Библия › Татарыновіч › Да гэбрэеў

Да гэбрэеў

Шматразова ды шмат’яка Бог прамаўляў здаўна да бацькоў праз прарокаў, у вапошніх-жа гэтых часах да нас прамовіў праз свайго Сына, якога паставіў спадкаемнікам усяго, празь яго й вякі стварыў. Ён — водбліск славы ягонай і вобраз яго істоты — падтрымоўваючы ўсё магутным сваім словам, зьдзейсьніў ачышчэнне з грахоў і засеў праваруч Велічы ў высех, стаўшыся тым вышэйшым за анёлаў, чым вышэйшае за іхняе імя ўспадкаемніў. Каліж бо й каму з Анёлаў было сказана: «Ты сын мой, я сяння зрадзіў цябе» (Пс. 2:7). І яшчэ: «Я айцом яму буду, а ён мне будзе сынам» (2Кар. 7:14), І калі зноў уводзіць першароднага у кругаземе, кажа: «Хай кланяюцца яму ўсе анёлы Божые!» А аб анёлах: «З анёлаў сваіх творыць ён духаў (вястуноў), а з прыслужнікаў полымя вагністае» (Пс. 103:4); Да Сына-ж: «Пасад твой, Божа, векавечны, посах праваўладнасьці — бэрла твайго валадарства. Узьлюбіў ты справядлівасьць, а зьненавідзеў беззаконнасьць; таму намасьціў цябе, Божа, Бог твой алеем радасьці болей, чым тваіх супольнікаў» (Пс. 44:7−8). І на пачатку, Усеспадару, заснаваў ты землю, дый нябёсы — дзела рук тваіх; яны загінуць, а ты трываць будзеш; усё моў адзенне састарэецца, ты іх як зьлінялую адзежыну згорнеш зьмененые; але Ты — той самы, і гады твае ня скончацца. (Пс. 101:26−28). а да каторагаж то з Анёлаў казаў калі: «Сядзь праваруч мяне дакуль не пакладу тваіх ворагаў падножжам ног тваіх?» (Пс. 109:2). Ціж ня ўсе яны — служэбные духі, пасыланые на помач тым, што маюцца збаўленне унасьледзіць?

Таму мы павінны быць надта ўніклівымі ў тое, што чулі, каб часамі не адпасьці. Калі бо слова абвешчанае Анёламі было так забавязваючым, што нарушэнне яго, няпослух, атрымоўваў справядлівую адплату, дык як уцячом мы, што ня рупіліся аб гэткім збаўленні, спачатна апавешчаным самым Госпадам і нам пераказаным, зьвераным тымі-ж, што яго чулі; к таму Бог прысьветчыў знакамі, цудамі, рознымі сіламі ды й дарамі Духа Святога, раздаванымі водле свае волі. Бо не Анёлам пакарыў Бог сьвет будучы, аб якім гаворым. Засьветчыў-жа нехта недзе, кажучы: «Чым-жа ёсьць чалавек, што памятаеш аб ім, або сын чалавечы, што яго адведваеш?» «Учыніў яго малашто меншым ад анёлаў, славай і чэсьцю ўкаранаваў яго ды паставіў па-над творамі рук тваіх: ўсё паддаў пад стопы ягоныя» (Пс. 8:5−8). Калі-ж пакарыў яму ўсё, дык нічога не пакінуў яму непадданым. Цяпер-то яшчэ ня відзім усяго яму падданым; але бачымо увенчанага славаю і чэсьцю Езуса, каторы з ласкі Божай адцерпеў за ўсіх сьмерць умалены прад Анёламі. Бо і дастоіла, каб той, праз якога ўсё і дзеля якога ўсё, хто ўвёў многіх сыноў у славу — даканаў гэта цярпеннем. Бо і той, хто усьвячвае, і тые, што усьвячваюцца, усе ад аднаго; таму і называе іх братамі, кажучы: «Імя тваё абвяшчу братом маім, пасярод набожні славіць цябе буду» (Пс. 21:23). І яшчэ: «Я буду на яго спадзявацца» (Із. 8:17). Ды йшчэ: «Вось я і дзеці, якіе даў мне Бог» (Із. 8:18). Калі ж дзеці сталіся супольнікамі цела й крыві, дык і ён таксама іх супольнік, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, хто мае ўладу над сьмерцяй, гэта знача дыябла; і вызваліць тых, якіе з боезі сьмерці падлягалі няволі праз цэлае жыцьцё. Бо-ж не анёлаў прыймае ён, але насенне Абрагамава. Мусеў дзеля гэтага ва ўсім упадобніцца да братоў, каб стацца міласэрным ды верным архісьвятаром перад Богам для уміласьціўлення грахоў народу. Бо як сам ён спакушаннем выпрабаваны, дык мае моц дапамогі й тым, што прайходзяць пробу.

Вось чаму, браты, сьвятые, удзельнікі нябеснага прызвання, уразумееце апастола й Ўсесьветара веры наўай Езуса, вернага таму, хто яго паставіў, як і Майжэш быў верны ў цэлым доме ягоным. Ён бо удастоіўся нагэтулькі большай за Майжэшаву славы, наколькі большую чэсьць мае будаўнічы за ягоную будоўлю. Кожны-ж дом праз некага будуецца; а той, хто збудаваў усёчыста — ёсьць Бог. І Майжэш быў верным у цэлым доме ягоным, як слуга на сьветчанне таго, што мела быць сказана; Хрыстус-жа — як сын у сваім доме; а тым яго домам, — мы, калі да канца датрымаем непахісна давер і пахвалу надзеі. Дзеля гэтага, як кажа Дух Святы: «Сяння, як пачуеце голас ягоны, не цьвярдзейце сэрцамі вашымі, як то было на месцы кневу ў дню спакусы на пустыні, дзе правакавалі бацькі вашы, выстаўляючы мяне на пробу, праз сорак год глядзелі на справы мае. Таму і прагневаўся на гэты род і сказаў: яны заўсёды блудзяць сэрцам, яны шляхоў маіх не пазналі. Тады і прырок у гневе маім: «Ім не ўвайсьці ў супачынак мой!»» (Пс. 94:8−11). Глядзецеж, браты, каб у каго з вас ня было сэрца крывадушнага ў недаверстве, каб вам не адступіць ад Бога жывога. Але падтрымоўвайце адзін другога штодня дакуль трывае тое «сяння», каб хто з вас ня стаўся запеклым праз подступ граху. Мы бо сталіся супольнікамі Хрыстуса, калі толькі датрымаем цьвёрда аж да канца нашую веру, як спачатку, дакуль гаворыцца: «Сяння, як пачуеце голас ягоны, не цьвярдзейце сэрцамі вашымі, як то было на месцы гневу». Хто былі тые, што пачуўшы, паднялі нараканне? Хібаж ня ўсе тые, што выйшлі з Эгіпту пад правадніцтвам Майжэша? На кагож ён гневаўся праз сорак год? Хібаж не на тых, што зграшылі й косьці іх ляглі ў пустыні? І камуж прадракаў, што ня ўвойдуць у супачынак яго, калі ня тым няверным? І бачым, што не маглі ўвайсьці праз недаверства.

Восьжа сьцеражэмся, каб пакуль яшчэ трывае абяцанне ўвойсьця ў ягоны супачын, не аказаўся часам хто з вас яго пазбаўленым. Бо як нам яно абвешчана, так і тым, але ім ня было карыснае слова чутае, бо не ўзгодненае зь вераю ўсіх слухаўшых. А мы, уверыўшые, зазнаем ягонага супакою, водле ім сказанага: «Як прырок я ў гневе маім: ня ўвойдуць у супачынак мой», хоць справы (яго) дакананы ад стварэння сьвету. Гэтак бо сказана недзе аб сёмым дню: «І адпачыў Бог сёмага дня ад усіх дзел сваіх» (Быць. 2:2). Ды зноў : «Яны ня ўвойдуць у спакой мой». Дык, калі некатоырм астаецца ўвайсьці ў яго, а тые, каму перш дабравешчана, не ўвайшлі праз недаверства, то зноў прызначае нейкі дзень «Сягоння», гаворачы праз Давіда пасьля так доўгага часаў, як было вышэй сказана: «Сёння, калі пачуеце голас яго, не цьвярдзейце сэрцамі вашымі...» Бо якбы Ёзуэ гэтых увёў у супакой, дык пасьля ня былоб мовы пра іншы дзень. Дзеля гэтага застаўся для народу Божага адзін адпачынкавы дзень; хто сьвяткаваў яго, той і адпачываў ад дзел сваіх, як і Бог ад сваіх. Спяшаймася восьжа ўвайсьці ў той супачынкавы спакой, каб хто не паддаўся таму прыкладу недаверства. Бо слова Божае — жывое, дзейнае, вайстрэйшае за абасечбы меч: яно пранікае аж да разьдзелу душы і духа, мазгоў і суставаў ды судзіць думкі й лятуценні сэрца. Няма стварэння ад яго скрытага, ўсё абнажана й адкрыта вачам таго, каму здамо справаздачу. Маючы, восьжа, Усесьвятара вялікага, Езуса, Сына Божага, неба прайшоўшага, трымаймася цьвёрда веравызнання. Бо маем Усесвятара не такога, што ня могбы спачуваць нашым слабасьцям, але такога, які нам падобна зазнаў у ва ўсім — прача граху, спакушэння. Збліжэмся восьжа з даверам да трону ласкі, каб дастаць зьмілаванне ды знайсьці ласку сваечаснае помачы.

Кажны бо архісьвятар спасярод людзей выбіраны для людзей пастанаўляецца у справах Божых, каб ахвяроўваў за грахі дары й сьвятаахвяры, каб мог быць выразумелым для нясьведушчых, блудзячых, бо і сам немачы мае, і дзеля таго павінен, як за народ, так і за сябе самога выконваць за грахі ахвяры. І ніхто сам сабою ня прыймае гэтае годнасьці, а тоькі той, хто пакліканы Богам, як Аарон. Гэтак і Хрыстус не сам сябе вывышыў, каб стацца ўсесьвятарам, але той, хто сказаў яму: «Ты Сын мой, я сяння спарадзіў цябе» (Пс. 2:7); як і на іншым месцы кажа: «Ты ёсьць сьвятар навекі паводле уставу Мэльхісэдэха» (Пс. 109:4). Ён тож падчас жыцьця свайго цялеснага засылаў із сьлязьлівымі ўжываннямі просьбы і благанні к таму, хто меў моц выбавіць яго ад сьмерці: і быў выслуханы за сваю багавейлівасьць. Хоць быў Сынам, навучыўся аднак паслухмянасьці праз тое, што выцерпяў. І да канца вытрываўшы, стаўся для ўсіх, яму паслушных, прычынаю вечнага збаўлення; Усесьвятарам абрадку Мэльхісэдэха праз Бога названым. Шмат аб гэтым належаласяб гаварыць, але ня лёгка расталкаваць вам, няздольным да слухання. Тады, як вы павінныб даўно ўжо быць вучыцялямі, дык яшчэ патрабуеце, каб вас хто вучыў зноў першападставаў слова Божага, і дайшлі да таго, што патрабуеце шчэ малака, а ня густое стравы. Бо хто яшчэ ссе малако, дзеж яму слухаць аб справядлівасьці — ён яшчэ нямоўля. Салідная страва — для дарослых, вырабленых жыцьцёвай прахтыкай, здольных адрожніваць дабро ад зла.

Таму вось адложым пачатае вучэнне аб Хрыстусе, а пяройдзем да паўнейшае веды, заміж закладання зноў фундаманту (навукова) аб пакуце за учынкі мяртвые, аб веры ў Бога, аб хросьце і ўскладанні рук ды згробуўстанні і судзе вечным. Мы зробім і гэта, калі Бог пазволіць. Яно бо немагчыма — тых, якіе раз былі прасьвечаны, скаштавалі нябеснага дару й сталіся супольнікамі Святога Духа, засмакаваўшы соладзі Божага слова і сіл будучага веку, ды й адпалых — зноў аднаўляць пакутаю; тых, якіе ў сабе крыжуюць паўторна Сына Божага й выстаўляюць яго на зьнявагу. Зямля, часта поеная дажджом, родзіць для абрабляючых яе ужыткоўную расьліну — мае багаслаўленства ад Бога; а вось тая, што плодзіць пустазелле й церні, блізкая пракляцьцю, канец яе — спаленне. Хоць гэтак гаворымо, то аднак мы спадзяёмся ад вас, мілые, чагось лепшага й бліжэйшага збаўленню. Бог бо ня ёсьць несправядлівы, каб забыўся аб вашай працы й любасьці, якую ў імя ягона аказвалі ды шчэ аказваеце на паслугах сьвятым. Жадаем толькі, каб кажны з вас з такоюж руплівасьцю дахаваў поўню надзеі аж да канца, каб вам не абняхаіцца, насьледуйце тых, каторые праз веру й цярплівасьць успадкуюць абяцанні. Калі Бог даваў прырачэнні Абрагаму, дык, ня маючы нікога вышэйшага за сябе, на кагоб мог прысягнуць, на сябе самога прысягнуў, кажучы: «Сапраўды убагаслаўлю цябе і размножу шчодра» (Быць. 22:17). І ён, як доўгацярплівы, атрымаў абецанае. Людзі вышэйшым за сябе заручаюцца, а ўсякіе спрэчкі іхнія канчаюцца сьцьвярджальнаю прысягай. Таму і Бог, жадаючы даць спадкаемцам абяцанне нязьменнасьці сваей волі, далучыў прысягу, гэтымі двама незьмянімымі актамі, ў якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мы мелі суцешную заахвоту — мы, што прыбеглі празначану нам надзею, якое трымаемся як бяспечнае й пэўнае катвігі душы нашай, шукаем апоры моцнай, пранікаючай аж у сярэдзіну за заслону, куды, як наш папярэднік, увайшоў Езус, стаўшыся Усесьвятарам навекі водле абрадку Мэльхісэдэха.

Гэты вось Мэльхісэдэх, валадар Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, выйшаўшы на сустрач Абрагаму, вяртаўшамуся з перамогі над уладцамі, пабагаславіў яго. Абрагам тады выдзеліў яму дзесяціну з усяго. Імя яго абазначае найперш ўладара справядлівасьці, а потым, і ўладцу Салему тй: ўладца супакою-згоды. Без бацькі, без маткі, без радаводу, які ня мае ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, упадобнены да Сына Божага, застаецца Сьвятарам навекі. А прыгляньцеся, як дастойны ёсьць той, якому й патрыарх Абрагам даў дзесяціну з таго, што меў найлепшае. Такжа і тые з сыноў Леві, што прыймаюць сьвятарства, маюць права браць дзесяціну з народу, г.зн. ад братоў сваіх, хоць і яны ёсьць патомкі Абрагама. Але гэны (Леві) не належыць да іхняга роду, а ўзяў дзесяціну ад Абрагама і пабагаславіў гэтага, што меў абяцанне. А няма сумніву, што багаслаўленства атрымоўвае меншы ад большага. Ды й тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротные, а там-той такі, аб якім сьцьвярджаецца, што жыве. І, такбы сказаць, і Леві, які бярэ дзесяціну, сам даў быў дзеесяціну праз Абрагама, быў бо яшчэ ў бедрах праайца свайго, як Мэльхізэдэх выйшаў яму на спатканне. Калі, восьжа, сьвятарства Леві вяло да дасканальнасьці (народ бо часаў яго атрымаў Закон), то якая патрэба была зьяўляцца сьвятару іншаму, не водле абрадку Аарона, а водле абрадку (наўзору) Мэльхізэдэха? Бо як зьмяняецца сьвятарства, належыцца зьмяняць і закон. Той-жа, аб кім тут мова, быў з іншага пакалення, зь якога ніхто ня служыў аўтару. Ведама бо, што Госпад (Збаўца) наш родам з пакалення Юды, а ў пакаленні тым нічога аб сьвятарох Майжэш не гавора. Яшчэ ясьней гэта відно з таго, калі на падобу Мэльхізэдэха зьяўляецца сьвятар іншы, устаноўлены не водле дыспазыцыі Закону цялеснага, але з моцы жыцьця нязьнішчальнага. Бо-ж сьцьвярджаецца: «Ты ёсьць сьвятар навекі водле наўзору Мэльхізэдэха» (Пс. 109:4). Гэтак скасавана даўнае Права дзеля ягонае немачнасьці й няпрыгоднасьці. Закон то не давёў да дасканальнасьці, але быў уступам да лепшае надзеі, праз якую збліжаемся да Бога. А сталася гэта не бяз прысягі, бо іншые без прысягі станавіліся сьвятарамі, а гэты за прысягаю таго, што сказаў яму: «Прысягнуў Госпад і ня будзе каецца: Ты ёсьць сьвятаром навекі» (Пс. 109:4). Вось чаму Езус стаўся запарукаю далёка лепшага запавету. Тамтых сьвятароў было многа, бо сьмерць не пазваляла ім трываць, а вось гэты таму, што застаецца навекі, мае і сьвятарства непрамінальнае ды тых, што праз яго прыступаюць да Бога, можа збаўляць заўсёдна, жывучы вечна, каб за іх заступацца. Так бо гадзілася, каб мы мелі гэткага Ўсесьвятара: сьвятога, нявіннага, вольнага ад зла, прачыстага, вывышанага па-над нябёсы. Ён ня мае патрэбы, як іншые архісьвятары, штодня складаць перш за свае грахі, а потым народу, ахвяры; гэта бо даканаў ужо раз назаўсёды, ахвяраваўшы сябе самога. Закон бо устанаўляе навекі дасканалага Сына.

Галоўнае у сказаным ёсьць тое: мы маем Усесьвятара такога, што засеў праваруч трону нябеснае Велічы, імністар сьвятыні й праўдзівага tabernaculum (сяння-сакрамэнтніцы), заснаванага праз Бога, а не чалавека. Фактычна кажны архісьвятар дэпутаваны прыносіць дары і сьвятаахвяры, трэба восьжа было, каб і гэты меў што ахвяраваць. Каліб аставаўся ён на зямлі, ня быўбы навет сьвятарам, бо там іншые законна прыносілі дары і выконвалі службу, быўшую вобразам і ценем рэчаў нябесных, як сказана Майжэшу, канчаўшаму ладзіць на гары tabernakulum (дарожную святыню ў форме палаткі): «Глядзі (сказана), каб усё ўладзіў водле наўзору, які табе на гары быў паказаны» (Выйсьць. 25:40). Хрыстус аднак атрымаў тым вышэйшае сьвятарства, чым вышэйшага запавету стаўся пасярэднікам, на лепшых бо угрунтаванага абяцаннях. Калібжэ той першы запавет быў беззаганны, ня былоб патрэбы думаць аб другім. І ў тоне напаміну весьціць (прарок): Вось надыйходзець дні, кажа Госпад, і я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет, не водле запавету дакананага зь іхнімі бацькамі ў гэны дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпскай, бо тые ня вытрывалі ў маім запавеце, дзеля гэтага і я іх заняхаіў, кажа Госпад,. А вось той запавет, які пасьля гэных дзён заключу з домам ізраэльскім, кажа Госпад, укладаючы правы мае ў розумы ды выпісваючы на сэрцах іхніх; і буду ім Богам, а яны будуць мне народам; і ніхто ня будзе вучыць бліжняга свайго і ніхто брата свайго, кажучы: пазнай Госпада; усе бо знаць мяне будуць ад найменшага да найбольшага зь іх. «Буду бо міласьцівы неправеднасьцям іхнім, і грахоў іхніх памятаць ня буду» (Ер. 31:31−34). Калі восьжа гавора аб «новым», гэнае першая прызнаў зыстарэлым; а тое, што старэе, псуецца — блізкое заніку.

Праўду кажучы, то і першы запавет (сьвятарства) быў не без уставаў адносна багаслужбы й сьвятыні зямное, першатвор у палатцы (tabernakulum) шчэ на пустыні, і ў ім ужо быў сьвечнік і стол і хлябы пакладные: гэта звалася «Святое». А за другою заслонаю — ўласьцівае tabernakulum Святое Святых, меўшае залатую кадзільніцу і арку (кораб) запавету, з усіх бакоў абложаны золатам, а ў ім шчыразалатая судзіна з маннаю ды паліцай Аарона, што калісь была расьцьвіла, а такжа табліцы запавету. Над аркаю-ж Хэрубіны хвалы з разгорнутымі крыльлямі ацянялі благальню, аб чым цяпер няма патрэбы дакладней гаварыць. І калі ось гэтак было ўладжана ў першае месца Святое ўваходзілі абыдна сьвятары выконваючые службу Божую. А да Святога Святых увайходзіў толькі адзін раз у год архісьвятар, і то не без крыві, якую ахвяроўваў за свае і людзкіе пахібы. Праз тое бо, зазначаў Дух Святы, пакуль стаіць першае tabernakulum, дарога да сьвятасьці яшчэ не адкрыта. А было гэта падабенства да нашых часаў, паказваючае, што дары й ахвяры, якія ахвяроўваюцца, ня могуць зрабіць дасканалым ў сумленні таго, хто выконвае службу Божую. Што гэта ёсьць загады цялесные датычна страваў і напіткаў ды розных абмыванняў, устаноўленых да пары адмены іх. Але Хрыстус стаўся Усесьветарам дабра будучага праз вышэйшае й дасканалейшае taberbakulum, ня рукою ўтворанае, г.зн. сьвятыняй ня з гэтага сьвету, ды не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў увайшоў раз назаўсёды ў сьвятыню, даканаўшы вечнае адкупленне. Бо калі кроў валоў і казлоў ды попел з ялавіцы пакрапіўшые нячыстых ачышчалі і усьвячвалі, то на колькіж болей кроў Хрыстуса, які Духам вечным прынёс сябе самога Богу прачыстым, ачысьціць наша сумленне ад мяртвых дзел, каб служылі Богу жывому! Дзеля гэтагаж ён і ёсьць пасярэднікам Новага Запавету, каб праз ахвяраваную сьмерць для адкуплення праступстваў, дакананых за Першага Запавету, выбраные атрымалі абяцанае спадкаемства вечнае. Бо дзе ёсьць тэстамэнт, там мусіць наступіць сьмерць тэстатара, тэстамэнт бо ўходзіць у сілу з хвілінаю сьмерці, інакш ня мае значэння, пакуль жыве тэстатар. Таму і першы не без крыві быў замацаваны. Бо і Майжэш, па аглашэнні цэламу народу ўсіх сваіх уставаў Законам, узяў кроў цялят і казьлят зьмяшаную з вадою, шкарлятнай воўнай і гіззопам ды, пакрапіўшы самую кнігу, пакрапіў і ўвесь народ, кажучы: «Гэта ёсьць кроў Запавету, які паслаў вам Бог» (Выйсьць. 24:8). такжасама акрапіў і tabernakulum (намёт сьвятыні) і ўсё служэбнае судзьдзё. І амаль усё водле Права ачышчаецца крывёю, а без праліцьця крыві няма адпушчэння. Калі восьжа трэба гэткім чынам ачышчаць тое, што было толькі сымбалем нябеснага, дык самае нябеснае вымагала без параўнання вышэйшых ахвяр. Бо Хрыстус не ўвайшоў да тае сьвятыні, збудаванае рукамі, быўшай толькі вобразам праўдзівай, але да самага неба, каб ставіцца за нас прад абліччам Ьожым. Не ўвайшоў тож, каб ня раз меў ахвяроўваць самога сябе, як архісьвятар, што раз-у-год увайходзіць у Святое-Святых з крывёю не сваёю. Інакш бо мусеўбы ён сукротна цярпець ад пачатку сьвету. Але ён цяпер, на канцы вякоў, зьявіўся раз для паканання граху праз ахвяраванне сябе. А як людзям пастаноўлена раз умерці, а потым суд, гэтак і Хрыстус: раз прынёсшы сябе ў ахвяру, каб панесьці грахі многіх, другі раз без граху ўкажацца тым, што чакаюць яго для збаўлення.

Закон бо, маючы ў сабе цень толькі будучага дабра, а не самы вобраз рэчаў, ня можа тыміж самымі ахвярамі, што прыносяцца кожны год, зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі. Бо ціж не перасталіб іх ахвяроўваць, каліб ахвярнікі, раз ачышчаные, не пасуваліся ў сумленні да ніякага граху? Адыж у іх што-год аб грахох успаміналася, бо-ж немагчыма, каб сама кроў валоў і казлоў ахв. магла змываць грахі. Таму прыходзячы на сьвет (Збавіцель) кажа: «Не хацеў дару й ахвяры, але цела прыспасобіў мне. Целапаленні (й ахвяры) за грэх недаўспадобы табе. Тады я сказаў: Вось прыходжу (напісана аба мне ў звоі кнігі), споўніць, о Божа, волю тваю» (Пс. 39:7−9). сказаўшы вышэй: «Не хацеў дару й ахвяры, цалапаленняў, ані ахвяр за грэх, ані тож не знайходзіў у іх упадобы» — а ёсьцьжа гэта ахвяры даваныя водле закону, — потым азнаямляе: «Вось прыходжу споўніць волю тваю» — Касуе восьжа першае, каб паставіць другое. Сілаю гэтае волі мы раз назаўсёды усьвячаны ахвяраю цела Езуса Хрыстуса. Бож, падчас як сьвятар кажны станавіцца штодня да службы аўтарнай складае абыдна тыя самыя ахвяры, якіе ня могуць грахі гладзіць, той-жа злажыўшы адзіную за грахі, асеў ужо назаўсёды праваруч Бога Айца, чакаючы далейшага, калі ворагі ягоные лягуць падножжам стопаў яго. Бо пасьвячаючы іх адною ахвярай, дасканальнымі ўчыніў навекі. Сьцьвярджае нам гэта і Дух Святы, кажучы: «Вось той запавет, які заключу з вамі пасьля гэных дзён, кажа Госпад: напоўню іхніе сэрцы маімі правамі, і выпішу іх на розумах іхніх. І грахоў і беззаконня іхняга дакараць больш ня буду» (Ер. 31:33). А дзе ёсьць адпушчэнне грахоў, там няма ўжо ахвяры за грэх. Маючы тады, браты, праз кроў Езуса запэўненае ўвойсьце да сьвятыні, да якое запачаткаваў ён дарогу новую і жывую праз заслону, г.зн. праз цела сваё, і так вялікага ўсесьвятара над Божым домам, прыступем (да яго із шчырым сэрцам, чыстым сумленнем, з поўнай верай ды абмытые на целе вадою чыстаю). Трывайма непахісна пры моцнай надзеі вызнаванай, (бо верны ёсьць той, каторы абяцаў) і уважайма адзін на другога, пабуджаючыся ўзаемна да любасьці ды добрых учынкаў. Не ўхіляймася ад супольных зыбранняў нашых, як гэта некаторые звыклі, але дадавайма сабе тымболей ахвоты, бо-ж збліжаецца дзень. Бо для размысна самахоць грэшачых, пазнаўшых і прызнаўшых праўду, ўжо няма ахвяры за грэх, але страхотнае чаканне суду, і потым ярасьць агню, што мае зжэрці супраціўнікаў. Хто нарушае Права Майжэшава пры двух, ці трох сьветках ьез міласэрдзя караецца сьмерцю. Наколькіж, думаеце, цяжэйшае кары варты будзе той, хто Сына Божага патаптаў, і кроў запавету, якою асьвячаны ён, за абыдную ўважаў і Духа ласкі зьняважаў? Знаем таго, хто сказаў: «Маёй ёсьць помста, я адплачу». І яшчэ: «Госпад будзе судзіць народ свой» (Паўт. Пр. 32:35−36). Страшна папасьціся ў рукі Бога жывога. Прыпомніце сабе даўнейшые дні, калі вы шчэ сьвежа прасьвечаные ператрывалі горкія мукі змагання, тады, як былі відовішчам зьняваг публічных вас самых, ці супольнікаў вашых. Бо цярпелі супольна з увязьненымі ды рабаванымі, прыймаючы гэта з пагоднай рэзыгнацыяй. Не пакідайце восьжа спадзевы вашай, якая мае вялікую заплату. Толькі патрэбная вам цярплівасьць, каб выканаўшы волю Божу удастоіліся абецанага. «За хвіліну бо, за малую хвілінку, прыйдзе, каторы мае прыйсьці, а не забавіцца». «І справядлівы мой зь веры жыць будзе. Але хто адступіць, ня будзе падабацца маей душы» (Габ. 2:3−4). Але мы ня з тых, што адступаюць сабе на пагібель, нашай дарогай ёсьць вера — для ратавання душы.

Вера ёсьць запарукаю таго, чаго спадзяёмся, запэўненнем таго, чаго ня відзім. Праз яе стараветнікі здабываюць узнанне (аўтарытэт знаўцы і сьветкі мінуўшчыны), без яе наагул немагчымая былаб і навука, гісторыя. Праз веру пазнаём, што сьветы створаные ўсемагутным словам Бога= (Абсалюта), што зь нявідомых сталіся відомымі, ўсыстэматызаванымі. Праз веру Абэль злажыў Богу ахвяру лепшую, чым Каін, за якую атрымаў сьвядоцтва праведнасьці ад Бога і хоць памёр, празь веру сваю гаварыць не перастае. Вераю Гэнох быў забраны з гэтага сьвету, каб не аглядаў сьмерці. І не знайдзена яго, Бог бо забраў яго, а перад узяццем, меў сьвядоцтва, што Богу спадабаўся. Бяз веры бо нельга падабацца (Богу), той хто прыступае да Бога павінен моцна верыць, што Бог ёсьць ды што шукаючым Яго дае нагароды. Праз веру Ноэ перасьцярэжаны Богам перад загрозаю, набачанаю шчэ, з богабоязьзю збудаваў адумысны вадаплаў для уратавання свайго дому. Празь яе асудзіў ён сьвет, а унасьледзіў справядлівасьць. Праз веру той, каго названа Абрагамам, паслужна выйшаў да абяцанага яму ў спадчыну краю. І вырушыў шчэ няведаючы куды йдзе. Вераю прабываў у абяцанай сабе зямлі, бы ў чужой, селечыся ў намётах з Ізаакам і Якубам спадкаемнікамі тагож абяцання; чакаў бо места на фундамантах, закладчыкам якога і будаўнічым — сам Бог. Праз веру і Сара, хоць час ейны мінуў прыняла дужасьць пачацьця сына (ў перасьпелым веку), бо ўверыла у вернасьць таго, каторы абяцаў ёй гэта. І так вось з чалавека аднаго толькі, ды шчэ й згрыбелага, паўстала патомства гэтак колькаснае, як зоры на небе, як пясок краймора нязьлічымы. Усе яны паўміралі зь вераю, не дачакаўшыся і не атрымаўшы абяцанага, аглядалі толькі яго й віталі здалёк, вызнаючы, што на зямлі былі пяльгрымамі й гасьцьмі. Тые бо, што так гавораць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны. А каліб яны памяталі аб той, зь якое выйшлі, дык меліж час вярнуцца; алеж бо яны сяння чуюць ностальгію да лепшай, да нябеснай; таму ім пазваляе называць сябе іхнім Богам, бо прыгатаваў ім места. Праз веру Абрагам, пастаўлены на пробу, ахвяраваў Ізаака. Той, каторы атрымаў быў абяцанне, ахвяраваў адзінага сына, аб якім было сказана: «Ад Ізаака звацца будзе тваё патомства» (Быць. 21−22). думаў, што Бог моц мае і умерлых падняць з гробу, дзеля таго і дастаў яго на падобу (згробуўсталага). Праз веру Ізаак багаславіў Якуба і Эзава для будучыні. Праз веру ўміраючы Якуб багаславіў кажнага із сыноў Язэпа і аддаў паклон (Богу) зьніжыўшы свой посах. Праз веру Язэп на канцы жыцьця успомніў аб выйсьці сыноў Ізраэльскіх (з Эгіпту) і пакінуў тэстамэнт адносна касьцей сваіх. Праз веру бацькоў сваіх Майжэш быў праз тры месяцы укрываны, ведама бо была ягона прыгожасьць, і не зьлякаліся эдыкту Фараона. Праз веру Майжэш, як вырас, запярэчыў быццамбы ён быў сынам Фараонавай дачкі, воліў зносіць прыгнобу й зьдзекі з народам Божым, чым карыстаць з грэшных дачасных роскашаў. Знявагі, перацерпеные за прыкладам Хрыстуса народам выбраным, уважаў за большые скарбы, чым Егіпскіе, аглядаўся бо на нагароду. Праз веру пакінуў Эгіпт, не баючыся гневу Фараона; вытрываў, як той, што Нявідомага мае прад вачыма, якбы відзеў. Праз веру справіў Пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першародных не крануў іх. Праз веру прайшлі Мора Чырвонае, моў па сушы, а Эгіпцяне як папрабавалі гэта — затанулі. Праз веру рухнулі муры Ерыхонскіе па сямідзённым абойсьцю іх. Праз веру яўнагрэшніца Рагаб ня згінула з нявернымі, прыняўшы прыязна выведнікаў (Ёз. 2:1−21; 6:1−25). І штож скажу яшчэ? Бо ня хапае мне часу, каліб захацеў расказваць аб Гэдэоне і Бараку, Самсоне і Ефце, Давідзе, Самуэлю ды аб прароках, якіе вераю паканалі валадарствы, выканалі справядлівасьць, атрымалі абяцанні, затыкалі пашчы львом; гасілі агню магуцтва, зручна ўхіляліся ад вастрыя мяча, ачыналіся зь немачы, мужнелі на войнах, гналі палкі чужынскіе ад наскокаў. (Празь іх) жоны атрымоўвалі сваіх памерлых ускрослымі, тады як іншыя, незгаджаўшыяся на выкуп, гінулі, разрываные колам, спадзяючыся на лепшае ўскрашэнне. А йшчэ іншые зьняважаны вострымі насьмешкамі, абкіданые каменнямі, трыманые ў цёмных вязьніцах, піламі рэзаные й разьдзіраные, на меч кіданые, ратаваліся якмага, цяняючыся ў авечых, ці казьліных шкурах па гарах, пячорах і пустырах; тые, каторых няварты быў сьвет, туляліся па ягоных пустынных вертэпах. І ўсе яны, праз веру так добра засьветчаные, не дачакаліся абецанага, Бог бо прадугледзеў нам нешта дасканалае, каб яны не без нас дасяглі лепшае долі.

Таму вось і мы, маючы навокал сябе гэткую хмару сьветкаў, скіньма з сябе ўсякі цяжар і грэх, што так лёгка нас абмотвае, ды сьпяшэм вытрывала на прызначаную нам арэну змагання. І ўзіраймася на Езуса, галаву і дасканалючага завяршальніка веры, які маючы прад сабою радасьць, узяў крыж, ня гледзячы на зьняважлівую пагарду і засеў праваруч Божага пасаду. Тож падумайце тады шчыра аб тым, каторы гэтулькі перацярпеў проці сябе дзікаварожых супраціваў ад грэшнікаў, каб не слабелі духам. Выж яшчэ не проціставіліся да крыві проці граху, а (мо) забыліся аб пацяшанні вас, як сыноў: «Сыне мой, ня будзь абыякавым да напамінаў Госпадавых, ані не падай духам, як цябе карае, Госпад бо таго карае, да каго міласьць мае, не шчадзіць удараў таму, каго за сына ўважае» (Прып. 3:11). трывайце ў карнасьці. Бог зьвяртаецца да вас, як да сыноў, а дзеж ёсьць сын, якога б не караў бацька? Каліж астаецеся без дысцыпліны, выхаванкамі якое ёсьць усе, дык знача не зьяўляецеся сынамі, але дзецьмі няпраўнымі. А зрэштай, калі нашые цялесные айцы каралі нас, а шанавалі мы іх, дык ціж ня з большай адданасьцю Айцуу духаў павінны мы жыць? Тамтые, як самы зналі так нас дысцыплінавалі, праз кароткі час, а Гэты — каб зрабіць нас удзейнікамі Ягонай сьвятасьці. Праўда, сур’ёзная дысцыпліна, то абыдна сьпярша пасумны, заміж пагоднага, наводзіць настрой, затое пазьней тым, што дазналі яе на сабе, прыносіць цэнны плод праведнасьці. Выпрастуйце тады вашы ашляглыя рукі й стомленыя калені ды прастуйце сьцежкі вашые, каб кульгавые ня зьбіваліся з дарогі, а лепш выдужалі. Старайцеся шчыра трымаць з усімі супакой-згоду ды дбайце аб сьвятасьці, безь якое ніхто ня ўбачыць Госпада. Пільнуйце, каб ніхто не застаўся без ласкі Божай, каб які горкі корэнь, пусьціўшы парасткі ўгору, не нарабіў закалоту, заражаючы многіх; каб не знайшоўся які распусьнік, або профан (паганец) як той Эзаў, што за адну страву прадаў сваё першародзтва. Хібаж ведаеце, што потым, як ён хацеў атрымаць багаслаўленства, дык быў адкінуты, бо ня мог асягнуць зьмены (бацькавай пастановы), хоць зы сьлязьмі прасіў. Вы-ж бо ня прыступалі да гары, да якое можна было рукою дакрануцца, ані да вагню палкага, ані занураліся ў хмарную цемру нвальнічную; ані ўслухаліся ў гук сурмы і голас мовы, ад слухання якое (людзі) адпрашваліся; не маглі бо зьнесьці наказу: «навет і жывёліна, каліб да гары дакранулася, будзе ўкамянаваная» (Выйсь. 19:13). І так жахлівая была гэная зьява, што Майжэш сказаў: «Я цэлы ад страху дрыжу» (Паўт. Пр. 9:19). Але вы паступілі да гары Сыёну, да места Бога жывога, нябеснага Ерузаліму, да мірыядаў Анёлаў, на соленную скупу-збор вялізны радасны эклезіі першародных рэгістраваных у небе і да Бога, судзьдзі ўсіх, да духаў людзей справядлівых, асягнуўшых дасканальнасьць; да Езуса пасярэдніка Новага Запавету (Тэстамэнту) і да крыві ачышчэння, што прамаўляе лепш, чым Аблява. Глядзеце, не адвяртайцеся ад Таго, хто прамаўляе; калі бо тамтых, што зракліся прамаўляўшага да іх на зямлі, ня мінула кара, далёка горэй будзе з намі, каліб адвярнуліся ад Яго, прамаўляючага цяпер да нас зь неба. Голас ягоны тады ўзварухнуў землю, а і цяпер запавяшчае, кажучы: «Яшчэ раз устрасану ня толькі землю, але й неба» (Агг. 2:7). Гэтае «яшчэ раз» абазначае перамену рэчаў падпалых пад зьмяняльны рух, тады як яны створаны, каб аставаліся непахіснымі, ненарушнымі. Таму вось мы прыняўшы валадарства непахіснасьці ўдзячна карыстайма з ласкі, стараючыся Богу ўспадобным культам і богабоязьзю служыць. Бог бо наш — агонь, што травіць (Другзак. 4:24).

Трывайце ў брацкай любасьці. Не забывайце аб гасьціннасьці, празь яе бо некаторые, мімаведна, Анёлаў гасьцілі. Памятайце аб вязьнях, так якбы вы самі разам зь імі былі вязьнямі, а такжа аб нядужых, бо і выж самі жывяце ў целе. Жанімства праз усіх мае быць шанаванае, чэснае, ложа — беззаганнае; распусьнікаў бо ды блудадзееў будзе судзіць Бог. Унікайце нораву срэбралюбнага, хціўства, задавальняючыся тым, што маеце; сам бо гаварыў (Бог): «Ня кіну цябе ды не астаўлю» (Ёз. 1:5). так што сьмела можам казаць: «Госпад мой успаможнік, ня буду баяцца, Штож можа зрабіць мне чалавек?» (Пс. 117:6) Памятайце аб духоўніках вашых, якіе вясьцілі вам слова Божае: быўшы сьветкамі канца іхняй жыцьця-долі, насьледуйце іхнюю веру. Езус Хрыстус учора й сяння той самы і навекі. Ня дайце ясбе зводзіць усялякім ды й чужым навукам; яно бо ласкай лепш падмацоўваць сэрца, а не стравамі, якія не памаглі тым, што за імі ўганяліся. Мы маем ахвярнік (аўтар), зь якога ня маюць права есьці тые, што пры намётах служаць. Бо цела (мяса) тых жывёлаў, кроў якіх заносіцца архісьвятарам у сьвятыню (благальню за грахі) спальваецца за табарам. Таму і Езус, каб асьвяньціць народ уласнаю Крывёю быў мучаны й памёр за местам. Выйдзьма-ж к Яму тады (пад крыж) суцерпна зь Ім пераносячы зьнявагі. Бо трывалага тут места ня маем, але будучнага шукаем... і празь яго заўсёды складайма Богу ахвяры хвалы: плод вуснаў, вызнаючых імя ягонае. Узаемадапамогі дабрадзейнасьці, не забывайцеся, бо Богу падабаюцца гэткія ахвяры. Будзьце улегла паслушнымі пастаўленым над вамі галовам, яны бо адказные за душы вашы. Послух ваш хай будзе ахвочы ў пагодзе духа, бяз ніякая сухой нехаці. Малецеся за нас, бо нам здаецца, што добрае сумленне маем, стараючыся ў ва ўсім паступаць чэсна; а тымболей прашу рабіць гэта, каб як-найскарэй мяне вам вярнулі. Бог бо супакою-згоды, каторы гэнага вялікага пастыра авец Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, праз кроў вечнага запавету, падняў з мяртвых, хай вас уздольніць да ўсяго добраго, каб спаўнялі волю ягону; хай зь зее з вас тое, што маглоб знайсьці ў яго спадобу праз Езуса Хрыстуса, якому хвала на вякі вечные. Амэн. І прашу вас, браты, каб цярпліва прынялі слова ўпярэджання. Бо і так гэты ліст к вам кароткі. Прымеце да ведама, што брат наш Тыматэй ужо выпушчаны на волю. Калі не забавіцца прыйсьці, зь ім разам адведаем вас. Паздароўце ўсіх кіраўнікоў вашых ды ўсіх сьвятых. Вітаюць вас браты з Італіі. Ласка з вамі ўсімі. Амэн.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.