Библия › Чарняўскі-17 › 1 Хронікаў

1-я Хронікаў

Адам, Сэт, Энос. Кенан, Малаліэль, Ярэд, Гэнох, Матусал, Ламэх, Ной, Сэм, Хам і Яфэт. Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай і Яван, Тубал, Масок, Тыр. А сыны Гамэра: Аскеназ, і Рыфат, і Тагарма. А сыны Явана: Эліса, і Тарсіс, Гет і Рода. Сыны Хама: Куш і Міцраім, Пут і Ханаан. А сыны Куша: Саба і Хавіла, Сабата, і Рэгма, і Сабатаха. А сыны Рэгмы: Саба і Дэдан. Куш жа быў бацькам Німрода: ён быў першым волатам на зямлі. Міцраім жа быў бацькам Луда і Анама, і Лааба, і Нафтуа, Патруса, і таксама Каслуха: з іх узніклі Філістын і Кафтор. А Ханаан быў бацькам Сідона — першароднага, Хета, Евусея, і таксама Амарэя, і Гергесея і Гівея, і Арацэя, і Сінэя, а таксама Арадзія, і Самарэя, і Эматэя. Сыны Сэма: Элам, і Асур, і Арпаксад, і Луд, і Арам. А сыны Арама: Уц, і Гул, і Гетэр, і Мэс. Арпаксад жа быў бацькам Салы, які і быў бацькам Гебэра. А ў Гебэра нарадзілася два сыны: адзін на імя Пэлег, бо ў яго дні раздзялілася зямля, і імя брата яго Ектан. Ектан жа быў бацькам Эльмадада, і Салефа, і Асармота, і Ярэ, таксама Адарама, і Узала, і Дэклы, таксама Абала, і Абімаэля, і Сабы, і Афіра, і Хавіла, і Ёбаба; усе яны сыны Ектана. Сэм, Арпаксад, Сала, Гебэр, Пэлег, Рэў, Сэруг, Нахор, Тэрах, Абрам, ён жа Абрагам. А сыны Абрагама: Ізаак і Ізмаэль. І вось іх радаводы: першародны Ізмаэля — Набаёт, і Кедар, і Адбээль, і Мабсам, Масма і Дума, Маса, Хадад і Тэма, Етур, Нафіс, Цэдма, гэта сыны Ізмаэля. Сыны ж Кетуры, наложніцы Абрагама, якіх нарадзіла: Замран, Ексан, Мадан, Мадыян, Ісбак, Суэ. А сыны Ексана: Саба і Дэдан. Сыны ж Дэдана: Асурым, і Летусім, і Леўмім. А сыны Мадыяна: Эфа, і Эфэр, і Гэнох, і Абіда, і Эльдаа. Усе яны сыны Кетуры. А Абрагам быў бацькам Ізаака, сынамі якога былі Эзаў і Ізраэль. Сыны Эзава: Эліфаз, Рагуэль, Ягус, Ялам, Корэ. Сыны Эліфаза: Тэман, Амар, Сэфо, Гатам, Кенэз, Тамна, Амалек. Сыны Рагуэля: Нагат, Зара, Сама і Міза. Сыны Сэіра: Лотан, Сабал, Цыбэон, Ана, Дышон, Эцэр, Дышан. Сыны Лотана: Горы, Гемам; Тамна ж была сястрой Лотана. Сыны Сабала: Алван, і Манагат, і Эбал, і Сэфо, і Анам. Сыны Цыбэона: Ая і Ана. Сыны Аны: Дышон. Сыны Дышона: Гемдан, і Эсбан, і Етра, і Харан. Сыны Эцэра: Більган, і Заван, і Якан. Сыны Дышана: Уц і Аран. Гэта цары, якія валадарылі на зямлі Эдома перш, чым заваладарыў цар над сынамі Ізраэля: Бэла, сын Бэора, і імя горада яго Дэнаба. Бэла памёр, і на яго месцы цараваў Ёбаб, сын Зары з Босры. І, калі памёр Ёбаб, па ім цараваў Гусам з зямлі Тэман. Адышоў таксама Гусам, і па ім цараваў Адад, сын Бэдада, які ўдарыў Мадыяна ў зямлі Мааб, і горад яго завецца Авіт. І па смерці Адада, па ім цараваў Сэмля з Масрэкі. Але і Сэмля памёр; і па ім цараваў Саўл з Рэхабота, што каля ракі. Па смерці таксама і Саўла, цараваў па ім Баал-Ханан, сын Ахабора. Але і ён памёр, і па ім цараваў Адад, якога горад называўся Паў; імя яго жонкі Мээтабэль, дачка Матрэд, дачкі Мэзагаба. А па смерці Адада князямі замест цароў у Эдоме былі: князь Тамна, князь Алва, князь Етэт, князь Агалібама, князь Эла, князь Пінон, князь Кенэз, князь Тэман, князь Мабцар, князь Магдыэль, князь Ірам. Яны былі кіраўнікамі Эдома.

А сыны Ізраэля: Рубэн, Сімяон, Леві, Юда, Ісахар, Забулон, Дан, Язэп, Бэньямін, Нэфталі, Гад, Асэр. Сыны Юды: Гэр, Анан і Шэла: гэтыя тры нарадзіліся ў яго ад дачкі Шуа, хананейкі. Гэр жа быў першародным Юды, ліхі перад Госпадам, і Ён забіў яго. А Тамар, нявестка яго, нарадзіла яму Пэрэса і Зару; дык усіх сыноў Юды пяцёра. А сынамі Пэрэса былі Эсром і Гамул. Таксама сыны Зары: Замбры, і Этан, і Геман, Халхол і таксама Дарда; разам — пяць. Сыны Хармі: Ахар, які ўстрывожыў Ізраэль і зграшыў крадзяжом заклятага. Сын Этана: Азарыя. Сыны ж Эсрома, што нарадзіліся ў яго: Ерамээль, і Арам, і Калеб. А Арам быў бацькам Амінадаба, Амінадаб жа быў бацькам Наасона, кіраўніка сыноў Юды. Наасон таксама быў бацькам Салмона, з якога нарадзіўся Баоз. Баоз жа быў бацькам Абэда, які і сам меў сына Ясэя. А Ясэй быў бацькам першароднага Эліяба, другога Абінадаба, трэцяга Самы, чацвёртага Натанаэля, пятага Радая, шостага Асома, сёмага Давіда. Іх сёстрамі былі: Сэруя, і Абігайль; сыны Сэруі: Абісай, Ёаб і Асаэль — трое. А Абігайль нарадзіла Амасу, бацькам якога быў Етэр, ізмаэлец. Калеб жа, сын Эсрома, ад жонкі сваёй на імя Азуба меў сыноў Ерыёта, Ясэра, і Сабаба, і Ардона. Калі памерла Азуба, Калеб узяў сабе за жонку Эфрату, якая нарадзіла яму Гура. А Гур быў бацькам Ура, а Ур быў бацькам Бесэлеэля. Потым Эсром пайшоў да дачкі Махіра, бацькі Галаада, і ўзяў яе за жонку, калі сам ён меў шэсцьдзесят гадоў; яна нарадзіла яму Сэгуба. Але і Сэгуб меў сына Яіра, які меў у зямлі Галаад дваццаць тры гарады. І забралі Гэсур і Арам у іх гарады Яіра, і Канат, і пасяленні яго — шэсцьдзесят гарадоў. Усе яны належалі сынам Махіра, бацькі Галаада. А калі памёр Эсром, то Калеб пайшоў да Эфраты, жонкі Эсрома, бацькі свайго. Эсром меў таксама жонку Абію, якая нарадзіла яму Асура, бацьку Тэкуа. Сынамі Ерамээля, першароднага Эсрома, былі: Рам — яго першародны, і Буна, і Аран, і Асом, і Ахія. Ерамээль меў таксама другую жонку на імя Атара, якая была маці Анама. Але і сынамі Рама, першароднага Ерамээля, былі: Маас, і Ямін, і Акар. А сынамі Анама былі: Самай і Яда. Сынамі ж Самая — Надаб і Абісур. Імя ж жонкі Абісура — Абіайл, якая нарадзіла яму Агабана і Маліда. А Надаб меў сыноў: Саледа і Апайма; Салед жа памёр, не маючы дзяцей. А сын Апайма Есі, які быў бацькам Сэсана; Сэсан жа быў бацькам Агалая. Сынамі ж Яды, брата Сэмэя, былі Етэр, і Ёнатан; але і Ятэр памёр бяздзетны. А Ёнатан меў сыноў Палета і Зізу. Яны былі сынамі Ерамээля. Сэсан жа не меў сыноў, але меў дачок і паслугача егіпцяніна на імя Ераа; і яму аддаў ён дачку сваю за жонку, якая нарадзіла яму Этэя. А Этэй меў сына Натана, і Натан быў бацькам Забада; таксама Забад меў сына Афлала, і Афлал быў бацькам Абэда. Абэд меў сына Егу, і Егу быў бацькам Азарыі. Азарыя меў Гэлеса, і Гэлес быў бацькам Эласы. Эласа быў бацькам Сісамоя, а Сісамой быў бацькам Сэлума; Сэлум меў сына Яцэмія, і Яцэмій быў бацькам Элісамы. А сыны Калеба, брата Ерамээля: Мэса, яго першародны, а ён быў бацькам Зіфа; і сын яго Марэса — бацькам Геброна. А сыны Геброна: Корэ, і Тафуа, і Рэкем, і Сама. Сама меў Рагама, бацьку Еркаама, і Рэкем быў бацькам Самы. Сынам Самы быў Маон, і Маон быў бацькам Бэтсура. Эфа ж, наложніца Калеба, нарадзіла: Харана, і Мосу, і Гезэза; Харан жа меў Гезэза. Сыны Ягадая: Рэгэм, і Ётам, і Гэзан, і Палет, і Эфа, і Сааф. Наложніца Калеба Мааха нарадзіла Сабэра і Тарану. Нарадзіла яна таксама Саафа, бацьку Мадмены, Суэ, бацьку Махбены і бацьку Габы. Акса ж была дачкой Калеба. Гэта былі сыны Калеба. Сыны Гура, першароднага Эфраты: Сабал, бацька Карыят-Ярыма, Салмон, бацька Бэтлехэма, Гарыф, бацька Бэтгадэра. Сабал, бацька Карыят-Ярыма, меў сыноў: Раая, палову Манагатаў. І плямёны Карыят-Ярыма: ятрэі, і путэі, і суматэі, і масэрэі. З іх выйшлі: сараіты і эстааліты. Сыны Салмона: Бэтлехэм, і Нэтафатыты, Атарот-Бэт-Ёаб, і палова Манагатаў з Сараа, І плямёны Карыят-Сэфэра, што пражываюць у Явісе: тэратэі, сэматэі і сухатэі. Яны кінэі, якія нарадзіліся ад Амата, бацькі дому Рэхаба.

А сыны Давіда, якія нарадзіліся ў яго ў Геброне: першародны Амнон ад Ахінаам, езрагэлькі, другі Даніэль ад Абігайль, кармэліткі, трэці Абсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гэсура, чацвёрты Адонія, сын Хагіт, пяты Сафація — ад Абіталь, шосты Етраам — ад Эглы, жонкі яго. Дык шэсць нарадзілася ў яго ў Геброне, дзе цараваў сем гадоў ды шэсць месяцаў. А трыццаць тры гады быў царом у Ерузаліме. А ў Ерузаліме нарадзіліся ў яго сыны: Самуа, і Сабаб, і Натан, і Саламон — чацвёра ад Бэтсэбы, дачкі Аміэля; Ебагар, таксама і Элісама, і Эліпалет, і Нога, і Напэг, і Яфія, і таксама Элісама, і Эліяда, і Эліпалет — разам дзевяць. Усе яны былі сынамі Давіда, не лічачы сыноў наложніц; і яны мелі сястру Тамар. Сынам жа Саламона быў Рабаам; сын якога Абія быў бацькам Асы, ад яго таксама нарадзіўся Язафат, бацька Ярама, сын Ярама — Ахазія, ад якога нарадзіўся Ёас. І сын Ёаса Амазія быў бацькам Азарыі, а сын Азарыі Ёатам быў бацькам Ахаза, бацькі Эзэкіі, ад якога нарадзіўся Манаса. А сынам Манасы быў Амон, бацька Осіі. А сынамі Осіі былі: першародны Ёханан, другі — Ёакім, трэці — Сэдэцыя, чацвёрты — Сэлум. Сынамі Ёакіма былі: яго сын Ёахін і яго сын Сэдэцыя. Сынамі Ёахіна былі палонныя: сын яго Салаціэль, Мэльхірам, Падая, Сэнасэр і Яцэмія, Гасама і Надабія. Сынамі Падаі былі: Зарабабэль і Сямэй. Сынамі Зарабабэля былі: Масала, Хананія і Саламіт, сястра іх, Гасаба, і Агол, і Барахія, і Гасадыя, Ёсабхасэд — пяцёра. Сынамі ж Хананіі былі: Пэлція, Есая, Рафая, Арнан, Абдзія і Сахэнія. Сынамі Сахэніі былі: Сямэя, і Гатус, і Ігал, і Барыя, і Наарыя, і Сафат, лікам шэсць. Сынамі Наарыі былі: Эліёэнай, і Эзэкія, і Эзрыка — трое. Сынамі Эліёная былі: Адовія, і Эліясіб, і Пэлея, і Акуб, і Ёханан, і Далая, і Анані — сямёра.

Сыны Юды: Пэрэс, і Эсром, і Хармі, і Гур, і Сабал. Раая, сын Сабала, быў бацькам Ягата, які меў сыноў: Агумая, і Лаада — гэта роды сараітаў. І гэта племя Этама: Езрагэль, і Ясэма, і Едэба, а сястра іх называлася Асалелфуні. А Пэнуэль быў бацькам Гэдора, і Эзэр — бацькам Госа: гэта сыны Гура, першароднага Эфраты, бацькі Бэтлехэма. А Асур, бацька Тэкуа, меў дзве жонкі: Галаю і Наару. А Наара нарадзіла яму Аазама, і Хэфэра, і Тэмані, і Агастары: гэта сыны Наары. Затым сыны Галаі: Сэрэт, і Цахар, і Этнан. А Кос быў бацькам Аноба, і Сабеба, і родаў Агарэхэля, сына Арума. А Явіс быў болей ушанаваны, чым яго браты: і маці яго назвала яго Явіс, кажучы: «Бо нарадзіла яго ў пакуце». А прызываў Явіс Бога Ізраэля, кажучы: «Каб дабраславіў мяне, дабраслаўляючы, і расшырыў межы мае і каб была рука Твая са мною, ды каб ухаваў Ты мяне ад гора!» І Бог яму даў тое, пра што прасіў. Хелуб жа, брат Суаа, быў бацькам Магіра, які быў бацькам Эстона. Затым Эстон быў бацькам Бэтрафа, і Пасэа, і Тэгіна, бацькі Гір-Наасаa: гэта людзі Рэха. Сыны ж Кенэза: Атаніэль і Сарая; а сыны Атаніэля: Гатат і Маанаці. Маанаці быў бацькам Офры; а Сарая быў бацькам Ёаба, бацькі Гэхарасімаb, бо там былі майстры. А сыны Калеба, сыны Ефоны: Хір, і Эла, і Нагам; сыны Элы — Кенэз. Таксама сыны Ялелэля: Зіф і Зіфа, Тырыя і Асарэль. І сыны Эздры: Ятэр, і Мэрэд, і Эфэр, і Ялон. І Ятэр быў бацькам Марыяма, і Самы, і Есбы, бацькі Эстэмо. А гэта сыны Бэтыі, дачкі фараона, якую ўзяў за жонку Мэрэд: ён быў бацькам Ярэда, бацькі Гэдора і Гебэра, бацькі Соха і Екуціэля, бацькі Заноэ. Сыны ж жонкі яго, юдэйкі, сястры Нагама, бацькі Кэйлы: Далая, і Сімяон, бацька Емана. Сыны ж Наама, бацькі Кэйлы: Гарміты, і Эстэмо, Маахатыты. Таксама сыны Сімона: Амон, Рына, Бэнханан і Тылон. І сыны Есі: Загэт, і Бэнзагэт. Сыны Шэлы, сына Юды: Гэр, бацька Леха і Лаада, бацька Марэсы і родаў дому работнікаў па вісону ў Бэтасбэі, і Ёхім, і людзі з Хазэбы, і Ёас, і Сараф, якія былі кіраўнікамі ў Маабе і якія вярнуліся ў Бэтлехэм: гэта ж падзеі старадаўнія. Яны былі ганчарамі і жылі ў Нэтаіме і Гадэры; прабывалі яны там для выконвання даручаных царом работ. Сыны Сімяона: Намуэль, і Ямін, Ярыб, Зара, Саўл; яго сын Сэлум, яго сын Мабсам, яго сын Масма. Сыны Масмы: яго сын Гамуэль, яго сын Закхур і яго сын Сямэй. Сыноў Сямэя — шаснаццаць і дачок — шэсць; але браты яго не мелі шмат дзяцей ды ўвесь іх род не змог зраўнавацца па колькасці з сынамі Юды. Жылі ж яны ў Бээр-Сэбе, і Маладзе, і Асарсуале, і ў Більзе, і ў Эсэме, і ў Таладзе, і ў Бэтулі, і ў Хорме, і ў Сікэлазе, і ў Бэтмархабоце, і ў Асарсусе, і ў Бэтбэры, і ў Саарыме: гэтыя гарады належалі ім аж да царавання Давіда. Таксама вёскамі іх былі: Этам, і Аін, Рэмон і Тахэн, і Асан — пяць вёсак, І ўсе іх вёскі былі навокал гэтых гарадоў аж да Баала: гэта месца іх пражывання і радавод. Таксама Масабаб, і Емлех, і Ёса, сын Амазіі, і Ёэль, і Егу, сын Ёсабіі, сына Сарая, сына Асіэля, і Эліёэнай, і Якоба, і Ісугая, і Асая, і Адзіэль, і Ісіміэль, і Баная, Зіза, таксама сын Сэфэя, сына Алона, сына Ядаі, сына Сэмры, сына Самая. Яны, запісаныя пайменна, былі кіраўнікамі ў сваіх родах; і сем’і іх вельмі распаўсюдзіліся, і дайшлі аж да даліны Гэдор, аж да ўсходняга боку даліны, шукаючы пашы дзеля сваіх статкаў. І знайшлі сакавітую і вельмі добрую пашу для сваіх статкаў і зямлю вялізнейшую, і спакойную, і ўрадлівую, на якой раней пражывалі хаміты. Такім чынам, яны, пайменна запісаныя, прыбылі ў дні Эзэкіі, цара Юды, і знішчылі маанітаў, якія там знаходзіліся, і вынішчылі іх аж па сённяшні дзень, ды абжыліся на іх месцы, бо знайшлі там жа найбольш урадлівую пашу. Таксама з сыноў Сімяона некаторыя пайшлі на гару Сэір, лікам пяцьсот мужчын; кіраўнікі іх: Пэлція, Наарыя, і Рафая, і Азіэль, — сыны Есі, — і разбілі яны астаткі амалекцаў, і абжыліся там, на іх месцы, па сённяшні дзень.

Таксама сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: бо ён быў яго першародным, але таму, што спаганіў ложак свайго бацькі, першародства яго было дадзена сынам Язэпа, сына Ізраэля, каб не лічыўся ён першародным, бо і Юда быў наймужнейшым між сваіх братоў ды з нашчадкаў яго нарадзіліся кіраўнікі, а першародства перанесена было на Язэпа. Такім чынам, сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: Гэнох і Паллю, Хэцрон і Хармі. Сыны Ёэля: сын яго Сямэя, сын яго Гог ды сын яго Сямэй, сын яго Міха, сын яго Раая, сын яго Баал, сын яго Бээра, якога павёў у няволю Тыглатпаласар, цар асірыйцаў, і ён быў князем пакалення Рубэна. А братамі яго па яго родах, калі падлічвалі іх у радаводах іх, — былі: галава Егіэль, далей — Захарыя; потым Бэла, сын Азаза, сына Самы, сына Ёэля, які пражываў у Араэры аж да Нэба і Баал-Мэона. Таксама на ўсход пражываў ён аж да ўваходу ў пустыню, якая далей ідзе ад ракі Эўфрат, бо павялічыўся шмат лік іх статкаў у зямлі Галаад. А ў дні Саўла ваявалі яны супраць агарэяў і забілі іх; і абжыліся тады на іх месцы і ў іх палатках па ўсім усходнім баку Галаада. А сыны Гада з іх мясцовасці абжыліся ў зямлі Басан аж па Сальху: Ёэль першы, і другі Сафам, далей Янай і Сафат у Басане; браты іх паводле іх родаў: Міхаэль, і Масала, і Сэба, і Ёры, і Якан, і Зіэ, і Гебэр — сямёра. А гэтыя былі сынамі Абігайля, сына Гура, сына Яроэ, сына Галаада, сына Міхаэля, сына Ясэсі, сына Ядо, сына Буза. Ахі, сын Абдзіэля, сына Гуні, кіраўнік іх родаў. І жылі яны ў Галаадзе, і ў Басане, і ў ваколіцах яго, і ва ўсіх ваколіцах Сарона, аж да межаў. Усе яны былі падлічаны ў дні Ёатама, цара Юды, ды ў дні Ерабаама, цара Ізраэля. У сыноў Рубэна і Гада і паловы пакалення Манасы было людзей баявых, якія насілі шчыт і меч, і стралялі з лука, і былі навучаныя для бою, сорак чатыры тысячы семсот шэсцьдзесят, якія выходзяць на бітву; ваявалі яны супраць агарэяў, і етурэяў, і нафісэяў ды надабэяў. І мелі яны помач, і папаліся ў іх рукі агарэі ды ўсе, што былі з імі, бо прызвалі Бога ў баі і Ён выслухаў іх, бо верылі яны ў Яго. І забралі яны ўсё, што тыя мелі, вярблюдаў пяцьдзесят тысяч, і авечак — дзвесце пяцьдзесят тысяч, дзве тысячы аслоў дый сто тысяч людзей; дарэчы, многа параненых пала, бо гэта была вайна Госпада. І на іх месцы яны абжыліся і жылі аж да перасялення. Таксама сыны паловы пакалення Манасы абжыліся ў гэтай зямлі, ад Басана аж да Баал-Гэрмона, і Сэніра, і гары Гэрмон; бо шматлікія яны былі. І гэта былі кіраўнікі іх родаў: Эфэр, і Есі, і Эліэль, і Азрыэль, і Ярэмія, і Адовія, і Ядыэль: мужчыны баявыя, наймужнейшыя і слаўныя, кіраўнікі ў родах сваіх. А адвярнуліся яны ад Бога бацькоў сваіх, і распуснічалі з багамі народаў зямлі, якіх Бог выгнаў перад імі. І тады Бог Ізраэля ўзбудзіў дух Пула, цара асірыйцаў, і дух Тыглатпаласара, цара Асура; і павёў у няволю Рубэнітаў, Гадытаў і палову пакалення Манасы і завёў іх у Гале, і ў Габор, і ў Ара на раку Газан, дзе прабываюць аж па сённяшні дзень.

Сыны Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары, Сыны Кагата: Амрам, Ісаар, Геброн і Азіэль. Сыны Амрама: Аарон, Майсей і Мірыям. Сыны Аарона: Надаб, і Абігу, Элеязэр і Ітамар. Элеязэр быў бацькам Пінхаса, а Пінхас быў бацькам Абісуэ; Абісуэ быў бацькам Бокцы, а Бокцы быў бацькам Озі. А Озі быў бацькам Зараі, а Зарая быў бацькам Мэраёта, далей Мэраёт быў бацькам Амарыі, а Амарыя быў бацькам Ахітуба; Ахітуб быў бацькам Садока, Садок быў бацькам Ахімааса. Ахімаас быў бацькам Азарыі, а Азарыя быў бацькам Ёханана. Ёханан быў бацькам Азарыі: ён быў святаром у доме, які пабудаваў Саламон у Ерузаліме. А Азарыя быў бацькам Амарыі, і Амарыя быў бацькам Ахітуба, Ахітуб быў бацькам Садока, і Садок быў бацькам Сэлума; Сэлум быў бацькам Хэлькіі, а Хэлькія быў бацькам Азарыі. Азарыя быў бацькам Сараі, а Сарая быў бацькам Ёсэдэка; а Ёсэдэк вылучыўся, калі Госпад Юду і Ерузалім аддаў у няволю праз Набукаданосара. Такім чынам, сыны Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары. І гэта імёны сыноў Гэрсона: Лобні і Сямэй. Сыны Кагата: Амрам, і Ісаар, і Геброн, і Азіэль. Сыны Мэрары: Махалі і Мусі. Гэта ж роды Леві па іх сем’ях. Гэрсон, сын яго Лобні, сын яго Ягат, сын яго Зіма, сын яго Ёах, сын яго Адо, сын яго Зара, сын яго Етра. Сыны Кагата: сын яго Амінадаб, сын яго Корэ, сын яго Асір, сын яго Элькана, сын яго Абіясаф, сын яго Асір, сын яго Тагат, сын яго Урыэль, сын яго Озія, сын яго Саўл. Сыны Эльканы: Амасай і Ахімот, сын яго Элькана, сын яго Сафай, сын яго Нагат, сын яго Эліяб, сын яго Ерахам, сын яго Элькана, сын яго Самуэль. Сыны Самуэля: першародны Ёэль, і другі Абія, А сыны Мэрары: Махалі, Лобні, сын яго, і Сямэй, сын яго, Оза, сын яго, сын яго Самаа, сын яго Хагія, сын яго Асая. Гэта тыя, каго паставіў Давід на спяванне ў доме Госпада ад таго часу, як памясціў там каўчэг. І былі яны на паслузе спявання перад скініяй палаткі сустрэчы, пакуль не збудаваў Саламон у Ерузаліме дом Госпадаў; а спаўнялі службу сваю па ўстаноўленым парадку. А вось тыя, хто станавіўся разам з сынамі сваімі. З сыноў Кагата: Геман спявак, сын Ёэля, сына Самуэля, сына Эльканы, сына Ерахама, сына Эліэля, сына Тогу, сына Суфа, сына Эльканы, сына Магата, сына Амасая, сына Эльканы, сына Ёэля, сына Азарыі, сына Сафоніі, сына Тагата, сына Асіра, сына Абіясафа, сына Корэ, сына Ісаара, сына Кагата, сына Леві, сына Ізраэля. Дый брат яго Асаф, які стаяў з правага боку яго. Асаф, сын Барахіі, сына Самаа, сына Міхаэля, сына Басаі, сына Мэльхіі, сына Атні, сына Зары, сына Адаі, сына Этана, сына Зімы, сына Сямэя, сына Ягата, сына Гэрсона, сына Леві. Сыны ж Мэрары, іх брата, стаялі з левага боку: Этан, сын Кусі, сына Абдзі, сына Мэлуха, сына Гасабіі, сына Амазіі, сына Хэлькіі, сына Амсі, сына Бані, сына Самэра, сына Махалі, сына Мусі, сына Мэрары, сына Леві. Таксама браты іх, левіты, якія былі прызначаны да ўсякай службы ў скініі дома Госпадава; Аарон жа і сыны яго ўспальвалі на ахвярніку ахвяры цэласпалення і на ахвярніку каджэння дый спаўнялі ўсякую справу святарскую ў месцы найсвяцейшым, каб ачысціць ад грахоў Ізраэль, паводле ўсяго таго, што загадаў Майсей, паслугач Божы. А сыны Аарона: Элеязэр — сын яго, Пінхас — сын яго, Абісуэ — сын яго, Бокцы — сын яго, Озі — сын яго, Зарая — сын яго, Мэраёт — сын яго, Амарыя — сын яго, Ахітуб — сын яго, Садок — сын яго, Ахімаас — сын яго. І вось месцы пражывання іх, паводле пасяленняў у вызначаных межах, гэта значыць сыноў Аарона з роду Кагатаў: такое бо выпала ім жэрабя. Дык вось далі ім Геброн у зямлі Юды і ваколіцы яго; палі ж гэтага горада і пасяленні аддалі Калебу, сыну Ефоны. Сынам жа Аарона далі горад для сховішча: Геброн і Лебну з іх ваколіцамі, Етэр, і таксама Эстэм з ваколіцамі яго, але і Гэлон і Дабір з іх ваколіцамі, таксама Асан, і Ету і Бэтсамэс з іх ваколіцамі. А ад пакалення Бэньяміна: Габаон і Габа з ваколіцамі іх і Алмат з ваколіцамі яго, таксама Анатот з яго ваколіцамі; усіх гарадоў трынаццаць паводле іх родаў. Сынам жа Кагата, якія засталіся з іх родаў, далі ва ўладанне дзесяць гарадоў з пакалення Эфраіма, і з пакалення Дана і з паловы пакалення Манасы. Затым сынам Гэрсона па іх родах: — з пакалення Ісахара, і з пакалення Асэра, і з пакалення Нэфталі, і з пакалення Манасы ў Басане — трынаццаць гарадоў. А сынам Мэрары па родах іх: з пакалення Рубэна, і з пакалення Гада, і з пакалення Забулона па жэрабі далі дванаццаць гарадоў. Сыны Ізраэля далі таксама левітам гарады з іх ваколіцамі; і па жэрабі далі яны з пакалення сыноў Юды і з пакалення сыноў Сімяона ды з пакалення сыноў Бэньяміна гэтыя гарады, якія назвалі іх імёнамі. І тыя, хто быў з родаў сыноў Кагата, мелі гарады ў сваіх межах з пакалення Эфраіма. Такім чынам, далі ім гарады для сховішча: Сіхэм з яго ваколіцамі на гары Эфраіма, Газэр з яго ваколіцамі, таксама Екмаам з яго ваколіцамі, і падобна Бэтарон; а таксама і Аялон з яго ваколіцамі і Гет-Рэмон такім жа чынам. А з паловы пакалення Манасы: Танах і яго ваколіцы, Іблеам і яго ваколіцы, — тым, відаць, што засталіся ад родаў сыноў Кагата. Сынам жа Гэрсона з родаў паловы пакалення Манасы: Галан у Басане з яго ваколіцамі, і Астарот з яго ваколіцамі. З пакалення Ісахара: Кадэс з яго ваколіцамі, і Дабэрэт з яго ваколіцамі, таксама Рамот з яго ваколіцамі і Анэм з яго ваколіцамі. А з пакалення Асэра: Масал з яго ваколіцамі, і падобна Абдон, таксама Хукок з ваколіцамі яго, і Рагоб з яго ваколіцамі. А ад пакалення Нэфталі: Кадэс у Галілеі і яго ваколіцы, Хамон з яго ваколіцамі і Карыятаім з яго ваколіцамі. А сынам Мэрары, якія засталіся з пакалення Забулона: Рэмон і ваколіцы яго ды Табор з яго ваколіцамі. Таксама за Ярданам, насупраць Ерыхона, на ўсход ад Ярдана, ад пакалення Рубэна: Басор у пустыні з яго ваколіцамі і Яса з яе ваколіцамі, таксама Кадэмот з яго ваколіцамі і Мэфаат з яго ваколіцамі. А таксама і з пакалення Гада: Рамот у Галаадзе з яго ваколіцамі і Маханаім з ваколіцамі яго, але і Хесебон з яго ваколіцамі і Язэр з яго ваколіцамі.

Сыны Ісахара: Тола і Пува, Ясуб і Сэмрон — чацвёра. Сыны Толы: Озі, і Рафая, і Ерыэль, і Ема, і Ібсэм, і Самуэль, кіраўнікі родаў сваіх; з нашчадкаў Толы людзі наймужнейшыя, палічаныя і ў дні Давіда па іх радаводах — дваццаць дзве тысячы шэсцьсот. Сыны Озі: Ізрахія, які быў бацькам Міхаэля і Абадзіі, і Ёэль, і Ясія: усіх пяць кіраўнікоў. І пры іх былі ўзброеныя да бою дружыны па радаводах родаў сваіх, трыццаць шэсць тысяч, наймужнейшыя людзі, бо мелі яны многа жонак і дзяцей. І браты іх ва ўсіх пакаленнях Ісахара, наймацнейшыя ў бітве, налічвалі восемдзесят сем тысяч. Сыны Бэньяміна: Бэла, і Бахор, і Ядзігэль — трое. Сыны Бэлы: Эцбон, і Озі, і Азіэль, і Ерымот і Урай: пяць кіраўнікоў родаў з наймацнейшых у бітве; лік іх — дваццаць дзве тысячы трыццаць чатыры. Далей сыны Бахора: Заміра, і Ёас, і Эліязэр, і Эліёэнай, і Амры, і Ярмут, і Абія, і Анатот ды Алмат; гэта ўсе сыны Бахора. А ў радаводах сваіх палічаны кіраўнікі родаў сваіх, наймужнейшыя ў войнах, — дваццаць тысяч дзвесце. Затым сыны Ядзігэля: Більган, сыны ж Більгана: Ягус, і Бэньямін, і Эгуд, і Ханаана, і Зэтан, і Тарсіс, і Ахісахар; усе гэтыя сыны Ядзігэля — кіраўнікі родаў сваіх, наймужнейшыя — семнаццаць тысяч дзвесце тых, хто выходзіць на бой. Таксама Супім і Хупім, сыны Гіра, і Хусім — сын Агэра. А сыны Нэфталі: Ясіэль, і Гуні, і Язэр, і Сэлум — сыны Більгі. Затым сыны Манасы: Асрыэль, якога нарадзіла наложніца яго Сіра; яна таксама нарадзіла Махіра, бацьку Галаада. Махір жа ўзяў жонку ад Хупіма і Супіма, і ён меў сястру на імя Мааха; імя ж другога сына — Салпаад, і ў Салпаада былі толькі дочкі. І Мааха, жонка Махіра, нарадзіла сына і назвала яго Парэс; а імя брата яго было Сарэс, і яго сынамі былі Улам і Рэкем. А сынамі Улама быў: Бадан; гэта сыны Галаада, сына Махіра, сына Манасы. Сястра ж яго Амалехэт нарадзіла Ісода, і Абіязэра, і Маалу. А сынамі Сэміды былі: Ахін, і Сэхэм, і Лецы, і Аніям. А сыны Эфраіма: Сутала, сын яго, Барэд, сын яго, Тагат, сын яго, Элада, сын яго, Тагат, сын яго і яго ж сын Забад, і яго ж сын Сутала, і яго ж сын Эзэр і Элад. А забілі іх людзі з Гета, тутэйшыя, бо тыя напалі, каб захапіць уладанні іх. Такім чынам, Эфраім, бацька іх, доўгі час насіў па іх жалобу, і прыходзілі яго браты, каб суцешыць яго; і наведаў жонку сваю, якая пачала ды нарадзіла сына, і даў яму імя Бэрыя, бо здарылася няшчасце ў яго доме. А дачка ў яго была Сара, якая пабудавала Бэтарон, Ніжні і Верхні, і Азэнсару. Затым сынамі яго былі Рэфа, і Рэсэф, і Тале, сын яго, які быў бацькам Таана, які быў бацькам Лаады; яго сын таксама Аміюд, які быў бацькам Элісамы, які меў сына Нуна, які меў сына Ешуа. А ўладанні іх і месцы іх пражывання былі: Бэтэль з ваколіцамі яго і Наран на ўсход, а на захад — Газэр з ваколіцамі і Сіхэм з ваколіцамі яго аж да Гая з ваколіцамі яго. Каля сыноў Манасы: Бэт-Сан і ваколіцы яго, Танах і ваколіцы яго, Магеда і ваколіцы яго, Дор з яго ваколіцамі. Тут пражывалі сыны Язэпа, сына Ізраэля. Сынамі Асэра былі: Емна, і Ешуа, і Ішві, і Бэрыя ды Сараі, сястра іх. А сыны Бэрыі: Гебэр, і Мэлхіэль, які быў бацькам Барзайта. Гебэр жа меў сына Ефлата, і Самэра, і Гатама, і сястру іх Суаа. Сыны Ефлата: Пасэх, і Бамааль, і Асот; гэта сыны Ефлата. Затым сыны Самэра, яго брата: Раага, і Габа, і Арам. Сыны ж Гатама, брата яго: Суфа, і Емна, і Сэлес, і Амал. Сыны Суфы: Суэ, Хамафэр, і Суал, і Бэры, і Ямра, Басор, і Од, і Сама, і Салуса, і Етра, і Бээра. Сыны Етэра: Ефонэ, і Пасфа, і Ара. Сыны ж Олы: Арэ, і Ханіэль, і Рэсія. Усе гэтыя сыны Асэра, кіраўнікі адборныя родаў, галовы кіраўнікоў і наймужнейшыя людзі; а лік тых, хто быў запісаны ў баявое войска, — дваццаць шэсць тысяч.

А Бэньямін быў бацькам свайго першароднага Бэлы, другога Асбэла, трэцяга — Агары, чацвёртага Нагаа, і пятага Рэфы. І сынамі Бэлы былі: Адар, і Гэра, бацька Эгуда, Абісуэ таксама, і Нааман, і Агоэ, але і Гэра, і Сэпупан, і Гурам. Гэта сыны Эгуда; кіраўнікі родаў, што пражываюць у Габе, якіх перасялілі ў Манагат; а Нааман, і Ахія, і Гэра: ён іх перасяліў ды быў бацькам Озы і Ахіюда. Затым Сагарай атрымаў у краі Мааб, потым адправіў сваіх жонак: Хусім і Бару; а ад жонкі сваёй Гадэс меў: Ёбаба, і Сэбію, і Мэсу, і Мэльхама, таксама Ягуса, і Сэхію, і Марму; гэта сыны яго, кіраўнікі сваіх родаў. А ад Хусім меў: Абітоба і Эльпаала; далей сыны Эльпаала: Гебэр, і Місаам, і Самад; гэта ён пабудаваў Он і Лод і ваколіцы яго. Бэрыя ж і Сама былі кіраўнікамі родаў, што пражывалі ў Аялоне; яны выгналі жыхароў Гета. І Ахія, і Сэсак, і Ярмут, і Забадзія, і Арад, і Эдэр, таксама Міхаэль, і Еспа, і Ёга — сыны Бэрыі. А Забадзія, і Масала, і Гэзэцы, і Гебэр, і Есамары, і Езлія, і Ёбаб — сыны Эльпаала, і Якім, і Зэхры, і Забдый, і Эліёэнай, і Сэлетай, і Эліэль, і Адая, і Барая, і Самарат — сыны Сямэя, і Еспа, і Гебэр, і Эліэль, і Абдон, і Зэхры, і Ханан, і Хананія, і Элам, і Анатотыя, і Епдая, і Пэнуэль — сыны Сэсака. І Самсары, і Сагорыя, і Атолія, і Ерсія, і Элія, і Зэхры — сыны Ерахама. Яны былі галовамі родаў па іх радаводах, кіраўнікамі, якія пражывалі ў Ерузаліме. А ў Габаоне жылі Егіэль, бацька Габаона, і жонка яго на імя Мааха, і першародным яго сынам быў Абдон, і Сур, і Кіс, і Баал, і Нэр, і Надаб, Гэдор таксама, і Ахія, і Захар, і Мацэлот; і Мацэлот меў Самаа. І жылі яны з братамі сваімі ў Ерузаліме насупраць братоў сваіх. Нэр жа меў Кіса, а Кіс — Саўла, а Саўл — Ёнатана, і Мэльхісуа, і Абінадаба, і Ісбаала. А сынам Ёнатана быў: Мэрыбаал, а Мэрыбаал меў Міху; сыны Міхі: Пітон, і Мэлех, і Тараа, і Ахаз. І Ахаз меў: Ёяду, а Ёяда меў Алмата, і Азмавэта, і Замры; затым Замры меў Мосу. І Моса меў Банаа, яго сын — Рэфая, які меў Эласу, які меў Асэля. Затым у Асэля было шэсць сыноў з такімі імёнамі: Эзрыка, першародны яго, Ізмаэль, Сарыя, Азарыя, Абдзія і Ханан; яны ўсе былі сынамі Асэля. А сыны яго брата Эсэка: Улам, першародны, і другі — Ягус, трэці — Эліпалет. І былі сыны Улама мужчынамі найдужэйшымі ў вайне і стралялі з лука з вялікай сілай, і мелі яны многа сыноў і ўнукаў, аж да ста пяцідзесяці. Усе яны сыны Бэньяміна.

Так былі пералічаны ўсе ізраэльцы, і колькасць іх была запісана ў Кнізе цароў Ізраэля і Юды. І былі пераселены ў Бабілон дзеля злачынства свайго. Тыя, хто былі першымі жыхарамі, што жылі ў сваіх сялібах ды ў сваіх гарадах, гэта ізраэльцы, і святары, і левіты ды нявольнікі святыні. У Ерузаліме жылі нашчадкі Юды, і нашчадкі Бэньяміна, таксама нашчадкі Эфраіма і Манасы. Утай, сын Аміюда, сына Амры, сына Імры, сына Бані: з сыноў Пэрэса — сына Юды; і з сіланітаў: першародны — Асая, ды яго сыны; з сыноў жа Зары: Егуэль і браты яго, лікам шэсцьсот дзевяноста. Потым з сыноў Бэньяміна: Салу, сын Масалы, сына Адовіі, сына Асаны і Ёвана, сын Ерахама, і Эла, сын Озі, сына Махоры, і Масала, сын Сафаціі, сына Рагуэля, сына Эбаніі ды браты іх па іх радаводах — дзевяцьсот пяцьдзесят шэсць; усе яны былі кіраўнікамі родаў паводле сваіх пакаленняў. А са святароў: Ядая, Ёярыб і Яхін, таксама Азарыя, сын Хэлькіі, сына Масалы, сына Садока, сына Мэраёта, сына Ахітуба — кіраўнік дома Божага. Затым Адая, сын Ерахама, сына Пасура, сына Мэльхіі, ды Маасай, сын Адзіэля, сына Езры, сына Масалы, сына Масаламота, сына Эмэра, таксама браты іх, кіраўнікі па родах сваіх — тысяча семсот шэсцьдзесят, найдужэйшыя па сіле для выканання службы ў доме Божым. З левітаў жа: Сямэй, сын Гасуба, сын Эзрыкі, сына Гасабіі з сыноў Мэрары; таксама Бакбакар, Гарэс, і Галал, і Матанія, сын Міхі, сына Зэхры, сына Асафа, і Абдзія, сын Сямэі, сына Галала, сына Ідытуна; дый Барахія, сын Асы, сына Эльканы, які пражываў на панадворку нэтафатытаў. А прыдзверныя: Сэлум, і Акуб, і Тэльмон, і Ахіман; дый брат іх Сэлум — кіраўнік, і ён аж дагэтуль знаходзіцца ва ўсходняй браме цара. Гэта былі прыдзверныя ў лагерах левітаў. А Сэлум, сын Корэ, сына Абіясафа, сына Корэ з братамі сваімі з дому бацькі свайго; гэтыя карыты служылі вартаўнікамі ля парога палаткі; а бацькі іх пільнавалі ўваход у лагер Госпадаў. А Пінхас, сын Элеязэра, быў даўней іх кіраўніком — хай будзе Госпад з ім! — Захарыя, сын Масаламіі, быў прыдзверным ля ўваходу ў палатку сустрэчы. Усіх, выбраных на прыдзверных пры брамах, было дзвесце дванаццаць, і былі яны занесены ў спіскі па сваіх сялібах, што ўстанавіў Давід і Самуэль, прадбачваючы вечную павіннасць, так для іх саміх, як і для сыноў іх на варту пры брамах дома Госпада і для дома палаткі. Па чатырох баках былі прыдзверныя: гэта значыць на ўсходзе і захадзе, на поўначы і на поўдні. Браты ж іх пражывалі ў сваіх сялібах і прыходзілі час ад часу, каб быць з імі, праз сем дзён. Гэтыя бо чатыры кіраўнікі прыдзверных мелі вечны абавязак. Гэта значыць, што гэтыя левіты былі адказныя за пакоі і скарбы дома Госпадава. Таксама яны начавалі каля святыні Госпадавай у час варты сваёй, так што нараніцы самі адкрывалі брамы. Некаторыя з іх былі пастаўлены над посудам службы, па ліку бо ўношваўся посуд і выносіўся; некаторыя з іх, якім былі даручаны прыналежнасці, што ўжываліся пры службе Божай, адказвалі за муку, і віно, і алей, і фіміам, і бальзамы. А некаторыя сыны святароў выраблялі алейкі з бальзамаў: і Матація, з левітаў, першародны Сэлума Карыта, меў абавязкам увесь час сачыць за тым, што смажыцца на патэльні. Затым з сыноў Кагата, з іх братоў, некаторыя мелі абавязкам сачыць за хлябамі пакладнымі, каб заўсёды, на кожную суботу, пяклі свежы хлеб. Гэта спевакі, кіраўнікі па родах левітаў, якія заставаліся ў пакоях, вольных ад іншых заняткаў, так што днём і ноччу ўвесь час выконвалі сваю службу. Гэта былі кіраўнікі — галовы родаў левітаў па іх пакаленнях, паводле іх радаводаў; і пражывалі яны ў Ерузаліме. А ў Габаоне жылі бацька Габаона Егіэль, і імя жонкі яго было Мааха. Сынам яго першародным быў Абдон, і Сур, і Кіс, і Баал, і Нэр, і Надаб, таксама Гэдор, і Ахія, і Захарыя, і Мацэлот. Затым Мацэлот быў бацькам Самаа; яны жылі ў мясцовасці братоў сваіх у Ерузаліме са сваімі братамі. А Нэр быў бацькам Кіса, а Кіс — бацькам Саўла. А Саўл быў бацькам Ёнатана, і Мэльхісуа, і Абінадаба, і Ісбаала. Сынам жа Ёнатана быў Мэрыбаал, і Мэрыбаал быў бацькам Міхі. Затым сынамі Міхі былі: Пітон, і Мэлех, і Тараа, і Ахаз. Ахаз жа быў бацькам Яры, а Яра быў бацькам Алмата, і Азмавэта, і Замбры; Замбры ж меў сына Мосу. Моса ж меў сына Банаа, а яго сын Рафая быў бацькам Эласы, а ён меў сына Асэля. Затым Асэль меў шэсць сыноў на імёны: Эзрыка, яго першародны, Ізмаэль, Сарыя, Азарыя, Абдзія, Ханан; гэта сыны Асэля.

Філістынцы ж ваявалі супраць Ізраэля, і ваяры Ізраэля ўцякалі ад філістынцаў і падалі, параненыя, на гары Гэльбоэ; і калі пагналіся філістынцы за Саўлам і сынамі яго, яны забілі Ёнатана, і Абінадаба, і Мэльхісуа, сыноў Саўла. І разгарэўся бой супраць Саўла, і адшукалі яго лучнікі, і паранілі яго стрэламі; і прасіў Саўл свайго збраяносца: «Выцягні меч свой і забі мяне, бо часам падбягуць гэтыя неабрэзаныя і будуць здзекавацца з мяне». А збраяносец не хацеў гэта рабіць, напалоханы. Дык схапіў Саўл меч і кінуўся на яго; калі яго збраяносец убачыў, што Саўл памёр, сам ён таксама кінуўся на меч свой і памёр. Дык згінуў Саўл і тры яго сыны; увесь дом яго прапаў адначасова. Калі ўбачылі ўсе ізраэльцы, якія жылі ў лагчыне, што яны ўцякаюць і што Саўл і яго сыны загінулі, дык яны пакінулі свае гарады і разбегліся хто куды; затым прыбылі філістынцы і пасяліліся ў іх гарадах. Такім чынам, назаўтра прыйшлі філістынцы, каб зняць адзенне з забітых, і знайшлі Саўла і сыноў яго, якія ляжалі на гары Гэльбоэ. І калі яны знялі адзенне з яго, і адсеклі галаву, і забралі зброю яго, яны разаслалі па сваёй зямлі кругом абвясціць гэта ў храмах ідалаў і народам. А зброю яго палажылі ў храме Астарот, а галаву яго прыбілі ў храме Дагона. Калі пачулі гэта жыхары Явіса ў Галаадзе, гэта значыць усё, што зрабілі філістынцы з Саўлам, паўсталі ўсе мужныя людзі і забралі целы Саўла і сыноў яго і прынеслі ў Явіс і пахавалі косці іх пад дубам, што ў Явісе, ды пасцілі сем дзён. Такім чынам, памёр Саўл дзеля несправядлівасці сваёй, таму што не споўніў загаду Госпада, што прыказаў яму, ды не пільнаваў яго, а нават раіўся з варажбіткай, а не раіўся з Госпадам. Таму Ён і забіў яго, і царства яго перадаў Давіду, сыну Ясэя.

Дык сабраліся ўсе ізраэльцы да Давіда ў Геброне і сказалі: «Мы ёсць косць твая і цела тваё. Ты таксама ўчора і пазаўчора, калі яшчэ Саўл цараваў, быў тым, хто выводзіў Ізраэль і прыводзіў; бо табе сказаў Госпад, Бог твой: “Ты будзеш пасвіць мой народ ізраэльскі ды ты будзеш кіраўніком над ім”». Такім чынам, прыбылі да цара ў Геброн усе старэйшыны Ізраэля, і Давід заключыў з імі запавет у Геброне перад Госпадам; і намасцілі яго на цара над Ізраэлем паводле слова Госпадавага, якое сказаў праз Самуэля. Таксама пайшоў Давід з усім Ізраэлем на Ерузалім, званы Евус, бо жыхары тое зямлі былі евусеі. І тыя, што жылі ў Евусе, сказалі Давіду: «Не ўвойдзеш сюды». Аднак Давід здабыў крэпасць Сіён, гэта значыць Горад Давідаў, і сказаў: «Хто першы з усіх паразіць евусеяў, той будзе кіраўніком і князем». Дык выступіў першым Ёаб, сын Сэруі, і стаў кіраўніком. А Давід абжыўся ў крэпасці, і ад таго была названа Горадам Давіда. І пабудаваў ён горад навокал ад Мэло аж да ваколіц; Ёаб жа аднавіў астатак горада. І Давід станавіўся штораз мацнейшым, і Госпад Магуццяў быў з ім. Гэта кіраўнікі адважных ваяроў Давіда, якія дапамаглі яму, каб ён стаў царом над усім Ізраэлем па слове Госпада, якое Ён сказаў Ізраэлю; і такі лік храбрых Давіда: Есбаал, сын Гахамона, сын Гахаманітаў кіраўнік ваяроў з трыццаці; ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек, якіх паразіў адным махам. І па ім Элеязэр, сын Дадо Агагіта, які быў між трох асілкаў; быў ён з Давідам у Афэсдаміме, калі там філістынцы падрыхтаваліся да бою. А быў у той мясцовасці палетак, поўны ячменю, і людзі паўцякалі перад філістынцамі. Ён застаўся на сярэдзіне палетка і абараніў яго; і калі пабіў філістынцаў, Госпад даў свайму народу вялікае збаўленне. А трое з трыццаці сышлі да скалы, у якой быў Давід, да пячоры Адалам, у той час, калі філістынцы расклаліся лагерам у лагчыне Рэфаім. Тады Давід быў у крэпасці, і філістынцы стаялі ў Бэтлехэме; а Давід адчуваў смагу і сказаў: «О, хто б даў мне вады напіцца са студні, што ў Бэтлехэме каля брамы!» Такім чынам, яны ўтрох прабраліся праз лагер філістынцаў і зачэрпнулі вады са студні ў Бэтлехэме, што каля брамы, і прынеслі Давіду напіцца. Давід не захацеў яе піць, але выліў яе ў ахвяру Госпаду, кажучы: «Сцеражы мяне, Божа мой, каб я гэтак паступіў і піў кроў мужоў гэтых, бо праз небяспеку для жыцця свайго прынеслі мне ваду». І дзеля гэтае прычыны адмовіўся піць. Гэта выканалі трое наймацнейшых. Таксама брат Ёаба Абісай; ён быў кіраўніком трыццаці і ён падняў дзіду сваю супраць трохсот, якіх пазабіваў, і ён з гэтых трох праславіўся, паміж трыццаці ён у два разы праславіўся і быў іх кіраўніком; але з тымі трыма не параўняўся. Баная, сын Ёяды, чалавек найдужэйшы, які многа подзвігаў зрабіў, родам з Кабсээля; ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааба, ён таксама спусціўся і забіў ільва ў сярэдзіне вадаёма ў час завірухі. І ён забіў егіпцяніна, які быў ростам пяць локцяў і трымаў у руцэ дзіду, як навой кроснавы; падышоў ён да яго з палкай і схапіў дзіду, якую ён трымаў рукой, і забіў яго яго ўласнай дзідай. Гэта зрабіў Баная, сын Ёяды, праслаўлены між трох асілкаў, між трыццаці — першы; хоць з трыма не параўняўся, аднак паставіў яго Давід над сваімі ахоўнікамі. Далей самыя мужныя ў войску: Асаэль, брат Ёаба, і Эльханан, сын Дадо, з Бэтлехэма. Сама Харадзіт, Эліка Харадзіт, Гэлес Палаціт, Хіра, сын Акеса, Тэкуіта, Абіязэр Анатаціт, Сабахай Гусаціт, Ілай Агагіт, Магарай нэтафатыт, Хэлед, сын Бааны нэтафатыта, Ітай, сын Рэбая з Габы сыноў Бэньяміна, Баная Паратаніт, Гэдай з ручаёў Гааса, Абіэль Арбаціт, Азмавет Бахурыміт, Эліяба Саалбаніт, Асэм Гэзаніт, Ёнатан, сын Самы, Арарыт, Агіям, сын Сахара, Арарыта, Эліпал, сын Ура, Хэфэр Мэхараціт, Ахія Паланіт, Гэсра Кармэліт, Наарай, сын Азбая, Ёэль брат Натана, Мібагар, сын Агарая, Сэлек Аманеец, Нагарай Бэраціт, збраяносец Ёаба, сына Сэруі. Хіра Ятрэй, Гарэб Ятрэй, Урыя Хетэй, Забад, сын Агалая, Адзіна, сын Сізы Рубэніта, кіраўнік Рубэнітаў, і з ім трыццаць. Ханан, сын Маахі, і Язафат Матаніт, Озія Астараціт, Сама і Егіэль, сыны Гатама Араэрыта. Ядзігэль, сын Сэмры, і Ёга, брат яго, Тасаіты. Эліэль Магуміт і Ерыбай, і Ёсая, сыны Эльнэма, і Етма, Маабіт. Эліэль, і Абэд, і Ясіэль з Собы.

Яны таксама прыбылі да Давіда ў Сікэлаг, калі ён яшчэ хаваўся ад Саўла, сына Кіса; яны былі наймацнейшымі і выдатнымі ваярамі, мелі лукі, маглі правай і левай рукой кідаць камяні і пускаць стрэлы. З братоў Саўла і Бэньяміна: кіраўнік Ахіязэр і Ёас — сыны Самаа, Габаатыты, і Язіэль, і Палет, сыны Азмавэта, і Барах, і Егу, Анатаціты. Таксама Есмая Габааніт, наймужнейшы сярод трыццаці і над трыццаццю, Ярэмія, і Яхазіэль, і Ёханан, і Ёзабад, Гадэраціты. Элюзай, і Ерымот, і Баалі, і Самарыя, і Сафація — Гаруфіты. Элькана, і Ясія, і Азарыэль, і Ёэзэр, і Есбаам — Карыты, таксама Ёэла і Забадзія — сыны Ерахама з Гэдора. Але і з Гада перабеглі да Давіда, калі ён хаваўся ў пустыні, мужы найдужэйшыя і найлепшыя ваяры, якія карысталіся шчытом і дзідай; выглядалі, як ільвы, і скараходы, як дзікія козы ў гарах; кіраўніком быў Эзэр, другім — Абдзія, трэцім — Эліяб, Масмана — чацвёртым, Ярэмія — пятым, Этэй — шостым, Эліэль — сёмым, Ёханан — восьмым, Эльзэбад — дзевятым, Ярэмія — дзесятым, Махбанай — адзінаццатым. Гэтыя з сыноў Гада — кіраўнікі войска, найменшы сотню перамагаў, і найбольшы — тысячу. Яны тыя, што перайшлі Ярдан у першым месяцы, калі ён звычайна заліваў свае берагі, і яны тыя, што змусілі ўцякаць усіх жыхароў нізін на ўсход і захад. Прыйшлі ж да крэпасці Давіда некаторыя з сыноў Бэньяміна і Юды. І Давід выйшаў да іх і сказаў: «Калі з мірам прыходзіце да мяне, каб дапамагчы мне, сэрца маё далучаецца да вас; а калі з подступам, каб выдаць перад маімі праціўнікамі, то, хоць рукі мае чыстыя ад беззаконня, хай бачыць Бог бацькоў нашых і судзіць». Тады дух авалодаў Амасаем, кіраўніком над трыццаццю, і ён сказаў: «Мы твае, Давідзе, і мы з табой, сыне Ясэя! Мір, мір табе, і мір памочнікам тваім; хай дапамагае табе Бог твой». Такім чынам, прыняў іх Давід і паставіў кіраўнікамі над дружынай. Потым з пакалення Манасы перабеглі да Давіда, калі ён ішоў з філістынцамі ваяваць з Саўлам; і не змагаўся [заадно] з імі, бо кіраўнікі філістынскія, па нарадзе, адаслалі яго, кажучы: «Небяспекаю на нашу галаву вернецца да гаспадара свайго Саўла». Калі ён вярнуўся ў Сікэлаг, перабеглі да яго з пакалення Манасы: Эдна, і Ёзабад, і Ядзігэль, і Міхаэль, і Ёзабад, і Элію, і Сэлетай, і кіраўнікі над тысячамі ў Манасы; яны дапамаглі Давіду супраць разбойнікаў; бо яны ўсе былі наймужнейшымі ваярамі ды сталі кіраўнікамі войска. Але і кожны дзень прыбывалі да Давіда на дапамогу яму, аж пакуль войска яго не стала вялікім, як Божае войска. Гэта таксама лік кіраўнікоў войска, што далучыліся да Давіда, калі ён быў у Геброне, каб перанеслі ўладу Саўла на яго па слове Госпада: сыны Юды, якія карысталіся шчытам і дзідай, — шэсць тысяч восемсот здольных ваяваць. З сыноў Сімяона, наймужнейшых ваяроў, здольных ваяваць, — сем тысяч сто. З сыноў Леві — чатыры тысячы шэсцьсот; таксама Ёяда, кіраўнік з нашчадкаў Аарона, і з ім — тры тысячы семсот; таксама Садок, юнак наймужнейшы, разам са сваім родам, — дваццаць два кіраўнікі. З сыноў жа Бэньяміна, братоў Саўла, — тры тысячы, бо мноства іх аж да гэтага часу заставалася на службе ў Саўла. Затым з сыноў Эфраіма — дваццаць тысяч восемсот найдужэйшых па сіле ваяроў, праслаўленых у сваіх родах. З паловы пакалення Манасы — васемнаццаць тысяч; усе яны па імёнах сваіх былі вызначаны, каб ісці і паставіць Давіда царом. Таксама з сыноў Ісахара, людзей адукаваных, якія ведаюць адпаведны час, што належыць рабіць Ізраэлю, дзвесце кіраўнікоў разам са сваімі братамі ў іх распараджэнні. Затым з Забулона, якія выходзілі на бой і стаялі ў страі, спрактыкаваныя ва ўсякай баявой зброі, — пяцьдзесят тысяч прыбыло, каб сабрацца, са шчырым сэрцам. І з пакалення Нэфталі — тысяча кіраўнікоў; і з імі трыццаць сем тысяч узброеных шчытом і дзідай. Таксама з пакалення Дана падрыхтаваных да бою — дваццаць восем тысяч шэсцьсот. І з пакалення Асэра, гатовых да бою і тых, хто выступае ў страі, — сорак тысяч. З другога ж боку Ярдана: з сыноў Рубэна і Гада, і паловы пакалення Манасы, вывучаных карыстацца ўсякай баявой зброяй, — сто дваццаць тысяч. Усе гэтыя ваяры, падрыхтаваныя да бою, са шчырым сэрцам прыбылі ў Геброн, каб Давіда паставіць царом над усім Ізраэлем; але і ўсе іншыя з Ізраэля аднадушна хацелі, каб Давід быў царом. І прабывалі там з Давідам тры дні, елі і пілі, бо браты іх прыгатавалі ім ежу. А таксама тыя, хто каля іх быў, аж да Ісахара і Забулона, і Нэфталі — прывозілі ім хлеб на аслах, і на вярблюдах, і на мулах, і на валах: мучную ежу, фігі, разынкі, віно, аліўкавы алей, жывёлу і авечак, дзеля ўсякага дастатку, бо была радасць у Ізраэлі.

Давід раіўся з тысячнікамі і сотнікамі і з усімі кіраўнікамі, і прамовіў да ўсяго сходу Ізраэля: «Калі гэта падабаецца вам і калі гэта слова з волі Госпада, Бога нашага, што гавару, дык разашлём вестку да братоў нашых другіх ва ўсіх мясцовасцях Ізраэля і да святароў і левітаў, якія пражываюць у ваколіцах гарадоў, каб сабраліся яны да нас і каб вярнуць каўчэг Бога нашага да нас: бо мы не звярталіся да яго ў час Саўла». Дык адказаў увесь натоўп: хай так будзе; бо падабалася гэта прапанова ўсяму народу. Так сабраў Давід увесь Ізраэль ад Сігора егіпецкага аж да ўваходу ў Эмат, каб прывезці каўчэг Божы з Карыят-Ярыма. І Давід, і ўвесь Ізраэль накіраваліся ў Баал, у Карыят-Ярым, што ў Юдэі, каб прывезці адтуль каўчэг Госпада, Бога, Які сядзіць на херубінах, дзе называецца імя Яго. І ўсклалі каўчэг Божы на новы воз з дома Абінадаба. А Оза і Ахія кіравалі возам. Затым Давід ды ўвесь Ізраэль танцавалі перад Богам усёй моцай са спевамі і пад цытры, і пад псалтэрыёны, і пад тымпаны, і пад цымбалы, і пад трубы. Калі ж прыбылі на ток Хідона, Оза выцягнуў руку сваю, каб прытрымаць каўчэг, бо валы ішлі ўперад, гарэзнічаючы. Дык разгневаўся Госпад на Озу і забіў яго за тое, што ён дакрануўся да каўчэга; і памёр ён там перад Богам. І засмуціўся Давід, што Госпад паразіў Озу, і назваў тое месца Пэрэс Озаa, аж па сённяшні дзень. Дык пабаяўся тады Давід Бога і казаў: «Як я магу да сябе прыняць каўчэг Божы?» І з гэтае прычыны не прыняў яго да сябе, гэта значыць, у горад Давідаў, але завярнуў яго ў дом Абэдэдома Гетыта. Дык застаўся каўчэг Божы ў доме Абэдэдома на тры месяцы; і дабраславіў Госпад дом яго ды ўсё, што ён меў.

Таксама цар Тыра Гірам паслаў веснікаў да Давіда з кедравым дрэвам, і мулярамі, і сталярамі, каб пабудавалі яму дом. І Давід пераканаўся, што Госпад зацвердзіў яго царом Ізраэля і што высока паднялося яго царства дзеля народа яго Ізраэля. Таксама ў Ерузаліме Давід узяў сабе яшчэ жонак ды меў яшчэ сыноў і дачок; і гэта імёны дзяцей, што меў у Ерузаліме: Самуа, і Сабаб, і Натан, і Саламон, Ебагар, і Элішуа, і Эліпалет, Нога, а таксама Напэг, і Яфія, Элісама, і Бээліяда, і Эліпалет. А філістынцы, чуючы, што Давід быў пасвячоны на цара над усім Ізраэлем, пайшлі ўсе, каб схапіць яго; калі даведаўся пра гэта Давід, ён пайшоў насустрач ім. Затым філістынцы прыбылі і рассыпаліся па лагчыне Рэфаім. І параіўся Давід з Богам, пытаючыся: «Калі пайду супраць філістынцаў, ці аддасі іх у мае рукі?» І сказаў яму Госпад: «Ідзі, і аддам Я іх у твае рукі». І калі накіраваліся яны ў Баал-Парацым, і пабіў іх там Давід, дый казаў: «Разбіў Бог ворагаў маіх рукою маёй, як разбіваюцца воды». І таму тое месца названа было Баал-Парацымa. І пакінулі там філістынцы багоў сваіх, якіх Давід загадаў спаліць. У наступны раз філістынцы таксама нахлынулі і рассыпаліся па лагчыне; і зноў Давід раіўся з Богам ды Бог сказаў яму: «Не наступай на іх; абкружы іх з боку дрэў тутавых; і тады нападзеш на іх. І калі пачуеш стукат крокаў у верхавінах дрэў тутавых, тады выступай у бой: бо рушыць Бог перад табой, каб разбіць войска філістынцаў». Давід паступіў так, як Бог яму загадаў, і паразіў войска філістынцаў ад Габаона аж да Газэра. І слава Давіда разышлася па ўсіх краінах, і Госпад нагнаў страх на ўсе народы.

Таксама пабудаваў ён сабе дамы ў горадзе Давіда і прыгатаваў месца для каўчэга Божага, і зрабіў для яго палатку. Затым сказаў Давід: «Нельга, каб хтосьці нёс каўчэг Божы, апрача левітаў, якіх выбраў Госпад, каб насіць яго і паслугаваць каля яго навек». Дык сабраў Давід увесь Ізраэль у Ерузаліме, каб занесці каўчэг Госпада на сваё месца, якое прыгатаваў для яго; а таксама паклікаў сыноў Аарона і левітаў. З сыноў Кагата быў кіраўнік Урыэль і яго браты — сто дваццаць; з сыноў Мэрары: кіраўнік Асая ды браты яго — дзвесце дваццаць; з сыноў Гэрсона: кіраўнік Ёэль і браты яго — сто трыццаць; з сыноў Элісафана: кіраўнік Сямэя ды браты яго — дзвесце; з сыноў Геброна: кіраўнік Эліэль ды браты яго — восемдзесят; з сыноў Азіэля: кіраўнік Амінадаб ды браты яго — сто дванаццаць. І паклікаў Давід святароў: Садока і Абіятара, і левітаў: Урыэля, Асаю, Ёэля, Сямэю, Эліэля і Амінадаба, і сказаў ім: «Вы з’яўляецеся кіраўнікамі родаў левітаў, ачысціцеся вы і браты вашы ды перанясіце каўчэг Госпада, Бога Ізраэля, на месца, якое я прыгатаваў. Бо раней не было вас і ўчыніў Госпад, Бог Ізраэля, разбіццё сярод нас, бо мы не пыталі ў Яго, як належала». Такім чынам, святары і левіты ачысціліся, каб несці каўчэг Госпада, Бога Ізраэля; сыны Леві неслі каўчэг Госпада, Бога Ізраэля, па загадзе Майсея паводле слова Госпадава: на плячах сваіх на жэрдках. І загадаў Давід кіраўнікам левітаў, каб выбралі з братоў сваіх спевакоў пры музычных інструментах, гэта значыць пры арфах, і лірах, і цымбалах, каб моцна гучаў голас радасці. Дык паставілі левіты прыдзвернымі: Гемана, сына Ёэля, і братоў яго, Асафа, сына Барахіі, а з сыноў Мэрары братоў яго: Этана, сына Касаі, і з імі братоў іх другой ступені: Захарыю, і Бані, і Язіэля, і Сэмірамота, і Ягіэля, і Ані, Эліяба, і Банаю, Маасію і Матацію, і Эліфала, і Мацэнію, і Абэдэдома, і Егіэля. Потым спевакоў: Гемана, Асафа і Этана, якія гралі добра на медных цымбалах. Захарыя ж і Азіэль, і Сэмірамот, і Ягіэль, і Ані, і Эліяб, і Маасія, і Баная гралі на цытрах высокім тонам «дзяўчыны». Затым Матація, і Эліфал, і Мацэнія, і Абэдэдом, і Егіэль, і Азазія гралі на цытрах, дамінавалі ў актаве; Хананія ж, кіраўнік левітаў, якія неслі каўчэг, стаяў на чале шэсця, бо быў вельмі мудры. І Барахія, і Элькана былі прыдзвернымі пры каўчэгу. Далей Сэбанія, і Язафат, і Натанаэль, і Амасай, і Захарыя, і Баная, і Эліязэр — святары — трубілі ў трубы перад каўчэгам Божым, а Абэдэдом і Егія былі прыдзвернымі пры каўчэгу. Дык Давід і старэйшыя Ізраэля, і трыбуны з вялікай радасцю пайшлі, каб перанесці каўчэг запавету Госпада з дому Абэдэдома. І калі Бог дапамагаў левітам, якія неслі каўчэг запавету Госпадавага, то былі ахвяраваны сем быкоў і сем бараноў. А Давід быў апрануты ў плашч з вісону, ды падобна ўсе левіты, якія неслі каўчэг, і спевакі, і Хананія, кіраўнік тых, хто нёс каўчэг, — прытым Давід быў апрануты таксама ў ільняны эфод — і ўвесь Ізраэль праводзіў каўчэг запавету Госпадава з радаснымі воклічамі, і пад гукі рога, і пад моцныя гукі труб, пры цымбалах, лірах ды цытрах. І калі каўчэг запавету Госпадавага прыбыў у горад Давідаў, Міхол — дачка Саўла, гледзячы праз акно, убачыла цара Давіда, які скакаў і весяліўся, і пагардзіла ім у сваім сэрцы.

Дык перанеслі каўчэг Божы і памясцілі яго ў сярэдзіне палаткі, якую расцягнуў для яго Давід, і ўсклалі цэласпаленні і ахвяры прымірэння перад Богам. І калі Давід скончыў складанне цэласпаленняў ды ахвяры прымірэння, дабраславіў ён народ у імя Госпада. Затым надзяліў кожнага ізраэльца ад мужчыны да жанчыны боханам хлеба, і ляпёшкай фінікаў, і фігамі. І ён устанавіў перад каўчэгам Госпадавым паслугачоў з левітаў, каб памяталі аб абавязках перад Ім, і славілі, і ўсхвалялі Госпада, Бога Ізраэля: Асафа, кіраўніка, і намесніка яго Захарыю, далей Егіэля, і Сэмірамота, і Егіэля, і Матацію, і Эліяба, і Банаю, і Абэдэдома, і Егіэля для ігры на псалтэрыёнах і цытрах, а Асафа, каб граў на цымбалах, Банаю ж і Яхазіэля — святароў, каб трубілі ў трубы заўсёды перад каўчэгам запавету Божага. У той дзень устанавіў Давід у першы раз, каб хвалілі Госпада праз Асафа ды яго братоў: «Слаўце Госпада, прызывайце Яго імя, распавядайце між народамі Яго справы; спявайце Яму і спявайце псалмы і распавядайце пра ўсе Яго цуды. Хваліце Яго святое імя, хай цешыцца сэрца тых, хто шукае Госпада. Шукайце Госпада і магутнасці Яго, аблічча Яго шукайце заўсёды. Памятайце пра цуды Яго, якія ўчыніў, аб знаках Яго і судах вуснаў Яго. Нашчадкі Ізраэля — Яго паслугачы, сыны Якуба — выбраннікі Яго. Ён, Госпад, Бог наш, Яго прысуды на ўсёй зямлі. Памятайце пра Яго запавет вечна, пра Яго слова, якое загадаў на тысячу пакаленняў, пра запавет, які заключыў з Абрагамам, і пра прысягу Яго Ізааку. І ўстанавіў яго Якубу як закон, і Ізраэлю як Вечны Запавет, кажучы: “Дам табе зямлю Ханаана, як долю вашай спадчыны”, калі былі вы яшчэ нямногімі, нямногія і чужыя ў ёй. І пераходзілі вы з пакалення ў пакаленне, ды ад царства — да другога народа. І не дазволіў нікому крыўдзіць іх, але за іх караў цароў: “Не кранайце маіх намашчэнцаў дый прарокам маім не рабіце зла”. Спявайце Госпаду, уся зямля, дзень пры дні абвяшчайце Яго збаўленне, распавядайце між паганамі Яго славу, ва ўсіх народах Яго цуды. Бо Госпад Магутны і вельмі слаўны і страшны для ўсіх багоў; бо ўсе багі паганаў — нікчэмныя, Госпад жа нябёсы стварыў. Слава і веліч перад абліччам Яго, моц і радасць — у Яго месцы. Аддавайце Госпаду, сем’і народаў, аддавайце Госпаду славу і ўладу; аддавайце Госпаду славу імю Яго, ускладайце ахвяру і прыходзьце перад аблічча Яго, і ў адзенні святочным пакланіцеся Госпаду. Хай уздрыгвае перад Ім уся зямля; Ён бо аснаваў свет непарушны. Хай цешацца нябёсы і радуецца зямля і хай кажуць усе народы: “Госпад валадарыць!” Хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе, хай цешацца палі і ўсё, што на іх існуе, тады хай перад Госпадам славяць Яго дрэвы лясныя, Ён бо прыйшоў судзіць зямлю. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная Яго міласэрнасць. І кажыце: “Ратуй нас, Божа, Збаўца наш, і збяры нас, і вырві ад народаў, каб славілі мы святое імя Тваё і каб цешыліся песнямі Тваімі. Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, на векі вечныя”». Дый увесь народ сказаў: «Амін!» і «Слава Госпаду!» Так пакінуў Давід там, перад каўчэгам запавету Госпада, Асафа і братоў яго, каб спаўнялі паслугу пастаянна перад каўчэгам па рытуале кожнага дня. Потым Абэдэдома з шасцюдзесяццю васьмю яго братамі, і Абэдэдома, сына Ідытуна, ды Госу паставіў прыдзвернымі. А святара Садока і братоў яго, святароў, паставіў перад скініяй Госпада на ўзгорку, што ў Габаоне, каб ускладалі Госпаду на ахвярніку цэласпаленні заўсёды: раніцай і вечарам, паводле ўсяго таго, што напісана ў законе Госпада, які паручыў Ізраэлю. І з імі былі Геман і Ідытун і астатнія выбраныя, па імю вызначаныя, каб дзякавалі Госпаду: «Бо навек міласэрнасць Яго». І з імі Геман і Ідытун славілі Бога, граючы на трубах, і ўдараючы моцна ў цымбалы і іншыя музычныя інструменты; сыноў жа Ідытуна паставіў прыдзвернымі. Затым вярнуўся ўвесь народ, кожны ў свой дом, і таксама Давід, каб дабраславіць свой дом.

Калі ж Давід абжыўся ў сваім доме, сказаў прароку Натану: «Вось, я жыву ў кедравым палацы, а каўчэг запавету Госпада пад шкурамі». На гэта сказаў Натан Давіду: «Зрабі ўсё, што ў тваім сэрцы; бо Бог з табою». Дык у тую ноч прамовіў Госпад да Натана, кажучы: «Ідзі і кажы Давіду, слузе майму: вось што кажа Госпад: “Не збудуеш ты мне дом на пражыванне; бо ад таго часу, калі вывеў Ізраэль, аж да гэтага дня не застаюся ў доме, але пераходжу з палаткі ў палатку і з жытла ў жытло. Дзе толькі ні вандраваў сярод усяго Ізраэля, ці сказаў хоць бы аднаму з суддзяў Ізраэля, каму загадваў пасвіць народ мой, і ці сказаў Я: “Чаму не пабудуеце Мне дом кедравы?” Дык цяпер так скажаш слузе Майму Давіду: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Забраў я цябе, калі ты на пашах хадзіў за статкам, каб быў ты правадыром народа майго Ізраэля; ды быў Я з табой, дзе толькі ты ні хадзіў, і вынішчыў Я ўсіх непрыяцеляў тваіх дзеля цябе, праславіў імя тваё, як аднаго з вялікіх людзей, якія славяцца на зямлі. І Я прыгатаваў месца дзеля народа майго Ізраэля, і размясціў яго, каб жыў на ім, ды больш не будзе перамяшчацца, ды ліхія людзі не будуць чапаць яго, як раней было, і ад часоў, калі паставіў суддзяў для народа майго Ізраэля, і ўпакорыў усіх праціўнікаў тваіх. Дык паведамляю табе, што Госпад збудуе табе дом. І калі пражывеш дні свае і пойдзеш да сваіх бацькоў, узбуджу па табе нашчадка твайго, што выйдзе з сыноў тваіх, ды ўмацую яго царства. Ён пабудуе Мне дом, і Я ўмацую яго пасад на векі вечныя. Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам; ды міласэрнасць Сваю не спыню да яго, як спыніў да таго, хто перад табой быў. І насаджу яго ў доме Маім і ў Валадарстве Маім па спакон вякоў, і пасад яго будзе наймацнейшым вечна”». Па ўсіх словах гэтых і па ўсім гэтым з’яўленні так сказаў Натан Давіду. І калі прыбыў цар Давід і сеў перад Госпадам, казаў: «Хто я, Госпадзе, Божа, ды які мой дом, што прывёў Ты мяне сюды? Але гэтага паказалася мала перад абліччам Тваім, Божа, і дзеля таго прадказаў Ты на дом паслугача свайго таксама на будучае, і глянуў Ты на мяне, як на чалавека ўзвышанага над родам чалавечым, Госпадзе Божа. Што болей можа дабавіць Давід, калі Ты паслугача Твайго так праславіў і так Ты яго пазнаў? О Госпадзе, дзеля паслугача Твайго па сэрцы Тваім Ты выявіў усю гэтую велікадушнасць; ды хацеў Ты, каб даведаліся пра гэтую веліч. О Госпадзе, няма падобнага да Цябе ды няма іншага бога, апрача Цябе, паводле ўсяго таго, што чулі вушы нашы. Хто іншы, як народ Твой ізраэльскі, адзіны народ на свеце, да якога прыходзіў Бог, каб выратаваць народ Сабе, каб учыніць Сабе імя вялікае і страшнае, выкідаючы народы перад абліччам народа Свайго, які вызваліў Ты з Егіпта. І ўстанавіў Ты народ Твой Ізраэль народам Сваім навек; і Ты, Госпадзе, стаў яго Богам. Дык цяпер, о Госпадзе, хай трывае век слова, што Ты сказаў аб слузе Тваім і аб доме яго; ды ўчыні, як Ты сказаў. Дык хай трывае і славіцца імя Тваё аж навек ды каб гаварылася: “Госпад Магуццяў ёсць Богам Ізраэля, ёсць Богам для Ізраэля; і дом Давіда, паслугача Твайго, будзе трываць перад Табою”. Бо Ты, Бог мой, аб’явіў паслугачу Твайму, што збудуеш яму дом; і дзеля таго паслугач Твой знайшоў надзею, каб маліцца перад Табою. Дык цяпер, Госпадзе, Ты — Бог; і сказаў Ты слузе Твайму пра такое дабрадзейства, і пачаў дабраслаўляць дом паслугача Твайго, каб трываў перад Табою вечна: бо што Ты дабраславіш, Госпадзе, будзе дабраславёна вечна».

Сталася ж па гэтых падзеях, што Давід пабіў філістынцаў, ды ўпакорыў іх, ды адабраў Гет і навакольныя мясцовасці яго ад філістынцаў, ды пабіў маабцаў, ды сталі маабцы нявольнікамі Давіда, плацілі яму даніну. І таксама перамог Давід Ададэзэра, цара Собы ў мясцовасці каля Эмата, калі ён рушыў, каб пашырыць сваю ўладу аж па раку Эўфрат. Узяў тады Давід тысячу яго калясніц і сем тысяч коннікаў ды дваццаць тысяч пяхоты; і падрэзаў усім коням калясніц сухажыллі, за выключэннем сотні калясніц, якія збярог для сябе. І сірыйцы з Дамаска прыбылі на дапамогу Ададэзэру, цару Собы; але Давід пабіў і дваццаць дзве тысячы ваяроў яго, і размясціў Давід гарнізоны ў Сірыі Дамаскавай, каб Сірыя таксама служыла яму і каб плаціла даніну. І дапамагаў яму Госпад ва ўсім, да чаго ён звяртаўся. Узяў таксама Давід залатую зброю, якую мелі паслугачы Ададэзэра, ды прынёс яе ў Ерузалім; і з гарадоў Ададэзэра Тэбаха і Хуна ўзяў многа медзі, з якой Саламон зрабіў мора меднае, і калоны, і посуд медны. Калі пачуў пра гэта Той, цар Эмата, што менавіта Давід паразіў усё войска Ададэзэра, цара Собы, паслаў сына свайго Адарама да цара Давіда прывітаць яго і падзякаваць яму за тое, што ён ваяваў з Ададэзэрам і пабіў яго; бо Той быў праціўнікам Ададэзэра. Але і ўвесь залаты посуд, і срэбраны, і медны прысвяціў цар Давід Госпаду разам з срэбрам і золатам, якое набраў ад усіх народаў, як з Ідумеі і Мааба, і ад сыноў Амона, так і ад філістынцаў і Амалека. Абісай жа, сын Сэруі, пабіў у Саляным лагу васемнаццаць тысяч эдомцаў, і пакінуў у Эдоме гарнізон, каб Ідумея падпарадкоўвалася Давіду. І дапамагаў Госпад Давіду ва ўсім, што ён рабіў. Так Давід цараваў над усім Ізраэлем, і судзіў, і чыніў справядлівасць над усім сваім народам. Прытым Ёаб, сын Сэруі, быў кіраўніком войска, а Язафат, сын Ахілуда, быў загадчыкам. Садок жа, сын Ахітуба, і Ахімэлех, сын Абіятара, былі святарамі, і Суса — пісарам. Баная, сын Ёяды, быў над легіёнамі херэтаў і пелетаў; сыны ж Давіда былі першымі падручнымі цара.

Сталася ж па гэтым, што памёр Наас, цар аманіцян, і замест яго сын яго стаў царом. І сказаў Давід: «Акажу зычлівасць Ханону, сыну Нааса; бацька бо яго быў спагадлівы да мяне». Ды выправіў Давід пасланнікаў, каб суцешыць яго дзеля смерці бацькі яго. Калі пасланнікі Давіда прыбылі ў зямлю аманіцян, каб суцешыць Ханона, князі аманіцян сказалі Ханону: «Ты, можа, думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў пасланнікаў суцешыць цябе; і не заўважаеш, што для распазнавання, і разведвання, і спусташэння зямлі тваёй прыбылі паслугачы яго да цябе». Таму Ханон узяў паслугачоў Давіда, і пагаліў, і абрэзаў тунікі іх ад клубоў да пятаў, і адпусціў іх. Калі вярнуліся яны і аб гэтым паведамілі Давіду, ён паслаў насустрач ім — вялікую бо ім ганьбу зрабілі — і загадаў, каб затрымаліся ў Ерыхоне, пакуль не адрасце ў іх барада, і каб потым вярнуліся. А калі аманіцяне, разумеючы, што Давід зненавідзеў іх, паслалі, як Ханон, так і астатні народ, тысячу талентаў срэбра, каб за іх наняць сабе калясніцы і коннікаў з Мэсапатаміі, і з Сірыі Маахі, і з Собы; ды нанялі яны сабе трыццаць дзве тысячы калясніц і цара Маахі з народам яго. Калі яны прыбылі, расклаліся лагерам у ваколіцы Мэдаба; таксама сыны Амона сабраліся са сваіх гарадоў і прыбылі ваяваць. Калі пра гэта пачуў Давід, паслаў Ёаба з усім войскам мужных ваяроў. І выйшлі аманіцяне і сталі ў строй каля гарадской брамы; а цары, якія прыйшлі на дапамогу, асобна сталі ў полі. Таму Ёаб, разумеючы, што пагражае яму бой і спераду, і ззаду, падабраў наймужнейшых ваяроў з усяго Ізраэля і выступіў супраць сірыйцаў; астатнюю ж частку войска даручыў брату свайму Абісаю і выступілі яны супраць аманіцян. І сказаў Давід: «Калі мяне перамогуць сірыйцы, ты будзеш мне ў дапамогу; калі ж цябе перамогуць аманіцяне, я табе дапамагу. Будзеце мужнымі ды будзем змагацца мужна за народ свой і за гарады Бога нашага; а Госпад, што Яму будзе добрым, зробіць». Такім чынам, наблізіўся Ёаб і народ, які быў з ім, да сірыйцаў, каб ваяваць, і яны ўцяклі ад іх. А аманіцяне, бачачы, што сірыйцы ўцяклі, таксама і самі ўцяклі перад яго братам Абісаем, ды адступілі ў горад. Ды Ёаб вярнуўся ў Ерузалім. Сірыйцы ж, бачачы, што былі пабіты Ізраэлем, паслалі веснікаў і прывялі сірыйцаў, якія былі за ракой. Софах жа, кіраўнік войска Ададэзэра быў іх камандзірам. Калі аб гэтым паведамілі Давіду, ён сабраў увесь Ізраэль, і прайшоў Ярдан, і падышоў да іх, і накіраваў строй супраць іх, і ваяваў з імі. А сірыйцы ўцяклі перад ізраэльцамі, і Давід знішчыў сем тысяч калясніц сірыйскіх і сорак тысяч пехацінцаў, і Сабаха, камандзіра войска. А паслугачы Ададэзэра, бачачы, што пераможаны Ізраэлем, прымірыліся з Давідам і служылі яму; і сірыйцы больш не хацелі аказваць дапамогу аманіцянам.

Здарылася ж праз год, у той час, калі цары звычайна выходзяць на вайну, што і Ёаб павёў сілу вайсковую і спустошыў зямлю аманіцян; і далей пайшоў, і асадзіў Рабу. Давід у той час заставаўся ў Ерузаліме, калі Ёаб узяў Рабу і зруйнаваў яе. А Давід узяў дыядэму Мількома з галавы яго, і знайшоў у ёй талент золата па вазе і найкаштоўнейшы камень, і ўсклалі яе на галаву Давіда; таксама вывез ён з горада вельмі вялікую здабычу. Народ жа, які знаходзіўся ў ім, вывеў і прыгаварыў да работы ў каменяломнях, і з жалезнымі кіркамі, ды з сякерамі. Так распарадзіўся Давід адносна ўсіх гарадоў сыноў Амона і з усім народам сваім вярнуўся ў Ерузалім. Потым пачалася вайна з філістынцамі ў Газэры, у якой Сабахай Гусаціт забіў Сапу з роду Рэфы ды ўпакорыў іх. Таксама пачалася другая вайна з філістынцамі, у якой Эльханан, сын Яіра, забіў Лахмі, брата Галіята Гетыта, цаўё дзіды якога было, як навой ткацкі. Але ўзнікла яшчэ іншая вайна ў Геце, у якой удзельнічаў чалавек вельмі вялікага росту, які меў па шэсць пальцаў, гэта значыць, разам дваццаць чатыры; які таксама быў з Рэфы; ён ганіў Ізраэль, і забіў яго Ёнатан, сын Самы, брата Давіда. Вось гэта сыны Рэфы з Гета, што згінулі ад рукі Давіда і паслугачоў яго.

Ды паўстаў шатан супраць Ізраэля і заахвоціў Давіда палічыць Ізраэль. І загадаў Давід Ёабу і князям народа: «Ідзіце і палічыце Ізраэль ад Бээр-Сэбы аж па Дан ды прадстаўце мне лік, каб я ведаў». І Ёаб адказаў: «Хай павялічыць Госпад народ свой у сто разоў, чым цяпер. Ці ж, гаспадару мой, цар, не ўсе паслугачы твае? Чаму гаспадар мой дамагаецца таго, што будзе прызнана як грэх для Ізраэля?» Але загад цара больш значыў; дык пайшоў Ёаб, і абышоў увесь Ізраэль, ды вярнуўся ў Ерузалім. Затым падаў Давіду лічбу перапісанага насельніцтва, і ўвесь Ізраэль налічыў мільён і сто тысяч мужчын, што могуць трымаць меч; а ў Юдзе — чатырыста семдзесят тысяч мужчын ваяроў; бо пакалення Леві і Бэньяміна Ёаб не палічыў разам з імі, таму што загад цара ён выконваў пад прымусам. Не падабаўся Богу гэты загад, і Ён пакараў Ізраэль. І прызнаўся Давід Богу: «Надта я зграшыў тым, што я зрабіў; малю, адпусці правіннасць паслугача Свайго, бо надта неразумна паступіў». І загадаў Госпад Гаду Празарліўцу сказаць Давіду: «Ідзі і скажы Давіду вось што: “Гэта кажа Госпад: “Тры пакаранні Я кладу табе; выберы адно, што пажадаеш, каб гэта Я зрабіў табе”». І калі Гад прыбыў да Давіда, сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Выберы, што хочаш: або тры гады голаду, або тры месяцы будзеш бегчы ты ад непрыяцеляў тваіх і не зможаш выратавацца ад меча іх, або тры дні меч Госпадаў і пошасць будзе панаваць на зямлі ды анёл Госпадаў будзе забіваць ва ўсіх граніцах Ізраэля. Дык цяпер глядзі, што маю адказаць Таму, Хто паслаў мяне”». Ды сказаў Давід Гаду: «Адусюль сціскаюць мяне беды, але лепш мне трапіць у рукі Госпада, бо Ён вельмі міласэрны, чым трапіць у рукі людзей». Дык паслаў Госпад пошасць на Ізраэль, і пала ў Ізраэлі семдзесят тысяч людзей. Паслаў таксама Бог анёла ў Ерузалім, каб знішчыць яго. І калі ён нішчыў, глянуў Госпад і злітаваўся дзеля вялікага няшчасця, ды загадаў анёлу нішчыцелю: «Хопіць, спыні ўжо руку сваю». Затым анёл Госпадаў стаў каля току Арнана Евусея. І Давід, падняўшы вочы свае, убачыў анёла Госпадава, які стаяў між зямлёй і небам, і ў руцэ яго быў меч, выцягнуты над Ерузалімам; Давід тады, і старэйшыны, апранутыя ў зрэбніцы, упалі ніц на зямлю. І сказаў Давід Богу: «Ці ж не я той, хто загадаў палічыць народ? Гэта я зграшыў, гэта я дапусціўся ліха, а што зрабіў гэты статак? Госпадзе, Божа мой, малю, хай Твая рука абернецца на мяне і на дом бацькі майго; а хай народ Твой не будзе пакараны». Анёл жа Госпадаў загадаў Гаду сказаць Давіду, каб пайшоў і пабудаваў ахвярнік Госпаду на таку Арнана Евусея. Дык пайшоў Давід па слове Гада, які гаварыў у імя Госпада. Затым Арнан, азірнуўшыся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго схаваліся з ім; бо ён у гэты час малаціў на таку пшаніцу. Такім чынам, калі Давід прыйшоў да Арнана, убачыў яго Арнан, і выйшаў яму насустрач ад тока, і пакланіўся яму, упаўшы ніц на зямлю. І сказаў яму Давід: «Адпусці мне месца тока твайго, каб я пабудаваў на ім ахвярнік Госпаду, так што, колькі будзе каштаваць, атрымаеш срэбра, і хай спыніцца кара народа». Сказаў затым Арнан Давіду: «Вазьмі ды хай робіць гаспадар мой, цар, што яму падабаецца; але і валоў даю на цэласпаленні, і матавілы на дровы, дый пшаніцу на ахвяру з ежы; усё гэта ахвотна даю». І сказаў яму цар Давід: «Ніякім чынам, але я дам, колькі каштуе, срэбрам; мне нельга браць ад цябе ды так ускладаць Госпаду ахвяры цэласпалення, узятыя задарма». Дык даў Давід Арнану за поле шэсцьсот сікляў найчысцейшага золата, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду, і ўсклаў ахвяры цэласпалення і мірныя ахвяры, і прызваў Госпада. І выслухаў яго, спаслаўшы агонь з неба на ахвярнік цэласпалення, і загадаў Госпад анёлу схаваць меч свой у ножны. Такім чынам, у той час Давід, бачачы, што Госпад выслухаў яго на таку Арнана Евусея, усклаў там ахвяры. Палатка ж Госпадава, якую Майсей пабудаваў у пустыні, і ахвярнік цэласпалення, былі тады на ўзвышшы ў Габаоне; і Давід не адважыўся туды ісці, каб там памаліцца Богу; бо быў надта напалоханы, бачачы меч анёла Госпадава.

І сказаў Давід: «Вось дом Госпада Бога, і вось ахвярнік цэласпалення для Ізраэля». І загадаў Давід сабраць усіх чужаземцаў з зямлі Ізраэля і паставіў іх каменябойцамі, выломліваць і часаць камяні для пабудавання дома Божага. Давід прыгатаваў таксама вельмі многа жалеза на цвікі на дзверы ў брамах, і на стыкі са скрэпамі — вялікі запас медзі. Таксама дрэва кедравага безлік навезлі сідонцы і тырцы Давіду. І сказаў Давід: «Сын мой Саламон яшчэ хлопец малады і кволы; дом жа, які мае быць пабудаваны Госпаду, павінен быць такі, каб ва ўсіх краях быў вядомы і праслаўлены. Дык я прыгатую яму ўсё неабходнае». І з гэтае прычыны перад сваёй смерцю Давід прыгатаваў многа ўсяго. І паклікаў сына свайго Саламона, і загадаў яму пабудаваць дом Госпаду, Богу Ізраэля; і Давід сказаў Саламону: «Сыне мой, я хацеў сам пабудаваць дом імю Госпада, Бога майго, але прамовіў да мяне Госпад, кажучы: “Многа крыві праліў ты ды вялікія войны вёў. Не можаш пабудаваць дом імю Майму, праліўшы столькі крыві перад абліччам Маім. Сын, які народзіцца ў цябе, будзе вельмі спакойным чалавекам; дам бо яму супакой ад усіх яго ворагаў навокал, і таму Саламонам будзе названы, і дам Ізраэлю ва ўсе дні яго мір і супакой. Ён пабудуе дом імю Майму, ды ён будзе Мне сынам, і Я буду яму бацькам; і ўмацую прастол валадарства яго над Ізраэлем навек”. Дык цяпер, сыне мой, хай Госпад будзе з табой, і будзь ты шчаслівы, і пабудуй дом Госпаду, Богу твайму, як Ён прадказаў пра цябе. Хай дасць табе Госпад столькі разважнасці і розуму, каб мог ты валадарыць над Ізраэлем ды пільнаваць закон Госпада, Бога твайго; бо тады зможаш ты дасягнуць поспеху, калі будзеш пільнаваць прыказанні і законы, якія даў Госпад Майсею для Ізраэля. Будзь мужным і дзейнічай адважна! Не бойся ды не перажывай. Вось, я намаганнямі сваімі прыгатаваў усё патрэбнае для дома Госпада: сто тысяч талентаў золата і мільён талентаў срэбра, а медзі і жалеза — без вагі, бо колькасць іх пераўзыходзіць вялікае мноства. Прыгатаваў дрэва і камяні; а ты зможаш да гэтага яшчэ дадаць. Маеш таксама многа работнікаў: каменябойцаў, і муляраў, і цесляроў ды ўсякіх рамеснікаў, майстроў ва ўсякай рабоце, самых вопытных па рабоце з золатам, і са срэбрам, і з меддзю, і з жалезам, якіх безліч. Дык устань і дзейнічай, і Госпад будзе з табой!» Давід загадаў таксама ўсім князям Ізраэля, каб дапамаглі Саламону, сыну яго: «Ці ж не бачыце, што Госпад, Бог ваш, з вамі, і дасць вам супакой навокал, ды аддасць жыхароў зямлі ў рукі вашы, ды будзе падпарадкоўвацца зямля Госпаду і народу Яго. Дык аддайце сэрцы вашы і душы вашы служыць Госпаду, Богу вашаму; станьце ды пабудуйце святыню Госпаду Богу, каб перанесці каўчэг прымірэння Госпада і посуд, прысвечаны Богу, у дом, які будзе пабудаваны імю Госпада».

Дык Давід, стары і насычаны гадамі, паставіў Саламона, сына свайго, царом над Ізраэлем, і сабраў усіх князёў Ізраэля, і святароў, і левітаў. І былі палічаны левіты ад трыццаці гадоў і вышэй, і было налічана іх трыццаць восем тысяч мужчын. З іх прызначаны на службу ў доме Госпада — дваццаць чатыры тысячы; а суддзямі былі пастаўлены шэсць тысяч; затым прыдзверных — чатыры тысячы ды столькі ж музыкаў, якія пастаўлены праслаўляць Госпада на музычных інструментах, якія справіў на праслаўленне. Ды падзяліў іх Давід на змены па сынах Леві, гэта значыць Гэрсона, Кагата і Мэрары. З сыноў Гэрсона: Ладан і Сямэй. Сыны Ладана: князь Ягіэль, і Зэтам, і Ёэль — трое. Сыны Сямэя: Саламіт, і Газіэль, і Аран — трое; яны былі кіраўнікамі родаў Ладана. Затым сыны Сямэя: Ягат, і Зіза, і Ягус, і Бэрыя; гэта сыны Сямэя — чацвёра. А Ягат быў першы, Зіза — другі; а Ягус і Бэрыя не мелі шмат дзяцей і таму былі палічаны як адзін род і адна сям’я. Сыны Кагата: Амрам, і Ісаар, Геброн і Азіэль — чацвёра. Сыны Амрама: Аарон і Майсей. І Аарон быў выдзелены, каб складаць ахвяры найсвяцейшыя, ён і сыны яго навек: і каб ён успальваў перад абліччам Госпада, і паслугаваў Яму ды дабраслаўляў імя Яго навек. Таксама сыны Майсея, чалавека Божага, былі залічаны ў пакаленне Леві. Сыны Майсея: Гэрсам і Эліязэр. Сыны Гэрсама: першы — Субаэль. Сынамі ж Эліязэра былі: Рагобія — першы, ды не было ў Эліязэра іншых сыноў; а сыны Рагобіі надта распладзіліся. Сыны Ісаара: Саламот — першы. Сыны Геброна: Ерыяў — першы, Амарыя — другі, Яхазіэль — трэці, Екмаам — чацвёрты. Сыны Азіэля: Міха — першы, Ясія — другі. Сыны Мэрары: Махалі і Мусі. Сыны Маголі: Элеязэр і Кіс; а Элеязэр памёр ды не меў сыноў, але дачок, і ўзялі іх за жонак сыны Кіса, браты іх. Сыны Мусі: Махалі, і Эдэр, і Ярмут — трое. Гэта сыны Леві па іх родах, кіраўнікі сем’яў па змене і па ліку паасобных галоў, якія спаўнялі службу ў доме Госпада ад дваццаці гадоў і вышэй. Давід бо сказаў: «Госпад, Бог Ізраэля, даў супакой народу Свайму ды будзе жыць у Ерузаліме вечна; і левіты не будуць мець абавязку далей насіць палатку, ды ўсе пасудзіны яе да службы». Дык па апошнім загадзе Давіда левіты будуць залічаны ад дваццаці гадоў і вышэй, і яны будуць пад рукой сыноў Аарона на паслузе дома Госпадава — на панадворках і ў пакоях, і пры ачышчэнні ўсяго, што пасвечана, ды спаўняць паслугу ў святыні Бога, яны рупіліся пра хлябы пакладныя, і пра муку на ахвяру з ежы, і пра праснакі, і пра патэльню, і пра смажанне, і пра ўсё, што было ўзважана і адмерана. І мелі стаяць штораніцы, каб дзякаваць Госпаду і славіць Яго, і таксама вечарам; і каб складаць усе цэласпаленні Госпаду, і каб у шабат, і на маладзік, і ў астатнія святы па ўстаноўленым ліку і рытуалах кожнай справы — заўсёды перад абліччам Госпада. І хай яны пільнуюць правілы палаткі сустрэчы, і рытуал свяцілішча, і пабожнасць сыноў Аарона, іх братоў, у службе ў доме Госпадавым.

Што да сыноў Аарона — такі іх падзел. Сыны Аарона: Надаб, і Абігу, і Элеязэр, і Ітамар. А Надаб і Абігу памерлі перад сваім бацькам ды не мелі сыноў; святарства спаўнялі Элеязэр і Ітамар. І падзяліў іх Давід: сыноў Элеязэра — з Садокам і сыноў Ітамара — з Ахімелехам адпаведна іх чарзе і службе. І выявілася, што сыноў Элеязэра было намнога больш, чым сыноў Ітамара, дык ён выбраў з іх, гэта значыць з сыноў Элеязэра, шаснаццаць кіраўнікоў родаў, і па родах сыноў Ітамара і сем’ях іх — восем кіраўнікоў родаў. Затым ён падзяліў абодва роды між сабою жэрабем; таму што было пароўну адных і другіх; і каб кіраўнікі святыні і кіраўнікі Божыя былі як з сыноў Элеязэра, так і з сыноў Ітамара. І Сямэя, сын Натанаэля, пісар паміж левітаў, перапісаў іх перад царом, і кіраўнікоў, і святара Садока, і Ахімэлеха, сына Абіятара, кіраўнікоў родаў святарскіх і левітаў: адзін род за Элеязэра, і другі — за Ітамара. А першае жэрабя выпала на Ёярыба, другое — на Ядаю, трэцяе — на Гарыма, чацвёртае — на Сэарыма, пятае — на Мэльхію, шостае — на Міяміна, сёмае — на Акоса, восьмае — на Абію, дзевятае — на Ешуа, дзесятае — на Сахэнію, адзінаццатае — на Эліясіба, дванаццатае — на Якіма, трынаццатае — на Гопфу, чатырнаццатае — на Ісбааба, пятнаццатае — на Бэльгу, шаснаццатае — на Эмэра, семнаццатае — на Гэзіра, васемнаццатае — на Апсу, дзевятнаццатае — на Пэтагію, дваццатае — на Гэзэхіэля, дваццаць першае — на Яхіна, дваццаць другое — на Гамула, дваццаць трэцяе — на Далаява, дваццаць чацвёртае — на Маазіява. Такая была іх чарга, калі прыходзілі ў дом Госпадаў на сваю службу, і па рытуале сваім, і па статуту Аарона, бацькі іх, і па загадзе Госпада, Бога Ізраэля. Затым той, хто застаўся з сыноў Леві: з сыноў Амрама: Субаэль, і з сыноў Субаэля — Ягэдэя. Таксама з сыноў Рагобіі — кіраўнік Ясія. А з Ісаарытаў — Саламот; з сыноў Саламота— Ягат. З Гэбранітаў: Ерыяў, Амарыя — другі, Яхазіэль — трэці, Екмаам — чацвёрты. Сын Азіэля — Міха; з сыноў Міхі — Самір; брат Міхі — Ясія; з сыноў Ясіі — Захарыя. Сыны Мэрары: Махалі і Мусі. Сыны яго: Язіяў і Бані. Сын Мэрары: з яго сына Язіява: Саам, і Закхур, і Гебры. Затым з Махалі: сын Элеязэр, які не меў дзяцей. А сын Кіса — Ерамээль; сыны Мусі: Махалі, Эдэр і Ярмут. Гэта сыны Леві паводле іх родаў. Таксама і яны кідалі жэрабя, як і браты яго, сыны Аарона, перад абліччам цара Давіда і Садока ды Ахімэлеха, і кіраўнікоў родаў святарскіх і левіцкіх, як большыя, так і меншыя: жэрабя ўсіх роўна дзяліла.

Дык Давід разам з кіраўніком войска прызначыў на службу сыноў Асафа, і Гемана, і Ідытуна, якія прарочылі на цытрах, псалтэрыёнах і цымбалах; адпаведна свайму ліку: З сыноў Асафа: Закхур, і Язэп, і Натанія, і Асарэла, сыны Асафа былі пад рукой Асафа, які прарочыў пад рукой цара. З Ідытуна: сыны Ідытуна: Гадалія, Соры, Есая, Сэмэй, і Гасабія, і Матація — шэсць; пад рукой бацькі свайго, Ідытуна, які прарочыў на цытры, хвалячы і славячы Госпада. З Гемана таксама сыны Гемана: Бокцыў, Матаніяў, Азіэль, Субаэль, і Ерымот, і Хананія, Ханані, Эліята, Гэдэльцы, Рамэмціэзэр, Есбакаса, Мэйлоці, Ацір, Махазіёт; Усе яны сыны Гемана, Правідца цара, па слове Бога, бо ўзвялічыў славу Яго, і даў Бог Геману чатырнаццаць сыноў і тры дачкі. Усе яны былі пад рукою бацькі свайго, каб спяваць у святыні Госпада, і А былі яны з братамі сваімі абраны спяваць Госпаду, усе настаўнікі, лікам дзвесце восемдзесят восем. І, як роўныя, кідалі жэрабя па чарзе службы, як вялікі, так і малы, настаўнік і вучань разам. І першае жэрабя выпала на Язэпа, які быў ад Асафа. Другое — на Гадалію, на яго з братамі яго і з сынамі яго разам — на дванаццаць. Трэцяе — на Закхура, разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Чацвёртае — на Ісара з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Пятае на Натанію разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Шостае на Бокцыва разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Сёмае — на Ісрээла з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Восьмае — на Есаю разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Дзевятае — на Матаніява разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Дзесятае — на Сямэю разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Адзінаццатае — на Азарыэля разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Дванаццатае — на Гасабію разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Трынаццатае — на Субаэля разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Чатырнаццатае на Матацію разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Пятнаццатае — на Ярмута разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Шаснаццатае — на Хананію разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Семнаццатае — на Есбакасу разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Васемнаццатае — на Ханані разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Дзевятнаццатае — на Мэйлоці разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Дваццатае — на Эліяту разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Дваццаць першае — на Аціра разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Дваццаць другое — на Гэдэльцы разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Дваццаць трэцяе — на Махазіёта разам з сынамі і братамі яго — на дванаццаць. Дваццаць чацвёртае — на Рамэмціэзэра з сынамі і братамі яго — на дванаццаць.

Раздзяленне на прыдзверных такое: з Корэ: Мэсалемія, сын Корэ з сыноў Абіясафа. Сыны Мэсалеміі: Захарыя — першародны, Ядзігэль — другі, Забадзія — трэці, Ятанаэль — чацвёрты, Элам — пяты, Ёганан — шосты, Эліёэнай— сёмы. Сыны ж Абэдэдома: Сямэя — першародны, Ёзабад — другі, Ёах — трэці, Сахар — чацвёрты, Натанаэль — пяты, Аміэль — шосты, Ісахар — сёмы, Палаці — восьмы, яго бо дабраславіў Бог. А ў сына яго Сямэі нарадзіліся сыны, кіраўнікі сем’яў іх; яны бо былі наймужнейшымі людзьмі; такім чынам, сыны Сямэі: Отні, і Рафаэль, і Абэд, і Эльзабад, браты яго, наймужнейшыя людзі, а таксама Элію і Самахія; усе яны былі з сыноў Абэдэдома, яны і сыны іх ды браты іх — наймужнейшыя ў службе — шэсцьдзесят два — ад Абэдэдома. Затым Мэсалемія меў сыноў і братоў, найдужэйшых, васемнацаць. А Госа з сыноў Мэрары, меў сыноў: Сэмры кіраўніка, ён бо не быў першародным, аднак бацька паставіў яго кіраўніком, другі — Хэлькія, трэці — Табэлія, чацвёрты — Захарыя; усе гэта сыны і браты Госа — разам трынаццаць. Такія падзелы прыдзверных: як галовы сем’яў мелі службу, так і браты іх служылі ў доме Госпадавым. Такім чынам, кідалі жэрабя нароўні і малыя, і вялікія па сваіх родах на кожную браму. Так на Сэлемію выпала жэрабя на ўсходнюю браму; затым на Захарыю, сына яго, кемлівага, і найразважнейшага, і вучонага, жэрабя пала на бок паўночны; а на Абэдэдома — на паўднёвы, і на сыноў яго — на кладоўку; на Сэпіма і Госу — на заходні, побач брамы Сальлехэт, пры дарозе ўгору. Варта каля варты: ад усходу штодзень шэсць левітаў; і ад поўначы штодзень чатыры, і ад поўдня штодзень таксама чатыры, і пры кладоўцы — два разы па двое, Пры Парбары, таксама ад захаду, чатыры пры дарозе, двое пры Парбары. Такі падзел прыдзверных сыноў Корэ і Мэрары. Затым левіты, браты іх, пільнавалі скарбы дома Божага і скарбы асвячоных рэчаў: з сыноў Ладана, Гэрсаніты, кіраўнікі родаў Лаэдана, Гэрсаніты былі Ягіэлітамі. Сыны Ягіэля: Зэтам і брат яго Ёэль пільнавалі скарбы дома Госпадавага. Паміж Амрамітаў, і Ісаарытаў, і Гебранітаў, і Азіэлітаў: Субаэль, сын Гэрсама, сына Майсея, — загадчык скарбаў. Таксама браты яго, нашчадкі Эліязэра: яго сын Рагобія, і яго сын Есая, і яго сын Ёрам, таксама яго сын Зэхры, і яго сын Сэлеміт. Той жа Сэлеміт ды яго браты пільнавалі ўсе скарбы асвячоных рэчаў, якія асвяціў цар Давід, і кіраўнікі родаў, і тысячнікі, і сотнікі ды кіраўнікі войска, тое, што было з войнаў і здабытае ў баях асвяцілі на ўтрыманне дома Госпадавага. І ўсё, што асвяціў Самуэль, Прадракальнік, і Саўл, сын Кіса, і Абнэр, сын Нэра, і Ёаб, сын Сэруі, — усе святыя прынашэнні былі пад апекай Сэлеміта і яго братоў. А з Ісаарытаў і Хананія і яго сыны былі прызначаны да знешніх спраў Ізраэля як кіраўнікі і суддзі. Затым з Гебранітаў Гасабія і браты яго, людзі спраўныя, тысяча семсот, мелі нагляд над Ізраэлем на другім баку Ярдана на захад ва ўсіх справах Госпада ды ў службе царскай; а над Гебранітамі кіраўніком быў Ерыя па іх родах і пакаленнях. На саракавы год царавання Давіда шукалі іх і знайшлі паміж іх людзей мужных у Язэры ў Галаадзе, і братоў яго — дзве тысячы семсот чалавек, спраўных кіраўнікоў родаў; І іх цар Давід паставіў над Рубэнітамі, і Гадытамі, і паловай пакалення Манасы дзеля ўсіх спраў Божых і царскіх.

А сыны Ізраэля па іх ліку: кіраўнікі родаў, тысячнікі і сотнікі ды валадары, якія служылі цару са сваімі дружынамі, прыходзячы і адыходзячы штомесячна на працягу года, кожная дружына налічвала чатыры тысячы. Першай дружынай у першы месяц кіраваў Есбаам, сын Забдзіэля, і пад ім — дваццаць чатыры тысячы ваяроў; ён быў з сыноў Пэрэса, кіраўнік усіх кіраўнікоў войска ў першым месяцы. У другім месяцы кіраваў дружынай Дудзі Агагіт, і пад ім было дваццаць чатыры тысячы. А ў трэцім месяцы кіраўніком трэцяй дружыны быў Баная, сын Ёяды святара, і ў сваім падраздзяленні меў дваццаць чатыры тысячы; гэты ж Баная быў наймужнейшым між трыццаццю і камандаваў трыццаццю, а кіраўніком яго дружыны быў сын яго Амізабад. У чацвёртым месяцы чацвёртым быў брат Ёаба Асаэль і Забадзія, сын яго, па ім, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. У пятым месяцы пятым быў кіраўнік Самаот Зараіт, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. У шостым месяцы шостым быў Хіра, сын Акеса, Тэкуіт, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. У сёмым месяцы сёмым быў Гэлес Паланіт з сыноў Эфраіма, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. У восьмым месяцы восьмым быў Сабахай Гусаціт з роду Зары, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. У дзевятым месяцы дзевятым быў Абіязэр Анатаціт з сыноў Бэньяміна, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. У дзесятым месяцы дзесятым быў Магарай, нэтафатыт з роду Зары, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. У адзінаццатым месяцы адзінаццатым быў Баная, Паратаніт з сыноў Эфраіма, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. У дванаццатым месяцы дванаццатым быў Галдай, нэтафатыт з роду Атаніэля, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. Затым над пакаленнямі Ізраэля сталі: над Рубэнітамі кіраўніком быў Эліязэр, сын Зэхры; над Сімяонітамі — Сафація, сын Маахі; над левітамі — Гасабія, сын Кемуэля, над ааранітамі — Садок; над пакаленнем Юды — Элію з братоў Давіда; над пакаленнем Ісахара — Амры, сын Міхаэля; над Забуланітамі — Есмая, сын Абдзіі; над Нэфталітамі — Ерымот, сын Азрыэля; над сынамі Эфраіма — Осія, сын Азазіі; над паловай пакалення Манасы — Ёэль, сын Падаі; над паловай пакалення Манасы ў Галаадзе — Ядо, сын Захарыі; над Бэньямінцамі — Ясіэль, сын Абнэра; над Данітамі — Азарыэль, сын Ерахама: яны былі князямі пакаленняў Ізраэля. А Давід не пажадаў лічыць тых, хто меў па дваццаць гадоў або менш, бо Госпад сказаў, што памножыць Ізраэль, як зоркі на небе. Ёаб, сын Сэруі, пачаў лічыць і не скончыў, бо дзеля гэтага паў гнеў на Ізраэль, і таму не прадстаўлена таго ліку ў Кнізе Хронікаў Цара Давіда. Над скарбамі цара быў Азмавэт, сын Адзіэля, а над скарбамі ў правінцыі, у гарадах, у вёсках і ў вежах стаяў Ёнатан, сын Озіі. А над работнікамі ў полі і сельскай гаспадаркай стаяў Эздра, сын Хелуба. І над работнікамі вінаграднікаў — Сямэй Раматыт; а над віннымі скляпамі ў вінаградніках — Забдый Сэпаматыт. А над масліннымі і фігавымі гаямі, што былі ў Сэфэлі, — Баал-Ханан Гадэрыт; а над кладоўкамі з аліўкавым алеем — Ёас. Затым над быдлам, якое пасвілася ў Сароне, загадчыкам быў Сэтрай Сараніт, і над валамі ў далінах — Сафат, сын Адлі. А над вярблюдамі — Убіль Ізмаэлец, і над асламі — Ягэдэй Мэранатыт; таксама над авечкамі — Язіз Агарэй: усе яны былі кіраўнікамі маёмасці цара Давіда. А Ёнатан, дзядзька Давіда, быў дарадчыкам, як чалавек разважны і вучоны, ён і Ягіэль, сын Гахаманіта, былі разам з сынамі цара. Таксама Ахітатэл быў дарадчыкам цара і Хусай арахеец быў прыяцелем цара; па Ахітатэлу быў Ёяда, сын Банаі, ды Абіятар. Кіраўніком жа войска царскага быў Ёаб.

Такім чынам, сабраў Давід у Ерузаліме ўсіх князёў Ізраэля, кіраўнікоў пакаленняў і кіраўнікоў дружын, якія былі на службе ў цара, таксама тысячнікаў і сотнікаў, загадчыкаў маёмасці і статкаў цара, і сыноў сваіх, а таксама еўнухаў, і асілкаў ды ўсіх наймужнейшых людзей і тых, хто быў у войску Ерузаліма. І калі цар падняўся і стаў, ён казаў: «Слухайце мяне, браты мае і народзе мой! Задумаў я пабудаваць дом, у якім супачыў бы каўчэг прымірэння Госпада і падножжа для стопаў Бога нашага; і да пабудавання я ўсё прыгатаваў; а Бог сказаў мне: “Не пабудуеш ты дома імю Майму таму, што з’яўляешся ваенным чалавекам і кроў праліваў”. Але Госпад, Бог Ізраэля, выбраў мяне з усяго дому бацькі майго, каб быў царом Ізраэля назаўсёды; бо Юду выбраў Ён князем, затым у доме Юды — дом бацькі майго і з сыноў бацькі майго захацеў Ён мяне паставіць царом усяго Ізраэля. Але і паміж сыноў маіх, — бо Госпад даў мне многа сыноў, — выбраў Саламона, сына майго, каб сядзеў ён на пасадзе валадарства Госпадавага над Ізраэлем. І сказаў Ён мне: “Саламон, сын твой, пабудуе Мой дом і Мае панадворкі, бо выбраў яго Сабе за сына, і Я буду яму бацькам. Ды ўмацую яго валадарства навек, калі будзе трымацца Маіх прыказанняў і законаў, як і сёння”. Дык цяпер перад абліччам усяго Ізраэля, супольнасці Госпада, калі чуе Бог наш, пільнуйце ды трымайцеся ўсіх прыказанняў Госпада, Бога вашага, каб займець добрую зямлю і перадаць яе навек у спадчыну вашым сынам, якія пасля вас жыць будуць. А ты, сыне мой Саламон, ведай Бога бацькі твайго і служы Яму шчырым сэрцам ды ахвотнаю душой; бо Госпад пранікае ва ўсе сэрцы ды пазнае ўсе намеры розуму: калі будзеш шукаць Яго — знойдзеш, а калі адвернешся ад Яго — адпіхне цябе навек. Дык цяпер ведай, што Госпад выбраў цябе, каб пабудаваў ты дом і свяцілішча; будзь дужы і зрабі». А даў Давід Саламону, сыну свайму, план порціка, і святыні, і кладовак, і сталовых, і ўнутраных спальняў, і дома для перамалення, і таксама ўсяго, што праз Духа было з ім: панадворкаў дома Госпада ды ўсялякіх пакояў навокал, скарбаў дома Божага і скарбаў асвечаных рэчаў, і зменаў святарскіх і левіцкіх, ды ўсякай працы ў службе дома Госпадава, і ўсякіх пасудзін для службы ў святыні Госпадавай, золата на ўсе пасудзіны па вазе кожнае пасудзіны для службы; срэбра на ўсякія срэбраныя пасудзіны паводле вагі кожнай пасудзіны на розныя справы, але і даў золата на залатыя падсвечнікі і на іх лямпы паводле вагі кожнага падсвечніка ды яго лямпаў; таксама і срэбра на срэбраныя падсвечнікі і яго лямпы адпаведна іх памерам. Даў таксама золата на сталы пакладных хлябоў паводле розных памераў, а таксама і срэбра на іншыя срэбраныя сталы; таксама на відэльцы, і чары, і збанкі з найчысцейшага золата, і на чары залатыя паводле іх памераў даў золата на кожную чару; таксама і на срэбраныя чары даў розную колькасць срэбра, а на ахвярнік, на якім успальваецца кадзіла, даў найчысцейшага золата, і золата на будаванне павозкі з залатымі херубінамі, якія расцягваюць крылы і прыкрываюць каўчэг прымірэння Госпада. «Усё, — кажа Давід, — прыйшло да мяне напісаным рукой Госпада, каб я разумеў усе працы на прыкладзе». Таксама казаў Давід свайму сыну Саламону: «Дзейнічай мужна, і набярыся сілы, і спаўняй, не бойся і не трывожся; бо Госпад, Бог мой, будзе з табой, і не пакіне цябе, і не адвернецца, пакуль не выканаеш усё, што патрэбна для пабудовы дома Госпадава. Вось змены святароў і левітаў: гатовыя для ўсякай службы дома Госпадава; і хай дапамагае табе ва ўсякай працы кожны, хто навучаны і падрыхтаваны да ўсякай справы, таксама князі і ўвесь народ у тваіх справах».

І прамовіў цар Давід да ўсяго сходу: «Саламона, сына майго, адзінага выбраў Госпад — яшчэ маладога і кволага, — а справа важная: бо не для чалавека рыхтуецца жытло, але для Госпада Бога. Я ж па магчымасцях усіх сваіх прыгатаваў матэрыял для дома Бога майго: золата на пасудзіны залатыя, і срэбра на срэбраныя, медзь — на медныя, жалеза — на жалезныя, дрэва — на драўляныя, камяні оніксавыя і камяні ўкладныя, цвёрды цэмент ды камяні розных колераў, і ўсякі каштоўны камень, і вельмі шмат мармуру пароскага. І звыш таго, з любові да дома Бога майго, аддаю з маёмасці маёй на дом Бога майго золата і срэбра, за выключэннем таго, што ўжо прыгатаваў на дом святы: тры тысячы талентаў золата з золата Афіра, сем тысяч талентаў срэбра найлепшага на пакрыццё сцен святыні; і дзе будзе патрэба: золата на прадметы залатыя, і дзе будзе патрэба: срэбра на прадметы срэбраныя і на ўсялякія ручныя вырабы мастакоў; і калі хто з вас мае ахвоту ўскласці ахвяру, хай напоўніць руку сваю сёння ды ахвяруе, што жадае, Госпаду». Так добраахвотна ўсклалі ахвяру кіраўнікі родаў, і кіраўнікі пакаленняў Ізраэля, таксама тысячнікі і сотнікі, і загадчыкі работ царскіх; і далі яны на пабудову дома Божага: золата — пяць тысяч талентаў і дзесяць тысяч салідаў золата; срэбра дзесяць тысяч талентаў; і медзі — васемнаццаць тысяч талентаў; таксама жалеза — сто тысяч талентаў. І ў каго знайшліся дарагія камяні, то аддалі іх у скарбоўню дома Госпадава на рукі Ягіэля Гэрсаніта. Дык цешыўся народ дзеля ахвотнага сэрца тых, што ўсім сэрцам ускладалі ахвяру Госпаду; але і Давід цар быў перапоўнены вялікаю радасцю. І дабраславіў Госпада перад усёй супольнасцю, кажучы: «Дабраславёны Ты, Госпадзе, Божа Ізраэля, бацькі нашага, спакон вякоў. Твая, Госпадзе, веліч і магутнасць, слава, хвала і хараство. Усё бо, што ў небе і што на зямлі, — Тваё ёсць. Тваё, Госпадзе, валадарства, і Ты, як Галава, узносішся над усім. Ад Цябе багацце і слава, Ты валадарыш над усім. У руцэ Тваёй моц і магутнасць, Рукою Сваёю ўзвышаеш і ўмацоўваеш усё. Дык цяпер, Божа наш, дзякуем Табе і славім праслаўленае імя Тваё. Хто я, хто народ мой, каб маглі мы Табе ўсё гэта скласці ў ахвяру? Тваё ўсё гэта і тое, што з рукі Тваёй мы атрымалі, аддалі Табе. Пілігрымы мы перад Табою і чужынцы, як былі ўсе бацькі нашыя; дні нашыя, як цень над зямлёю, і няма надзеі. Госпадзе, Божа наш, усё гэта багацце, якое мы прыгатавалі, каб пабудаваць дом святому імю Твайму, — з рукі Тваёй і Тваё ёсць усё. Ведаю, Божа мой, што Ты выпрабоўваеш сэрцы і любіш шчырасць; таму і я ў шчырасці сэрца свайго радасна ахвяраваў усё гэта, і народ Твой, які тут прысутнічае, як я бачыў, з вялікаю радасцю, ахвотна, ускладаў Табе дары. О Госпадзе, Божа Абрагама, і Ізаака, і Ізраэля, бацькоў нашых, захавай навек гэтую волю сэрца іх; і хай заўсёды сэрца іх ставіцца да Цябе з пашанаю. Саламону ж, сыну майму, дай таксама сэрца дасканалае, каб захоўваў прыказанні Твае, сведчанні Твае і законнасць Тваю, і хай зробіць усё і пабудуе святыню, на якую я ўсё прыгатаваў». І Давід загадаў усёй супольнасці: «Дабраславіце Госпада, Бога вашага!» І дабраславіла ўся супольнасць Госпада, Бога бацькоў сваіх; і пакланіліся, і аддалі паклон Госпаду і пасля цару. І ў наступны дзень склалі ахвяры Госпаду і ахвяравалі цэласпаленні: тысячу быкоў, тысячу бараноў ды тысячу ягнят разам з іх ахвярамі вадкімі ды найбагацейшымі ахвярамі за ўвесь Ізраэль. Ды елі і пілі перад Госпадам у той дзень з вялікаю радасцю; і ў другі раз абвясцілі царом Саламона, сына Давіда, дый намасцілі яго ў імя Госпада валадаром, і Садока — першасвятаром. І Саламон сеў на пасадзе Госпада, каб быць царом замест Давіда, бацькі свайго, і шчаслівілася яму, і ўвесь Ізраэль быў яму паслухмяны. Ды ўсе князі, і асілкі, і сыны цара Давіда падпарадкаваліся цару Саламону. Так Госпад узвялічыў Саламона ў вачах усяго Ізраэля і даў яму славу царскую, якой не меў перад ім ніводзін цар Ізраэля. Гэтак Давід, сын Ясэя, быў царом усяго Ізраэля. І час царавання над Ізраэлем — сорак гадоў: у Геброне цараваў сем гадоў, і ў Ерузаліме — трыццаць тры. І памёр у добрай старасці, у поўні дзён, і ў багацці, і ў славе, і па ім цараваў сын яго — Саламон. Дзеянні ж цара Давіда, першыя і апошнія, былі апісаны ў Кнізе Самуэля Прадракальніка ды ў Кнізе Натана Прарока і ў Кнізе Гада Прадракальніка, і ўсё цараванне яго, і магутнасць, і час, што прайшоў пад яго ўладаю, і ва ўсіх царствах зямлі.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.