Библия › Станкевіча › Госі

Госі

Слова СПАДАРОВА, што было Госі Беронку за дзён Узі, Ёфама, Агаза, Гэзэкі, каралёў Юдэйскіх, і за дзён Еровоама Ёашонка, караля Ізраельскага. Пачатак слова СПАДАРОВАГА Госям. І сказаў СПАДАР Госі: «Ідзі, вазьмі сабе жонку зь бязуляў і дзеці зь бязулства, бо зямля надта бязулствавала, адыходзячы ад СПАДАРА». І пайшоў ён, і ўзяў Ґомер Дыў-Лаімішку; і яна зачала, і нарадзіла яму сына. І сказаў СПАДАР яму: «Назаві імя ягонае Езрэель, бо яшчэ крыху, і Я спаганю кроў Езрэеля на доме Егавым, і спыню каралеўства дому Ізраелявага. І станецца таго дня, што я патрышчу лук Ізраеляў у даліне Езрэелявай».

І зачала яна ізноў, і сказаў яму: «Назаві імя ейнае: Ло-Ругама, бо наперад Я ня буду спагадаць дому Ізраеляваму, каб, даруючы, дараваў ім. А дом Юдзін я пажалею а выбаўлю іх СПАДАРОМ, Богам іхным, а ня выбаўлю іх лукам, ані мячом, ані бітвою, ані коньмі, ані коньнікамі».

Адвучыўшы Ло-Ругаму, яна зачала а нарадзіла сына. І сказаў: «Назаві імя ягонае: Лоамі, бо вы ня люд Мой, і я ня буду вашым».

яшчэ будзе лік сыноў Ізраелявых, як пясок морскі, каторага нельга памераць ані палічыць; і станецца, замест тога, што казалі ім: «Вы ня люд Мой», скажуць ім: «Вы сынове БОГА жывога». І зьбяруцца разам, і прызначаць сабе аднаго за галаву, і ўзыйдуць ізь зямлі; бо вялікі дзень Езрэеляў.

Кажыце братом вашым: «Аммі» і сёстрам вашым: «Ругама». «Правуйцеся з маткаю вашаю, правуйцеся, бо яна ня жонка Імне, ані Я муж ёй, каб яна аддаліла бязулства ізь віду свайго і чужалоства з памеж пелькаў сваіх. Каб Я ня выставіў яе аголенаю і не пастанавіў яе як у дзень, калі яна нарадзілася, і не зрабіў яе, як пустыню і не абярнуў яе ў сухую зямлю, і не замарыў яе смагаю. І сыноў ейных не пажалею, бо яны сыны бязулства; Бо маці іхная бязулствавала; тая, што радзіла іх, зрабіла ганебна; бо яна казала: "Пайду за палюбоўнікамі сваімі, што даюць хлеб імне й ваду імне, воўну імне а лён імне, аліву імне а напіткі імне", Затым, вось, Я загараджу дарогу тваю цернямі і агараджу агарожаю яе, і сьцежак сваіх яна ня знойдзе. І пажанецца за палюбоўнікамі сваімі, але не дажанець іх; і будзе шукаць іх, але ня знойдзе і скажа: "Пайду й зьвярнуся да свайго першага мужа, бо тады было імне лягчэй, чымся цяпер". Бо яна ня ведала, што Я даваў ёй збожжа а вінны сок а аліву, і памножыў ёй срэбра а золата, з каторага яны зрабілі аброк Ваалу. Затым зьвярнуся і адбяру збожжа Сваё часу яго, і вінны сок Свой упару яго, і выратую воўну Сваю а лён Свой, даны накрываць голасьць ейную. І цяпер адкрыю сорам ейны на ачох палюбоўнікаў ейных, і ніхто ня вывальне яе з рукі Мае. І спыню ўсю весялосьць ейную, сьвяты ейныя, маладзікі ейныя а сыботы ейныя а ўсі ўрочыстыя поры ейныя. І спустошу віны ейныя а фіґі ейныя, праз каторыя яна кажа: "Гэта заплата мая, што далі імне палюбоўнікі мае"; а Я абярну іх у лес, і зьвяры палявыя зьядуць іх. І даведаюся да яе за дні Ваалам, калі яна кадзіла ім, і прыбіралася завушніцамі а кралямі, і хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а Мяне забылася, — агалашае СПАДАР.

Затым, вось, і Я прынаджу яе, і павяду яе на пустыню, і буду гукаць да сэрца ейнага. І дам ёй стуль вінныя народы і даліну Ахор дзеля дзьвярэй надзеі; і яна будзе пяяць там, як за дзён маладосьці свае і як у дзень, як узышла ізь зямлі Ягіпецкае.

І будзе таго дня, — агалашае СПАДАР, — будзеш гукаць Мяне: "Мужу мой", але ня будзеш гукаць Мяне: "Ваале". І аддалю ймёны Ваалаў з вуснаў ейных, і яны ня будуць болей менаваныя ймёнамі сваімі. І таго дня ўчыню змову ім ізь зьвярмі палявымі, і з птушкамі нябёсным! і з паўзунамі земнымі; і лук, і меч, і бітву патрышчу ізь зямлі, і дам ім супачываць бясьпечна. І заручу цябе із Сабою на векі; але, заручу цябе із Сабою справядлівасьцяй а судам а міласэрдзям а спагадаю. І заручу цябе із Сабою вернасьцяй, і ты пазнаеш СПАДАРА.

І станецца ў тым часе, што Я буду адказаваць, — агалашае СПАДАР, — буду адказаваць нябёсам; а яны будуць адказаваць зямлі; А зямля будзе адказаваць збожжу а вінному соку а аліве; а яны будуць адказаваць Езрэелю. І пасею яе Сабе ў зямлі, і пажалею Ло-Ругаму, і буду казаць не Свайму люду: "Ты люд Мой", а ён скажа: "Бог мой"».

І сказаў СПАДАР імне: «Ідзі яшчэ, пакахай жонку, каханую прыяцелям сваім, але чужаложніцу, падобна да любові СПАДАРА да сыноў Ізраелявых, а яны абарачаюцца да багоў іншых і любяць віны». Затым купіў я сабе яе за пятнанцаць срэбнікаў і за гомер ячменю, і за паўгомеру ячменю; І сказаў ёй: «Заставайся з імною шмат дзён; не бязуль і ня будзь іншаму; дык я таксама буду да цябе»; Бо даўгія дні сынове Ізраелявы застануцца без караля а бяз князя, і без аброку, і без выразанага, і без наплечніка, і бяз хатніх балваноў. Потым навернуцца сынове Ізраелявы і будуць шукаць СПАДАРА, Бога свайго, і Давіда, караля свайго, і з боязьню абернуцца да СПАДАРА а дабрыні Ягонае ў вапошніх днёх.

Слухайце слова СПАДАРОВА, сынове Ізраелявы; бо ў СПАДАРА сьпярэчка із жыхарамі гэтае зямлі, бо нямаш праўды ані міласэрдзя, ані пазнаньня Бога на зямлі. Прысяганьням а перачэньням а ўбіўствам а зладзействам а чужалоствам яны выбухлі, і кроў даганяе кроў. Затым зямля будзе ў жалобе, і кажны, што жывець на ёй, скволее ізь зьвярмі палявымі й птушкамі нябёснымі, нават і рыбы морскія будуць забраны. Але ніхто не пярэч ані гань другога, бо люд твой як тыя, што сьперачаюцца ізь сьвятаром, І спатыкнешся серадня, і прарока таксама паваліцца з табою ночы, і адатну маці тваю. Люд Мой адцяты за нястачу веданьня, бо ты адкінуў веданьне, і Я адкіну цябе, каб ты не сьвятарстваваў Імне; а што ты забыўся права Бога свайго, Я таксама забудуся сыноў тваіх. Чым болей яны мнажыліся, тым балей грашылі супроці Мяне; славу іхную абярну ў сорам. Жывяцца грэхам люду Майго, і да бяспраўя іхнага імкнецца душа іхная. І станецца як люду, так сьвятару; і пакараю яго за дарогі ягоныя, і ўчынкі ягоныя абярну на яго. Бо будуць есьці — і не насыцяцца, будуць бязуліць — і не размножацца; бо пакінулі зважаць на СПАДАРА. Бязулства а віно а вінны сок забіраюць сэрца. Люд Мой пытаецца ў пня свайго, і кій ягоны зьясьняе яму; бо дух бязулства прычыніў абмылу, і ад Бога свайго ішлі ў бязулства. Абракаюць на вярхох гор і кадзяць на ўзгорках, пад дубамі а таполямі а вязамі, бо добры сьцень іх. Затым дачкі вашыя будуць бязуліць, і нявесткі вашыя — чужаложыць. Я не пакараю дачок вашых за бязулства ані нявестак вашых за чужалоства, бо яны бываюць ізь бязулямі і абракаюць ізь сьвятарамі бязулства; але люд, што не разумее, упадзець. Калі ты, Ізраелю, бязуліш, няхай бы Юда не выступаў; і не хадзіце да Ґілґалу ані ўходзьце да Бет-Авену, ані прысягайце: «Жыў СПАДАР!» Бо, як цяліца ўпорлівая, быў упорлівы Ізраель; цяпер СПАДАР будзе пасьціць іх, як баранчыка на прасторным месцу. Яхрэм злучыўся з балванамі; пакінь яго. Упорлівымі іх робе напітак іхны, яны бязуляць кажначасна; вельма любяць сорам абароньнікі іх. Вецер ахопе іх крыламі сваімі, і засаромяцца яны аброкаў сваіх.

Слухайце гэта, сьвятарове, і прыслухайцеся, доме Ізраеляў, і нахіні вуха, доме каралеўскі, бо суд супроці вас, бо вы былі пасадкаю Міцпе і расьцягненаю сецьцю на Табору. І бунтаўнікі жадаюць забіваць, хоць Я ганю іх усіх. Знаю Яхрэма, і Ізраель не схаваны ад Мяне; бо цяпер, Яхрэме, ты бязуліш, Ізраель сплюгаўлены. Не даюць учынкі іхныя навярнуцца да Бога свайго, бо дух бязулства ўнутры ў іх, і яны ня знаюць СПАДАРА. І пыха Ізраелява сьветча на відзе ягоным; за тое Ізраель а Яхрэм спатыкнуцца ў бяспраўю сваім; Юда таксама спатыкнецца зь імі. З авечкамі сваімі а з народамі сваімі пойдуць шукаць СПАДАРА, але ня знойдуць: Ён здаліўся ад іх. СПАДАРА яны ізрадзілі, бо нарадзілі чужыя дзеці; цяпер зжарэць іх месяц зь дзельмі іхнымі.

Трубіце ў рог у Ґівеі і ў трубу ў Раме, трубіце ў Бет-Авене, па табе, Веняміне! Яхрэм будзе спустошаны ў дзень ганеньня; меж пакаленьняў Ізраелявых я абяшчу, што канечне будзе. Князі Юдзіны былі, як тыя, што перасуваюць граніцу: як ваду, выльлю на іх гнеў свой. Яхрэм уцісьнены, патрышчаны судам, бо адно ў вахвоту хадзіў подле расказаньня. А Я буду як моль Яхрэму, і дому Юдзінаму як гнільлё. Як Яхрэм абачыў хваробу сваю і Юда — рану сваю, тады пашоў Яхрэм да Асура й паслаў караля Ярэву; але ён ня можа ўздаравіць вас ані вылячыць рану вашу; Бо Я як леў Яхрэму і як левянё дому Юдзінаму: Я, Я разарву й адыйду; панясу, і ніхто ня вывальне. Пайду й зьвярнуся на месца Сваё, пакуль яны ня прызнаюць выступу свайго і ня будуць шукаць віду Майго; у гароце сваёй будуць шукаць Мяне рана.

«Пайдзіма й зьвярнімася да СПАДАРА, бо Ён разьдзер і Ён ўздарове нас, выцяў і завяжа нам. За два дні ажыве нас, на трэйці дзень ускрэсе вас, і мы будзем жыць перад відам Ягоным. Тады пазнаем, пажанемся пазнаць СПАДАРА; прыход Ягоны прыгатаваны як раньне, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як вяснушчы й восенскі дождж на зямлю». Што Імне рабіць із табою, Яхрэме? што Імне рабіць із табою, Юда? бо міласэрдзе ваша як ранічны туман, і мінае як раса нараніцы. Затым Я часаў іх прарокамі і забіваў іх словамі вуснаў Сваіх, і суды твае, як сьвятліня выйдуць; Бо Я жадаў міласэрдзя, а не аброку, і знацьця Бога болей, чымся ўсепаленьняў. Але яны, як Адам, узрушылі змову, тым ізрадзілі Мяне. Ґілеад места іхнае, каторае робе бяспраўе, сплюгаўлены крывёю. Як чарада глабаньнікаў цікуе на чалавека, так груд сьвятароў забівае на дарозе да Шыхему, бо яны бязуляць. У доме Ізраелявым Я бачыў жахлівае: там бязулства Яхрэма, сплюгавіўся Ізраель. І нават, Юда, прызначана жніво табе, як Я зьвярну палон люду Свайго.

Як Я лячыў Ізраеля, тады адкрылася бяспраўе Яхрэмава, і нягоднасьць Самары; бо тарнуюць ману, і ўходзе злодзей, і народы глабаньнікаў глабаюць вонках. І ня кажуць яны ў сэрцу сваім, што Я помню ўсі нягоднасьці іхныя; цяпер абступаюць іх учынкі іхныя; яны перад відам Маім былі. Вяселяць караля нягоднасьцьмі сваімі і князёў — маною сваёй. Яны ўсі чужаложны, як печ, нацепленая пекаром, што перастаець падкладаць ад замесу да закісу цеста. У дзень караля нашага князі задалі яму хваробу бутлямі віна, ён выцягае руку сваю із скалазубамі; Бо да свайго цікаваньня яны прытарнавалі сэрцы свае, як печ: усю ноч сьпіць пякар іхны, а нараніцы яна гарыць як палаючае цяпло. Усі яны распаленыя, як печ, і пажэрлі судзьдзяў сваіх; усі каралёве іхныя ўпалыя, ніхто зь іх ня гукае да Мяне. Яхрэм, ён зьмяшаўся зь людамі, Яхрэм — неперавернены сачэнь. Чужаземцы жэрлі сілу ягоную а ён ня ведае; але, сівыя валасы выскачылі на ім, адылі ён ня ведае. І пыха Ізраелява сьветча ў вочы супроці яго, і яны не зварачаюцца да СПАДАРА, Бога свайго, ані шукаюць яго з усім гэтым. Яхрэм як дурная галуба бяз сэрца: гукаюць Ягіпет, ідуць да Асыры. Калі яны пойдуць, Я расьцягну на іх сець Сваю; як птушкі нябёсныя, зьвяду іх далоў; пакараю іх, як збор іхны чуў.

Авохці ім, бо яны пабадзяліся ад Мяне; зьгінота ім, бо яны выступілі супроці Мяне. Я адкупіў іх, а яны гукалі на Мяне манлівае. І ня гукалі да Мяне ў сэрцу сваім, як былі на ложках сваіх; зьбіраюцца дзеля збожжа а віннога соку, паўстаюць супроці Мяне. Хоць Я зазырыў, умацаваў цэўі іхныя, яны, адылі, задумляюць ліха супроці Мяне. Наварачаюцца не да Навышняга; яны — як ізрадлівы лук; князі іхныя паваляцца ад мяча за гарэзны язык свой; гэта будзе пасьмехам ім у зямлі Ягіпецкай.

Трубу да вуснаў сваіх! Бы арол ляціць на дом СПАДАРОЎ, бо яны выступілі із змовы Мае і ізрадзілі права Маё. Да Мяне гукаюць яны: «Божа мой! мы зваем, Цябе, мы — Ізраель». Адкінуў Ізраель дабро; непрыяцель будзе перасьледаваць яго. Яны станавілі каралёў, але не ад Мяне; прызначалі князёў, але без Мае ведзі; із срэбра свайго а золата свайго рабілі сабе балваны — на адцяцьце. Цялё тваё, Самара, пакінула цябе! загарэўся гнеў Мой на іх; пакуль ня будуць магчы яны асягчы нявіннасьць? Бо гэта таксама ад Ізраеля: работнік зрабіў яго, затым ён ня Бог; бо патрышчанымі кавалкамі будзе цялё самарскае. Як пасеялі яны вецер, дык пажнуць буру; збожжа на пню ня будзе ў яго; краса ня дасьць мукі; калі дасьць, чужаземцы глынуць яе. Глытаюць Ізраеля; цяпер ён меж народаў, як непатрэбная судзіна. Бо яны зышлі да Асура, як дзікі асёл адзінотны; Яхрэм наймаў каханкаў. Хоць яны наймалі ў народаў, цяпер Я зьбяру іх, каб крыху палягчыць ім ад цяжару караля князёў. Яхрэм зрабіў сабе шмат аброчнікаў, каб грашыць, — на грэх будуць яму аброчнікі! Напісаў Я ім найважнейшыя рэчы ў праве Сваім, яны мелі гэта за чужое. Яны абракаюць аброкі, абракаюць мяса й ядуць яго; СПАДАР ня прыймае іх; цяпер Ён успомне бяспраўе іхнае і даведаецца да грахоў іхных: яны зьвернуцца да Ягіпту. І забыўся Ізраель Учыніцеля свайго, і пастанавіў палацы; і Юда памножыў абаронныя месты; але Я пашлю цяпло на месты ягоныя, і яно пажарэць замкі ягоныя.

Не весяліся, Ізраелю, да захапленьня, як люды; бо ты адышоў, бязулячы, ад Бога свайго; ты палюбіў заплату на кажнай малатаўні збожжа. Малатаўня а таўчэльня ня будуць жывіць іх, і віннны сок адмовіцца ад яго. Ня будуць яны жыць на зямлі СПАДАРОВАЙ, але Яхрэм зьвернецца да Ягіпту і будзе есьці нячыстае ўв Асыры. Ня будуць узьліваць віна СПАДАРУ ані будуць прыемныя Яму. Аброкі іхныя будуць ім, як хлеб жалобы, усі, што ядуць яго, будуць сплюгаўлены, бо хлеб за душу іхную ня ўвыйдзе ў дом СПАДАРОЎ. Што вы будзеце рабіць у дзень прызначанага сьвята і ў дзень сьвята СПАДАРОВАГА? Бо, гля, яны адходзяць ад зьнішчэньня; Ягіпет зьбярэць іх; Мэмфіс пахавае іх; жаданае імі срэбра спадзець крапіве; цернь будзе ў буданох іхных. Прышлі дні даведаньня, прышлі дні адплаты; даведаецца Ізраель, што прарока дурны, натханы муж здурнелы з прычыны множасьці бяспраўя твайго й вялікае ненавіднасьці. Яхрэм — вартаўнік ля Бога майго, прарока — пасадка паляўнічага на птушкі на ўсіх дарогах ягоных, нянавіднасьць у доме Бога ягонага. Глыбака папсаваліся, як за дзён Ґівеі; Ён успомне бяспраўе іхнае, даведаецца да грахоў іхных.

Як віно на пустыні, знайшоў Я Ізраеля; як першую садавіну на фізе на пачатку яе, Я бачыў айцоў вашых; яны прышлі да Ваал-Пеора і адлучыліся да сораму, і сталі абрыдамі, як тыя, каго яны любілі. Слава Яхрэмава адляцела, як птушка: ані нараджэньня, ані цяжарнасьці, ані зачацьця. Хоць яны й выкукабяць дзеці свае, Я адылі, спабуду іх выросласьці; бо й ім бяда, як Я адступлю ад іх. Яхрэм, як Я бачу, пасаджаны, як Тыр, на прыемнай мясцовасьці; Яхрэм, адылі, павядзець дзеці свае да ўбіўцы. Дай ім, СПАДАРУ! што дасі? дай ім ўлоньне, плод ськідаючае, і засохлыя пелькі. Уся нягоднасьць іхная ў Ґілґале, і там Я зьненавідзіў іх за нягоднасьць учынкаў іхных; выжану іх із дому Свайго; ня буду болей любіць іх; усі князі іхныя бунтаўнікі. Яхрэм выцяты; карэнь іхны ссох; ён ня дасьць плоду; але, хоць і родзе, Я заб’ю любовага ўлоньня іхнага. Бог мой адкіне іх, бо яны ня слухалі Яго, і будуць бадзякамі меж народаў.

Ізраель — пустое віно, даець плод самому сабе; подле множасьці пладоў сваіх, множа аброчнікі; подле дабрыні зямлі свае, яны прыгожа робяць выразаныя свае. Дзеліцца сэрца іхнае, вось, цяпер яны вінныя; Ён патрышча аброчнікі іхныя, паглабае выразаныя іхныя. Бо цяпер яны кажуць: «Нямаш у нас караля, бо мы не баімся СПАДАРА! а які-колечы кароль, — што ён нам зробе?» Гукаюць словы, прысягаюць хвальшыва, робячы змову; дык будзе квіцець суд, як атрутная трава на барознах поля. За цяляты Бет-Авену баяцца жыхары самарскія, бо люд яго заплача па ім, і сьвятарове (паганскія) яго, што цешыліся зь яго, па славе яго, бо яна адышла ад яго. Яно таксама прывезена будзе да Асыры — на дар каралю Ярэву; Яхрэм будзе мець сорам, і Ізраель асарамаціцца радаю сваёю. Самара, кароль яе будзе адцяты, як шумаўё на зьверху вады. Таксама будуць выгублены ўзвышшы Авену, грэх Ізраеля; цернь а дзядоўнік абыйдуць на аброчніках іхных, і скажуць яны горам: «Накрыйце нас», і ўзгоркам: «Зваліцеся на нас».

Ад дзён Ґівеі грашыў ты, Ізраелю; там яны вытрывалі: бітва ў Ґівеі не насьпела сыноў бяспраўя. Подле зычэньня Свайго пакараю іх, і зьбяруцца люды супроці іх, як Я зьвяжу іх за два выступы іхныя. Ды Яхрэм — вучаная цяліца, што любе малаціць, але Я ўзлажу йго на прыгожую шыю ейную; услышу Яхрэма, каб езьдзіць конна на ім; Юда будзе араць, Якаў скарадзіць. Сейце сабе на справядлівасьць, пажніце на міласэрдзе; арыце дзірван, бо пара шукаць СПАДАРА, пакуль Ён прыйдзе й дажджом пальлець справядлівасьць на вас. Вы аралі нягоднасьць, жалі бяспраўе, елі плод маны, бо ты спадзяваўся на дарогу сваю, на множасьць дужасілаў сваіх, За гэта сумятня паўстане ў людзе тваім, і гарады твае будуць аглабаны, як Шалман аглабаў Бет-Арбел у дзень бітвы: маці зь дзецьмі пацята была на кавалкі. Гэтак зробе вам Бэт-Эль за вялікую нягоднасьць вашу. Нараніцы кароль Ізраельскі супоўна будзе сьцяты.

Як Ізраель быў малцам, Я ўлюбіў яго і зь Ягіпту гукнуў сына Свайго. Гукалі іх, дык яны йшлі ад іх; абракалі Ваалам і кадзілі выразаным. Я таксама вучыў Яхрэма хадзіць, бяручы іх за рукі іхныя, але яны ня ведалі, што Я лячыў іх. Паварозамі людзкімі Я цягнуў іх, вязямі любосьці; і быў Я ім як тый, што здыймае йго із шыі іхнае, і жывіў іх. Ён ня зьвернецца да зямлі Ягіпецкае, бо Асур будзе каралём ягоным, бо яны адмовіліся ад каяты. І зваліцца меч на месты ягоныя, і зглуме галузы ягоныя, і зжарэць за рады іхныя. І люд Мой уграз у вадвярненьню ад Мяне; хоць гукалі іх да Навышняга, разам не падыймаюцца. Як аддам цябе, Яхрэме? як Я перадам цябе, Ізраелю? як зрабіць табе, як Адме, зраўнаваць цябе із Сэвоімам? Сэрца Маё перавярнулася ў Імне; узгарэлася ўся жаласьлівасьць Мая. Ня дам дзеяць полымені гневу Свайго, ізноў ня буду губіць Яхрэма; бо Я Бог, а не людзіна, Сьвяты сярод цябе, і ня ўвыйду ў места. За СПАДАРОМ пойдуць яны; Ён заравець як леў; бо Ён заравець, і затрымцяць дзеці захаду. Будуць трымцець, як птушка, зь Ягіпту і, як галуб, ізь зямлі Асырскае, і пасаджу іх у дамох іхных, агалашае СПАДАР.

Абступіў Мяне Яхрэм із маною і дом Ізраеляў — із ашукаю, але Юда яшчэ радзе з Богам і верны із сьвятымі.

Яхрэм пасьвіць вецер і гоніцца за ўсходнім ветрам; што дзень множа ману а спустошаньне; робе змову з Асурам і аліву прынёс да Ягіпту. І ў СПАДАРА сьпярэчка зь Юдаю, і пакрые Якава подле дарогаў ягоных, подле ўчынкаў ягоных зьверне яму. У жываце за пяту дзяржаў брата свайго і моцаю сваёю пакняску ставіўся да Бога. Але, дужаўся з Ангілам — і здужаў, плакаў і маліў Яго; у Бэт-Элю знайшоў Яго і там гукаў з намі; А СПАДАР — Бог войскаў; СПАДАР памятка Ягоная. Затым і ты навярніся да Бога свайго; заховуй міласэрдзе а суд і жджы Бога свайго кажначасна. Канаанец, ашукная вага ў руццэ ягонай; ён любе ашукаць; І Яхрэм кажа: «Я забагацеў, я прыдбаў сабе маемасьць, у вусіх працах маіх ня знойдуць бяспраўя ў імне, што было б грэхам». І Я, СПАДАР, Бог твой ад зямлі Ягіпецкае; яшчэ асялю цябе ў буданох, як за дзён прызначанага сьвята. Гукаў Я таксама прарокамі, і мнажыў відзені, і ўжываў падобнасьці рукамі прарокаў. Бяспраўе ў Ґілеадзе, напэўна яны марнасьць; абракаюць цяляты ў Ґілґале; нават аброчнікі іхныя як кучы ў барознах поля. І Якаў ўцёк да поля арамскага, і Ізраель служыў за жонку, і сьцярог за жонку. І прарокам вывеў СПАДАР Ізраеля зь Ягіпту, і прарокам Ён сьцярог яго. Горка квяліў Яхрэм да гневу, за тое кроў сваю пакіне на сабе, і ганьбу ягоную аберне СПАДАР на яго.

Як гукаў Яхрэм, дрыжэлі: ён вывышаўся ў Ізраелю; як завініўся Ваалам, ён памер. І цяпер далей грэшаць, зрабілі сабе выліваныя із срэбра свайго подле разуменьня свайго; усе гэта работа рук рамесьнікаў, каторыя кажуць ім: «Няхай абракаючыя цалуюць цяляты». За тое яны будуць — як ранешні туман, і як раса, што рана чэзьне, як ўмецьце, несенае віхром із такаўні, і як дым із коміну. Я, адылі, СПАДАР, Бог твой ад зямлі Ягіпецкае; і, апрача Мяне, ты ня маеш знаць ніякага бога, і Спаса няма, апрача Мяне. Я знаў цябе на пустыні, у зямлі сухмянёў. Подле пасьцьбішча свайго яны сыцелі; як упасьціліся, сэрца іхнае ўзьнялося, і затым яны забыліся Мяне. Затым Я буду ім як леў, як леапард ля дарогі буду цікаваць на іх. Перайму іх, як мядзьведзіца, спабытая медзьведзянят сваіх, і разарву месца сэрца іхнага, і пажару іх, як леў; польны зьвер будзе ірваць іх. Ты загубіў сябе, Ізраелю, але ў Імне помач твая. Ідзе ж кароль твой? ідзе, каб выбавіць цябе ў вусіх местах тваіх? І судзьдзі твае, каторым ты казаў: «Дайце імне караля а княэёў»? Я даў табе караля ў гневе Сваім і адабраў у цябе ў вабурэньню Сваім.

Зьвязана бяспраўе Яхрэмава, грэх ягоны захаваны. Мукі парадзіхі настануць яму; ён — сын нямудры, накш ён не заставаўся б доўга ў палажэньню дзяцей, што родзяцца. Ад улады шэолю Я вывальню іх, ад сьмерці адкуплю іх. Я буду болькаю тваёй, сьмерць, буду зьнішчэньням тваім, шэолю; каяньне будзе схавана ад аччу Маіх. Хоць плодны ён меж братоў; усходні вецер прыйдзе, вецер СПАДАРОЎ узыйдзе з пустыні, і высахне жарало ягонае, перасохне крыніца; ён аглабае скарбніцу ўсяго жаданага судзьдзя.

Самара будзе спустошана, бо яна паўстала супроці Бога: ад мяча паваляцца яны, дзецяняты іхныя будуць разьбіты, і цяжарныя іхныя будуць распораны. Навярніся, Ізраелю, да СПАДАРА, Бога свайго, бо ты спатыкнуўся з прычыны бяспраўя свайго. Вазьміце із сабою словы й навярніцеся да СПАДАРА; кажыце Яму: «Даруй кажнае бяспраўе й прыймі ласкава, дык мы заплацім цялём вуснаў нашых. Асур ня выбаве нас; мы ня будзем езьдзіць конна на конях і наперад ня скажам рабоце рук нашых: "Багове нашы", бо ў Цябе сірата знаходзе спагаду».

Вылячу адвярненьне іхнае, ахвотна буду любіць іх, бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх. Я буду расою Ізраелю; ён заквіціць, як ліля, і пусьце карэньне сваё, як Лібан. Разрастуцца галузы ягоныя, і харашыня ягоная будзе, як аліўнага дзерва, і пах, як лібанскі. Зьвернуцца тыя, што жылі пад сьценям ягоным, ажывуць, як збожжа, і вырастуць, як віно, памятка ягоная будзе, як віна лібанскага. Яхрэм скажа: «Што я маю рабіць із балванамі?» Я адказаў і назіраў яго; Я як зялёны кіпрыс; зь Мяне знойдзены плады твае. Хто мудры і зразумее гэта? разумны і даведаецца? бо дарогі СПАДАРОВЫ правільныя, і справядлівыя будуць хадзіць па іх, але выступнікі паваляцца на іх.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.