Библия › Чарняўскі-17 › 1 Цароў

1-я Цароў

І цар Давід састарэўся і меў вельмі шмат гадоў; і не мог ён сагрэцца, хоць накрывалі яго коўдрамі. І сказалі паслугачы яго: «Трэба знайсці гаспадару нашаму, цару, маладую дзяўчыну, і хай яна стане перад царом, і клапоціцца аб ім, і хай спіць на яго грудзях, і грэе гаспадара нашага, цара». І шукалі прыгожую маладую дзяўчыну па ўсёй зямлі Ізраэльскай, і знайшлі Абісаг, сунаміцянку, і прывялі яе да цара. Дзяўчына ж была вельмі прыгожая; і яна апекавалася над царом і паслугавала яму, але цар не дакрануўся да яе. А Адонія, сын Хагіт, узганарыўся і казаў: «Я буду цараваць!» І займеў ён сабе калясніцу, і коннікаў, і пяцьдзесят чалавек, што беглі перад ім. І бацька яго ніколі з ім не сварыўся, кажучы: «Нашто ты гэта зрабіў?» А быў ён і сам вельмі прыгожы, другі сын па Абсаломе. Ён дамовіўся з Ёабам, сынам Сэруі, і з Абіятарам, святаром, якія дапамагалі Адоніі. Але Садок, святар, і Баная, сын Ёяды, і Натан, прарок, і Сямэй, і Рэй, і моцнае войска Давіда не былі на баку Адоніі. Так, Адонія, забіўшы авечак, і цялят, і тлустую жывёлу каля каменя Загэлет, які быў блізка каля крыніцы Рагель, запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, і ўсіх людзей юдэйскіх, паслугачоў цара; а прарока Натана, і Банаю, і ўсіх ваяроў, і свайго брата Саламона не запрасіў. Дык сказаў Натан Бэтсэбе, маці Саламона: «Ці ты не чула, што царуе Адонія, сын Хагіт, і што гаспадар наш Давід гэтага не ведае? Дык хачу табе параіць, каб захавала ты жыццё сваё і сына свайго Саламона. І ідзі, і ўвайдзі да цара Давіда, і скажы яму: “Гаспадару мой, цар, ці не прысягнуў ты мне, паслугачцы тваёй, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе па мне цараваць, і ён будзе сядзець на маім пасадзе?” Дык чаму царуе Адонія?” І калі ты яшчэ будзеш размаўляць там з царом, за табою прыйду я і падтрымаю словы твае». Тады Бэтсэба ўвайшла да цара ў спальню; цар жа быў надта стары, і сунаміцянка Абісаг паслугавала яму. І ўкленчыла Бэтсэба, і пакланілася цару; а цар звярнуўся да яе: «Чаго ты хочаш сабе?» Яна адказала яму: «Гаспадару мой, ты прысягнуў Госпадам, Богам тваім, паслугачцы тваёй: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне і ён будзе сядзець на пасадзе маім”, а вось цяпер Адонія царуе, калі ты, гаспадар мой, цар, не ведаеш пра гэта. Забіў ён валоў, і ўсю тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў цара, таксама Абіятара, святара, і Ёаба, кіраўніка войска; а Саламона, паслугача твайго, не паклікаў. Але ты, гаспадару мой, — цар, на цябе звернуты вочы ўсяго Ізраэля, каб ты яму аб’явіў, хто па табе, гаспадар мой, цар, павінен сядзець на тваім пасадзе! Інакш, калі ты, гаспадар мой, цар, заснеш з бацькамі сваімі, на мяне і на сына майго Саламона спадзе абвінавачванне». Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан. І паведамілі аб гэтым цару, кажучы: «Вось, Натан, прарок». І калі ўвайшоў ён перад аблічча цара, і пакланіўся яму нізка да зямлі, сказаў Натан: «Гаспадару мой, цар, ці ты сказаў: “Адонія хай царуе пасля мяне, і хай ён сядзе на пасад мой?” Таму што сёння ён пайшоў і забіў у ахвяру валоў, і тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў царскіх, і начальнікаў войска, і святара Абіятара, і яны разам з ім ядуць, і п’юць, і гамоняць: “Хай жыве цар Адонія!” А мяне, твайго паслугача, і святара Садока, і Банаю, сына Ёяды, і Саламона, паслугача твайго, ён не запрасіў. Ці не сталася гэта па волі гаспадара майго, цара, і чаму ты не аб’явіў мне, слузе твайму, хто будзе сядзець на пасадзе гаспадара майго, цара, пасля яго?» І ў адказ сказаў цар Давід: «Паклічце да мяне Бэтсэбу». Калі ўвайшла яна да цара і стала перад ім, пакляўся цар і сказаў: «Жыве Госпад, Які выратаваў душу маю з усялякае бяды, бо, як я пакляўся табе Госпадам, Богам Ізраэля, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне, і ён сядзе на мой пасад замест мяне”, — так сёння і зраблю». І Бэтсэба, упаўшы тварам на зямлю, пакланілася цару і сказала: «Няхай жыве, гаспадар мой, цар Давід, вечна!» І загадаў цар Давід: «Паклічце да мяне Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды». Калі яны з’явіліся перад царом, сказаў ён ім: «Вазьміце з сабою паслугачоў гаспадара вашага і пасадзіце Саламона, сына майго, на мула майго, і вядзіце яго ў Гіхон, і хай там святар Садок і прарок Натан намасцяць яго на цара Ізраэля, і затрубіце ў рог, і абвясціце: “Хай жыве цар Саламон!” І пойдзеце за ім, і прыйдзе ён, і сядзе на пасад мой, і будзе цараваць замест мяне; і я загадаю яму, каб быў ён валадаром над Ізраэлем і над Юдэяй». І ў адказ Баная, сын Ёяды, сказаў цару: «Амін, хай скажа гэтак Госпад, Бог гаспадара майго, цара! Як быў Госпад з гаспадаром маім царом, так няхай будзе Ён з Саламонам і хай узвялічыць пасад яго больш за пасад гаспадара майго, цара Давіда!» І пайшоў Садок, святар, і Натан, прарок, і Баная, сын Ёяды, і херэты, і фелеты, і пасадзілі Саламона на мула цара Давіда і прывязлі яго ў Гіхон. Там святар Садок узяў рог алею са скініі, і памазаў Саламона; і затрубіў у рог, і закрычаў увесь народ: «Хай жыве цар Саламон!» І увесь народ праводзіў Саламона, і граў народ на флейтах, і радаваўся вялікай радасцю, і зямля шумела ад іх гомана. І пачуў Адонія і ўсе запрошаныя ім; і ўжо застолле было скончана. Але і Ёаб, пачуўшы гук трубы, сказаў: «Што гэта за гоман узрушанага горада?» Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Ёнатан, сын Абіятара, святара; сказаў яму Адонія: «Увайдзі, бо ты чалавек дастойны і добрае нам абвяшчаеш». І Ёнатан сказаў Адоніі: «Зусім не! Бо гаспадар наш, цар Давід, абвясціў царом Саламона, і паслаў з ім Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды, і херэтаў, і фелетаў; і яны пасадзілі Саламона на мула цара, і святар Садок і прарок Натан намасцілі яго на цара ў Гіхоне. І адтуль выйшлі яны з радасцю, і горад загаманіў; гэта той гоман, які вы чуеце. Але і Саламон сядзеў на пасадзе царскім, і царскія паслугачы папрыходзілі дабраславіць гаспадара нашага, цара Давіда, кажучы: “Хай Бог праславіць імя Саламона па-над тваім імем, і ўзвялічыць пасад яго па-над тваім пасадам”. І цар пакланіўся на ложку сваім. І, апроч таго, сказаў ён так: “Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які даў сёння вачам маім бачыць таго, хто сядзіць на пасадзе маім”». Такім чынам, спалохаліся і паўскаквалі ўсе, запрошаныя Адоніем, і кожны з іх пайшоў сваёй дарогаю. А Адонія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў, і ўхапіўся за рогі ахвярніка. І паведамілі пра гэта Саламону, кажучы: «Вось, Адонія, баючыся цара Саламона, ухапіўся за рогі ахвярніка, кажучы: “Хай сёння прысягне мне цар Саламон, што не заб’е паслугача свайго мечам”». І Саламон сказаў: «Калі ён будзе чалавекам добрым, не ўпадзе на зямлю ніводны волас яго; але калі выявіцца ў ім ліха, то памрэ». І паслаў за ім Саламон, і адвялі яго ад ахвярніка, і ён увайшоў і пакланіўся цару Саламону; і Саламон сказаў яму: «Ідзі дамоў».

А набліжаўся час паміраць Давіду, і загадаў ён сыну свайму Саламону, кажучы: «Я ўзыходжу на дарогу ўсяе зямлі; ты ж будзь моцны і пакажы сябе мужчынам. І захавай загады Госпада, Бога твайго, каб хадзіць шляхамі Яго, і пільнаваць пастановы Яго, і загады Яго, і прыказанні, і сведчанні, як напісана ў законе Майсеевым, каб мець поспех ва ўсім, што ты робіш, і паўсюль, куды ты пойдзеш; каб здзейсніў Госпад слова Сваё, якое гаварыў мне, кажучы: “Калі твае сыны будуць пільнаваць дарогі свае і калі будуць хадзіць перада Мной у праўдзе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, то не будзе адкінуты нашчадак твой ад пасада Ізраэля”. Ты таксама ведаеш, што зрабіў мне Ёаб, сын Сэруі, што ён зрабіў з двума кіраўнікамі войска ізраэльскага, з Абнэрам, сынам Нэра, і Амасаю, сынам Етэра, якіх забіў; і ён праліў кроў у час міру, як на вайне, і запляміў ён крывёй вайны пояс свой, што быў вакол сцёгнаў яго, і абутак свой, што быў на нагах яго. Дык дзейнічай паводле мудрасці сваёй, і не адпусці сівізны яго ў апраметную ў супакоі. А сынам Барзэлая Галаадца аддасі ласкай, і хай ядуць яны за сталом тваім: бо яны прыйшлі да мяне, калі я ўцякаў перад Абсаломам, братам тваім. Таксама ёсць пры табе Сямэй, сын Гэра, бэньямінец з Бахурыма, які праклінаў мяне найгоршым праклёнам, калі я ішоў у Маханаім; але ён сустрэў бо мяне каля Ярдана, і я пакляўся яму Госпадам, кажучы: “Не заб’ю цябе мечам”. Ты не дазваляй яму быць цэлым; ты ж чалавек мудры і ведаеш, што яму зрабіць, і звядзеш сівізну яго ў крыві ў апраметную». І супачыў Давід з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давідавым. А часу, калі цараваў Давід над Ізраэлем, — сорак гадоў: у Геброне цараваў сем гадоў, у Ерузаліме — трыццаць тры гады. А Саламон сеў на пасадзе Давіда, бацькі свайго, і цараванне яго было вельмі трывалае. Аднойчы Адонія, сын Хагіт, прыйшоў да Бэтсэбы, маці Саламона, якая спытала яго: «Ці супакойны прыход твой?» Ён адказаў: «Супакойны». І дадаў: «Хачу пагаварыць з табой». Яна сказала яму: «Гавары». І ён сказаў: «Ты ведаеш, што ўлада царская належала мне і што ўвесь Ізраэль прапанаваў мяне на цара сабе, але царства адышло ад мяне і дасталася брату майму; бо Госпадам яно было дадзена яму. А цяпер я аб адным прашу цябе; не перапыняй мяне». Яна сказала яму: «Гавары». І ён сказаў: «Прашу, каб ты сказала цару, Саламону, — бо ён не можа ні ў чым табе адмовіць, — каб за жонку даў мне ён Абісаг, сунаміцянку». Бэтсэба сказала: «Добра, заступлюся я за цябе ў цара». Дык прыйшла Бэтсэба да цара Саламона, каб пагаварыць з ім пра Адонію. І цар устаў насустрач ёй, і пакланіўся ёй, і сеў на свой пасад; таксама пастаўлены быў пасад для маці цара, якая села праваруч цара. І яна сказала яму: «Маю я да цябе адну малую просьбу; не перапыняй мяне». Сказаў ёй цар: «Прасі, маці мая, бо немагчыма, каб я адвярнуўся ад цябе». Яна кажа: «Дай сунаміцянку Абісаг за жонку брату твайму, Адоніі». У адказ сказаў цар Саламон маці сваёй: «Чаму ты просіш сунаміцянку Абісаг Адоніі? Прасі таксама царства яму! Бо ён старэйшы брат мой і мае пры сабе Абіятара, святара, і Ёаба, сына Сэруі». Дык прысягнуў цар Саламон Госпадам, кажучы: «Хай адно мне дасць Бог і другое дадасць; напэўна, на загубу жыцця свайго сказаў Адонія гэтае слова. Дык цяпер, жыве Госпад, Які моцна паставіў мяне і пасадзіў мяне на пасад Давіда, бацькі майго, і Які, як прадказваў, пабудаваў мне дом, сёння, напэўна, Адонія будзе забіты!» І даручыў гэта цар Саламон Банаю, сыну Ёяды, які забіў яго, і той памёр. Таксама святару Абіятару цар загадаў: «Ідзі ў Анатот у сваю сядзібу; бо ты — чалавек, варты смерці; але сёння я не заб’ю цябе, бо ты насіў каўчэг Госпада Бога ў прысутнасці бацькі майго, Давіда, і ты перанёс усе цяжкасці, якія пераносіў бацька мой». І выгнаў Саламон Абіятара, каб не быў ён святаром Госпадавым, так што споўнілася слова Госпадава, якое Ён сказаў аб доме Гэлі ў Сіло. А вестка аб гэтым дайшла да Ёаба, Ёаб жа прыхіліўся да Адоніі, хоць да Абсалома не схіляўся; і ўцёк Ёаб у палатку Госпадаву, і ўхапіўся за рогі ахвярніка. І паведамілі цару Саламону, што Ёаб уцёк у палатку Госпадаву і трымаецца за ахвярнік; і паслаў Саламон Банаю, сына Ёяды, загадваючы: «Ідзі, забі яго!» І ўвайшоў Баная ў палатку Госпадаву, і загадаў яму: «Гэта загадаў цар: “Выходзь!”» А той адказаў: «Не выйду, але тут памру». Пераказаў Баная размову цару, кажучы: «Гэтак сказаў Ёаб у адказ мне». І загадаў яму цар: «Зрабі, як ён сказаў, і забі яго, і пахавай; і ачысціш мяне і дом бацькі майго ад бязгрэшнай крыві, якую праліў Ёаб. І хай верне Госпад кроў яго на галаву яго, бо ён забіў двух чалавек справядлівых і лепшых за яго, і забіў іх мечам, калі не ведаў гэтага бацька мой, Давід: забіў мечам Абнэра, сына Нэра, кіраўніка войска Ізраэля, і Амасу, сына Етэра, кіраўніка войска юдэйскага. І хай вернецца кроў іх на галаву Ёаба і на галаву нашчадкаў яго навекі; а для Давіда, і для семя яго, і для дома, і для пасада яго хай будзе супакой ад Госпада вечна». Дык пайшоў Баная, сын Ёяды, і ўдарыў яго і забіў, і быў ён пахаваны ў доме сваім у пустыні. І паставіў цар Банаю, сына Ёяды, кіраўніком над войскам замест яго, і Садока, святара, паставіў на месца Абіятара. Таксама паклікаў цар Сямэя і загадаў яму: «Пабудуй сабе дом у Ерузаліме і жыві там, і не выходзь адтуль нікуды. У які дзень выйдзеш і пяройдзеш ручэй Цэдрон, ведай, што цябе заб’юць; кроў твая ўпадзе на тваю галаву». Сямэй сказаў цару: «Добрае гэта слова; як гаспадар мой, цар, загадаў, так і зробіць паслугач твой». Такім чынам, на доўгія гады Сямэй абжыўся ў Ерузаліме. А здарылася па трох гадах, што два нявольнікі Сямэя ўцяклі да Ахіса, сына Маахі, цара Гета. І паведамілі Сямэю, што нявольнікі яго ў Геце. Дык сабраўся Сямэй, сеў на асла свайго і накіраваўся ў Гет да Ахіса адшукаць паслугачоў сваіх, і прывёў іх з Гета. І паведамілі Саламону, што Сямэй хадзіў у Гет з Ерузаліма і вярнуўся. І паслаў па яго цар, і сказаў яму: «Ці не прысягнуў я табе Госпадам і не папярэдзіў цябе: у які дзень ты выйдзеш туды ці сюды, ведай, што напэўна памрэш? І ты адказаў мне: “Добрае гэтае слова, што я чуў”. Дык чаму не захаваў ты прысягі Госпадавай і загаду, які я табе даў?» І сказаў цар Сямэю: «Ты ведаў усё зло, якое ўсведамляе сэрца тваё, якое ты зрабіў бацьку майму, Давіду; вяртае Госпад ліхоту тваю на галаву тваю. А цар Саламон дабраславёны, і пасад Давіда хай будзе трываць перад Госпадам вечна». Тады цар загадаў Банаю, сыну Ёяды, які, выйшаўшы, забіў яго, і ён памёр. Такім чынам, умацавалася царства ў руцэ Саламона.

І парадніўся Саламон з фараонам, царом Егіпецкім. Бо ўзяў за жонку дачку фараона, і ўвёў яе ў горад Давідаў, пакуль яшчэ не пабудаваў дом сабе, і дом Госпадаў, і муры кругом Ерузаліма. А народ ускладаў ахвяры на ўзгорках, бо не быў пабудаваны дом для імя Госпадавага ў тую пару. А Саламон любіў Госпада і хадзіў паводле загадаў Давіда, бацькі свайго, за выключэннем таго, што складаў ён ахвяры і каджэнні на ўзгорках. Такім чынам, пайшоў цар у Габаон, каб там ускласці ахвяру; бо там быў найвышэйшы ўзгорак. Саламон усклаў на той ахвярнік тысячу цэласпаленняў. У Габаоне з’явіўся Саламону ноччу ў сне Госпад і сказаў яму: «Прасі, што хочаш, і Я дам табе». І Саламон кажа: «Ты аказваў слузе твайму Давіду, бацьку майму, вялікую міласэрнасць, бо ён хадзіў сам перад Табою ў праўдзе і справядлівасці і з праўдзівым сэрцам адносна Цябе; і захаваў Ты яму вялікую Сваю міласэрнасць, і даў яму сына, што сядзіць на пасадзе яго, як гэта ёсць сёння. І вось цяпер, Госпадзе, Божа мой, Ты ўчыніў так, што царуе паслугач твой на месцы Давіда, бацькі майго. Я ж вельмі малады, і не ведаю свайго выхаду і ўваходу; і паслугач Твой між народа, які Ты выбраў, народа вялікага, якога нельга палічыць, ані пералічыць. Дык дай Свайму паслугачу сэрца мудрае, каб мог судзіць народ Твой і адрозніваць, што добрае, а што благое. Бо хто ж можа судзіць гэты шматлікі народ Твой?» І спадабалася Госпаду тое, што прасіў Саламон. І сказаў Бог Саламону: «За тое, што ты выказаў гэтую просьбу і не прасіў для сябе ані доўгага жыцця, ані багацця, ані жыццяў ворагаў тваіх, але прасіў ты сабе мудрасці, каб умець судзіць, Я вось раблю з табою паводле просьбаў тваіх, і Я даю табе сэрца мудрае і разважнае, так што такога, як ты, не было перад табою і не будзе пасля цябе; але Я даю табе і тое, пра што ты не прасіў, гэта значыць, багацце і славу такую, што падобным да цябе не будзе ніхто з цароў ува ўсе дні жыцця твайго. А калі ты будзеш хадзіць дарогамі Маімі і пільнаваць прыказанні Мае і загады Мае, як рабіў гэта Давід, бацька твой, то Я зраблю доўгімі дні твае». Такім чынам, прачнуўся Саламон і зразумеў, што гэта быў сон. І калі прыйшоў ён у Ерузалім, стаў ён перад каўчэгам запавету Госпада, і склаў ахвяры цэласпалення і прынёс ахвяры прымірэння, і зрабіў застолле для ўсіх паслугачоў сваіх. Тады прыйшлі да цара дзве жанчыны-распусніцы і сталі перад ім. І адна з іх кажа: «О гаспадару мой, я і гэтая жанчына жылі ў адным доме, і пры ёй у доме гэтым я нарадзіла; на трэці дзень пасля мяне і яна нарадзіла, і былі мы разам, і, апрача нас дзвюх, нікога іншага з намі ў доме не было. А ноччу памёр сын гэтай жанчыны: бо яна задушыла яго, калі спала. І яна, устаўшы глыбокай ноччу, з-пад боку майго моўчкі ўзяла сына майго, калі паслугачка твая спала, і паклала на сваіх грудзях; а свайго сына, мёртвага, паклала на мае грудзі. І калі я ўстала раніцай, каб пакарміць сына свайго, ён аказаўся мёртвым; а калі пры дзённым святле я больш уважліва да яго прыгледзелася, то зразумела, што не мой гэта сын, якога я нарадзіла». І другая жанчына адказала: «Гэта няпраўда, бо мой сын жыве, а твой памёр». А тая казала: «Ты хлусіш. Гэта твой сын памёр, а мой жыве». І так спрачаліся яны перад царом. Тады сказаў цар: «Гэтая кажа: “Сын мой жыве, а твой сын мёртвы”; і тая адказвае: “Няпраўда, бо твой сын мёртвы, а мой сын жыве”». І загадаў цар: «Прынясіце мне меч!» І калі прынеслі цару меч, загадаў ён: «Падзяліце жывое дзіця на дзве часткі, і дайце адной палову і другой палову». І жанчына, якой сын быў жывы, — бо ўзрушылася сэрца яе дзеля сына яе, — сказала цару: «Прашу, гаспадару, не забівайце яго і жывога аддайце ёй». А другая казала: «Падзяліце, хай не будзе ён ані табе, ані мне». І цар пастанавіў: «Дайце той жывое дзіця і не забівайце яго; яна — маці яго». І пачуў увесь Ізраэль пра гэты суд, як вырашыў цар; і баяліся цара, бо бачылі, што ў ім — мудрасць Божая, каб чыніць суд.

І цараваў цар Саламон над усім Ізраэлем. І гэта кіраўнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока, святара, Элігарэф і Ахія, сыны Сісы, пісара, Язафат, сын Ахілуда, дзееапісальнік. А Баная, сын Ёяды, быў кіраўніком войска, а Садок і Абіятар — святарамі. Азарыя, сын Натана, — над намеснікамі, Забуд, сын Натана, святар, — прыяцелем цара. Ахісар — кіраўніком над домам, а Аданірам, сын Абды, — над падаткамі. І меў Саламон над усім Ізраэлем дванаццаць намеснікаў, якія рупіліся пра харчы для цара і дому яго; бо кожны з іх дапамагаў неабходным адзін месяц у год. І вось імёны іх: Бэнгур на гары Эфраім; Бэндэкар — у Мацы і ў Салебіме, і ў Бэтсамэсе, і ў Элоне і Бэтанане; Бэнхасэд — у Арубоце, да яго належалі Соха і ўся зямля Хэфэр; Бэнабінадаб, якому належала ўся ваколіца Дора, і ён меў за жонку Тафэт, дачку Саламона; Баана, сын Ахілуда, меў уладу над Танахам, Магедай і над усім Бэт-Санам, што блізка Сартана, ніжэй Езрагэля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхолы і аж за Екмаам; Бэнгабэр — у Рамоце Галаадскім меў паселішчы Яіра, сына Манасы, у Галаадзе; ён кіраваў усёй ваколіцай Аргоба, што ў Басане, у шасцідзесяці вялікіх гарадах мураваных, якія мелі медныя засаўкі на брамах; Ахінадаб, сын Адо, кіраваў у Маханаіме; Ахімаас — у Нэфталі, але ён таксама ўзяў за жонку Басэмат, дачку Саламона; Баана, сын Хусая, кіраваў у Асэры і ў Балоце; Язафат, сын Паруэ, — у Ісахары; Сямэй, сын Эла, — у Бэньяміне; Гебэр, сын Ура, — у зямлі Галаад, у зямлі Сэгона, цара амарэяў, і Ога, цара Басана, так што быў адзін намеснік на ўсю краіну. Юда і Ізраэль былі шматлікія, як пясок марскі; яны елі і пілі і радаваліся. А Саламон валодаў усім царствам ад Ракі аж да зямлі філістынцаў і аж да мяжы Егіпта; яны прыносілі яму дары і служылі яму ва ўсе дні яго жыцця. А харчаваннем Саламона на кожны дзень было: трыццаць кораў найлепшае мукі і шэсцьдзесят кораў звычайнай мукі, дзесяць кормных валоў і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, за выключэннем палявання на аленяў, сарнаў, і антылопаў, і кормных птушак. Ён бо валодаў усім абшарам на той бок ракі, ад Тапсы да Газы, і ўсімі царамі тых земляў; і меў ён супакой на ўсіх межах сваіх наўкола. І Юдэя і Ізраэль жылі без усякага страху, кожны пад вінаградам сваім і пад дрэвам фігавым сваім ад Дана да Бээр-Сэбы ва ўсе дні Саламона. І меў Саламон чатыры тысячы стайняў для коней да калясніц сваіх і дванаццаць тысяч коннікаў. І назначаныя намеснікі дастаўлялі на стол цара Саламона і яго сатрапезнікаў усё неабходнае з вялікай руплівасцю кожны ў свой месяц. Таксама ячмень і салому для коней і жывёлы дастаўлялі на месца, якое было кожнаму прызначана. Таксама даў Бог Саламону вельмі вялікую мудрасць і разважлівасць, і розум вялікі, як пясок, які на беразе мора. І Саламон мудрасцю сваёю перавышаў мудрасць усіх сыноў Усходу і егіпцян; і быў ён мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы за Этана Эзрахіта, і Гемана, і Халхола, і Дарды, сыноў Махола, і быў слаўны ўва ўсіх навакольных народаў. Таксама расказаў Саламон тры тысячы прыказак, і песень у яго было тысяча пяць. І гаварыў ён пра дрэвы, пачынаючы ад кедра, што ў Лібане, аж да гізопу, што расце на муры; гаварыў таксама пра звяроў, і пра птушак, і пра гадаў паўзучых, і рыбаў. І прыходзілі з усіх народаў паслухаць мудрасці Саламона, ад усіх цароў зямлі, якія чулі пра мудрасць яго.

Таксама Гірам, цар Тыра, паслаў да Саламона паслугачоў сваіх; бо пачуў, што яго намасцілі на цара на месца бацькі яго, паколькі Гірам увесь час быў сябрам Давіда. А Саламон паслаў да Гірама, кажучы: «Ты ведаеш волю Давіда, бацькі майго, і што не змог пабудаваць дом імю Госпада, Бога свайго, дзеля войнаў, што пагражалі яму, аж пакуль Госпад не паклаў іх пад ногі яго. Цяпер жа Госпад, Бог мой, даў мне супакой з усіх бакоў; няма супраціўніка і няма нападзення ліхога. Дзеля таго вырашыў я пабудаваць святыню імю Госпада, Бога майго, як загадаў Госпад Давіду, бацьку майму, кажучы: “Сын твой, якому Я дам пасад твой пасля цябе, ён пабудуе дом імю Майму”. Дык ты загадай насекчы для мяне кедраў з Лібана, а мае паслугачы хай будуць разам з тваімі паслугачамі; я ж буду плаціць табе за паслугачоў тваіх, колькі ты загадаеш: бо ведаеш, напэўна, што ў маім народзе няма чалавека, які б умеў ссякаць дрэвы, як сідонцы». Так, калі пачуў Гірам словы Саламона, дужа ўзрадваўся і сказаў: «Дабраславёны сёння Госпад, Які Давіду даў сына наймудрэйшага над гэтым шматлікім народам». І паслаў Гірам да Саламона, кажучы: «Я пачуў тое, што ты мне загадаў сказаць, і я споўню кожнае жаданне тваё адносна дрэў кедравых і яловых. Паслугачы мае даставяць іх з Лібана да мора, і я злучу іх у плыты, і дастаўлю морам у месца, якое ты мне вызначыш, і там размяшчу я іх, і ты забярэш іх; і ты дасі мне ўсё неабходнае, каб меў хлеб дом мой». Так Гірам дастаўляў Саламону кедравыя дрэвы і кіпарысы паводле кожнага жадання яго. А Саламон даваў Гіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на харчаванне дому яго і дваццаць кораў найчысцейшага алею; гэта дастаўляў Саламон Гіраму штогод. Таксама даў Госпад мудрасць Саламону, як абяцаў яму; і быў мір між Гірамам і Саламонам, і яны абодва заключылі запавет. І выбраў цар Саламон работнікаў з усяго Ізраэля лікам трыццаць тысяч чалавек. І ён пасылаў іх у Лібан штомесяц па дзесяць тысяч на змену, так што па два месяцы яны былі ў сябе дома; і Аданірам быў загадчыкам над імі. І ў Саламона было яшчэ семдзесят тысяч тых, што насілі цяжары, і восемдзесят тысяч каменябойцаў у гарах, апрача трох тысяч трохсот наглядчыкаў, прызначаных Саламонам наглядаць за народам, які выконваў работу. І цар загадаў, каб яны дастаўлялі камяні вялікія, камяні дарагія для падмуркаў святыні, камяні квадратныя; такім чынам, абчэсвалі іх работнікі Саламонавы, работнікі Гірамавы і жыхары Гібла, дрэвы і камяні, і падрыхтоўвалі іх на пабудовы святыні.

У чатырыста васьмідзесятым годзе па выхадзе ізраэльцаў з зямлі Егіпецкай, на чацвёрты год царавання Саламона над Ізраэлем, у месяцы Зіў, — гэта другі месяц, — пачаў ён будаваць дом Госпаду. Дом, які цар Саламон будаваў для Госпада, меў шэсцьдзесят локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні. І прысценак перад святыняй меў дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні святыні, і дзесяць локцяў шырыні перад святыняй. І зрабіў ён у святыні наўскосныя вокны з кратамі, і пабудаваў насупраць сцяны святыні кругавыя паверхі ў сценах дома вакол святыні і Дабіра, і зрабіў сцены кругом. Меў ніжні паверх пяць локцяў шырыні, і сярэдні паверх — шэсць локцяў шырыні, і трэці паверх — сем локцяў шырыні; бо ён пабудаваў лесвіцу ў доме кругом звонку, каб бэлькі не ўваходзілі ў сцены святыні. А пры пабудове дома карысталіся абчасанымі і найлепшымі камянямі; і ў святыні не было чутна ані молата, ані сякеры, ані якой-небудзь жалезнай прылады, калі яе будавалі. Уваход жа на ніжні паверх быў з правага боку дома, і праз вітую лесвіцу можна было ўзысці на сярэдні паверх, і з сярэдняга — на трэці паверх. І пабудаваў ён святыню, і скончыў яе; таксама абшыў ён святыню кедравымі дошкамі. І пабудаваў ён да ўсяе святыні памост у пяць локцяў вышыні, і прымацаваў да святыні кедравымі бярвеннямі. І прамовіў Госпад да Саламона, кажучы: «Што да дома гэтага, які ты будуеш, то калі будзеш спаўняць пастановы Мае, і выконваць прыказанні Мае, і захоўваць усе настаўленні Мае, трымаючыся іх, Я споўню слова Маё табе, якое абяцаў Давіду, бацьку твайму; і буду Я жыць між сыноў Ізраэля, і не пакіну народа Майго, Ізраэля». Дык пабудаваў Саламон святыню, і закончыў яе. І знутры абшыў сцены дома кедравымі дошкамі; ад падлогі дома аж да сценных бэлек і аж да столі ўнутры абшыў дрэвам, і падлогу дома пакрыў яловымі дошкамі. І з задняга боку святыні паставіў сцяну з кедравых дошак у дваццаць локцяў вышыні ад падлогі да столі, і зрабіў у ёй унутры Дабір, гэта значыць святое з святых. А сорак локцяў даўжыні мела сама святыня без святога з святых яе. І кедравыя сцены ўнутры ўпрыгожвалі выразаныя плады і кветкі, якія распусціліся. Усё было абшыта кедравымі дошкамі, і каменя зусім не было відаць на сцяне. А Дабір ён зрабіў у сярэдзіне дома, ва ўнутранай частцы яго, каб там паставіць каўчэг запавету Госпада. Меў ён дваццаць локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і дваццаць локцяў вышыні; і ён абклаў яго найчысцейшым золатам, і збудаваў кедравы ахвярнік перад Дабірам. Таксама ўнутры Саламон абклаў святыню найчысцейшым золатам і нацягнуў залатыя ланцугі перад Дабірам, якое таксама абшыў золатам. І нічога не было ў святыні, што б не было пакрыта золатам; але і ўвесь ахвярнік Дабіра пакрыў ён золатам. І паставіў у святым з святых двух херубінаў з дрэва аліўкавага ў дзесяць локцяў вышыні. Адно крыло херубіна мела пяць локцяў, і другое крыло мела таксама пяць локцяў, гэта значыць, ад канца аднаго крыла да канца другога крыла было дзесяць локцяў. Другі херубін таксама меў дзесяць локцяў, абодва херубіны мелі аднолькавыя памеры і выгляд; вышыня аднаго і другога херубіна была дзесяць локцяў. І паставіў ён херубінаў у сярэдзіне ўнутранай часткі святыні; а крылы херубінаў былі раскінуты так, што крыло аднаго датыкалася да адной сцяны, а крыло другога датыкалася да другой сцяны; а другія крылы зыходзіліся ў сярэдзіне святыні крыло з крылом. Таксама пакрыў ён херубінаў золатам. І на ўсіх сценах святыні кругом выразаў розныя выявы; і на іх выразаў херубінаў, і пальмавыя дрэвы, і кветкі, што распусціліся, унутры і звонку. Але і падлогу святыні пакрыў ён золатам, унутры і звонку. І ўваходам у Дабір зрабіў ён дзверы з аліўкавага дрэва з пяцівугольнымі вушакамі. І на дзвюх паловах дзвярэй з аліўкавага дрэва ён выразаў херубінаў, і пальмы, і кветкі, што распусціліся, і пакрыў іх золатам, золатам пакрыўшы херубінаў, і пальмы, і ўсё астатняе. І ўваходам ў святыню ён зрабіў такім жа чынам чатырохвугольныя вушакі з аліўкавага дрэва, і двое дзвярэй з яловага дрэва, і абедзве паловы адных дзвярэй былі падвоеныя і рухомыя. І выразаў на іх херубінаў, і пальмы, і кветкі, што распусціліся, і пакрыў усё залатымі пласцінамі. І аббудаваў ён унутраны панадворак трыма радамі адпаліраваных камянёў і адным радам часаных кедравых бярвенняў. Дом Госпада быў заснаваны ў месяцы Зіў, у чацвёртым годзе, і ў адзінаццатым годзе, у месяцы Буль, — гэта восьмы месяц, — была закончана святыня з усімі прыладамі яе і з ўсім упарадкаваннем; і будаваў ён яе сем гадоў.

А свой дом будаваў Саламон трынаццаць гадоў, пакуль цалкам закончыў яго. Таксама збудаваў ён дом з лесу лібанскага ў сто локцяў даўжыні, і пяцьдзесят локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні на чатырох радах кедравых слупоў, і кедравыя бярвенні былі пакладзеныя на слупы. І дах быў кедравы, на вышыні, на сарака пяці плітах, што размяшчаліся на слупах, па пятнаццаць у адным радзе, — і тры крайнія рады, акно ля акна тры разы. Дзверы, гэта значыць, вушакі, мелі чатырохвугольны край. І зрабіў ён прысенак са слупамі ў пяцьдзесят локцяў даўжыні і трыццаць локцяў шырыні, і другі прысенак перад большым прысенкам, і слупы, і агароджу перад імі. Апрача гэтага, зрабіў прысенак з пасадам, дзе быў суд, і абшыў яго дошкай кедравай ад падлогі і аж да столі. І дом, у якім жыў, быў у іншай зале ўнутры прысенка, і такім жа чынам зроблены. Збудаваў ён таксама дом, падобны да таго прысенка, для дачкі фараона, якую ўзяў за жонку Саламон. Усё было з адборных камянёў, якія былі распілаваны па пэўным узоры і памеры, як унутры, так і звонку, — ад падмурка да столі, і звонку аж да большай залі. А падмурак быў з адборных камянёў, камянёў вялікіх, у дзесяць або восем локцяў. І над падмуркам — адборныя камяні, распілаваныя па памеры, і бярвенні кедравыя. І большая зала мела наўкола тры рады з распілаваных камянёў і адзін рад з абчэсанага кедра; падобна як унутраная зала святыні Госпада і прысенак святыні. Паслаў таксама цар Саламон узяць з Тыра Гірама, сына ўдавы з пакалення Нэфталі, з бацькам яго, тырцам, медніка, які быў поўны мудрасці, і розуму, і ведаў, каб выканаць усякую работу па медзі. Калі прыбыў ён да цара Саламона, зрабіў ён усё, што той яму даручыў. І адліў ён два слупы медныя: адзін у васемнаццаць локцяў вышыні і дванаццаць локцяў наўкола і таўшчынёю ў чатыры пальцы, і ўнутры — полы; і другі такі самы. Адліў ён таксама дзве капітэлі з расплаўленай медзі, якія размяшчаліся наверсе, на слупах; адна капітэль мела пяць локцяў вышыні і пяць локцяў вышыні мела другая капітэль, і на капітэлях, якія былі наверсе, на слупах, былі сплецены нібы на манер тканіны, ніці па ўзоры ланцужкоў, злучаных між сабою цудоўнай работаю, сем на адной капітэлі, і сем на другой капітэлі. І зрабіў ён па два рады гранатавых яблыкаў кругом кожнага спляцення, каб пакрывалі капітэлі, якія былі наверсе, на слупах; такім жа чынам аздобіў і другую капітэль. А капітэлі, якія былі наверсе, на слупах, у прысценку мелі выгляд лілеі ў чатыры локці велічыні. Да таго ж другія капітэлі на абодвух слупах, таксама наверсе, ля поласці, што была над спляценнем. А дзвесце яблыкаў гранатавых у два рады былі вакол адной капітэлі і столькі ж вакол другой капітэлі. І два слупы паставіў ён у прысценку святыні; і пастаўлены з правага боку слуп ён назваў Яхін, і пастаўлены з левага боку слуп назваў Баоз. І наверсе, на тых слупах, ён размясціў выявы лілеяў; так была закончана работа над слупамі. Таксама зрабіў ён з расплаўленай медзі мора, ад берага да берага дзесяць локцяў, круглае, вышыня яго пяць локцяў; і вяроўка ў трыццаць локцяў абвівала яго наўкола. І ніжэй берагоў мора акружалі яго выявы пладоў, два рады літых выяў у адным ліцці з морам. Гэтае мора стаяла на дванаццаці валах, з якіх тры глядзелі на поўнач, і тры — на ўсход, і тры — на захад, і тры — на поўдзень; і мора было на іх; усе зады іх хаваліся ў сярэдзіну. Таўшчыня купелі мела памер далоні, і губа яе была быццам губа кветкавай чашачкі і пялёстак лілеі, якая распусцілася; мела яна дзве тысячы батаў. Зрабіў ён дзесяць медных падножжаў: кожнае падножжа мела чатыры локці даўжыні, і чатыры локці шырыні, і тры локці вышыні. Падножжы гэтыя былі зроблены так: мелі яны ліштвы, і да таго ж ліштвы між падпоркамі На ліштвах між падпоркамі былі львы, і валы, і херубіны і над падпоркамі — таксама над і пад ільвамі, і валамі былі гірлянды каванай работы. І кожнае падножжа мела чатыры медныя колы на медных восях, і чатыры ножкі ў выглядзе круглых выступаў, адлітых пад купеллю насупраць кожнай гірлянды. І яго адтуліна была круглая накшталт падножжа; у адтуліне былі таксама розныя выявы, але ліштвы яго былі не круглыя, але чатырохкутныя. Таксама чатыры колы былі пад ліштвамі, і восі колаў былі прымацаваныя да падножжа; вышыня аднаго кола была паўтара локця. А колы былі зробленыя, як звычайна робяцца колы для калясніцы, і восі іх, і абады іх, і спіцы, і калодкі — усё было адлітае. Бо і тыя чатыры круглыя выступы на кожным рагу кожнага падножжа былі адліты з самога падножжа і злучаны з ім. А на вяршыні падножжа было адно закругленне ў паўлокця, і на вяршыні падножжа — яго падпоркі і яго ліштвы з яго самога. Таксама на тых перакрыццях, на яго восях і над ліштвамі яго выразаў ён кругом херубінаў, і львоў, і пальмы, і гірлянды адпаведна іх пустотаў. Такім вось спосабам зрабіў ён дзесяць падножжаў аднолькавага ліцця, аднолькавага памеру і выгляду. Зрабіў ён таксама дзесяць купеляў медных; кожная купель змяшчала сорак батаў і мела чатыры локці; і на кожным падножжы ён размясціў па адной купелі, гэта значыць на дзесяці падножжах. І паставіў ён дзесяць падножжаў: пяць у правай частцы святыні і пяць у левай; а мора памясціў у правай частцы святыні насупраць усходу на поўдні. Таксама зрабіў Гірам каўшы, і курыльніцы, і чары; і скончыў Гірам усе работы, якія меў споўніць для цара Саламона ў святыні Госпада; два слупы і два шары капітэляў на вяршынях слупоў, і дзве гірлянды на прыкрыццё двух шароў на вяршынях слупоў; і чатырыста яблыкаў гранатавых на абедзвюх гірляндах, па два рады яблыкаў на кожнай гірляндзе, каб пакрыць шары капітэляў, якія знаходзіліся над слупамі; і дзесяць падножжаў, і дзесяць купеляў на падножжах, і адно мора з дванаццаццю валамі пад морам; і каўшы, і курыльніцы, і чары. Усе прылады, якія Гірам зрабіў цару Саламону ў святыню Госпада, былі з медзі тонкай работы. Цар адліў гэта на раўніне Ярдана, на гліністай зямлі між Сукотам і Сартанам. І парасстаўляў Саламон усе прылады; а было іх так многа, што вагі медзі нельга было палічыць. І зрабіў Саламон усе прылады ў доме Госпада: залаты ахвярнік і залаты стол, на які клаліся хлябы пакладныя, і падсвечнікі: пяць падсвечнікаў з найчысцейшага золата з правага боку і пяць падсвечнікаў з левага боку насупраць святога з святых, і кветкі, і лямпы, зверху залатыя; і шчыпцы залатыя, і ахвярныя пасудзіны, і нажы, і чары, і катлы, і курыльніцы з найчысцейшага золата; і залатыя завесы да дзвярэй да ўнутранага пакоя дома, святога з святых, і да дзвярэй святыні. І скончыў ён усю работу, якую выконваў Саламон у святыні Госпада, і прынёс Саламон пасвячоныя бацькам сваім, Давідам, рэчы: срэбра, і золата, і посуд, і памясціў іх у скарбоўнях святыні Госпадавай.

Тады сабраў Саламон усіх старэйшын Ізраэля, — усіх князёў пакаленняў, усіх кіраўнікоў родаў сыноў Ізраэля да цара Саламона ў Ерузалім, каб перанесці каўчэг запавету Госпада з горада Давідавага, гэта значыць з Сіёна. І сабраўся да цара Саламона ўвесь Ізраэль у месяцы Этанім на свята — гэта сёмы месяц. І папрыходзілі ўсе старэйшыні Ізраэля, і святары ўзялі каўчэг, і перанеслі каўчэг Госпада, і палатку сустрэчы і ўсе святыя рэчы, якія былі ў палатцы; і неслі іх святары і левіты. А цар Саламон і ўся супольнасць Ізраэля, якая сабралася пры ім, з ім ускладала перад каўчэгам у ахвяру авечак і валоў, так многа, што ані ацаніць, ані падлічыць. І ўнеслі святары каўчэг запавету Госпада на сваё месца ў Дабір святыні, у святое з святых, пад крылы херубінаў. Бо херубіны раскідвалі крылы над месцам каўчэга і закрывалі каўчэг і яго жэрдкі зверху. І хаця жэрдкі вытыркваліся, і канцы іх паказваліся звонку ў свяцілішчы перад Дабірам, больш не было іх бачна звонку; і яны там знаходзяцца аж да гэтага дня. А ў каўчэгу не было нічога, апрача дзвюх каменных табліц, якія туды паклаў Майсей у Гарэбе, калі Госпад заключыў запавет з сынамі Ізраэля ў час іх выхаду з зямлі Егіпецкай. Здарылася ж, калі святары выйшлі са свяцілішча, што воблака запоўніла дом Госпадаў, і не маглі святары стаяць і спаўняць службу з-за таго воблака; бо хвала Госпадава запоўніла дом Госпадаў. Тады Саламон сказаў: «Госпад сказаў, што будзе жыць у воблаку. Будуючы, я пабудаваў дом на пражыванне Табе, пасад Твой наймацнейшы на векі». І павярнуў цар аблічча сваё, і дабраславіў увесь сход Ізраэля; бо ўвесь сход Ізраэля стаяў. І маліўся ён: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які сказаў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, тое і здзейсніў рукамі Сваімі, кажучы: “Ад таго дня, у які Я вывеў народ Мой, Ізраэль, з Егіпта, з усіх пакаленняў Ізраэля не выбраў Я горада для пабудовы святыні, каб імя Маё прабывала там; але Я выбраў Давіда, каб быў ён над народам Маім, Ізраэлем”. І Давід, бацька мой, захацеў збудаваць дом імю Госпада, Бога Ізраэля, але сказаў Госпад Давіду, бацьку майму: “Тое, што ты задумаў у сэрцы сваім, каб збудаваць дом імю Майму, добра ты зрабіў, абдумваючы гэта; аднак ты не пабудуеш дом, але сын твой, які выйдзе са сцёгнаў тваіх, ён пабудуе дом імю Майму”. Здзейсніў Госпад слова Сваё, якое сказаў; і заняў я месца бацькі майго, Давіда, і сеў на пасадзе Ізраэля, як прадказаў Госпад, і пабудаваў я дом імю Госпада, Бога Ізраэля. І там прыгатаваў я месца для аркі, у якой ёсць запавет Госпада, які Ён заключыў з бацькамі нашымі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай». І стаў Саламон перад ахвярнікам Госпада ў прысутнасці ўсяго сабранага Ізраэля, і працягнуў рукі свае ў неба, і маліўся: «О Госпадзе, Божа Ізраэля! Няма падобнага да Цябе Бога ані ў небе ўверсе, ані на зямлі ўнізе; Ты захоўваеш запавет і міласэрнасць для паслугачоў Сваіх, якія служаць Табе ўсім сэрцам сваім; Ты споўніў для слугі Твайго, Давіда, бацькі майго, тое, што паабяцаў яму: Ты вуснамі Сваімі сказаў і здзейсніў рукамі Сваімі, як і сённяшні дзень пацвярджае. Дык цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, споўні паслугачу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што абяцаў яму, кажучы: “Не будзе забраны ў цябе нашчадак з-прад аблічча Майго. Ён будзе сядзець на пасадзе Ізраэля, калі сыны твае будуць трымацца дарогі Маёй, каб хадзіць перада Мною, як ты хадзіў перад абліччам Маім”. І зараз, Госпадзе, Божа Ізраэля, хай спраўдзяцца словы Твае, якія гаварыў Ты слузе Твайму, Давіду, бацьку майму. Ці ж можна падумаць, што Бог сапраўды будзе прабываць на зямлі? Бо калі неба і нябёсы нябёсаў не могуць ахапіць Цябе, што ж тады гэты дом, які Я пабудаваў! Але Ты зваж на маленне паслугача Твайго і на просьбы яго, Госпадзе, Божа мой; пачуй лямант і малітву, якою прызывае Цябе сёння паслугач Твой, каб звернуты былі вочы Твае да дома гэтага ноччу і днём, да месца, пра якое Ты казаў: “Там будзе імя Маё”, каб Ты выслухаў малітву, якою ўпрошвае Цябе паслугач Твой у гэтым месцы, каб Ты выслухаў просьбу паслугача Твайго і народа Твайго, Ізраэля, аб чым будуць прасіць Цябе на гэтым месцы; і ты пачуеш з месца прабывання Твайго, у нябёсах, і, калі выслухаеш, будзеш спагадны. Калі хто зграшыць супраць блізкага свайго, а пасля той пакліча яго да прысягі перад Тваім ахвярнікам у гэтай святыні, тады Ты выслухай з неба і правядзі суд, і рассудзі паслугачоў Тваіх, ліхога асуджаючы, каб на галаву яго спала адказнасць за яго ўчынкі, а справядлівага апраўдваючы і адплочваючы яму за яго справядлівасць. Калі народ Твой, Ізраэль, будзе пабіты ворагамі сваімі за тое, што ён зграшыў адносна Цябе, і яны, навярнуўшыся і прызываючы імя Тваё, прыйдуць і будуць прасіць Цябе ў гэтым доме, то Ты выслухай іх з неба і даруй грэх народа Твайго, Ізраэля, і вярні іх ізноў у зямлю, якую Ты даў бацькам іх. Калі неба замкнецца і не будзе дажджу з-за грахоў іх і калі яны будуць маліцца ў гэтым месцы і прызываць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх дзеля кары, тады Ты выслухай іх з неба і адпусці грахі паслугачоў Тваіх і народа Твайго, Ізраэля, і пакажы ім дарогу добрую, якой маюць ісці, і дай дождж на Тваю зямлю, якую Ты даў народу Свайму ва ўласнасць. Калі на зямлі з’явяцца голад, або пошасць, або ржа, або жаўтуха, або саранча ці бяскрылая саранча, або калі вораг ударыць па ім, асаджаючы брамы яго, або калі прыйдзе якая кара ці хвароба, то ўсякую малітву і просьбу кожнага чалавека з народа Твайго, Ізраэля, калі хто, устрывожаны карай у сэрцы сваім, працягне рукі свае да гэтай святыні, Ты выслухай з неба, з месца прабывання Свайго, і зноў злітуйся, і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў яго, бо Ты бачыш сэрца яго, бо Ты толькі адзін ведаеш сэрцы ўсіх сыноў чалавечых, каб яны баяліся Цябе ўва ўсе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым. Таксама калі іншаземец, які не з Твайго народа Ізраэля, прыйдзе з далёкага краю дзеля імя Твайго, бо паўсюль будзе чутна пра імя Тваё вялікае, і руку Тваю моцную, і плячо Тваё ўзнятае, — такім чынам, калі прыйдзе ён і будзе прасіць у гэтым месцы, Ты выслухай з неба, з месца прабывання Свайго, і зрабі ўсё, пра што прасіць Цябе будзе чужынец, каб ведалі ўсе народы зямлі імя Тваё ды баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраэль, і каб ведалі, што імем Тваім называецца гэтая святыня, якую я пабудаваў. Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх дарогаю, якою Ты іх пашлеш, і калі яны памоляцца да Цябе, звярнуўшыся да горада, які Ты выбраў, і да святыні, якую я пабудаваў імю Твайму, Ты выслухай з неба маленні іх і просьбы іх, і ўчыні ім справядлівасць. Калі ў чым яны зробяць грэх адносна Цябе, — бо няма чалавека, які б не грашыў, — і Ты прагневаешся і аддасі іх у рукі ворагаў іх, і яны, як паланёныя, будуць выведзеныя ў зямлю ворагаў далёка або блізка, і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у месцы палону іх і, навярнуўшыся, будуць прасіць Цябе, у няволі сваёй кажучы: “Зграшылі мы, ліха чынілі, беззаконне рабілі”; і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй у зямлі ворагаў сваіх, куды яны былі прыведзены, паланёныя, і будуць Цябе маліць, звярнуўшыся ў бок зямлі сваёй, якую даў Ты бацькам іх, і да горада, які Ты выбраў, і да святыні, якую пабудаваў я імю Твайму, то Ты выслухай з неба, цвярдыні пасада Свайго, маленні іх і просьбы іх, і ўчыні суд для іх, і пашкадуй народ Свой, які зграшыў перад Табой, і прабач усе правіннасці іх, якімі спракудзіліся адносна Цябе, і акажы ім міласэрнасць перад абліччам тых, якія ўзялі іх у палон, каб яны злітаваліся над імі, бо гэта — народ Твой і спадчына Твая, Ты вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з сярэдзіны жалезнай печы, — каб вочы Твае былі адкрытыя на малітву паслугача Твайго і народа Твайго, Ізраэля, і Ты выслухай іх ува ўсім, пра што яны моляць Цябе. Бо Ты выдзеліў іх з усіх народаў у спадчыну Сабе, як сказаў Ты праз паслугача Свайго Майсея, калі Ты, Госпадзе Божа, вывеў бацькоў нашых з Егіпта». Калі Саламон скончыў усю малітву і гэтую просьбу да Госпада, ён устаў перад ахвярнікам Госпада, бо ён стаяў на зямлі, укленчыўшы на абодва калены, і рукі ўзнімаў у неба. Дык устаў ён і дабраславіў, узвысіўшы голас, усю супольнасць Ізраэля, кажучы: «Дабраславёны Госпад, Які даў супакой народу Свайму, Ізраэлю, усё, як прадказваў. І не загінула аніводнае слова з усяго добрага, што Ён сказаў праз Майсея, паслугача Свайго. Хай будзе Госпад, Бог наш, з намі, як быў з бацькамі нашымі, Які не пакідае нас і не адкідвае, але хай Ён нахіне сэрцы нашыя да Сябе, каб мы хадзілі ўсімі Яго дарогамі і выконвалі прыказанні Яго, і пастановы, і загады, якія Ён даў бацькам нашым. І хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся перад Госпадам, блізкія Госпаду, Богу нашаму, днём і ноччу, каб Ён чыніў суд над паслугачом Сваім і народам Сваім, Ізраэлем, штодзень, каб ведалі ўсе народы зямлі, што Сам Госпад ёсць Бог, і няма іншага, акрамя Яго. Таксама хай будзе сэрца вашае шчырым з Госпадам, Богам нашым, каб хадзілі вы паводле пастановаў Яго і захавалі прыказанні Яго, як гэта ёсць сёння». Пасля гэтага цар і ўвесь Ізраэль разам з ім ускладалі ахвяры перад Госпадам. І Саламон закалоў ахвяры прымірэння, якія ўсклаў Госпаду: дваццаць дзве тысячы валоў і сто дваццаць тысяч авечак. І прысвяцілі святыню Госпаду цар і ўсе сыны Ізраэля. У той дзень цар асвяціў сярэднюю частку панадворка, што быў перад домам Госпада; бо ўсклаў там ахвяру цэласпалення, і ахвяру з мукі, і тлушч ахвяраў прымірэння, бо ахвярнік медны, які быў перад Госпадам, быў даволі малы і не мог памясціць ахвяру цэласпалення, і ахвяру з мукі, і тлушч ахвяраў прымірэння. Саламон святкаваў у той час урачыстае свята, і ўвесь Ізраэль з ім, вялікае мноства людзей ад уваходу ў Эмат аж да ручая Егіпецкага, перад Госпадам, Богам нашым, на працягу сямі дзён. І ў восьмы дзень ён адпусціў народ, яны, дабраславіўшы цара, вырушылі ў свае палаткі, з вясёлым сэрцам з-за ўсяго добрага, што зрабіў Госпад Давіду, паслугачу Свайму, і Ізраэлю, народу Свайму.

Сталася ж пасля таго, як Саламон скончыў будаваць святыню Госпада і палац царскі, і ўсё, што задумаў і хацеў зрабіць, з’явіўся яму Госпад другі раз, як з’яўляўся Ён яму ў Габаоне. І сказаў Госпад яму: «Я выслухаў малітву тваю і просьбу тваю, якімі ты маліўся перада Мною; і Я асвяціў святыню гэтую, якую ты пабудаваў, каб прабывала Імя Маё там вечна; і будуць там вочы Мае і сэрца Маё ва ўсе дні. Таксама ты, калі будзеш хадзіць перада Мной, як хадзіў Давід, бацька твой, у чысціні сэрца і ў справядлівасці, і будзеш спаўняць усё, што Я загадаў табе, і, калі захаваеш законы Мае і прыказанні Мае, Я пастаўлю пасад царства твайго над Ізраэлем навекі, як Я абяцаў Давіду, бацьку твайму, кажучы: “Не будзе адкінуты ад пасада Ізраэля нашчадак з роду твайго”. А калі адвернецеся ад Мяне ў адступніцтве вы і дзеці вашыя, не слухаючы Мяне і не захоўваючы прыказанні Мае і пастановы Мае, якія Я даў вам, але пойдзеце, і будзеце пакланяцца чужым багам, і служыць ім, то Я змяту Ізраэль з паверхні зямлі, якую Я даў ім, і святыню, якую Я асвяціў дзеля імя Майго, адкіну з вачэй Сваіх; і станецца Ізраэль у прыказку і ў казку ўсім народам, і святыня гэтая будзе зруйнаваная. Кожны, хто пройдзе каля яе, задзівіцца, і прысвісне, і скажа: “Чаму Госпад зрабіў гэта зямлі гэтай і дому гэтаму?” І адкажуць: “Бо яны пакінулі Госпада, Бога свайго, Які вывеў бацькоў іх з зямлі Егіпецкай, і яны пайшлі за чужымі багамі, і пакланяліся ім; дзеля таго Госпад навёў на іх усё гэтае ліха”». А па дваццаці гадах, пасля таго як Саламон збудаваў два дамы, — гэта значыць святыню Госпада і палац царскі, — калі Гірам, цар Тыра, дастаўляў Саламону дрэва кедравае і кіпарысавае, і золата на ўсё, што патрабавала будаўніцтва, — тады цар Саламон даў Гіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай. І выйшаў Гірам з Тыра паглядзець гарады, якія даў яму Саламон, і не спадабаліся яны яму; і сказаў ён: «Што гэта за гарады, якія ты мне даў, браце?» І назваў ён іх зямлёй Кабул, і так яны называюцца да гэтага дня. І паслаў Гірам цару сто дваццаць талентаў золата. Гэта велічыня падатку, які ўстанавіў цар Саламон на пабудову святыні Госпада, і свайго палаца, і Мэло, і мура ерузалімскага, і Асора, і Мэгіды, і Газэра. Фараон, цар Егіпта, калісьці напаў і здабыў Газэр і спаліў яго агнём, а хананеяў, жыхароў горада, забіў. І аддаў гэты горад у пасаг дачцэ сваёй, жонцы Саламона. Саламон адбудаваў Газэр і Ніжні Бэтарон, Баалат, і Тамар у пустыні, і ўсе гарады для свірнаў, што да яго належаць, і гарады для калясніц, і гарады для коней, і ўсё, што яму падабалася; каб будаваць у Ерузаліме, і ў Лібане, і ўва ўсёй зямлі, што яму належыць. Увесь народ, які застаўся ад амарэяў, і хетэяў, і феразеяў, і гівеяў, і евусеяў, якія не былі ізраэльцамі, дзяцей іх, якія засталіся пасля іх на зямлі, — гэта значыць тых, якіх сыны Ізраэля не змаглі знішчыць, — Саламон зрабіў даннікамі да гэтага дня. А з ізраэльцаў Саламон не зрабіў нікога нявольнікам, але былі яны ваярамі, і паслугачамі яго, і кіраўнікамі, і ратнікамі яго, і кіраўнікамі калясніц і коннікаў. А кіраўнікамі над імі былі тыя, хто быў назначаны над усімі работамі Саламона, пяцьсот пяцьдзесят чалавек; яны наглядалі за людзьмі і кіравалі вызначанымі работамі. А дачка фараона выйшла з горада Давідава ў свой дом, які пабудаваў ёй Саламон; тады ён пабудаваў Мэло. Таксама тры разы ў год Саламон ускладаў ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння на ахвярнік, які ён збудаваў для Госпада, і кадзіў перад Госпадам, і была скончана святыня. І пабудаваў цар Саламон караблі ў Эцыён-Гебэры каля Айлата, на беразе Чырвонага мора ў зямлі Эдом. І на караблі тыя Гірам паслаў паслугачоў сваіх, маракоў, якія ведаюць мора, разам з паслугачамі Саламона. Яны, прыплыўшы ў Афір і ўзяўшы адтуль золата чатырыста дваццаць талентаў, даставілі яго цару Саламону.

Царыца Сабы, пачуўшы пра славу Саламона — у гонар імя Госпада, — прыбыла пераканацца ў яго мудрасці. І ўвайшла яна ў Ерузалім з вялікай світай і багаццем, з вярблюдамі, якія неслі духмянасці, і вялікае мноства золата, і каштоўныя камяні, прыбыла яна да Саламона і гаварыла з ім пра ўсё, што мела яна ў сваім сэрцы. І Саламон растлумачыў ёй усё, што яна яму казала: і не было слова, якое было б невядомым цару і на што ён не мог адказаць ёй. А царыца Сабы, бачачы вялікую мудрасць Саламона і дом, які ён збудаваў, і багацце стравы яго стала, і дамы паслугачоў, і рад памочнікаў, і адзенне іх, і чарнікаў, і цэласпаленні, якія ён ускладаў Госпаду ў святыні, была ў захапленні і сказала цару: «Праўдзівай была тая гаворка, якую я чула ў зямлі сваёй, пра справы твае і пра мудрасць тваю! І я не верыла тым, хто расказваў мне пра гэта, пакуль сама не прыйшла і не ўбачыла вачамі сваімі і не пераканалася, што нават паловы не сказалі мне; большая твая мудрасць і багацці, чым тая слава, пра якую я чула. Шчасныя людзі твае і шчасныя паслугачы твае, — тыя, якія стаяць заўсёды перад табою і чуюць мудрасць тваю! Хай будзе дабраславёны Госпад, Бог твой, Якому спадабаўся ты і Які пасадзіў цябе на пасад Ізраэля, таму што будзе любіць Госпад Ізраэль вечна, і Ён паставіў цябе царом, каб ты чыніў суд і справядлівасць». Дык дала яна цару сто дваццаць талентаў золата, і вельмі шмат духмянасцей, і каштоўных камянёў; і не было ніколі болей падаравана вострых духмяных прыпраў, чым падаравала царыца Сабы цару Саламону. Але і караблі Гірама, тыя, якія прывозілі з Афіра золата, таксама прывозілі з Афіра вельмі многа чырвонага дрэва і каштоўных камянёў. І з дрэва чырвонага цар зрабіў праход для святыні Госпада і для палаца царскага, і гуслі і арфы для спевакоў. І ніколі не было дастаўлена столькі чырвонага дрэва, і не бачана такога па сённяшні дзень. А цар Саламон даў царыцы Сабы ўсё, што яна хацела і прасіла ў яго, звыш таго, чым ён адарыў яе з царскай шчодрасцю. Павярнулася яна і пайшла ў зямлю сваю са сваімі паслугачамі. А вага золата, якое штогод дастаўлялася Саламону, была шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць талентаў золата, апрача таго, што прыходзіла праз падаткі ад падданых і ад гандлю купцоў, і ад усіх цароў арабскіх, і ад усіх кіраўнікоў краіны. І зрабіў цар Саламон дзвесце шчытоў з чыстага золата, шэсцьсот сікляў золата даў ён для кожнага шчыта, і трыста меншых шчытоў з добрага золата; на кожны такі шчыт пайшло тры міны золата; і паставіў іх цар у доме з лесу лібанскага. Потым зрабіў цар вялікі пасад з косці слановай, і абцягнуў яго цёмна-жоўтым золатам. Да пасада вялі шэсць прыступак, і верх пасада быў ззаду круглы, і пара парэнчаў, што знаходзіліся з абодвух бакоў пасада, і пры парэнчах стаялі два львы; і на шасці прыступках з абодвух бакоў стаяла дванаццаць ільвянят; ні ў адным царстве не было зроблена нічога падобнага. Але і ўсе пасудзіны, з якіх піў цар Саламон, былі залатыя, і з найчысцейшага золата быў увесь посуд у доме з лесу лібанскага; нічога не было са срэбра, бо не мела яно ніякай каштоўнасці ў часы Саламона, таму што караблі Тарсіса, якія належалі цару разам з караблямі Гірама, раз у тры гады, прывозілі морам золата, і срэбра, і слановую косць, і малпаў, і паўлінаў. Таму цар Саламон багаццем і мудрасцю перавышаў усіх цароў зямлі. І ўся зямля хацела пабачыць аблічча Саламона і паслухаць мудрасць яго, якую даў Бог у сэрца яго. І кожны з іх прыносіў яму дары: срэбны і залаты посуд, адзенне, зброю, а таксама вострыя духмяныя прыправы, і коней, і мулаў кожны год. І набраў Саламон калясніц і коннікаў, і меў ён тысячу чатырыста калясніц і дванаццаць тысяч коннікаў; і размясціў ён іх па гарадах калясніц і з царом у Ерузаліме. І зрабіў ён так, што срэбра было ў Ерузаліме, што камянёў; і даў столькі кедраў, колькі сікамор расце ў Сэфэлі. І прыводзілі Саламону коней з Егіпта і з Коа, бо купцы царскія куплялі коней у Коа па вызначаным кошце. І калясніца, якая выходзіла з Егіпта, каштавала шэсцьсот сікляў срэбра, і конь — сто пяцьдзесят; такім чынам, праз іх рукі прадавалася гэта ўсім царам Сірыі.

А цар Саламон пакахаў шматлікіх іншаземных жанчын, апрача дачкі фараона, і маабак, і аманіцянак, і эдомак, і сідонак, і хетэек, з тых народаў, пра якіх Госпад загадаў ізраэльцам: «Не ўваходзьце да іх, і яны хай не ўваходзяць да вас, бо, напэўна, яны адвернуць сэрцы вашы, так што вы пойдзеце за багамі іх». Такім чынам, да іх прыхіліўся Саламон каханнем; і меў ён семсот жонак як царыц і трыста наложніц; і жонкі яго прывабілі сэрца яго. І, калі быў ён ужо стары, папсавана было сэрца яго праз жонак, каб пайшоў ён за чужымі багамі; і сэрца яго не было адданае Госпаду, Богу свайму, як сэрца Давіда, бацькі яго, але стаў Саламон служыць Астарце, багіні сідонцаў, і Мэлькому, ідалу аманіцян. І рабіў Саламон тое, што не падабалася Госпаду, і не ішоў за Госпадам, як Давід, бацька яго. І нават збудаваў Саламон ахвярнік Хамосу, ідалу маабіцянскаму, на гары насупраць Ерузаліма, і Мэлькому, ідалу сыноў Амона; тое ж самае зрабіў ён усім сваім жонкам-чужынкам, якія курылі духмяныя рэчывы і ўскладалі ахвяры сваім багам. Дык разгневаўся Госпад на Саламона за тое, што адвярнуў ён сэрца свае ад Госпада, Бога Ізраэля, Які з’яўляўся яму двойчы і забараняў яму хадзіць за чужымі багамі; і ён не пільнаваў таго, што загадаў яму Госпад. Тады сказаў Госпад Саламону: «За тое, што ты зрабіў гэта і не захаваў запавету Майго і загадаў Маіх, якія Я даў табе, Я забяру царства тваё ад цябе і аддам яго паслугачу твайму. У дні твае, аднак, не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго; з рукі сына твайго забяру яго. І не ўсё царства забяру, але адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, паслугача Майго, і дзеля Ерузаліма, які Я выбраў». І паставіў Госпад супраціўніка Саламону, Адада эдомца, з царскага роду ў Эдоме. Калі Давід перамог Эдом, і Ёаб, кіраўнік войска, прыйшоў хаваць забітых, а ён забіў усіх мужчын эдомскіх, — бо быў там Ёаб і ўсе ізраэльцы шэсць месяцаў, аж пакуль не забілі ўвесь род мужчынскі ў Эдоме. Сам Адад разам з людзьмі Эдома, з паслугачамі бацькі яго, уцяклі ў Егіпет; а Адад быў яшчэ малым хлопцам. І, калі выйшлі яны з Мадыяна, то прыбылі ў Паран, і ўзялі з сабою людзей з Парана, і прыйшлі ў Егіпет да фараона, цара Егіпецкага, які даў ім дом, яду і выдзеліў зямлю. І знайшоў Адад такую вялікую ласку ў фараона, што ён даў яму за жонку сястру жонкі сваёй, сястру царыцы Тапнэс. І сястра Тапнэс нарадзіла яму сына Гэнубата, і Тапнэс выгадавала яго ў доме фараона, і жыў Гэнубат у фараона разам з сынамі яго. І, калі Адад даведаўся ў Егіпце, што Давід заснуў з бацькамі сваімі і што памёр Ёаб, кіраўнік войска, сказаў ён фараону: «Дазволь мне вярнуцца ў зямлю сваю». І фараон сказаў яму: «Ці табе чаго не хапае ў мяне, што ты хочаш ісці ў зямлю сваю?» І ён адказаў: «Усяго мне стае, але прашу, адпусці мяне». Бог паставіў таксама супраціўніка Саламону, Разона, сына Эліяды, які ўцёк ад Ададэзэра, цара Собы, гаспадара свайго. Ён сабраў да сябе людзей і стаўся правадыром банды, калі Давід забіваў іх, яны пайшлі ў Дамаск, і там абжыліся, і панавалі ў Дамаску. І быў ён ворагам Ізраэля ўва ўсе дні Саламона; і гэта з такой злосцю, што была і ў Адада. І ненавідзеў ён Ізраэля, і панаваў ён у Сірыі. Таксама Ерабаам, сын Набата, эфраімец з Сарэды, паслугач Саламона, імя маці яго Сарва, удава, падняў руку на цара. І вось такая была прычына бунту супраць яго: Саламон пабудаваў Мэло і ўраўнаваў вылам у муры ў горадзе Давіда, бацькі свайго. А Ерабаам быў чалавекам адважным і дужым; і Саламон, бачачы здольнага юнака, паставіў яго наглядчыкам над работамі ўсяго дому Язэпа. Такім чынам, здарылася ў той час, што Ерабаам выйшаў з Ерузаліма, і спаткаў яго на дарозе прарок Ахія з Сіло, апрануты ў новы плашч; а толькі яны адны былі ў полі. І зняў Ахія свой новы плашч, які быў на ім, раздзёр яго на дванаццаць частак, і сказаў Ерабааму: «Вазьмі сабе дзесяць частак; бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Вось, Я вырву царства з рукі Саламона і дам табе дзесяць пакаленняў. І толькі адно пакаленне застанецца яму дзеля паслугача Майго, Давіда, і дзеля горада Ерузаліма, які Я выбраў з усіх пакаленняў Ізраэля, бо яны пакінулі Мяне і пакланяліся Астарце, багіні сідонцаў, і Хамосу, богу Мааба, і Мэлькому, богу сыноў Амона, і не хадзілі шляхамі Маімі, каб чыніць справядлівасць перада Мною, і спаўняць загады Мае і прыказанні, як Давід, бацька яго. І Я не забяру з рукі яго ўсё царства, але пакіну яго кіраўніком ва ўсе дні жыцця яго дзеля Давіда, паслугача Майго, якога Я выбраў і які захоўваў настаўленні Мае і загады Мае. А забяру Я царства з рукі сына яго і дам табе дзесяць пакаленняў; а сыну яго Я пакіну адно пакаленне, каб заставаўся светач Давіда, паслугача Майго, перад абліччам Маім ва ўсе дні ў горадзе Ерузаліме, які Я выбраў, каб прабывала там імя Маё. А цябе Я прыму, і ты будзеш цараваць над усім, чаго пажадае душа твая, і будзеш царом над Ізраэлем. Такім чынам, калі ты будзеш слухацца ва ўсім, што Я загадаю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі, і будзеш рабіць, што справядліва ў вачах Маіх, пільнуючы прыказанні Мае і загады, як рабіў Давід, паслугач Мой, Я буду з табой і збудую табе дом моцны, як пабудаваў Давіду, і перадам табе Ізраэль, і, акрамя таго, вынішчу нашчадкаў Давіда, але не на ўсе дні”». Такім чынам, Саламон хацеў забіць Ерабаама, які ўстаў і ўцёк у Егіпет да Сэсака, цара Егіпецкага, і быў у Егіпце аж да смерці Саламона. А іншыя дзеянні Саламона, усё, што ён рабіў, і мудрасць яго — вось, усё гэта апісана ў кнізе дзеянняў Саламона; Саламон цараваў над усім Ізраэлем і ў Ерузаліме сорак гадоў. І супачыў Саламон з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і пачаў цараваць замест яго сын яго Рабаам.

І пайшоў Рабаам у Сіхэм, бо там сабраўся ўвесь Ізраэль паставіць яго царом. Пачуў гэтую вестку Ерабаам, сын Набата, калі яшчэ быў уцекачом ад цара Саламона ў Егіпце, і вярнуўся Ерабаам з Егіпта. І паслалі паклікаць яго. Дык прыйшоў Ерабаам і ўся супольнасць Ізраэля, і прамовілі яны да Рабаама, кажучы: «Бацька твой наклаў на нас ярмо найцяжэйшае; а ты цяпер зменшы крыху вельмі жорсткую ўладу бацькі твайго і найцяжэйшае ярмо яго, якое наклаў ён на нас, і мы будзем служыць табе». Ён сказаў ім: «Ідзіце і праз тры дні вярніцеся да мяне». І, калі народ адышоў, цар Рабаам раіўся са старэйшынамі, якія знаходзіліся пры Саламоне, бацьку яго, калі ён яшчэ жыў, і сказаў ён: «Што вы параіце мне адказаць гэтаму народу?» Яны сказалі яму: «Калі сёння паслухаеш гэты народ і будзеш служыць яму, і споўніш іх просьбу, і будзеш гаварыць да іх словы спагадныя, будуць яны табе паслугачамі ва ўсе дні». Але ён адкінуў раду старэйшых, якую яны яму далі, і раіўся з маладымі, што гадаваліся разам з ім, якія былі ў яго дарадчыкамі. І сказаў ён ім: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму, які казаў мне: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое наклаў на нас бацька твой”»? І маладыя, якія разам з ім гадаваліся, сказалі яму: «Так скажы гэтаму народу, які казаў табе, кажучы: “Бацька твой уцяжыў ярмо нашае, а ты зрабі нам палёгку”; ты скажы ім так: “Найменшы палец мой — грубейшы за сцёгны бацькі майго. Дык вось, бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я яшчэ дадам да вашага ярма; бацька мой караў вас бізунамі, а я буду караць вас скарпіёнамі”». Такім чынам, трэцяга дня прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рабаама, як ім сказаў цар: «Вернецеся да мяне праз тры дні». І адказаў цар народу жорстка, бо не пайшоў ён за парадаю старэйшых, якую яны яму давалі, і сказаў ім паводле рады маладых, кажучы: «Бацька мой уцяжарыў ваша ярмо, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас бізунамі, а я буду вас караць скарпіёнамі». І не паслухаў цар народа, бо так быў настроены Госпадам, каб споўнілася слова Яго, якое Госпад сказаў праз Ахію з Сіло Ерабааму, сыну Набата. Такім чынам, увесь Ізраэль, бачачы, што цар не хоча іх слухаць, у адказ сказаў яму: «Якая нам частка ў Давіда або якая спадчына ў сыне Ясэя? Ізраэлю, разыходзьцеся ў палаткі свае! Цяпер, Давід, глядзі на дом свой!» І разышоўся Ізраэль па палатках сваіх. І Рабаам цараваў над тымі сынамі Ізраэля, якія жылі ў гарадах Юдэі. Паслаў цар Рабаам Аданірама, які быў наглядчыкам за данінаю; і ўвесь Ізраэль укаменаваў яго, і ён памёр. А цар Рабаам паспешна сеў у калясніцу і ўцёк у Ерузалім. І адышоў Ізраэль ад роду Давіда аж да цяперашняга дня. Здарылася ж, калі пачуў увесь Ізраэль, што вярнуўся Ерабаам, то паслалі па яго і паклікалі яго, склікаўшы сход, і паставілі яго царом над усім Ізраэлем; і пры доме Давіда не засталося нікога, апрача аднаго пакалення Юды. І вярнуўся Рабаам у Ерузалім, і сабраў увесь дом Юды і пакаленне Бэньяміна, сто восемдзесят тысяч адборных ваяроў, каб пачаць вайну з Ізраэлем і вярнуць царства Рабааму, сыну Саламона. А сталася, што прамовіў Госпад да Сямэі, чалавека Божага, гэтыя словы: «Скажы Рабааму, сыну Саламона, цару Юды, і ўсяму дому Юды і Бэньяміна, і рэшце народа, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Не выходзьце і не ваюйце супраць братоў вашых, сыноў Ізраэля; хай кожны вяртаецца ў дом свой; бо ад Мяне гэта сталася”». Яны паслухаліся слова Госпадава і вярнуліся назад, як загадаў ім Госпад. І пабудаваў Ерабаам Сіхэм на гары Эфраім, і абжыўся там, а потым выйшаў адтуль і пабудаваў Пэнуэль. І сказаў Ерабаам у сэрцы сваім: «Цяпер царства можа вярнуцца да дому Давіда, калі народ гэты будзе хадзіць ускладаць ахвяры ў святыні Госпада ў Ерузаліме, то захоча таксама сэрца народа гэтага вярнуцца да гаспадара свайго, Рабаама, цара Юды, і яны заб’юць мяне і вернуцца да Рабаама, цара Юды». Таму, прыдумаўшы рашэнне, цар зрабіў двух залатых цяльцоў і сказаў народу: «Не хадзіце болей у Ерузалім! Вось багі твае, Ізраэлю, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай». І паставіў аднаго ў Бэтэлі, і другога падараваў у Дане; і гэта прывяло да граху: бо народ стаў хадзіць да аднаго з іх аж у Дан. І паставіў ён свяцілішчы на ўзгорках і зрабіў святарамі ліхіх людзей, якія не былі левітамі. І ўстанавіў ён свята ў восьмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, падобны да таго свята, якое святкавалася ў Юдзе. І сам узыходзіў на ахвярнік; зрабіў ён так у Бэтэлі, ускладаючы крывавую ахвяру цяльцам, якіх сам зрабіў; і паставіў ён у Бэтэлі святароў для ўзгоркаў, якія пабудаваў. І ўзышоў ён на ахвярнік, які зрабіў у Бэтэлі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, які ў сэрцы сваім прыдумаў; і ўстанавіў свята для сыноў Ізраэля, і ўзышоў на ахвярнік, каб скласці каджэнне.

І калі Ерабаам стаяў на ахвярніку, каб кадзіць, прыйшоў тады чалавек Божы з Юдэі ў Бэтэль па загадзе Госпада; і закрычаў ён на ахвярнік па слову Госпада, кажучы: «Ахвярнік, ахвярнік, вось што кажа Госпад: “Вось, у доме Давіда народзіцца сын, на імя Осія, і ён на табе прынясе ў ахвяру святароў узгоркаў, якія кадзяць пры табе, і будуць на табе паліць людскія косці”». І ў той жа дзень даў знак, кажучы: «Гэта будзе знак, пра які сказаў Госпад: гэты ахвярнік распадзецца, і попел, які на ім, развеецца». І калі цар пачуў словы чалавека Божага, якія ён выкрыкнуў супраць ахвярніка ў Бэтэлі, выцягнуў ён руку сваю да ахвярніка, кажучы: «Схапіце яго!» І здранцвела рука яго, якую ён выцягнуў супраць яго, і ён не мог яе вярнуць да сябе. Таксама ахвярнік распаўся, і попел з ахвярніка развеяўся паводле знака, які прадказаў чалавек Божы па загадзе Госпада. І прасіў цар у чалавека Божага: «Малі аблічча Госпада, Бога твайго, і памаліся за мяне, каб вярнулася рука мая да мяне». Памаліўся чалавек Божы да аблічча Госпада, і вярнулася рука цара да яго, і стала такою, як была раней. Дык прасіў цар чалавека Божага: «Хадзем са мной у дом, каб паесці, і дам табе падарункі». І чалавек Божы адказаў цару: «Калі б ты і палову дома свайго даваў мне, не пайшоў бы я з табой і не еў бы хлеба, і не піў бы вады ў гэтым месцы; бо так загадаў мне Госпад, кажучы: “Не еш хлеба і не пі вады, і не вяртайся тою дарогаю, па якой прыбыў”». Такім чынам, пайшоў ён іншаю дарогаю, і не вярнуўся тою дарогаю, па якой ён прыйшоў у Бэтэль. А ў Бэтэлі жыў адзін стары прарок; прыйшлі да яго сыны яго і расказалі яму пра ўсе справы, што зрабіў у той дзень чалавек Божы ў Бэтэлі, і словы, якія ён сказаў цару, таксама расказалі свайму бацьку. І спытаўся ў іх бацька іх: «Якою дарогаю ён пайшоў?» Сыны яго паказалі яму дарогу, па якой пайшоў чалавек Божы, які прыбыў з Юды. І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла». Калі яны асядлалі яму асла, ён сеў на яго, і паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, калі ён сядзеў пад дубам, і сказаў яму: «Ці не ты чалавек Божы, які прыбыў з Юды?» Ён адказаў: «Я». Ён сказаў яму: «Зайдзі да мяне ў дом, каб паесці хлеба». Той кажа: «Не магу вярнуцца і пайсці з табою, і есці хлеб, і піць ваду ў гэтым месцы; бо так мне было сказана ў слове Госпада: “Не еш хлеб і не пі там вады, і не вяртайся дарогаю, па якой прыйшоў”». Сказаў ён яму: «І я прарок, падобны да цябе; і анёл сказаў мне па загадзе Госпада, кажучы: “Вярні яго з сабою ў дом свой, і хай ён есць хлеб і п’е ваду”». Ён падмануў яго і павёў з сабою; такім чынам, ён еў хлеб, і піў ваду ў яго доме. І калі сядзелі яны пры стале, Госпад накіраваў слова да прарока, які вярнуў яго з дарогі, і сказаў ён да чалавека Божага, які прыйшоў з Юды, кажучы: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што ты не паслухаў слова Госпада і не захаваў прыказання, якое даў табе Госпад, Бог твой, і вярнуўся, і еў хлеб, і піў ваду ў месцы, у якім Я забараніў табе есці хлеб і піць ваду, твой труп не будзе ўнесены ў магілу бацькоў тваіх”». І, калі той з’еў хлеб і напіўся, ён асядлаў сабе асла прарока, які вярнуў яго; і, калі ён паехаў, сустрэў яго леў на дарозе і забіў, і труп яго ляжаў, кінуты на дарозе; а каля яго стаяў леў. І вось, праходзячы, людзі ўбачылі труп, кінуты на дарозе, і льва, што стаяў каля трупа; і яны пайшлі і паведамілі ў горадзе, у якім жыў той стары прарок. Калі гэта пачуў той прарок, які яго завярнуў з дарогі, ён сказаў: «Гэта чалавек Божы, які не паслухаўся загаду Госпада, і аддаў яго Госпад ільву, і ён раздзёр яго і забіў паводле слова Госпада, якое сказаў яму Ён». І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла!» Калі яны асядлалі і ён паехаў, то знайшоў труп яго, кінуты на дарозе, і асла, і льва, што стаялі каля трупа; леў не еў трупа і не раздзёр асла. Дык прарок падняў труп чалавека Божага, і паклаў яго на асла, і прывёз яго назад у горад старога прарока, каб паплакаць над ім і пахаваць яго. І паклаў ён нябожчыка ў яго магіле, і плакаў над ім: «О мой браце!» І, калі пахавалі яго, сказаў сваім сынам: «Калі я памру, пахавайце мяне ў магіле, у якой пахаваны чалавек Божы; каля касцей яго пакладзіце косці мае. Бо напэўна споўніцца слова, якое сказаў Госпад адносна ахвярніка, што ў Бэтэлі, і адносна ўсіх свяцілішчаў на ўзгорках, якія ў гарадах Самарыі». Пасля ўсяго гэтага Ерабаам не звярнуў з ліхой сваёй дарогі, але зноў рабіў ён святароў для ўзгоркаў з найгоршых людзей; хто толькі хацеў, таго пасвячаў у святары для ўзгоркаў. З-за гэтай прычыны грашыў дом Ерабаама, і быў ён загублены і знішчаны з паверхні зямлі.

У той час захварэў сын Ерабаама, Абія, і сказаў Ерабаам сваёй жонцы: «Устань і змяні свой выгляд, каб не пазналі, што ты жонка Ерабаама, і ідзі ў Сіло, там ёсць Ахія, прарок, які сказаў мне, што я буду царом над гэтым народам. Дык вазьмі ў руку сваю дзесяць хлябоў, і аладкі, і збан мёду, і ідзі да яго; ён скажа табе, што станецца з хлопцам». І зрабіла жонка Ерабаама, як ён сказаў, і, устаўшы, яна пайшла ў Сіло, і прыбыла ў дом Ахіі, а Ахія не мог бачыць, бо аслеплі вочы яго дзеля старасці. І сказаў Госпад Ахіі: «Вось, прыйдзе жонка Ерабаама, каб параіцца з табою адносна сына свайго, які хварэе; так і так скажаш ёй. Калі ўвойдзе, яна прыкінецца чужынкаю». Дык калі Ахія пачуў шоргат ног яе, калі яна ўваходзіла ў дзверы, сказаў: «Уваходзь, жонка Ерабаама. Чаму ты прыкідваешся іншым чалавекам? Я ж суровы пасланнік для цябе. Ідзі і скажы Ерабааму: “Вось што сказаў Госпад Бог Ізраэля: “За тое, што Я ўзвысіў цябе пасярод народа і зрабіў цябе правадыром над народам Маім, Ізраэлем, і адарваў царства ад дому Давіда, і даў яго табе, і ты не быў верны, як паслугач Мой, Давід, які пільнаваў прыказанні Мае і хадзіў за Мною ўсім сэрцам сваім, чынячы толькі добрае ў вачах Маіх, але рабіў ты горш за ўсіх, якія былі перад табой, і нарабіў сабе багоў чужых і літых, каб разгневаць Мяне, а ад Мяне адвярнуўся — вось, дзеля таго Я навяду на дом Ерабаама ўсякае ліха, і заб’ю з роду Ерабаама ўсіх мужчынскага роду, падлетка і дарослага ў Ізраэлі; і вымету рэшткі дому Ерабаама, як звычайна вымятаецца бруд, аж да чысціні. Хто ў Ерабаама памрэ ў горадзе, тых з’ядуць сабакі; а хто памрэ на полі, тых пажаруць птушкі паднебныя; бо так сказаў Госпад. А ты ўстань і вяртайся да дому свайго, і пры самым тваім прыходзе ў горад памрэ хлопец, і будзе плакаць над ім увесь Ізраэль, і пахавае яго; бо толькі ён з роду Ерабаама ўвойдзе ў магілу, бо з роду Ерабаама толькі ў ім знайшлося нешта мілае Госпаду, Богу Ізраэля. А паставіць Госпад Сабе цара над Ізраэлем, які загубіць дом Ерабаама. І ўдарыць Госпад Ізраэль так, што будзе ён дрыжаць, як трыснёг на вадзе, і выганіць Ізраэль з гэтай добрай зямлі, якую даў бацькам іх, і пераселіць іх за раку за тое, што яны нарабілі сабе ідалаў, каб гнявіць Госпада. І пакіне Госпад Ізраэль дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў у грэх Ізраэль”». І ўстала жонка Ерабаама, і пайшла, і прыбыла ў Тэрсу; і калі яна пераступала парог дома, памёр хлопец. І пахавалі яго, і галасіў над ім увесь Ізраэль паводле слова Госпада, якое Ён сказаў праз паслугача Свайго, прарока Ахію. А другія справы Ерабаама, як ён ваяваў і як цараваў, — усё гэта апісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля. А час царавання Ерабаама — дваццаць два гады; і супачыў ён з бацькамі сваімі. І па ім цараваў сын яго Надаб. А Рабаам, сын Саламона, быў царом у Юдзе. Сорак адзін год меў Рабаам, калі ён пачаў цараваць, і семнаццаць гадоў ён цараваў у Ерузаліме, у горадзе, які выбраў Госпад з усіх пакаленняў Ізраэля, каб там прабывала імя Яго. Імя ж маці яго Наама, аманіцянка. І Юдэя дапускалася ліхоты перад Госпадам, і гнявілі яны Госпада болей чым бацькі іх сваімі грахамі, якіх дапускаліся; бо пабудавалі яны і сабе ўзгоркі, і слупы, і ідалаў на кожным высокім узгорку і пад кожным зялёным дрэвам. Але і распуста пачалася ў той зямлі; і дапускаліся яны ўсякіх агіднасцей, як народы, якіх знішчыў Госпад перад абліччам Ізраэля. А ў пяты год царавання Рабаама пайшоў супраць Ерузаліма Сэсак, цар Егіпта, і ён зрабаваў каштоўнасці святыні Госпада і царскія багацці і ўсё забраў, таксама ўсе шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон. Замест іх цар Рабаам зрабіў медныя шчыты і перадаў іх у рукі кіраўнікоў варты, якая стаяла на варце ля дзвярэй палаца царскага. І кожны раз, калі цар уваходзіў у святыню Госпада, уносіла іх варта, а потым зноў адносіла іх у збраёўню варты. А іншыя дзеянні Рабаама і ўсё, што ён рабіў, — усё гэта запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі. І вайна між Рабаамам і Ерабаамам працягвалася ўвесь час. І супачыў Рабаам з бацькамі сваімі і быў пахаваны з імі ў горадзе Давідавым; маці яго на імя Наама, аманіцянка. А па ім царом стаў сын яго, Абія.

На васемнаццаты год царавання Ерабаама, сына Набата, у Юдзе стаў царом Абія. Ён тры гады цараваў у Ерузаліме; маці яго называлася Маахаa, дачка Абсалома. І дапускаўся ён усіх грахоў бацькі свайго, якія ён рабіў перад тым; не было сэрца яго шчырым да Госпада, Бога яго, як сэрца Давіда, бацькі яго. Аднак дзеля Давіда даў яму Госпад, Бог яго, светач у Ерузаліме, каб паставіць сына яго па ім і ўмацаваць Ерузалім; бо Давід чыніў справядлівасць у вачах Госпада і не ўхіляўся ад таго, што Ён яму загадваў, на працягу ўсіх дзён жыцця свайго, за выключэннем справы Урыі Хетэя. А вайна між Рабаамам і Ерабаамам працягвалася ўвесь час. А іншыя дзеянні Абіі і ўсё, што ён рабіў, — ці не запісана гэта ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І працягвалася вайна між Абіем і Ерабаамам. І супачыў Абія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым; і па ім цараваў сын яго, Аса. Такім чынам, на дваццаты год царавання Ерабаама над Ізраэлем, над Юдэяй стаў царом Аса і сорак адзін год ён быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Мааха і была дачкой Абсалома. І рабіў Аса справядлівае перад абліччам Госпада, як Давід, бацька яго. І ён выгнаў распусніц з краіны, і павынішчаў усіх нячыстых ідалаў, якіх нарабілі бацькі яго. І нават маці сваю, Мааху, пазбавіў годнасці царыцы за тое, што яна зрабіла ідала Асэры; і Аса пасек ідала ганебнага, і спаліў каля ручая Цэдрон. Але ўзгоркі не знішчыў; аднак сэрца Асы было шчырым перад Госпадам ва ўсе дні яго. І прынёс ён у святыню Госпада рэчы, пасвячоныя на ахвяру бацькам яго і ім самім: срэбра, і золата, і посуд. А між Асам і царом Ізраэля Баасам вайна працягвалася ва ўсе дні іх. Таксама пайшоў цар Ізраэля Бааса на Юдэю і пабудаваў Раму, каб ніхто не мог увайсці і выйсці з боку Асы, цара Юдэйскага. Такім чынам, Аса, сабраўшы ўсё срэбра і золата, якое засталося ў скарбоўнях святыні Госпада і ў скарбоўнях палаца царскага, даў яго ў рукі паслугачам сваім і паслаў іх да Бэнадада, сына Табрэмона, сына Газіёна, цара Сірыі, які жыў у Дамаску, каб яны сказалі: «Ёсць дамова паміж мною і табой, і між бацькам маім і бацькам тваім; таму я пасылаю табе дары: срэбра і золата, і прашу, каб ты парваў дамову, якую маеш з Баасаю, царом Ізраэля, каб ён адступіўся ад мяне». І паслухаў Бэнадад цара Асу, і паслаў кіраўнікоў войскаў сваіх у гарады Ізраэля, і захапілі яны Агіён, і Дан, і Абэл-Бэт-Мааху, і ўвесь Кінэрэт з усёю зямлёю Нэфталі. Калі аб гэтым даведаўся Бааса, кінуў будаваць Раму і вярнуўся ў Тэрсу. А цар Аса паклікаў усіх юдэяў без выключэння; і забралі яны з Рамы яе камяні і дрэва, якімі карыстаўся Бааса для будовы, і пабудаваў з іх цар Аса Габу Бэньяміна і Міцпу. А ўсе іншыя дзеянні Асы, і ўся мужнасць яго і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія пабудаваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? Калі ж ён састарэўся, хварэў на ногі; і супачыў Аса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І па ім цараваў сын яго, — Язафат. А на другі год царавання цара Юдэйскага Асы пачаў цараваць над Ізраэлем Надаб, сын Ерабаама; і цараваў ён над Ізраэлем два гады. І рабіў ён ліхоту перад абліччам Госпада, і хадзіў шляхамі бацькі свайго і ў граху яго, якім уводзіў у грэх Ізраэль. А зрабіў супраць яго змову Бааса, сын Ахіі, з дому Ісахара, і напаў на яго ў Габэтоне, які быў горадам філістынцаў; паколькі Надаб і ўсё войска Ізраэля абкладвалі Габэтон. Такім чынам, у трэці год Асы, цара Юдэйскага, Бааса забіў яго і сам стаў царом замест яго. І калі ён пачаў цараваць, забіў увесь дом Ерабаама: не пакінуў ніводнай душы з нашчадкаў яго, пакуль не вынішчыў яго паводле слова Госпада, як казаў Ён праз паслугача свайго Ахію з Сіло, дзеля грахоў Ерабаама, якімі ён сам грашыў і ўводзіў Ізраэль у грэх, і дзеля злачынства, якім гнявіў Госпада, Бога Ізраэля. А іншыя дзеянні Надаба і ўсё, што ён мужна рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? І працягвалася вайна паміж Асам і Баасам, царом Ізраэля, праз усе дні іх. У трэці год Асы, цара Юды, стаў царом над усім Ізраэлем у Тэрсе Бааса, сын Ахіі, які цараваў дваццаць чатыры гады; і рабіў ён ліхоту перад Госпадам, і хадзіў дарогаю Ерабаама і ў граху яго, якім уводзіў у грэх Ізраэль.

І прамовіў Госпад да Егу, сына Ханані, супраць Баасы гэтыя словы: «За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў цябе кіраўніком над народам Маім, Ізраэлем, а ты хадзіў дарогай Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраэль, каб Мяне гнявіць грахамі іх, Я адкіну дом Баасы і зраблю з домам тваім тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Набата. Хто ў Баасы памрэ ў горадзе, таго з’ядуць сабакі, а хто памрэ ў яго на полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя». А іншыя дзеянні Баасы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? Такім чынам, заснуў Бааса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Тэрсе; і па ім стаў царом сын яго, Эла. Але прамовіў Госпад праз прарока Егу, сына Ханані, супраць Баасы і дому яго дзеля ўсякага зла, якога дапусціўся ён перад Госпадам, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, каб здарылася з ім так, як з домам Ерабаама, бо ён загубіў яго. На дваццаць шосты год Асы, цара Юды, Эла, сын Баасы, стаў царом над Ізраэлем у Тэрсе на два гады. І яго паслугач Замбры, кіраўнік над паловаю калясніц, паўстаў супраць яго. А Эла напіўся ў Тэрсе і быў, п’яны, у доме Арсы, загадчыка дому ў Тэрсе, такім чынам, Замбры, напаўшы, ударыў і забіў яго на дваццаць сёмы год Асы, цара Юды, і стаў царом замест яго. І калі ён стаў царом, і сеў на яго пасад, то забіў увесь дом Баасы, і не пакінуў з яго анікога мужчынскага роду, ані сваякоў, ані сяброў яго. І знішчыў Замбры ўвесь род Баасы паводле слова Госпада, як Ён прадказаў Баасе праз Егу, прарока, дзеля ўсіх грахоў Баасы і дзеля грахоў сына яго, Элы, якія грашылі і ўводзілі ў грэх Ізраэль, гневаючы Госпада, Бога Ізраэля, марнасцю сваёю. А іншыя дзеянні Элы, і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? На дваццаць сёмы год Асы, цара Юды, цараваў сем дзён у Тэрсе Замбры. А войска абкладвала Габэтон, горад філістынцаў. І калі пачуў увесь Ізраэль, што Замбры паўстаў і забіў цара, то выбраў ён сабе царом Амры, які быў кіраўніком войска ізраэльскага ў той дзень у лагеры. Такім чынам, выйшаў Амры і з ім увесь Ізраэль з-пад Габэтона і абклалі Тэрсу. Замбры, бачачы, што горад здабыты, увайшоў у палац і падпаліў над сабою палац царскі, і сам памёр ад агню ў сваіх грахах, якімі грашыў, чынячы зло перад Госпадам і ходзячы дарогай Ерабаама і ў граху яго, якім ён горшыў Ізраэль. А іншыя дзеянні Замбры і паўстанне, якое зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? Тады народ ізраэльскі падзяліўся на дзве часткі: палова народа стаяла за Тэбні, сына Гінэта, каб яго паставіць царом, і другая палова — за Амры. І пераважыў народ, які стаяў за Амры, той, што стаяў за Тэбні, сына Гінэта; і Тэбні памёр, а цараваў Амры. На трыццаць першы год Асы, цара Юды, Амры стаў царом над Ізраэлем на дванаццаць гадоў; у Тэрсе ён цараваў шэсць гадоў. І за два таленты срэбра ён купіў у Самэра гару Самэрон, і забудаваў яе, і горад, які пабудаваў, назваў ад імя гаспадара гары Самэра — Самарыяй. І рабіў Амры ліхоту перад абліччам Госпада, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім; і хадзіў ён ва ўсім дарогай Ерабаама, сына Набата, і ў граху яго, якім ён уводзіў у грэх Ізраэль, каб гнявіць Госпада, Бога Ізраэля, марнасцю сваёю. А іншыя дзеянні Амры і бітвы яго, якія ён мужна правёў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? І заснуў Амры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі; і па ім цараваў сын яго, Ахаб, сын Амры, стаў царом Ізраэльскім на трыццаць восьмы год Асы, цара Юды, і цараваў Ахаб, сын Амры, над Ізраэлем у Самарыі дваццаць гадоў. І рабіў ліхоту Ахаб, сын Амры, перад абліччам Госпада горш за ўсіх сваіх папярэднікаў. І мала яму было жыць у грахах Ерабаама, сына Набата, звыш таго, ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, цара сідонцаў, і пачаў служыць Баалу і пакланяцца яму. І паставіў ён ахвярнік Баалу ў храме Баала, які пабудаваў у Самарыі, і зрабіў Ахаб ідала. І сваімі ўчынкамі Ахаб гнявіў Госпада, Бога Ізраэля, болей, чым усе цары Ізраэля, якія былі перад ім. У дні яго Гіэль з Бэтэля адбудаваў Ерыхон паводле прадказання Госпада, сказанага праз Ешуа, сына Нуна, і падмуркі яго ён паклаў на сваім першародным, Абіраме, і на сваім наймаладзейшым, Сэгубе, паставіў брамы яго.

І сказаў прарок Ілля Тэсбіт з Тэсбы ў Галаадзе Ахабу: «Жыве Госпад, Бог Ізраэля, перад Якім я стаю. У гэтыя гады не будзе ані расы, ані дажджу, пакуль я не скажу!» І прамовіў да яго Госпад, кажучы: «Адыдзі адсюль і ідзі на ўсход, і схавайся каля ручая Харыт, што насупраць Ярдана, і будзеш піць з ручая; і Я крукам загадаў, каб цябе там кармілі». Такім чынам, ён пайшоў і зрабіў паводле слова Госпадава; і калі пайшоў, сеў каля ручая Херыт, які насупраць Ярдана. Таксама крукі прыносілі яму хлеб і мяса раніцай, і такім жа чынам хлеб і мяса вечарам, і ён піў з ручая. Але па нейкім часе ручай высах; бо ў гэтай зямлі не ішоў дождж. Такім чынам, прамовіў зноў Госпад да яго, кажучы: «Устань і ідзі ў Сарэпту Сідонскую, і жыві там; бо Я загадаў там адной удаве, каб карміла цябе». Ён устаў і пайшоў у Сарэпту. І калі падышоў ён да гарадской брамы, з’явілася перад ім жанчына, якая збірала дровы; і ён паклікаў яе, і папрасіў: «Дай мне крыху вады са збана напіцца». І, калі яна пайшла, каб прынесці, ён наўздагон ёй крыкнуў, кажучы: «Прынясі мне, прашу, яшчэ лустачку хлеба ў руцэ тваёй». Яна адказала: «Жыве Госпад, Бог твой, я не маю хлеба, толькі жменю мукі ў збане і кроплю алею ў пасудзіне. Вось, я назбіраю крыху дроў, каб пайсці і прыгатаваць сабе і сыну майму ежу, каб з’есці і паміраць». Ілля сказаў ёй: «Не перажывай, але пайдзі і зрабі, як ты казала; толькі перш спячы для мяне ў прысаку булачку з гэтае мукі і прынясі мне; а сабе і свайму сыну потым зробіш. Бо гэтак сказаў Госпад, Бог Ізраэля: “Мука ў збане не скончыцца і алей у пасудзіне не зменшыцца аж да дня, у які пажадае Госпад даць дождж на паверхню зямлі”». Яна пайшла і зрабіла, што сказаў Ілля, і ела яна, і ён, і дом яе доўгі час. Мука ў збане не канчалася і алей у пасудзіне не змяншаўся паводле слова Госпада, якое Ён сказаў праз Іллю. А здарылася па нейкім часе, што захварэў сын той удавы, гаспадыні дома; і хвароба яго была дужа цяжкая, так што ён перастаў дыхаць. Дык сказала яна Іллі: «Што мне і табе, чалавек Божы? Хіба прыйшоў ты да мяне, каб прыгадаць мне правіннасці мае і забіць сына майго?» А ён сказаў ёй: «Дай мне сына твайго». І ён узяў яго ад грудзей яе, і занёс у верхні пакой, дзе сам пражываў, і паклаў яго на ложак свой; І клікаў ён Госпада, і маліўся: «Госпадзе, Божа мой, няўжо ўдаву, у якой я, як госць, жыву, Ты пакараў, каб забраць жыццё ў сына яе?» І распасцёрся ён, і тры разы лёг на дзіця, і зноў паклікаў Госпада і сказаў: «Госпадзе, Божа мой, прашу, хай вернецца душа гэтага хлопца ў цела яго». І выслухаў Госпад голас Іллі, і вярнулася душа хлопца ў яго, і ён ажыў. І ўзяў Ілля хлопца, і знёс яго з верхняга пакоя ўніз, і аддаў маці яго, і сказаў ёй: «Глядзі, жывы сын твой». І жанчына сказала Іллі: «Цяпер дзякуючы гэтаму ведаю я, што ты — чалавек Божы, і слова Госпада ў вуснах тваіх — праўда».

Праз доўгі час, на трэці год, прамовіў Госпад да Іллі гэтыя словы: «Ідзі і пакажыся Ахабу, каб Я даў дождж на паверхню зямлі». Такім чынам, пайшоў Ілля, каб паказацца Ахабу. А ў Самарыі быў страшэнны голад. І паклікаў Ахаб Абдзію, аканома дома свайго. А Абдзія вельмі баяўся Госпада; бо калі Езабэль забівала прарокаў Госпадавых, то ён узяў сто прарокаў і схаваў іх па пяцьдзесят у адной і ў другой пячоры, і карміў іх хлебам і вадой. Дык сказаў Ахаб Абдзіі: «Прайдзі па зямлі па ўсіх водных крыніцах і па ўсіх лагчынах, можа, часам знойдзем дзе траву, каб зберагчы жывымі коней і мулаў, і не замарыць голадам жывёлы». І падзялілі паміж сабой краіну, каб абысці яе: Ахаб пайшоў адной дарогай, і Абдзія — другой дарогай асобна. І калі Абдзія быў у дарозе, выйшаў Ілля яму насустрач; ён, калі пазнаў яго, упаў на твар свой і сказаў: «Ці гэта ты, гаспадару мой, Ілля?» Ён адказаў яму: «Так, я. Ідзі і скажы гаспадару твайму: “Вось, Ілля тут”». І ён сказаў: «Чым я зграшыў, што ты аддаеш мяне, паслугача твайго, у рукі Ахаба, каб ён забіў мяне? Жыве Госпад, Бог твой! Няма народа або царства, да якога б не паслаў гаспадар мой, каб цябе адшукаць, калі адказалі ўсе: “Няма яго тут”, — ён казаў прысягнуць кожнаму царству і кожнаму народу, што цябе нельга там знайсці. І ты кажаш мне цяпер: “Ідзі і скажы гаспадару твайму: вось, Ілля тут”. І, калі я адыду ад цябе, возьме цябе Дух Госпадаў у месца, якога я не ведаю, і, калі я пайду і паведамлю Ахабу, ён не знойдзе цябе, дык ён заб’е мяне. А паслугач твой баіцца Госпада ад маленства свайго. Ці не было сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езабэль забівала прарокаў Госпадавых: што я тады схаваў сто чалавек з прарокаў Госпада па пяцьдзесят у кожнай пячоры і карміў іх хлебам і вадой? І ты мне цяпер кажаш: “Ідзі і скажы гаспадару свайму: “Вось, Ілля тут”, каб ён забіў мяне”». Але Ілля адказаў: «Жыве Госпад Магуццяў, перад абліччам Якога стаю: сёння я пакажуся яму». Дык Абдзія пайшоў насустрач Ахабу і сказаў яму. І пайшоў Ахаб насустрач Іллі. І, калі ўбачыў яго, сказаў: «Ці не ты той, хто трывожыць Ізраэль?» І ён адказаў: «Не я трывожу Ізраэль, але ты і род бацькі твайго, бо вы пакінулі прыказанні Госпада і ты пайшоў за Баалам. Аднак цяпер пашлі і збяры да мяне на гару Кармэль увесь Ізраэль, і чатырыста пяцьдзесят прарокаў Баала і чатырыста прарокаў Асэры, якія ядуць са стала Езабэлі». Паслаў Ахаб па ўсіх сыноў Ізраэля, і сабраў прарокаў на гары Кармэль. І звярнуўся тады Ілля да ўсяго народа і сказаў: «Дакуль будзеце кульгаць на абедзве нагі? Калі Госпад ёсць Бог, ідзіце за Ім; калі ж Баал, — ідзіце тады за ім». І народ ані слова не адказаў яму на гэта. Тады Ілля зноў звярнуўся да народа: «Я адзін застаўся з прарокаў Госпада; а прарокаў Баала — чатырыста пяцьдзесят. Хай дадуць нам двух быкоў, і хай яны выберуць сабе аднаго быка, і, пасекшы на часткі, пакладуць на дровы; але хай не падкладаюць агню! І я прыгатую другога быка, і пакладу яго таксама на дровы, але агню не падкладу. Заклікайце да імя вашага бога, і я буду заклікаць да імя Госпада; і той бог, які выслухае і спашле агонь, Той ёсць сапраўдны Бог!» Увесь народ адказаў: «Добрае гэта слова». І сказаў Ілля прарокам Баала: «Выберыце сабе аднаго быка і пачніце першыя, бо вас больш; заклікайце да імя бога вашага, і не падкладайце агню». Калі ўзялі яны быка, якога даў ім, то прыгатавалі яго, і заклікалі да імя Баала ад раніцы аж да паўдня, крычучы: «Баал, выслухай нас!» І не было ані голасу, ані адказу. І скакалі кругом ахвярніка, які зрабілі. І, калі быў ужо поўдзень, Ілля пачаў смяяцца з іх, кажучы: «Клічце мацней; бо гэта ж бог, і, можа, ён чым заняты, а можа, дзе выйшаў, а можа, у дарозе або спіць, хай абудзіцца!» Дык моцным голасам крычалі яны і калечылі сябе, паводле свайго звычаю, нажамі і дзідамі, пакуль не палілася з іх кроў. А пасля прыйшоў поўдзень і, пакуль яны прарочылі, прыйшоў час, калі звычайна ўскладваюцца ахвяры з ежы, і не чулася ніякага голасу, і ніхто не адказваў і не звяртаў увагі на малітву іх. І сказаў Ілля ўсяму народу: «Падыдзіце да мяне». І, калі народ падышоў да яго, ён аднавіў ахвярнік Госпада, які быў развалены; і прынёс ён дванаццаць камянёў паводле ліку пакаленняў сыноў Якуба, якому Госпад сказаў, кажучы: «Ізраэль будзе імя тваё». І з тых камянёў пабудаваў ахвярнік імю Госпада, і выкапаў роў вакол ахвярніка, які змяшчаў дзве саты зерня. І паклаў ён дровы, і рассек на часткі быка, і паклаў на дровы, і сказаў: «Набярыце чатыры вядры вады і выліце на ахвяру і на дровы!» І зноў сказаў: «Зрабіце тое самае ў другі раз». Калі яны зрабілі гэта і ў другі раз, сказаў: «І ў трэці раз зрабіце тое самае». І зрабілі яны ў трэці раз, і пацякла вада кругом ахвярніка, і роў быў запоўнены вадою. І калі ўжо быў час ускладаць ахвяру з ежы, падышоў Ілля прарок і сказаў: «Госпадзе, Божа Абрагама, Ізаака і Ізраэля! Сёння пакажы, што Ты — Бог у Ізраэлі, і што я — паслугач Твой, і што паводле слова Твайго зрабіў усё гэта. Выслухай мяне, Госпадзе, выслухай мяне, каб зразумеў гэты народ, што Ты, Госпадзе, — Бог, і Ты навярні зноў іх сэрца!» І сышоў агонь Госпадаў, і спаліў ахвяру, і дровы, і камяні, а таксама попел і ваду, якая была ў рове, высушыў. Калі ўбачыў гэта ўвесь народ, упаў на твар свой і сказаў: «Госпад — гэта Бог, Госпад — гэта Бог!» І загадаў ім Ілля: «Схапіце прарокаў Баала, і хай ніводзін з іх не ўцячэ!» Калі іх схапілі, завёў іх Ілля да ручая Кісон і там пазабіваў іх, і сказаў Ілля Ахабу: «Ідзі, еш і пі, бо гэта шум вялікага дажджу!» І пайшоў Ахаб есці і піць. А Ілля ўзышоў на вяршыню Кармэля, і, нахіліўшыся да зямлі, схаваў твар свой між каленяў, і сказаў ён паслугачу свайму: «Выйдзі і глянь на мора». Той, калі выйшаў, глянуў і сказаў: «Няма нічога». І Ілля сказаў яму: «Вяртайся сем разоў!» І ў сёмы раз сказаў ён: «Вось, воблачка малое, нібы рука чалавечая, падымаецца з мора». І сказаў ён: «Ідзі і скажы Ахабу: “Запрагай і ад’язджай, каб не захапіў цябе дождж!”» І неўзабаве здарылася: нябёсы пацямнелі ад хмар і ветру, і пачаўся лівень. А Ахаб сеў у калясніцу і накіраваўся ў Езрагэль. Рука ж Госпадава дапамагала Іллі. І ён, падперазаўшы паясніцу сваю, пабег перад Ахабам і прыбыў у Езрагэль.

І расказаў Ахаб Езабэлі ўсё, што зрабіў Ілля і як пазабіваў ён усіх прарокаў мечам. Тады Езабэль паслала да Іллі пасланца, каб сказаў: «Хай гэта зробяць мне багі і яшчэ дададуць, калі заўтра ў гэтую пару я не зраблю з тваёю душою тое, што зроблена з душою кожнага з іх». Дык напалохаўся Ілля і, устаўшы, пайшоў, каб уратаваць жыццё сваё; і прыйшоў ён у Бээр-Сэбу юдэйскую, і пакінуў там свайго паслугача, і сам пайшоў у пустыню на дзень дарогі, і, калі прыйшоў ён і сеў пад адзін з ядлоўцаў, то прасіў сабе смерці, і жаліўся: «Хопіць ужо мне, Госпадзе! Вазьмі душу маю; бо я не лепшы, чым бацькі мае». І лёг ён, і заснуў у засені ядлоўцу; і вось анёл Госпадаў дакрануўся да яго і сказаў яму: «Устань і паеш!» Глянуў ён: і вось, каля галавы яго хлеб, спечаны ў прысаку, і збан вады; дык ён паеў і папіў і зноў лёг спаць. І другі раз вярнуўся анёл Госпадаў, і дакрануўся да яго, і сказаў яму: «Устань і еш, бо вялікая дарога ў цябе наперадзе». Ён, калі ўстаў, паеў і папіў і, падсілкаваны тою ежай, ішоў сорак дзён і сорак начэй аж да гары Божай Гарэб. І, прыбыўшы туды, заначаваў у пячоры. І вось, прамовіў да яго Госпад, і сказаў яму: «Што ты тут робіш, Ілля?» А ён адказаў: «Запалаў я руплівасцю дзеля Госпада, Бога Магуццяў, бо сыны Ізраэля занядбалі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мечам, і застаўся я адзін, і на маё жыццё цікуюць, каб знішчыць яго». І сказаў яму Госпад: «Выйдзі і стань на гары перад Госпадам». І вось, праходзіць Госпад, і моцны і вялікі вецер пераварочваў горы і разбіваў скалы перад Госпадам — у ветры няма Госпада. І пасля ветру землятрус — у землятрусе няма Госпада. І па землятрусе агонь — у агні няма Госпада. І па агні — подых ціхага ветру. Калі пачуў гэта Ілля, закрыў твар свой плашчом і, выйшаўшы, стаў ля ўваходу ў пячору; і, вось, голас, які кажа яму: «Ілля, што ты робіш тут?» Ён адказаў: «Запалаў я руплівасцю дзеля Госпада, Бога Магуццяў, бо сыны Ізраэля занядбалі запавет Твой, развалілі ахвярнікі Твае і мечам пазабівалі прарокаў Тваіх: і застаўся я адзін, але і на маё жыццё цікуюць, каб знішчыць яго». І сказаў яму Госпад: «Ідзі і вяртайся ў Дамаск праз пустыню дарогай сваёй; і, калі прыбудзеш, намасці Газаэля на цара Сірыі, і Егу, сына Намсі, намасці на цара Ізраэля, а Элісея, сына Сафата, з Абэл-Мэхолы, памажаш на прарока замест сябе. І станецца: хто ўхаваецца ад меча Газаэля, таго заб’е Егу, і хто ўцячэ ад меча Егу, таго заб’е Элісей. І Я ў Ізраэлі пакіну сем тысяч: калені ўсіх, хто не ўкленчыў перад Баалам, і ўсе вусны, якія не цалавалі яго». Дык, пайшоўшы адтуль, Ілля знайшоў Элісея, сына Сафата, які араў дванаццаццю парамі валоў, і сам быў пры дванаццатай. І, калі падышоў да яго Ілля, ён кінуў на яго плашч свой, а той адразу ж, пакінуўшы валоў, пабег за Іллёй і сказаў: «Дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, каб пасля ісці за табой». І ён сказаў яму: «Ідзі і вяртайся, бо што я зрабіў табе?» І ён, вярнуўшыся, узяў пару валоў і склаў іх у ахвяру, і на ярме валоў зварыў мяса і даў людзям, каб елі. І, сабраўшыся, пайшоў за Іллёй, і стаў яго слугой.

А Бэнадад, цар сірыйскі, сабраў усё сваё войска, і трыццаць два цары былі з ім, таксама коні і калясніцы, і, устаўшы, ён змагаўся супраць Самарыі, і абкладваў яе. І паслаў ён пасланцоў да Ахаба, цара Ізраэля, у горад сказаць: «Гэта кажа Бэнадад: “Срэбра тваё, і золата тваё — маё, і жонкі твае, і сыны твае найлепшыя — мае”». І цар Ізраэльскі адказаў: «Паводле слова твайго, гаспадару мой, цар, я твой, і ўсё маё— тваё». І вярнуліся пасланцы, і сказалі: «Гэта кажа Бэнадад: “З-за таго, што паслаў я да цябе сказаць: срэбра тваё, і золата тваё, і жонак тваіх, і сыноў тваіх ты дасі мне, напэўна, заўтра гэтай жа парою я прышлю паслугачоў маіх да цябе, і абшукаюць яны твой дом, і дамы паслугачоў тваіх, і ўсё, што каштоўнае ў вачах тваіх, возьмуць яны ў рукі свае і забяруць”». І склікаў цар Ізраэльскі ўсіх старэйшын зямлі і сказаў: «Заўважце і паглядзіце, як ён наладжвае нам засаду, бо ён паслаў да мяне па жонак маіх, па сыноў, па срэбра і па золата, — і я не адмовіў яму». І сказалі яму ўсе старэйшыны і ўвесь народ: «Не слухай і не згаджайся з ім». Такім чынам, адказаў ён пасланцам Бэнадада: «Скажыце гаспадару майму цару: “Усё, па што ты пасылаў спачатку да мяне, паслугача твайго, я зраблю, але гэтае рэчы не магу зрабіць”». І вярнуліся пасланцы, і прынеслі яму адказ. Паслаў іх зноў Бэнадад сказаць: «Хай гэта зробяць мне багі і яшчэ дададуць, калі хопіць пылу самарыйскага па жмені для ўсіх людзей, якія ідуць за мною!» Цар Ізраэльскі прамовіў у адказ: «Скажыце яму: хай не хваліцца падперазаны мечам, як той, хто яго здымае». Калі пачуў гэты адказ цар, які піў сам і цары з ім у палатках, і сказаў ён паслугачам сваім: «Акружыце горад!» І яны акружылі яго. І вось нейкі прарок падышоў да Ахаба, цара Ізраэля, і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Ці бачыш ты ўвесь гэты вялікі натоўп? Вось, Я сёння аддам яго ў рукі твае, каб ведаў ты, што Я — Госпад”». І спытаўся Ахаб: «Праз каго?» І той адказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Праз паслугачоў кіраўнікоў правінцый”». І ён спытаў: «Хто мае пачаць бой?» І той адказаў: «Ты». Дык палічыў ён паслугачоў кіраўнікоў правінцый, і налічыў іх дзвесце трыццаць два; і пасля іх палічыў народ, усіх сыноў Ізраэля, і налічыў сем тысяч. І выйшлі яны апоўдні, калі Бэнадад, п’яны, піў у палатках разам з трыццаццю двума царамі, якія прыйшлі яму на дапамогу. Выйшлі ж найперш паслугачы кіраўнікоў правінцый. Такім чынам, паслаў Бэнадад пасланцоў, і яны паведамілі яму: «Выйшлі людзі з Самарыі». І ён сказаў: «Калі прыйшлі яны з супакоем, схапіце іх жывымі; і калі ваяваць — схапіце іх жывымі». І выйшлі з горада паслугачы кіраўнікоў правінцый, а рэшта войска ішла за імі, і перамаглі яны тых, што ішлі супраць іх; і сірыйцы пачалі ўцякаць, а ізраэльцы гналі іх. І Бэнадад, цар Сірыі, таксама ўцёк на кані з коннікамі. І выйшаў цар Ізраэльскі, і ўдарыў коней і калясніцы, і ўдарыў ён Сірыю вялікай карай. І падышоў прарок да цара Ізраэля і сказаў яму: «Ідзі і будзь адважны, і ведай, і глядзі, што робіш; бо ў будучым годзе цар Сірыі пойдзе супраць цябе». А паслугачы цара сірыйскага сказалі яму: «Бог гор — іх Бог, таму яны перамаглі нас; а мы нападзём на іх на раўніне, і пераможам іх. Такім чынам, зрабі так: паскідай усіх цароў з іх месцаў, і пастаў на іх месца намеснікаў; і набяры столькі войска, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі раней было, і столькі калясніц, колькі ты меў раней, і будзем ваяваць супраць іх на раўніне, і ўбачыце, што мы іх пераможам». І ён паслухаў іх парады, і зрабіў гэтак. Такім чынам, праз год Бэнадад сабраў сірыйцаў і пайшоў у Афэк ваяваць з Ізраэлем. А сыны Ізраэля пералічылі сваіх, і, узяўшы харчы, выйшлі насупраць іх, і расклаліся лагерам насупраць іх, як два невялічкія статкі коз; а сірыйцы напоўнілі зямлю. І падышоў чалавек Божы да цара Ізраэля, і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што сірыйцы сказалі: “Госпад — Бог гор, а не Бог раўнін”, — усё гэта вялікае мноства Я аддам у рукі твае, каб ведалі вы, што Я — Госпад”». Сем дзён рыхтавалі баявыя страі адны супраць другіх, а ў сёмы дзень распачаўся бой; і сыны Ізраэля забілі сто тысяч сірыйскай пяхоты ў адзін дзень. А той, хто заставаўся ў Афэку, уцёк у горад, і на дваццаць сем тысяч чалавек, якія там засталіся, паваліўся мур. А Бэнадад, уцякаючы, увайшоў у горад, у пакой, што знаходзіўся ўнутры іншага пакоя. І сказалі яму паслугачы яго: «Вось, мы чулі, што цары дому ізраэльскага міласцівыя, дык надзеньма рыззё на клубы свае і вяроўкі на шыі свае і выйдзем да цара Ізраэля: можа, ён збавіць душу тваю». Адзелі яны клубы свае ў рыззё, і налажылі вяроўкі на шыі свае, і прыйшлі да цара Ізраэльскага, і сказалі: «Паслугач твой Бэнадад кажа: “Малю цябе, хай жыве душа мая”». І той сказаў: «Калі ён яшчэ жывы, ён — брат мой». Людзі тыя прынялі гэта за добры знак і, спяшаючыся, злавілі яго на слове і сказалі: «Бэнадад — брат твой». І ён загадаў ім: «Ідзіце і прывядзіце яго». Такім чынам, прыйшоў да яго Бэнадад, і ён пасадзіў яго да сябе ў калясніцу. І сказаў яму Бэнадад: «Гарады, якія мой бацька забраў у бацькі твайго, я вярну; і ты зрабі сабе ў Дамаску вуліцы, як бацька мой зрабіў у Самарыі». Ахаб сказаў: «А я пасля дамовы адпушчу цябе». І заключыў ён з ім дамову, і адпусціў яго. Тады адзін чалавек з сыноў прарокаў сказаў сябру свайму па слове Госпада: «Удар мяне!» Але ён не хацеў ударыць. Ён сказаў яму: «За тое, што ты не захацеў паслухаць голас Госпада, вось, як толькі ты адыдзеш ад мяне, то нападзе на цябе леў!» І калі той трохі адышоў, напаў на яго леў і забіў яго. А ён, напаткаўшы іншага чалавека, сказаў яму: «Удар мяне!» Ён ударыў яго і скалечыў. Такім чынам, пайшоў той прарок і спаткаў цара на дарозе, і змяніў выгляд, завязаўшы хустку на вочы свае. І калі цар праходзіў міма, ён паклікаў цара і сказаў: «Паслугач твой пайшоў змагацца ўрукапашную; і калі адзін чалавек уцёк, хтосьці прывёў яго да мяне, і сказаў: “Пільнуй гэтага чалавека! Калі ён прападзе, твая душа будзе за яго душу, або адважыш талент срэбра”. А пакуль я, заклапочаны, круціўся тут і там, ён раптам знік». І сказаў яму цар Ізраэля: «Гэта табе прысуд, ты сам яго назваў». А ён раптам зняў хустку з вачэй сваіх, і цар Ізраэля пазнаў, што гэта прарок. Прарок сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што выпусціў ты са сваёй рукі чалавека, якога Я асудзіў на пагібель, душа твая будзе за яго душу, і народ твой — за народ яго”». І пайшоў цар Ізраэля ў дом свой сумны і разгневаны, і прыбыў у Самарыю.

А пасля сталася гэта. Набот з Езрагэля меў вінаграднік у Езрагэлі побач з палацам Ахаба, цара Самарыі. Дык Ахаб звярнуўся да Набота і сказаў: «Дай мне вінаграднік твой, а я зраблю з яго агарод, бо блізка ён і побач з домам маім. І дам табе за яго лепшы вінаграднік, або, калі табе гэта зручней, дам табе адпаведную плату срэбрам». Набот адказаў яму: «Хай будзе ласкавы да мяне Госпад, каб я не аддаў табе спадчыну бацькоў маіх». Такім чынам, прыйшоў Ахаб у свой дом сумны і разгневаны дзеля таго, што сказаў яму Набот з Езрагэля, кажучы: «Не дам табе спадчыны бацькоў маіх». І, лёгшы на ложак свой, адвярнуўся тварам да сцяны, і не еў хлеба. І прыйшла да яго Езабэль, жонка яго, і спытала ў яго: «Што здарылася, чаму засумавала душа твая? І чаму ты не ясі хлеба?» Ён адказаў ёй: «Бо гаварыў я з Наботам езрагэльцам і прасіў яго: “Дай мне вінаграднік твой, узяўшы плату; або, калі хочаш, дам табе за яго другі вінаграднік”. І ён сказаў: “Не дам табе майго вінаградніку”». І сказала яму Езабэль, жонка яго: «Ты маеш вялікую ўладу і добра кіруеш царствам Ізраэля! Устань, і еж хлеб, і будзь спакойны: я дам табе вінаграднік Набота з Езрагэля». Такім чынам, напісала яна ліст ад імя Ахаба і запячаткавала яго пярсцёнкам яго, і паслала старэйшынам і магнатам, якія жылі разам з Наботам у яго горадзе. А змест пісьма быў такі: «Аб’явіце пост і пасадзіце Набота на чале народа, і насупраць яго пасадзіце двух людзей, сыноў Бэліяла, і хай яны засведчаць: “Ты зняважыў Бога і цара”; і выведзіце яго, і ўкамянуйце, каб памёр». Такім чынам, грамадзяне яго, старэйшыны і магнаты, якія жылі разам з ім у горадзе, зрабілі так, як ім загадала Езабэль і як было напісана ў лісце, які яна паслала ім. Аб’явілі яны пост, і пасадзілі Набота на чале народа; і прыйшлі два чалавекі, сыны Бэліяла, і селі насупраць яго, і сведчылі яны, як людзі д’ябальскія, супраць яго перад натоўпам людзей: «Набот блюзніў супраць Бога і цара». Таму вывелі яго за горад і ўкаменавалі. І паслалі яны да Езабэлі, паведамляючы: «Набот укаменаваны і памёр». І сталася, калі Езабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, сказала яна Ахабу: «Устань і вазьмі вінаграднік Набота езрагэльца, які не захацеў згадзіцца з табою і за грошы аддаць яго табе; бо Набот ужо не жыве, але памёр». Калі Ахаб пачуў, што, напэўна, Набот памёр, ён устаў і пайшоў у вінаграднік Набота езрагэльца, каб узяць яго ва ўласнасць. Дык прамовіў Госпад да Іллі з Тэсбы гэтыя словы: «Устань і выйдзі насустрач Ахабу, цару Ізраэля, які ў Самарыі; вось, ён у вінаградніку Набота, куды ён прыйшоў, каб узяць яго ва ўласнасць. І скажаш яму вось што: “Гэта кажа Госпад: “Ты забіў, а звыш таго і абрабаваў?” І пасля гэтага дадасі: “Гэта кажа Госпад: “На тым месцы, на якім сабакі лізалі кроў Набота, будуць яны таксама лізаць тваю кроў”». І сказаў Ахаб Іллі: «Ці ты знайшоў мяне, вораг мой?» А ён адказаў: «Знайшоў, бо ты запрадаўся, каб чыніць ліхое перад абліччам Госпада. [І сказаў Госпад:] Вось, Я навяду на цябе ліха і адкіну будучыню тваю, і заб’ю ў Ахаба ўсіх мужчынскага роду, ці то падлетка, ці дарослага ў Ізраэлі. І зраблю з домам тваім, як зрабіў з домам Ерабаама, сына Набата, і як з домам Баасы, сына Ахіі, бо ты рабіў усё, каб гнявіць Мяне, і Ізраэль уводзіў у грэх». Але і адносна Езабэль сказаў Госпад, кажучы: «Езабэль з’ядуць сабакі на полі Езрагэля. Хто ў Ахаба памрэ ў горадзе, таго з’ядуць сабакі; а хто памрэ на полі, таго з’ядуць паднебныя птушкі». Такім чынам, не было другога такога, як Ахаб, які запрадаўся рабіць зло перад абліччам Госпада; бо намовіла яго Езабэль, жонка яго, і зрабіўся ён агідным настолькі, што служыў ідалам, робячы ўсё, што рабілі амарэі, якіх знішчыў Госпад з-прад аблічча сыноў Ізраэля. Такім чынам, калі Ахаб пачуў словы гэтыя, раздзёр ён адзенне сваё і апрануў на цела сваё зрэбніцу, і пасціў, і спаў у зрэбніцы, і хадзіў з паніклай галавою. І зноў прамовіў Госпад да Іллі з Тэсбы, кажучы: «Ці ты заўважыў, як Ахаб упакорыўся перада Мною? Дык за тое, што ён упакорыўся перада Мною, Я не навяду бяды ў яго дні, але ў дні сына яго навяду бяду на дом яго».

Такім чынам, прайшлі тры гады без вайны між Сірыяй і Ізраэлем. А на трэці год Язафат, цар Юды, прыйшоў да цара Ізраэльскага, і цар Ізраэля сказаў паслугачам сваім: «Ці вы не ведаеце, што Рамот у Галаадзе наш, і мы маўчым, замест таго каб забраць яго з рук цара сірыйскага?» І звярнуўся ён да Язафата: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць за Рамот у Галаадзе?» І сказаў Язафат цару Ізраэля: «Як ты, так і я; народ мой і твой народ — гэта адно цэлае, і коннікі мае, і коннікі твае». І сказаў тады Язафат цару Ізраэля: «Запытайся сёння, прашу цябе, што на гэта скажа Госпад». Дык склікаў цар Ізраэля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і спытаўся ў іх: «Ці маю я ісці ваяваць у Рамот у Галаадзе, ці не?» Яны адказалі: «Ідзі, і Госпад аддасць яго ў рукі цара». І спытаўся Язафат: «Ці няма тут іншага прарока Госпадава, каб спытацца ў яго?» І сказаў цар Ізраэля Язафату: «Ёсць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ў Госпада; але я яго ненавіджу, бо ён не прарочыць мне добрае, але ліхое: Міхей, сын Емлі». Язафат сказаў яму: «Не гавары так, цар». І паклікаў цар Ізраэля аднаго еўнуха, і загадаў яму: «Паспяшайся і прывядзі Міхея, сына Емлі». А цар Ізраэля і Язафат, цар Юды, сядзелі кожны на сваім пасадзе, апранутыя ў царскае адзенне, на плошчы каля ўваходу ў браму Самарыі; і перад імі прарочылі ўсе прарокі. Таксама Сэдэцыя, сын Ханааны, зрабіў сабе жалезныя рогі і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль не знішчыш яе”». І ўсе прарокі падобна прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот у Галаадзе і перамагай, і Госпад аддасць яго ў рукі цара». А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, сказаў яму, кажучы: «Вось, усе прарокі ў адзін голас прадказваюць цару добрае; дык і ты кажы, як яны, і гавары добрае». Міхей сказаў яму: «Жыве Госпад, бо што скажа мне Госпад, тое і я скажу!» Дык пайшоў ён да цара, і цар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісці ваяваць у Рамот у Галаадзе, ці не?» Ён яму адказаў: «Ідзі і ваюй шчасліва, і Госпад аддасць яго ў рукі цара». І сказаў яму цар: «Яшчэ і яшчэ раз заклінаю цябе прысягнуць, што мне ты кажаш праўду ў імя Госпада». Тады ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраэль расцярушаным па гарах, як авечкі, якія не маюць пастуха. І сказаў Госпад: “Не маюць яны валадара; няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”». Такім чынам, сказаў тады цар Ізраэля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён заўсёды прарочыць мне не на дабро, а на ліха?» А той працягваў далей: «Таму слухай слова Госпада. Бачыў я Госпада, Які сядзіць на Сваім пасадзе, і ўсё нябеснае войска, што стаяла каля Яго справа і злева. І сказаў Госпад: “Хто падмане Ахаба, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім?” І адзін казаў так, а другі інакш. І выступіў дух, і стаў перад Госпадам, і сказаў: “Я падману яго”. Сказаў яму Госпад: “Чым?” А ён кажа: “Я выйду і стану духам хлуслівым у вуснах усіх яго прарокаў”. І Госпад сказаў: “Ты падманеш яго і пераможаш; ідзі і так рабі!” Такім чынам, вось, Госпад даў цяпер духа хлусні ў вусны ўсіх тваіх прарокаў, якія тут знаходзяцца, і Госпад сказаў супраць цябе благое». А Сэдэцыя, сын Ханааны, падышоў і ўдарыў Міхея ў сківіцу, і казаў: «Якім чынам адышоў дух Госпадаў ад мяне, каб прамаўляць да цябе?» І Міхей адказаў: «Тым сам убачыш у той дзень, калі будзеш уваходзіць то ў адзін пакой, то ў іншы, каб схавацца». І загадаў цар Ізраэля: «Вазьмі Міхея, і хай ён застанецца ў Амона, кіраўніка горада, і ў сына царскага Ёаса, і скажы ім: так загадаў цар: “Пасадзіце гэтага чалавека ў вязніцу і карміце яго хлебам бяды і вадой гора аж да майго вяртання ў супакоі”». А Міхей сказаў: «Калі ты вернешся ў супакоі, то не гаварыў Госпад праз мяне». І дадаў: «Слухайце гэта, усе народы!» І пайшоў цар Ізраэля і Язафат, цар Юдэі, у Рамот у Галаадзе. І казаў цар Ізраэля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой; а ты апраніся ў твае шаты». І цар Ізраэля змяніў адзенне і пайшоў у бой. А цар Сірыі загадаў трыццаці двум кіраўнікам калясніц, кажучы: «Не ваюйце ані з меншым, ані з большым, — ні з кім, акрамя аднаго толькі цара Ізраэля». Дык калі кіраўнікі калясніц убачылі Язафата, то вырашылі, што ён — цар Ізраэля, і, напаўшы на яго, змагаліся супраць яго. І Язафат закрычаў; і кіраўнікі калясніц зразумелі, што гэта не цар Ізраэля, і адступілі ад яго. А адзін ваяр нацягнуў лук, не цэлячыся ні ў каго, і выпадкова раніў цара Ізраэля між засцежкамі і панцырам. І сказаў цар свайму каляснічаму: «Завярні і вывезі мяне з войска, бо я цяжка паранены». Такім чынам, у той дзень разгарэўся бой, і цар стаяў у калясніцы сваёй супраць сірыйцаў, і памёр вечарам: а кроў ад удару сцякала ў сярэдзіну калясніцы. І на захадзе сонца ва ўсім войску закрычалі: «Хай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!» І памёр цар, і быў прывезены ён у Самарыю; і пахавалі цара ў Самарыі. І вымылі калясніцу яго ў вадаёме ў Самарыі; і сабакі лізалі яго кроў, і блудніцы мыліся [у вадаёме] паводле слова Госпада, якое Ён гаварыў. А іншыя дзеянні Ахаба, і ўсё, што ён рабіў, і дом са слановай косці, які пабудаваў, і ўсе гарады, якія пабудаваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? Такім чынам, супачыў Ахаб з бацькамі сваімі; і па ім цараваў сын яго Ахазія. А Язафат, сын Асы, стаў царом Юды на чацвёрты год Ахаба, цара Ізраэля; Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і дваццаць пяць гадоў цараваў ён у Ерузаліме. Маці яго называлася Азуба, і была дачкою Сэлаха. І хадзіў ён ва ўсім дарогай бацькі свайго Асы і не сыходзіў з яе; і рабіў тое, што было справядлівым у вачах Госпада. Толькі ўзгоркі не знішчыў, бо народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках. І Язафат жыў мірна з царом Ізраэля. А іншыя дзеянні Язафата і справы яго, якія ён мужна рабіў, і як ваяваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэйскіх? Але і рэшткі распуснікаў, якія заставаліся ў дні бацькі яго Асы, ён знішчыў з зямлі. А ў Эдоме не было тады цара, але намеснік царскі. А цар Язафат пабудаваў караблі ў Тарсісе, каб плысці ў Афір па золата; і яны не паплылі, бо паразбіваліся ў Эцыён-Гебэры. Тады Ахазія, сын Ахаба, сказаў Язафату: «Хай мае паслугачы пойдуць на караблі з тваімі паслугачамі». І Язафат не захацеў. І Язафат супачыў з бацькамі сваімі, і быў разам з імі пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і па ім царом стаў сын яго Ярам. А Ахазія, сын Ахаба, стаў царом у Самарыі на сямнаццаты год Язафата, цара Юды, і быў царом у Ізраэлі два гады. І дапускаўся ён усяго таго, што ліхім было ў вачах Госпада, і хадзіў дарогаю бацькі свайго і дарогаю маці сваёй, і дарогаю Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль; таксама служыў ён Баалу, і пакланяўся яму, і гнявіў Госпада, Бога Ізраэля, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.