Пётра, Апостал Ісуса Хрыста, выбраным выгнаньнікам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Каппадокі, Азіі і Бітыніі, згодна з прадведаньнем Бога Ба́цькі, праз асьвячэньне ад Духа на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: Багадаць вам і мір хай будуць памножаны. Багаслаўлены Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, па вялікай Сваёй міласэрнасьці нарадзіў нас да жывой надзеі цераз уваскрасеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых, да спадчыны нятленнай і бяз сказы, што ня завяне, што захавана для нас на Нябёсах, сілай Бога заховываемых цераз веру для выратаваньня, гатовага адкрыцца ў апошні час. Аб тым моцна радуйцеся, што цяпер калі трэба перажывяце́ трохі тугі ў розных спакушэньнях. Каб выпрабаваньне вашай веры, якая больш каштоўней гінучага золата, хоць і агнём выпрабава́нага, было знойдзена на пахвалу і чэсьць і славу ў зьяўленьні Ісуса Хрыста, Якога, ня бачыўшы, любіце, аб Якім цяпер, ня бачучы, але веручы, усё такі моцна радуецеся радасьцю нявымоўнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы выніку веры вашай — збаўленьня душ. Аб гэтым то збаўленьні рупна адшуквалі і дасьле́давалі прарокі, прарочучы пра Багадаць адносна вас, дасьледуючы, на каторы і які час паказваў у іх Дух Хрыста, прадказаўшы пакуты Хрыста і пасьля іх Славу. Ім было адкрыта, што ня ім, а нам служыла тое, што цяпер было абвешчана вам цераз дабравесьціўшых вам Духам Сьвятым, Які быў пасланы зь Неба, ува што (нават) Ангелы жадаюць пранікнуць. Пагэтаму, падперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, да канца спадзявайцеся на Багадаць, што прыносіцца вам у адкрыцьцí Ісуса Хрыста. Як дзеці паслухмянасьці ня прыстасоўвайцеся да пажаданьняў, якія былі ране́й у няведаньні вашым, але згодна з прыклікаўшым вас Сьвятым і самі будзьце сьвятымі ўва ўсіх паводзінах, таму, што напíсана: будзьце сьвятымі, бо Я Сьвяты. І калі вы называеце Ба́цькам Таго, Хто нястаронна судзіць кожнага адпаведна ўчынку (ягонага), то ў страху праводзьце час бытаваньня вашага (на чужыне), ведаючы, што ня гінучым срэбрам ці золатам збаўлены вы ад марнага вашага жыцьця, пераданага ба́цькамі, але найкаштоўнейшай Крывёю Хрыста, як Ягняка чыстага і бяз сказы, прызначанага перш стварэньня сьвету, але зьяўленага ў апошнія часы для вас, што цераз Яго ве́рыця ў Бога, уваскрасіўшага Яго із мёртвых і даўшага Яму Славу так, каб вера вашая і надзея была на Бога. Душы вашыя ачысьціўшы паслухмянасьцяй праўдзе цераз Духа для братняй любові някрывадушнай ад чыстага сэрца любіце адзін аднаго горача, будучы адроджанымі ня ад гінучага семені, але бессьмяротнага цераз Слова Жывога і прабываючага вечна Бога. Бо кожнае цела, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як краска травы: засохла трава, і краска ейная апа́ла; А Слова Госпада прабывае вечна. І гэта Слова абвешчана вам.
Дык адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякую падступнасьць, і крывадушнасьць, і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе, як нованароджаныя дзеці моцна ўзжадайце чыстае моўнае малако, каб у ім былí вы ўзрошчаны, калі праўда тое, што вы паспробавалі, што Госпад міласэрны. Прыступаючы да Яго, Ка́меня жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, найкаштоўнейшага, і самі як каменьні жывыя, будуйцеся ў дом духовы, сьвятарства сьвятое, каб прыно́сіць духовыя ахвяры, прыемныя Богу цераз Ісуса Хрыста. Пагэтаму і сказана ў Пісаньні: вось кладу ў Сыёне Камень вуглавы, выбраны, найкаштоўнейшы; і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены. Для вас жа, веручых, Ён — каштоўнасьць; а для няверучых — Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла і Каменем спатыканьня, і Скалою спакусы, каторыя спатыкаюцца аб Слове, ня пакараючыся Яму, на што яны і пакінены. Але вы род выбраны, карале́ўскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі ўзятыя ва ўдзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Хто паклікаў вас із цемры ў цудоўнае Сваё Сьвятло; некалі ня народ, а цяпер народ Бога, (некалі) ня памíлаваныя, а цяпер памíлаваныя. Любасныя! прашу вас як прышэльцаў і выгнаньнікаў, ухіляйцеся ад цялесных пажаданьняў, якія ваююць супраць душы, жыцьцё вашае паміж паганамі хай будзе добрае, каб за тое, за што ліхасловяць вас, як злачынцаў, убачыўшы вашыя добрыя ўчынкі, яны праславілі Бога ў дзень адведзінаў. Дык будзьце паслухмянымі ўсякім чалавечым уладам дзеля Госпада: калі каралю, дык як найвышшаму, калі начальнікам — дык як ад яго пасыланым дзеля караньня злачынцаў і дзеля заахвочаньня робячых дабро, — бо гэткая ёсьць Воля Бога: (каб мы) робячы дабро, затыкалі вусны нявуцтву няразумных людзей. Як вольныя, ды ня як маючыя волю дзеля прыкрыцьця зла, але як слугі Бога. Усіх паважайце, брацтва любіце, Бога бойцеся, караля шануйце. Слугі, з усенькім стра́хам пакарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і нясправядлівым. Бо гэта прыемна Богу, калі хто, ўсьведамляючы Бога, пераносе гора, паку́туючы нясправядліва. Якая ж пахвала (вам), калі вы будзеце цярпець і пераносіць пабоі саграшаючы? Але, калі робячы дабро і будзеце цярпець паку́туючы, (то) гэта заўгодна Богу. Бо вы да гэтага пакліканы, таму што і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб вам пасьледаваць па сьлядох Ягоных: Ён ня зрабіў ніякага грэху, ня было знойдзена подступу ў вуснах Ягоных. Ён, будучы зьняважаемы, ня зьняважаў узаемна, паку́туючы ня пагражаў, але перадаваў Таму, Хто судзіць справядліва. Ён грахі нашыя Сам узьнёс у Целе Сваім на дрэва, каб збавіўшыся ад грахоў, жылі мы для праведнасьці; крывавымі ранамі Ягонымі вы аздароўлены. Бо вы былі як авечкі блукаючыя, але вернуты цяпер да Пастуха і Ахоўніка душаў вашых.
Таксама і вы, жонкі, будзьце ў паслухмянасьці сваім мужом, каб нават калі нікаторыя зь іх ня пакараюцца Слову, былі здабываемы цераз жыцьцё жон бяз слова, убачыўшы вашае чыстае багабойнае жыцьцё якое хай складаецца ня з вонкавай прычоскі валасоў ці залатых упрыгожаньняў, альбо нашэньня прыгожых вопратак, але з укрытага чалавека сэрца ў нятленнай прыгажосьці ціхога і маўклівага духа, што перад Богам шматкаштоўна. Гэтак некалі і сьвятыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, слухаючыся сваіх мужоў. Гэтак Сарра пакаралася Абрагаму, называючы яго спадаром, якой вы сталі дзецьмі, робячы дабро і ня баючыся ніякага страху. Гэтак сама мужы разумна жывучы зь імі, як з немачным посудам, аказвайце жонкам чэсьць, як суспадчынніцам жыцьця Багадаці, каб ня былі нядапушчае-мымі малітвы вашыя. Нарэшце, будзьце ўсе аднадумнымі, спагадлівымі, браталюбнымі, міласэрнымі, прыязнымі, ня аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу, а наадварот багаслаўляйце, ве́даючы, што вы на тое паклíканы, каб унасьледаваць багаславеньне. Бо хто хоча любіць жыцьцё і ўбачыць добрыя дні, няхай устрымае язык свой ад зла і вусны свае, каб ня сказалі ілжы. Хай ухíліцца ад зла і ўчыніць дабро, хай знойдзе мір і трымаецца яго. Бо Вочы Госпада на праведных, і Вушы Ягоныя — да малітвы іхнай; Аблічча ж Госпада — супраць ро́бячых зло. І хто зробіць вам зло, калі ста́неце пераймальнікамі добрага? Але калі (вы) і церпіце за праведнасьць, то (вы) шчасьлівыя; страху ж іхняга ня бойцеся і ня трывожцеся. Але Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Але будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ў вас адказ аб вашай надзеі зь ціхасьцю і багавейнасьцю. Мейце добрае сумленьне, каб у тым, за што абмаўляюць вас, як злачынцаў, былі асаромлены тыя, што га́няць вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце. Бо калі ёсьць на тое Воля Бога, ле́пей цярпець робячы дабро, чым робячы зло. Таму што і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднойчы пацярпеў за грахí (нашыя), Праведны за няправедных, забіты ў Целе, але ажыўлены ў Духу, у Якім Ён і тым духам, што ў вязьніцы, зышоўшы, абвясьціў, ім, якія не́калі ня пакарыліся чакаўшаму іх доўгацярпеньню Бога ў дні Ноя, у час будаваньня карабля, у якім нямногія, гэта значыць восем душаў, былí зба́ўлены ад вады. Так і нас сягоньня па гэтаму вобразу выратоўвае хрышчэньне — ня абмыцьцё нячыстаты цела, але абяцаньне добрага сумленьня Богу — праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста, Які, узыйшоўшы на Неба, знаходзіцца праваруч Бога, Якому ско́раны Ангелы і ўлады і сілы.
Дык вось, Хрыстос пацярпеў за нас целам, (дык) і вы ўзбройцеся гэткім разуменьнем, што той, хто пацярпеў у плоці, (ёсьць) стрыманы (ад) грэху, каб рэшту часу ў целе ня па чалавечым пажаданьням, але па Волі Бога жыць. Бо даво́лі ўжо, што вы ў мінулы час жыцьця паступалі па волі пага́наў, жывучы ў распусьце, пажаданьнях, п’янстве, гулянках, папойках і агідных пакланеньнях балванам, чаму яны і дзíвяцца, ня бачучы вашага ўдзелу ў такім разьліве распусты, ліхасловячы вас. Яны дадуць справаздачу Таму, Хто гатовы судзіць жывых і мёртвых. Бо пагэтаму і мёртвым было дабравешчана, каб яны быўшы засуджанымі як людзі па целу, жылí згодна Богу духам. І ўсяму наблізіўся канец. Дык вось будзьце разумнымі і чувайце ў малітвах. Перш за ўсё мейце адзін да аднаго шчырую любоў, бо любоў пакрые мноства грахоў. Будзьце гасьціннымі адзін да аднаго бяз нараканьня; служыце кожны адзін аднаму адпаведна з тым дарам, які атрымаў, як добрыя аканомы шматбаковай Багадаці Бога. Калі хто гаво́рыць — гавары як Словы Бога; калі хто служыць, служы сілай, якую дае Бог, каб ува ўсім быў услаўлены Бог цераз Ісуса Хрыста, Якому Слава і Валадараньне на векі вякоў. Амін. Любасныя! Ня зьдзіўляйцеся агнявому выпрабаваньню для выпрабаваньня вашага пасылаемаму, як нечаму дзіўнаму, што вам здараецца, але як вы становіцеся ўдзельнікамі ў пакутах Хрыста, радуйцеся, каб і ў зьяўленьні Славы Ягонай вам узрадавацца ўрачыста. Калі вы зьняважаемы за Імя Хрыста, (то вы) шчасьлівыя, бо (Дух) Славы і Дух Бога на вас супачывае. Які імі блюзьнерыцца, а вамі ўслаўляецца. Ніхто з вас ня павінен цярпець як забойца, або як зло́дзей, або злачынец, ці як зайздросьнік на чужое; але калі як хрысьціянін, ня саромся, але слаў Бога ў гэтай долі. Бо час пачацца суду з Дома Бога; калі ж сьпярша з нас (пачнецца, то) які канец тых, што ня пакараюцца Эвангельлю Бога? І калі праведны ледзь збаўляецца, то бязбожнік і грэшнік дзе зьявіцца? Так што і церпячыя па волі Бога, як вернаму Творцу, хай аддадуць душы свае ў цнаце́.
Ста́ршыняў, якія між вамі, я ўпрошваю, суста́ршыня і сьведка пакутаў Хрыста і саўдзельнік славы, якая набліжаецца да адкрыцьця: пасіце стада Бога, якое ў вас, наглядаючы за ім бяз прымусу, але ахвотна і ня дзеля карысьці, але са стараньнем; і ня як пану́ючыя над удзелам, але становячыся прыкладам для стада. І калі будзе зьяўлены Найвышэйшы Пастыр, дастанеце вянок славы, што ня вяне. Таксама і вы, малодшыя (па падпарадкаваньню), падпара́дкуйцеся старшыням; і ўсе, адзін аднаму падпара́дкуючыся, падперажыцеся сьціпласьцяй, бо Бог ганарлівым супрацьста́віцца, пакорным жа дае Багадаць. Дык вось, скарыцеся пад моцную Руку Бога, каб Ён узвысіў вас у свой час. Увесь клопат ваш ускладзіце на Яго, бо Ён рупіцца пра вас. Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо вораг ваш, д’ябал, як леў, які рыка́е, ходзіць шукаючы каго бы сажраць. Яму супрацьстаньце няпахіснай верай, ведаючы, што гэткія ж мучэньні ў сьвеце здараюцца з вашымі братамі. Бог жа ўсякай Багадаці, што паклікаў нас у вечную Сваю Славу ў Хрысьце Ісусе, вас, кароткачасова адпакутаваўшых, няхай удасканаліць вас, угрунтуе, умацуе, хай зробіць няпахіснымі. Яму Слава і Сіла на векі вякоў. Амін. Цераз Сілуана, як лічу вернага вам брата, я напісаў коратка, суцяшаючы і сьведчучы, што гэта праўдзівая Багадаць Бога, у якой вы стаіце. Вітае вас (царква, што) ў Бабілёне, выбраная разам (з вамі), і Марк, сын мой. Вітайце адзін аднаго пацалункам любові. Мір вам усім, каторыя ў Хрысьце Ісусе. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020