Пачатак Евангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарокаў: — вось Я пасылаю Ангела Майго прад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой прад Табою. Голас зоўны ў пустыні: — прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні, і абвяшчаючы хроснае пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў. І прыходзілі да Яго з усёй краіны Юдэйскай, і жыхары Ерусаліму, і хрысьціліся ад яго ў рацэ Йардане, спавядаючыся ў грахох сваіх. Адзеньне-ж Яна была з вярблюжага воласу, і скураны пояс на паясьніцы яго, а ежаю яму служылі акрыды і дзікі мёд. І прадвяшчаў, гаворачы: — ідзе за мною мацнейшы за мяне, Яму я недастойны, нахіліўшыся, разьвязаць рамень абутку Ягонага. Я хрысьціў вас вадою, Ён-жа будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.
І сталася ў дні тыя, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага, і хрысьціўся ад Яна ў Йардане. І ў момант, калі выходзіў з вады, убачыў Ян расчыненыя нябёсы, і Духа, як голуб зыйходзіў і спускаўся на Яго. І голас з неба быў: Ты Сын Мой улюбёны, у Ім-жа Маё Дабраволеньне.
І зараз-жа Дух павёў Яго ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён і сорак ночаў, спакушаны праз шатана, і быў там побач зьвяратаў, і ангелы слугавалі Яму. Пасьля-ж таго, калі быў выданы Ян, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Евангельле Уладарства Божага. І гаворачы: — сталася поўня часу, і Уладарства Божае наблізілася, пакайцеся і верце ў Евангельле.
Праходзячы-ж каля мора Галілейскага, ўбачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеці ў мора, бо былі рыбакамі. І сказаў ім Ісус: — ідзеце сьледам за Мною, і Я ўчыню, што вы станецеся лаўцамі чалавекаў. І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ісусам. І адыйшоўшы крыху адтуль, Ён убачыў Якуба Завядэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама ў лодцы папраўлялі сеці. І зараз-жа паклікаў іх, і яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Завядэя з наймітамі, пайшлі за Ім. І, увайшоўшы ў Капэрнаум, незабавам у сыботу ўвайшоў Ён у сынагогу, і пачаў навучаць. І дзівіліся ўсе з навукі Ягонае, бо наўчаў іх, як поўнаўладны, а не як кніжнікі.
Быў-жа ў сынагозе чалавек, апанаваны злыдухам, і закрычаў, кажучы: — што Табе да нас, Ісус Назаранін? прыйшоў Ты загубіць нас! ведаю, Хто Ты ёсьць — Сьвяты Божы. Але Ісус забараніў яму, сказаўшы: — змоўкні і выйдзі з яго. Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўушы моцным голасам, выйшаў з яго. I жахнуліся ўсе, і адзін у аднаго пыталіся: — што гэта такое, што гэта за вучэньне новае, што і нячыстым духам загадвае ўладарна, і слухаюцца Яго. I хутка разыйшлася пагалоска пра Яго па ўсіх аколіцах Галілейскіх.
Тады, выйшауўшы з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя, разам з Якубам і Янам. Цешча-ж Сымонава ляжала ў гарачцы, і адразу-ж гавораць Яму пра яе. I, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і ўраз-жа зьнікла гарачка яе, і яна пачала прыслугоўваць ім. Калі-ж надыйшоў вечар, на захадзе сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных нячыстым. Усё места зыйшлося каля дзьвярэй. І Ён ацаліў многіх, якія цярпелі ад цяжкіх нядугаў, і павыганяў шмат злыдухаў і не дазваляў злыдухам гаварыць, што яны ведаюць Яго — Хрыста.
А нараніцы, устаўшы на сьвітаньні, выйшаў і аддаліўся ў пустыннае месца, і там маліўся.
Сымон-жа і тыя хто былі з Ім, пайшлі за Ім. І знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе. Ён-жа сказаў ім: — пойдзем у бліжэйшыя вёскі і месты, каб і там Мне навучаць, бо-ж дзеля гэтага Я і прыйшоў. I навучаў у сынагогах іхных скрозь па усёй Галілеі, і выганяў злыдухаў. І прыйшоў да Яго запракажаны і, молячы і падаючы прад Ім на калены, гаворыць Яму: — калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. Ісус, зьлітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: — хачу, станься чыстым. I як толькі Ён сказаў гэта, ураз зыйшла з яго праказа, і ён стаўся чыстым. I паглядзеўшы на яго загрозьліва, ураз адправіў яго, сказаўшы яму: — глядзі, нікому нічога не гавары, але пайдзі, пакажыся ярэю, і дай ахвяру за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, на пасьветчаньне ім.
Ён-жа, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і разгалошваць усюды пра ўчынак; дзеля таго Ісус ужо не ўвайходзіў у месты на відоку, але трымаўся вонках, у месцах зацішных, і зыйходзіліся да Яго адусюль.
Праз колькі дзён Ён зноў прыйшоў у Капэрнаум, і стала ведама, што Ён у доме. Хутка зыйшлося народу столькі, што ўжо ня было месца і каля дзьвярэй, і Ён прамаўляў ім слова. I прыйшлі да Яго, нясучы спараліжаванага ўчатырох. Калі-ж не маглі данясьці яго да Ісуса з-за народу, яны разабралі страху над месцам, дзе Ён быў і, зрабіўшы атворыну, спусьцілі пасьцель, на якой ляжаў спараліжаваны. Ісус, бачачы веру іхную, кажа спараліжаванаму: — сыне, адпускаюцца табе грахі твае. Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў і, седзячы, разважалі ў сэрцах сваіх. Што гэты чалавек гаворыць? Ён блюзьнерыць прад Богам: хто можа адпускаць грахі, апрача самога Бога? Ісус, адразу спасьцярогшы Духам Сваім, што яны гэтак думаюць, сказаў ім: — нашто гэтак думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: — адпускаюцца табе грахі твае, ці сказаць: — устань, вазьмі пасьцель сваю і хадзі? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — і гаворыць спараліжаванаму: — кажу табе, устань, вазьмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой. I той ураз-жа ўстаў, узяў пасьцель сваю і выйшаў прад усімі; і ўсе дзівіліся, славячы Бога, і гаварылі: — ніколі нічога такога мы ня бачылі.
І выйшаў зноў да мора, і грамада народу пайшла да Яго, і Ён навучаў іх. І, праходзячы, убачыў Левія, сына Алфеева, які сядзеў пры зборніцы падатковай, і кажа яму: — ідзі за Мною, і той, устаўшы, пайшоў сьледам за Ім. І было-ж, калі Ісус сядзеў за сталом у доме яго, разам з Ім сядзелі і вучні Ягоныя, і мытнікі, і грэшнікі, бо многа іх было, і яны хадзілі за Ісусам. А кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён спажывае яду разам з мытнікамі і грэшнікамі, кажуць вучням Ягоным: — як гэта Ён есьць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў ім: — не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя; і Я прыйшоў паклікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да пакаяньня.
А было-ж тады, што вучні Янавы, а і фарысейскія, трымаліся посту, і вось падыходзяць да Яго і кажуць: — чаму вучні Янавы і фарысейскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць? I сказаў ім Ісус: — ці-ж могуць пасьціць сыны бяседы вясельнае, пакуль з імі жаніх? у часе калі жаніх з імі, ня могуць пасьціь. Але прыйдуць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць у дні тыя. I ніхто ня прыстаўляе латкі з суравога палатна да старое адзежыны, бо новая латка адарвецца ад старога, і дзіра зробіцца яшчэ большая. I ніхто ня ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо інакш — маладое віно прарве старыя мяхі, і віно выцеча, і мяхі зглумяцца; але маладое віно трэба наліваць у мяхі новыя.
I было-ж зноў, калі выдарылася Яму прайходзіць у сыботу праз поле збажыны, і вучні Яго, прайходзячы, пачалі зрываць каласы. I фарысеі сказалі Яму: — глядзі, што яны робяць у сыботу, чаго не павінны рабіць? Ён-жа сказаў ім: — няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давыд, калі меў патрэбу, і згаладаў сам і ўсе, хто з ім былі? Калі ўвайшоў ён у дом Божы пры архісьвятару Авіяфару, і еў хлеб ахвярныя, якіх не належала есьці нікому, апрача сьвятароў, і даў тым, хто быў з ім. I сказаў ім: — сыбота для чалавека, а не чалавек для сыботы. Дзля таго Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы.
І прыйшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек, які меў падсухую руку. І сачылі Яго, ці ня будзе ацаляць у сыботу, каб абвінаваціць Яго. Ён-жа кажа сухарукаму: — стань пасяродку. Тады кажа ім: — ці належыць у сыботу дабро тварыць, ці тварыць зло; душу зьберагчы, ці загубіць? але яны маўчалі. I глянуўшы на іх з гневам, у смутку з акамянеласьці сэрцаў іхных, прамовіў да сухарукага: — вытягні руку тваю; ён вытягнуў; і стала рука яго здаровая, як і другая.
Фарысеі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі змову з ірадыянамі на Яго, каб загубіць Яго. Ісус-жа з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, а за Ім пайшло мноства народу з Галілеі, Юдэі. І з Ерусаліму, і Ідумеі, і з-за Йардану, і з ваколіц Тыру і Сідону, — вялікай грамадою ішлі да Яго, дачуўшыся, што Ён тварыў. I сказаў вучням Сваім, каб была прыгатаваная для Яго лодка, з увагі на мноства народу, каб ня сьціскалі Яго. Бо шматлікіх Ён ацаліў, дык усе, хто меў нядуг, ціснуліся да Яго, каб дакрануцца да Яго. І духі нячыстыя, убачыўшы Яго, падалі прад Ім і крычалі, кажучы: — Ты Сын Божы! Але Ён цьверда забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.
Потым узыйшоў на гару, і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў. I паставіў з іх дванаццаць, каб былі з Ім, і каб пасылаць іх на павучаньні. I каб яны мелі ўладу вызваляць з нядугаў і выганяць злыдухаў. Паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётра. I Якуба Заведэева і Яна, брата яго, даўшы ім іменьні Воанэргес, што значыць — сыны громавы. I Андрэя, і Піліпа, і Баўтрамея, і Мацьвея, і Фаму, і Якуба Алфеевага, і Фадзея, і Сымана Кананіта. І Юду Іскарыёта, які і прадаў Яго.
I прыходзяць у дом, і зноў зьбіраецца народ, дык не маглі і хлеба перакусіць. Сваякі-ж Яго, дачуўшыся, нібы Ён не пры Сваім розуме, прышлі забраць Яго. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерусаліму, гаварылі, што Ён мае ў Сабе вельзевула, і што выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага. I, паклікаўшы іх, гаварыў ім прыпавесьцямі: як можа шатан шатана выганяць? Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць гаспадарства тое. I калі дом разьдзеліцца сам у сабе — ня можа ўстаяць дом той. А калі шатан паўстаў сам на сябе і разьдзяліўся, — ня можа ўстаяць, але канец яму. Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом крэпкага чалавека, рабаваць дабро яго, пакуль ня зьвяжа крэпкага, і тады абрабуе дом яго.
Папраўдзе кажу вам: — усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым і зьнявагі, якімі-б ні зьневажалі. Але хто будзе зьневажаць Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня ніколі, бо падлягае вечнаму асуджэньню. Гэта сказаў Ён дзеля таго, што гаварылі: — Ён мае нячыстага. I прыйшлі Маці Яго и браты; яны станулі вонках дому, і паслалі да Яго, каб паклікаць Яго. Навокал Яго сядзеў народ, і сказалі Яму: — вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на падворку, шукаюць Цябе. Ён-жа ў адказ прамовіў: — хто Маці Мая, і браты Мае? I абвёўшы позіркам усіх, якія сядзелі вокал Яго, сказаў: — вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выпаўняць волю Божую, той брат Мой, і сястра Мая, і Маці Мая.
І зноў пачаў навучаць над морам; сабралася-ж вялікая грамада народу вакол Яго, і Ён увайшоў у лодку і сядзеў у лодцы на моры, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры. І доўга навучаў іх прыпавесьцямі, і ў навучаньні Сваім гаварыў ім: слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць. I калі ён сеяў, некаторае насеньне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго. Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была няглыбокая. Калі-ж прыгрэла сонца, яно завяла і, ня маючы караня, ссохла. Іншае ўпала ў цярніну; і вырасла цярніна, і заглушыла яго, і плёну ня выдала. Іншае ўпала ў добрую зямлю, і добра ўзыйшло і вырасла, і дало плён: адно трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, а іншае стакроць. I сказаў ім: — хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
Калі-ж астаўся без народу, тыя, якія былі з Ім разам з дванаццацьма, папыталіся ў Яго пра прыпавесьць. І сказаў ім: — дадзена вам пазнаваць тайніцы Уладарства Божага, а тым пабочным усё падаецца ў прыпавесьцях. Што гледзячы вачыма сваімі — ня бачаць, слухаюць вушамі сваімі — не разумеюць, каб не навярнуцца, ды каб ня былі дараваныя ім грахі іхныя. I кажа ім: — не разумееце гэтае прыпавесьці? як-жа вам зразумець усе прыпавесьці? Сейбіт слова сее. Пасеянае пры дарозе азначае тых, між якіх слова сеецца, але як толькі пачуюць, зараз-жа прыходзіць шатан і вырывае слова, пасеянае ў сэрцах іхных. Таксама пасеянае на камяністым груньце — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыймаюць яго з радасьцяй. Але ня маюць у сабе карэньня, і трымаюцца да часу; калі-ж прыйходзіць трывога, уціск і гнабленьне за слова, хутка адпадаюць. У цярні пасеянае — гэта тыя, якія чуюць слова. Але жыцьцёвыя клопаты, зманлівасьць багацьця, і розныя іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным. А што пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, якія слухаюць слова, прыймаюць яго, і даюць плён: адзін у трыццаць, іншы ў шэсьцьдзесят, іншы ў стакроць. І сказаў ім: — ці-ж на тое прыносяць лямпу, каб паставіць яе пад пасудзіну, або пад ложак, ане на тое, каб паставіць яе на падстаўцы? Няма-ж нічога тайнага, каб ня сталася яўным, і нічога сукрытага, каб ня выйшла на сьвятло. Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
I сказаў ім: — заўважайце, што чуеце: — якою мераю мераеце, такою і вам адмерана будзе, і дададзена будзе вам паслушным. Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго адыймецца і тое, што мог-бы мець. I сказаў: Уладарства Божае падобнае да таго, як чалавек робіць засеў на зямлі. І сьпіць, і устае; і ноч і дзень, і насеньне прарастае і расьце без яго веданьня пра гэта. Бо зямля сама сабою родзіць, — сьпярша сьцябло, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі-ж дасьпее плён, зараз-жа пасылае серп, бо настала жніва. І Ён сказаў: — да чаго прыпадобнім Уладарства Божае? ці якою прыпавесьцяй выкажам Яго? Яно, як зерне гарчычнае: калі сеецца ў зямлю, яно меншае за ўсякае насеньне зямное. Калі-ж пасеянае ўзрастае, становіцца большае за ўсе травы, і выпускае вялікія веткі, і ў цені іх могуць хавацца птушкі нябесныя. I гэткімі шматлікімі прыпавесьцямі прамаўляў да іх слова, наколькі яны маглі ўспрыняць. Без прыпавесьці не гаварыў ім; а вучням асобна разьясьняў усё.
Таго-ж дня ўвечары Ён сказаў ім: — пераплывем на той бок. І яны, адправіўшы народ, узялі Яго, так як быў у лодцы, і былі з Ім іншыя лодкі. Усхадзілася-ж вялікая бура, хвалі так білі ў лодку і залівалі вадой. Ён-жа Сам спаў ля стырна на ўзгалоўі; і пабудзілі Яго ды кажуць Яму: — Вучыцель, няўжо Ты ня дбаеш, што мы загібаем? Тады ўстаў, забараніў ветру і азваўся да мора: — сьціхні, перастань! i заціх вецер, і стала вялікая ціша. I сказаў ім: — чаму вы такія палахлівыя? як-жа ў вас няма веры? Яны-ж у страху вялікім гаварылі адзін аднаму: — хто-ж гэта, што і вецер і мора паслушныя Яму?
I прыплылі на другі бок мора ў краіну Гадарынскую. I калі Ён выйшаў з лодкі, зараз-жа сустрэў Яго чалавек, выбегшы з магільніку, які быў апанаваны духам нечысьці. Ён меў прыстанішча ў магілах, і ніхто нічым ня мог яго зьвязаць, нават ланцугамі. Бо няраз скоўвалі яго кайданамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог уціхамірыць яго. Заўсёды, і дзень і ноч ён быў між гробаў і ў горах, і крычаў і біўся аб каменьні. Убачыўшы-ж Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму. І закрычаўшы моцным голасам, сказаў: — што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага? заклікаю Цябе Богам, ня муч мяне. Бо Iсус сказаў яму: — выйдзі, дух нячысты, з чалавека. I спытаў у яго: — як тваё імя? ён-жа сказаў у адказ: — маё імя — легіён, бо нас многа. I вельмі прасілі Яго злыдухі, каб ня высылаў іх вон з краіны тэй. Пасьвіўся-ж там пры гары вялікі гурт сьвіней. I прасілі ў Яго ўсе злыдухі, кажучы: — пашлі нас у сьвіньні, каб мы маглі ўвайсьці ў іх. Ісус ураз-жа дазволіў ім, і, выйшаўшы, злыдухі ўвайшлі ў сьвіньні, і памкнуў увесь гурт, і рынуўся з кручы ў мора, — а было-ж іх да дзьвёх тысячаў, — і затанулі ў моры. Пастухі-ж сьвіней пабеглі і расказалі ў месьце і ў вёсках, і жыхары павыйходзілі паглядзець, што сталася Прыходзяць да Iсуса і бачаць, што звар'яваны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры добрым розуме, і абняў іх страх. Тыя-ж, якія бачылі ўсё, расказалі ім, што усе адбылося з апанаваным злыдухам, а таксама і пра сьвіньні. І тыя пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў з іхнае аколіцы. Калі-ж Ісус увайшоў у лодку, чалавек, які меў злыдухаў, прасіўся, каб быць з Ім. Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў яму: — ідзі дадому да сваіх і раскажы ім усё, што зрабіў табе Госпад, і як памілаваў цябе. I ён пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяціградзьдзі, што стварыў над ім Ісус; і ўсе дзівіліся.
Калі Iсус зноў пераплыў на лодцы на другі бераг, зыйшлося да Яго многа народу; і быў Ён пры моры. I вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Іаір, і ўгледзеўшы Яго, прыпадае да ног Яго. I моцна просіць Яго, кажучы: — дачка мая пры сьмерці, прыйдзі і ўзлажы рукі на яе, каб яна ачуняла і жыла.
І Ісус пайшоў з ім. I за Ім ішло многа народу, і сьціскалі Яго.
Жанчына-ж адна, якая цярпела ад крывяцечы дванаццаць гадоў, — і шмат страты панесла на дактароў многіх, раздаўшы на іх ўсё, што мела, і не знайшла палёгкі, але яшчэ горш заняпала. Дачуўшыся пра Ісуса, падыйшла ззаду між народу і дакранулася да адзеньня Ягонага. Бо яна казала: — калі хоць да адзеньня Яго дакрануся — ачуняю. I ўраз запынілася ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе сваім, што выбавілася ад нядугу. У той-жа час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што зыйшла ад Яго сіла, абярнуўся да народу і сказаў: — хто дакрануўся да адзеньня Майго? Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: — бачыш, як народ цісьнецца да Цябе, і кажаш, — хто дакрануўся да Мяне? Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая ўчыніла гэта. Жанчына-ж у страху і трывозе, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і пала прад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. Ён-жа сказаў ей: — дачка! вера твая выбавіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь ацаленая ад нядугу твайго.
Калі Ён яшчэ гаварыў, і прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: — дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля? Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў начальніку: — ня бойся, толькі вер. I не дазволіў нікому іці за Сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якубавага. I прыходзіць ў дом начальніка сынагогі, і Ён убачыў хваляваньне, і плач і лямэнт вялікі. I, увайшоўшы, кажа ім: — чаго хвалюецеся і плачаце? дзяўчынка не памерла, але сьпіць. Тыя-ж зьдзекліва кнілі з Яго, Ён-жа, выправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзяўчынкі і тых, якія прыйшлі з Ім, і уваходзіць туды, дзе дзяўчынка ляжала. I узяўшы дзяўчынку за руку, гаворыць да яе: — таліфа кумі! — гэта значыць: — дзяўчынка, табе кажу, устань! I дзяўчынка ўраз устала і пачала хадзіць; было ёй гадоў дванаццаць, і жахнуліся ўсе ад вялікага дзіва. І Ён цьвёрда заказаў, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і заказаў ім: — дайце ёй есьці.
I выйшаў адтуль і прыйшоў на сваю радзіму; за Ім ішлі і вучні Ягоныя. Калі прыйшла сыбота, Ён пачаў навучаць у сынагозе; і многія, якія слухалі Яго навуку, з падзіўленьнем, гаварылі: — адкуль Ён бярэ ўсё гэта? і што за мудрасьць дадзена Яму, што і цуды гэткія ўчыняюцца рукамі Ягонымі? Ці-ж ня цесьля гэта, сын Марыі, брат Якуба, Йосіі, Юды і Сымона, і ці-ж ня сёстры Ягоныя тут пасярод нас? і блазнавалі над Ім. Ісус-жа казаў ім: — ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на радзіме сваёй, ці між радні, ці ў доме сваім. I не стварыў там ніякага цуду, толькі аздаравіў некаторых нядужых, усклаўшы на іх рукі. I дзівіўся з недаверства іхнага; і хадзіў па навакольных паселішчах, навучаючы.
Паклікаўшы-ж дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двух, і даў ім уладу над духамі нячыстымі.
I даў настаўленьні — у дарогу нічога ня браць, апрача падарожнага кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзякоў у поясе. На абутак сандалі, а на адзеньне — адна адзежына. I гаварыў ім: — калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з таго места. Калі-ж хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць вас, адыходзячы адтуль, абтрасеце пыл з ног вашых, на сьвядоцтва супраць іх; папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень Судны, ніж месту таму. Яны пайшлі, і абвяшчалі і клікалі да пакаяньня. І выганялі шмат злыдухаў, і ацалялі многіх нядужых, памазваючы іх алеем.
Кароль Ірад, пачуўшы пра Ісуса, — бо Імя Яго было разгалошана, — гаварыў: — гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, дзеля гэтага цуды праз яго дзеюцца. Іншыя-ж гаварылі: — гэта Ільля, — а іншыя, што гэта прарок, ці адзін з прарокаў. Ірад, пачуўшы, сказаў: — гэта Ян, якому я сьцяў галаву, ён паўстаў з мёртвых. Бо той самы Ірад паслаў узяць Яна і, зьвязаўшы, ўкінуць яго ў цямніцу за Ірадыяду — жонку брата свайго Піліпа, — якую ўзяў сабе за жонку. Бо Ян казаў Іраду: — ня можна табе мець жонку брата твайго. Ірадыяда-ж, узлаваўшыся на яго, шукала спосабу забіць яго, але не магла. Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, і часта рабіў, слухаючы яго, і слухаў яго з павагай. І надыйшоў адпаведны дзень, калі Ірад у дзень сваіх народзін спраўляў банкет для вяльможаў сваіх, тысячнікаў і старшыняў Галілейскіх. I дачка тэй Ірадыяды, увайшоўшы, танцавала і ўзьвесяліла Ірада і гасьцей яго; тады сказаў кароль дзяўчыне: — прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе. І кляўся ёй: — чаго-б ні папросіла, дам табе, хоць бы палову каралеўства майго. Яна-ж выйшла і папыталася ў маці свае, чаго прасіць, тая-ж адказала: — галаву Яна Хрысьціцеля. І ўраз-жа, вярнуўшыся борзда да караля, папрасіла, кажучы: — хачу, каб ты даў мне цяпер-жа на падносе галаву Яна Хрысьціцеля. Кароль засмуціўся, але з увагі на кляцьбу і на гасьцей сваіх, не захацеў адмовіць ёй. І у той-жа час, паслаўшы ката, кароль загадаў прынесьці галаву яго; той пайшоў і сьцяў галаву яму ў цямніцы. I прынёс галаву на падносе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй. Вучні-ж ягоныя, дачуўшыся, прыйшлі і узялі цела яго і палажылі яго ў гробе. Апосталы-ж, вярнуўшыся, зыйшліся ўсе да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, што яны стварылі і чаго навучылі.
I Ён сказаў ім: — пайдзеце вы самі адны ў месца зацішное і супачыньце крыху; бо так шмат да іх прыходзіла і адыходзіла, што і есьці ім было некалі. І, увайшоўшы ў лодку, адплылі ў месца безьлюднае адны. Але многія бачылі, як адыходзілі і пазналі іх, і беглі туды пешша з усіх местаў і, апярэдзіўшы іх, зьбегліся да Яго. Ісус, выйшаўшы, убачыў шмат людзей, і зьлітаваўся над імі, бо былі, як авечкі, без пастуха; і пачаў шмат чаго навучаць іх. І калі прайшло шмат часу, ужо на зыходзе дня падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — месца тут пустыннае, а час ужо позьні. Адпусьці іх, каб маглі пайсьці ў акалічныя вёскі купіць сабе хлеба, бо ня маюць чаго есьці. Ён-жа ў адказ сказаў: ім: — вы дайце ім есьці, — яны-ж кажуць Яму: — можам пайсьці купіць за дзьвесьце дынараў хлеба і даць ім есьці. Але Ён сказаў ім: — колькі хлябін вы маеце, пайдзеце паглядзеце; яны, даведаўшыся, сказалі — пяць хлябін і дзьве рыбы. Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве. I паселі радамі па сто і па пяцьдзесят. I узяўшы пяць хлябін і дзьве рыбы, узглянуў у неба і, дабраславіўшы, разламаў хлябы і даў вучням сваім, каб разлажылі прад людзьмі; і дзьве рыбы разьдзяліў на ўсіх. I елі ўсе і задаволіліся. I набралі кускоў хлеба і астаткаў ад рыб дванаццаць поўных карабоў. Было-ж усіх, хто спажываў яду, пяць тысяч мужоў.
I зараз-жа загадаў вучням Сваім увайсьці ў лодку ды плысьці перад Ім на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць народ.
Адпусьціўшы-ж народ, пайшоу на гару памаліцца. Позным вечарам лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі. I ўбачыў іх у трывозе і турбоце, бо вецер быў супраціўны, а каля чацьвёртай старожы ночнай падыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў мінаць іх. Яны-ж, убачыўшы Яго ідучы па моры, падумалі, што гэта здань, і закрычалі. Бо ўсе бачылі Яго, і перапужаліся; тады ўраз-жа загаварыў да іх, прамовіўшы: — сьмелыя будзьце, гэта Я, ня бойцеся. I ўвайшоў да іх у лодку, і вецер улёгся, яны-ж моцна сумеліся ў сабе і дзівіліся. Бо яны ня ўсьведамілі цуда з хлебамі, бо сэрцы іхныя былі зацемленыя. I пераплыўшы прыбылі ў зямлю Гэнісарэцкую і прысталі да берагу.
Калі яны выйшлі з лодкі, людзі зараз-жа пазналі Яго. I, абегшы ўсю тую аколіцу, пачалі прыносіць хворых на ложах іхных, туды, дзе думалі Ён быў. I куды-б ні прыходзіў Ён — ці ў пасёлкі, ці ў вёскі, ці ў месты, — клалі хворых на плошчах, і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонай; і хто дакранаўся да Яго, быў ацалены.
I зыйшліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, прыйшоўшы з Ерусаліму. І ўгледзеўшы, што некаторыя з вучняў Ягоных бралі хлеб нячыстымі — гэта значыць, непамытымі перад ядой рукамі, зганілі гэта. Бо фарысеі і ўсе юдэі, трымаючыся старых укладаў, не ядуць не памыўшы добра рук. I калі прыходзяць з рынку, не ядуць, не памыўшыся перш, і шмат чаго іншага, перанятага з даўнасьці, трымаюцца: абмываньне кубкаў, чараў, катлоў, услонаў.
І вось пытаюць у Яго фарысеі і кніжнікі: — чаму вучні Твае ня трымаюцца укладаў старэйшых, але бяруць хлеб непамытымі рукамі. Ён-жа ў адказ сказаў ім: — добра прарочыў Ісайя пра вас крывадушных, як гэта напісана: — «Людзі гэтыя паважаюць Мяне вуснамі, сэрца-ж іх далёка ад Мяне. Але дарма пакланяюцца Мне, падаючы навукі і прыказаньні людзкія». I вось вы, пакідаючы запаветы Божыя, трымаецеся ўкладаў чалавечых: абмываньня збанкоў ды кубкаў, ды шмат чаго падобнага да гэтаму творыце. I сказаў ім: — ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб выконваць уклад ваш? Бо Майсей сказаў: — «паважай айца твайго і маці тваю», і «хто зьневажае айца ці маці, няхай сьмерцяй памрэ». А вы кажаце: — хто скажа айцу ці маці — «корван» — гэта значыць дар Богу ўсё тое, што ад мяне належала-б. — Тады ўжо дазваляецца нічым не ўспамагаць ні айцу свайму, ні маці сваёй. Уневажняеце запавет Божы дзеля ўкладу вашага, ды робіце шмат што да гэтага падобнае.
I паклікаўшы увесь народ да Сябе, гаварыў ім: — слухайце Мяне і разумейце: усё тое, што ўвайходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго, але тое, што выходзіць з яго, тое апаганьвае чалавека. Хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
І калі увайшоў ад народу ў дом, вучні Ягоныя пыталі ў Яго пра прыпавесьць. I сказаў ім: — няўжо і вы гэткія недагадлівыя? ці-ж не разумееце, што ўсё, прынятае чалавекам звонку, ня можа яго спаганіць. Бо ня ў сэрца яму ўваходзіць, але ў жывот, і выходзіць вон, гэтым ачышчаецца ўсё спажытае. I сказаў яшчэ: — тое, што выходзіць з чалавека, тое апаганьвае чалавека. Бо з нутра, з сэрца чалавека злыя памыслы: чужаманства, блуд, душагубства; зладзейства, прагавітасьць, злаба, ашуканства, бессаромнасьць, зайздрасьць, блюзьнерства, пагарда, дурасьць. Усё тое злое з нутры выходзщь і апаганьвае чалавека.
I, выйшаўшы адтуль, адыйшоў у землі Тырскія і Сыдонскія. А, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся, але ня ўтрымаўся ў тайніцы. Бо зараз-жа прачула пра Яго жанчына, у якое дачка была апанавана злыдухам, і прыйшоўшы, прыпала да ног Ягоных. Жанчына-ж тая была эльлінская, сірафінікійка родам; i маліла Яго, каб выгнаў злыдуха з дачкі яе. Ісус-жа сказаў ёй: — дай перш задаволіцца дзецям: бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам. Яна-ж у адказ сказала: — так, Госпадзе, але і шчаняты пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей. I сказаў ёй: — за гэтае слова — ідзі! — выйшаў злыдух з дачкі твае. I калі яна прыйшла дадому, знайшла дачку на пасьцелі, а дух нечысьці пакінуў яе.
І выйшаўшы з межаў Тырскіх, Ісус праз землі Сыдонскія зноў прыйшоў да мора Галілейскага, сярод Дзесяцігродзьдзя. I прывялі да Яго глухога і вугнівага, і малілі Яго каб узлажыў на яго руку. Адвёўшы яго ад народу аднаго, Ісус улажыў пальцы Свае ў вушы яго, і плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага. I, узглянуўшы ў неба, уздыхнуў і прамовіў: — Эффафа — гэта значыць — расчыніся. I ураз расчыніліся вушы ягоныя і разьвязаўся язык яго, і ён стаў гаварыць добра. Тады загадаў ім, каб нікому не гаварылі, але колькі Ён ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі. I вельмі дзівіліся, кажучы: — добра ўсё робіць — і глухіх чуткімі, і нямых гаваркімі.
І было ў дні тыя: зыйшлося зноў мноства народу, і ня мелі пры сабе ежы; тады Ісус падклікаў вучняў Сваіх і сказаў ім: — шкада Мне народу, што ўжо тры дні пры Мне, і ня маюць чаго есьці. Калі-ж адпушчу іх дамоў галоднымі, прыстануць у дарозе, бо шмат хто з іх папрыйходзілі здалёк. Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: — скуль-жа мог-бы хто ў гэтай пустыні ўзяць хлеба, каб накарміць іх? I спытаўся ў іх: — колькі маеце хлябоў? яны-ж адказалі: — сем. Тады сказаў народу супачыць на зямлі; і ўзяушы сем хлябін, узьнёс хвалу і, паламаўшы, даваў вучням Сваім, каб яны раздавалі; і яны раздалі народу. Мелі яны і некалькі рыбак; і іх дабраславіўшы, сказаў раздаць. I елі ўсе да здаваленьня, і назьбіралі нязьедзеных кускоў сем карабоў. Усіх-жа, хто елі, было пад чатыры тысячы; тады адпусьціў іх. I зараз-жа увайшоу ў лодку з вучнямі Сваімі, і прыбыў у ваколіцы Далмануфскія.
І выйшлі фарысеі і пачалі з Ім спрачацца, патрабуючы знаменьня з неба, і спакушаючы Яго. Ён-жа уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: — нашто род гэты дамагаецца знаменьня? папраўдзе кажу вам: ня будзе дадзена знаменьне роду гэтаму. I, пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку, ды адплыў на другі бок. Вучні-ж Ягоныя забыліся ўзяць хлебаі, апрача аднае баханкі хлеба, нічога з сабою ня мелі Ён-жа перасьцерагаў іх, кажучы: — глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і закісі Ірадавае. I яны, разважалі між сабою, кажучы: — гэта пра тое, што ў нас хлеба няма. Ісус, зразумеўшы гэта, кажа ім: — што разважаеце пра тое, што хлеба ня маеце? ці яшчэ ня цяміце і не разумееце, ці яшчэ заслоненыя сэрцы вашыя? Маючы вочы, ня бачыце, і маючы вушы, ня чуеце і не памятаеце? Калі Я разламаў пяць хлябін на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў назьбіралі кавалкаў? — кажуць Яму — дванаццаць. А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў астачы кавалкаў набралі вы? і яны кажуць — сем. I сказаў ім: — дык як-жа вы яшчэ не разумееце?
I прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, ды просяць, каб дакрануцца да Яго. І ўзяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за сялібу і плюнуўшы яму на вочы, паклаў на яго рукі і спытаўся ў яго, ці што бачыць. Той-жа, узіраючыся, сказаў: — бачу людзей, нібы дрэвы хадзячыя. Тады зноў палажыў рукі на вочы яго і адкрыў зрок, і ён стаў бачыць усё ясна. I адаслаў яго дадому, сказаўшы: — ідзі ў яго дом, а прайходзячы праз сялібу, нікому ня расказвай.
I пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі у сялібы Касарыі Піліпавай; у дарозе Ён пытаў у вучняў Сваіх, гаворачы да іх: — за каго лічаць Мяне людзі? Яны ў адказ сказалі Яму: — за Яна Хрысьціцеля; іншыя — за Ільлю, іншыя-ж — за аднаго з прарокаў. Ён-жа кажа ім: — а вы за каго Мяне ўважаеце? у адказ сказаў Яму Пётра прамовіў: Ты — Хрыстос.
I забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго. I пачаў навучаць Іх, што прызначана Сыну Чалавечаму цяжка адпакутаваць і быць адкіненаму праз старшыняў, архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітаму, і па трох днёх уваскроснуць.
І гаварыў гэта выразна для ўсіх; Пётра-ж, адклікаўшы, пачаў пярэчыць Яму. Ён-жа, абярнуўшыся і глянуўшы на вучняў, забараніў Пятру, сказаўшы: — адыйдзі ад Мяне, шатане, бо думаеш не пра Божае, але пра чалавечае. І, падклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: — калі хто хоча іці за Мною, адрачыся самога сябе, і вазьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною.
Бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і Евангельля, той ухавае яе. Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душы сваей учыніў шкоду. Або, што дасьць чалавек узамен за душу сваю. Бо хто пастыдаецца Мяне і слоў Маіх у родзе гэтым блудным і грэшным, таго пастыдаецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі сьвятымі.
I сказаў ім: — запраўды, гавару вам: ёсьць некаторыя сярод вас, якія не зазнаюць сьмерці, калі ужо ўбачаць Уладарства Божае, яўленае ў сіле.
Калі прамінула шэсьць днёх, узяў Ісус Пятра, Якуба і Яна і ўзьвёў на гару высокую асобна іх адных, і перамяніўся прад імі. Адзеньне Яго стала зіхатлівае і белае, як сьнег, гэтак бялільнік на зямлі ня можа выбелець. I зьявіуся ім Ільля з Майсеем, і размаўлялі з Ісусам. Тады азваўся Пётра і сказаў Ісусу: — Раўві! добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Ільлі адну. І сказаў, ня ведаючы, што сказаць, бо былі яны пранятыя страхам. I спусьцілася воблака, ахінаючы іх; і пачуўся голас з воблака: — гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце. I раптам, азірнуўшыся, нікога больш ня ўбачылі, апрача Ісуса і сябе самых. Калі-ж зыходзілі яны з гары, Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не гаварылі пра бачанае тут, пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне з мёртвых.
І яны ўтрымалі ў сябе гэтае слова, і размаўлялі, пытаючы адзін аднаго, што азначае «уваскросьне з мёртвых». I спыталіся ў Яго, кажучы: — чаму кніжнікі гавораць, што Ільлі належыць прыйсьці першаму. Ён-жа ў адказ сказаў ім: — Ільлі належыць прыйсьці першаму і падгатаваць усё; і Сыну Чалавечаму, як пра Яго напісана, належыць многа адцярпець і быць панявераным. Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і абыйшліся з ім, як хацелі, як і напісана пра яго. А прыйшоўшы да вучняў, убачыў многа народу вакол іх і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі. I раптам увесь народ, убачыўшы Яго, сумеўся, і зрушыўся і, падбягаючы ў боязьні, вітаў Яго. І Ён спытаўся ў кніжнікаў: — пра што спрачаецеся з імі? У адказ-жа адзін з народу сказаў: — Вучыцель, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога. I дзе ні схопіць яго, кідае яго аб зямлю, і ён пеніць і скрыгоча зубамі сваімі, ды пруцянее; казаў я вучням Тваім, каб выгналі яго, і не змаглі. Ён-жа ў адказ сказаў яму: — о, родзе няверны, дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? прывядзеце яго да Мяне. I прывялі яго да Ісуса; і убачыўшы Яго, дух страсянуў юнака, і той упаў на зямлі і валяўся, запеніўшыся. Ісус спытаўся ў бацькі яго: — як даўно гэта сталася з ім? — той-жа адказаў: — з дзяцінства. І ня раз кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але калі што можаш, зьлітуйся над намі і памажы нам. Ісус сказаў яму: — калі можаш верыць, усё магчыма для таго, хто верыць. I ўраз-жа загаласіўшы, бацька хлапца сказаў праз сьлёзы: — веру, Госпадзе, памажы майму недаверству! Тады Ісус, бачачы, што зьбягаецца народ, загразіў духу нячыстаму, кажучы яму: — дух нямы і глухі! загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго. I закрычаўшы моцна скалануўшы яго, выйшаў, і ён стаўся як няжывы, дык многія гаварылі — памёр. Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў. Калі-ж увайшоў Ісус у дом, вучні Ягоныя, на адасабненьні, пыталі ў Яго: — чаму мы не маглі выгнаць яго? I сказаў ім: — род гэты інакш ня можа выйсьці, як толькі праз пост і малітву. А выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся. Бо навучаў вучняў Сваіх, гаворачы ім, што Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі людзеў, і заб'юць Яго, і быўшы забітым, на трэйці дзень уваскросьне.
Яны-ж не разумелі сказанага, але баяліся ў Яго пытацца.
I прыйшлі ў Капэрнаум; і калі быў у доме, папытаўся ў іх: — пра што вы ў дарозе разважалі між сабою? Яны-ж маўчалі, бо разважалі ў дарозе між сабою, хто з іх большы. I, сеўшы, падклікаў дванаццацёх і сказаў ім: — калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім і для ўсіх слугою. I узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх, ды абняўшы яго, сказаў ім: — хто прыйме адно з гэткіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, хто паслаў Мяне. Тады Ян прамовіў да Яго: — Вучыцель! мы бачылі чалавека, які Імём Тваім выганяе злыдухаў, а ня йдзе за намі; і мы забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі. Ісус-жа сказаў: — не забараняйце яму, бо ніхто, стварыўшы цуд Імём Маім, ня будзе зараз гаварыць злое пра Мяне. Бо хто ня супраць вас, той за вас. І хто напоіць вас чашаю вады ў Імя Маё, дзеля таго, што вы Хрыстовы, запраўды, кажу вам, — ня страціць узнагароды свае.
А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, верных Мне, лепш было-б яму, каб завесілі яму жарновы камень на шыю і ўкінулі ў мора. I калі зводзіць цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе калекаму ўвайсьці ў жыцьцё, ніж з дзьвюма рукамі йсьці у пекла, у агонь незгасальны. Дзе і чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае. I калі нага твая зводзіць цябе, адсячы яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, ніж з дзьвюма нагамі быць укінутым у пекла, у агонь незгасальны. Дзе і чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае. I калі вока тваё зводзіць цябе, вырві яго: лепш табе аднавокаму ўвайсьці ў Уладарства Божае, ніж з двума вачыма быць укінутым у геену агнявую. Дзе чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае. Бо кажны агнём асоліцца, і ўсякая ахвяра сольлю асоліцца. Соль — добрая рэч; але калі соль несалёнай стане, чым яе паправіце? мейце-ж соль у сабе, і мір мейце між сабою.
I выйшаўшы адтуль, прыходзіць у ваколіцы Юдэйскія за Йарданам; і зноў грамады народу зыйшліся да Яго, і зноў звычаем сваім Ён навучаў іх.
I прыступілі фарысеі, і здрадліва пыталіся ў Яго: — ці можна пакідаць жану сваю. Ён-жа ў адказ ім сказаў: — што запавядаў вам Майсей? Яны сказалі: — Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца. Ісус сказаў ім у адказ: — дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты запавет. Але на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужам і жаной. Дзеля таго, пакіне чалавек айца свайго і маці. Ды прыстане да жаны свае, і стануцца двое ў адно цела; дык іх ужо ня два, але адно цела. От-жа, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае. А дома вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае. І Ён сказаў ім: — хто пакіне жану сваю і ажэніцца з іншай, той творыць блудадзейньне з ёю. I калі жана пакіне мужа свайго ды выйдзе за другога, — блудадзейнічае.
I прыносілі да Яго дзяцей, каб дакранаўся да іх; вучні-ж пярэчылі тым, хто прыносіў. Убачыўшы тое, Ісус угнявіўся і сказаў ім: — пусьцеце дзяцей прыйходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Уладарства Божае. Папраўдзе кажу вам: хто ня прыйме Ўладарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго. I абняўшы іх, усклаў на іх рукі і дабраславіў іх.
Калі выходзіў Ён у дарогу, чалавек некі, падбегшы, упаў прад Ім на калені і пытаўся ў Яго: — Вучыцель добры, што мне рабіць, каб насьлядаваць жыцьцё вечнае? Ісус сказаў яму: — чаму ты завеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Ведаеш запаветы: не блудадзейнічай, не забівай, ня крадзі, ня сьветчы фальшыва, ня крыўдзі, наважай айца твайго і маці. Той-жа ў адказ сказаў Яму: — Вучыцель, усяго гэтага я трымаўся з дзяцінства. Ісус, узглянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: — аднаго табе нестае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходь ды йдзі сьледам за Мною, узяўшы крыж. Той-жа засмуціўся ад гэтага слова, і адыйшоў з жалем, бо меў вялікую маемасьць. Ісус-жа, глянуўшы навокал, кажа вучням Сваім: — як цяжка маючым багацьце ўвайсьці у Ўладарства Божае! Вучні моцна зьдзівіліся з гэтых слоў; але Ісус зноў зьвярнуўся да іх, кажучы: — дзеці! як цяжка надзейным на багацьце ўвайсьці у Ўладарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушы, як багатаму ўвайсьці у Ўладарства Божае. Яны-ж яшчэ больш зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: — хто-ж тады можа быць збавены? Ісус, узглянуўшы на іх, прамовіў: — для людзей гэта немагчыма, але не для Бога, бо ўсё магчыма ў Бога.
I пачаў Пётра гаварыць Яму: — вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Ісус у адказ яму прамовіў: — папраўдзе кажу вам: няма нікога, хто пакінуў-бы дом, або братоў, ці сёстраў, ці айца, ці маці, ці жану, ці дзяцей, ці землі дзеля Мяне і Евангельля, і не дастаў-бы цяпер, у гэты час уціску ў стакроць больш — і дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і матак, і дзяцей, і грунтаў, а ў веку прышлым — жыцьця вечнага. Бо шмат хто з першых стануцца апошнімі, і шмат хто з апошніх стануцца першымі. Былі-ж яны ў дарозе да Ерусаліму; Ісус ішоў наперадзе, а яны, пранятыя страхам, ішлі сьледам за Ім. I ўзяўшы зноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з Ім мае стацца.
— Вось мы ўваходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выданы будзе архісьвятаром і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам. I назьдзекуюцца з Яго, і аплююць Яго, і будуць біць Яго, і заб'юць Яго, і на трэйці дзень уваскросьне. Тады падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Завадэевы, і сказалі: — Вучыцель, мы хочам, каб Ты зрабіў для нас, чаго папросім. Ён-жа сказау: — што хочаце, каб Я зрабіў вам? Яны-ж сказалі: — дазволь нам сесьці пры Табе, аднаму з правай руцэ, а другому па левай, у славе Тваёй. Але Ісус сказаў ім: — ня ведаеце, чаго просіце: ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? Яны-ж кажуць Яму: — можам; Ісус-жа сказаў ім: — чару якую Я п'ю, вы піць будзеце, і хрышчэньне, якім Я хрышчуся, хрышчаны будзеце. Але даць сесьці па правай ці левай руцэ ў Мяне ня Мне даваць, але каму прызначана. Іншыя дзесяць, пачуўшы гэтае, пачалі злавацца на Якуба і Яна. Ісус-жа, падклікаўшы іх, сказаў ім: — вы ведаеце, што тыя, хто становяцца правіцелямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхныя камандуюць імі. Але між вамі ня гэтак: а хто хоча стацца большым між вамі, няхай будзе вам слугою. I хто хоча стацца першым між вамі, няхай будзе слугою ўсім. Бо і Сын Чалавечы не па тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю за выбаўленьне многіх.
I прыходзяць у Ерыхон; а калі Ён выйходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і з мноствам народу, пры дарозе сядзеў сьляпы Варцімей, сын Цімея, просячы падаяньня. I пачуўшы, што ёсць Ісус Назаранін, пачаў усклікаць, вымаўляючы: — Ісусе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся нада мною. Многія прыгражалі яму, каб маўчаў, але ён яшчэ мацней галасіў: — Ісусе, Сыне Давыдаў, зьлітуйся нада мною. Ісус, запыніўшыся, сказаў паклікаць яго; і паклікалі сьляпога, кажучы яму: — падбадзёрся, уставай, Ён кліча цябе. І ён схапіўся на ногі, скінуў з сябе верхнюю вопратку і прыйшоў да Ісуса. Iсус, зьвярнуўшыся да яго, прамовіў: — што хочаш, каб зрабіў табе? сьляпы-ж сказаў Яму: — Вучыцелю! каб я мог бачыць. І сказаў яму Ісус: — ідзі! вера твая ацаліла цябе, і ўраз вярнуўся яму зрок яго, і ён пайшоў па дарозе за Ісусам.
Калі наблізіліся да Ерусаліму, і прышлі да Віфагіі і Віфаніі, пры гары Аліўнай, Ён пасылае двух з вучняў Сваіх; I кажа ім: — ідзеце ў вёску, што перад вамі; уваходзячы ў яе, зараз-жа знойдзеце прывязанае асьлё, на якое ніхто з людзей не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце. І калі хто скажа вам — што гэта вы робіце? — адказвайце, што яно патрабна Госпаду; і зараз-жа пашле яго сюды. Яны пайшлі і знайшлі асьлё, прывязанае ля варот на скрыжаваньні вуліц, і адвязалі яго. Некаторыя-ж з тых, якія там стаялі там, гаварылі ім: — што вы робіце? нашто адвязваеце асьлё? Яны-ж адказалі, як загадаў ім Ісус, і тыя адпусьцілі іх. I прывялі асьлё да Ісуса, і паклалі на яго адзеньне сваё; і Ён сеў на яго. Многія-ж пасьцілалі адзеньне сваё па дарозе, а іншыя зразалі веткі з дрэваў і ўсьцілалі імі дарогу. I тыя, якія ішлі наперадзе, і тыя, якія праводзілі Яго, усклікалі, прамаўляючы: — Асанна! дабраславёны, Хто йдзе ў Імя Гасподняе! Дабраславёны надыход у Імя Гасподняе ўладарства айца нашага Давыда; асанна ў вышынях!
I ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў сьвятыню, і агледзеў усё; тады з-за позьняга ўжо часу, адыйшоў у Віфанію з дванаццацьма.
А назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад. I ўбачыўшы здалёк лісьцястую смакоўніцу, пайшоў, каб што знайсьці на ёй, а прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо ня час быў на смоквы. Тады азваўся да яе Ісус: — няхай ніхто не скаштуе плёну з цябе павек; гэтае чулі і вучні Яго. I прыйшлі яны зноў у Ерусалім; і, увайшоўшы ў храм, Ісус пачаў выганяць і прадаўцоў і пакупнікаў з сьвятыні, і паабарочваў сталы мянялаў і ўслоны гандляроў галубамі. I не дазволіў, каб хто праз сьвятыню пераносіў якое-колечы надоб'е. А навучаючы, гаварыў ім: —ці-ж не напісана «Дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў», а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў. Пачуўшы гэтае, кніжнікі і архісьвятары шукалі спосабу, каб загубіць Яго, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ падзіўляўся з навукі Ягонае. I калі надыйшоў вечар, Ён выйшаў з места. А раніцай, прайходзячы міма смакоўніцы, яны ўбачылі, што яна ссохла ўся ад карэньня. I, успомніўшы, Пётра кажа Яму: — Раўві, глянь! смакоўніца, якую Ты пракляў, засохла. I ў адказ Ісус прамовіў ім:
Мейце веру Божую. Папраўдзе кажу вам: калі-б хто сказаў гары гэтай — узьніміся і кінься ў мора, — і не зьняверыўся-б у сэрцы сваім, але паверыў, што споўніцца сказанае, — станецца яму, што-б ні сказаў.
Дзеля таго кажу вам: — усё, чаго-б у малітве прасілі, верце, што гэта дастанеце, і яно прыйдзе да вас. I калі становіцеся на малітву, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш Нябесны дараваў вам правіны вашыя. Калі-ж вы не даруеце, то і Айцец ваш Нябесны не даруе вам правінаў вашых.
I прыйшлі зноў у Ерусалім, і калі Ён хадзіў у храме, падыйшлі да Яго архісьвятары, і кніжнікі і старшыні. I гаварылі Яму: — якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто даў Табе ўладу рабіць гэта? Ісус у адказ, сказаў ім: — спытаю і Я вас адно слова; адкажэце Мне, тады і Я вам адкажу, якою ўладаю раблю гэта. Хрышчэньне Янава з неба было ці ад людзей? адкажэце Мне. Яны-ж меркавалі ў сабе, думаючы: — калі скажам — з неба, — то Ён скажа — чаму-ж вы не паверылі? А калі скажам — ад людзей, — дык боязна прад народам, бо ўсе лічылі Яна за праўдзівага прарока. I сказалі ў адказ Ісусу: — ня ведаем, тады Ісус адказаў ім: — і Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта.
I пачаў гаварыць ім прыпавесьцямі. Чалавек некі насадзіў вінаграднік; абгарадзіў яго навокал, выкапаў вінацёл і збудаваў вежу і здаўшы яго вінаградарам, ад'ехаў. У свой час ён паслаў слугу свайго узяць ад вінаградараў частку з плёну вінаграднага. Яны-ж, схапіўшы яго, білі і адправілі ні з чым. Зноў ён паслаў да іх другога слугу, і таму каменьнямі разьбілі галаву, і зьдекліва выгналі. I яшчэ паслаў іншага, таго-ж забілі; ды шмат іншых, — адных пабівалі, іншых забівалі. Яшчэ меў аднаго любага яму сына; паслаў нарэшце і таго да іх, кажучы: — пасаромеюцца сына майго. Яны-ж, вінаградары, сказалі адзін аднаму: — гэта спадкаемца, пойдзем заб'ем яго, і спадчына будзе нашая. I схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку. Што-ж зробіць гаспадар вінаградніку? прыйдзе і аддасьць на сьмерць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым. Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: «Камень, збракаваны будаўнічымі, той лёг у аснову вугла». Гэта ад Госпада, і дзіўным становіцца ў вачох нашых. І яны памыкаліся налажыць на Яго рукі, ды баяліся народу; а яны-ж зразумелі, што пра іх сказаў прыпавесьць гэтую; і, пакінуўшы Яго, адыйшлі.
I падсылаюць да Яго некаторых з фарысеяў ды ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў мове. Тыя-ж, прыйшоўшы, кажуць Яму: — Вучыцель! мы ведаем, што Ты справядлівы, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо ня ўзіраешся на асобы, а папраўдзе на шлях Божы настаўляеш; ці абавязкова даваць падатак кесару ці не; мусім даваць, ці не? Ён-жа, ведаючы іхны подступ, сказаў ім: — што вы Мяне выпрабоўваеце? прынясеце Мне дынар, каб пабачыць яго. Яны прынясьлі; тады кажа ім: — чыё гэта аблічча адбіта тут, і чый напіс? яны сказалі — кесаравы. Тады Ісус у адказ сказаў ім: — дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу; і дзівіліся з Яго.
Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма уваскрасеньня мёртвых, і пыталіся ў Яго, кажучы: — Вучыцель! Майсей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат і пакіне жану, але не пакіне дзяцей, то брат ягоны няхай возьме жану яго, і адродзіць патомства брату свайму. І вось было сем братоў, першы ўзяў жану, і памершы, не пакінуў патомства. I другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства, таксама і трэйці. Гэтак бралі яе сямёх, і не пакінулі патомства; пасьля ўсіх памерла і жана. Дык пры уваскрасеньні, калі ўваскроснуць, катораму з іх будзе жаною, бо сем мелі яе за жану. І сказаў Ісус у адказ ім: — ці ня ў гэтым вы вы ўпадаеце ў блуд, што ня ведаеце Пісаньня, ані сілы Божае. Бо калі з мёртвых уваскроснуць, тады ня будуць ні жанщца, ні замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе. А пра памёршых, што яны ўстануць хіба ня чыталі вы ў кнізе Майсеевай, як Бог пры купіне гаварыў яму, кажучы: Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба. Бог ня ёсьць мёртвых, але Бог жывых.
I падыйшоў адзін з кніжнікаў, які чуў іхныя спрэчкі, ды пабачыўшы, як Ісус добра адказаў ім, папытаў у Яго: — які запавет найважнейшы? Ісус адказаў яму: — першы з усіх запаветаў — «Слухай Ізраэль! Госпад Бог наш — Госпад Адзіны. I ўзьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім помыслам тваім, і ўсёю моцаю тваёю» — вось першы запавет. І другі падобны да яго: — любі бліжняга твайго, як самога сябе; іншага, большага за гэты, няма. I сказаў Яму кніжнік: — добра, Вучыцель! праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага, апрача Яго. I любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім помыслам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта ёсьць большае за ўсе ахвяры і усеспаленьні. Ісус, бачачы, што той разумна адказваў, сказаў яму: — недалёка ты ад Уладарства Божага; і ніхто больш не адважыўся пытацца Яго. Ісус-жа, працягваючы навучаньне ў храме, гаварыў: — як гэта кніжнікі гавораць, што Хрыстос — Сын Давыдаў? Калі-ж сам Давыд гаварыў у Духу Сьвятым: — «Сказау Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх». Дык калі сам Давыд называе Яго Госпадам, то як-жа Ён сын яму? і мноства народу рады былі слухаць Яго.
І прамаўляў да іх у навучаньні Сваім: — сьцеражэцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні ды прыймаць вітанькі на рынковых пляцох. I сядзяць наперадзе ў сынагогах, і займаць першыя месцы на банкетах. Гэтыя, якія аб'ядаюць домы ўдовіц пад пакрывай доўгага маленьня, дастануць цяжэйшы прысуд. І сеўшы насупраць скарбонкі, Ісус назіраў, як народ кладзе грошы ў скарбонку; і многія багатыя клалі пашмат. Адна-ж бедная ўдава, прыйшоўшы, палажыла дзьве лепты, што складае грош. І паклікаўшы вучняў Сваіх, Ісус сказаў ім: — папраўдзе кажу вам, што гэтая бедная ўдавіца палажыла больш за ўсіх, якія клалі ў скарбонку. Бо ўсе клалі з лішкаў сваіх, а яна ў беднасьці сваей палажыла ўсё, што мела увесь пражытак свой.
I калі Ён выходзіў з храму, адзін з вучняў Ягоных кажа Яму: — Вучыцель! глянь, якія камяніцы і што за будыніны! Ісус у адказ сказаў яму: — заглядзіўся ты на гэтыя велічныя будыніны? не астанецца тут каменя на камені, якія-б ня былі разбураны. I калі Ён сядзеў на гары Аліўнай, насупраць храму, пыталіся ў Яго на самоце Пётра, Якуб, Ян і Андрэй: Скажы нам, калі гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта ўсё павінна стацца? І ў адказ Ісус пачаў гаварыць: — сьцеражэцеся, каб хто не спакусіў вас. Бо многія прыйдуць пад імём Маім, і будуць гаварыць — гэта Я, — і многіх зьвядуць. Калі-ж пачуеце пра войны, ці пагалоскі пра войны, ня бойцеся — належыць гэтаму быць, але гэта яшчэ не канец. Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць землятрасеньні мясцамі, і будуць галадоўлі і завірухі, гэта будзе пачатак злыбедаў.
Трымайцеся-ж вы самі; бо выдаваць будуць вас у судзілішчы, і будзеце пабіваныя ў сынагогах, ды пастаўлены будзеце прад правіцелямі і ўладарамі за Мяне, на сьветчаньне ім. А перад гэтам народам усім мае быць абвешчана Евангельле. Калі-ж павядуць вас навыданьне, ня турбуйцеся наперад, што маеце гаварыць, але, што будзе вам дадзена ў тую часіну, тое гаварэце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіцей, і паўстануць дзеці на бацькоў і ўсьмерцяць іх. І будзеце зьненавіджаны ўсімі за Імя Маё; але хто выцерпіць да канца, збавёны будзе.
Калі-ж пабачыце агіду спусташэньня, пра што казаў прарок Даніель, якая паўстала ў месцы, дзе не павінна быць — хто чытае, няхай разумее — тады хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы. А хто на страсе, няхай ня злазіць і не ўваходзіць у дом узяць чаго-небудзь з дому свайго. А хто на полі, няхай не варачаецца ўзяць адзеньне сваё. Гора цяжарным і карміцелькам грудных немаўлят у дні тыя. Малецеся-ж, каб ня сталася гэтае узімку. Бо ў дні тыя будзе такая скруха, якой ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. І калі-б Госпад не скараціў дзён тых, не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў дні тыя. Тады, калі хто вам скажа: — вось тут Хрыстос, ці — вось там, — ня верце. Бо паўстануць ілжывыя Хрысты ды ілжывыя прарокі, ды пакажуць знаменьні і цуды, каб зьвясьці, калі змога, нават і выбраных. Вы-ж сьцеражэцеся, вось Я наперад сказаў вам усё.
Але ў тыя дні, пасьля скрухі тэй, сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго. I зоры будуць падаць з неба, і сілы нябесныя зрушацца. I тады убачаць Сына Чалавечага, які прыйходзіць на воблаках з сілаю вялікаю і славаю. I тады пашле ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх, ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе мякчэюць, і распускаецца лісьце, ведайце, што набліжаецца лета. Гэтак і вы: калі ўбачыце, што ўсё гэта збываецца, ведайце, што блізка ўжо, пры дзьвярох. Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, калі ўсё гэта станецца. Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Дня-ж таго, ані часу, ніхто ня ведае: ані ангелы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец. Глядзеце-ж, чувайце і малецеся, бо ня ведаеце, калі настане час. Падобна, як чалавек, адыйходзячы ў падарож, пакідаючы дом свой, даверыў слугам сваім, што кажны павінен рабіць, і загадаў вартаўніку пры варотах быць чуйным. Дык чувайце і вы, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: ці ўвечары, ці апоўначы, ці пры сьпеве пеўняў, ці нараніцы. Каб, прыйшоўшы нечакана, не застаў вас заспанымі. А што кажу вам — усім кажу: чувайце!
Было два дні да Пасхі і сьвята Прэсьнікаў; архісьвятары і кніжнікі сачылі, каб схапіць Яго тайком і усьмерціць. Але гаварылі — толькі ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэньне ў народзе.
Калі ж Ён быў у Віфаніі, у доме Сымана запракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына і прынесла ў алябастравым слоіку чыстае дарагое нардовае міра, і разьбіўшы пасудзіну, узьліла Яму на галаву. Некаторыя-ж абураліся ў думках і гаварылі між сабою: — нашто гэткі глум міра? Можна-ж было-б прадаць яго больш як за трыста дынараў і раздаць убогім, і дакаралі ёй. Але Ісус сказаў: — ня турбуйце яе, нашто спрычыняеце ёй прыкрасьць? яна добры ўчынак зрабіла для Мяне. Убогіх заўсёды маеце каля сябе, і можаце рабіць ім дабро, колькі захочаце; Мяне-ж не заўсёды маеце. Яна зрабіла, што магла: намасьціла цела Маё да пахаваньня. Папраўдзе кажу вам: усюды, дзе толькі будзе абвешчана Евангельле гэтае, сказана будзе пра ўчынак яе, на ўспамін пра яе.
Юда-ж Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятароў, каб прадаць Яго ім. Яны, пачуўшы гэтае, усьцешыліся і абяцалі даць яму срэбранікаў; і ён шукау зручнага моманту, каб прадаць Яго. А ў першы дзень Прэсьнікаў, калі прыносілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Ягоныя: — дзе хочаш спажываць Пасху? мы пойдзем і прыгатуем. І Ён паслаў двух вучняу Сваіх і сказаў ім: — ідзеце да места, і сустрэнецца вам чалавек, нясучы збан вады; за ім ідзеце. І куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому таго: — Вучыцель пытаецца, дзе пакой, у якім-бы Мне спажываць Пасху з вучнямі Маімі. I ён пакажа вам сьвятліцу, вялікую, прыбраную, гатовую, — там прыгатуйце нам. I вучні Яго пайшлі, і прышлі да места, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху. I калі настаў вечар, Ён прыйшоў з дванаццацьма. Калі-ж яны сядзелі за сталом і елі, Ісус сказаў: — папраўдзе кажу вам, адзін з вас, хто есьць са Мною, прадасьць Мяне. Яны-ж засмуціліся ды адзін па адным пачалі гаварыць Яму: — ці ня я? — i іншы — ці ня я? Ён-жа ў адказ сказаў ім: — адзін з дванаццацёх, які макае са Мною ў місу. Але Сын Чалавечы йдзе, як напісана пра Яго; гора-ж таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца, лепш было-б чалавеку таму не раджацца. I калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіў, пераламаў і даў ім, сказаушы: — вазьмеце і спажывайце — гэта Цела Маё. I ўзьняўшы чашу, узьнёс падзяку і падаў ім, і пілі з яе ўсе. I сказаў ім: — гэта кроў Мая Новага Запавету, праліваная за многіх. Папраўдзе кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плёну вінаграднага аж да дня, калі буду піць віно новае у Ўладарстве Божым. I прапяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную. I кажа ім Ісус: — усе вы адступецеся ад Мяне ў гэтую ноч, як напісана пра гэта: «зьвераджу пастыра, і разьбягуцца авечкі». Але па ўваскрасеньні Маім апярэджу вас у Галілеі. Пётра-ж сказаў Яму: — хоць-бы і ўсе адступіліся, але ня я. I сказаў яму Ісус: — праўду кажу табе, што сёньня, у гэтую ноч, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. Але ён яшчэ мацней запэўняў: — а хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе; гэтак гаварылі і ўсе. I прыйшлі ў паселішча, званае Гефсыманія; і кажа вучням Сваім: — пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся. I ўзяў з сабою Пятра, Якуба і Яна, і ўпаў у жах і тугу. I кажа ім: — тужыць душа Мая да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце. I адыйшоўшы крыху, прыпаў да зямлі і маліўся, каб, калі магчыма, амінула Яго гадзіна гэтая. I гаварыў: — Аўва, Войча! усё магчыма для Цябе, пранясі чашу гэтую міма Мяне, але ня так, як Я хачу, а як Ты. І вярнуўшыся, знайходзіць іх соннымі, і кажа Пятру: — Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты патрываць адну гадзіну? Чувайце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу: бо дух бадзёры, цела-ж немачнае. І зноў, адыйшоўшыся, маліўся тымі-ж словамі. А вярнуўшыся, зноў застаў іх соннымі, бо вочы іх былі ацяжалымі, і ня ведалі, што адказаць Яму. I прыходзіць трэйці раз і кажа ім: — вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце? досыць! настала гадзіна; вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем, вось збліжаецца той, хто прадае Мяне.
I ў той момант, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў. А прадажнік Ягоны даў ім знак, сказаўшы: — каго я пацалую, гэта Ён; бярэце Яго і вядзеце асьцярожна. I, прыйшоўшы, памкнуўся да Яго і сказаў: — Раўві, Раўві, — пацалаваў Яго. Яны-ж налажылі на Яго рукі свае і ўзялі Яго. Адзін-жа, хтось з тых, якія стаялі там, выняўшы меч, ударыў архісьвятаровага слугу і адсек яму вуха. Тады Ісус, азваўшыся, сказаў ім: — нібы на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб Мяне ўзяць. Кажны дзень бываў Я з вамі ў храме, навучаючы, і вы ня бралі Мяне; але — няхай збудзецца Пісаньне. І пакінуўшы Яго, усе разьбегліся. Толькі адзін юнак ішоў за Ім, у палатнянай накідцы на голым целе; і воіны схапілі яго. Але ён, вывернуўшыся з накідкі, уцёк ад іх голы. I прывялі Ісуса да архісьвятара, туды-ж зыйшліся ўсе вышэйшыя сьвятары, і кніжнікі, і старшыні. Пётра-ж здалёк ішоў за Ім аж у падворак архісьвятара, і сядзеў побач слугаў, грэючыся пры агні. Архісьвятары і ўвесь сынедрыён шукалі сьветчаньняў на Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць, і не знайходзілі. Бо многія ілжыва сьветчылі на Яго, (але сьветчаньняў тых было недастаткова). І некаторыя, устаючы, крывадушна сьветчылі супраць Яго, кажучы: — мы чулі, як Ён гаварыў — «Я зруйную храм гэты рукатворны, і ў тры дні збудую іншы, нерукатворны». Але і гэтыя сьветчаньні ня былі адназгодныя. Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: — нічога ня можаш адказаць на тое, што яны сьветчаць супраць Цябе? Але Ён маўчаў, і не адказваў нічога; і зноў архісьвятар спытаўся ў Яго, кажучы Яму: — ці Ты Хрыстос, Сын Сьвятаслаўденага? Ісус сказаў: — Я ёсьць; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч Сілы, і прыходзячы на воблаках нябесных. Тады архісьвятар, разьдзёршы адзеньне сваё, сказаў: — нашто нам яшчэ сьветкі? Вы чулі блюзьнерства? што вы думаеце? i тыя ўсе асудзілі, што Ён павінен на сьмерць. I пачалі некаторыя пляваць на Яго, і, закрываючы Яму аблічча, білі Яго і гаварылі: — спрарачы; і слугі білі Яго па шчоках. А калі Пётра быў унізе, на падворку, падыйшла адна з прыслужніц архісьвятаровых. І убачыўшы Пётра пры агні, паўзіраўшыся на яго, сказала: — i ты быў з Ісусам Назаранінам. Але ён адрокся, сказаўшы: — ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш; і выйшаў стуль на прыдворышча... і прапяяў певень. Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала гаварыць іншым, якія стаялі там: — гэты з іх. Ён-жа зноў адрокся; а крыху счакаўшы, былыя там зноў пачалі гаварыць Пётру: — запраўды ты з іх, бо ты Галілеянін, і мова твая падобная. Ён-жа пачаў клясьціся і бажыцца: — ня ведаю чалавека гэтага, пра якога гаворыце. І ў той момант прапяяў певень другі раз; тады прыпомніў Пётра слова, якое сказаў яму Ісус: — перш чым двойчы прапяе певень,, тройча адрачэшся ад Мяне; і расплакаўся.
Назаўтра, адразу зрана, першасьвятары разам з кніжнікамі і старшынямі, і ўвесь сынедрыён — зрабілі нараду, і зьвязаўшы Ісуса, павялі і перадалі Яго Пілату.
I спытаўся ў Яго Пілат: — ці Ты Кароль Юдэйскі? Ён-жа ў адказ сказаў яму — ты кажаш! I шмат у чым архісьвятары абвінавачвалі Яго. Пілат-жа зноў спытаўся ў Яго, кажучы: — ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі абвінавачаньняў падаюць на Цябе. Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, аж Пілат дзівіўся. Пад усякае-ж сьвята меўся ён адпусчаць аднаго з вязьняў, за якога прасілі. Быў у вязьніцы нейкі Вараўва, адзін з бунтаўнікоў, якія ў часе бунту ўчыніў забойства. I народ, сабраўшыся, голасна пачаў прасіць Пілата, каб выканаў для іх, як і заўсёды рабіў гэта. І Пілат, адазваўшыся да іх, сказаў: — калі хочаце, адпушчу вам караля Юдэйскага. Ведаў-жа ён, што першасьвятары выдалі Яго праз зайздрасьць. Але першасьвятары падбурылі народ, каб прасілі адпусьціць замест Яго Вараўву. Пілат-жа ў адказ зноў сказаў ім: — што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго завяце Каралём Юдэйскім? І яны зноў загаласілі: — укрыжуй Яго! Пілат сказаў ім: — што-ж ліхое ўчыніў Ён? але яны яшчэ мацней крычалі: — укрыжуй Яго! Тады Пілат, дагаджаючы народу, адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбіванага, выдаў на ўкрыжаваньне.
Воіны-ж завялі Яго на двор суду, званым Прэторыя, і склікалі цэлую кагорту войска. I адзелі Яго ў баграніцу, і сплёўшы з цярніны вянец, узлажылі на Яго. І пачалі вітаць Яго, кажучы: — радуйся, Кароль Юдэйскі. І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плявалі на Яго, і становячыся на калены, пакланяліся Яму. А калі назьдзекаваліся з Яго, зьнялі з Яго баграніцу і адзелі ў адзеньне ўласнае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне Яго. А сустрэўшы аднаго кірынейяніна, Сымона, бацьку Аляксандра і Руфа, — які йшоў з поля, таго прымусілі нясьці крыж Ягоны.
I прывялі Яго на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча.
I давалі Яму піць віно, зьмяшанае з мірраю, але Ён ня прыняў. I калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы лёсы, каму што ўзяць.
Была-ж трэйцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
I быў напіс віны Ягонае: «Кароль Юдэйскі». А з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з левага боку Яго. I споўнілася Пісаньне, у якім напісана: «I да злачынцаў прылічаны». I калі прайходзілі міма Яго, зьдзекліва дакаралі Яму, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: — ага, Той, Хто храмы руйнуе і ў тры дні адбудоўвае. Выбаві Сам Сябе, і сыйдзе з крыжа. Таксама і архісьвятары з кніжнікамі насьміхаліся, гаворачы адзін аднаму: — іншых выбаўляў, а Сябе ня можа выбавіць. Няхай Хрыстос, Кароль Юдэйскі, зыйдзе з крыжа цяпер, каб мы пабачылі і ўверылі. І ўкрыжаваныя зь Ім дакаралі Яму.
А шостай гадзіне цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай. А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам: — Элоі, Элоі, ліма савахфані! — гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой, нашто Ты Мяне пакінуў? Некаторыя з тых, якія там стаялі, пачуўшы, гаварылі: — вось Ільлю кліча. Адзін-жа пабег напаіў губку воцатам ды, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: — чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго. Ісус-жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў. І заслона ў храме разьдзерлася папалам, зьверху да нізу. А сотнік, які стаяў насупраць Яго, бачачы скананьне з такім голасам, сказаў: — запраўды гэты Чалавек быў Сын Божы. Былі тут і жанчыны, якія наглядалі здалёк, між імі была і Марыя Магдалена, і Марыя маці Якуба меншага і Ёсіі, і Саламія. Яны былі пры Ім і слугавалі Яму, калі Ён быў у Галілеі, ды многа іншых жанчын, якія прыйшлі, з Ім у Ерусалім.
I вось надыйшоў вечар дня Прыгатовы, гэта вечар перадсыботні — Саббате.
Прыйшоў Язэп з Арымафеі, паважаны раднік, які і сам чакаў Уладарства Божага; ён сьмела увайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісусавага. Пілат-жа зьдзівіўся, што ўжо памёр і, паклікаўшы сотніка, пытаўся ў яго, ці ужо памёр. А даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу. Язэп-жа, купіўшы плашчаніцу, і зьняўшы Яго, плашчаніцаю авінуў, і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, і прываліў камень да дзьвярэй гробу. Марыя-ж Магдалена і Марыя Йосева глядзелі, дзе Яго палажылі.
Пасля сыботы Марыя Магдалена і Марыя Якубава, і Саламія купілі пахучых масьцяў, каб намасьціць Цела Ісуса. І вельмі рана, на ўсходзе сонца, у першы дзень тыдня, прыйшлі да гробу. I гаварылі між сабою: — хто нам адваліць камень ад дзьвярэй гробу? І, узглянуўшы, убачылі, што камень адвалены, а быў ён вельмі вялікі. Увайшоўшы-ж да гробу, яны ўбачылі юнака; ён сядзеў з правага боку, адзеты ў белае адзеньне, яны жахнуліся. Ён-жа кажа ім: — ня бойцеся; шукаеце Ісуса Назараніна ўкрыжаванага? Ён уваскрос, няма Яго тут, вось месца, дзе быў паложаны. Але йдзеце скажэце вучням Яго і Пятру, што йдзе перад вамі ў Галілею, там Яго ўбачыце, як і казаў вам. I яны, выйшаўшы, пабеглі ад гробу; і ахапіла іх дрыготка і трывога, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
Iсус, уваскросшы раненька ў першы дзень тыдня, зьявіўся перш Марыі Магдалене, з якое выгнаў сем злыдухаў. Яна-ж пайшла і абвесьціла тым, якія былі з Ім, а цяпер моцна тужылі і плакалі. Але яны, пачуўшы, што Ён жывы і што яна бачыла Яго, — не паверылі. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум з іх у дарозе, калі яны йшлі ў паселішча. I тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі іншым, але і ім не далі веры. Урэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны былі за сталом, і дакараў ім за нявер'е і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага. І сказаў ім: — ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Евангельле ўсякаму стварэньню. Хто паверыць і ахрысьціцца, збавёны будзе, а хто не паверыць, асуджаны будзе. І хто паверыць, тым прыслужныя будуць гэткія знаменьні: імём Маім будуць выганяць злыдухаў, і будуць гаварыць новымі мовамі i будуць браць зьмей, і калі што мяртвячае вып’юць, не пашкодзіць ім, пакладуць рукі на хворых — і здаровымі стануць. І тады, пасьля мовы да іх, Госпад узьнёсся на неба і сеў праваруч Бога. Яны-ж пайшлі і прапаведвалі ўсюды, і Госпад успамагаў ім, усьцяж знаменьнямі сьцьвярджаў словы іх.