Библия › Каталіцкі › Да Ціта

Пасланне да Ціта

Прывітанне

Павел, слуга Бога і апостал Езуса Хрыста, дзеля веры тых, каго выбраў Бог, і спазнання праўды дзеля пабожнасці, у надзеі на вечнае жыццё, якое спрадвеку абяцаў праўдзівы Бог, а ў адпаведныя часы з’явіў сваё слова ў прапаведаванні, давераным мне паводле загаду Бога, Збаўцы нашага, Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Адказныя за супольнасць

Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты прывёў у парадак тое, што засталося незакончаным, і прызначыў па гарадах старэйшын, як я наказваў табе, калі толькі гэта будзе чалавек бездакорны, муж адной жанчыны, які мае веруючых дзяцей, неабвінавачаных у распусце ці непаслухмянасці. Таму біскуп, як Божы распарадчык, павінен быць бездакорны, не дзёрзкі, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы, але гасцінны, любячы дабро, разважлівы, справядлівы, пабожны, дысцыплінаваны, які трымаецца, згодна з вучэннем, праўдзівага слова, каб быў моцны, мог заахвочваць у здаровым вучэнні і пераконваць тых, хто супярэчыць.

Фальшывыя настаўнікі

Бо ёсць шмат непаслухмяных, пустасловаў ды спакушальнікаў, асабліва сярод абрэзаных, якім трэба закрыць вусны, бо яны цэлыя дамы руйнуюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ганебнай карысці. Сказаў жа хтосьці з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне пастаянна маняць, яны лютыя звяры і лянівыя жываты». Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры, не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на загады людзей, якія адварочваюцца ад праўды.

Для чыстых усё чыстае. Для апаганеных і няверучых няма нічога чыстага, бо забруджаны іх думкі і сумленне. Кажуць, што ведаюць Бога, але сваімі ўчынкамі пярэчаць гэтаму. Яны агідныя і непаслухмяныя, няздатныя да ніякай добрай справы.

Настаўленні для розных станаў

Тое кажы, што адпавядае здароваму вучэнню.

Старэйшыя мужчыны павінны быць цвярозыя, годныя пашаны, стрыманыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасці.

Старэйшыя жанчыны таксама павінны паводзіць сябе так, як належыць святым, не абмаўляць, не быць нявольніцамі віна, але вучыць прыгожаму. Няхай заахвочваюць маладых жанчын кахаць мужоў, любіць дзяцей, быць стрыманымі, цнатлівымі, добрымі гаспадынямі, паслухмянымі сваім мужам, каб не зневажалася Божае слова.

Юнакоў таксама вучы быць стрыманымі. Ва ўсім сам давай прыклад прыгожых учынкаў, у настаўніцтве беззаганнасць, годнасць, здаровае слова, бездакорнае, каб праціўнік быў пасаромлены і не мог сказаць пра нас нічога кепскага.

Няхай слугі падпарадкоўваюцца сваім гаспадарам, ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць. Няхай не прысвойваюць сабе нічога, але выяўляюць цалкам добрую волю, каб ва ўсім паказваць прыгажосць навукі Бога, Збаўцы нашага.

Дагматычныя падставы патрабаванняў

Бо з’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей, якая вучыць нас, каб мы, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна, чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, які аддаў самога сябе за нас, каб адкупіць ад усялякага беззаконня і ачысціць для сябе народ выбраны, руплівы ў добрых учынках.

Пра гэта кажы, да гэтага заахвочвай і дакарай з усёй уладаю. Няхай ніхто табою не пагарджае!

Паўсюдныя абавязкі вернікаў

Нагадвай ім, каб слухаліся і падпарадкоўваліся кіраўнікам і ўладам, каб былі гатовымі да ўсякай добрай справы, каб нікога не зласловілі, не былі сварлівымі, але спагадлівымі, выяўляючы ўсялякую далікатнасць да ўсіх людзей.

Бо і мы былі калісьці неразумнымі, непаслухмянымі, зведзенымі, служылі розным жаданням і ўцехам, жылі ў злосці і зайздрасці, былі агіднымі і ненавідзелі адзін аднаго. Калі ж аб’явілася дабрыня і любоў Бога, Збаўцы нашага, да людзей, Ён не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы зрабілі, але паводле міласэрнасці сваёй збавіў нас праз купель адраджэння і аднаўлення Духам Святым, якога шчодра выліў на нас праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага, каб, апраўданыя Ягонай ласкаю, мы сталі паводле надзеі спадкаемцамі вечнага жыцця.

Парады для Ціта

Слова годнае даверу, і я хачу, каб ты ўпэўнена казаў пра гэта, каб тыя, хто паверыў Богу, імкнуліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна для людзей. Недарэчных пошукаў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны бескарысныя і марныя. Таго, хто сее ерась, пасля першага і другога настаўлення аддаляй, ведаючы, што такі чалавек выкручваецца і грашыць, асуджаючы самога сябе.

Калі пашлю да цябе Артэмаса або Тыхіка, пастарайся прыйсці да мяне ў Нікаполь, бо я вырашыў там зімаваць. Зэнаса, знаўцу закону, і Апалоса старанна забяспеч, каб ні ў чым яны не адчувалі нястачы. Няхай вучацца і нашыя быць першымі ў добрых учынках у пільнай патрэбе, каб не былі яны бясплоднымі.

Заканчэнне

Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры.
Ласка з усімі вамі.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.