Библия › Татарыновіч › Да Філемона

Да Філемона

Павал, вязень Езуса Хрыстуса і брат Тыматэй — Філемону любаму і супрацоўніку нашаму, ды сястры Аппіі й Архіппу субарацьбіту з цэлай грамадкай тваей дамовай набожні. Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага ды Усеспадара Езуса Хрыстуса. Дзякую Богу майму, заўсёды цябе спамінаючы ў малітвах маіх, чуючы аб тваей любасьці й веры, якую маеш да Езуса Збаўцы ды ўсіх сьвятых. Дзеянне веры твае стаецца яўным пры сьцьвярджанні ўсякага дабра, што даконываецца сярод вас у Хрыстусе Езусе. Вялікую бо меў радасьць і ўцеху з твае, браце, міласьці, праз цябеж мелі падтрымку сэрцы сьвятых. Таму-то, хоць і меўбы ад Хрыстуса поўнаўладнасьць прыказваць табе ў выпадку патрэбы, прашу цябе лепш палюбоўна — я стары чалавек Павал, а цяпер ось і вязень для Езуса Хрыстуса — прашу ў справе майго сына Анісіма якому стаўся айцом у вязьніцы. Калісь ня меў ты зь яго карысьці, а цяпер прыгодны табе й мне. Адсылаю табе яго, прыймі яго, як маё сэрца. Хацеў я затрымаць яго пры сабе, каб заміж табе, служыў мне ў кайданох за Эванэлію, але без твайго дазволу не хацеў гэтага рабіць, каб твая дабрадзейнасьць ня была моў з прымусу, але з вольнае волі. Бо мо дзеля таго на нейкі час адыйшоў ад цябе, каб табе прыняць яго назаўсёды, не як слугу ўжо, а вышэй за слугу: як мілага брата, асабліва для мяне, а тымбольш для цябе, як водле цела, так і ў Госпадзе. Дык, калі маеш мяне за прыяцеля, прыймі яго, як мяне. А калі ён спрычыніў якую шкоду табе або што вінаваты, залічы гэта мне. Я, Павал, пішу гэта маёю рукою: што табе гэта адплачу, а ўжэ й казаць ня хочу аб тым, што ты сам сябе мне вінаваты. Так, браце, дайжа мне скарыстаць ад цябе; заспакой мне сэрца ў Богу Усеспадару. Пішу табе гэта, спадзяючыся на тваю паслухмянасьць і ведаючы, што ты зробіш болей, чым прашу. Падрыхтуй мне разам і гасподу ў сябе, бо спадзяюся, што дзякуючы вашым малітвам, буду вам падараваны. Вітае цябе Эпафрас супольны вязень зы мною ў Хрыстусе Езусе, і Марак, Арыстарх, Дэмас і Лукаш памачнікі мае. Ласка Усеспадара Езуса Хрыстуса (хай будзе) з духам вашым. Амэн.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.