Библия › Татарыновіч › Да Тытуса

Да Тытуса

Павал слуга Божы й Апостал Езуса Хрыстуса для веры выбраных Божых ды для пазнання праўды, вядучай да пабожнасьці, надзеі жыцьця вечнага, прад вякамі абяцанага Богам няздрадным у слове, а ў сваім часе аб’явіўшым сваё слова праз навучанне, паверанае мне з загаду Богазбаўцы нашага, — шчыраму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыстуса Збавіцеля нашага. Я пакінуў цябе ў Крыце натое, каб ты давяршыў недаладжанае шчэ ды і ўстанавіў па ўсіх местах старэйшын (прэзьбітэраў), як я загадаў табе: беззаганных, аднажэнцаў, маючых дзяцей веручых не дакараных за распусту, ці непакорлівасьць. Бо біскуп павінен быць беззаганным, як Божы гаспадар дому, ня пышны й гняўлівы, не п’яніца й завадыяка ды карысталюбец, але гасьцінны, дабралюбец, разважны, справядлівы, багабойны, паўстрымны, каб трымаўся ў слове здаровай вернай навукі, ды мог і напамін даваць супраціўнікам. Шмат бо ёсьць непакорных, пуставякалаў і зводнікаў, асабліва з абразаных, якім трэба прыцінаць язык. Яны, дзеля нягоднае нажывы разбаламучваюць цэлые дамы, навучаючы нясінеце. Сказаўжа адзін зь іх, вершаплёт: Крытыйцы заўсёдные лгуны, абжорцы, лень і дзікуны. Светчанне гэтае ёсьць праўдзівае. Дзеля гэтага давай моцные напаміны, каб былі здаровымі ў веры, ня слухалі жыдоўскіх басьняў ды наказаў людзей адвяртаючыхся ад праўды. Для чыстых — усё чыстае, а для апаганеных і няверных нічога няма чыстага, бо апаганены іхні розум ды сумленне. Яны сьвердзяць, што знаюць Бога, а паступкамі сваімі гэта запярэчваюць, агідныя бо й непакорныя ды няздольные да ніякага добрага дзела.

Але ты навучай тое, што ёсьць згоднае з навукай здаровай: каб старцы былі мяркоўнымі, дастойнымі, разважнымі, здаровымі ў веры, любасьці й цярплівасьці; падобна й старэйшыя жанчыны, хай так носяцца, як прыстоіць сьвятым, ня чэрняць абмоваю, не квапяцца на віно, а даюць іншым добрыя рады, наводзяць на розум малодшых, каб мужоў і дзяцей любілі, растропнымі былі, чыстымі, чэснымі, пакорлівымі мужом сваім, каб ня было даганы слову Божаму. Моладзь таксама угаварвай да разважнасьці ва ўсім, даючы наўзор (прыклад) добрых учынкаў із сябе самога, існаправелнасьць і павагу ў навучанні, слова чыстае, безагляднае, каб супраціўнік быў анясьмелены, ня маючы нічога благога сказаць аб нас. Слугам рабом давай напамін хай будуць паслушнымі сваім гаспадаром бясспрэчна, бяз прытворства, але зь вернасьцю, каб у-ва ўсім аздаблялі навучанне Збавіцеля нашага. Явілася бо для ўсіх людзей збаўчая ласка Божая, павучаючая нас, каб мы, выракшыся бязбожнасьці й дачасных захцеванак, разважна, справядліва й багабойна жылі на гэтым сьвеце, чакаючы шчаснае надзеі й зьяўлення вялікага Бога й Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса, Які выдаў за нас сябе самога, каб выкупіць нас ад усякага бяспраўя і прыдбаць сабе народ выбраны добраму дзелу шчыраадданы. Гэта вось кажы, угаварвай з поўнаўладным напамінам, не дапушчаючы лёгкаважання сябе.

Давай ім напамін да паслухмянасьці загаду ўладаў ды гатоўнасьці да кажнага добрага дзела; нікога не зьнеслаўляць сварліва, а быць ветлівым да ўсіх людзей. Бо і мы былі калісь бесталковымі, недаверлівымі, блудзячымі нявольнікамі ўсякіх похатных роскашаў, жывучы ў злосьці й завісьці, агідзе й ненавісьці ўзаемнай. Калі-ж зьявілася ласкавасьць і любасьць да людзей Богазбаўцы нашага, Ён выбавіў нас не дзеля праведных учынкаў, якіе мы-б маглі даканаць, а дзеля міласэрдзя Ягонага, праз купель (хрост) адраджэння й абнаўлення ў Духу Святым, якога зыслаў на нас аквіта праз Езуса Хрыстуса Збавіцеля нашага, каб, апраўданыя ласкаю ягонай, унасьледзілі мы водле спадзявання жыцьцё вечнае. Верная гэта навука й жадаю, каб і ты сьцьвярдзіў гэта, каб уверыўшыя ў Бога рупіліся быць перадавымі ў добрых справах; гэта бо для людзей добра й карысна. А пустагоньскіх досьледаў, радаводных спрэчак і калатні аб законах высьцярагайся, бо яны пустыя й бескарысныя. Гэрэтыка пасьля першага і другога напаміну унікай, ведаючы, што гэта каведны грэшнік, сам сабою асуджаны. Калі прышлю да цябе Арцёма, або Тыхіка, пастарайся прыйсьці ка мне ў Нікаполь; бо я рашыўся там перазімаваць. Зэнона, доктара права, і Апольлё вышлі першых ды так, каб у іх ня было ніякага недастатку. Хай і нашыя вучацца практыкавацца ў дабраўчыннасьці пільнай, каб ня былі бясплоднымі. Прывет табе ад усіх, што знайходзяцца зы мною. Паздароў тых, што любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі. Амэн.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.