ўсяму, і перад Езусам Хрыстом, які даў перад Понціем Пілатам добрае сведчанне, наказваю табе захоўваць запаведзь чыстай і беззаганнай аж да аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста, якое ў свой час пакажа шчаслівы і адзіны моцны, Кароль над каралямі і Пан над панамі, адзіны несмяротны, які жыве ў недаступным святле, якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа. Яму пашана і вечная моц. Амэн.
Выкарыстанне багаццяў
Багатым гэтага веку загадвай, каб завысока пра сябе не думалі і не спадзяваліся на няпэўнае багацце, але на Бога, які шчодра дае нам усё для карыстання. Няхай робяць дабро, багацеюць добрымі ўчынкамі, будуць шчодрымі, дзяляцца з іншымі. Так, збіраючы сабе добры скарб на будучае, забяспечаць сабе сапраўднае жыццё.
Заканчэнне
О Цімафею, беражы гэты дэпазіт веры, пазбягай бязбожнага пустаслоўя, а таксама супярэчнасцяў фальшывага пазнання, ідучы за якім, некаторыя адышлі ад веры.
Ласка з вамі.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019