Библия › Каталіцкі › 2 да Цімафея
Прывітанне
Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, згодна з абяцаннем жыцця ў Хрысце Езусе — Цімафею, умілаванаму сыну: ласка, міласэрнасць, спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Пана нашага.
Падзяка за веру Цімафея
Калі я няспынна ўспамінаю пра цябе ў сваіх малітвах ноччу і днём, я ўдзячны Богу, якому на ўзор продкаў служу з чыстым сумленнем. Узгадваючы пра твае слёзы, я прагну ўбачыць цябе, каб напоўніцца радасцю. Калі ўспамінаю пра тваю некрывадушную веру, якая спярша жыла ў тваёй бабулі Лаідзе і тваёй маці Эўніцы, я перакананы, што яна жыве таксама ў табе.
Заданне Цімафея
З гэтай прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук. Таму што Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці. Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога, які ўратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем не за нашыя ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі і адкрытай цяпер праз аб’яўленне Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем, дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, апосталам і настаўнікам.
З гэтай прычыны я і цярплю гэта, але не саромеюся, бо ведаю, у каго паверыў, і перакананы, што Ён мае моц захаваць дэпазіт веры на той дзень. Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, што ў Хрысце Езусе. Захавай гэты прыгожы дэпазіт дзякуючы Духу Святому, які жыве ў нас.
Ці ведаеш, што ўсе з Азіі, сярод якіх Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне? Хай будзе міласэрным Пан да дому Анэсіфора, бо ён часта падтрымліваў мяне і не саромеўся маіх кайданаў, але, прыбыўшы ў Рым, старанна шукаў мяне і знайшоў. Няхай Пан будзе міласэрным да яго ў гэты дзень. А колькі ён служыў мне ў Эфесе, ты лепей ведаеш.
Узнагарода за апостальскую працу
Ты ж, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Езусе Хрысце. А пачутае ад мяне пры многіх сведках, перадай верным людзям, якія будуць здольныя навучыць таксама іншых.
Цярпі разам са мною як добры жаўнер Хрыста Езуса. Той, хто служыць у войску, каб падабацца таму, хто ўзяў яго на службу, не ўмешваецца ў жыццёвыя справы. Таксама і той, хто змагаецца як атлет, не стане пераможцам, калі будзе змагацца не па правілах. Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі. Зразумей, што гавару; няхай дасць табе Пан зразумець усё.
Перамога ва ўваскрослым Хрысце
Памятай пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос паводле майго Евангелля, за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш. Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю. Сапраўды, калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем; калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.
Вытрываласць ў абвяшчэнні слова праўды
Нагадвай пра гэта, даючы сведчанне перад Богам, каб не спрачацца з-за словаў, бо гэта не прыносіць ніякай карысці, а толькі шкодзіць слухачам. Старанна імкніся, каб Бог палічыў цябе годным, бездакорным працаўніком, які правільна пераказвае слова праўды. Пазбягай людскога пустаслоўя, бо гэта вядзе да штораз большай бязбожнасці. Словы такіх людзей пашыраюцца, як гангрэна. Сярод іх Гіменэй і Філет, якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўваскрашэнне ўжо настала, і гэтым разбураюць веру некаторых. Але Божы фундамент стаіць моцна, маючы такую пячатку: «Пан ведае сваіх» і: «Няхай адступіцца ад несправядлівасці кожны, хто заклікае імя Пана». У вялікім жа доме ёсць не толькі залатое і сярэбранае начынне, але драўлянае і глінянае. Адно — у пашане, другое — не ў пашане. Калі хтосьці ачысціць сябе ад гэтага, то стане начыннем пачэсным, асвячаным і карысным Пану, прыдатным для ўсялякай добрай справы.
Патрабаванні да Цімафея
Асцерагайся юнацкай пажадлівасці, імкніся да справядлівасці, веры, любові, міру з тымі, хто заклікае імя Пана ад чыстага сэрца. А неразумных і бессэнсоўных спрэчак пазбягай, ведаючы, што яны прыводзяць да сварак. Слуга Пана не павінен сварыцца, а павінен быць ласкавым да ўсіх, здольным да навучання і цярплівым, спакойна настаўляць непрыхільных. Можа, калісьці Бог дасць ім апамятацца дзеля пазнання праўды і вырвацца з пастак д’ябла, які аблытаў іх, каб падпарадкаваць сваёй волі.
Знакі апошніх часоў
Ведай, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы. Людзі будуць самалюбнымі, хцівымі, фанабэрыстымі, ганарыстымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацькам, няўдзячнымі, нягоднымі, непрыязнымі, непрымірымымі, паклёпнікамі, нястрыманымі, жорсткімі, ненавіснікамі дабра, здраднікамі, бяздушнымі, надзьмутымі, любячымі раскошу больш за Бога. Будуць мець выгляд пабожнасці, аднак адкінуць яе моц. Асцерагайся такіх, бо з іх ёсць тыя, каторыя закрадаюцца ў дамы і зводзяць хвейных жанчын, абцяжараных грахамі, якія паддаюцца розным пажадлівасцям, заўсёды вучацца, але ніколі не даходзяць да разумення праўды. Як Янэс і Ямбрэс паўсталі супраць Майсея, так і яны сталі супраць праўды, людзі з сапсаваным розумам, нявыпрабаваныя ў веры. Але яны далёка не зойдуць, бо іх глупота — так, як і тых, — стане бачнай усім.
Вернасць пакліканню і каштоўнасць Святога Пісання
Ты пайшоў следам за маім вучэннем, за паводзінамі, за намерам, за вераю, за цярплівасцю, за любоўю, за трываласцю ў ганеннях і цярпеннях, якія выпалі мне ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Столькі ганенняў я перанёс, і ад усяго мяне выратаваў Пан. Усе, хто жадае жыць пабожна ў Хрысце Езусе, будуць пераследаваныя. Нягодныя ж людзі і ашуканцы будуць дасягаць поспехаў у дрэнным, памыляючыся і іншых уводзячы ў зман.
А ты трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя Пісанні, якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Езуса Хрыста. Усё Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.
Абавязкі Цімафея
Перад абліччам Бога і Хрыста Езуса, які будзе судзіць жывых і памерлых, Яго аб’яўленнем і валадарствам я заклінаю цябе: прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні. Бо настане час, калі не будуць зносіць здаровага вучэння, але паводле ўласнай пажадлівасці пачнуць памнажаць сабе настаўнікаў, каб тыя цешылі ім слых. І адвернуць слых ад праўды, і звернуцца да баек. Але ты будзь цвярозы ва ўсім, вытрымлівай зло, здзейсні справу дабравесніка, споўні сваё служэнне.
Прадказанне хуткай смерці Апостала
Бо я ўжо праліваюся, як ахвяра, і настаў час майго адыходу. У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які ў той дзень дасць мне Пан, справядлівы Суддзя. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне.
Апошнія настаўленні
Пастарайся прыйсці да мяне неўзабаве. Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні свет, і скіраваўся ў Тэсалоніку; Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далматыю. Толькі Лука са мною. Забяры Марка і прывядзі з сабою, бо ён найбольш карысны мне для служэння. Тыхіка я паслаў у Эфес. Як пойдзеш да мяне, прынясі плашч, які я пакінуў у Карпа ў Траадзе, а таксама кнігі, асабліва пергаменты. Меднік Аляксандр праявіў у дачыненні да мяне шмат зла — Пан адплаціць яму паводле ўчынкаў ягоных. І ты асцерагайся яго, бо ён моцна супраціўляўся нашым словам.
Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай не будзе палічана ім гэта. А Пан стаў пры мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне і каб пачулі ўсе язычнікі, а я пазбег ільвінай пашчы. Уратуе мяне Пан ад кожнай ліхой справы і захавае мяне для свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амэн.
Прывітанні
Прывітай Прыску і Аквілу, і дом Анэсіфора. Эраст застаўся ў Карынце, а хворага Трафіма я пакінуў у Мілеце. Паспяшайся прыйсці да зімы.
Вітаюць цябе Эўбуль, Пудэнс, Лін, Клаўдыя і ўсе браты.
Пан з духам тваім. Ласка з вамі.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019