Библия › Татарыновіч › Да галятаў

Да галятаў

Павал Апостал, не ад людзей і не праз чалавека выбраны, але праз Езуса Хрыстуса і Бога Айца, збудзіўшага з умерлых Яго, ды ўсе браты, што са мною — эклезіям Галятыі. Ласка вам і супакой ад Бога Айца і Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, Які аддаў Сябе Самога за грахі нашы, каб нас ад паганага веку гэтага выбавіць, водле волі Бога й Айца нашага, Якому хвала на вякі вечныя. Амэн. Дзіўлюся, што вы так хутка перайходзіце ад таго, хто вас паклікаў к ласцы Хрыстуса, да іншай эванэліі; ня-то, каб яна была сапраўды іншай, толькі ёсьць такія, што вас бянтэжаць і хочуць з’інакшыць Эванэлію Хрыстуса. Але хоцьбы й мы, ці навет Анел зь неба стаў вясьціць вам па-над тое, што мы вам дабравесьцілі — хай будзе анатэма! Як раней мы казалі, так гавару й цяпер: каліб хто вясьціў вам эванэлію іншую за тую, што вы атрымалі — хай будзе анатэма! Ціж бо ў людзей цяпер дабраспадобы шукаю, а ня ў Бога? Ці людзям дагадзіць намагаюся? Каліб яшчэ людзям хацеў прыпадабацца, дык ня быўбы слугою Хрыстуса. Спавяшчаю восьжа вам, браты, што Эванэлія, каторую вясьціў я вам, ня ёсьць чалавечая; бо і я прыняў яе і навучыўся не ад чалавека, але праз аб’яўленне Езуса Хрыстуса. Вы-ж чулі аб маіх калішніх паводзінах у Юдаізме, як я церазьмерна прасьледаваў Божу Эклезію й пустошыў яе; як перасьцігаў у тымжа Юдаізьме многіх равесьнікаў з майго роду, будучы надруплівым зайздросьнікам бацькаўскіх традыцыяў. А калі падабалася Таму, Які выбраў мяне з лона маткі мае й паклікаў Сваей ласкай, аб’явіць у ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, — я не стаў тады радзіцца з целам і крывёю ды не пайшоў у Ерузалім к папярэднікам маім Апосталам, а падаўся ў Арабію дый зноў у Дамаск вярнуўся. Тры гады пазьней, то хадзіў і ў Ерузалім відзець Пятра і прабыў у яго пятнаццаць дзён. Іншага з Апосталаў нікога ня бачыў, апрача Якуба, Усеспадаравага брата. Бог сьветкай, што ня ілгу, пішучы вам гэта. Потым прыйшоў у староны Сырыі й Цыліцыі. Эклезіям Хрыстуса ў Юдэі з твару я ня быў знаёмы, а толькі чуткі мелі, што той, які нас калісь прасьледаваў, цяпер апавяшчае веру, з катораю раней змагаўся; і дзеля мяне выслаўлялі Бога.

Пазьней, цераз гадоў чатырнаццаць, я зноў хадзіў у Ерузалім з Барнабай, узяўшы з сабою і Ціта. А хадзіў дзеля аб’яўлення і занёс ім Эванэлію прапаведваную паганам, асабліва-ж выдатнейшым, каб не дарма бач бегаць, ці бегаў. Але навет і Ціт, мой спадарожнік, хоць Гэльлен, ня быў прымушаны абражацца. А братом аблудным, што ўкрадаліся, каб падгледзець нашую свабоду, якую маем у Хрыстусе Езусе, ды паняволіць нас, мы ні на часіну не здаліся пакарэннем, каб праўда Эванэліі захавалася ў вас. І тыя, што ўважаныя за выдатнейшых, (мне ўсёроўна кімбы яны калісь ні былі: Бог бо ня ўзіраецца на чалавечае аблічча), і тые не ўзлажылі на мяне болей нічога; а наадварот — угледзеўшы, што мне была даверана эванэлізацыя неабразаных, як Пятру — абразаных, (Той бо, Хто памагаў Пятру ў апостальстве над абразанымі, памагаў і мне над паганамі), ды даведаўшыся аб ласцы мне данай — Якуб і Кэфас і Ян, уважаныя за філяры, падалі мне і Барнабе руку ўзаемнасьці, каб нам ісбці да паганаў, а ім да абразаных, каб толькі не забывацца нам аб убогіх, што і стараўся я шчыра выконываць. Калі-ж Кэфас прыйшоў у Антыохію, дык я супрацівіўся яму ў вочы, бо варты быў дакору. Перш бо, чым прыйшлі некаторыя ад Якуба, еў разам з паганамі; а як толькі тыя зьявіліся, стаў таіцца і ўхіляцца, баючыся абразаных. За няшчырым яго прыкладам пайшлі й іншыя Юдэі, аж і Барнаба даўся ўцягнуць у гэну дваістасьць. Але, як убачыў я, што ня проста паступалі па праўдзе Эванэліі, дык сказаў Кэфасу пры ўсіх: Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, то чамуж прымушаеш паганаў жыць па-юдэйску? Мы з прыроды Юдэі, а не з паганаў грэшнікі; аднак ведаючы, што чалавек апраўдваецца не учынкамі Закону, а толькі вераю ў Езуса Хрыстуса, дык мы й верым у Хрыстуса Езуса, каб гэтай верай у Хрыстуса апраўдацца (асправядлівіцца), а не учынкамі Закону: учынкамі бо Закону не апраўдаецца ніякае цела. А калі, шукаючы асправядліўлення у Хрыстусе, мы і самыя аказаліся грэшнікамі, дык няўжо Хрыстус дапаможнік граху? Крый Божа! Бо калі я назад адбудоўваю тое, што раскідаў, дык сам сябе раблю праступнікам. Я бо праз Закон умёр для Закону, каб жыць для Бога; з Хрыстусам прыбіты я да крыжа; і жыву ўжо не я, але жыве ў-ва мне Хрыстус. А што я цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, Каторы палюбіў мяне й выдаў за мяне Сябе Самога. Не адкідаю ласкі Божае: калі бо асправядліўленне праз Закон атрымоўваецца, тады Хрыстус умёр надарма.

О, бязмысныя Галяты! Хто вас амарочыў ня слухаць праўды, вас, прадачараваных вобразам Езуса Хрыстуса якбы ў вас укрыжаванага? Тое толькі хацеўбы ад вас даведацца: ці ад учынкаў Закону вы атрымалі Духа, ці ад слухання веры? Няўжэ аж датаго вы бязмысныя, каб пачатае духам завяршаць цяпер целам? Гэтулькі нацярпеліся надарма? Дый кабжа толькі надарма! Ціж Той, Хто дае вам Духа і дзее цуды між вамі, праз учынкі Закону робіць гэта, ці дзеля послуху веры? Як (і напісана): Абрагам паверыў Богу і гэта залічана яму ў праведнасьць. Дык ведайцеж: тыя, хто зь веры, ёсьць сыны Абрагамавы. І Пісанне, прадбачыўшы, што Бог вераю апраўдваціме паганаў, прадвясьціла Абрагаму: У табе будуць багаслаўлёныя ўсе народы. Гэтак вось веручыя дабраславяцца зь верным Абрагамам; а ўсе паклікаючыяся на ўчынкі Закону, знайходзяцца пад выкляцьцем; напісана бо: Пракляты кажны, хто не спаўняе вытрывала ўсяго напісанааг ў кнізе Закону. А што Законам ніхто не асправядлівіцца перад Богам, дык гэта ясна такжа з напісанага: справядлівы жыве зь веры. Закон-жа не ад веры, бо кажа: «Хто будзе выконываць яго загады, той будзе ў іх жыць.» Хрыстус адкупіў нас ад выкляцьця Закону, стаўшыся за нас пракляцьцем, бо напісана: Пракляты ўсякі, хто вісіць на дрэве. каб дабраслаўленства Абрагама праз Езуса Хрыстуса перайшло на паганаў і каб мы вераю атрымалі абецанага Духа. Браты, па-людзку кажучы: навет людзкога тэстаманту, абгрунтаванага як належыцца, ніхто ня можа сказаваць, або перайначваць. А вось Абрагаму й насенню ягонаму былі даныя абяцанні. Не сказана: «і насенням (патомкам)», якбы аба многіх, але аб адным: І насенню твайму, якім ёсьць Хрыстус Тое кажу тады: Тэстаманту ўжо Богам уцьверджанага Закон, што зьявіўся чатырыста трыццаць год пазьней, аспрэчыць ня можа так, каб абяссіліць абяцанне. Бо каліб спадчына была ад Закону, янаб ня была ўжо ад абяцання; але-ж бо Абрагаму Бог дараваў яе праз абяцанне. Нашто-ж тады Закон? Ён дададзены быў дзеля праступства да часу прыйсьця патомка, якога датычыць абяцанне, аглошаны праз Анелаў рукою пасярэдніка. Але пасярэдніка няма, калі хто адзін, а Бог-жа адзін. Дык ціж Закон праціўны абяцанням Божым? Зусім не! Каліб даны быў закон, які могбы ажыцьцяўляць, тадыб існа маглоб асправядліўленне быць і з Закону; алеж Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне веручым было дана дзеля веры ў Езуса Хрыстуса. А да прыйсьця веры мы былі сьцеражоныя Законам, чакаючы яе, меўшай адкрыцца. Так што Закон быў нашым правадніком да Хрыстуса, каб асправядлівіцца вераю; а як прыйшла вера, мы ўжо ня ёсьць пад гэтым правадніком, усе бо сыны вы Божыя празь веру ў Хрыстуса Езуса. Усе, што ў Хрыстуса хрысьціліся, ў Хрыстуса й ахінуліся. Няма ўжо ні Юдэя, ні Грэка; няма ні слугі, ні вольнага; няма мужчыны, ці жанчыны; усе бо вы адно ў Хрыстусе Езусе. А калі вы Хрыстусавы, дык і патомства Абрагамава, спадкаемнікі водле абяцання.

Кажу восьжа: пакуль насьледнік — малалетні, ён нічым ня рожніцца ад слугі, хоць і гаспадар усяго: ён пад апякунамі й аканомамі аж да пары вызначанай бацькам. Гэтак і мы: пакуль былі малымі, падлягалі сілам сьвету, а як прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, зроджанага з жанчыны і падлеглага Закону, каб адкупіў падзаконных ды каб і мы атрымалі усынаўленне. І таму, што вы — сыны, зыслаў Бог у вашы сэрцы Духа Сына Свайго, ўзываючага: Абба, Войчэ! Дзеля таго ты ўжэ не слуга, але сын; а калі сын, дык і насьледнік праз Бога. Калісь то вы, ня знаўшы Бога, служылі багам, якія ў сутнасці ня былі багамі; цяпер-жа, пазнаўшы Бога, ці лепш мо — пазнаныя Богам, па што вяртаецеся зноў к немачным нікчомым рэчывам, якім зноў маніцеся служыць? Пільнуйце дні, месяцы, поры і гады. Пабайваюся аб вас, ці не надарма ў вас я мазаліўся. Браты, малю вас, будзьце гэткімі, як я; бо і я гэткі, як вы. Нічым вы ня скрыўдзілі мяне; вы-ж ведаеце, як я фізычна немачны даўней выглашаў вам Эванэлію, і вы не пагарджалі ды не адапхнулі із-за таго, што ў целе маім было для вас прыкрым, спакусай, а прынялі мяне як Божага Анела, як Хрыстуса Езуса. Дзеж падзелася тая шчаснапагада вашая? Светчу бо вам, што каліб маглі тады, то выняліб свае вочы й даліб мне. Дык няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы праўду вам? дрыжаць аб вас, але нядобра, бо адстараніць вас хочуць, каб вы іх насьледавалі. Яно то добра дбаць аб добрым заўсёды, а ня толькі тады, калі я у вас прысутны, сынкі мае, якіх зноў вось раджу балеючы, пакуль не ўфармуецца ў вас Хрыстус. Хацеўбы я цяпер ужо быць у вас і зьмяніць мой голас, я бо аб вас у сумнівах. Скажэце мне тые, што жадаеце быць пад Законам: вы ня чыталі Закону? Бо-ж напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служніцы, а другога ад вольнае. Але той, што ад служніцы, водле цела народжаны; а той, што з вольнае — з абяцання. Гэта праз алегорыю сказана; тут бо два запаветы: адзін з гары Сынайскае, родзячы на служэнства, гэта Агар; а гара Сынай ёсьць у Арабіі і мае лучнасьць з сянняшнім Ерузалімам, паняволеным із сынамі сваімі; вышэйшы-ж Ерузалім ёсьць вольны і ён ёсьць маці ўсім нам. Напісана бо: Весяліся, няплодная, няроджаная, голасна ўсклікні мук нязнаючая; бо шмат болей дзяцей у пакінутай, як у маючай мужа! Мы-ж, браты, паводле Ізаака — дзеці абяцання. Але, як тады народжаны водле цела прасьледаваў роджанага водле духа, гэтак і цяпер. Што-ж бо кажа Пісанне? Выжань служаніцу з ейным сынам, бо сын нявольніцы ня будзе насьледнікам з сынам вольнае. Гэтак вось, браты, мы ня служніцы сыны, але вольнае.

Стойце восьжа пры вольнасьці, якою вызваліў нас Хрыстус, не паддавайцеся зноў ярму няволі. Вось я, Павал, гавару вам: калі паддасьцеся абразанню, ад Хрыстуса ня будзе вам ніякае ўспамогі; і датаго сьветчу кажнаму, хто паддаецца абразанню, што ёнжа забавязаны спаўняць увесь Закон. Вы, шукаючыя апраўдання ў Законе, вызбыліся Хрыстуса, адпалі ад ласкі; а мы ў духу зь веры надзеемся апраўдання; бо ў Хрыстусе Езусе ня ёсьць важнае абразанне, ці неабразанне, але вера дзейная праз любасьць. Вы паступалі добра: хто убіў вам у голаў, ня слухаць праўды? Гэткі нагавор не ад таго, хто вас кліча. Крыха закваскі усё цеста квасіць. Маю аднак адносна вас надзею на Усеспадара, што ня інакш думаць будзеце (як я), а той, хто зводзіць вас, панясе засуд, кімбы ён ні быў. Заштож цярплю яшчэ прасьлед, браты, калі я і цяпер прапаведую абразанне? Тады спыняласяб ужо згоршанне з крыжа. О, каліб-то зусім былі аддалены тыя, што вас бянтэжаць! Бо вы, браты, пакліканы да свабоды, абы толькі гэтай свабоды ня выкарыствалі на дагаджанне целу, але на ўзаемную услугу праз любасьць. Увесь бо Закон поўніцца ў вадным сказе: Любі бліжняга твайго, як сябе самога. А калі вы адзін другога кусаеце й пажыраеце, глядзеце, каб і ня згубілі адзін другога. Кажу восьжа: водле духа паступаеце, а пажадлівасьцям цела не патурайце; бо цела пажадае проці духа, а дух проці цела: яны супярэчаць адно другому, так што вы ня можаце рабіць тое, што-б хацелі. Калі-ж вамі кіруе дух, дык вы не пад Законам. Учынкі цела ведамы, як: блудадзейства, распуста, бясстыдзтва, разнузданасьць, балванахвальства, чараўніцтва, гэрэзыі, ростыркі, сваркі, закатная злосьць, варожасьць, гнеў, забойствы, ненавісьць, зайдрасьць, п’янства й гуляцкае абжорства ды ўсяму гэтаму падобнае; аб чым упераджаю, як і раней упераджаў, што гэтак паступаючыя Валадарства Божага не унасьледзяць. А плод Духа: любасьць, радасьць, згодалюбнасьць, цярплівасьць, ветлівая лагоднасьць, дабрата, міласэрдзе, вернасьць, ціхая скромнасьць, паўстрымнасьць. На гэткіх то няма Закону. А тые, што належаць да Хрыстуса, цела сваё зь ягонымі похацямі й прыжадлівасьцямі ўкрыжавалі. Калі жывём духам, дык водле духа і паступаем. Ня будзьма пустахваламі, задзіракамі між сабою, адзін другому завідуючы.

Браты, каліб хто і дапусьціўся якога праступства, вы духоўныя павучайце такога ў духу лагоднасьці, зважаючы кажны й на сябе самога, каб і табе ня быць спакушаным. Адзін другога цяжары насеце і гэтак споўніце закон Хрыстусавы. Хто бо думае, што ён нешта важнае, нічым будучы, зводзіць сябе самога. Кажны хай справу сваю правярае і як знайдзе хвалыгоднаю, дык толькі перад сабою, а не перад другім; Кажны бо ўласны цяжар нясьціме. Навучаны словам хай дзеліцца ўсякім дабром з навучаючым. Ня крывеце душою: з Богам жартаваць ня можна. Што бо чалавек пасее, тое й пажне: хто сее ў сваім целе, той з цела пажне тлю прэлую, а хто сее ў духу, з духа жаць будзе жыцьцё вечнае. Дабро дзеючы, не слабейма, бо ў сваім часе й жаць будзем не слабеючы. Дык пакуль час маем, рабем дабро ўсім, а найболей аднаверцам з намі. Гляньце, якімі літарамі напісаў я вам уласнаю рукою. Тые, што хочуць прыпадабацца водле цела, прынукаюць вас абразацца, абы толькі не цярпець прасьледу за крыж Хрыстуса, бо і самі абразаныя Закону не датрымоўваюць, а хочуць і вашага абразання, каб вашым целам хваліцца. Мяне-ж крый Божа, каб я меў чым іншым ганарыцца, апрача толькі крыжам Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, празь Якога мне сьвет укрыжаваны, а я — сьвету. Бо ў Хрыстусе Езусе ня ёсьць важным абразанне, ці неабразанне, але — новае стварэнне. А над усімі, што трымаюцца гэтага правіла ды над Ізраэлем Божым супакой і міласэрдзе. Урэшце, няхай ніхто не напрыкраецца мне, бо я на целе маім нашу раны Езуса. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з духам вашым, браты, (хай будзе). Амэн.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.