Библия › Чарняўскі-17 › 2 Цароў

2-я Цароў

Па смерці ж Ахаба ўзбунтаваўся Мааб супраць Ізраэля. А Ахазія выпаў праз краты з верхняга пакоя свайго, што ў Самарыі, і захварэў, і паслаў ён пасланцоў, загадваючы ім: «Ідзіце, спытайце Бэльзэбула, бога Акарона, ці ачуняю я з гэтай хваробы сваёй?» Але анёл Госпадаў сказаў Іллі з Тэсбы: «Устань і выйдзі насустрач пасланцам цара Самарыі і скажы ім: “Ці ж няма Бога ў Ізраэлі, што вы ідзяце пытацца ў Бэльзэбула, бога Акарона?” Таму вось што кажа Госпад: “З ложка, на які ты лёг, не падымешся, але напэўна памрэш”». І Ілля пайшоў. Тады вярнуліся пасланцы да Ахазіі, і ён спытаў іх: «Чаму вы вярнуліся?» А яны адказалі яму: «Нейкі чалавек сустрэў нас і сказаў нам: “Ідзіце і вярніцеся да цара, які паслаў вас, і скажыце яму: “Гэта кажа Госпад: “Ці няма Бога ў Ізраэлі, што ты пасылаеш раіцца да Бэльзэбула, бога Акарона? Таму з ложка, на які ты лёг, не падымешся, але, напэўна, памрэш”». Ён сказаў ім: «Як выглядаў і як быў апрануты той чалавек, які выйшаў вам насустрач і сказаў гэтыя словы?» А яны адказалі: «Гэты чалавек быў у плашчы са скураў і быў падперазаны дзяжкай скураной вакол сцёгнаў». Ён крыкнуў: «Гэта Ілля з Тэсбы». І паслаў Ахазія па яго кіраўніка пяцідзесяці разам з яго пяццюдзесяццю; і прыйшоў ён да Іллі, калі той быў на вяршыні гары, і сказаў яму: «Чалавеча Божы! Цар загадаў, каб ты сышоў з гары!» І ў адказ Ілля сказаў кіраўніку пяцідзесяці: «Калі я чалавек Божы, хай сыдзе агонь з неба і спаліць цябе разам з тваімі пяццюдзесяццю!» І сышоў агонь з неба, і спаліў яго разам з яго пяццюдзесяццю. Тады цар паўторна паслаў па яго іншага кіраўніка пяцідзесяці разам з яго пяццюдзесяццю. І ён сказаў яму: «Чалавеча Божы, вось што кажа цар: “Хутка сыдзі з гары!”» У адказ Ілля сказаў ім: «Калі я чалавек Божы, няхай сыдзе агонь з неба і спаліць цябе і пяцьдзесят чалавек тваіх». І сышоў агонь Божы з неба, і спаліў яго і пяцьдзесят чалавек яго. Зноў паслаў цар трэцяга кіраўніка пяцідзесяці і пяцьдзесят чалавек з ім. Калі ён прыйшоў, упаў на калені перад Іллёй і прасіў яго і сказаў: «Чалавеча Божы, хай жыццё маё і жыццё гэтых паслугачоў тваіх, якія разам са мною, будзе каштоўным у вачах тваіх! Вось, агонь сышоў з неба і спаліў абодвух папярэдніх кіраўнікоў пяцідзесяці разам з папярэднімі пяццюдзесяццю, якія з імі былі; але цяпер прашу, каб злітаваўся ты над душою маёю». Тады анёл Госпадаў сказаў Іллі: «Сыдзі разам з ім, не бойся яго». Дык Ілля ўстаў і пайшоў разам з ім да цара, і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што ты паслаў пасланцоў раіцца да Бэльзэбула, бога Акарона, як быццам не было Бога ў Ізраэлі, ад Якога ты мог бы даведацца слова Яго, з ложка, на якім ляжыш, не падымешся, але напэўна памрэш”». І памёр цар па слове Госпада, якое сказаў Ілля. І на яго месцы стаў цараваць Ярам, брат яго, у другім годзе Ярама, сына Язафата, цара Юдэі, бо Ахазія не меў сына. А дзеянні Ахазіі, якія ён зрабіў, — ці не запісаны яны ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

Здарылася ж, што калі Госпад хацеў узяць Іллю на неба ў віхуры, ішлі Ілля і Элісей з Галгала, і сказаў Ілля Элісею: «Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне аж у Бэтэль». Элісей адказаў яму: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Бэтэль, і выйшлі сыны прарокаў, якія былі ў Бэтэлі, да Элісея і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёння забярэ Госпад гаспадара твайго па-над галавой тваёй?» Ён адказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце». І сказаў яму Ілля: «Элісей, застанься тут, бо Госпад паслаў мяне ў Ерыхон». Але ён адказаў: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». Калі прыйшлі яны ў Ерыхон, падышлі сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне, да Элісея і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёння забярэ Госпад гаспадара твайго па-над галавой тваёй?» Ён кажа: «Ведаю, а вы маўчыце!» І сказаў яму Ілля: «Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне да Ярдана». Ён кажа: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». Дык пайшлі яны абодва разам, і пяцьдзесят чалавек з сыноў прарокаў пайшлі, і сталі насупраць паводдаль. А яны абодва стаялі каля Ярдана. Тады Ілля зняў плашч свой, і скруціў яго, і ўдарыў ім па вадзе, якая раздзялілася ў адзін і ў другі бок, і перайшлі абодва па сухому. І, калі перайшлі, Ілля сказаў Элісею: «Прасі, чаго хочаш, каб я зрабіў табе, пакуль не буду забраны ад цябе». А Элісей сказаў: «Прашу, хай дух, які ў табе, будзе на мне ўдвая!» Ён адказаў: «Цяжкога ты просіш. Калі, аднак, убачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, будзе табе тое, пра што просіш; а калі не ўбачыш, — не будзе». І, калі яны ішлі і, ідучы, размаўлялі, раптам з’явілася агністая калясніца і агністыя коні і раздзялілі абодвух, і Ілля ў віхуры падняўся на неба. А Элісей глядзеў і крычаў: «Айцец мой! Айцец мой! Калясніца Ізраэля і коннік яго». І болей яго ўжо не бачыў, і, схапіўшы шаты свае, раздзёр іх на дзве часткі. Потым падняў ён плашч Іллі, які зваліўся з яго, і вярнуўся і стаў на беразе Ярдана. І плашчом Іллі, які зваліўся з яго, ударыў па вадзе і сказаў: «Дзе зараз Госпад, Бог Іллі?» І ўдарыў па вадзе, і яна раздзялілася туды і сюды, і Элісей перайшоў. І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне насупраць, і сказалі: «Дух Іллі супачыў на Элісеі». І прыйшлі насустрач яму, і пакланіліся яму, упаўшы тварам на зямлю, і сказалі яму: «Вось паміж паслугачоў тваіх знаходзяцца пяцьдзесят мужных чалавек, якія могуць пайсці і пашукаць гаспадара твайго, ці, часам, не падняў яго Дух Госпадаў і не спусціў на адной з гор або ў якой лагчыне». Ён сказаў: «Не пасылайце!» А яны вымушалі яго, пакуль не надакучылі так, што Элісей сказаў: «Пасылайце». І паслалі яны пяцьдзесят чалавек. Паколькі яны шукалі Іллю тры дні і не знайшлі, то вярнуліся да яго. А ён быў у Ерыхоне і сказаў ім: «Ці ж не казаў я вам: “Не ідзіце”»? Таксама сказалі жыхары горада Элісею: «Вось, месца гэтага горада вельмі добрае, як сам ты, гаспадару, бачыш; але вада вельмі дрэнная і зямля не дае пладоў». А ён сказаў: «Прынясіце мне новую місу і ўкіньце ў яе солі». Калі яны прынеслі яму, ён пайшоў да крыніцы вады, укінуў у яе соль і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Аздаравіў Я ваду гэтую, і не будзе ў ёй больш ані смерці, ані неўрадлівасці”». Такім чынам, аздароўлена была вада аж да сёння паводле слова Элісея, якое ён сказаў. Адтуль жа пайшоў ён у Бэтэль. Калі ж ішоў ён дарогаю, малыя хлопцы выбеглі з горада і смяяліся з яго пагардліва, кажучы: «Ідзі, лысы; ідзі, лысы!» Калі ён аглянуўся, убачыў іх і пракляў іх у імя Госпада; і выйшлі дзве мядзведзіцы з лесу, і разарвалі з іх сорак два хлопцы. Адтуль жа пайшоў ён на гару Кармэль і адтуль вярнуўся ў Самарыю.

Ярам, сын Ахаба, узяў уладу над Ізраэлем у Самарыі на васемнаццаты год Язафата, цара Юдэі, і цараваў дванаццаць гадоў. І дапускаўся ён усякага ліха перад Госпадам, але не так, як бацька яго і маці; бо ён прыняў слуп Баала, які зрабіў бацька яго. Трываў ён, аднак, у грахах Ерабаама, сына Набата, які навучыў грашыць Ізраэль, і не адступіў ад іх. А Мэса, цар Мааба, гадаваў многа жывёлы і даваў цару Ізраэля сто тысяч авечак і воўну са ста тысяч бараноў. Але пасля смерці Ахаба ён парушыў дагавор, які меў з царом Ізраэля. Такім чынам, цар Ярам выйшаў у той дзень з Самарыі і зрабіў агляд усяго Ізраэля; і ў дарозе ён паслаў Язафату, цару Юдэі, пасланцоў, паведамляючы: «Цар Мааба ўзбунтаваўся супраць мяне. Ці хочаш пайсці са мной ваяваць супраць Мааба?» Той адказаў: «Пайду. Як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ, як твае коннікі, так і мае коннікі». І запытаўся: «Якой дарогай мы пойдзем?» А ён адказаў: «Праз Эдомскую пустыню». Такім чынам, рушылі цар Ізраэля, і цар Юдэі, і цар Эдома і ішлі па дарозе сем дзён; і не было вады ў войска, ані ў жывёлы, што ішла за імі. І сказаў цар Ізраэля: «Бяда! Сабраў Госпад трох цароў, каб выдаць у рукі Мааба». І запытаўся Язафат: «Ці няма тут прарока Госпадава, каб праз яго спытаць Госпада?» І адказаў адзін з паслугачоў цара Ізраэля: «Ёсць тут Элісей, сын Сафата, які паліваў вадой рукі Іллі». І кажа Язафат: «Ён мае слова Госпада». І пайшлі да яго цар Ізраэля, і Язафат, і цар Эдома. І сказаў Элісей цару Ізраэля: «Што табе да мяне? Ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці сваёй». І сказаў яму цар Ізраэля: «Ці ж не сабраў Госпад трох цароў гэтых, каб аддаць іх у рукі Мааба?» І сказаў Элісей: «Жыве Госпад Магуццяў, перад абліччам Якога я стаю, калі б я не паважаў Язафата, цара Юдэі, не звярнуў бы ўвагі на цябе і не глянуў бы. Цяпер жа прывядзіце да мяне гусляра». І, калі гусляр зайграў, усклаў на Элісея руку Госпад, і ён пачаў прамаўляць: «Гэта кажа Госпад: “Выкапайце ў гэтай лагчыне равы побач равоў”. Бо гэта кажа Госпад: “Не ўбачыце ветру, ані дажджу, і лагчына гэтая запоўніцца вадою; і будзеце вы піць, і ваш статак, і ваша жывёла”. І гэтага яшчэ мала ў вачах Госпада: выдасць таксама Ён Мааб у рукі вашы, і вы зруйнуеце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады лепшыя, і вы пассякаеце ўсе пладаносныя дрэвы, і засыплеце ўсе крыніцы водаў, і ўсе добрыя палі закідаеце камянямі». Такім чынам, сталася раніцай, калі звычайна складаецца ахвяра, і, вось, вада пацякла дарогаю Эдомскай. І запоўнілася зямля вадою. А ўсе маабцы, даведаўшыся, што падыходзяць цары, каб ваяваць супраць іх, склікалі ўсіх, здатных насіць зброю, ды сталі на мяжы. І, вельмі рана ўстаўшы, яшчэ на ўзыходзе сонца, на ўзвышшы, убачылі маабцы насупраць ваду чырвоную, як кроў, і закрычалі яны: «Гэта кроў сечы! Цары змагаліся паміж сабой і пазабівалі адзін аднаго. Цяпер хадзем па здабычу, маабцы!» І пайшлі яны ў лагер Ізраэля. Падняліся ж ізраэльцы і ўдарылі маабцаў так, што тыя кінуліся перад імі ўцякаць. Такім чынам, яны ішлі наперад, пераследуючы і забіваючы маабцаў. І зруйнавалі гарады, і закідалі ўсе добрыя палі камянямі, і засыпалі ўсе крыніцы водаў, і пассякалі ўсе пладаносныя дрэвы, так што засталіся толькі муры Кірхарэса; і абкружылі горад прашчнікі і закідвалі каменнямі. Калі цар Мааба ўбачыў, што перамагаюць ворагі яго, то ўзяў з сабой семсот чалавек, валодаючых мечам, каб прабіцца да цара Эдома; і не змаглі яны. Тады ўзяў ён сына свайго першароднага, які па ім меў цараваць, і склаў яго ў ахвяру цэласпалення на муры. І паўстала вялікая агіда ў ізраэльцаў, і яны адразу ж адышлі ад яго, і вярнуліся ў сваю зямлю.

А адна ўдава пасярод жонак сыноў прарокаў заклікала Элісея, кажучы: «Мой муж, паслугач твой, памёр, і ты ведаеш, што паслугач твой баяўся Госпада; і, вось, прыйшоў ліхвяр, каб забраць сабе абодвух маіх дзяцей у нявольнікі». Элісей сказаў ёй: «Чым мог бы я табе дапамагчы? Скажы мне, што маеш у доме сваім?» А яна адказала: «Паслугачка твая не мае ў доме сваім анічога, апрача збанка з алеем». Сказаў ён ёй: «Ідзі, пазыч сабе посуд ва ўсіх сваіх суседзяў, посуд пусты, і набяры яго нямала; і вярніся і замкні дзверы за сабою і сынамі сваімі, і адтуль налівай ва ўсе гэтыя пасудзіны, і, напоўненыя, адстаўляй». Такім чынам, яна пайшла ад яго, і замкнула дзверы за сабою і за сынамі сваімі; яны падносілі ёй посуд, і яна налівала. І, калі ўвесь посуд быў поўны, сказала яна сыну свайму: «Прынясі мне яшчэ посуд». І ён адказаў: «Не маю больш посуду». І спыніўся алей. Яна ж пайшла і сказала пра гэта чалавеку Божаму. І ён сказаў ёй: «Ідзі, прадай алей і вярні доўг пазычальніку свайму; а ты і сыны твае жывіце з таго, што засталося». А сталася аднаго дня, што Элісей праходзіў праз Сунам. Была ж там багатая жанчына, якая затрымала яго, каб паеў хлеба. І, колькі разоў ён там праходзіў, заходзіў да яе падсілкавацца хлебам. Сказала яна мужу свайму: «Я пераканана, што чалавек Божы, які часта праходзіць каля нас, ёсць святы. Такім чынам, падрыхтуем малы пакойчык, абгароджаны сцяною, і паставім у ім для яго ложак, і стол, і ўслончык, і падсвечнік, каб, калі зойдзе да нас, застаўся там». І сталася аднойчы, што зайшоў ён туды, і падняўся ў пакойчык, і там заначаваў. І сказаў ён паслугачу свайму Гэхазі: «Пакліч сунаміцянку гэту». Ён паклікаў яе, і яна стала перад ім, ён сказаў паслугачу: «Скажы ёй: вось, ты так рупліва служыла нам ва ўсім; што хочаш, каб я зрабіў для цябе? Можа, заступіцца за цябе ў якой-небудзь справе перад царом або перад кіраўніком войска?» Яна адказала: «Я жыву паміж свайго народа». І ён працягваў: «Дык што можна зрабіць для яе?» Гэхазі адказаў: «На жаль, яна не мае сына, і муж яе ўжо стары». І ён загадаў: «Пакліч яе!»; калі ён паклікаў яе і яна стала ля дзвярэй, ён сказаў ёй: «У гэты час у наступным годзе будзеш песціць сына». А яна адказала: «О гаспадару мой, чалавек Божы, прашу, не падманвай паслугачкі сваёй». І жанчына пачала і нарадзіла сына ў наступным годзе ў тую самую пару, як прадказаў ёй Элісей. І рос той хлопец; і аднойчы пайшоў ён да свайго бацькі, да жняцоў, і сказаў ён свайму бацьку: «Галава мая! Галава мая!» Бацька ж загадаў слузе: «Забяры яго да яго маці!» Калі забраў яго паслугач і завёў да маці яго, пасадзіла яна яго на калені свае да паўдня, і ён памёр. Яна ж пайшла, і паклала яго ў ложак чалавека Божага, і замкнула за сабой дзверы, і, выйшаўшы, паклікала яна мужа свайго і сказала: «Адпраў са мною, прашу, аднаго з паслугачоў і асліцу, каб пайшла я да чалавека Божага і пасля вярнулася». Ён сказаў ёй: «Чаму ідзеш да яго сёння? Не маладзік жа цяпер, ані субота?» Яна сказала: «Добра». І, асядлаўшы асліцу, сказала свайму слузе: «Вядзі! Паехалі! Не затрымлівайся ў дарозе, пакуль не скажу табе». І паехала, і прыбыла да чалавека Божага на гару Кармэль. І, калі чалавек Божы ўгледзеў яе насупраць, сказаў слузе свайму Гэхазі: «Гэта тая сунаміцянка. Пабяжы насустрач ёй і спытай у яе: “Ці здаровая ты? Ці здаровы муж твой? Ці здаровы сын твой?”» Яна адказала: «Здаровыя». І, калі прыйшла яна на гару да чалавека Божага, абняла ногі яго, а Гэхазі падышоў, каб адпіхнуць яе, і сказаў яму чалавек Божы: «Пакінь яе, бо душа яе ў горы вялікім, а Госпад схаваў гэта ад мяне і не паведаміў мне». Яна яму сказала: «Ці я прасіла ў гаспадара майго сына? Ці ж я табе не казала: “Не падманвай мяне?”» І ён сказаў Гэхазі: «Падперажы сцёгны свае, і вазьмі ў руку сваю кій мой, і ідзі! Калі напаткаеш каго, не вітайся з ім і, калі цябе хто прывітае, не адказвай яму. І пакладзеш кій мой на твар хлопчыка». Але маці хлопца сказала: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе!» Такім чынам, ён устаў і пайшоў з ёю. А Гэхазі апярэдзіў іх, і паклаў кій на твар хлопца, і не было ані голасу, ані знака жыцця; і Гэхазі пайшоў насустрач яму, і паведаміў яму, кажучы: «Хлопец не прачнуўся». Такім чынам, увайшоў Элісей у дом, і, вось, хлопец ляжаў мёртвы на ложку яго; і ўвайшоў ён, і замкнуў дзверы за сабою, і маліў Госпада. І падышоў, і лёг на хлопца, і прытуліў вусны свае да вуснаў хлопца, і вочы свае — да яго вачэй, і рукі свае — да яго рук, і прытуліўся да яго, і сагрэлася цела хлопца. А ён зноў хадзіў па доме ўзад і ўперад, і вярнуўся назад, і прытуліўся да яго, і хлопец чхнуў сем разоў і расплюшчыў вочы. І паклікаў ён Гэхазі, і сказаў яму: «Пакліч сунаміцянку гэту». Той паклікаў яе, і яна ўвайшла да яго. Ён сказаў: «Вазьмі сына свайго». Яна ўвайшла, і ўпала да ног яго, і пакланілася да зямлі, і ўзяла сына свайго і выйшла. І Элісей вярнуўся ў Галгал. Быў жа голад у той зямлі, і сыны прарокаў сядзелі пры ім. І ён сказаў слузе свайму: «Пастаў вялікі кацёл і звары поліўку для сыноў прарокаў». І выйшаў адзін з іх на поле назбіраць зеляніны; і знайшоў ён дзікую расліну павітуху, і назбіраў з яе дзікіх пладоў. І напоўніў імі плашч свой, і вярнуўся ён, і накідаў іх у кацёл з поліўкай; а ён не ведаў, што гэта была за расліна. І налілі людзям есці. І калі яны пакаштавалі стравы, закрычалі ўголас: «Смерць у катле, чалавеча Божы!» І не маглі есці. І ён сказаў: «Прынясіце мукі». І насыпаў ён яе ў кацёл, і сказаў: «Налі людзям, і хай ядуць». І ўжо ў катле не было нічога атрутнага. І прыйшоў нейкі чалавек з Баал-Саліса, і прынёс чалавеку Божаму хлеб з пяршыняў: дваццаць хлябоў ячменных ды свежае збожжа ў сваім мяху. І загадаў Элісей: «Дай людзям, і хай яны ядуць». Але паслугач яго адказаў: «Як я пакладу гэта сотні людзей?» А ён сказаў: «Дай людзям, і хай ядуць. Бо так загадаў Госпад: “Ежце, і застанецца яшчэ”». Такім чынам, ён падаў ім, і яны наеліся, і яшчэ засталося паводле слова Госпада.

Нааман, кіраўнік войска цара сірыйскага, быў вялікі чалавек у свайго гаспадара і быў вельмі паважаны, бо праз яго Госпад даў перамогу Сірыі. І быў ён чалавекам адважным, але быў пракажоны. А сталася, што выйшла войска з Сірыі, і ўзялі сярод палонных з зямлі Ізраэля малую дзяўчынку, якая паслугавала жонцы Наамана. Сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой пайшоў да прарока, які ёсць у Самарыі! Ён, напэўна, вылечыў бы яго ад праказы, якою хварэе!» Дык Нааман пайшоў да гаспадара свайго і расказаў яму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраэля». І цар Сірыі сказаў яму: «Ідзі, і я пашлю ліст да цара Ізраэля». Ён, калі пайшоў, узяў з сабой дзесяць талентаў срэбра, і шэсць тысяч сікляў золата, і дзесяць змен адзення, і прынёс ён цару Ізраэля ліст такога зместу: «Калі атрымаеш гэты ліст, ведай, што я пасылаю да цябе паслугача майго, Наамана, каб ты вылечыў яго ад праказы яго». Калі цар Ізраэля прачытаў гэты ліст, то раздзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я Бог, каб мог забіваць ці вяртаць жыццё, што ён прысылае да мяне, каб я вылечыў чалавека ад яго праказы? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?» Калі аб гэтым даведаўся Элісей, чалавек Божы, што цар Ізраэля раздзёр шаты свае; ён паслаў яму паведаміць: «Навошта раздзёр ты шаты свае? Хай прыходзіць ён да мяне і хай даведаецца, што ёсць прарок у Ізраэлі». І прыбыў Нааман з конямі і калясніцамі, і затрымаўся каля дзвярэй дома Элісея. А Элісей паслаў да яго пасланца сказаць: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане; і цела тваё стане здаровым, і будзеш ты ачышчаны ад праказы». І ўзлаваўся Нааман, і адышоў, кажучы: «Я думаў, што ён выйдзе да мяне, і стане, і будзе прызываць імя Госпада, Бога свайго, і што дакранецца рукой сваёй да месца праказы і аздаровіць мяне. Ці не лепшыя Абана і Парпар, рэкі Дамаска, за ўсе рэкі Ізраэля? Ці ж не мог я памыцца ў іх і ачысціцца?» І, узлаваны, павярнуўся і пайшоў; і прыступіліся да яго паслугачы яго і казалі яму: «Калі б незвычайныя рэчы сказаў табе прарок, ты, напэўна, зрабіў бы; тым больш, калі ён сказаў табе: “Памыйся і будзеш ачышчаны”». Адышоў Нааман, і сем разоў акунуўся ў Ярдане па слове чалавека Божага, і аднавілася цела яго, як цела малога дзіцяці, і быў ён ачышчаны. І вярнуўся ён да чалавека Божага, прыйшоў з усёй сваёй дружынай, і стаў перад ім і сказаў: «Пераканаўся я, што на ўсёй зямлі няма Бога, толькі ў Ізраэля! Дык цяпер, прашу, прымі дар удзячнасці ад паслугача свайго». Але Элісей адказаў: «Жыве Госпад, перад Якім стаю, не вазьму». І той вельмі прасіў яго ўзяць, але ён не згадзіўся. І сказаў Нааман: «Як пажадаеш. Але, прашу, хай мне, паслугачу твайму, дадуць столькі зямлі, колькі пара мулаў везці зможа; бо паслугач твой ужо не будзе складаць ахвяры цэласпалення, ані крывавай ахвяры іншым багам, але толькі Госпаду! Адно толькі хай прабачыць Госпад паслугачу твайму: калі гаспадар мой уваходзіць у храм Рэмона, каб пакланіцца там, і калі апіраецца ён на маё плячо, я таксама мушу пакланіцца ў храме Рэмона, калі ён будзе пакланяцца ў тым жа месцы. Хай даруе Госпад мне, паслугачу твайму, гэта». Ён сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». І ён ад’ехаў ад яго на невялікую адлегласць. А Гэхазі, паслугач чалавека Божага, сказаў: «Гаспадар мой пашкадаваў Наамана, сірыйца гэтага, бо не прыняў ад яго таго, што ён прынёс; жыве Госпад, пабягу за ім і нешта атрымаю ад яго». І пабег Гэхазі за Нааманам. Калі той убачыў яго, які бег за ім, ён сышоў з калясніцы насустрач яму і сказаў: «Ці ўсё добра?» І ён адказаў: «Добра. Гаспадар мой паслаў мяне сказаць: “Толькі што прыбылі да мяне два юнакі з гары Эфраіма з сыноў прарокаў. Дай ім талент срэбра і два адзенні на змену”». І сказаў яму Нааман: «Лепш вазьмі два таленты». І ўпрошваў яго, і завязаў у дзве торбы два таленты срэбра, і два адзенні на змену, і даў двум сваім паслугачам, і яны панеслі іх перад ім. І калі прыйшоў ён на ўзгорак, то сам забраў гэтыя рэчы з іх рук, і паклаў у доме; і людзей тых адпусціў, і яны пайшлі. А сам ён пайшоў і з’явіўся перад гаспадаром сваім. І спытаўся ў яго Элісей: «Адкуль прыйшоў, Гэхазі?» Ён адказаў: «Паслугач твой не хадзіў нікуды». А той сказаў яму: «Ці ж сэрца маё не хадзіла з табою, калі насустрач табе сышоў чалавек з калясніцы сваёй? Ці цяпер час браць срэбра, і браць адзенне, і аліўкавыя дрэвы, і вінаграднікі, і авечак, і валоў, і нявольнікаў, і нявольніц? Але і праказа Наамана прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх назаўсёды». І выйшаў Гэхазі ад яго белы, як снег, ад праказы.

І сказалі сыны прарокаў Элісею: «Вось, месца, у якім мы з табою жывём, цеснае для нас. Дык мы пойдзем да Ярдана і возьмем адтуль з лесу кожны па аднаму бервяну, і зробім сабе там месца на пражыванне». Ён сказаў: «Ідзіце!» І сказаў нехта з іх: «Ідзі таксама і ты з паслугачамі сваімі». Ён адказаў: «Пайду». І пайшоў ён з імі. І калі прыйшлі яны да Ярдана, то пачалі секчы дрэвы. А здарылася, што, калі адзін сек дрэва, сякера ўпала ў ваду, і закрычаў ён і сказаў: «О гаспадару мой! Яна ж пазычаная!» І сказаў чалавек Божы: «Дзе яна ўпала?» І той паказаў яму месца. Тады адсек ён кавалак дрэва і закінуў туды, і выплыла сякера. І сказаў ён: «Вазьмі яе!» — той выцягнуў руку, і ўзяў яе. А цар сірыйскі ваяваў з Ізраэлем; і раіўся ён з паслугачамі сваімі, кажучы: «У такім і такім месцы зробім засаду». Такім чынам, чалавек Божы пасылаў да цара Ізраэля, каб сказаць яму: «Сцеражыся пераходзіць у тым месцы, бо там у засадзе заляглі сірыйцы». Цар Ізраэля пасылаў людзей у тое месца, аб якім яму гаварыў чалавек Божы і адносна якога перасцерагаў яго, і збярог сябе так не раз і не два. І ўстрывожылася сэрца цара Сірыі дзеля гэтай справы, і склікаў ён паслугачоў сваіх, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не паказваеце мне, хто здраджвае мне перад царом Ізраэля?» І сказаў адзін з паслугачоў яго: «Ніхто, гаспадару мой, цар. Але ў Ізраэлі ёсць прарок Элісей, які паведамляе цару Ізраэля ўсе словы, якія ты гаворыш у спальні сваёй». Ён сказаў ім: «Ідзіце і даведайцеся, дзе ён, а я пашлю і вазьму яго». І паведамілі яму, кажучы: «Ён у Датайне». Дык паслаў ён туды коней, і калясніцы, і моцную дружыну ваяроў; калі прыйшлі яны ноччу, яны акружылі горад. А паслугач чалавека Божага, устаўшы рана, выйшаў і ўбачыў войска вакол горада, і коней, і калясніцы, і паведаміў яму, кажучы: «О гаспадару мой, што будзем рабіць?» А ён адказаў: «Не бойся, бо болей тых, хто з намі, чым тых, хто з імі». І маліўся Элісей гэтымі словамі: «Госпадзе, адкрый вочы яму, каб ён убачыў». І адкрыў Госпад вочы паслугачу, і ён убачыў, і, вось, гара запоўнена конямі і калясніцамі вогненнымі вакол Элісея. А ворагі сыходзіліся да яго. А Элісей маліўся да Госпада і казаў: «Удар, прашу, народ гэты слепатою!» І ўдарыў іх Госпад, каб не бачылі, паводле слова Элісея. І сказаў ім Элісей: «Гэта не тая дарога і не той горад; ідзіце за мною, і я пакажу вам чалавека, якога вы шукаеце». Такім чынам, завёў ён іх у Самарыю. Калі прыйшлі яны ў Самарыю, маліўся Элісей: «Госпадзе, адкрый вочы іх, каб бачылі». І адкрыў Госпад вочы іх, і ўбачылі яны, што знаходзяцца пасярод Самарыі. І, калі ўбачыў іх цар Ізраэля, спытаўся ў Элісея: «Ці не пазабіваць іх, айцец мой?» Але ён сказаў: «Не забівай. Ці ж мечам сваім і лукам узяў ты іх у палон, каб іх забіваць? Дай ім хлеба і вады, каб паелі і напіліся, і хай вяртаюцца да гаспадара свайго». І справіў ім цар вялікае частаванне, і яны наеліся і напіліся, і ён адпусціў іх; і пайшлі яны да гаспадара свайго, і дружыны сірыйцаў не нападалі больш на зямлю Ізраэля. А сталася пасля гэтага, што Бэнадад, цар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і пайшоў, і абкружыў Самарыю. І запанаваў вялікі голад у Самарыі, бо доўга трымалася аблога, пакуль галава асла каштавала восемдзесят сікляў срэбра, а чвэрць каба галубінага памёту — пяць сікляў срэбра. І, калі цар Ізраэля праходзіў па муры, адна жанчына закрычала да яго, кажучы: «Ратуй мяне, гаспадару мой, цар!» Сказаў ён: «Не, збавіць цябе Госпад. Як я магу збавіць цябе? З тока або з давільні?» І спытаў яе цар: «Што трэба табе?» Яна адказала: «Гэтая жанчына сказала мне: “Дай сына свайго, і мы з’ямо яго сёння, і майго сына з’ямо заўтра”. Дык зварылі мы майго сына і з’елі яго. І другога дня сказала я ёй: “Дай сына твайго, каб мы з’елі яго”; а яна схавала сына свайго». Калі пачуў гэта цар, раздзёр шаты свае. І праходзіў ён па муры, і ўвесь народ бачыў зрэбніцу, якую насіў ён як сподняе на целе сваім. І сказаў ён: «Хай зробіць мне Бог тое і тое, і яшчэ болей зробіць, калі галава Элісея, сына Сафата, застанецца на ім яшчэ сёння!» А Элісей сядзеў у доме сваім, і старэйшыны сядзелі разам з ім. І цар паслаў перад сабою чалавека. Але перш, чым пасланец увайшоў да Элісея, ён сказаў старэйшынам: «Ці вы ведаеце, што гэты сын забойцы паслаў чалавека па маю галаву? Дык глядзіце, калі прыйдзе пасланец, замкніце дзверы і не дазвольце яму ўвайсці; вось, бо ўжо чуваць стукат ног гаспадара яго, які ідзе за ім». І калі ён яшчэ гаварыў з імі, з’явіўся цар, які падышоў да яго і сказаў: «Глядзі, колькі няшчасця ад Госпада! Чаго яшчэ маю чакаць ад Госпада?»

І сказаў тады Элісей: «Слухайце слова Госпада: вось, што кажа Госпад: “Заўтра, у гэтую самую гадзіну, адна мера найчысцейшай мукі будзе за адзін сікль, дзве меры ячменю за адзін сікль у браме Самарыі”». У адказ на гэта правадыр, на плячо якога абапіраўся цар, сказаў чалавеку Божаму: «Хоць бы Госпад зрабіў нават вокны ў нябёсах, ніколі не можа стацца тое, што ты гаворыш». Ён адказаў: «Ты ўбачыш сваімі вачамі, і не будзеш гэтага есці!» І былі чацвёра пракажоных ля ўваходу ў браму; сказалі яны адзін аднаму: «Што мы тут сядзім, чакаючы смерці? Калі захочам пайсці ў горад, з голаду памром; калі застанёмся тут, таксама трэба будзе памерці. Дык хадземце, пойдзем у лагер сірыйскі. Калі пашкадуюць нас, будзем жыць; а калі захочуць забіць, то памром». Дык падняліся яны ўвечары, і пайшлі да лагера сірыйцаў. А калі дайшлі да лагера сірыйскага, нікога там не знайшлі. Бо ў лагеры сірыйскім даў Госпад чуць грукат калясніц, і коней, і вялікага войска; і казалі яны адзін аднаму: «Вось, цар Ізраэля наняў супраць нас цароў хетэяў і егіпцян, каб ішлі на нас». Дык ускочылі яны і ўцяклі ў поцемках, і пакінулі свае палаткі, і коней, і аслоў, і лагер, як быў, і ўцяклі, ратуючы сваё жыццё. І, калі прыйшлі тыя пракажаныя да краю лагера, яны ўвайшлі ў адну палатку, і наеліся, і напіліся; і набралі там срэбра і золата, і адзення, і пайшлі, і схавалі. І зноў вярнуліся ў другую палатку, і адтуль усё павыносілі і схавалі. І сказалі яны адзін аднаму: «Дрэнна мы робім; бо дзень гэты — дзень радаснай весткі, а мы маўчым. Калі будзем адкладаць аж да раніцы, то нас зловяць на злачынстве; хадземце, пойдзем і паведамім у палацы цара». І калі прыйшлі яны, то паклікалі вартаўнікоў горада і расказалі ім, так кажучы: «Пайшлі мы ў лагер сірыйскі і не знайшлі там ніводнага чалавека, а толькі коней, і аслоў прывязаных, і палаткі, як былі». І вартаўнікі, пераклікаючыся, перадалі гэту вестку ў палац царскі. І ўстаў цар ноччу, і сказаў паслугачам сваім: «Скажу вам, што зрабілі нам сірыйцы. Яны ведаюць, што мы галодныя, і таму выйшлі яны з лагера і схаваліся ў полі, думаючы так: “Калі выйдуць яны з горада, мы захопім іх жывымі і тады зможам увайсці ў горад”». А адзін з паслугачоў яго адказаў: «Возьмем пяць коней, якія засталіся ў горадзе; хай яны будуць, як усё мноства Ізраэля, якое знясілена; такім чынам, мы адправім іх, і пабачым». І прывялі дзве калясніцы з конямі, і цар паслаў іх за войскам сірыйскім, загадваючы: «Ідзіце і паглядзіце!» Пайшлі яны за імі аж да Ярдана; і вось, уся дарога была закідана адзеннем і рэчамі, якія кідалі сірыйцы, уцякаючы. І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта цару. І выйшаў народ, і рабаваў лагер сірыйскі. І сталася, што адна мера найчысцейшай мукі каштавала адзін сікль, а дзве меры ячменю — адзін сікль, паводле слова Госпада. А цар загадаў таму правадыру, на плячо якога абапіраўся, вартаваць каля брамы; і натоўп затаптаў яго ў браме, і ён памёр, як прадказаў чалавек Божы, які гаварыў, калі прыходзіў цар да яго. І сталася паводле слова чалавека Божага, якое ён сказаў цару, калі паведамляў: «Заўтра ў гэтую пару дзве меры ячменю будуць каштаваць адзін сікль, і мера найчысцейшай мукі — адзін сікль у браме Самарыі»; калі той правадыр адказаў чалавеку Божаму і сказаў: «Хоць бы Госпад зрабіў нават вокны ў нябёсах, ці магло б споўніцца гэтае слова?» І той сказаў яму: «Ты, вось, убачыш гэта сваімі вачамі, а есці гэтага не будзеш». Такім чынам, затаптаў яго натоўп у браме насмерць.

І сказаў Элісей той жанчыне, сына якой уваскрасіў, кажучы: «Устань і ідзі разам з сям’ёй сваёй, і абжывіся на чужыне, там, дзе зможаш; бо Госпад спаслаў вялікі голад, і ён прыйдзе на гэтую зямлю на сем гадоў». Яна ж сабралася і зрабіла тое, што чалавек Божы сказаў ёй, і пайшла яна разам са сваёй сям’ёй, і абжылася ў зямлі філістынцаў на сем гадоў. І па сямі гадах жанчына вярнулася з зямлі філістынцаў; і пайшла да цара прасіць за дом свой і поле сваё. А цар размаўляў з Гэхазі, паслугачом чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісей». І, калі ён расказаў пра тое, як Элісей уваскрасіў мёртвага, з’явілася жанчына, сына якой ён уваскрасіў, і маліла цара аб доме сваім і палях сваіх. І сказаў Гэхазі: «Гаспадару мой, цар, гэта тая жанчына і гэта яе сын, якога ўваскрасіў Элісей». І запытаўся цар у жанчыны пра гэта, а яна адказала яму. І цар даў ёй аднаго скапца, кажучы: «Вярні ёй усё, што яе, ды ўсе даходы з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да цяперашняга дня». І прыйшоў Элісей у Дамаск, а ў той час хварэў Бэнадад, цар Сірыі. І паведамілі яму: «Прыйшоў сюды чалавек Божы». Тады сказаў цар Газаэлю: «Вазьмі дары з сабою і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся праз яго ў Госпада, кажучы: “Ці падымуся я з гэтае хваробы сваёй?”» І пайшоў Газаэль насустрач Элісею, маючы з сабой дары і ўсе багацці Дамаска, цяжарам на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад ім, і сказаў: «Сын твой Бэнадад, цар Сірыі, паслаў мяне да цябе спытаць: “Ці я падымуся з гэтае хваробы сваёй?”» Элісей сказаў: «Ідзі і скажы яму: “Ачуняеш”. Але Госпад аб’явіў мне, што ён памрэ». І наставіў Элісей вочы на яго і доўга ўглядаўся, аж той занепакоіўся. І пачаў плакаць чалавек Божы. Газаэль спытаўся ў яго: «Чаму плача гаспадар мой?» А ён адказаў яму: «Бо я ведаю, якое няшчасце ты зробіш сынам Ізраэля: іх мураваныя гарады агнём спаліш, і ваяроў іх мечам заб’еш, і дзяцей іх пазабіваеш, і цяжарных жанчын пасячэш». І Газаэль сказаў: «Хто бо такі паслугач твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісей: «Госпад аб’явіў мне, што ты будзеш царом Сірыі». Калі пайшоў ён ад Элісея, прыйшоў да гаспадара свайго. Той спытаўся ў яго: «Што сказаў табе Элісей?» І ён адказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш». І, калі прыйшоў Газаэль на другі дзень, узяў подсціл, і намачыў у вадзе, і палажыў на твар яго, і той памёр; і Газаэль стаў царом замест яго. На пяты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, — а Язафат быў царом Юдэі — Ярам, сын Язафата, стаўся царом Юдэі. Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў цараваць і восем гадоў цараваў у Ерузаліме. І хадзіў ён дарогамі цароў Ізраэля, як рабіў дом Ахаба; бо дачка Ахаба была яго жонкай. І рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах Госпада. Але Госпад не хацеў знішчыць Юдэі дзеля паслугача Свайго, Давіда, як Ён абяцаў яму, даць светач яму і сынам яго на ўсе часы. У дні яго Эдом паўстаў, каб не быць пад Юдэяй, і паставіў сабе цара. І Ярам пайшоў у Сэйру, і ўсе яго калясніцы з ім; і ўстаў ён ноччу і ўдарыў эдомцаў, якія акружылі яго і кіраўнікоў калясніц; і народ уцёк у свае палаткі. Такім чынам, Эдом узбунтаваўся, каб не быць пад Юдэяй, па сённяшні дзень. Тады ж адышла таксама Лебна. А астатнія дзеянні Ярама, і ўсё, што ён зрабіў, — ці ж гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І супачыў Ярам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, і па ім цараваў сын яго, Ахазія. На дванаццаты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, пачаў цараваць Ахазія, сын Ярама, цара Юдэі. Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і адзін год цараваў у Ерузаліме. Маці яго на імя Аталія, дачка Амры, цара Ізраэля. І ён хадзіў шляхамі дому Ахаба, і рабіў тое, што ліхім было перад абліччам Госпада, як дом Ахаба; бо быў ён зяцем роду Ахаба. Таксама пайшоў ён разам з Ярамам, сынам Ахаба, ваяваць супраць Газаэля, цара Сірыі, у Рамот у Галаадзе, і сірыйцы паранілі Ярама. Ён вярнуўся ў Ізрагэль, каб лячыцца ад ран, якімі паранілі яго сірыйцы ў Раме, калі ён ваяваў супраць Газаэля, цара Сірыі. А Ахазія, сын Ярама, цар Юдэі, пайшоў наведаць Ярама, сына Ахаба, у Ізрагэль, бо той хварэў.

А прарок Элісей паклікаў аднаго з сыноў прарокаў і сказаў яму: «Падперажы сцёгны свае, і вазьмі гэтую пасудзіну з алеем у руку сваю, і ідзі ў Рамот у Галаадзе. Калі прыйдзеш туды, убачыш Егу, сына Язафата, сына Намсі, і, увайшоўшы, возьмеш яго пасярод братоў яго, і ўвядзеш ва ўнутраны пакой. І возьмеш пасудзіну з алеем, і выльеш на галаву яму, і скажаш: “Гэта кажа Госпад: “Я намашчаю цябе на цара Ізраэля”. І адчыніш дзверы, і ўцячэш адтуль без затрымкі». І пайшоў у Рамот у Галаадзе той юнак, паслугач прарока, і прыйшоў. А вось, сядзелі разам кіраўнікі войска, і ён сказаў: «Маю табе, кіраўнік, сказаць слова». І Егу сказаў: «Каму з усіх нас?» А ён сказаў: «Табе, о кіраўнік». І ён устаў, і ўвайшоў у пакой. А юнак выліў алей яму на галаву і сказаў: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я намашчаю цябе на цара над народам Госпадавым, над Ізраэлем. Ты знішчыш дом Ахаба, гаспадара твайго, каб адпомсціць за кроў паслугачоў Маіх, прарокаў, і за кроў усіх паслугачоў Госпада, якія загінулі ад рукі Езабэлі. І знішчу Я ўвесь дом Ахаба, і Я заб’ю ў Ахаба ўсіх мужчынскага роду, і маладога, і дарослага ў Ізраэлі. І зраблю Я з домам Ахаба, як з домам Ерабаама, сына Набата, і як з домам Баасы, сына Ахіі. Таксама Езабэль з’ядуць сабакі на полі Езрагэль, і не будзе каму пахаваць яе”». І адчыніў ён дзверы, і ўцёк. А Егу выйшаў да паслугачоў гаспадара свайго, якія запыталіся ў яго: «Ці добра ўсё? Чаго прыходзіў да цябе гэты шаленец?» Ён адказаў ім: «Вы ведаеце гэтага чалавека і што ён гаварыў?» Але яны адказалі: «Гэта хлусня! Раскажы нам!» Ён сказаў ім: «Так і так сказаў ён мне, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Я намашчаю цябе на цара над Ізраэлем”». Дык кожны з іх зняў паспешна плашч свой і разаслаў ля ног яго на прыступках, і затрубілі яны ў трубу, і закрычалі: «Егу — цар!» Такім чынам, Егу, сын Язафата, сына Намсі, паўстаў супраць Ярама. А сам Ярам і ўвесь Ізраэль у той час баранілі Рамот у Галаадзе ад Газаэля, цара Сірыі, і вярнуўся Ярам, каб вылечыць у Езрагэлі раны, якія прычынілі яму сірыйцы ў баі супраць Газаэля, цара Сірыі. І сказаў Егу: «Калі вы згодны са мною, хай ніводзін не выходзіць з горада, каб занесці вестку ў Езрагэль». І ўстаў ён, і накіраваўся ў Езрагэль; бо Ярам ляжаў там, і Ахазія, цар Юдэі, прыбыў наведаць Ярама. Такім чынам, вартаўнік, які стаяў на вежы ў Езрагэлі, убачыў дружыну Егу, калі ён ішоў, і закрычаў: «Бачу людзей». І Ярам сказаў: «Вазьмі конніка, і пашлі насустрач ім, і хай ён спытае, падышоўшы: “Ці ўсё добра?”» І паехаў коннік насустрач ім, і сказаў: «Гэта кажа цар: “Ці ўсё добра?”» Сказаў яму Егу: «Што табе да гэтага? Едзь і паспяшайся за мною». Вартаўнік таксама паведаміў, кажучы: «Прыбыў да іх пасланец і не вяртаецца». Зноў Ярам паслаў другога конніка, і той пад’ехаў да іх і сказаў: «Гэта кажа цар: “Ці ўсё добра?”» А Егу адказаў яму: «Што табе да гэтага? Едзь і паспяшайся за мною». А вартаўнік паведаміў, кажучы: «Прыбыў ён да іх і не вяртаецца. А едуць яны, быццам едзе Егу, сын Намсі; бо ён шалёна ездзіць». І Ярам загадаў: «Запрагай калясніцу!» І запрэглі калясніцу яго, і Ярам, цар Ізраэля, і Ахазія, цар Юдэі, кожны ў сваёй калясніцы паехалі. І накіраваліся яны насустрач Егу, і напаткалі яго на полі Набота з Езрагэля. І калі Ярам убачыў Егу, сказаў: «Ці ўсё добра, Егу?» А той адказаў: «Што добрага? Калі яшчэ працягваецца распуста Езабэлі, маці тваёй, і чараўніцтва яе!» А Ярам павярнуў дружыну сваю і кінуўся ўцякаць, крычучы Ахазію: «Здрада, Ахазія!» А Егу рукою нацягнуў лук і прабіў Ярама паміж лапаткамі. І страла прайшла праз яго сэрца; і адразу ж ён схіліўся ў калясніцы сваёй. І Егу сказаў кіраўніку свайму, Бадакару: «Вазьмі і кінь яго на полі Набота з Езрагэля! Бо ўзгадай: я і ты былі з імі, калі абодва ехалі за яго бацькам, Ахабам, калі Госпад выказаў на іх прысуд: “Сапраўды, — кажа Госпад, — учора бачыў Я кроў, кроў Набота і кроў сыноў яго, аддам табе на гэтым полі”, — кажа Госпад. Дык вазьмі цяпер і кінь яго на полі па слове Госпада». А Ахазія, цар Юдэі, бачачы гэта, уцякаў дарогай на Бэтган; і дагнаў яго Егу, і загадаў: «І гэтага таксама забіце!» І паранілі яго ў калясніцы яго на ўзгорку Гавэр, што пры Іблааме, але ён уцёк у Магеду і там памёр. І паслугачы яго ўсклалі яго на калясніцу яго і прывезлі ў Ерузалім; і пахавалі яго ў магіле разам з бацькамі яго ў горадзе Давіда. На адзінаццаты год Ярама, сына Ахаба, Ахазія стаў царом Юдэі. Увайшоў Егу ў Езрагэль, а Езабэль, пачуўшы пра яго прыход, падмалявала вочы свае сурмою, і аздобіла галаву сваю, і заўважыла праз акно, калі Егу ўваходзіў праз браму, і крыкнула: «Ці ўсё добра, Замбры, які забіў свайго гаспадара?» І Егу ўзняў твар свой у бок акна і сказаў: «Хто са мною, хто?» І нахіліліся да яго два ці тры еўнухі. А ён сказаў ім: «Скіньце яе ўніз!» І выкінулі яе, і крывёй залілася сцяна і коні, якія яе тапталі. І, калі ўвайшоў Егу, каб есці і піць, ён сказаў: «Ідзіце, знайдзіце тую праклятую і пахавайце яе, бо яна царская дачка». І калі выйшлі, каб пахаваць яе, не знайшлі нічога, толькі чэрап, і ногі, і далоні. І, вярнуўшыся, расказалі пра гэта яму. І сказаў Егу: «Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў праз паслугача Свайго Іллю з Тэсбы, кажучы: “На полі Езрагэль сабакі будуць есці цела Езабэлі; і труп Езабэлі будзе, як гной на паверхні зямлі ў полі ў Езрагэля, так што не можна будзе сказаць: “Гэта тая самая Езабэль!”»

А ў Самарыі было семдзесят сыноў Ахаба. Дык Егу напісаў ліст і выслаў яго ў Самарыю да магнатаў горада, і да старэйшын, і да апекуноў дзяцей Ахаба з гэтымі словамі: «Зараз жа, як атрымаеце ліст гэты, то, як вы маеце дзяцей гаспадара вашага, і калясніцы, і коней, і горад умацаваны, і зброю, дык выберыце найлепшага і найсправядлівейшага з сыноў гаспадара вашага і пасадзіце яго на пасад бацькі яго, і ваюйце за дом гаспадара вашага». Яны спалохаліся вельмі і казалі: «Вось, два цары не змаглі ўстаяць перад ім, і як жа мы зможам супрацівіцца яму?» Такім чынам, загадчык дому, і кіраўнікі горада, і старэйшыны, і апекуны сказалі Егу: «Мы паслугачы твае: усё, што ты загадаеш, — зробім, і не будзем выбіраць цара; што табе падабаецца — рабі». І Егу напісаў ім другі ліст такога зместу: «Калі вы мае і слухаеце мяне, то вазьміце галовы сыноў гаспадара вашага і прыйдзіце да мяне заўтра ў той самы час у Езрагэль». А сыны цара, семдзесят чалавек, былі на выхаванні ў магнатаў горада. І калі ліст гэты прыйшоў да іх, яны ўзялі сыноў цара, семдзесят чалавек, і забілі, і галовы іх склалі ў кошыкі, і паслалі да яго ў Езрагэль. І прыйшоў вястун і паведаміў яму, кажучы: «Прынеслі галовы сыноў царскіх». Ён адказаў: «Пакладзіце іх у дзве кучы ля ўваходу ў браму аж да раніцы». І калі развіднела, выйшаў ён і, стоячы, прамовіў да ўсяго народа: «Вы не вінаваты; вось, я паўстаў супраць гаспадара майго і забіў яго, а хто забіў усіх гэтых? Дык ведайце цяпер, што нішто не прапала са слоў Госпада, якія выказаў Ён супраць дому Ахаба, і Госпад здзейсніў тое, што сказаў праз паслугача Свайго Іллю». І пазабіваў Егу ўсіх, хто застаўся з дому Ахаба ў Езрагэлі, і ўсіх яго магнатаў, і давераных, і святароў, так што не застаўся з іх ніводзін. І ўстаў і пайшоў. Потым ён прыйшоў у Самарыю; і калі ён быў у дарозе каля Бэт-Экед-Гераім, сустрэў братоў Ахазіі, цара Юдэі, і сказаў ім: «Хто вы?» А яны адказалі: «Мы браты Ахазіі, і мы прыйшлі прывітаць сыноў цара і сыноў гаспадыні царыцы». А ён загадаў: «Схапіце іх жывымі!» І калі схапілі іх жывымі, забілі іх каля Бэтэкеда, сорак два чалавекі, і ён не пашкадаваў з іх ні аднаго. І калі адтуль пайшоў Егу, ён напаткаў Ёнадаба, сына Рэхаба, які выйшаў яму насустрач, і прывітаў яго: «Ці тваё сэрца шчырае да мяне, як маё сэрца да цябе?» І Ёнадаб сказаў: «Так». «Калі так, — кажа Егу, — дай мне руку сваю». І Ёнадаб даў яму руку сваю. А ён пасадзіў яго да сябе ў калясніцу і сказаў яму: «Ідзі са мной і пабач маю руплівасць дзеля Госпада». І ехаў ён з ім на калясніцы яго ў Самарыю. І ў Самарыі пазабіваў ён усіх, якія засталіся з дому Ахаба ў Самарыі, аж да апошняга чалавека, па слове Госпада, сказанаму праз Іллю. І сабраў Егу ўвесь народ і сказаў яму: «Ахаб мала служыў Баалу, Егу будзе яму служыць болей. Такім чынам, паклічце ўсіх прарокаў Баала, і ўсіх, хто служыць яму, і ўсіх яго святароў да мяне; кожны мусіць прыйсці. Бо маю скласці вялікую ахвяру Баалу, хто не прыйдзе, не будзе жыць». А Егу рабіў гэта падступна, каб знішчыць усіх служыцеляў Баала. І аб’явіў Егу: «Святкуйце ўрачыстасць Баала». І абвясцілі свята. І паслаў Егу вестуноў ва ўсе межы Ізраэля, і прыбылі ўсе, хто служыў Баалу; не застаўся ніводзін, хто б не прыйшоў. І сабраліся яны ў храме Баала, і быў запоўнены дом Баала ад уваходу да ўваходу. І сказаў ён загадчыку шатаў: «Вынесі адзенне для ўсіх служыцеляў Баала». І ён вынес ім адзенне. Тады Егу і Ёнадаб, сын Рэхаба, увайшлі ў святыню Баала, і Егу сказаў служыцелям Баала: «Перашукайце і перагледзьце, ці няма тут часам з вамі служыцеля Госпада, але каб былі толькі служыцелі Баала». Такім чынам, увайшлі яны, каб скласці ахвяры і цэласпаленні; а Егу паставіў ля сябе звонку восемдзесят чалавек і сказаў ім: «Хто дазволіць уцячы аднаму з гэтых людзей, якіх я прывяду ў вашы рукі, сваёй душой заплаціць за тую душу». І сталася: калі скончылася цэласпаленне, Егу загадаў сваім пасланцам і кіраўнікам: «Ідзіце і забіце іх; хай ніводзін не ўцячэ!» І пазабівалі іх пасланцы і кіраўнікі вастрыём меча, і кінулі трупы іх. Затым увайшлі ў свяцілішча храма Баала. І ўзялі яны слуп Баала, і разбілі яго. Таксама зруйнавалі храм Баала і замянілі яго на месца нячыстае аж да сённяшняга дня. І знішчыў Егу Баала ў Ізраэлі. Але не адступіў Егу ад грахоў Ерабаама, сына Набата, у якія той уцягнуў Ізраэль; і не адкінуў ён залатых цяльцоў, якія былі ў Бэтэлі і Дане. А Госпад сказаў Егу: «За тое, што ты старанна выканаў тое, што добрае ў вачах Маіх, і ўсё, што было ў сэрцы Маім адносна дому Ахаба, сыны твае будуць сядзець на пасадзе Ізраэля аж да чацвёртага пакалення». Але Егу не пільнаваў, каб хадзіць у законе Госпада, Бога Ізраэля, усім сэрцам сваім; бо не адступіў ён ад грахоў Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраэль. У тыя дні пачаў Госпад раздзіраць Ізраэль; і пабіў іх Газаэль ва ўсіх межах Ізраэля, ад Ярдана на ўсход сонца, усю зямлю Галаад, і Гад, і Рубэн, і Манасу, ад Араэра, што над ручаём Арнон, і Галаад, і Басан. А іншыя дзеянні Егу, і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? І супачыў Егу з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі; і па ім цараваў сын яго Ёахаз. Час жа царавання Егу над Ізраэлем у Самарыі — дваццаць восем гадоў.

А Аталія, маці Ахазіі, даведалася, што сын яе памёр, устала яна і забіла ўсіх царскіх нашчадкаў. Але Ёсаба, дачка цара Ярама, сястра Ахазіі, узяла Ёаса, сына Ахазіі, і выкрала яго з сыноў цара, якіх забівалі, разам з карміцелькай яго, і схавала яго ад Аталіі, каб не быў забіты, у пакоі спальным. І хаваўся ён з ёй шэсць гадоў у доме Госпада; а Аталія гаспадарыла ў краіне. А на сёмы год Ёяда паслаў, і ўзяў сотнікаў, і карыйцаў, і пасланцоў, і ўвёў іх да сябе ў святыню Госпада, і заключыў з імі дамову, і, узяўшы прысягу з іх у доме Госпадавым, паказаў ім сына царскага і загадаў ім, кажучы: «Гэта загад, які вы маеце выканаць: трэцяя частка вас, што прыходзіць у суботу, будзе вартаваць пры царскім палацы; а трэцяя частка — пры браме Сур, і яшчэ адна трэцяя — пры браме, што за жыллём пасланнікаў, і вы будзеце вартаваць дом па чарзе. А дзве дружыны з вас, усе, што адыходзяць у суботу, будуць вартаваць пры доме Госпадавым, пры цары. І абараняйце яго, трымаючы зброю ў руцэ сваёй; а хто ўвойдзе за агароджу святыні, хай будзе забіты; і будзьце вы з царом, калі ён уваходзіць і выходзіць». І зрабілі сотнікі ўсё, як ім загадаў святар Ёяда, і ўзяў кожны сваіх людзей, якія прыходзілі ў суботу, з тымі, якія адыходзілі ў суботу, і прыйшлі да святара Ёяды. Той раздаў сотнікам дзіды і шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Госпада. І сталі пасланцы, кожны са зброяй у руцэ сваёй, ад правага боку святыні аж да левага боку святыні, перад ахвярнікам і святыняй вакол цара. І ён вывеў сына цара і ўсклаў на яго вянец і сведчанне; і паставілі яны яго царом, і намасцілі яго, і, пляскаючы ў далоні, крычалі: «Хай жыве цар!» А Аталія пачула гоман народа і, выйшаўшы да людзей у святыню Госпада, убачыла яна цара, які стаяў на ўзвышшы, па звычаю, і князёў, і трубы каля яго, і ўвесь народ зямлі, які радуецца і трубіць у трубы; і раздзерла яна шаты свае і крыкнула: «Змова, змова!» А святар Ёяда загадаў сотнікам, якія былі над войскам, і сказаў ім: «Выведзіце яе за агароджу святыні, і, калі хто пойдзе за ёй, хай памрэ ад меча». Святар бо сказаў: «Нельга забіваць у святыні Госпада». І схапілі яе, і пацягнулі яе дарогай, па якой уязджаюць коні ў палац, і там была яна забіта. А Ёяда заключыў дамову паміж Госпадам і царом, і народам, каб быў ён народам Госпадавым, і паміж царом і народам. І ўвесь народ зямлі ўвайшоў у храм Баала і зруйнавалі яго, і ахвярнікі яго, і ідалаў разбілі ўшчэнт; таксама Матана, святара Баала, забілі перад ахвярнікамі. І святар паставіў варту пры доме Госпада. І ўзяў ён сотнікаў, і карыйцаў, і хуткаходаў, і ўвесь народ зямлі; і вывелі яны цара з дома Госпада. І павялі па дарозе да брамы целаахоўнікаў у палац, і сеў ён на царскім пасадзе. І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад напоўніўся супакоем; а Аталію забілі мечам у царскім доме. Ёас меў сем гадоў, калі стаў царом.

На сёмы год валадарання Егу Ёас стаў царом і цараваў сорак гадоў у Ерузаліме. Маці яго называлася Сэбія з Бээр-Сэбы. І рабіў Ёас справядлівае перад Госпадам ва ўсе дні, пакуль вучыў яго святар Ёяда. Толькі ўзгоркі не знішчыў; складаў яшчэ народ ахвяры крывавыя і кадзіў на ўзгорках. І сказаў Ёас святарам: «Усе грошы пасвячоныя, якія прыносяць як дар у святыню Госпада падарожныя людзі, якія складаюцца ў ахвяру за выкуп душы і якія па рашэнні сэрца свайго прыносяць у святыню Госпада, хай іх бяруць усе святары ад асоб, якіх яны ведаюць, і няхай ужываюць іх на папраўку дома, калі ўбачаць, што штосьці трэба паправіць». Такім чынам, аж да дваццаць трэцяга года цара Ёаса святары не паправілі пашкоджанняў у святыні. Тады цар Ёас паклікаў першасвятара Ёяду і святароў, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не папраўляеце пашкоджанняў у святыні? Такім чынам, не бярыце болей грошы ад знаёмых вашых, але аддайце іх на аднаўленне святыні». І згадзіліся святары не браць больш грошы ад народа і не займацца выпраўленнем пашкоджанняў святыні. І ўзяў святар Ёяда адну скрыню, і зрабіў адтуліну зверху яе, і паставіў яе побач з ахвярнікам з правага боку ля ўваходу ў святыню; і святары, што вартавалі дзверы, складалі ў яе ўсе грошы, якія прыносілі ў святыню Госпада. І калі яны бачылі, што ўжо многа грошай у скрыні, прыходзілі пісар царскі і першасвятар, і забіралі грошы, якія знаходзіліся ў доме Госпада, і лічылі іх, і аддавалі гэтыя пералічаныя грошы ў рукі загадчыкаў, якія наглядалі за працаю ў доме Госпада; і яны выдавалі іх на цесляроў і будаўнікоў, якія працавалі ў святыні Госпадавай, і на муляраў, і на тых, хто рассякае скалы, і каб купіць дрэвы і камяні з каменяломняў для папраўкі пашкоджанняў дома Госпадава і на ўсё, што патрабавала выдаткаў для ўмацавання дома. Аднак з грошай, што прыносілі ў святыню Госпада, не рабілі міскі срэбраныя, і нажы, і келіхі, і трубы, ані іншыя рэчы залатыя або срэбраныя для святыні Госпада; бо давалі іх работнікам, што папраўлялі святыню Госпада. І не было прычыны правяраць людзей, якія атрымлівалі грошы для выплаты работнікам; бо яны рабілі ўсё сумленна. Але грошы, як ахвяру за праступак, і грошы, як ахвяру за грахі, не ўносілі ў святыню Госпада, бо яны належалі святарам. У той час Газаэль, цар Сірыі, пайшоў ваяваць з Гетам; і здабыў яго, і прыняў ён рашэнне ісці на Ерузалім. Тады Ёас, цар Юдэі, сабраў усе святыя рэчы, якія ахвяравалі цары Юдэі Язафат, і Ярам, і Ахазія, бацькі яго, і што сам ахвяраваў, і ўсё золата, якое можна было знайсці ў скарбніцах святыні Госпада і ў царскім палацы, і паслаў Газаэлю, цару Сірыі, — і ён адступіў ад Ерузаліма. А іншыя дзеянні Ёаса і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? А паўсталі яго паслугачы, і змовіліся, і забілі Ёаса ў палацы Мэло, на дарозе ў Сэлу. На самай справе Ёсахар, сын Сэмата, і Ёзабад, сын Самэра, паслугачы яго, забілі яго і ён памёр; і пахавалі яго пры бацьках яго ў горадзе Давіда. І па ім цараваў сын яго, Амазія.

На дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахазіі, цара Юдэі, Ёахаз, сын Егу, стаўся царом Ізраэля ў Самарыі на сямнаццаць гадоў. І дапускаўся ён злога перад Госпадам, і хадзіў у грахах Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль; не адварочваўся ад граху. І ўзгарэўся гнеў Госпада супраць Ізраэля, і аддаў іх Госпад Газаэлю, цару Сірыі, і ў рукі Бэнадада, сына Газаэля, на ўвесь той час. А маліўся тады Ёахаз перад абліччам Госпада, і выслухаў яго Госпад: бачыў бо Ён гора Ізраэля, як прыціснуў іх цар Сірыі. І даў Госпад Ізраэлю збаўцу, і быў ён вызвалены з рукі Сірыі; і пражывалі сыны Ізраэля ў сваіх палатах, як і ўчора і заўчора. Аднак не адвярнуліся яны ад грахоў дому Ерабаама, які ўцягнуў у грэх Ізраэль; і хадзілі яны ў іх. І нават слуп стаяў у Самарыі. І не пакінуў Госпад Ёахазу з народа нікога, акрамя пяцідзесяці коннікаў, і дзесяці калясніц, і дзесяці тысяч пяхоты; бо забіў іх цар Сірыі, і зрабіў іх як пыл на дарозе. А іншыя дзеянні Ёахаза і ўсё, што ён зрабіў, ды і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? І заснуў Ёахаз пры бацьках сваіх, і пахавалі яго ў Самарыі. І па ім стаў царом сын яго, Ёас. На трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэі, Ёас, сын Ёахаза, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на шаснаццаць гадоў. І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступіў ад усіх грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль; хадзіў у іх. А іншыя дзеянні Ёаса і ўсё, што ён зрабіў, ды і яго мужнасць, калі ён ваяваў супраць Амазіі, цара Юдэі, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? І заснуў Ёас пры бацьках сваіх, а Ерабаам сеў на яго пасад. А быў пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраэля. А Элісей захварэў немаччу, ад якой і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраэля, і плакаў перад ім, і казаў: «Айцец мой, айцец мой! Калясніца Ізраэля і коннік яго!» І сказаў яму Элісей: «Вазьмі лук і стрэлы!» І, калі ён прынёс яму лук і стрэлы, сказаў ён цару Ізраэля: «Пакладзі руку сваю на лук!» І, калі той паклаў руку сваю, Элісей паклаў рукі свае на рукі цара і сказаў: «Адчыні акно на ўсход». І, калі ён адкрыў, сказаў Элісей: «Страляй!» І ён стрэльнуў. І Элісей сказаў: «Страла збаўлення Госпада і страла збаўлення супраць Сірыі. І ты паб’еш Сірыю ў Афэку і знішчыш яе». І далей сказаў: «Вазьмі стрэлы!» І, калі ён узяў іх, сказаў зноў яму: «Удар стралою па зямлі!» І, калі ён ударыў тры разы і перастаў, чалавек Божы загневаўся на яго і сказаў: «Калі б ты ўдарыў пяць або шэсць разоў, тады ты перамог бы Сірыю дашчэнту; цяпер жа пераможаш яе толькі тры разы!» Такім чынам, памёр Элісей, і пахавалі яго. А дружыны Мааба прыйшлі ў зямлю ў той самы год. А здарылася, што, калі хавалі аднаго чалавека, убачылі [маабскае] войска, і кінулі мёртвае цела ў магілу Элісея, і ўцяклі. Калі мёртвае цела дакранулася да касцей Элісея, чалавек ажыў і стаў на ногі свае. А Газаэль, цар Сірыі, вынішчаў Ізраэль ва ўсе дні Ёахаза. І злітаваўся Госпад над імі, і звярнуўся да іх дзеля запавету Свайго, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам, і не хацеў ані загубіць іх, ані адкінуць далёка, аж па сённяшні час. І памёр Газаэль, цар Сірыі, і замест яго стаў цараваць сын яго, Бэнадад. Тады Ёас, сын Ёахаза, забраў з рук Бэнадада, сына Газаэля, гарады, якія той забраў з рук бацькі яго, Ёахаза, па праву вайны; тройчы пабіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраэлю.

На другі год Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля, стаў царом Амазія, сын Ёаса, цара Юдэі. Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі пачаў цараваць, і дваццаць дзевяць гадоў быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Ёадэн з Ерузаліма. І рабіў ён справядлівае перад абліччам Госпада, але не так, як Давід, бацька яго. Рабіў ён усё так, як бацька яго, Ёас, толькі ўзгоркі ён не знішчыў, бо народ яшчэ складаў крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках. І калі ўмацаваў ён уладу сваю, то забіў паслугачоў сваіх, якія забілі цара, бацьку яго; а сыноў іх не забіў, паводле таго, што напісана ў кнізе закону Майсея, як загадаў Госпад, кажучы: «Бацькі не будуць пакараныя смерцю за сыноў, і сыны не памруць за бацькоў, але кожны за грэх свой будзе пакараны смерцю». Гэта ён пабіў Эдом у Саляным лагу, лікам дзесяць тысяч, і захапіў Петру ў бітве і назваў яе Ецэтэль, і так ёсць па сённяшні дзень. Тады Амазія паслаў пасланцоў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Егу, цара Ізраэля, сказаць яму: «Прыйдзі і пабачымся!» І Ёас, цар Ізраэля, перадаў Амазіі, цару Юдэі, такі адказ: «Лібанскі церн пераслаў кедру на Лібане такую просьбу: “Дай дачку сваю сыну майму за жонку”. І прыйшлі дзікія звяры, якія жывуць на Лібане, і вытапталі церн. Ты, пабіўшы Эдом, узмацніўся і сэрца тваё ўзганарылася; будзь задаволены славаю і заставайся ў доме сваім! Навошта ты выклікаеш няшчасце, каб упаў ты і Юдэя разам з табою?» І Амазія не паслухаў. І Ёас, цар Ізраэля, выйшаў, і ўбачылі адзін аднаго ён і Амазія, цар Юдэі, у Бэтсамэсе, горадзе Юдэі. І Юда быў пабіты Ізраэлем, і ўцёк кожны ў сваю палатку. А Ёас злавіў Амазію, цара Юдэі, сына Ёаса, унука Ахазіі, у Бэтсамэсе і завёў яго ў Ерузалім. І зрабіў пралом у муры Ерузаліма ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў. І забраў усё золата і срэбра, і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў доме Госпада і ў скарбніцах царскіх, і закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю. А астатнія дзеянні Ёаса, якія ён зрабіў, і мужнасць яго, з якою ваяваў супраць Амазіі, цара Юдэі, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? І заснуў Ёас з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі разам з царамі Ізраэля; і па ім стаў царом сын яго Ерабаам. А Амазія, сын Ёаса, цар Юдэі, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў пасля смерці Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля. А іншыя дзеянні Амазіі — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І зрабілі супраць яго змову ў Ерузаліме, але ён уцёк у Лахіс; і паслалі па яго ў Лахіс, і там забілі яго. І прывезлі яго конямі, і быў ён пахаваны ў Ерузаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. А ўвесь народ Юдэі ўзяў Азарыю, які меў шаснаццаць гадоў, і паставілі яго царом на месца бацькі яго, Амазіі. Ён адбудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасля таго як заснуў цар з бацькамі сваімі. На пятнаццаты год Амазіі, сына Ёаса, цара Юдэі, Ерабаам, сын Ёаса, стаў царом Ізраэля, і цараваў у Самарыі сорак адзін год. І дапускаўся ён ліхога ў вачах Госпада; і не адвярнуўся ад усіх грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль. Ён вярнуў межы Ізраэля ад уваходу ў Эмат і аж да мора Арабы па слове Госпада, Бога Ізраэля, якое сказаў Ён праз паслугача Свайго Ёну, сына Амаці, прарока, які быў з Гет-Хефэра. Бо бачыў Госпад надта вялікі смутак Ізраэля, бо былі знішчаны і маладыя, і дарослыя, і не было нікога, хто б дапамог Ізраэлю. І не сказаў Госпад, каб знішчана было імя Ізраэля з-пад неба, але ўратаваў яго рукою Ерабаама, сына Ёаса. А астатнія дзеянні Ерабаама і ўсё, што ён зрабіў, і яго мужнасць, з якой ён ваяваў ды з якой вярнуў Ізраэлю тое, што належала Юдэі ад межаў Дамаска і Эмата, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? І супачыў Ерабаам з бацькамі сваімі, з царамі Ізраэля; і сын яго Захарыя стаў царом пасля яго.

На дваццаць сёмы год Ерабаама, цара Ізраэля, Азарыя, сын Амазіі, цара Юдэі, пачаў цараваць. Меў ён шаснаццаць гадоў, калі стаў царом, і цараваў у Ерузаліме пяцьдзесят два гады. Маці яго называлася Яхэлія з Ерузаліма. І рабіў ён тое, што добрым было ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго, Амазія. Толькі ўзгоркі не былі знішчаны; народ усё яшчэ складаў крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках. І пакараў Госпад цара праказай, і быў ён пракажаны аж да дня сваёй смерці, і жыў у доме ў адзіноце; а сын цара Ёатам быў кіраўніком над палацам і судзіў народ зямлі. А іншыя дзеянні Азарыі і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І супачыў Азарыя з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі яго ў горадзе Давіда, і па ім царом стаў сын яго Ёатам. На трыццаць восьмы год Азарыі, цара Юдэі, Захарыя, сын Ерабаама, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на шэсць месяцаў. І рабіў ён тое, што было ліхім у вачах Госпада, як рабілі бацькі яго; не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль. А Сэлум, сын Явіса, змовіўся супраць яго, і напаў на яго ў Іблеаме і забіў, і цараваў на месцы яго. А іншыя дзеянні Захарыі — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? Такое было слова Госпада, якое сказаў ён Егу, кажучы: «Сыны твае аж да чацвёртага пакалення будуць сядзець на пасадзе Ізраэля». І так сталася. Сэлум, сын Явіса, стаў царом на трыццаць дзевяты год Азарыі, цара Юдэі, і цараваў адзін месяц у Самарыі. І прыйшоў Манагэм, сын Гадзі, з Тэрсы, і прыбыў у Самарыю, і напаў на Сэлума, сына Явіса, у Самарыі і забіў яго, і стаў царом замест яго. А рэшта дзеянняў Сэлума і змова яго, якую ён учыніў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? Тады Манагэм спустошыў Тыпсах і ўсё, што ў ім было, і яго межы, пачынаючы ад Тэрсы; бо горад не пажадаў адчыніць яму. І ён забіў цяжарных жанчын і пасек іх. На трыццаць дзевяты год Азарыі, цара Юдэі, Манагэм, сын Гадзі, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дзесяць гадоў. І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада; не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль. У яго дні прыйшоў Пул, цар асірыйцаў, у зямлю Ізраэля, і Манагэм даў Пулу тысячу талентаў срэбра, каб заручыцца яго дапамогай і ўмацаваць уладу ў сваіх руках. А пасля Манагэм гэта срэбра размеркаваў на ізраэльцаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзесят сікляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць цару Асірыі. І цар асірыйцаў вярнуўся назад і не застаўся ў зямлі Ізраэля. А іншыя дзеянні Манагэма і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? І супачыў Манагэм з бацькамі сваімі; а пасля яго царом стаў Пацэя, сын яго. На пяцідзесяты год Азарыі, цара Юдэі, Пацэя, сын Манагэма, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на два гады. І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль. А змовіўся супраць яго Фацэй, сын Рамэліі, кіраўнік яго, і забіў яго ў Самарыі ў вежы царскага палаца, і з ім было пяцьдзесят ваяроў з сыноў галаадцаў. І ён забіў яго, і стаў царом пасля яго. А іншыя дзеянні Пацэі і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? На пяцьдзесят другі год Азарыі, цара Юдэі, Фацэй, сын Рамэліі, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дваццаць гадоў. І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль. У дні Фацэя, цара Ізраэля, прыйшоў Тэглатпаласар, цар Асура, і ўзяў ён Агіён, і Абэл-Бэт-Мааху, і Яноэ, і Кадэс, і Асор, і Галаад, і Галілею, усю зямлю Нэфталі, і перасяліў іх у Асур. А Осія, сын Элы, змовіўся супраць Фацэя, сына Рамэліі, і напаў на яго, і забіў яго, і стаў царом замест яго на дваццаты год Ёатама, сына Озіі, цара Юдэі. А іншыя дзеянні Фацэя і ўсё, што ён зрабіў — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля? На другі год Фацэя, сына Рамэліі, цара Ізраэля, стаў цараваць Ёатам, сын Озіі, цара Юдэі. Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і шаснаццаць гадоў быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Еруса, дачка Садока. І рабіў ён тое, што падабалася Госпаду; паводле ўсяго, што рабіў Озія, бацька яго, ён рабіў. Аднак узгоркі ён не знішчыў, і народ усё яшчэ складаў крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках. А пабудаваў ён Верхнюю браму дома Госпада. А астатнія дзеянні Ёатама і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? У тыя дні Госпад пачаў пасылаць на Юдэю Разіна, цара Сірыі, і Фацэя, сына Рамэліі. І супачыў Ёатам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і па ім пачаў цараваць Ахаз, сын яго.

На сямнаццаты год Фацэя, сына Рамэліі, Ахаз, сын Ёатама, цара Юдэі, стаў цараваць. Ахаз меў дваццаць гадоў, калі стаў царом, і шаснаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме; не рабіў ён таго, што падабалася Госпаду, Богу яго, як Давід, бацька яго. Але хадзіў ён дарогай цароў Ізраэля. І нават сына свайго ён пасвяціў, правёўшы праз агонь, паводле агіднасцей народаў, якіх Госпад прагнаў перад сынамі Ізраэля; таксама складаў ён крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках, і на ўзвышшах, і пад кожным зялёным дрэвам. Тады Разін, цар Сірыі, і Фацэй, сын Рамэліі, цар Ізраэля, пайшлі ваяваць супраць Ерузаліма; і, калі трымалі яны Ахаза ў аблозе, не здолелі перамагчы. У той час Разін, цар Сірыі, далучыў Элат да Эдома і выгнаў юдэяў з Элата; і прыйшлі эдомцы ў Элат, і абжыліся там да сённяшняга дня. І паслаў Ахаз пасланцоў да Тэглатпаласара, цара асірыйцаў, паведамляючы: «Я — паслугач твой і сын твой. Прыйдзі і збаў мяне ад рукі цара Сірыі і ад рукі цара Ізраэля, якія напалі на мяне». І, калі сабраў ён срэбра і золата, якое мог знайсці ў доме Госпада і ў скарбніцах царскіх, паслаў як дар цару асірыйцаў. І ён паслухаў яго. Бо прыйшоў цар асірыйцаў у Дамаск, і знішчыў яго, і жыхароў яго перасяліў у Кір; а Разіна забіў. І пайшоў цар Ахаз насустрач Тэглатпаласару, цару асірыйцаў у Дамаск. І, калі ўбачыў ахвярнік у Дамаску, тады цар Ахаз пераслаў святару Урыі выяву яго і ўзор усёй яго пабудовы. І пабудаваў святар Урыя ахвярнік; паводле ўсяго таго, што прыслаў цар Ахаз з Дамаска, так зрабіў святар Урыя, пакуль вярнуўся цар Ахаз з Дамаска. І, калі вярнуўся цар з Дамаска, убачыў ён ахвярнік і падышоў да яго, і прыступіўся да ахвярніка і склаў на ім ахвяру, і спаліў ён цэласпаленне і ахвяры хлебныя, і выліў ахвяру вадкую, і крывёй сваіх ахвяраў прымірэння пакрапіў ахвярнік. А медны ахвярнік, які стаяў перад Госпадам, ён перанёс з пярэдняга боку святыні і з месца паміж ахвярнікам і святыняй Госпада, і паставіў яго побач з ахвярнікам на паўночным баку. А святару Урыі цар Ахаз загадаў, кажучы: «На большым ахвярніку палі ранішняе цэласпаленне і ахвяру з ежы вячэрнюю, і ахвяру цэласпалення цара і яго ахвяру з ежы, і ахвяру цэласпалення ўсяго народа зямлі, яго ахвяры з ежы і іх ахвяры вадкія; і вылівай на яго ўсю кроў ахвяр цэласпалення і ўсю кроў ахвяр крывавых. А ахвярнік медны будзе ў маім распараджэнні». Такім чынам, святар Урыя споўніў усё, што яму загадаў цар Ахаз. А цар Ахаз абламаў ліштвы з падножжаў і зняў купель, што была зверху, і зняў мора з медных валоў, якія падтрымлівалі яго, і паставіў яго на каменную падлогу. Таксама зняў ён крыты суботні праход, які пабудавалі ў святыні, і вонкавы ўваход для цара ў святыні Госпада дзеля цара асірыйцаў. А іншыя дзеянні Ахаза і ўся яго дзейнасць — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І супачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда; і па ім стаў цараваць сын яго Эзэкія.

На дванаццаты год Ахаза, цара Юдэі, Осія, сын Элы, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дзевяць гадоў. І дапускаўся ён таго, што ліхім было перад Госпадам, але не так, як цары Ізраэля, якія былі перад ім. Выйшаў супраць яго Салманасар, цар асірыйцаў; і Осія падпарадкаваўся яму і плаціў яму даніну. Але цар асірыйцаў выкрыў, што Осія думае паўстаць, бо ён паслаў вестуноў да Суа, цара Егіпецкага, і перастаў перасылаць даніну цару асірыйцаў, як кожны год звычайна рабіў; схапіў ён яго і, звязанага, замкнуў у вязніцы. І прайшоў ён усю краіну, і, прыйшоўшы пад Самарыю, абклаў яе на тры гады. На дзевяты год Осіі, цар асірыйцаў здабыў Самарыю і перасяліў Ізраэль у Асур, і пасяліў іх у Гале, і ў Габоры каля ракі Газан, і ў гарадах мідзян. Бо сталася гэта, калі сыны Ізраэля грашылі перад Госпадам, Богам сваім, Які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з рукі фараона, цара Егіпта: яны пакланяліся багам чужым. І сталі хадзіць па звычаях народаў, якіх прагнаў Госпад перад сынамі Ізраэля, і цароў Ізраэля, якія рабілі тое самае. І зневажалі сыны Ізраэля ўчынкамі ліхімі Госпада, Бога свайго, і пабудавалі сабе ўзгоркі ва ўсіх гарадах сваіх, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага горада. І паставілі яны сабе слупы і выявы на кожным высокім узгорку і пад кожным зялёным дрэвам. І кадзілі яны там на ўсіх узгорках, як народы, якіх Госпад прагнаў перад абліччам іх, і дапускаліся найгоршых учынкаў, прагняўляючы Госпада, і служылі паганым ідалам, пра якіх Госпад гаварыў ім, каб не рабілі гэтага. І перасцярог Госпад Ізраэль і Юдэю праз усіх Сваіх прарокаў ды ўсіх прадказальнікаў, напамінаючы: «Звярніце з дарог сваіх найгоршых і пільнуйце прыказанні Мае і пастановы паводле ўсяго закону, які Я даў бацькам вашым і які паслаў вам праз паслугачоў Сваіх, прарокаў». Яны не паслухалі, але цвёрдым зрабілі карак свой, як карак бацькоў іх, якія не захацелі верыць Госпаду, Богу свайму. І адкінулі яны прыказанні Яго і запавет, які Ён заключыў з бацькамі іх, і сведчанні, якімі Ён звязаў іх, і пайшлі за марнасцямі і агіднасцю, і пайшлі за народамі, якія былі навокал іх, пра якіх загадаў ім Госпад, каб не рабілі яны так, як тыя рабілі. І занядбалі яны ўсе прыказанні Госпада, Бога свайго, і зрабілі сабе двух літых цяльцоў, і слуп, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Баалу, і пасвячалі сыноў сваіх і дачок сваіх праз агонь; і займаліся варажбою і чарамі, і дапускаліся таго, што чынілі ліхое перад Госпадам і прагняўлялі Яго. І моцна загневаўся Госпад на Ізраэль, і адкінуў іх ад Свайго аблічча, і нікога не засталося, толькі адно пакаленне Юды. Але і сама Юдэя не пільнавала прыказанняў Госпада, Бога свайго; а хадзіла ў грахах ізраэльцаў, як яны рабілі. Тады Госпад адкінуў усё пакаленне Ізраэля, і вынішчыў іх, і аддаў у рукі рабаўнікоў, аж пакуль зусім не адкінуў іх ад Свайго аблічча ўжо з таго часу, калі Ізраэль адарваўся ад дому Давіда, і выбраў сабе царом Ерабаама, сына Набата; бо Ерабаам адарваў Ізраэль ад Госпада і дазволіў ім грашыць грахом вялікім. І сыны Ізраэля хадзілі ва ўсіх грахах Ерабаама, якіх ён дапускаўся; не пакідалі іх, аж пакуль Госпад не адкінуў Ізраэль ад Свайго аблічча, як прадказаў праз усіх паслугачоў Сваіх, прарокаў. І перасяліў Ён Ізраэль з яго зямлі ў Асур аж да гэтага дня. А цар асірыйцаў перасяліў людзей з Бабілона, і з Куты, і з Авы, і з Эмата, і з Сэпарваіма, і пасяліў іх у гарадах Самарыі замест сыноў Ізраэля, яны прыйшлі ў Самарыю і абжыліся ў яе гарадах. І, калі яны там спачатку абжыліся, яны не баяліся Госпада. І Госпад напусціў на іх ільвоў, якія забівалі іх. І паведамлена было цару асірыйцаў: «Народы, якія ты перасяліў і прымусіў жыць у гарадах Самарыі, не ведаюць законы Бога той зямлі; і Ён напусціў на іх ільвоў, і вось, яны забіваюць іх, бо яны не ведаюць законы Бога той зямлі». А цар асірыйцаў загадаў, кажучы: «Завядзіце туды аднаго са святароў, якіх адтуль забралі ў няволю, і хай ён ідзе і жыве з імі, і хай вучыць іх законам Бога той зямлі». Такім чынам, калі адзін з тых святароў, якіх забралі ў няволю з Самарыі, абжыўся ў Бэтэлі, ён вучыў іх, як яны маюць пакланяцца Госпаду. І кожны народ зрабіў свайго бога; і паставілі іх у святынях на ўзгорках, якія пабудавалі самаране; кожны народ у сваім горадзе, дзе пражываў. Бо так людзі з Бабілона зрабілі Сакот-Бэнота, а людзі з Куты зрабілі Нэргала, і людзі з Эмата — Ашыму; а гевеі зрабілі Нэбхаза і Тартака, а сэпарваімцы палілі агнём дзяцей сваіх на хвалу Адрамэлеха і Анамэлеха, багоў Сэпарваіма. І ўсё ж служылі яны Госпаду. А спаміж сваіх зрабілі яны сабе святароў на ўзгорках, і паставілі іх у храмах на ўзгорках; і калі служылі яны Госпаду, то таксама служылі багам сваім па звычаі тых народаў, ад якіх былі яны пераселеныя ў Самарыю. Аж да сённяшняга дня робяць яны па старым звычаі: не баяцца Госпада і не пільнуюць пастаноў, і прыказанняў, і закону, і загаду, якія даў Госпад сынам Якуба, якога назваў Ізраэлем. І заключыў Госпад з імі запавет і загадаў ім, кажучы: «Не ўслаўляйце багоў чужых, і не пакланяйцеся ім, і не служыце ім, і не складайце ахвяраў ім, але Госпада, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай сілай вялікаю і рукой магутнаю, Яго бойцеся, Яго ўслаўляйце і Яму ахвяры складайце. Таксама пастановы, і загады, і закон, і прыказанні, якія Ён напісаў вам, пільнуйце, каб спаўняць гэта ва ўсе дні; і чужых багоў не бойцеся. І не забывайцеся пра запавет, які Я заключыў з вамі, і не бойцеся чужых багоў, але Госпада, Бога вашага, бойцеся, і Ён выратуе вас з рук усіх ворагаў вашых». Але яны не паслухалі, а рабілі ўсё па даўнейшым сваім звычаі. Такім чынам, гэтыя народы баяліся Госпада, але ўсё ж служылі ідалам сваім; бо і дзеці іх, і дзеці дзяцей іх робяць так, як бацькі іх, аж да сённяшняга дня.

На трэці год Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, Эзэкія, сын Ахаза, стаў царом Юдэі. Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і цараваў дваццаць дзевяць гадоў у Ерузаліме. Яго маці называлася Абі, дачка Захарыі. І рабіў ён усё, што добрым было ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго, Давід. Ён знішчыў узгоркі, і разбіў слуп і ідалаў, і паламаў меднага змея, якога зрабіў Майсей, бо аж да гэтага часу сыны Ізраэля кадзілі яму ахвяры і называлі яго Нагэстан. І ўсклаў ён надзею на Госпада, Бога Ізраэля. Падобнага да яго не было між усіх цароў Юдэі, як пасля яго, так і перад ім. І моцна трымаўся ён Госпада, і не адступаўся ад слядоў Яго, і спаўняў прыказанні Яго, якія загадаў Госпад Майсею, таму Госпад быў з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, меў поспех. Узбунтаваўся ён таксама супраць цара асірыйцаў і не служыў яму. Ён пабіў філістынцаў аж да Газы і яе межаў, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага горада. На чацвёрты год цара Эзэкіі, які быў сёмым годам Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, выйшаў Салманасар, цар асірыйцаў, супраць Самарыі, і абклаў яе, і здабыў ён яе. Па трох гадах, на шосты год Эзэкіі, гэта значыць на дзевяты год Осіі, цара Ізраэля, была здабыта Самарыя. І цар асірыйцаў перасяліў Ізраэль у Асур, і пасяліў іх у Гале, і ў Габоры каля ракі Газан, і ў гарадах мідзян, бо не слухалі яны голасу Госпада, Бога свайго, але парушылі запавет Яго: усяго, што загадаў Майсей, паслугач Госпадаў, не паслухалі і не споўнілі. На чатырнаццаты год царавання Эзэкіі, напаў Санхэрыб, цар асірыйцаў, на ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і захапіў іх. Тады Эзэкія, цар Юдэі, паслаў пасланцоў да цара асірыйцаў у Лахіс, кажучы: «Зграшыў я. Адыдзі ад мяне, і ўсё, што накладзеш на мяне, панясу». Тады цар асірыйцаў наклаў на Эзэкію, цара Юдэі, даніну ў трыста талентаў срэбра і трыццаць талентаў золата; і аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое было знойдзена ў доме Госпада і ў скарбніцах цара. У той час Эзэкія разбіў падвойныя дзверы святыні Госпада і вушакі, якія пазалаціў ён сам, і аддаў золата цару асірыйцаў. А цар асірыйцаў паслаў з Лахіса кіраўніка войска і галоўнага еўнуха, і Рабсана да цара Эзэкіі ў Ерузалім з вялікім войскам. Яны пайшлі, і прыбылі ў Ерузалім, і сталі каля канала Верхняй крыніцы, што на дарозе Поля Валюшніка, і паклікалі яны цара. А выйшлі да іх Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык дому, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік. І сказаў да іх Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа вялікі цар, цар асірыйцаў: “Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся? Ты выказаў пустыя словы. Для вайны патрэбны рада і сіла! На каго ты спадзяешся, што адважыўся супраць мяне бунтавацца? Ці ты спадзяешся на Егіпет, на гэты надламаны кій з трыснёгу, які, калі чалавек абапрэцца на яго, уваходзіць у яго далонь, расшчэплены, і прабівае яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца”. А можа, скажаце мне: “На Госпада, Бога нашага, спадзяёмся?” Ці ж Ён не Той, Якога ўзгоркі і ахвярнікі знішчыў Эзэкія, загадваючы Юдзе і Ерузаліму: “Перад гэтым ахвярнікам у Ерузаліме будзеце пакланяцца Госпаду”? Дык цяпер пайдзі ў заклад з гаспадаром маім, царом асірыйцаў; я дам табе дзве тысячы коней; і паглядзі, ці зможаш дастаць сабе вершнікаў для іх. І якім чынам зможаш ты выгнаць аднаго намесніка з найменшых паслугачоў гаспадара майго? Ці ты надзею маеш на Егіпет дзеля калясніц і коннікаў? Няўжо без волі Госпада прыйшоў я ў гэтае месца, каб яго спустошыць? Госпад сказаў мне: “Ідзі ў зямлю гэтую і спустош яе”». І сказалі Эліякім, сын Хэлькіі, і Собна, і Ёах Рабсаку: «Гавары, просім, да паслугачоў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем гэтую мову, і не гавары да нас па-гебрайску, каб чуў народ, які на муры». І адказаў ім Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб казаў я гэтыя словы, і не да людзей, якія сядзяць на муры, каб есці кал свой і піць мачу сваю з вамі?» Такім чынам, стаў Рабсак і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, кажучы: «Слухайце словы вялікага цара, цара асірыйцаў: гэта кажа цар: “Хай вас не падманвае Эзэкія, бо не зможа ён выратаваць вас з рукі маёй! І хай не падманвае ён вас надзеяй на Госпада, кажучы: “Выратуе і пазбавіць нас Госпад і не дасць гэтага горада ў рукі цара асірыйцаў”. Не слухайце Эзэкіі!” Бо кажа цар асірыйцаў: “Прымірыцеся са мною і выходзьце да мяне; і кожны будзе есці з вінаградніку свайго і з фігавага дрэва свайго, і будзеце піць ваду з крыніц вашых, пакуль я не прыйду і не перасялю вас у зямлю, падобную да вашай зямлі, у зямлю ўраджайную і багатую віном, зямлю хлеба і вінаграду, зямлю аліўкавага алею і мёду; і вы будзеце жыць і не будзеце паміраць”. Не слухайце Эзэкіі, які вас падманвае, кажучы: “Госпад вызваліць нас!” Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара асірыйцаў? Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Аны і Авы? Ці вызвалілі яны Самарыю з рукі маёй? Хто з усіх багоў земляў гэтых уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй, каб мог Госпад пазбавіць ад рукі маёй Ерузалім?» А народ маўчаў і не адказваў яму ані слова; бо такі атрымалі яны загад цара, каб не адказваць яму. І прыйшлі Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык палаца, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік, да Эзэкіі ў раздзёртых шатах і перадалі яму словы Рабсака.

Калі пачуў гэта цар Эзэкія, раздзёр шаты свае, і апрануўся ў зрэбніцу, і пайшоў у дом Госпада. І паслаў ён Эліякіма, загадчыка палаца, і Собну, пісара, і старэйшых з святароў, апранутых у зрэбніцы, да прарока Ісаі, сына Амоса. Сказалі яны: «Гэта кажа Эзэкія: “Гэты дзень — дзень гора, і наракання, і ганьбы: дайшлі дзеці да сваіх народзінаў, і няма сілы іх нарадзіць! Можа, пачуе Госпад, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар яго, цар асірыйцаў, каб зневажаць Бога жывога, і пакарае яго за словы, якія пачуў Госпад, Бог твой; і памаліся за астатніх, якія яшчэ жывуць”». І прыйшлі паслугачы цара Эзэкіі да Ісаі. І сказаў ім Ісая: «Гэта скажыце гаспадару вашаму: “Гэта кажа Госпад: “Не бойся слоў, што ты пачуў, якімі паслугачы цара асірыйцаў зневажалі Мяне; вось, Я пашлю яму духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў сваю зямлю; і Я паб’ю яго мечам у яго зямлі”». Такім чынам, вярнуўся Рабсак і знайшоў цара асірыйцаў, які здабываў Лебну; бо пачуў, што ён адышоў з-пад Лахіса. І, калі ён пачуў пра Тарака, цара Этыёпіі, словы: «Вось, ён пайшоў на вайну супраць цябе», — паўторна паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы яму: «Гэта скажыце Эзэкіі, цару Юдэі: “Хай не падманвае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, і не кажы: “Не аддасць Ён Ерузалім у рукі цара асірыйцаў”. Ты бо сам чуў, што зрабілі цары асірыйцаў з усімі землямі, як яны пазнішчылі іх, такім чынам, ці ты мог бы адзін вызваліцца”? Дзе багі тых народаў, якіх знішчылі бацькі мае, гэта значыць, Газан, і Харан, і Рэзэф, і сыноў Эдэна, якія былі ў Тэласары? Дзе цар Эмата і цар Арпада, цары Сэпарваіма, Аны і Авы?» Такім чынам, калі атрымаў Эзэкія ліст з рук вестуноў і прачытаў яго, ён пайшоў у дом Госпада, і развярнуў яго перад Госпадам, і маліўся ён перад Ім гэтымі словамі: «Госпадзе, Божа Ізраэля, Які сядзіш на херубінах! Толькі ты — Бог усіх валадарстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю. Нахілі вуха Сваё і пачуй, адкрый вочы свае, Госпадзе, і пабач, і выслухай усе словы Санхэрыба, які паслаў вестуноў, каб зняважыць Бога жывога. Гэта праўда, Госпадзе, што цары асірыйцаў знішчылі народы і іх краіны, і ў агонь кінулі яны багоў іх; бо яны не былі багі, але творы рук чалавечых з дрэва і каменя, і знішчылі іх. Такім чынам, цяпер, Госпадзе, Божа наш, збаў нас ад рукі яго, каб ведалі ўсе валадарствы зямлі, што Ты, Госпадзе, адзіны Бог». А Ісая, сын Амоса, паслаў да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я пачуў тое, аб чым ты маліўся да Мяне адносна Санхэрыба, цара асірыйцаў”. Гэта слова, якое сказаў Госпад пра яго: “Брыдзіцца табою, кпіць з цябе дзева, дачка Сіёна; за табой ківае галавой дачка Ерузаліма. Каго зневажаў ты і на Каго блюзніў? Супраць Каго падняў ты голас свой, і ўверх падняў вочы свае? Супраць Святога Ізраэлева! Праз вестуноў тваіх ты зневажаў Госпада і казаў: “З мноствам маіх калясніц я ўзышоў на горныя ўзвышшы, на вяршыні Лібана, і ссек яго велічныя кедры і найпрыгажэйшыя яліны яго, і дайшоў аж да межаў яго, у нетры яго. Капаю я студню і п’ю чужыя воды, і ступнямі ног сваіх высушыў усе ручаі егіпецкія”. Ці не чуў ты, што даўно Я зрабіў гэта? Са старажытных часоў Я гэта прызначыў, і цяпер здзяйсняю; і будуць яны знішчаны, стануць кучамі руінаў гарады ўмацаваныя. І тыя, што зараз жывуць у іх, задрыжэлі і збянтэжыліся; сталі, як сена на полі, і як трава маладая, як трава на стрэхах, абпаленая перш, чым паспела. Ці сядзіш ты, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю наперад, як і абурэнне тваё супраць Мяне: ты шалееш супраць Мяне, і пыха твая дайшла да вушэй Маіх. Такім чынам, Я ўкладу ў ноздры твае кольцы і цуглі — у губы твае, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў!” А табе, Эзэкія, будзе такі знак: у гэтым годзе еж, што знойдзеш, а ў другі год — тое, што само вырасце; а на трэці год сейце і збірайце, закладайце вінаграднікі і спажывайце плады іх. І, калі што застанецца з дому Юды, пусціць корань углыб, і выдасць плод наверх; бо з Ерузаліма выйдзе рэшта, і хто застанецца — з гары Сіён. Апекаванне Госпада Магуццяў зробіць гэта! Дзеля таго вось што кажа Госпад пра цара асірыйцаў: “Не ўвойдзе ён у гэты горад, ані выпусціць у яго стралы, і не наставіць супраць яго шчыта, і не насыпле кругом яго вала. Дарогай, якою ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты не ўвойдзе”, — кажа Госпад. — І Я абараню гэты горад і збаўлю яго дзеля Сябе і дзеля паслугача Свайго, Давіда». І здарылася ў тую самую ноч: выйшаў Анёл Госпадаў і пабіў у лагеры асірыйцаў сто восемдзесят пяць тысяч чалавек. І, калі раніцай яны падняліся, убачылі, што ўсе вакол мёртвыя. Тады Санхэрыб, цар асірыйцаў, адступіў і пайшоў, і вярнуўся і затрымаўся ў Нініве. І, калі ён пакланяўся ў храме Нэсроха, бога свайго, Адрамэлех і Сарасар, сыны яго, забілі яго мечам, і ўцяклі ў зямлю армянаў. І замест яго стаў цараваць сын яго Асархадон.

У тыя дні Эзэкія захварэў смяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Упарадкуй дом свой, бо памрэш і не будзеш жыць”». Ён адвярнуў свой твар да сцяны і маліўся да Госпада, кажучы: «О Госпадзе! Узгадай, як я хадзіў перад Табою верна і са шчырым сэрцам, і рабіў тое, што міла Табе». І заплакаў Эзэкія ўголас. І перад тым як Ісая дайшоў да сярэдзіны пакоя, прамовіў да яго Госпад, кажучы: «Вярніся і скажы Эзэкіі, валадару народа Майго: “Гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Пачуў Я малітву тваю, убачыў слёзы твае, і, вось, Я аздараўлю цябе, і на трэці дзень ты пойдзеш у святыню Госпада. І Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў; і вызвалю з рукі цара асірыйцаў цябе і горад гэты, і вазьму пад апеку горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, паслугача Майго”». І сказаў Ісая: «Вазьміце кавалак фігавы». Калі ўзялі яго, і паклалі на яго нарыў, ён ачуняў. І сказаў Эзэкія Ісаі: «Што за знак будзе, што Госпад аздаровіць мяне і што на трэці дзень я пайду ў святыню Госпада?» Ісая сказаў яму: «Такі будзе табе знак ад Госпада, што Госпад споўніць слова, якое Ён сказаў: жадаеш, каб цень прайшоў наперад на дзесяць ступеней ці каб ён адступіўся на дзесяць ступеней?» І Эзэкія сказаў: «Лёгка для ценю прайсці наперад на дзесяць ступеней, і не хачу, каб здарылася гэтак, але хай цень вернецца назад на дзесяць ступеней!» І прызваў прарок Ісая Госпада, і Ён перасунуў цень на ступенях, па якіх ужо спускаўся Ахаз, назад на дзесяць ступеней. У той час Мерадахбаладан, сын Баладана, цар Бабілона, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі; бо даведаўся, што ён захварэў. І цешыўся Эзэкія з-за іх прыбыцця, і паказаў ім увесь скарб скарбоўніцы сваёй: срэбра і золата, вострыя духмяныя прыправы і найлепшы алей, і ўсю колькасць посуду свайго, і ўсё, што знаходзілася ў яго скарбоўніцах; не засталося ніводнай рэчы, якой бы Эзэкія не паказаў ім у палацы сваім і ва ўсёй маёмасці сваёй. І прыйшоў да цара Эзэкіі прарок Ісая і сказаў яму: «Што казалі тыя людзі і адкуль прыбылі яны да цябе?» Эзэкія сказаў яму: «З далёкай зямлі прыбылі яны, з Бабілона». А той спытаўся: «Што бачылі яны ў доме тваім?» Эзэкія адказаў: «Усё, што ёсць у доме маім, бачылі яны; не было ніводнай рэчы, якой бы я не паказаў ім з каштоўнасцей сваіх». Тады Ісая сказаў Эзэкіі: «Паслухай слова Госпада: “Вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ў палацы тваім і што сабралі бацькі твае аж да гэтага дня, забяруць у Бабілон; не застанецца нічога, — кажа Госпад. — Таксама і дзяцей тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і стануць яны еўнухамі ў палацы цара Бабілона”». Сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова Госпада, якое ты сказаў». І падумаў: «Будзе супакой і бяспека, прынамсі, у мае дні». А іншыя дзеянні Эзэкіі, і ўся мужнасць яго, і як ён выкапаў студню і канал, і ўвёў воды ў горад, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пасля яго цараваў Манаса, сын яго.

Манаса меў дванаццаць гадоў, калі стаў царом, і пяцьдзесят пяць гадоў ён цараваў у Ерузаліме. Маці яго называлася Хапсіба. І дапускаўся ён ліхоты перад абліччам Госпада паводле агіднасцей народаў, якіх знішчыў Госпад перад абліччам сыноў Ізраэля. І зноў адбудоўваў ён узгоркі, якія знішчыў Эзэкія, бацька яго, і пабудаваў ахвярнікі Баалу, і зрабіў слуп, як рабіў Ахаб, цар Ізраэля, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму. І пабудаваў ён ахвярнікі ў доме Госпадавым, аб якім сказаў Госпад: «У Ерузаліме змяшчу Я імя Маё». І пабудаваў ён ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух панадворках святыні Госпадавай, і правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чарамі, і паставіў прарокаў, і павялічыў колькасць вешчуноў, так што рабіў ён зло ў вачах Госпада і гнявіў яго. Таксама паставіў ён слуп Асэры, які зрабіў, у святыні, пра якую Госпад сказаў Давіду і сыну яго, Саламону: «У гэтай святыні і ў Ерузаліме, які Я выбраў з усіх пакаленняў Ізраэля, Я змяшчу імя Маё навечна; і больш не прымушу Я нагу Ізраэля блукаць далёка ад зямлі, якую Я даў бацькам іх, калі толькі будуць яны на справе пільнаваць усё тое, што Я загадаў ім, і ўвесь закон, які даў ім паслугач Мой, Майсей». А яны не паслухалі Яго, але былі падманутыя Манасам, так што дапускаліся ліха горш, чым народы, якіх вынішчыў Госпад перад абліччам сыноў Ізраэля. І прамовіў Госпад праз паслугачоў Сваіх, прарокаў, гэтыя словы: «За тое, што Манаса, цар Юдэі, дапускаўся такіх агіднасцей, найгоршых з усяго, чаго дапускаліся амарэі перад ім, і таксама за тое, што ён уцягнуў у грэх Юдэю ідаламі сваімі, таму вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду няшчасці на Ерузалім і Юдэю, так што ў кожнага, хто пачуе, зазвініць у абодвух вушах яго. І працягну Я над Ерузалімам вяроўку Самарыі і цяжар дому Ахаба, і вытру Ерузалім, як выціраецца міска, выціраецца і пераварочваецца дагары нагамі. І Я адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам яе ў рукі ворагаў яе, і будуць яны ў разарэнні і здабычай для ўсіх ворагаў сваіх, бо яны рабілі ліхое перад вачамі Маімі і працягвалі гнявіць Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іх з Егіпта, аж па гэты дзень”. Таксама ж Манаса праліў вельмі шмат нявіннай крыві, аж напоўніў ёй Ерузалім да краю, не лічачы грахоў, у якія ўцягнуў Юдэю, каб дапускалі яны ліхое ў вачах Госпадавых». А рэшта дзеянняў Манасы, і ўсё, што ён зрабіў, і яго грэх, якога дапускаўся, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў садзе дома свайго, у садзе Озы; і па ім стаў царом сын яго, Амон. Амон меў дваццаць два гады, калі стаў царом і цараваў ён у Ерузаліме два гады. Маці яго называлася Мэсалемэт, дачка Харуса з Ятэбы. І дапускаўся ён ліхога перад абліччам Госпада, як рабіў Манаса, бацька яго, і хадзіў усімі дарогамі, якімі хадзіў бацька яго; і служыў ідалам, якім бацька яго служыў, і пакланяўся ім. І пакінуў ён Госпада, Бога бацькоў сваіх, і не хадзіў дарогаю Госпада. І змовіліся супраць яго паслугачы яго, і забілі цара ў доме яго; а народ зямлі забіў усіх, хто змовіўся супраць цара Амона, і выбралі сабе царом замест яго Осію, сына яго. А іншыя дзеянні Амона, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І пахавалі яго ў садзе Озы ў яго магіле; і па ім стаў цараваць сын яго, Осія.

Осія меў восем гадоў, калі пачаў цараваць, і трыццаць адзін год быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Ідыда, дачка Адаі з Баската. І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, і хадзіў па ўсіх дарогах Давіда, бацькі свайго; не зварочваў ані ўправа, ані ўлева. На васемнаццаты год цара Осіі паслаў цар пісара Сафана, сына Эсэліі, сына Мэсулы, у святыню Госпада, загадваючы яму: «Ідзі да першасвятара Хэлькіі, каб ён палічыў срэбра, якое ахвяравана ў святыні Госпада, якое сабралі брамнікі ад народа, і хай дадуць яго загадчыкам працы ў доме Госпада, і яны хай раздадуць яго тым, хто працуе ў святыні, падпраўляючы пашкоджанні святыні, гэта значыць: цеслям, і тым, хто адбудоўвае парушанае, і мулярам, і каб купіць дрэва, і камяні з каменяломняў дзеля аднаўлення святыні. Толькі не трэба ім лічыць срэбра, якое яны атрымліваюць, бо яны працуюць паводле сваёй волі і сумлення». А першасвятар Хэлькія сказаў пісару Сафану: «Знайшоў я кнігу закону ў доме Госпада». І даў Хэлькія кнігу Сафану, і ён прачытаў яе. І пайшоў пісар Сафан да цара, і паведаміў яму тое, што ён загадаў, кажучы: «Паслугачы твае ўзялі грошы, якія знайшліся ў доме, і перадалі іх загадчыкам работ у святыні Госпада». І паведаміў пісар Сафан цару, кажучы: «Святар Хэлькія даў мне кнігу». Калі Сафан прачытаў яе перад царом і калі цар пачуў словы кнігі закону, раздзёр шаты свае і загадаў святару Хэлькіі, і Ахікаму, сыну Сафана, і Абдону, сыну Міхі, і Сафану, пісару, і Асаю, слузе цара, кажучы: «Ідзіце і спытайце Госпада адносна мяне, і адносна народа, і адносна ўсёй Юдэі паводле слоў гэтай кнігі, якая была знойдзена; бо вялікі гнеў Госпада ўзгарэўся супраць нас, бо не паслухалі бацькі нашы слоў кнігі гэтай, каб споўніць усё, што нам напісана». І пайшлі святар Хэлькія, і Ахікам, і Абдон, і Сафан, і Асая да Гульды, прарочыцы, жонкі Сэлума, сына Тэквы, сына Харааса, вартаўніка адзення, якая жыла ў Ерузаліме, у другой яго частцы, і гаварылі з ёй, і яна адказала ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне. Гэта кажа Госпад: “Вось, Я навяду ліха на гэтае месца і на яго жыхароў, паводле ўсіх слоў кнігі, якія прачытаў цар Юдэі, бо яны пакінулі Мяне і складалі ахвяры чужым багам, прагняўляючы Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, і ўзгарыцца гнеў Мой на гэтым месцы і не патухне”. А што да цара Юдэі, які паслаў вас, каб запытацца ў Госпада, скажыце так: “Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “За тое, што ты паслухаў словы кнігі, і ўстрывожылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся перад Госпадам, пачуўшы прароцтвы супраць гэтага месца і жыхароў яго, што яны, напэўна, будуць у спусташэнні і ў праклёне, і раздзёр ты адзенне сваё, і плакаў перада Мною, — Я выслухаў цябе, — кажа Госпад. — Таму Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і будзеш ты пахаваны ў супакоі ў магіле сваёй, каб вочы твае не бачылі ўсяго таго гора, якое Я навяду на гэтае месца”». І яны расказалі цару тое, што Ён сказаў.

Тады паслаў цар, і сабраліся да яго ўсе старэйшыны Юдэі і Ерузаліма, і ўвайшоў цар у святыню Госпада, і ўсе людзі Юдэі, і ўсе жыхары Ерузаліма з ім: святары, і прарокі, і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ён усім слухачам усе словы кнігі запавету, якую знайшлі ў доме Госпада. І стаў цар на ўзвышэнні і заключыў запавет перад абліччам Госпада, што будуць яны хадзіць за Госпадам і будуць пільнаваць прыказанні Яго, і пастановы, і законы ўсім сэрцам і ўсёй душой і што будуць яны выконваць словы гэтага запавету, якія запісаны ў той кнізе. І ўвесь народ далучыўся да запавету. І загадаў цар першасвятару Хэлькіі і іншым святарам, і брамнікам, каб выкінулі са святыні Госпада ўсе рэчы, зробленыя для Баала і Асэры, і для ўсяго войска нябеснага; і ён спаліў гэта па-за Ерузалімам, у даліне Цэдрона, і попел ад іх занёс у Бэтэль. І знішчыў ён святароў паганскіх, якіх паставілі цары Юдэі дзеля складання ахвяр на ўзгорках у гарадах Юдэі і ў ваколіцах Ерузаліма, і тых, якія кадзілі Баалу, і сонцу, і месяцу, і дванаццаці сузор’ям, і ўсяму войску нябеснаму. І вынес ён з дома Госпада слуп па-за Ерузалім, у даліну Цэдрона, і спаліў яго там, і сцёр яго ў пыл, і кінуў на магілы людзей простых. Таксама разваліў ён дамы распусніц, якія былі ў доме Госпада, дзе жанчыны ткалі адзенне для Асэры. І выгнаў ён усіх паганскіх святароў з гарадоў Юдэі, і апаганіў узгоркі, дзе гэтыя святары складалі ахвяры, ад Габы аж да Бээр-Сэбы; і зруйнаваў узгоркі, якія былі ля ўваходу ў браму Ешуа, кіраўніка горада, з левага боку ад гарадской брамы. І святарам узгоркаў забаранялася прыступаць да ахвярніка Госпада ў Ерузаліме, маглі яны толькі есці праснакі між сваіх братоў. Таксама апаганіў ён Тафэт, што ў лагчыне Бэн-Гэном, каб ніхто не праводзіў сына свайго або дачку праз агонь Малоха. Прыняў ён таксама коней, якіх цары Юдэі пасвячалі сонцу, ад уваходу ў святыню Госпада каля пакоя Натан-Мэлеха, еўнуха, што быў у Парурыме; і калясніцы сонца спаліў агнём. Таксама ахвярнікі, якія былі на даху пакоя Ахаза, якія зрабілі цары Юдэі, і ахвярнікі, якія зрабіў Манаса ў абодвух панадворках святыні Госпада, цар знішчыў і растаптаў іх там, і пыл ад іх кінуў у ручай Цэдрон. Таксама апаганіў ён узгоркі, якія былі насупраць Ерузаліма з правага боку гары Пагібелі, якія Саламон, цар Ізраэля, паставіў для Астарты, ідала сідонцаў, і Хамоса, ідала Мааба, і Мэлькома, ідала сыноў Амона, і паразбіваў ён слупы, і пассякаў дубровы, і засыпаў месца іх касцямі мёртвых. Акрамя таго, і ахвярнік, які быў у Бэтэлі, узгорак, зроблены Ерабаамам, сынам Набата, які ўцягнуў у грэх Ізраэль; таксама той ахвярнік і ўзгорак разваліў, і спаліў, і расцёр у пыл, і спаліў ідала. І, павярнуўшыся, Осія ўбачыў там магілы, якія былі на гары, і паслаў, і прынёс косці з магіл, і спаліў іх на ахвярніку, і апаганіў яго па слове Госпада, якое абвясціў чалавек Божы, прадказаўшы гэтыя падзеі. І спытаўся Осія: «Што гэта за помнік, які, азірнуўшыся, бачу?» І адказалі яму жыхары таго горада: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юдэі і прадказаў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі». Дык сказаў ён: «Пакіньце яго; хай ніхто не чапае касцей яго». І косці яго пакінулі некранутымі разам з касцямі прарока, які прыйшоў з Самарыі. Звыш таго, і ўсе свяцілішчы ўзгоркаў, якія былі па гарадах Самарыі пабудаваны царамі Ізраэля, каб гнявіць Госпада, Осія разваліў і зрабіў з імі, як з усім тым, што зрабіў ён у Бэтэлі. І пазабіваў ён усіх паганскіх святароў узгоркаў, якія там былі пры ахвярніках, і спаліў на іх косці чалавечыя; і вярнуўся ў Ерузалім. І загадаў усяму народу, кажучы: «Святкуйце Пасху Госпада, Бога вашага, як напісана ў кнізе запавету Яго». Бо не было такой Пасхі ад часоў суддзяў, якія судзілі Ізраэль, і ўвесь час цароў Ізраэля і цароў Юдэі, толькі ў васемнаццаты год царавання Осіі святкавалі гэту Пасху Госпаду ў Ерузаліме. Таксама Осія загубіў выклікаючых памерлых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў і ўсе агіднасці, якія былі ў зямлі Юдэі і ў Ерузаліме, каб споўніць словы закону, што былі запісаны ў кнізе, якую знайшоў святар Хэлькія ў святыні Госпада. Перад ім не было такога цара, які павярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёй, і ўсёю моцаю сваёй згодна з усім законам Майсея, і пасля яго не з’явіўся падобны да яго. Аднак Госпад не спыніў гневу вялікага абурэння Свайго, якім ўзгарэлася абурэнне Яго супраць Юдэі за ўсе знявагі, якія прычыніў яму Манаса. Такім чынам, сказаў Госпад: «Нават Юдэю адкіну Я ад аблічча Свайго, як Я адкінуў Ізраэль, і адкіну гэты горад, які Я выбраў, Ерузалім, і дом, пра які Я сказаў: “Там будзе імя Маё!”» А іншыя дзеянні Осіі і ўсё, што ён зрабіў, ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? У яго час фараон Нэкао, цар Егіпта, пайшоў на цара асірыйцаў на раку Эўфрат. І выйшаў супраць яго цар Осія, і той забіў яго ў Магедзе, калі ўбачыў яго. І павезлі яго паслугачы яго мёртвым на калясніцы з Магеды, і прывезлі ў Ерузалім, і пахавалі яго ў грабніцы бацькоў яго. І народ краіны ўзяў сына Осіі Ёахаза, і намасціў яго, і паставіў яго царом на месца бацькі яго. Ёахаз меў дваццаць тры гады, калі стаў царом, і цараваў ён у Ерузаліме тры месяцы. Маці яго называлася Аміталь, дачка Ярэміі з Лебны. І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада, паводле ўсяго таго, што рабілі бацькі яго. І фараон Нэкао закаваў яго ў кайданы ў Рэблі, што ў зямлі Эмат, каб не цараваў ён у Ерузаліме; і абклаў краіну падаткам — ста талентамі срэбра і талентам золата, і паставіў фараон Нэкао царом Эліякіма, сына Осіі, замест бацькі яго, Осіі, і змяніў імя яго на Ёакіма. А Ёахаза ўзяў і завёў у Егіпет, і там ён памёр. А Ёакім дастаўляў фараону срэбра і золата, і мусіў ён ападаткаваць зямлю, каб яны дастаўлялі срэбра па загадзе фараона; і ад кожнага з народа краіны паводле вызначанай колькасці вымагаў як срэбра, так і золата, каб даваць фараону Нэкао. Ёакім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і адзінаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме. Маці яго называлася Зэбіда, дачка Падаі з Румы. І рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах Госпада, як усё, што рабілі бацькі яго.

У дні яго выйшаў Набукаданосар, цар Бабілона, і Ёакім стаў яго паслугачом на тры гады, і пасля ўзбунтаваўся супраць яго. І Госпад паслаў на яго дружыны халдэяў, і дружыны Сірыі, і дружыны Мааба, і дружыны сыноў Амона; і паслаў іх на Юдэю, каб знішчыць яе паводле слова Госпада, якое Ён гаварыў праз паслугачоў Сваіх, прарокаў. А сталася гэтае дзеля гневу Госпада на Юдэю, каб адкінуць яе ад аблічча Свайго дзеля ўсіх грахоў Манасы, якія ён рабіў, і дзеля нявіннай крыві, якую праліў і напоўніў Ерузалім крывёю нявіннаю; і таму не захацеў Госпад прабачыць. А астатнія дзеянні Ёакіма і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І супачыў Ёакім з бацькамі сваімі; і замест яго стаў царом Ёахін, сын яго. І цар Егіпецкі не выходзіў ужо са сваёй зямлі, бо цар Бабілона заваяваў усё ад ручая Егіпецкага аж да ракі Эўфрат, усё, што належала цару Егіпта. Ёахін меў васемнаццаць гадоў, калі стаў царом, і цараваў ён у Ерузаліме тры месяцы. Маці яго называлася Нэста, дачка Эльнатана з Ерузаліма. І рабіў ён ліхое перад Госпадам, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго. У той час паслугачы Набукаданосара, цара Бабілона, выйшлі супраць Ерузаліма і абклалі горад. І прыйшоў Набукаданосар, цар Бабілона, да горада, калі паслугачы яго абкладвалі яго; і Ёахін, цар Юдэі, разам з маці сваёй, і паслугачамі сваімі, і князямі, і еўнухамі сваімі выйшаў да цара Бабілона; і цар Бабілона ўзяў яго ў палон на восьмым годзе царавання яго. І забраў ён адтуль усе скарбы дома Госпада і скарбы палаца царскага, і зламаў усе залатыя рэчы, якія зрабіў Саламон, цар Ізраэля, у святыні Госпада па слове Госпада. І перасяліў ён у няволю ўвесь Ерузалім, і ўсіх князёў, і ўсіх ваяроў, дзесяць тысяч палонных; і ўсіх майстроў і будаўнікоў; і засталіся толькі найбяднейшыя людзі з народа зямлі. Перасяліў ён таксама Ёахіна ў Бабілон, і маці цара, і жонак цара, і еўнухаў, і магнатаў зямлі забраў у няволю з Ерузаліма ў Бабілон, і ўсіх дужых людзей, сем тысяч, і майстроў і будаўнікоў тысячу, і людзей, здатных да вайны; і вывеў іх цар Бабілона ў няволю, у Бабілон. І паставіў царом дзядзьку яго Матанію замест яго; змяніўшы імя яго на Сэдэцыю. Сэдэцыя меў дваццаць адзін год, калі стаў царом, і ён цараваў у Ерузаліме адзінаццаць гадоў. Маці яго называлася Аміталь, дачка Ярэміі з Лебны. І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў Ёахін, бо гневаўся Госпад на Ерузалім і Юдэю і адкінуў іх ад аблічча Свайго. І Сэдэцыя ўзбунтаваўся супраць цара Бабілона.

А сталася на дзявяты год яго царавання, у дзесятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, што прыйшоў сам Набукаданосар, цар Бабілона, і усё войска яго супраць Ерузаліма; і абклаў яго, і збудаваў вакол яго валы. І горад быў у аблозе і абнесены валамі аж да адзінаццатага года цара Сэдэцыі. У чацвёртым месяцы дзевятага дня пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народа зямлі. І быў прарыў у горадзе, і ноччу ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з горада па дарозе брамы, што між мурамі каля царскага саду, калі халдэі былі вакол горада. Такім чынам, выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы. І войска халдэяў кінулася ў пагоню за царом, і дагналі яго на раўніне каля Ерыхона, і ўсё войска яго рассыпалася, і пакінула яно яго. І схапілі цара, і прывялі да цара Бабілона ў Рэблу, які выдаў на яго прысуд. І забіў сыноў Сэдэцыі на яго вачах, і яму вырваў вочы, і закаваў яго ў медныя кайданы, і адвёў у Бабілон. У пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, а гэта быў дзевятнаццаты год Набукаданосара, цара Бабілонскага, увайшоў у Ерузалім Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, паслугач цара Бабілона, і спаліў ён дом Госпада, і палац цара, і ўсе дамы ў Ерузаліме, і кожны дом спаліў агнём. А войска халдэйскае, якое было разам з кіраўніком целаахоўнікаў, разбурыла муры вакол Ерузаліма. А рэшту народа, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да цара Бабілона, а таксама простых людзей Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, перасяліў; і з бедных людзей зямлі ён пакінуў толькі вінаградараў і земляробаў. І паламалі халдэі медныя слупы, якія былі ў святыні Госпада, і падножжы, і меднае мора, якое было ў доме Госпада, і забралі ўсю медзь у Бабілон; таксама забралі катлы, і лапаткі, і нажы, і чары, і ўвесь медны посуд, якім карысталіся пры служэнні; кіраўнік целаахоўнікаў забраў таксама курыльніцы для духмянасцей, і келіхі, якія былі з найчысцейшага золата і срэбра; медзь з двух слупоў, аднаго мора і падножжаў, якія Саламон зрабіў для святыні Госпада, — нельга было ўзважыць усе гэтыя рэчы. Васемнаццаць локцяў меў у вышыню адзін слуп, і капітэль над ім была з медзі вышынёю пяць локцяў; і вакол на капітэлі была сетка і яблыкі граната, — усё з медзі; і другі слуп меў таксама падобнае ўпрыгожванне. Кіраўнік целаахоўнікаў узяў таксама Сараю, першасвятара, і яго намесніка Сафонію, а таксама трох прыдзвернікаў, і з горада ўзяў ён аднаго еўнуха, які быў кіраўніком войска, і пяць чалавек з атачэння цара, якіх знайшоў у горадзе, і галоўнага пісара войска, які запісваў у войска народ зямлі, і шэсцьдзесят простых людзей, што былі ў горадзе; узяў іх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і завёў да цара Бабілона ў Рэблу, і цар Бабілона ўдарыў іх, і забіў у Рэблі, у зямлі Эмат. І быў Юда выселены са сваёй зямлі. А над народам, што застаўся ў зямлі Юдэі, які пакінуў Набукаданосар, цар Бабілона, паставіў кіраўніком Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана. Калі ўсе кіраўнікі войска і іх людзі даведаліся аб тым, што цар Бабілона прызначыў Гадалію кіраўніком, прыбылі да Гадаліі ў Міцпу: прыйшлі Ізмаэль, сын Натаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сарая, сын Тангумэта з Нэтофы, і Язанія, сын Маахатыта, яны і людзі іх. І пакляўся Гадалія ім і людзям іх, кажучы: «Не бойцеся служыць халдэям; жывіце на зямлі і служыце цару Бабілона, і добра будзе вам». Але сталася ў сёмы месяц, што прыйшоў Ізмаэль, сын Натаніі, сына Элісамы, з царскага роду, і з ім дзесяць чалавек; і забілі яны Гадалію, які памёр, а таксама юдэяў і халдэяў, якія былі з ім у Міцпе. І ўстаў народ, ад малога да вялікага, і кіраўнікі войска, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся халдэяў. А сталася ў трыццаць сёмым годзе па высяленні ў няволю Ёахіна, цара Юдэі, у дванаццаты месяц, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэрадах, цар Бабілона, у год, у які пачаў цараваць, вызваліў Ёахіна, цара Юдэі, з вязніцы. І ён гаварыў з ім ласкава, і падняў яго пасад па-над пасадамі цароў, якія былі з ім у Бабілоне, і зняў Ёахін шаты свае астрожныя; і еў заўсёды хлеб перад царом ва ўсе дні жыцця свайго. Таксама той забяспечыў яму пастаянныя харчы, якія выдаваліся яму царом дзень у дзень, ува ўсе дні жыцця яго.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.