Аб Тым, Хто быў ад пачатку, Каго мы чулі, Каго ба́чылі сваімі вачыма, да Каго прыглядаліся і да Каго датыкаліся рукі нашыя, аб Слову Жыцьця, і Жыцьцё быў зьяўлены, і мы бачылі, і мы сьведчым, і мы абвяшчаем вам Гэтага Жыцьцё Ве́чнага, Які быў у Ба́цькі і зьяўлены нам. Каго мы ба́чылі і чулі абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі, а наша ж лучнасьць — з Ба́цькам і з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом. І гэтае пішам вам, каб радасьць наша была поўная. І гэткае ёсьць абвяшчэньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць Сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры. Калі скажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык ма́нім і ня чынім праўды. А калі ходзім у сьвятле, падобна як Ён ёсьць у сьвятле, дык маем лучнасьць між сабою, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху. Калі, ска́жам, што ня маем грэху, ашукваем самых сябе, і няма ў нас праўды Калі вызнаём грахі нашыя, (дык) Ён — верны і праведны, каб дараваць нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякае няправеднасьці. Калі ска́жам, што мы ня саграшылі, (дык) робім Яго ілгуном, і Слова Ягонага няма ў нас.
Дзеці мае! пішу вам гэтае, каб вы ня грашылі, а калі хто саграшыць, (то) маем Заступніка перад Ба́цькам, Ісуса Хрыста, Праведніка; і Ён ёсьць адкупíцельная ахвяра за грахі нашыя, ня за нашыя толькі, але і за (грахі) усяго сьвету. І ў гэтым мы даведываемся, што спасьціглі Яго, калі прыказаньні Ягоныя спаўняем. Хто кажа: «я спасьціг Яго», але прыказаньні Ягоныя ня спаўняе, ёсьць ілгун, і праўды ў ім няма; хто ж выконвае Яго Слова, то сапраўды ў ім любоў Бога заве́ршана. Па гэтаму пазнаём, што (мы) у Ім. Хто кажа, што ў Ім прабывае, павінен і сам хадзіць так, як Ён хадзіў. Браты! ня новае прыказаньне пішу вам, але прыказаньне старадаўнее, якое вы мелі ад пачатку. Прыказаньне старадаўнее ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку. Акрамя таго прыказаньне новае пішу вам, гэта ёсьць сапраўды і ў Ім і ў вас, бо цемра прамінае і Сьвятло Сапраўдны ўжо сьвеціць. Хто кажа, што ён у Сьвятле ёсьць, але брата свайго нянавідзіць, (той) у цемры ёсьць аж дагэтуль. Хто любіць брата свайго, той прабывае ў Сьвятле, і няма ў ім спакушэньня. А хто нянавíдзіць брата свайго, той у цемры знаходзіцца і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра асьляпіла вочы ягоныя. Пішу вам, дзеці, бо дараваны грахі вам дзеля Імені Ягонага. Пішу вам, ба́цькі, бо вы спасьціглі Таго, Хто ёсьць ад пачатку. Пішу вам юнакі, бо вы перамаглі ліхога. Пішу вам (малыя) дзеці, бо вы спасьцíглі Ба́цьку. Я напісаў вам ба́цькі, бо вы спасьціглі Таго, Хто ёсьць ад пачатку. Я напісаў вам юнакі, бо вы ду́жыя, і Слова Бога ў вас прабывае, і вы перамаглі ліхога. Ня любіце гэтага сьвету, ні таго, што ў гэтым сьвеце. Калі хто любіць гэты сьвет, у тым няма любві Ба́цькі. Бо ўсё, што ў гэтым сьвеце, ёсьць пажаданьне плоці, і пажаданьне вачэй, і пыха цераз жыцьцёвыя (сродкі): (усё гэта) ня ёсьць ад Ба́цькі, але ёсьць ад сьвету гэтага. І сьвет гэты мінае, і пажаданьне ягонае, але той, хто выконвае волю Бога, прабывае вечна. Дзеці! апошні час! І як вы чулі, што надыходзіць антыхрыст, і цяпер зьявіліся многія антыхрысты, з гэтага пазнаём, што апошні час. Яны выйшлі ад нас, патаму што ня былі із нашых, бо калі б яны былі із нашых, то засталіся б з намі; але (яны выйшлі), каб было выяўлена, што ня ўсе з нашых. І вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё. Я напісаў вам ня патаму, што вы ня ведаеце праўду, але патаму, што вы ведаеце яе, і ведаеце, што ўсякая ілжа ня ад праўды ёсьць. Хто ёсьць ілжэц, калі ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэты ёсьць антыхрыст, які адкідае Ба́цьку і Сына. Кожны, хто адкідае Сына, ня мае і Ба́цькі. А вы, што пачулі ад пачатку, тое хай прабывае ў вас; калі ў вас будзе прабываць тое, што вы пачулі ад пачатку, тады вы прабудзеце ў Сыну і ў Ба́цьку. І гэта ёсьць тое абяцаньне, якое Ён абяцаў нам — жыцьцё вечнае. Гэта я напісаў вам аб тых, што абма́нываюць вас. І памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас прабывае, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але як гэтае самае памазаньне вучыць вас аб усім, а яно праўдзівае, а ня зьяўляецца падма́нам, дык насколькі яно вас навучыла, (пастолькі і) прабудзеце ў Ім. І цяпер, дзеці, прабывайце ў Ім, каб калі Ён будзе зьяўлены, мець вам адвагу і ня быць асаромленымі перад Ім у прыход Ягоны. Калі вы ведаеце, што Ён праведны, то ведаеце і тое, што ўсякі, хто чыніць праўду, ад Яго народжаны.
Глядзіце, якую любоў даў нам Ба́цька, каб нам называцца дзецьмі Бога. Сьвет таму ня ведае нас, таму што ня спасьціг Яго. Любасныя! мы цяпер дзеці Бога, але яшчэ ня выявілася, кім будзем. Але ведаем, што калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, таму што ўбачым Яго, як Ён ёсьць. І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе так, як Ён чысты. Кожны, хто робіць грэх, робіць і бяззаконьне, і грэх ёсьць бяззаконьне. І вы ведаеце, што Ён зьяўлены быў, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху. Кожны, хто ў Ім прабыва́е, ня грашыць; кожны, хто грашыць, ня бачыў Яго і ня спасьціг Яго. Дзеці! хай ніхто вас ня зводзіць. Хто чыніць праўду, той праведны, як Ён праведны. Хто робіць грэх, той ад д’ябла, бо ад пачатку д’ябал грашыць. Для гэтага быў зьяўлены Сын Бога, каб разбурыць учынкі д’ябла. Усякі, хто народжаны ад Бога, грэху ня робіць, бо Насеньне Ягонае прабывае ў ім, і ён ня можа грашыць, таму што ад Бога народжаны. У гэтым вачавíдны дзеці Бога і дзеці д’ябла: кожны, хто ня робіць праўды, ня ёсьць ад Бога, а таксама і той, хто ня любіць брата свайго. Бо такое ёсьць прыказа́ньне, якое вы пачулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго; ня як Каін, што быў ад д’ябла і забіў брата свайго. Па якой прычыне забіў яго? Таму што, учынкі ягоныя былí злыя, а (учынкі) брата ягонага — справядлівыя. Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет нянавíдзіць вас. Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, таму што любім братоў; хто ня любіць брата, прабывае ў сьмерці. Кожны, хто нянавíдзіць брата свайго, ёсьць забойца; а вы ведаеце, што ніякі забойца ня мае жыцьця вечнага, у ім прабываючага. З таго спасьціглі мы любоў, што Ён за нас паклаў жыцьцё Сваё; і мы павінны за братоў пакладаць жыцьці. А хто мае сродкі для жыцьця ў сьвеце гэтым і бачыць брата свайго, які мае патрэбу, і запірае сэрца сваё ад яго, дык як прабывае ў ім любоў Бога? Дзеці мае! будзем любіць ня словам ці языком, але справай і праўдай. І па гэтаму пазнаём, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя, бо калі сэрца на́шае нас вінаваціць: Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё. Любасныя! калі сэрца нашае ня вінава́ціць нас, дык мы маем адвагу перад Богам, і чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, таму што прыказаньні Ягоныя выпаўняем і заўгоднае перад Ім робім. І прыказаньне Ягонае ёсьць такое, каб мы верылі ў Імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста, і любілі адзін аднаго, як Ён даў нам прыказаньне. І хто выконвае прыказаньні Ягоныя, той у Ім прабывае, і Ён — у тым, і па гэтаму пазнаём, што Ён прабывае ў нас: па Духу, Якога Ён даў нам.
Любасныя! ня кожнаму духу верце, але выспрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, таму што многія хвальшывыя прарокі прыйшлі ў сьвет. Па гэтаму вы пазнае́це Духа Бога: кожны дух, які прызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога; а кожны дух, які ня вызнае́ Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе, ня ёсьць ад Бога, але гэта ёсьць дух антыхрыста, пра каторага вы чулі, што ён надыходзіць, ды і цяпер (ён) ужо ёсьць у сьвеце. Дзеці! вы ад Бога, і перамаглі іх! таму, што Той, Каторы ў вас, большы за таго, каторы ў сьвеце. Яны — ад гэтага сьвету, таму і гавораць ад сьвету гэтага, і сьвет гэты слухае іх. Мы — ад Бога; хто ведае Бога, слухае нас; хто ня ёсьць ад Бога, нас ня слухае. З гэтага пазнаем Духа Праўды і духа заблуджэньня. Любасныя! будзем любіць адзін аднаго, таму, што любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і знае Бога. Хто ня любіць, той ня спасьціг Бога, таму што Бог ёсьць любоў. У гэтым зьяўлена любоў Бога да нас, што Бог Сына Свайго Адзінароднага паслаў у гэты сьвет, каб мы ажылí празь Яго. У гэтым ёсьць любоў: ня што мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго (як) ахвяру адкупляльную за грахі нашыя. Любасныя! калі так Бог палюбіў нас, (то) і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, (то) Бог прабывае ў нас, і любоў Ягоная дасканалая ў нас. Па гэтым пазнаём, што прабываем у ім, і Ён у нас, што даў нам ад Духа Свайго. І мы ўбачылі і сьведчым, што Ба́цька паслаў Сына Збаўцу сьвету. Хто бы ні вызнаў, што Ісус ёсьць Сын Бога, Бог у ім прабывае, і ён у Богу. І мы паверылі і спасьціглі любоў (Бога), якую Бог мае да нас. Бог ёсьць любоў, і хто прабывае ў любві (Бога), у Богу прабывае, і Бог у ім. Дзеля таго любоў (Бога) удаскана́лена ў нас, каб мы мелі сьмеласьць у дзень Суду, бо які Ён, такія і мы ёсьць у гэтым сьвеце. Страху няма ў любві (Бога), але дасканалая любоў (Бога) вон выганяе страх, таму што страх мае (у сабе думку пра) пакараньне. А хто баіцца, ня дасканалы ў любові (Бога). Мы любім Яго, таму што Ён першы палюбіў нас. Калі хто скажа: я люблю Бога, а брата свайго нянавідзіць — ён ёсьць ілжэц, таму што, хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, (то) Бога, Якога ня бачыць, як можа любіць? І (мы) маем ад Яго гэткае прыказаньне, каб, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць і Таго, Хто Народжаны ад Яго. Па гэтым пазнаём, што любім дзяцей Бога, калі любім Бога і прыказаньні Ягоныя спаўняем. Бо ў гэтым ёсьць любоў да Бога, каб (мы) прыказаньні Ягоныя спаўнялі. А прыказаньні Ягоныя ня цяжкія. Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае гэты сьвет, і гэта ёсьць перамога, якая перамагла гэты сьвет — ёсьць вера нашая. Хто ёсьць той, хто перамагае сьвет гэты, як ня той, хто верыць, што Ісус ёсьць Сын Бога? Той, Хто прыйшоў праз ваду і кроў, гэта ёсьць Ісус Хрыстос, ня праз ваду толькі, але праз ваду і кроў; і Дух сьведчыць, бо Дух ёсьць праўда. Затым: Тры сьведчаць на Небе: Ба́цька, Слова і Сьвяты Дух; і Гэтыя Тры ёсьць Адзін. І ёсьць Тры сьведкі на зямлі: Дух, Вада і Кроў, і (гэтыя) тры ёсьць Адзінага. Калі прымаем сьведчаньне людзей, (дык) сьведчаньне Бога ёсьць большае, таму што гэта ёсьць сьведчаньне Бога, якім (Ён) засьведчыў аб Сыне Сваім. Хто ў Сына Бога верыць, мае сьведчаньне ў сабе, хто ня верыць Богу, той зрабіў Яго ілгуном, таму што ня паверыў у сьведчаньне, якім засьведчыў Бог аб Сыне Сваім. І гэтае сьведчаньне ёсьць аб тым, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ёсьць у Сыне Ягоным. Хто мае Сына, (той) мае жыцьцё; хто ня мае Сына Бога, (той) ня мае жыцьця. Гэта я напісаў вам, веручым у Імя Сына Бога, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае, і каб (вы) верылі ў Імя Сына Бога; і гэта ёсьць адвага, якую (мы) маем перад Ім, што калі што-небудзь просім па волі Ягонай, (Ён) слухае нас. І калі мы ведаем, што Ён слухае нас, чаго б мы ні папрасілі, (то) ведаем (і тое), што (мы ўжо) маем прошанае, якое папрасілі ў Яго. Калі хто ўбачыў брата свайго, які грашыць грахом ня на сьмерць: і папросіць (Бога за яго, і Бог) дасьць яму жыцьцё, (маю на ўвазе тых, што) саграшаюць (грахом) ня на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: кажу, каб ня за таго (ён) маліўся. Усякая нясправядлівасьць ёсьць грэх, але грэх ня на сьмерць. Мы ведаем, што кожны народжаны ад Бога, ня грэшыць, але народжаны ад Бога беражэ сябе, і ліхі ня можа яму пашкодзіць. Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь гэты сьвет ляжыць у зьле. І ведаем, што Сын Бога прыйшоў і даў нам розум, каб (нам) пазнаваць Праўдзівага, і мы ёсьць у Праўдзівым, у Сыне Ягоным Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Праўдзівы Бог і Жыцьцё вечнае. Дзеці! Зьберагайце сябе ад ідалаў. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020