Библия › Станкевіча › Да Хілімона
Паўла, вязень Хрыста Ісуса, а Цімох брат, Хілімону любоваму й супрацаўню нашаму А сястры Апфе а Архіпу, сябру-жаўнеру нашаму, а царкве, што ў доме ягоным: Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, а Спадара Ісуса Хыста. Дзякую Богу свайму, заўсёды мянуючы цябе ў малітвах сваіх, Чуючы празь міласьць а веру тваю, каторую маеш да Спадара Ісуса і да ўсіх сьвятых, Каб учасьце твае ў веры папрыяла ў супоўным пазнаньню кажнага добрага, каторае ёсьць у нас узглядам Хрыста. Бо мы маем вялікую радасьць а пацеху зь міласьці твае, бо табою, браце, пасілена сэрца сьвятых. Затым, маючы вялікую ў Хрысту адвагу расказаваць табе, што належыцца, Зь міласьці я валей дужа прашу, будучы такі, як Паўла, стары, а цяпер і вязень Ісуса Хрыста; Дужа прашу цябе за дзяцё мае Анісіма, каторага я радзіў у зялезах сваіх. (Ён быў калісь бескарысны табе, але цяпер карысны табе й імне), Каторага я паслаў назад да цябе, ты ж прыймі яго, як мае сэрца. Я зычыў дзяржаць яго пры сабе, каб ён мог замест цябе паслужыць імне ў зялезах дзеля Дабравесьці; Але бяз згоды твае нічога не хацеў рабіць, каб добры ўчынак твой быў ня высілены, а самахво-тны. Бо можа дзеля тога ён адхінуўся на час, каб ты меў яго супоўна на векі, Ужо не як нявольніка, але вышэй за нявольніка, любовага брата, асабліва імне, і пагатове табе, і подле цела, і ў Спадару. Дык, калі ты маеш мяне за сябру, прыймі яго, як мяне. Але калі ён цябе ўкрыўдзіў у чым або што вінен, лічы гэта зь мяне. Я, Паўла, напісаў собскаю рукою сваёй: я заплачу; не кажу табе, што ты запраўды сябе самога імне вінен. Але, браце, я хацеў бы мець карысьць ізь цябе ў Спадару, пасілі сэрца мае ў Хрысту. Будучы пэўны паслухменства твайго, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чымся я кажу. Але заразом прыгатуй імне гасподу, бо я спадзяюся, што пераз малітвы вашы буду вам даны. Здаровае цябе Епафра, сувязень мой у Хрысту Ісусу, Марка, Арыстарх, Дзімас, Лука, супрацаўні мае. Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста будзь із духам тваім.