Библия › Татарыновіч › Да эфэсцаў
Павал з волі Божае Апостал Езуса Хрыстуса — сьвятым усім у Эфэзе й верным у Езусе Хрыстусе. Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса. Дабраслаўлёны Бог і Айцец Усеўладара нашага Езуса Хрыстуса, які ўбагаславіў нас усякім духоўным багаслаўленствам нябесным у Хрыстусе; выбраў бо ў Ім нас перад стварэннем сусьвету, каб сьвятымі быць нам і беззаганнымі перад Ім у любасьці; прадназначыўшы нас на усынаўленне Сабе праз Езуса Хрыстуса з ласкавасьці волі свае, на славу свае, ласкі якою абдарыў нас у любым сваім Сыне. У Ім маем адкупленне ягонай крывёю, адпушчэнне грахоў, па шчодрасьці ласкі ягонай, якою абдзяліў нас у поўні мудрасьці й развагі; адкрыўшы нам тайніцу волі свае, водле свайго дабраўпадобнага задуму ў Ім: каб, як настане поўня часаў, абнавіць усё ў Хрыстусе, тое, што ў небе, і тое, што на зямлі. У Ім і мы сталіся лёсам выбранымі, дзеля вялічання хвалы ягонай, прызначаныя да гэтага пастановаю Таго, каторы дзее ўсё водле рады сваей волі: мы, якія раней ужо спадзяваліся на Хрыстуса. У Ім і вы, пачуўшы слова праўды — эванэлію вашага збаўлення — ды ўверыўшы ў Яго, былі назначаны пячацьцю абяцання, Святога Духа, што ёсьць задаткам нашай спадчыны на вокуп набытку ды на вялікомленне славы ягонай. Дзеля гэтага і я, пачуўшы аб вашай веры ў Езусе Усеўладару ды аб любасьці да ўсіх сьвятых, не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы ў маіх малітвах, каб Бог Усеўладара нашага Езуса Хрыстуса, Айцец хвалы, даў вам духа мудрасьці ды адкрыцьця на пазнанне Яго, і прасьвятліў зрок вашага сэрца, каб вы ведалі да якой надзеі вас паклікае й якое багацьце слаўнае спадчыны ягонай для сьвятых, ды як бязьмерная веліч ягонага магуцтва ў нас, веручых праз дзеянне тае магутнае сілы ягонае, якую зьдзейсьніў Ён у Хрыстусе, ускрасіўшы Яго з умерлых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў небе вышэй за ўсякае князёўства і ўладу, і сілу, і гаспадараванне, ды ўсякае назовы, якаяб яна ні была, ня толькі ў гэтым вяку, але і ў будучым; і ўсё падуладніў (спакарыў) пад стопы ягоныя, а яго самога вывышыў надусё, як Галаву Эклезіі, што зьяўляецца ягоным целам і поўняю Таго, які ўсё ў-ва ўсіх дапаўняе.
І вас мяртвых праступкамі й грахамі вашымі, ў якіх вы калісь звычаем гэтага сьвету жылі, згодна з уладаю князя сіл паветра, духа, што дзее цяпер у сынох бунту. Між тымі й мы ўсе калісь жылі у нашых похацях цялесных, выконваючы прымхі цела і прыродных нахілаў, будучы з натуры дзяцьмі гневу, як і другія. Але Бог, багаты міласэрдзям дзеля вялікае любасьці свае, якою умілаваў нас, мяртвых праступкамі ажывіў нас разам з Хрыстусам — ласкаю ды збаўлёныя — і разам з гробу збудзіў ды ў небе асадзіў у Хрыстусе; каб у наступных вякох аказаць мог багацьце свае ласкі з дабраты свае да нас у Хрыстусе Езусе. Вы бо ласкаю збаўлёныя празь веру; і-то не ад вас: бо (і яна) дар Божы — не за учынкі, каб ніхто не хваліўся. Бо мы стварэнні ягоныя, у Хрыстусе Езусе, стварэнні для добрых дзел, загадзе Богам празначаных для нашага выконвання. Памятайце, восьжа, што вы, калісь пагане целам, празываныя «неабразанцамі» ад так званага абразання рукатворнага на целе, былі тады бяз Хрыстуса, адлучаныя ад правоў ізраельскага грамадзянства, чужыя запаветным абяцанням, без надзеі і бяз Бога на гэтым сьвеце. Цяпер-жа ў Хрыстусе Езусе вы, калісь далёкія, сталіся блізкімі крывёю Хрыстуса. Ён бо — ёсьць мір-згода нашая, што ўтварыў з двух адно, скрышыўшы сьцяну перапоны варожасьці ў целе сваім: сказаваў закон цьвёрдых наказаў прыказанняў, каб із двух зрабіць у сабе аднаго новага чалавека, ладзячы мір-згоду, і пагадзіў з Богам абодвых у вадным целе праз крыж, умарыўшы ім варожасьць. Ён, прыйшоўшы, дабравесьціў супакой вам, далёкім і блізкім; праз Яго бо і адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу. Дык вы ўжо ня чужынцы й ня прыходжыя, а суграмадзяне сьвятых і дамашнія ў Бога, асталяваныя на фундаманце Апосталаў і Прарокаў, дзе вуглавым каменем ёсьць сам Хрыстус. На Ім уся будыніна, стройна споеная, вырастае ў Святыню Божую, на якой і вы будуецеся на прыбытак Бога ў Духу.
Дзеля гэтага вось я, Павал, стаўся вязьнем Езуса Хрыстуса за вас паганаў. Думаю, вы чулі аб надзяленні мяне ласкаю Божаю для вас: што Ён праз аб’яўленне азнаёміў мяне з тайніцай, як-то каротка й апісаў я вам вышэй. Чытаючы гэта, магчыміце пазнаць маё разуменне тайніцы Хрыстуса. Яна бо ня была адкрыта людзкім сыном мінулых пакаленняў, так як цяпер адкрыта ў Духу сьвятым Апосталам ягоным і Прарокам: што і пагане маюць быць суспадкаемнікамі ды супольнікамі аднаго цела й суудзейнікамі абяцання ў Хрыстусе Езусе праз Эванэлію; слугой якое стаўся я праз дар ласкі Божае, дадзенай мне дзеяннем ягонай сілы. Мне найменшаму з усіх сьвятых дадзена ласка гэтая: вясьціць паганам нявысьледныя багацьці Хрыстусавы і высьвятліцт усім які быў плян тайніцы вякамі захоўванай у Богу, усё стварыўшым; каб цяпер праз Эклезію сталася ведамай Княствам і Магуцтвам нябесным многаякая прамудрасьць Божая, згодна з адвечнаю пастановаю, катору Ён зысьціў у Езусе Хрыстусе, Усеўладару нашым, у Якім, празь веру ў Яго, маем сьмелы й надзейны доступ да Бога. Таму прашу вас, не падайце духам з прычыны гора майго за вас, яно бо — вашая слава. Вось чаму я згінаю калені мае перад Айцом, ад Якога бярэ свой назоў усякае айцоўства на небе й на зямлі; каб даў вам водле славы свае змацавацца на сіле праз ягонага Духа ў чалавека ўнутранага; каб празь веру загасьціў Хрыстус у сэрцах вашых, каб вы угрунтаваныя і уцьверджаныя ў любасьці здолелі зразумець з усімі сьвятымі як яна шырокая, і даўгая, і высокая, і глыбокая; ды спазнаць, як тая любасьць Хрыстуса нявысказна вышэйшая за ўсякую веду, каб напоўніцца вам цэлаю поўняю Божаю. А Таму, Хто дзеючаю ў нас сілаю можа зрабіць шмат болей за тое, чаго мы просім, або ў думках маем, Яму хай будзе хвала ў Эклезіі й Хрыстусе Езусе на ўсе пакаленні й вякі вечныя. Амэн.
Малю тады вас я, вязень Госпадаў, паступайце годна покліку, якім вы пакліканы: із шчырай пакорай і лагоднасьцю ды паўстрымнасьцяй, адзін другога церпячы з любасьцю, стараючыся захаваць адзінства духа ў згоднай сулуцы. Адно бо цела, адзін дух, як і пакліканы вы да аднае надзеі покліку вашага. Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост. Адзін Бог і Айцец усіх, што над усімі, і праз усіх, ды ў ва ўсіх нас. Кожнамуж з нас дадзена ласка водле меры Хрыстусавага дару. Таму і сказана: Узыйходзячы у высь, паланіў палон, даў людзям дары (Пс. 67:19). А штож абазначае ўзыйшоў, як ня тое, што перш Ён быў і зыйшоў у прадонне зямлі? Зыйшоўшы — гэта тойжа самы ўзыйшоўшы вышэй усіх нябёсаў, каб усё напоўніць. І тойжа самы паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, а шчэ іншых пастырамі й вучыцелямі. Для дасканалення сьвятых на дзела служэння, на будаванне цела Хрыстуса; аж пакуль усе мы ня дойдзем да адзінства веры ды да поўнага пазнання Сына Божага, да мужа дасканалага на меру поўнаўзросту Хрыстусавага; каб мы ня былі ўжо малалеткамі хістанымі, й захаплянымі ўсякім ветрам вучэння хітрунскае блуклівае чмуты людзкое; але шчыраю любасьцю ўзрасталі ў ва ўсім у Таго, каторы ёсьць галавою — у каб мы ня былі ўжо малалеткамі хістанымі, й захаплянымі ўсякім ветрам вучэння хітрунскае блуклівае чмуты людзкое;а; зь якога ўсё цела, сустаўленае ды споенае ўсякімі ўзаемаспаможнымі вязямі, згодна з адпаведным дзеяннем кажнага чэлеса, бярэ прырост на будаванне самога сябе ў любасьці. Кажу восьжа вам і Богам сьветчу, каб вы ўжо не паступалі, як паступаюць пагане ў пустадумсьцьве свайго розуму, з думкамі замарочанымі, далёкія ад жыцьця Божага празь нявуцтва іх ды ачарсьцьвеласьць сэрца; яны, ачманеўшы, аддаліся распусьце, дапушчаючыся прагавіта ўсякай нечысьці. Але вы ня гэтак пазналі Хрыстуса, калі аб Ім чулі ды ў Ім навучыліся — водле праўды, якая ёсьць у Езусе — пазбыцца разам з ранейшым жыцьцём старога чалавека, тлеючага ў зманных похацях, а абнавіцца духам розуму вашага й прыадзецца ў новага чалавека, на Божую падобу створанага ў справядлівасьці ды сьвятасьці праўды. Дзеля гэтага, адкінуўшы ману, гаварэце кажны праўду свайму бліжняму, мы бо адзін другому чэлесы. Гневайцеся, але не грашэце! Хай сонца не зайходзіць над гневам вашым; І не давайце месца дзьяблу. Хто краў, хай больш не крадзе, а лепш хай працуе, творачы рукамі сваімі дабро, каб меў што даць патрабуючаму. Ніякая мова агідная хай ня выйходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрая для збудавання ў веры, каб сталася ласкаю для слухаючых. І ня смуцеця Святога Духа Божага, якім вы назначаны на дзень адкуплення. Усякая горыч, гнеў і люць, і сварка, і лаенне мусяць быць выкаранены з-пасярод вас разам з усякаю злосьцю; а будзьце адзін да другога ласкавымі, спагаднымі, міласэрнымі, выбачаючымі адзін другому, як і Бог у Хрыстусе вам выбачыў.
Будзьце, восьжа, пасьцежнікамі Бога, як дзеці, любыя, і хадзеце ў любасьці, як і Хрыстус палюбіў нас і выдаў сябе за нас, як дар Богу мілапахную ахвяру. А распуста і ўсякая нечысьць ды прагавітасьць каб і не спаміналіся між вамі, як і прыстоіць сьвятым; ані брыдамоўства, блазноцтва, ці жарты няпрыстойныя, недарэчы, а лепш — дзякаванне. Ведайце бо добра тое, што ніякі чужаложнік, ніякі бясстыднік, ці хцівец балвапаклоннік, ня мае спадчыны ў Валадарсьцьве Хрыстуса і Бога. Хай ніхто ня зводзіць вас буянымі славамі, праз гэта бо спадае гнеў Божы на сыноў бунтарных; ня будзьце іхнімі супольнікамі. Вы былі калісь цемраю, а цяпержа вы — сьвятло ў Хрыстусе: паступайцеж як дзеці сьвятла; бо плод сьвятла ёсьць у ва ўсім, што добрае, справядлівае і праўдзівае; шукайце шчыра таго, што даўспадобнае Богу, і не бярэце ўдзелу ў бясплоднай дзейнасьці цемры, а лепш дакарайце. Бо аб тым, што робіцца імі таёмна, сорамна й гаварыць. А ўсё, што ганіцца, праз сьвятло робіцца яўным і стаецца сьвятлом; таму і сказана: Прачніся, сьпячы, ды ўстань з мяртвых, а Хрыстус цябе асьвеціць. Дык глядзеце, паступайце празорна, не як неразумныя, а як мудрыя: час цэнячы, дні бо няпэўнуя. Таму ня будзьце неразважнымі, але сьведамымі волі Божай. Ды ня ўпівайцеся віном, бо ў ім разнузданасьць, а напаўняйцеся Духам, выглашаючы міжсобку псальмы, гімны й песьні духоўныя, пяючы ды й граючы Госпаду ў сэрцах вашых; дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу й Айцу ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, будучы паслухмянымі адны другім у боязі Божай. Жанкі, будзьце падуладнымі мужом сваім, як Усеўладару, муж бо ёсьць галавою жонкі, як і Хрыстус галава Эклезіі, свайго цела, якога зьяўляецца Збавіцелем; і як Эклезія падуладная Хрыстуса, гэтак і жонкі — сваіх мужоў у ва ўсім. Мужы, любеце жонак сваіх, як і Хрыстус улюбіў Эклезію і выдаў сябе за яе, каб усьвяціць яе абмываючы вадою праз слова жыцьця, каб прадставіць яе сабе Эклезіяй слаўнай, без плямы, ці маршчыны або чаго падобнага, але каб была сьвятою беззаганнаю. Гэтак і мужы павінны любіць сваіх жонак як целы ўласныя: хто любіць сваю жонку — сябе самога любіць. Ніхтож бо ніколі ня меў ненавісьці да свайго цела, але гадуе й пялегуе яго, як і Хрыстус Эклезію, бож мы — часткі цела ягонага. Таму-то пакіне чалавек бацьку свайго й матку ды злучыцца з жонкай сваёю, і будуць двое ў вадным целе. Гэта вялікая тайніца, а я гавару аб Хрыстусе й Эклезіі. Але і кажны з вас паасобку хай любіць сваю жонку, як сябе самога, а жонка няхай паважае свайго мужа.
Дзеці, слухайце пабожна бацькоў сваіх, бо гэта справядліва. Шануй бацьку твайго і матку — гэта першае прыказанне з азарочаннем: каб табе добра шчасьціла ды каб доўга жыў на зямлі. А і вы, бацькі, не радзрадняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у послусе ды пабожным уразумлянні. Слугі, будзьце паслухмянымі сваім гаспадаром сёсьветным з боязьзю й пашанай у прастаце сэрца вашага, моў Хрыстусу, не для вока толькі служачы й прыпадабання людзям, але як Хрыстусавы слугі, шчыра выконваючы волю Божую, ахвотна паслугуйце, як Богу, а ня людзям; сьведамыя таго, што кажны, ці слуга ці вольны, за выкананае дабро атрымае сваё ад Госпада. І вы, гаспадары, рабеце ім тое самае, лагодзьце суровасьць, памятаючы, што як над імі, так і над вамі ёсьць Усегаспадар на небе, ў якога няма прыстароннасьці да асобаў. На апошку, браты, мацнейце вы Госпадам і магутнасьцю сілы ягонай; прыадзеньцеся ў зброю Божую, каб маглі вы даць адпор хітрунствам дзьябла; мы бо змагаемся не проці крыві й цела, а проці зьверхніцкіх моцаў, проці сьветаўлады цемры гэтага веку, проці духаў назласьці ў паднебных прасторах. Вось чаму вазьмеце ўсезброю Божую, каб у ліхім дню маглі вы процістаяць і, ўсё перамогшы, устаяць. Стойце, восьжа, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю й ахінуўшыся броняй справядлівасьці, ды абуўшы ногі ў гатовасьць дабравешчання міру-згоды; а надусё вазьмеце шчыт веры, якім здолееце гасіць усе вагністыя стрэлы ліхога; і прылбіцу збаўлення вазьмеце, і меч духоўны, якім ёсьць слова Божае. Малецеся заўсёды ў духу ўсякай формай малітвы і благання; таго пільнуючыся вытрывала, просячы за ўсіх сьвятых дый за мяне, каб, як адкрыю мае вусны, дана мне была мова да сьмелага абвяшчання тайніцы Эванэліі, для якое паольства я выконываю ў аковах, каб я гаварыў аб ёй адважна, як мне належыцца. А каб і вы ведалі што дзеецца зы мною ды што раблю, аб гэтым усім паведаміць вас Тыхік, брат мілы і слуга верны ў Хрыстусе, якога я паслаў да вас натое, каб вы даведаліся аб нас ды каб пацешыў сэрцы вашыя. Спакой братом і любасьць зь вераю ад Бога Айца і Усеспадара Езуса Хрыстуса. Ласка з усімі непахісна любячымі Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса. Амэн.