Библия › Чарняўскі-99 › 2 Яна

2-i ліст Яна

Старшы — выбранай пані і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і ня толькі я сам, але ўсе, што пазналі праўду, дзеля праўды, што прабывае ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасьці. Ласка, міласэрдзе і супакой ад Бога Айца і ад Езуса Хрыста, Сына Айца, хай будзе з намі ў праўдзе і любові. Я быў вельмі рады, што сярод дзяцей тваіх знайшоў такіх, што жывуць у праўдзе, як мы атрымалі прыказаньне ад Айца. І цяпер прашу цябе, пані, не як новае прыказаньне пішучы табе, але як тое, што мелі мы ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго. І тое ёсьць любоў, каб мы жылі паводле прыказаньняў Ягоных. Гэта тое прыказаньне, якое вы чулі ад пачатку, каб у ім хадзіць. Бо паявілася на сьвеце многа звадыяшаў, якія не вызнаюць, што Езус Хрыстос прыйшоў у целе (чалавечым); гэткі ёсьць звадыяш і антыхрыст. Глядзіце самі на сябе, каб ня страцілі вы таго, што запрацавалі, але каб атрымалі заплату поўнасьцю. Кожны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і не трымаецца яе, ня мае Бога; а хто трымаецца гэтай навукі, той мае і Айца, і Сына. Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтае навукі, не прыймайце яго ў дом і не вітайце яго. Бо хто яго вітае, стаецца саўдзельнікам яго злачынстваў. Шмат маю я вам напісаць, але не хачу на паперы і атрамантам, бо спадзяюся, што да вас прыйду і асабіста з вамі пагавару, каб радасьць наша была поўнаю. Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй выбранай.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.