Библия › Чарняўскі-17 › 2 Хронікаў

2-я Хронікаў

З часам замацаваўся Саламон, сын Давіда, у царстве сваім, і Госпад, Бог яго, быў з ім ды ўзнёс яго высока. Затым загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраэлю, тысячнікам, і сотнікам, і суддзям, і правадырам усяго Ізраэля, і князям родаў, і пайшоў Саламон з усёю супольнасцю на ўзвышша Габаон, бо там была палатка сустрэчы Госпадава, якую пабудаваў у пустыні Майсей, паслугач Божы. Каўчэг жа Божы перанёс Давід з Карыят-Ярыма на месца, прыгатаванае ім для яго, дзе паставіў для яго палатку, гэта значыць у Ерузаліме; таксама там быў медны ахвярнік, які зрабіў Бесэлеэль, сын Ура, сына Гура, — перад палаткай Госпадавай; і там Саламон і ўся супольнасць знайшлі яго. Там жа прыступіў Саламон да меднага ахвярніка перад палаткаю сустрэчы Госпада і ўсклаў на ім тысячу ахвяр. Вось, у тую ж ноч з’явіўся яму Бог, кажучы: «Прасі, што хочаш, і Я дам табе». Дык сказаў Саламон Богу: «Ты аказаў бацьку майму, Давіду, вялікую міласэрнасць і паставіў па ім мяне царом. Дык вось цяпер, Госпадзе, Божа, хай здзейсніцца слова Тваё, што Ты паабяцаў Давіду, бацьку майму; Ты бо зрабіў мяне царом над вялікім Тваім народам, што такі ж незлічоны, як пясок зямлі. Дай мне мудрасць і разважнасць, каб я ўваходзіў і выходзіў перад народам Тваім, бо хто можа годна судзіць гэты народ Твой, які настолькі вялікі?» А Бог сказаў Саламону: «Паколькі гэта больш за ўсё спадабалася твайму сэрцу, і ты не прасіў багацця і маёмасці, ані славы, ані жыццяў тых, хто цябе ненавідзіць, ані доўгіх дзён жыцця, але папрасіў ты мудрасці і ведаў, каб здолець судзіць народ Мой, над якім паставіў Я цябе царом, дадзены табе мудрасць і веды; багацце ж, маёмасць ды славу дам табе, ды яшчэ такую, што падобным да цябе не будзе ніхто з цароў ува ўсе дні жыцця твайго». Такім чынам, вярнуўся Саламон з узвышша Габаон у Ерузаліме, ад палаткі сустрэчы і цараваў над Ізраэлем. І набраў Саламон калясніц і коннікаў, так што меў тысячу чатырыста калясніц і дванаццаць тысяч коннікаў, ды размясціў іх па гарадах калясніц ды пры цары ў Ерузаліме. І даў цар у Ерузаліме срэбра і золата, як камянёў, і кедраў, як сікамор, якія растуць у Сэфэлі ў вялікім мностве. А коней прыводзілі яму з Егіпта і з Коа; купцы куплялі іх за грошы ў Коа, і падарожнічалі, і прыводзілі з Егіпта калясніцу за шэсцьсот сікляў, а каня за сто пяцьдзесят сікляў срэбра; праз свае рукі прыводзілі яны іх такім жа чынам ад усіх цароў хетэяў і сірыйцаў.

Саламон жа вырашыў пабудаваць дом імю Госпада і сабе палац. І адлічыў Саламон семдзесят тысяч мужчын насільшчыкаў ды восемдзесят тысяч тых, якія здабывалі камяні ў гарах і тры тысячы шэсцьсот наглядчыкаў за імі. Таксама паслаў Саламон пасланцоў да Гірама, цара Тыра, сказаць: «Як ставіўся ты да Давіда, бацькі майго, і паслаў яму дрэў кедравых, каб ён пабудаваў сабе дом для пражывання ў ім, так стаўся да мяне, каб мог я пабудаваць дом імю Госпада, Бога майго, каб пасвяціць яго на ўспальванне перад Ім пахнучых кадзілаў і ўскладаць безупынна хлябы і цэласпальныя ахвяры раніцай і вечарам, таксама ў шабаты і ў маладзікі дый у святы Госпада, Бога нашага, навечна, як загадана Ізраэлю. Дом бо, які я прагну пабудаваць, вялікі; бо вялікі ёсць Бог наш над усімі багамі. Дык хто зможа быць моцным, каб пабудаваць дастойны дом Яму? Калі неба і нябёсы нябёсаў не могуць Яго ахапіць, хто я такі, каб змог я пабудаваць Яму дом? Але толькі дзеля таго, каб успальваць каджэнне. Дык пашлі мне чалавека вучонага, які ўмее працаваць з золатам і срэбрам, з меддзю і жалезам, пурпурам, пунсовай і гіяцынтавай тканінай, ды які зможа займацца разьбой разам з тымі мастакамі, якіх я маю пры сабе ў Юдэі і Ерузаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой. Але прышлі мне і дрэва кедравага, і ядлоўцавага, і сасновага дрэва з Лібана; бо я ведаю, што паслугачы твае ўмеюць ссякаць дрэва з Лібана, і разам з тваімі паслугачамі будуць і мае паслугачы, каб прыгатаваць мне вельмі шмат дрэў; дом бо мой, які я жадаю зрабіць, будзе вельмі вялікі і цудоўны. Прытым работнікам, якія будуць секчы дрэвы, паслугачам тваім дам я дваццаць тысяч кораў пшаніцы на харчаванне, і столькі ж кораў ячменю, і дваццаць тысяч батаў віна і таксама дваццаць тысяч батаў аліўкавага алею». А Гірам, цар Тыра, адказаў у пісьме, прысланым Саламону: «Паколькі палюбіў Госпад народ Свой, таму даў табе быць царом над ім». І дадаў, кажучы: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які стварыў неба і зямлю, Які даў Давіду цару сына мудрага, і вучонага, і разумнага, і разважнага, каб пабудаваў ён дом Госпаду ды сабе палац. Дык пасылаю табе чалавека разважнага і самага вопытнага — Гірама, майстра майго, сына адной жанчыны з дачок Дана, бацькам якой быў тырац, — які ўмее працаваць з золатам і срэбрам, меддзю і жалезам, і з камянямі, і з дрэвам, і таксама з пурпурам, і з гіяцынтавай тканінай, і з вісонам і з пунсовай тканінай, і які ўмее выразаць усякую скульптуру і прыдумаць разумна, што ў рабоце патрэбна, каб супрацоўнічаць з тваімі мастакамі і з мастакамі гаспадара майго Давіда, бацькі твайго. Дык пшаніцу, і ячмень, і аліўкавы алей, і віно, якія я паабяцаў, гаспадару мой, пашлі сваім паслугачам. Мы будзем сячы дрэвы на Лібане, колькі табе трэба, і даставім іх морам на плытах у Ёпэ, а тваёй справай будзе даставіць іх у Ерузалім». Дык палічыў Саламон усіх мужчын чужынцаў, якія пражывалі ў зямлі Ізраэля па спіску, які зрабіў бацька яго Давід; і выявілася іх сто пяцьдзесят тры тысячы шэсцьсот. І семдзесят тысяч з іх прызначыў на тое, каб насілі яны цяжары; і восемдзесят тысяч — каб здабывалі камяні ў гарах; а тры тысячы шэсцьсот — на наглядчыкаў за работамі людзей.

І пачаў Саламон будаваць дом Госпаду ў Ерузаліме на гары Морыя, якую паказаў яму Давід, бацька яго, на месцы, якое прыгатаваў Давід, на таку Арнана Евусея. А пачаў будаваць у другім месяцы ў чацвёрты год свайго царавання. І такія памеры, што ўстанавіў Саламон для будавання дома Божага: даўжыні — шэсцьдзесят локцяў па ранейшай меры; шырыні — дваццаць локцяў. А прысенак перад святыняй, які цягнуўся ў даўжыню, меў у шырыню дваццаць локцяў адпаведна шырыні святыні; а ў вышыню меў сто дваццаць локцяў. І ўнутры пазалаціў яго найчысцейшым золатам. Таксама галоўны дом абшыў яловымі дошкамі ды пацягнуў пласцінамі чыстага золата; і зверху аздобіў іх пальмавымі галінамі. Таксама пакрыў падлогу дома найкаштоўнейшым мармурам для аздаблення. А золата было з Парваіма, з пласцін яго пакрыў дом, і бэлькі яго, і вушакі, і сцены, і на сценах выразаў херубінаў. Учыніў таксама святое з святых: даўжыня яго — па шырыні дома — дваццаць локцяў і шырыня таксама дваццаць локцяў; і пакрыў яго пласцінамі найлепшага золата коштам у шэсцьсот талентаў. Вага ж цвікоў была пяцьдзесят сікляў золата. Таксама верхнія пакоі пакрыў золатам. Выразаў таксама ў святым з святых двух херубінаў скульптурнай работы і пакрыў іх золатам. Крылы херубінаў распасцёр на дваццаць локцяў, так што адно крыло мела пяць локцяў і дасягала сцяны дома, і другое крыло, што мела пяць локцяў, дакраналася да крыла другога херубіна. Падобна і крыло другога херубіна мела пяць локцяў і дакраналася да сцяны, ды другое яго крыло было пяць локцяў і дакраналася да крыла другога херубіна. Такім чынам, крылы абодвух херубінаў распасціраліся і выцягваліся на дваццаць локцяў; а стаялі яны на прамых нагах з тварамі, звернутымі да святыні. Зрабіў таксама пакрывала з гіяцынтавай тканіны, з пурпуровай тканіны, з пунсовай тканіны і з вісону ды вышыў на ім херубінаў. Таксама паставіў перад уваходам у святыню дзве калоны, што мелі па трыццаць пяць локцяў вышыні; а капітэлі іх былі ў пяць локцяў. А таксама выразаў, як быццам ланцужкі, на гірляндзе і паклаў іх на капітэлях калонаў; зрабіў таксама сто гранатавых яблыкаў, якія паклаў на ланцужкі. Таксама перад фасадам святыні паставіў такія калоны: адну з правага боку і другую — з левага; правую назваў Яхін, і левую — Баоз.

Зрабіў ён таксама медны ахвярнік у дваццаць локцяў даўжыні і дваццаць локцяў шырыні ды дзесяць локцяў вышыні. Таксама зрабіў мора літае ад берага да берага — дзесяць локцяў, усё круглае; у вышыню яно мела пяць локцяў, і шнур, што абвіваў яго кругом, — трыццаць локцяў. Таксама нешта накшталт валоў стаяла пад ім; кругом на дзесяць локцяў абкружалі яны яго; два рады валоў, вылітых адным ліццём з морам, абкружалі заглыбленне мора. І само мора стаяла на дванаццаці валах, тры з якіх звярталіся на поўнач, і іншыя тры — на захад, затым тры іншыя — на поўдзень, і тры астатнія — на ўсход, маючы мора над сабой; а іншыя валы былі ўнутры пад морам. Затым таўшчыня яго была ў далонь, і бераг яго быў зроблены ў выглядзе краёў келіха або лілеі, якая распусцілася; і змяшчала яно тры тысячы батаў. Таксама зрабіў дзесяць купеляў і памясціў пяць на правым баку і пяць на левым баку, каб мыць у іх усё, што мелі складаць на цэласпаленні; прытым святары ў моры мыліся. Зрабіў жа таксама дзесяць залатых падсвечнікаў у выглядзе, як было загадана ім быць, і памясціў іх у святыні пяць па правым баку, і пяць па левым. Таксама і дзесяць сталоў зрабіў ды памясціў іх у святыні: пяць па правым баку, і пяць па левым; таксама зрабіў сто залатых чараў. Таксама ўладкаваў панадворак святарскі ды вялікі панадворак поруч, брамы ў панадворку, якія пакрыў меддзю. Затым паставіў мора з правага боку на паўднёвы ўсход. Гірам жа зрабіў катлы, і лапаткі, і чары, і так скончыў усю працу, якую меў выканаць у святыні Бога для цара Саламона, а менавіта: дзве калоны, і шары, і капітэлі над верхам дзвюх калон, і дзве гірлянды, якія пакрывалі капітэлі; таксама чатырыста яблыкаў граната і дзве гірлянды, так што абодва рады яблыкаў граната злучаліся з абедзвюма гірляндамі, якія пакрывалі шары, што былі на слупах. Зрабіў ён таксама падножжы і купелі, якія паставіў на падножжы, адно мора і дванаццаць валоў пад морам; катлы, і лапаткі, і відэльцы: усе пасудзіны зрабіў Гірам, майстар, для цара Саламона і для дома Госпадавага з найчысцейшай медзі. Адліў іх цар у ваколіцы Ярдана, у гліністай зямлі між Сукотам і Сарэдай. І нарабіў Саламон безліч прылад, так што нельга было падлічыць вагі медзі. Зрабіў таксама Саламон усе прылады для дома Божага: і залаты ахвярнік, і сталы, і на іх — пакладныя хлябы; таксама падсвечнікі ды іх лямпы з найчысцейшага золата, каб паліць іх па рытуале перад Дабірам, месцам найсвяцейшым, і кветку, і лямпы ды шчыпцы — усё было зроблена з найлепшага золата. Таксама нажніцы, і чары, і катлы, і курыльніцы былі з найчысцейшага золата. І дзверы святыні звонку ў святое з святых ды дзверы святыні знадворку былі залатыя.

І так закончана была ўся праца, якую зрабіў Саламон у доме Госпада. Тады ўнёс Саламон усё, што прыракаў Давід, бацька яго: срэбра і золата, дый увесь посуд памясціў у скарбоўнях дома Божага. Затым сазваў старэйшын Ізраэля, і ўсіх кіраўнікоў пакаленняў, і князёў родаў Ізраэля ў Ерузалім, каб перанесці каўчэг прымірэння Госпадава з горада Давіда, якім з’яўляецца Сіён. Дык сабраліся да цара ўсе ізраэльцы ў дзень урачыстага сёмага месяца. І калі прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраэля, тады левіты ўзялі каўчэг і ўнеслі яго ў палатку сустрэчы, ды ўсе прыналежнасці святыя, што былі ў палатцы. Перанеслі іх святары і левіты. Цар жа Саламон ды ўся супольнасць Ізраэля, сабраная пры ім перад каўчэгам, складалі ў ахвяру авечак і валоў без ліку: такое бо было мноства ахвяр. І ўнеслі святары каўчэг прымірэння Госпадавага на яго месца, у Дабір святыні, у святое з святых, пад крылы херубінаў, так што херубіны раскідвалі свае крылы над месцам, у якім размясцілі каўчэг, і накрывалі сам каўчэг і яго жэрдкі зверху. А канцы жэрдак, на якіх неслі каўчэг, — бо былі жэрдкі даволі доўгія, — віднеліся перад Дабірам; а калі хто быў звонку, то бачыць іх не мог. Такім чынам, быў там каўчэг і застаецца ён там па сённяшні дзень. І ў каўчэгу не было нічога іншага, акрамя дзвюх табліц, якія паклаў Майсей у Гарэбе, калі Госпад заключыў запавет з сынамі Ізраэля ў час іх выхаду з Егіпта. Калі ж святары выйшлі з месца святое з святых, — бо ўсе святары, якія знаходзіліся там, былі асвячоныя, нягледзячы на чаргу і парадак службы, і левіты ўсе, што былі спевакамі пад Асафам, і якія былі пад Геманам, і якія былі пад Ідытунам, сыны і браты іх, апранутыя ў вісон, стаялі на ўсход ад ахвярніка, граючы на цымбалах, і псалтэрыёнах, і цытрах, і з імі сто дваццаць святароў, што гралі на трубах, — такім чынам, калі ўсе як адзін і затрубілі, і заспявалі, і зайгралі на цымбалах і іншых музычных інструментах, і высока ўзнялі голас, пачалі яны славіць Госпада аднагалосна і казаць: «Дзякуйма Госпаду, бо Ён добры, бо вечная ёсць міласэрнасць Яго», — запоўніўся воблакам дом Божы, і не змаглі святары там заставацца і спаўняць службу дзеля воблака, бо слава Госпада запоўніла дом Божы.

Тады прамовіў Саламон: «Госпад сказаў, што будзе жыць у імгле; а я пабудаваў дом на пражыванне Табе, каб абжыўся Ты там навек». І павярнуў цар твар свой, і дабраславіў усю супольнасць Ізраэля, — бо ўся супольнасць стаяла, чакаючы, і сказаў: «Дабраславёны будзь, Госпадзе, Божа Ізраэля, Ты бо сказаў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і на справе выканаў. Ты сказаў: “Ад таго дня, у якім вывеў Я народ мой з зямлі Егіпецкай, не выбраў я з усіх пакаленняў Ізраэля іншага горада для пабудавання дома, каб імя Маё ў ім прабывала, ды не выбраў нікога іншага, каб быў кіраўніком народа Майго Ізраэля, але выбраў Я Ерузалім, каб прабывала імя Маё ў ім, ды выбраў Я Давіда, каб паставіць яго над народам Маім Ізраэлем”. І калі бацька мой, Давід, хацеў збудаваць дом імю Госпада, Бога Ізраэля, сказаў Госпад яму: “Калі такая была воля твая, каб пабудаваць дом імю Майму, добра, што ты маеш такую волю, але не ты пабудуеш дом, але сын твой, які выйдзе са сцёгнаў тваіх, ён пабудуе дом імю Майму”. Такім чынам, выканаў затым Госпад прамову Сваю, якую сказаў, і я ўстаў па бацьку сваім, Давідзе, і сеў на пасадзе Ізраэля, як прадказаў Госпад, дый пабудаваў дом імю Госпада, Бога Ізраэля; ды змясціў у ім каўчэг, у якім знаходзіцца прымірэнне Госпада, якое заключыў Ён з сынамі Ізраэля». Такім чынам, стаў ён перад ахвярнікам Госпада насупраць усёй супольнасці ізраэльскай і выцягнуў рукі свае. Зрабіў бо Саламон меднае падножжа і памясціў яго пасярод панадворка, а мела яно пяць локцяў даўжыні, і пяць локцяў шырыні, і тры локці вышыні, і стаў на яго; і затым, калі ўся супольнасць Ізраэля ўкленчыла і ўзняла рукі ў неба, ён сказаў: «Госпадзе, Божа Ізраэля, няма Бога, падобнага да Цябе, ані ў небе, ані на зямлі; Ты захоўваеш запавет і міласэрнасць з паслугачамі Тваімі, якія ходзяць перад Табою са шчырым сэрцам сваім, Ты даў паслугачу Твайму Давіду, бацьку майму, усё, што толькі сказаў яму, ды тое, што вуснамі прырок, на справе выканаў, як і сённяшні час пацвярджае. Дык цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, стрымай абяцанне паслугачу Твайму Давіду, бацьку майму, што яму даў, кажучы: “Не будзеш ты пазбаўлены нашчадка перада Мною, які мае сядзець на пасадзе Ізраэля, але толькі тады, калі сыны твае будуць пільнаваць дарогі свае і трымацца закону Майго, як і ты спраўляўся перада Мною”. Дык цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, хай здзейсніцца слова Тваё, якое Ты сказаў паслугачу Твайму Давіду! Ці ж можна паверыць, што Бог будзе жыць на зямлі разам з людзьмі? Калі неба і нябёсы нябёсаў не могуць Цябе ахапіць, то тым болей дом гэты, які я пабудаваў! Але заўваж прамову паслугача Твайго і мальбу яго, Госпадзе, Божа мой, ды выслухай покліч і просьбы, якія выявіў паслугач Твой перад Табою, каб вочы Твае днём і ноччу глядзелі на дом гэты, на месца, якое Ты выбраў, каб пакінуць імя Тваё і каб выслухаць мальбу, якую паслугач Твой вымаўляе там. Ды выслухай просьбы паслугача Твайго і народа Твайго Ізраэля, калі будуць маліцца на гэтым месцы; пачуй з жытла Твайго, з неба — выслухай і будзь літасцівы! Калі хто зграшыць супраць блізкага свайго, і той пакліча яго да прысягі, каб ён прысягнуў перад абліччам Твайго ахвярніка ў гэтым доме, — тады выслухай Ты з неба і зрабі суд над паслугачамі Тваімі, каб павярнуць ліха ліхога чалавека на яго ўласную галаву і каб адпомсціць за справядлівага чалавека, адплачваючы яму за яго справядлівасць. Калі народ Твой, Ізраэль, спасцігне паражэнне ад непрыяцеляў дзеля таго, што зграшыў Табе, і яны навернуцца ды будуць славіць імя Тваё, і ўмаляць, і прасіць у гэтай святыні, то Ты выслухай у небе і даруй грэх Твайго народа, Ізраэля, ды прывядзі іх зноў у край, які Ты даў ім і бацькам іх. Калі зачыніцца неба і не будзе дажджу дзеля грахоў народа ды калі яны будуць прасіць Цябе ў гэтым месцы, і будуць прызываць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх, калі іх упакорыш, — выслухай іх з неба, Госпадзе, ды адпусці грахі паслугачоў Тваіх і народа Твайго Ізраэля, навучы іх добрай дарозе, якою хай ідуць, і дай дождж зямлі, якую даў Ты народу Твайму ва ўласнасць. Калі ўзнікне голад, і пошасць на зямлі, іржа і засуха, і саранча, і чэрві ды ворагі, знішчыўшы ваколіцы, асадзяць яе брамы, і ўсякая хвароба і немач будуць прыціскаць, і калі хто з народа Твайго Ізраэля будзе прасіць, прызнаючы кару і немач сваю, ды выцягне рукі свае да гэтага дома, — Ты выслухай з неба з месца прабывання Твайго, ды пашкадуй і аддай кожнаму па яго ўчынках, бо ведаеш сэрца яго; бо Ты адзіны, Хто ведаеш сэрцы сыноў чалавечых, дык хай баяцца Цябе і ходзяць дарогамі Тваімі ва ўсе дні, у якія жывуць на паверхні зямлі, якую даў Ты бацькам нашым. Таксама чужынца, які не належыць да народа Твайго ізраэльскага, калі прыйдзе ён з далёкага краю дзеля вялікага імя Твайго і дзеля рукі Тваёй магутнай ды рукі Тваёй выцягнутай і калі ён будзе маліцца ў гэтым месцы, выслухай Ты яго ў небе, самым трывалым месцы прабывання Твайго, і зрабі ўсё, дзеля чаго будзе прызываць Цябе той вандроўнік; хай пазнаюць усе народы на зямлі імя Тваё, ды хай баяцца Цябе, як народ Твой Ізраэль, і хай пазнаюць, што імя Тваё прызвана над гэтым домам, які я пабудаваў. Калі народ Твой выйдзе ў бой са сваімі непрыяцелямі дарогаю, якою пашлеш іх, ды будзе маліцца да Цябе, да выбранага Табою горада і дома, які збудаваў я для Твайго імя, тады Ты выслухай з неба просьбы іх і мальбу, ды рассудзі іх справядліва. А калі яны зграшаць супраць Цябе — бо няма чалавека, які б не грашыў, — і Ты загневаешся на іх і аддасі ворагам, і яны іх, як нявольнікаў, павядуць у далёкую або блізкую зямлю, і яны навернуцца сэрцам сваім у той зямлі, у якую былі заведзены, будуць пакутаваць і маліць Цябе ў зямлі няволі сваёй і прызнавацца: “Зграшылі мы, ліха вялі сябе, несправядліва паступалі,” — калі звернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй у зямлі няволі сваёй, у якую былі заведзены, ды будуць умольваць Цябе адносна дарогі свайго жыцця, якую даў Ты бацькам іх, і горада, які выбраў, ды дома, які пабудаваў я імю Твайму, Ты выслухай з неба, з месца прабывання Твайго, іх просьбы і іх маленні і ўчыні суд ды адпусці народу Твайму, які зграшыў Табе; бо Ты Бог мой. Хай адкрываюцца, малю, вочы Твае і хай вушы Твае будуць чуткімі да мальбы, якая ўзносіцца з гэтага месца. Дык цяпер, Госпадзе Божа, устань на месца супакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасці Тваёй: Твае святары, Госпадзе Божа, хай апрануцца ў збаўленне і хай святыя Твае радуюцца дабром. Госпадзе Божа, не адварочвай аблічча ад Намашчэнца Твайго; памятай пра міласэрнасць да Давіда, паслугача Твайго».

І калі Саламон закончыў маленне, сышоў агонь з неба і спаліў цэласпаленні і ахвяры, і слава Госпадава запоўніла дом. І святары не змаглі ўвайсці ў святыню Госпадаву таму, што слава Госпадава запоўніла святыню Госпадаву. Прытым усе сыны Ізраэля бачылі агонь, які сыходзіў, і славу Госпадаву над святыняй, ды, упаўшы ніц на зямлю, на падлогу, высланую каменем, пакланіліся і славілі Госпада: «Бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго». Цар жа і ўвесь народ ускладалі ахвяры перад Госпадам. Такім чынам, цар Саламон усклаў у ахвяру дваццаць дзве тысячы валоў, сто дваццаць тысяч авечак, і асвяцілі дом Божы цар і ўвесь народ. Святары ж спаўнялі свае абавязкі, і левіты з музычнымі інструментамі, якія справіў Давід цар для славы Госпада: «Бо вечная ёсць міласэрнасць Яго», — спявалі яны гімны Давіда, і Давід славіў Яго праз іх. Затым святары перад імі трубілі ў трубы, і ўвесь Ізраэль стаяў. Таксама асвяціў Саламон сярэдзіну панадворка перад святыняй Госпадавай; бо ўсклаў Ён там ахвяры цэласпалення і тлушч ахвяр прымірэння, бо медны ахвярнік, які ён зрабіў, не мог змясціць цэласпаленняў ды ахвяр з ежы і тлушч. Такім чынам, у той час святкаваў Саламон сем дзён, і з ім увесь Ізраэль — вельмі вялікая супольнасць ад уваходу ў Эмат аж да ручая Егіпецкага. І на восьмы дзень учынілі яны вялікі сход, бо сем дзён яны асвячалі ахвярнік ды сем дзён святкавалі ўрачыстасць. Такім чынам, толькі ў дваццаць трэці дзень сёмага месяца ён адпусціў да сваіх палатак народ, які цешыўся і радаваўся на дабро, якое Госпад учыніў Давіду, і Саламону, і народу свайму Ізраэлю. І Саламон скончыў дом Госпадаў і палац цара; і ўсё, аб чым меў намер у сэрцы сваім, каб зрабіць у доме Госпадавым і ў сваім палацы, выканаў паспяхова. А аднойчы з’явіўся яму Госпад ноччу і сказаў: «Выслухаў Я маленне тваё ды выбраў Сабе гэтае месца на дом ахвяр. Калі зачыню неба, і не будзе дажджу, і калі загадаю, прыкажу саранчы нішчыць палі ды пашлю пошасць на народ Мой, а народ Мой, над якім прызвана было імя Маё, упакорыцца, і будзе Мяне маліць, і шукаць аблічча Майго ды пакутаваць дзеля найгоршых шляхоў сваіх, — тады Я выслухаю яго з неба, і буду ласкавы дзеля яго грахоў ды аздараўлю яго зямлю. Цяпер вочы Мае будуць адкрытыя і вушы Мае чуткія да мальбы таго, хто ў гэтым месцы будзе маліцца; бо выбраў Я і асвяціў гэта месца, каб імя Маё было там вечна і каб вочы Мае і сэрца Маё заставаліся там заўсёды. Таксама ты, калі будзеш весці сябе перад абліччам Маім, як вёў сябе Давід, бацька твой, ды будзеш рабіць усё, што Я загадаў табе, і калі захаваеш прыказанні Мае і законы Мае, зраблю трывалым пасад улады тваёй, як паабяцаў я Давіду, бацьку твайму, калі казаў: “Не будзе адкінуты з нашчадкаў тваіх чалавек, які будзе валадаром у Ізраэлі”. А калі адвернецеся ад Мяне ды адкінеце Мае пастановы і прыказанні Мае, якія вам даручыў, і, адышоўшы, будзеце пакланяцца чужым багам ды ім служыць, — выкіну вас з зямлі Маёй, якую даў вам, і дом гэты, які пасвяціў імю Майму, адпіхну ад аблічча Майго ды аддам яго ў прыказку ды ў казку ўсім народам. І дзеля дома гэтага, што быў узвышаны, усе праходзячыя са здзіўленнем будуць казаць: “Чаму зрабіў гэта Госпад зямлі гэтай і дому гэтаму?” І адкажуць: “Бо яны адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх, і прысталі да багоў чужых, і пакланяліся ім і служылі, дзеля таго прыйшлі на іх усе гэтыя беды”».

Праз дваццаць гадоў пасля таго, як Саламон пабудаваў дом Госпада і сабе палац, адбудаваў ён тыя гарады, якія Гірам даў Саламону ды пасяліў там сыноў Ізраэля. Накіраваўся таксама ў Эмат Собы і ўзяў яго. І адбудаваў Пальміру ў пустыні ды ўсе гарады кладовак, якія пабудаваў у Эмаце. І адбудаваў Бэтарон Верхні і Бэтарон Ніжні — умацаваныя гарады, якія мелі муры, і брамы, і завалы; таксама Баалат і ўсе гарады для свірнаў, якія належалі Саламону, і ўсе гарады калясніц і гарады, дзе знаходзіліся коннікі. Усё, што пажадаў і запланаваў Саламон, ён пабудаваў у Ерузаліме і ў Лібане ды ва ўсёй зямлі, якая была пад яго ўладаю. Усіх людзей, якія засталіся ад хетэяў, і амарэяў, і феразеяў, і гівеяў, і евусеяў, якія не былі з пакалення Ізраэля, а былі з сыноў тых, што засталіся пасля іх на зямлі, якіх не забілі сыны Ізраэля, — зрабіў Саламон даннікамі аж па сённяшні дзень. Затым з сыноў Ізраэля не прызначыў Саламон да працы царскіх нявольнікаў; бо яны былі ваярамі, і кіраўнікамі ваяроў яго, і кіраўнікамі калясніц і конніцы яго. Усіх жа кіраўнікоў, якія наглядалі за народам, было ў цара Саламона дзвесце пяцьдзесят. Дачку ж фараона перавёў з горада Давіда ў дом, для яе пабудаваны, бо казаў цар: «Не павінна жанчына прабываць у мяне ў доме Давіда, цара Ізраэля, бо ён ёсць месца святое таму, што ўвайшоў у яго каўчэг Госпада». Тады стаў Саламон складаць Госпаду ахвяры цэласпалення на ахвярніку Госпада, які ён паставіў перад прысенкам, каб кожны дзень па загадзе Майсея складаць на ім цэласпаленні ў шабаты, і ў дні маладзіка дый у тры ўрачыстасці года: гэта значыць у свята праснакоў, і ў свята тыдняў, і ў свята палатак. Ён таксама ўстанавіў па распараджэнні Давіда, бацькі свайго, абавязкі святароў у іх службе і левітаў у сваім парадку, каб спявалі пахвальныя гімны і служылі перад святарамі па рытуале кожнага дня; паставіў ён таксама прыдзверных па іх раздзяленні для кожнай брамы: так бо загадаў чалавек Божы — Давід. І не мінулі загады цара святароў і левітаў ва ўсім, і ў пільнаванні скарбаў. І былі скончаны ўсе справы Саламона ад таго дня, у які заклаў падмуркі дома Госпада аж да дня поўнага завяршэння яго. Тады выбраўся Саламон у Эцыён-Гебэр і ў Айлат ад берага Чырвонага мора, што ў зямлі Эдом. А паслаў яму Гірам праз рукі паслугачоў сваіх караблі і маракоў, што ведалі мора; і яны разам з паслугачамі Саламона дабраліся ў Афір і ўзялі адтуль чатырыста пяцьдзесят талентаў золата, і прывезлі цару Саламону.

Таксама царыца Сабы, пачуўшы пра славу Саламона, прыбыла ў Ерузалім, каб выпрабаваць Саламона праз складаныя загадкі, пераканацца ў мудрасці Саламона; прыбыла ў Ерузалім з вялікім суправаджэннем і вярблюдамі, якія везлі духмянасці, вялікую колькасць золата, і каштоўныя камяні. І калі яна прыбыла да Саламона, яна выказала яму, што толькі мела ў сваім сэрцы. І Саламон растлумачыў ёй усё, што яна прадставіла, і не было нічога, што не было б ёй растлумачана. Пасля таго, як яна ўбачыла гэта: мудрасць Саламона, і палац, які ён пабудаваў, а таксама стравы яго стала, і памяшканне яго паслугачоў, і абавязкі паслугачоў яго, і адзенне іх, таксама чарнікаў і адзенне іх, і цэласпаленні, якія ўскладаў ён у доме Госпада, — то не было ў яе іншых пачуццяў, акрамя здзіўлення. І яна сказала цару: «Праўду казалі, што чула ў маёй зямлі пра справы твае ды мудрасць тваю: я не верыла тым, што расказвалі, пакуль сама не прыбыла і вочы мае не ўбачылі, што нават і палавіны не расказалі аб вялікай мудрасці тваёй; перавысіў ты славу, пра якую я чула. Шчасныя людзі твае і шчасныя паслугачы твае, якія прысутнічаюць з табою ўвесь час і могуць слухаць тваю мудрасць. Хай будзе дабраславёны Госпад, Бог твой, Які захацеў пасадзіць цябе на прастол Свой царом Госпада, Бога твайго! Бо мілуе Бог твой Ізраэль і хоча захаваць яго навек, таму паставіў Цябе царом над ім, каб чыніў ты суд і справядлівасць». І дала затым цару сто дваццаць талентаў золата і надта многа духмянасцей ды найкаштоўнейшыя камяні; не было такіх духмянасцей, як гэтыя, што дала царыца Сабы Саламону. Але і паслугачы Гірама, і паслугачы Саламона прывезлі золата з Афіра, і чырвонае дрэва ды найкаштоўнейшыя камяні. З дрэва туевага цар зрабіў прыступкі ў дом Госпадаў і ў палац царскі, таксама зрабіў цытры і псалтэрыёны для спевакоў. У зямлі Юдэі не бачылі ніколі такіх дрэў. А цар Саламон даў царыцы Сабы ўсё, што яна хацела і чаго прасіла, і намнога болей, чым прынесла яму. І яна вярнулася ў сваю зямлю са сваімі паслугачамі. Вага золата, якое штогод дастаўлялася Саламону, была шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць талентаў золата, не ўлічваючы платы ад гандляроў і падарожных купцоў, якія іх дастаўлялі, і ўсіх цароў арабскіх і намеснікаў зямлі, якія прыносілі Саламону золата і срэбра. Дык цар Саламон зрабіў дзвесце шчытоў, з шасцюстамі сіклямі золата ў кожным шчыце, таксама трыста меншых шчытоў з золата, на кожны шчыт — па трыста сікляў золата і памясціў іх цар у доме з лесу лібанскага. Зрабіў таксама цар Саламон з косці слановай вялікі пасад і пакрыў яго найчысцейшым золатам. Пасад меў шэсць прыступак і падножжа з золата, і два падлакотнікі з двух бакоў сядзення, і пры падлакотніках стаялі два львы, на шасці прыступках стаяла там з абодвух бакоў дванаццаць ільвянят; такога пасада не было ні ў якім царстве. Таксама ўсе пасудзіны для царскай трапезы былі залатыя дый усе пасудзіны дому з лесу лібанскага з найчысцейшага золата; срэбра бо ў час Саламона нічога не каштавала. Бо цар меў караблі, якія плавалі ў Тарсіс разам з паслугачамі Гірама; раз у тры гады прыплывалі караблі з Тарсіса, прывозячы золата, і срэбра, і слановую косць, і малпаў, і паўлінаў. Такім чынам, цар Саламон падняўся над усімі царамі зямлі багаццем і мудрасцю. І ўсе цары зямлі прагнулі пабачыць аблічча Саламона, каб пачуць мудрасць, якую даў Бог у сэрца яго, і складалі яму падарункі, пасудзіны срэбраныя і залатыя, і адзенне, і зброю, і духмянасці, і коней і мулаў кожны год. Саламон меў таксама чатыры тысячы стаянак для коней і калясніц дый дванаццаць тысяч коннікаў; і рассяліў іх па гарадах калясніц, ды пры цары ў Ерузаліме. Справіў ён таксама ўладу над усімі царамі ад ракі Эўфрат аж да зямлі філістынцаў і аж да межаў Егіпта; так многа сабраў Саламон срэбра ў Ерузаліме як камянёў і кедраў, ды такое мноства, як сыкамораў, якія выраслі ў Сэфэлі. Прыводзілі яму коней з Егіпта і з другіх краёў. Іншыя ж дзеянні Саламона ад першых да апошніх запісаны ў словах прарока Натана ды ў прароцтвах Ахіі Сіланіта, а таксама ў бачанні Адо Празарліўца ў справе Ерабаама, сына Набата. А Саламон цараваў у Ерузаліме над усім Ізраэлем сорак гадоў, і супачыў са сваімі бацькамі; і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі яго. І па ім цараваў сын яго Рабаам.

Рабаам выбраўся ў Сіхэм, бо там сабраўся ўвесь Ізраэль, каб абраць яго царом. Калі пра гэта пачуў Ерабаам, сын Набата, які прабываў у Егіпце, — бо туды ўцёк ад цара Саламона, — адразу ж вярнуўся з Егіпта; паклікалі яго, і ён прыбыў з усім Ізраэлем, ды сказалі яны Рабааму: «Твой бацька наклаў на нас вельмі цяжкае ярмо; ты палегчы тое, што прыказаў бацька твой, які наклаў на нас цяжкую няволю, ды трошкі паменшы цяжар, і будзем табе служыць». Ён сказаў: «Праз тры дні вярніцеся да мяне». І калі народ адышоў, цар Рабаам зрабіў нараду са старэйшынамі, якія былі дарадчыкамі бацькі яго Саламона, калі той яшчэ жыў, пытаючыся: «Якую дасце параду, каб адказаць народу?» Тыя сказалі яму: «Калі падабацца будзеш гэтаму народу і змякчаць іх спагаднымі словамі, то будуць табе служыць увесь час». Але ён пакінуў параду старэйшын і пачаў раіцца з юнакамі, якія выраслі разам з ім і былі ў яго атачэнні. І сказаў ён ім: «Што вам здаецца або што маем адказаць народу гэтаму, які сказаў мне: “Палегчы ярмо, якое ўсклаў на нас бацька твой”»? І юнакі, якія гадаваліся з ім, адказалі і сказалі: «Так скажаш народу, які казаў табе: “Бацька твой абклаў нас ярмом, ты палегчы”, — і так будзеш казаць ім: “Мой мезены палец грубейшы, чым сцёгны майго бацькі; бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я накладу большы цяжар; бацька мой біў вас бізунамі, а я буду вас біць скарпіёнамі”». Такім чынам, трэцяга дня прыбыў Ерабаам ды ўвесь народ да Рабаама, як загадаў ім цар, кажучы: «Вярніцеся да мяне трэцяга дня». Ды адказаў цар ім грозна, пакінуўшы параду старэйшын; і сказаў ім па волі юнакоў: «Бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я яшчэ цяжэйшае ўскладу. Бацька мой біў вас бізунамі, а я буду біць вас скарпіёнамі». І не паслухаў ён просьбы народа. Бо было воляй Божай, каб споўнілася слова Яго, якое сказаў праз руку Ахіі Сіланіта да Ерабаама, сына Набата. А ўвесь Ізраэль, бачачы, што цар не захацеў іх слухаць, сказаў яму: «Не маем мы нічога супольнага з Давідам, ані спадчыны з сынам Ясэя! Вяртайся ў свае палаткі, Ізраэлю! А ты, Давідзе, глядзі свой дом!» І вярнуўся Ізраэль у свае палаткі. А Рабаам цараваў толькі над тымі ізраэльцамі, якія пражывалі ў гарадах Юдэі. І калі цар Рабаам паслаў Адарама, які быў пастаўлены над нявольнікамі, дык сыны Ізраэля ўкаменавалі яго і ён памёр. Затым цар Рабаам паспешна сеў у калясніцу ды ўцёк у Ерузалім. І Ізраэль адлучыўся ад дому Давіда аж па сённяшні дзень.

Рабаам прыбыў у Ерузалім і склікаў усё пакаленне Юды і Бэньяміна — сто восемдзесят тысяч адборных ваяроў, каб ваяваць з Ізраэлем і вярнуць сабе сваю ўладу царскую. І прамовіў Госпад да Сямэі, чалавека Божага, кажучы: «Скажы Рабааму, сыну Саламонаву, цару Юдэі ды ўсяму Ізраэлю, які знаходзіцца ў Юдэі і Бэньяміне: “Гэта кажа Госпад: “Не выходзьце і не ваюйце супраць братоў вашых. Хай кожны вернецца ў дом свой, бо гэта з Маёй волі сталася”». Калі яны пачулі слова Госпадава, вярнуліся і не пайшлі супраць Ерабаама. А Рабаам абжыўся ў Ерузаліме ды адбудаваў мураваныя гарады ў Юдэі. І адбудаваў Бэтлехэм, і Этам, і Тэкуа, таксама Бэтсур, і Соху, і Адалам, таксама Гет, і Марэсу, і Зіф, таксама Адурам, і Лахіс, і Азэку, Сараа таксама, і Аялон, і Геброн, гарады вельмі ўмацаваныя, што былі ў Юдэі і Бэньяміне. І калі акружыў іх мурамі, паставіў у іх кіраўнікоў па харчаванні, і па аліўкавым алеі, і па віне. Але і ў кожным такім горадзе ён зрабіў арсенал шчытоў, і дзід, і ўмацаваў іх з найвялікшай пільнасцю, і валадарыў над Юдэяй і Бэньямінам. Святары ж і левіты, якія былі ва ўсім Ізраэлі, прыходзілі да яго з усіх сваіх пасяленняў. Левіты пакідалі свае ваколіцы і ўладанні і пераходзілі да Юдэі і ў Ерузалім, бо Ерабаам і яго нашчадкі адпіхнулі іх ад святарства Госпадава. Ён сам сабе паставіў святароў узгоркаў, і дэманаў, і цялят, якіх зрабіў. А паслядоўнікі левітаў і з усіх пакаленняў Ізраэля, якія аддалі свае сэрцы на пошук Госпада, Бога Ізраэля, прыбывалі ў Ерузалім, каб складаць ахвяры Госпаду, Богу бацькоў сваіх. І тры гады ўмацавалі ўладу Юдэі і ўзмацнілі Рабаама, сына Саламона; бо хадзілі дарогамі Давіда і Саламона толькі тры гады. Ажаніўся ж Рабаам з Махалат, дачкой Ерымота, сына Давіда і Абігайль, дачкі Эліяба, сына Ясэя, якая нарадзіла яму сыноў: Ягуса, і Самарыю, і Заама. Па ёй ажаніўся з Маахай, дачкой Абсалома, якая нарадзіла яму Абію, і Этая, і Зізу, і Саламіта. Любіў жа Рабаам Мааху, дачку Абсалома, больш за ўсіх жонак сваіх і наложніц; меў бо жонак васемнаццаць, а наложніц — шэсцьдзесят. І меў дваццаць восем сыноў і шэсцьдзесят дачок. А на чале ён паставіў Абію, сына Маахі, кіраўніком над братамі сваімі; яго бо думаў зрабіць царом. І сыноў сваіх мудра разаслаў па ўсіх землях Юдэі і Бэньяміна, ва ўсе мураваныя гарады. І даў ім вельмі шмат ежы і знайшоў для іх многа жонак.

І калі царства Рабаама ўсталявалася і ўмацавалася, занядбаў ён закон Госпадаў, і з ім увесь Ізраэль. А ў пяты год царавання Рабаама, Сэсак, цар Егіпта, пайшоў на Ерузалім — бо яны зграшылі Госпаду — з тысячай двумастамі калясніц, з шасцюдзесяццю тысячамі коннікаў, і з безліччу народа, які ішоў з ім з Егіпта, гэта значыць: з лібійцамі, і сакцыйцамі, і этыёпцамі. І заняў самыя ўмацаваныя гарады ў Юдэі і дайшоў да Ерузаліма. Сямэя ж прарок пайшоў да Рабаама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерузаліме, уцёкшы ад Сэсака, і сказаў ім: «Гэта кажа Госпад: “Вы пакінулі Мяне, і Я пакінуў вас у руцэ Сэсака”». І ўпакораныя князі Ізраэля і цар сказалі: «Госпад справядлівы!» І, калі пабачыў Госпад, што ўпакорыліся, прамовіў Госпад да Сямэі, кажучы: «Таму, што ўпакорыліся вы, не знішчу іх, і скора дам ім ратунак, і не выльецца абурэнне Маё на Ерузалім праз руку Сэсака. Стануць, аднак, яго нявольнікамі, каб пазнаць, што значыць служыць Мне і служыць цару зямному». Такім чынам, напаў Сэсак, цар Егіпта, на Ерузалім і забраў скарбы святыні Госпадавай і палаца царскага; і ўсё забраў сабе, а таксама залатыя шчыты, якія зрабіў Саламон. Замест іх зрабіў цар Рабаам медныя шчыты і перадаў іх кіраўнікам коннікаў, якія вартавалі ўваход у палац цара. І калі ўваходзіў цар у дом Госпада, уваходзілі коннікі і прыносілі іх, і зноў заносілі іх у свой арсенал. Аднак калі цар упакорыўся, адвярнуўся ад яго гнеў Госпадаў, і таму не быў ён цалкам знішчаны; таксама і ў Юдэі мелі месца добрыя справы. Такім чынам, набраўся сіл цар Рабаам у Ерузаліме і далей цараваў. Калі ж стаў царом, меў сорак адзін год, і семнаццаць гадоў валадарыў у Ерузаліме, у горадзе, які выбраў Госпад, каб там пакінуць Сваё імя паміж усіх пакаленняў Ізраэля. І імя маці яго Наама аманіцянка. Дапусціўся ж зла ды не падрыхтаваў свайго сэрца, каб звярнуцца да Госпада. А дзеянні Рабаама першыя і апошнія, апісаны ў Словах прарока Сямэі і Адо прадракальніка, а таксама радаводы і войны, якія ўзніклі між Рабаамам і Ерабаамам за ўвесь час. І супачыў Рабаам з бацькамі сваімі, і пахаваны быў у горадзе Давіда, і сын яго Абія стаў царом замест яго.

На васемнаццаты год царавання Ерабаама, Абія стаў царом у Юдэі. Тры гады цараваў Абія у Ерузаліме. І імя маці яго — Міхая, дачка Урыэля з Габы. І паміж Абіяй і Ерабаамам ішла вайна. І калі Абія пачынаў вайну, меў чатырыста тысяч адборных, вельмі здатных да бою ваяроў, Ерабаам супраць іх выставіў фронт у восемсот тысяч ваяроў, і яны таксама былі адборныя і вельмі мужныя ў баях. Такім чынам, Абія размясціўся на гары Сэмараім, што на гары Эфраіма, і заявіў: «Слухайце, Ерабааме і ўвесь Ізраэль! Ці не ведаеце, што Госпад, Бог Ізраэля, даў уладу Давіду над Ізраэлем навек, яму і сынам яго па запавеце солі? І Ерабаам, сын Набата, паслугача Саламона, сына Давіда, узбунтаваўся супраць валадара свайго; і сабраліся пры ім самыя ліхія людзі, сыны Бэліяла, і выступілі сілай супраць Рабаама, сына Саламона. Прытым Рабаам быў малады і баязлівы сэрцам і не мог супрацьстаяць ім. Такім чынам, цяпер вы кажаце, што можаце процістаяць Валадарству Госпада, якое маеце праз сыноў Давіда; і маеце вельмі шмат народа і цялят залатых, якіх зрабіў вам Ерабаам, як багоў. І выгналі вы святароў Госпадавых, сыноў Аарона, і левітаў, і паставілі сабе святароў, як пагане земляў. Кожны, хто прыходзіць і пасвячае руку сваю на быку з быкоў і на сямі баранах, становіцца ў вас святаром тых, хто не ёсць багі. А для нас Бог ёсць Госпад, Якога мы не пакінулі; і служаць Госпаду святары з сыноў Аарона і левіты па сваім парадку. Таксама штодзень, раніцай і вечарам, складаюць Госпаду цэласпаленні, пах духмянасцей, ды кладуць хлябы на вельмі чыстым стале. І ў нас ёсць таксама залаты падсвечнік і лямпы яго, каб гарэлі заўсёды вечарам: мы бо пільнуем прыказанні Госпада, Бога нашага, ад Якога вы адвярнуліся. Такім чынам, у нашым войску Бог правадыр і Яго святары, якія трубяць у трубы і адклікаюцца да вас, сыны Ізраэля; не ваюйце супраць Госпада, Бога бацькоў вашых, бо гэта не карысна вам». А Ерабаам паслаў дружыну ў засаду, каб ішла яна пасля іх, і яны апынуліся перад юдэямі, і засада за імі. І, прыгледзеўшыся, юдэі ўбачылі, што чакае іх бой спераду і ззаду, дык паклікалі яны Госпада, і святары пачалі трубіць у трубы, і ўсе юдэі паднялі крык, і, вось, калі яны крычалі, Бог пабіў Ерабаама ды ўвесь Ізраэль перад абліччам Абіі і Юдэі. І ўцяклі сыны Ізраэля ад Юдэі, але аддаў іх Бог у іх рукі. Такім чынам, паразіў іх Абія і народ яго плягаю страшнай; і пала пабітых ізраэльцаў пяцьсот тысяч мужных ваяроў. І былі ўпакораны сыны Ізраэля ў той час, і сыны Юдэі ўзмацніліся, таму што ўскладалі надзею на Госпада, Бога бацькоў сваіх. І пераследаваў Абія Ерабаама, што ўцякаў, ды ўзяў гарады яго Бэтэль і ваколіцы яго, Есану з ваколіцамі яе, Эфон таксама з яго ваколіцамі. І за жыццём Абіі Ерабаам ужо не мог набрацца сілы. Пакараў яго Госпад, і ён памёр. Абія ж набраўся сіл, і ўзяў сабе чатырнаццаць жонак, і быў бацькам дваццаці двух сыноў і шаснаццаці дачок. А астатнія дзеянні Абіі, і дарогі, і словы яго запісаны ў апавяданні прарока Адо.

А супачыў Абія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда; і па ім цараваў Аса, сын яго. У яго дні быў супакой на зямлі дзесяць гадоў. Аса ж рабіў усё, што было добрым і мілым перад абліччам Госпада, Бога яго; і перакуліў ён ахвярнікі чужога рытуалу і ўзгоркі, і пабіў ідалаў, і пассякаў слупы, і прыказаў Юдзе прызнаваць Госпада, Бога бацькоў сваіх, і спаўняць закон ды ўсе прыказанні. І выкінуў з усіх гарадоў Юдэі ўзгоркі, і курыльніцы для духмянасцей, і цараваў у супакоі. Таксама пабудаваў умацаваныя гарады ў Юдзе, бо быў супакой на зямлі, і ў яго час не ўзнікалі ніякія войны, бо надзяліў яе Бог супакоем. Сказаў ён Юдэі: «Адбудуем гэтыя гарады ды абвядзём мурамі, і ўмацуем вежамі, і брамамі, і заваламі пакуль жывём без войнаў; бо мы туліліся да Госпада, Бога нашага, і Ён прыхільны быў да нас, і даў нам адусюль супакой». Дык адбудаваліся яны і жылі шчасліва. А Аса меў войска з Юдэі, узброенае шчытамі і дзідамі, — трыста тысяч; з пакалення ж Бэньяміна ўзброеных шчытамі і дзідамі — дзвесце восемдзесят тысяч: усе яны былі наймужнейшымі ваярамі. А выйшаў супраць іх вайной Зара, этыёп з войскам у мільён, і з трымастамі калясніцамі і дайшоў аж да Марэсы. Затым Аса выйшаў яму насустрач і выстраіліся яны да бою ў даліне блізка да Марэсы, і прызваў Аса Госпада, Бога свайго, і сказаў: «Госпадзе, для Цябе ніякай розніцы, ці Ты дапаможаш моцнаму, ці бяссільнаму; дапамажы нам, Госпадзе, Божа наш. У Табе бо і ў Тваім імю маючы надзею, выйшлі мы супраць такой вялікай сілы. Госпадзе, Ты Бог наш, не пераможа Цябе чалавек». Дык пабіў Госпад этыёпцаў перад абліччам Асы і Юдэі, і этыёпцы ўцяклі. І гнаўся за імі Аса і народ, які з ім быў, аж да Герара; і палі этыёпцы аж да вынішчэння, бо былі знішчаны Госпадам і Яго баявым войскам. Такім чынам, узялі многа здабычы і здабылі ўсе гарады вакол Герара: бо ахапіў іх вялікі страх Госпадаў. І абрабавалі ўсе гарады, і прынеслі вялікую здабычу. І разбурылі шалашы стадаў і забралі незлічонае мноства авечак і вярблюдаў, а затым вярнуліся ў Ерузалім.

Азарыя, сын Адэда, атрымаўшы на сябе Духа Божага, выйшаў насустрач Асе і сказаў яму: «Слухайце мяне ты, Аса, ды ўся Юдэя і Бэньямін! Госпад з вамі, бо вы былі з Ім. Калі будзеце шукаць Яго, будзе знойдзены вамі; а калі пакінеце Яго, Ён вас пакіне. Многа часу жыў Ізраэль без Бога праўды і без святара, настаўніка ды без закону. І калі навернецеся ў горы сваім да Госпада, Бога Ізраэля ды будзеце шукаць Яго, то знойдзеце Яго. У тыя часы не было супакою і таму, хто выходзіў, і таму, хто ўваходзіў, але вялікае хваляванне было ва ўсіх жыхарах земляў, бо народ змагаўся з народам, і горад — з горадам, бо Госпад мучыў іх усякаю бядою. Вы ж будзьце дужымі ды хай не млеюць рукі вашы; бо будзе ўзнагарода працы вашай». Калі Аса пачуў гэтыя словы і прароцтва, то падбадзёрыўся і выдаліў ідалаў з усёй зямлі Юдэі і Бэньяміна, і з гарадоў, якія здабыў на гары Эфраім, і прысвяціў Госпаду ахвярнік, які знаходзіўся перад прысенкам Госпада. І сабраў увесь народ Юдэі і Бэньяміна, і з імі чужынцаў з Эфраіма, і з Манасы, і з Сімяона; вельмі многія бо да яго ўцяклі з Ізраэля, бачачы, што Госпад, Бог яго, з ім. І калі сышліся ў Ерузалім у трэцім месяцы пятага года царавання Асы, у той дзень склалі ахвяры Госпаду са здабычы, якую прывялі: семсот валоў і сем тысяч авечак. І ўступілі ў прымірэнне, каб шукаць Госпада, Бога бацькоў сваіх, усім сэрцам ды ўсёю душою сваёю: а кожны, хто не стане шукаць Госпада, Бога Ізраэля, — будзе пакараны смерцю ад малога да старога, ад мужчыны аж да жанчыны. І прысягнулі Госпаду з вялікім і радасным крыкам, і з гудзеннем труб, і з гукам рагоў. Усе, што былі з Юдэі, цешыліся з прысягі; прысягнулі бо ўсім сэрцам сваім і з усёю добраю воляю шукалі Яго, і быў Ён знойдзены імі. І надзяліў іх Госпад супакоем навокал. Але і Мааху, маці Асы, цар выдаліў, каб не была валадаркай за тое, што зрабіла ідала Асэры; яго Аса пабіў на кавалкі і спаліў каля ручая Цэдрон. А ўзгоркі засталіся ў Ізраэлі; аднак сэрца Асы было дасканалым ва ўсе яго дні. Тое, што паабяцаў бацька яго і ён сам, — памясціў у доме Божым: срэбра, і золата, і ўсякія пасудзіны. Вайны ж не было аж да трыццаць пятага года царавання Асы.

А на трыццаць шосты год царавання Асы напаў Бааса, цар Ізраэля, на Юдэю; і мурам акружыў Раму, каб ніхто не мог вольна выйсці і ўвайсці з царства Асы. Дык узяў тады Аса срэбра і золата са скарбаў дома Госпадавага і з палаца царскага ды паслаў Бэнададу, цару Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы: «Трывае дамова між мною і табою, і між маім бацькам і тваім бацькам; дзеля таго паслаў табе срэбра і золата, каб ты, разарваўшы дамову, якую маеш з Баасам, царом Ізраэля, прымусіў яго ад мяне адступіцца». Бэнадад паслухаў цара Асу і паслаў кіраўнікоў войскаў сваіх у гарады Ізраэля; напалі яны на Агіён, і Дан, і Абэл-Маім і на ўсе склады гарадоў Нэфталі. Калі пра гэта пачуў Бааса, перастаў адбудоўваць Раму ды спыніў сваю работу. Затым цар Аса сабраў усю Юду, і забралі яны з Рамы камяні і дрэвы, якімі карыстаўся пры будаўніцтве Бааса, ды з іх пабудавалі Габу і Міцпу. У той час прыйшоў Ханані Прадракальнік да Асы, цара Юдэі, ды сказаў яму: «Таму што ты меў надзею на цара Сірыі, а не на Госпада, Бога твайго, таму выйдзе з-пад рукі тваёй войска цара Сірыі. Ці ж этыёпцы і лібійцы не былі вялікай сілай дзеля калясніц, і коннікаў, і вялікай колькасці? Іх, — бо ты верыў Госпаду, — аддаў Ён у рукі твае! Вочы бо Госпадавы сочаць за ўсёю зямлёю, і даюць мужнасць тым, хто шчырым сэрцам верыць у Яго. Дык неразумна паступаў ты ў гэтым, бо ад цяперашняга часу пачнуцца войны супраць цябе». І, разгневаўшыся на Прадракальніка, Аса загадаў яго ўкінуць у вязніцу, бо надта быў дзеля гэтага ўзлаваны; і ў той час мучыў Аса і другіх з народа. А першыя і апошнія дзеянні Асы запісаны былі ў кнізе цароў Юдэі і Ізраэля. Таксама захварэў Аса вельмі цяжкай хваробай ног на трыццаць дзевятым годзе свайго царавання; але і ў хваробе сваёй не шукаў Госпада, але больш спадзяваўся на майстэрства лекараў. І супачыў Аса са сваімі бацькамі, і памёр на сорак першым годзе свайго валадарання. І пахавалі яго ў яго труне, якую прыгатаваў сабе ў горадзе Давіда; і паклалі яго на ложку, поўным духмянасцей і розных намашчэнняў, што былі прыгатаваны майстэрствам гандляроў мазямі, і спалілі іх пры пахаванні вялікае мноства.

Цараваў жа Язафат, сын яго, на месцы яго, ды ўмацаваўся ён супраць Ізраэля. І паставіў ён войска ва ўсіх гарадах Юдэі, якія былі абкружаны мурамі; і размясціў на зямлі Юдэі гарнізоны, а таксама ў гарадах Эфраіма, якія здабыў Аса, бацька яго. І Госпад быў з Язафатам, бо хадзіў ён першымі дарогамі бацькі свайго ды не ўскладаў надзею на Баалаў, але на Бога бацькі свайго, і па прыказаннях Яго паступаў, і не паводле грахоў Ізраэля. І ўмацаваў Госпад царства ў яго руцэ, дый уся Юдэя давала дары Язафату; і нажыў ён бязмежныя багацці і вялікую славу. І калі сэрца яго набралася адвагі дзеля дарог Госпада, ён таксама выдаліў узгоркі і слупы з Юдэі. А на трэці год валадарання свайго паслаў князёў сваіх: Бэнгайла, і Абдзію, і Захарыю, і Натанаэля і Міхея, каб навучалі ў гарадах Юдэі, а з імі левітаў: Сямэю, і Натанію, і Забадзію, таксама Асаэля, і Сэмірамота, і Ёнатана, і Адонію ды Тобію — левітаў, і з імі святароў: Элісаму і Ёрама. Вучылі яны ў Юдэі, маючы кнігу закону Госпадава, і абышлі ўсе гарады Юдэі, і навучалі народ. Такім чынам, ажыў страх Госпадаў па ўсіх царствах земляў, што былі вакол Юдэі, і не адважваліся ваяваць супраць Язафата. Але і ад філістынцаў прыносілі дары Язафату і даніну срэбрам; таксама арабы прыводзілі статкі бараноў у сем тысяч семсот, ды столькі ж казлоў. Дык узрос Язафат, і праславіўся аж да неба, і пабудаваў у Юдэі замкі і гарады складаў. І многа было ў яго пад рукою запасаў у гарадах Юдэі; таксама былі ў Ерузаліме баявыя ваяры і асілкі, лік якіх паводле іх пакаленняў: у Юды кіраўнікамі войска былі: кіраўнік Эдна, і з ім трыста тысяч найдужэйшых ваяроў, і на яго баку Ёганан кіраўнік, і з ім дзвесце восемдзесят тысяч чалавек, таксама на яго баку Амасія, сын Зэхры, прысвечаны Госпаду, і з ім дзвесце тысяч мужных ваяроў. А ад Бэньяміна мужны ў баях Эліяда, і з ім дзвесце тысяч лучнікаў і шчытаносцаў, і на яго баку Ёзабад, і з ім сто восемдзесят тысяч спрактыкаваных ваяроў. Яны ўсе былі пад рукой цара, за выключэннем тых, якіх ён размясціў ва ўмацаваных гарадах па ўсёй зямлі Юдэі.

Такім чынам, Язафат быў багатым і вельмі слаўным, і зрадніўся ён з Ахабам. І па некалькіх гадах накіраваўся да Ахаба ў Самарыю, і да прыбыцця яго Ахаб забіў многа авечак і валоў, яму і народу, які прыбываў разам з ім; і ўгаварыў яго, каб ён пайшоў з ім супраць Рамота ў Галаадзе. І Ахаб, цар Ізраэля, сказаў Язафату, цару Юдэі: «Хадзі са мною ў Рамот у Галаадзе». Той адказаў яму: «Я так, як і ты; народ мой, як і твой народ, і разам з табою будзем ваяваць». І сказаў Язафат цару Ізраэля: «Парайся, прашу, пры сённяшніх справах, што кажа Госпад». Тады цар Ізраэля сабраў чатырыста чалавек прарокаў і спытаўся ў іх: «Ці ісці нам на Рамот у Галаадзе вайной, ці павінны мы ўстрымацца?» А яму: «Ідзі, — кажуць, — і аддасць іх Бог у рукі цара». І адазваўся Язафат: «Ці няма тут яшчэ іншага прарока Госпадава, каб ад яго таксама даведацца?» Тады сказаў цар Ізраэля Язафату: «Яшчэ ёсць адзін чалавек, у якога маглі б мы спытацца пра волю Госпадаву; але я яго зненавідзеў, бо ён увесь час прарочыць для мяне не дабро, а ліха: гэта Міхей, сын Емлі». І сказаў Язафат: «Не гавары, цар, гэтак». Дык пазваў цар Ізраэля аднаго з еўнухаў і сказаў яму: «Пакліч як найхутчэй Міхея, сына Емлі». Затым цар Ізраэля і цар Юдэі Язафат абодва селі на пасады свае, апранутыя ў шаты царскія; сядзелі ж на плошчы каля Самарыйскай брамы, і ўсе прарокі прарочылі перад абліччам іх. Сэдэцыя ж, сын Ханааны, зрабіў сабе жалезныя рогі і казаў: «Гэта кажа Госпад: “Імі будзеш турбаваць Сірыю аж да знішчэння яе”». Ды ўсе прарокі падобна прарочылі, і казалі: «Ідзі ў Рамот Галаадскі, і пашчаслівіцца. Аддасць іх Бог у рукі цара». Пасланец жа, які пайшоў клікаць Міхея, сказаў яму: «Вось, прароцтвы ўсіх прарокаў у адзін голас дабро цару прадказваюць; дык прашу цябе, каб і слова тваё ад іх не рознілася, і прарочы шчаслівае». Міхей яму адказаў: «Хай жыве Госпад, бо што скажа Бог мой, тое я гавару». Такім чынам, прыбыў да цара. Цар пытаецца ў яго: «Міхей, маем мы ісці ў Рамот у Галаадзе ваяваць, ці ўстрымацца?» Ён адказаў яму: «Ідзіце, і хай вам шчаслівіцца, каб ворагі трапілі ў вашы рукі». І сказаў цар: «Колькі разоў маю цябе заклінаць, каб ты не казаў мне нічога другога, толькі праўду ў імя Госпада». Тады сказаў ён: «Бачыў я ўвесь Ізраэль расцярушаны па гарах, як авечкі без пастуха. І сказаў Госпад: “Не маюць яны гаспадара; хай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі!”» І сказаў цар Ізраэля Язафату: «Ці не казаў я табе, што ён не праракуе мне нічога добрага, але тое, што благое?» А таму Міхей сказаў: «Слухайце слова Госпадава. Убачыў я Госпада, Які сядзіць на сваім пасадзе, ды ўсё нябеснае войска, якое абкружае Яго з правага і з левага боку; і спытаў Госпад: “Хто падмане цара Ізраэля Ахаба, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім?” І калі адзін казаў так, а другі інакш, тады выступіў адзін дух, і стаў перад Госпадам, і сказаў: “Я падману яго”. Спытаўся ў яго Госпад: “Чым яго падманеш?” А ён адказаў: “Пайду і стану духам ілжывым у вуснах усіх яго прарокаў”. І сказаў Госпад: “Падманеш і пераможаш. Ідзі і так зрабі”. Дык цяпер знай, што Госпад даў духа хлусні ў вусны ўсіх тваіх прарокаў ды Госпад прадказаў табе няшчасце». Тады Сэдэцыя, сын Ханааны, падышоў і ўдарыў па твары Міхея і сказаў: «Якой дарогай прыйшоў Дух Госпадаў ад мяне, каб сказаць табе?» І Міхей сказаў: «Ты сам убачыш у той дзень, калі будзеш уваходзіць то ў адзін пакой, то ў іншы, каб схавацца». А цар Ізраэля загадаў, кажучы: «Вазьміце Міхея і завядзіце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына цара, і скажыце: “Гэта загадвае цар: “Укіньце яго ў вязніцу і дайце яму крыху хлеба і трошкі вады, пакуль не вярнуся ў супакоі”». І Міхей сказаў: «Калі вернешся ў супакоі, не сказаў мне гэтага Госпад». Затым сказаў: «Слухайце ўсе народы!» Такім чынам, цар Ізраэля і Язафат, цар Юдэі, пайшлі ваяваць у Рамот у Галаадзе. І звярнуўся цар Ізраэля да Язафата: «Я змяню адзенне і так пайду ваяваць; а ты апраніся ў твае шаты». Затым цар Ізраэля, змяніўшы адзенне, уступіў у бой. Цар жа Сірыі загадаў кіраўнікам калясніц сваіх, кажучы: «Не ваюйце ані супраць малага, ані супраць вялікага, адно толькі супраць цара Ізраэля!» Дык калі кіраўнікі калясніц убачылі Язафата, сказалі: «Гэта цар Ізраэля!» І акружылі яго, каб з ім ваяваць. Але ён ускрыкнуў да Госпада, і памог Ён яму, і Бог адвярнуў іх ад яго. Бо калі кіраўнікі калясніц убачылі, што ён не цар Ізраэля, яны пакінулі яго. Здарылася, аднак, што адзін з ваяроў выпадкова пусціў стралу і прабіў цара Ізраэля паміж засцежкамі кальчугі. Дык ён сказаў возніку свайму: «Павярні сваю руку і выведзі мяне з бою, бо я паранены». І ўскладніўся бой у той дзень; цар жа стаяў у калясніцы сваёй насупраць сірыйцаў да вечара і на захадзе сонца памёр.

А цар Юдэі Язафат спакойна вярнуўся ў дом свой у Ерузалім. Насустрач яму выбег Егу, сын Ханані Прадракальніка, і сказаў яму: «Бязбожніку ты даеш дапамогу і з тымі, што ненавідзяць Госпада, распачынаеш сяброўства, — і таму сапраўды заслужыў ты гнеў Госпада; але абараняюць цябе добрыя ўчынкі твае, бо ты выдаліў слупы з зямлі і падрыхтаваў сэрца сваё, каб шукаць Бога». Такім чынам, абжыўся Язафат у Ерузаліме. І зноў пайшоў у народ ад Бээр-Сэбы аж да гары Эфраіма і заклікаў яго да Госпада, Бога бацькоў іх. І паставіў суддзяў у зямлі, ва ўсіх гарадах Юдэі, у кожным умацаваным горадзе. І загадаў суддзям: «Глядзіце, што робіце. Бо не з волі чалавека судзіце, але з волі Госпада, Які з вамі, калі каго судзіце. Хай будзе страх Госпадаў з вамі і разважна ўсё рабіце; бо няма ў Госпада, Бога нашага, нясправядлівасці, ані ўвагі на асобы, ані хцівасці да падарункаў». Таксама ў Ерузаліме паставіў Язафат суддзяў з левітаў і з святароў, і з кіраўнікоў родаў для Ізраэля, дзеля суда Госпада ў справах жыхароў Ерузаліма. І загадаў ім, кажучы: «Маеце так рабіць са страхам Госпада: справядліва ды са шчырым сэрцам. Ва ўсякай справе, якая паступіць да вас ад братоў вашых, што пражываюць у сваіх гарадах, ці гэта справа забойства, ці закону, ці настаўлення, ці прыказанняў і апраўданняў, павучайце іх, каб не грашылі на Госпада ды каб Яго гнеў не абярнуўся на вас і братоў вашых; такім чынам рабіце і не дапускайцеся грахоў. А святар Амарыя будзе кіраўніком над вамі ва ўсім, што датычыць Бога; затым Забадзія, сын Ізмаэля, які з’яўляецца загадчыкам над домам Юды, будзе нам тымі справамі, што датычаць царскай службы; і левіты будуць у вас пісарамі. Будзьце мужнымі і спраўляйцеся пільна, ды хай Госпад будзе [да вас] з дабром».

Пасля гэтых падзей сабраліся сыны Мааба ды сыны Амона і з імі мааніты супраць Язафата, каб ваяваць з ім. І прыйшлі пасланцы, і сказалі Язафату, паведамляючы: «Выступіла вялікае мноства супраць цябе з тых мясцовасцей, што за морам знаходзяцца, з Эдома, ды вось яны ў Асасон-Тамары, гэта значыць у Эн-Гадзі». Язафат жа, праняты страхам, усяго сябе звярнуў запытацца ў Госпада ды аб’явіў усёй Юдэі пост. Дык сабралася ўся Юдэя маліцца да Госпада; але і з усіх яе гарадоў прыбылі ўмольваць Яго. І калі стаў Язафат пасярод супольнасці Юдэі і Ерузаліма ў доме Госпада перад новым прысенкам, то маліўся: «Госпадзе, Божа бацькоў нашых, Ты Бог у небе і валадарыш над усімі царствамі паганскімі; у руцэ Тваёй моц і магутнасць, і ніхто не можа Табе супрацівіцца. Ці не Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў гэтай зямлі перад народам Тваім, Ізраэлем, і даў яе навек нашчадкам Абрагама, сябра Твайго? І абжыліся на гэтай зямлі ды пабудавалі на ёй святыню імю Твайму, кажучы: “Калі нападуць на нас беды, меч суда, пошасць і голад, станем перад гэтым домам перад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў гэтым доме, ды будзем прызываць Цябе ў бедах нашых, і Ты выслухаеш і збавіш нас”. Такім чынам, цяпер, вось, сыны Амона, і Мааба, і жыхары гары Сэір, праз зямлю якіх Ты не дазволіў прайсці Ізраэлю, калі вярталіся яны з Егіпта, так што абмінулі іх і не забілі іх, наадварот, стараюцца і дзейнічаюць, каб нас выкінуць з уладання Твайго, якое Ты нам даручыў. Божа наш, дык Ты не асудзіш іх? Мы бо не маем такой сілы, каб маглі мы супрацівіцца такому мноству, якое нахлынула на нас; але паколькі мы не ведаем, што маем рабіць, то вочы нашы звяртаюцца да Цябе». Кожны ж юдэй стаяў перад абліччам Госпада са сваімі малюткамі, і з жонкамі ды са сваімі дзецьмі. А ў супольнасці з’явіўся Дух Госпадаў ды супачыў на Яхазіэлі, сыне Захарыі, сына Банаі, сына Егіэля, сына Матаніі, левіце з сыноў Асафа, і ён сказаў: «Слухайце, уся Юдэя дый усе, хто пражывае ў Ерузаліме, ды ты, цар Язафаце, гэта кажа Госпад вам: “Не бойцеся ды не палохайцеся гэтага вялікага мноства; бо не вы будзеце ваяваць, але Бог”. Заўтра выступіце супраць іх; яны бо ўзойдуць на ўзгорак з назваю Сіс, і знойдзеце іх у канцы даліны, што насупраць пустыні Еруэль. Гэта не вы маеце ваяваць; а толькі смела станьце і ўбачыце дапамогу Госпада для вас, о Юдэя і Ерузалім! Не бойцеся і не палохайцеся: заўтра выйдзеце супраць іх, і Госпад будзе з вамі». Такім чынам, Язафат упаў на калені тварам сваім да зямлі, дый усе жыхары Юдэі і Ерузаліма ўпалі перад Госпадам і пакланіліся Яму. Затым левіты спаміж сыноў Кагата, гэта значыць, спаміж сыноў Корэ, падняліся і пачалі славіць Госпада, Бога Ізраэля, моцным голасам аж пад неба. І калі раніцай падняліся, пайшлі ў пустыню Тэкуа; і Язафат, стоячы пасярод іх, сказаў: «Слухайце мяне, жыхары Юдэі і Ерузаліма! Майце веру ў Госпада, Бога вашага, і застанецеся; верце прарокам Яго — і ўсё будзе добра ў вас». І зрабіў нараду з народам, і паставіў спевакоў Госпада, каб у святочных шатах славілі Яго і каб ішлі наперадзе войска ды гучным голасам спявалі: «Слаўце Госпада, бо міласэрнасць Яго вечная». І калі яны пачалі спяваць гімны пахвалы, Госпад учыніў нязгоду паміж сынамі Амона, і Мааба, і жыхарамі гары Сэір, якія выйшлі ваяваць супраць Юдэі, ды былі яны пабітыя. І сыны Амона і Мааба пайшлі тады супраць жыхароў гары Сэір, каб забіць іх і знішчыць; і калі гэтага дамагліся, сталі ваяваць таксама паміж сабою ды забіваць адзін аднаго. Затым юдэі, калі прыбылі на ўзвышша, з якога віднелася пустыня, воддаль убачылі ўсю ваколіцу, якая была заслана шматлікімі трупамі, убачылі, што не засталося нікога, хто б здолеў пазбегнуць смерці. Дык прыйшоў Язафат ды ўвесь народ з ім, каб зняць з мёртвых здабычу, і знайшлі шмат жывёлы, і посуду, а таксама адзення і іншых найкаштоўнейшых рэчаў, і набралі так шмат, што ўсё не маглі панесці, і тры дні выносілі, так бо многа было здабычы. А на чацвёрты дзень сабраліся ў Лагчыне Бараха; таму што там дабраславілі Госпада, называюць тое месца Лагчынай Дабраславення па сённяшні дзень. І ўсе юдэі, ерузалімцы і Язафат перад імі вярнуліся з радасцю вялікай у Ерузалім, таму што Госпад даў ім радасць дзеля іх ворагаў; і ўвайшлі ў Ерузалім з псалтэрыёнамі, і цытрамі, і трубамі ў дом Госпадаў. А калі пачулі, што Госпад ваяваў супраць ворагаў Ізраэля — страх Божы ўпаў на ўсе краіны зямлі. І жыло ў супакоі царства Язафата, і даў яму Бог Яго навокал супакой. Так Язафат быў царом над Юдэяй. І меў ён трыццаць пяць гадоў, калі стаў царом; а дваццаць пяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Азуба, дачка Сэлаха. І ішоў ён дарогай свайго бацькі Асы ды не збочыў з яе, чынячы тое, што справядліва было перад Госпадам. Аднак узгоркі не былі выдалены; дасюль народ не накіраваў свайго сэрца да Бога бацькоў сваіх. А астатнія дзеянні Язафата, першыя і апошнія, запісаны ў словах Егу, сына Ханані, якія ўнесены ў кнігі цароў Ізраэля. Па гэтым цар Юдэі Язафат завязаў сяброўства з Ахазіем, царом Ізраэля, якога ўчынкі былі надта ліхія, і ён удзельнічаў з ім у будаванні караблёў, што мелі плысці ў Тарсіс, і флот пабудавалі ў Эцыён-Гебэры. А праракаваў Эліязэр, сын Додзі з Марэсы, адносна Язафата, кажучы: «Таму, што ты пасябраваў з Ахазіем, Госпад пакараў справы твае». І разбіліся караблі, і не маглі плысці ў Тарсіс.

А супачыў Язафат са сваімі бацькамі ды пахаваны быў з імі ў горадзе Давіда; і царом стаў па ім сын яго Ярам. Ён меў братоў, сыноў Язафата: Азарыю, і Ягіэля, і Захарыю, і Азарыю, і Міхаэля, і Сафацію; усе яны былі сынамі Язафата, цара Ізраэля. І пакінуў ім бацька іх многа дароў срэбра, і золата, і каштоўныя рэчы разам з вельмі ўмацаванымі гарадамі ў Юдэі; царства ж перадаў Яраму, таму што ён быў першародны. Такім чынам, Ярам узяў уладу над царствам бацькі свайго; і, калі ўмацаваўся, забіў усіх братоў сваіх мечам, ды некаторых князёў Ізраэля. Меў Ярам трыццаць два гады, калі стаў царом, і восем гадоў цараваў у Ерузаліме. І пайшоў дарогаю цароў Ізраэля так, як рабіў дом Ахаба; дачка ж Ахаба была яго жонкаю. І нарабіў ён ліха перад абліччам Госпада. Аднак не хацеў Госпад нішчыць дом Давіда дзеля прымірэння, якое заключыў з ім, ды таму, што абяцаў даць яму і сынам яго светач на ўвесь час. У тыя дні ўзбунтаваўся Эдом, каб не быць падпарадкаваным Юдэі, і паставіў сабе цара. І калі выправіўся Ярам з кіраўнікамі сваімі ды з усімі калясніцамі, што былі з імі, ноччу падняўся і паразіў эдомцаў, якія яго акружалі, а таксама ўсіх кіраўнікоў калясніц іх. Аднак эдомцы ўзбунтаваліся, каб не быць пад уладай Юдэі, аж па гэты дзень. У той час і Лебна адышла, каб не быць пад яго рукой; пакінуў бо Госпада, Бога бацькоў сваіх. Акрамя таго, ён пабудаваў узгоркі на гарах Юдэі і дазволіў распуснічаць жыхарам Ерузаліма ды горшыў Юдэю. Прынесены быў яму ліст ад прарока Іллі, у якім было напісана: «Гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Таму, што ты не пайшоў дарогамі Язафата, бацькі твайго, і дарогамі Асы, цара Юдэі, але ўзышоў на дарогу цароў Ізраэля і дазволіў распуснічаць Юдэі і жыхарам Ерузаліма, успадкаемліваючы распусту дома Ахаба, і, звыш таго, забіў братоў сваіх, з дому бацькі свайго, лепшых за цябе: вось, Госпад паразіць вялікім горам народ твой, сыноў і жонак тваіх ды ўсю маёмасць тваю; ты ж захварэеш самай ліхой хваробай жывата свайго, пакуль не выйдзе пакрыху ў некалькі дзён нутро тваё”». Дык узбудзіў Госпад супраць Ярама дух філістынцаў і арабаў, якія межаваліся з этыёпцамі, і яны ўварваліся ў зямлю Юдэі, і знішчылі яе ды захапілі ўсю маёмасць, што знаходзілася ў палацы цара, а па-за гэтым і сыноў яго, і жонак, і не застаўся яму ніводзін сын, апрача найменшага Ёахаза. І пасля ўсяго гэтага паразіў яго Госпад невылечнай хваробай жывата. І, калі праходзіў дзень за днём і ішоў час, на працягу двух гадоў скончыўся шлях яго; і так ён быў змучаны доўгаю хваробаю, што нават вывергнуў нутро сваё, адначасова пазбавіўся ён хваробы і жыцця. І памёр у хваробе ліхой, і не справіў яму народ яго пахавання па звычаі спалення, як справіў папярэднікам яго. Калі стаў царом, меў трыццаць два гады, і восем гадоў быў царом у Ерузаліме. І адышоў так, што ніхто аб ім не пашкадаваў; і пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў царскай грабніцы.

А на яго месца жыхары Ерузаліма выбралі царом Ахазію, найменшага яго сына, бо ўсе старэйшыя былі забіты шайкай, якая з арабамі напала на лагер; і цараваў Ахазія, сын Ярама, цара Юдэі. А калі стаў ён царом, меў Ахазія дваццаць два гады, і адзін год быў ён царом у Ерузаліме. Імя маці яго — Аталія, дачка Амры. Але і ён пайшоў дарогамі сям’і Ахаба; бо маці яго падштурхнула яго, каб ён дзейнічаў нягодна. Такім чынам, рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, як дом Ахаба; бо яны на яго загубу былі яму дарадчыкамі па смерці яго бацькі. І ішоў за іх парадамі, і пайшоў з Ярамам, сынам Ахаба, царом Ізраэля, ваяваць супраць Газаэля, цара Сірыі, у Рамот Галаадскі, і сірыйцы ранілі Ярама. Ён вярнуўся, каб лячыцца ў Езрагэлі ад ран, якія атрымаў у вышэй названым баі. Дык Ахазія, сын Ярама, цар Юдэі, выбраўся, каб наведаць Ярама, сына Ахаба, які ў Езрагэлі хварэў. Але воляй Божай было супраць Ахазіі, каб ён наведаў Ярама; і калі ён прыбыў, то разам з Ярамам пайшоў супраць Егу, сына Намсі, якога Госпад намасціў на цара, каб ён знішчыў дом Ахаба. Такім чынам, у час, калі Егу спраўляў суд над домам Ахаба, знайшоў князёў Юдэі і сыноў братоў Ахазіі, якія служылі яму, і забіў іх. І шукаў потым самога Ахазію, і схапілі яго, калі ён хаваўся ў Самарыі, і завялі да Егу, і ён забіў яго. І пахавалі яго таму, што казалі, што ён сын Язафата, які ўсім сэрцам сваім шукаў Госпада. І не было тады нікога з нашчадкаў Ахазіі, хто мог бы быць царом. Калі Аталія, маці Ахазіі, даведалася, што сын яе памёр, паднялася і загубіла ўсіх нашчадкаў царскага дому Юдэі. Але Ёсабэт, дачка цара, узяла Ёаса, сына Ахазіі, і ўкрала яго паміж сыноў цара, калі іх забівалі, і схавала яго разам з нянькай яго ў спальным пакоі. Ёсабэт ж, якая схавала яго, была дачкой цара Ярама, жонкаю Ёяды першасвятара, сястрой Ахазіі; і з-за таго Аталія не забіла яго. Таму прабываў ён з імі, схаваны ў доме Божым, шэсць гадоў, у якія царавала над краем Аталія.

А на сёмы год Ёяда, набраўшыся сілы, прыняў у змову сотнікаў: Азарыю, сына Ерахама, і Ізмаэля, сына Ёганана, таксама Азарыю, сына Абэда, і Маасію, сына Адаі, і Элісафата, сына Зэхры, і з імі ўвайшоў у змову. Яны абышлі зямлю Юдэі ды сабралі левітаў з усіх гарадоў Юдэі і кіраўнікоў родаў Ізраэля і прыбылі ў Ерузалім. Затым уся гэта супольнасць у доме Божым заключыла запавет з царом. Сказаў ім Ёяда: «Вось, сын цара будзе валадарыць, як прадказаў Госпад адносна сыноў Давіда. Дык гэта маеце рабіць. Трэцяя частка вас: са святароў, і левітаў, і прыдзверных, якія спаўняеце службу ў суботу, — будзе ў брамах, трэцяя ж частка — ля дома цара, і трэцяя — уся ў браме, якая завецца Падмуркам; а рэшта народа хай будзе на панадворку святыні Госпада. І хай ніхто іншы не ўваходзіць у дом Госпада, апрача святароў і тых, хто служыць з левітаў; толькі яны ўваходзяць, бо яны асвячоныя. І ўвесь астатні народ хай захавае вернасць Госпаду. А левіты хай акружаць цара з усіх бакоў, маючы кожны зброю сваю ў руках. І калі хто іншы ўвойдзе ў святыню, хай будзе забіты. І будзьце з царом, калі ён будзе ўваходзіць або выходзіць». Дык левіты ды ўсе з Юдэі зрабілі ўсё так, як загадаў ім першасвятар Ёяда. Кожны ўзяў сваіх людзей, якія прыходзілі ў суботу, з тымі, якія выходзілі ў суботу: бо першасвятар Ёяда не дазволіў адысці дружынам, якія звычайна змяняліся кожны тыдзень. І далей першасвятар Ёяда даў сотнікам дзіды, і шчыты, і кальчугі цара Давіда, якія былі ў святыні Божай. І расставіў увесь народ са зброяй у руках вакол цара ўздоўж святыні ад правага боку аж да левага боку перад ахвярнікам і святыняй. І вывелі сына цара, і ўсклалі яму дыядэму і сведчанне ды паставілі яго царом. Таксама Ёяда першасвятар і сыны яго намасцілі яго; і загаманілі ўголас, і сказалі: «Хай жыве цар!» Калі Аталія пачула гоман людзей, якія бегалі і славілі цара, накіравалася яна да народа ў святыню Госпада. Глянула: аж стаіць цар на прыступцы сваёй пры ўваходзе, і князёў, і трубы каля яго, і ўвесь народ зямлі, які радуецца і трубіць у трубы, і спевакоў з рознымі музычнымі інструментамі, якія спяваюць гімны хвалы, то раздзерла яна шаты свае і закрычала: «Змова, змова!» А першасвятар Ёяда загадаў сотнікам, што былі над войскам, кажучы: «Выведзіце яе за агароджу святыні. А хто пойдзе за ёй, забіце яе звонку мечам». Бо сказаў першасвятар: «Не забівайце яе ў доме Госпада!» І схапілі яе; і, калі ўваходзіла ў браму, дзе ўязджаюць коні ў палац царскі, забілі яе там. А Ёяда заключыў дамову між сабою і ўсім народам і царом, каб былі народам Госпадавым. Затым увесь народ увайшоў у дом Баала і разбурылі яго, і ахвярнікі і статуі яго паразбівалі; таксама святара Баала Матана забілі перад ахвярнікам. А Ёяда паставіў загадчыкаў у доме Госпадавым пад кіраўніцтвам святароў і левітаў, якіх Давід падзяліў у доме Госпада, каб складалі цэласпаленні Госпаду, як запісана ў законе Майсея, з радасцю і са спевамі па распараджэнні Давіда. Паставіў ён таксама прыдзверных пры брамах святыні Госпадавай, каб часам не ўвайшоў туды хто нячысты ў якой-небудзь справе. І ўзяў сотнікаў і наймужнейшых ваяроў і кіраўнікоў народа ды ўвесь народ зямлі, і вывелі цара з дома Госпада, і пасадзілі яго на пасадзе царскім. І цешыўся ўвесь народ краю, і горад жыў спакойна; а Аталію забілі мечам.

Ёас стаў царом, калі меў сем гадоў, і сорак гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Сэбія з Бээр-Сэбы. І ва ўсе дні першасвятара Ёяды рабіў ён тое, што добрае перад Богам. А Ёяда ўзяў для яго дзве жонкі, ад якіх нарадзіў ён сыноў і дачок. З часам прыйшла ў сэрца Ёаса думка аднавіць дом Госпада. Дык сабраў святароў і левітаў і сказаў ім: «Ідзіце ў гарады Юдэі ды збірайце з усяго Ізраэля грошы дзеля папраўкі даху святыні Бога вашага на кожны год. І паспяшайце з гэтаю справай». Але левіты не спяшаліся. Ды паклікаў цар кіраўніка Ёяду і сказаў яму: «Чаму ты не рупішся, каб змусіць левітаў збіраць з Юдэі і Ерузаліма грошы, вызначаныя Майсеем, паслугачом Госпада, каб уносіла іх уся супольнасць Ізраэля для палаткі сведчання? Бо найбязбожнейшая Аталія і сыны яе разарылі дом Божы ды ўсё, што было асвячона ў святыні Госпада, аддалі Баалам». Такім чынам, цар загадаў — і зрабілі скрынку, і паставілі яе каля брамы дома Госпадава звонку. Ды аб’яўлена было ў Юдэі і ў Ерузаліме, каб прыносіў кожны падатак Госпаду, які ўстанавіў Майсей, паслугач Божы, для Ізраэля ў пустыні. Ды ўсцешыліся ўсе кіраўнікі ды ўвесь народ, і прыходзілі, і клалі ў скрынку так шмат, што яе запоўнілі. І ў час, калі левіты неслі скрынку да ўрадоўцаў цара, прыходзіў царскі пісар і той, каго назначаў першасвятар, і яны выкладалі грошы, што былі ў скрынцы, а затым скрынку адносілі на сваё месца. І так рабілі кожны дзень, і сабрана было вельмі шмат грошай, якія цар і Ёяда аддавалі загадчыкам работ пры доме Госпада. А тыя за іх наймалі каменячосаў і майстроў для ўсякіх работ для аднаўлення дома Госпадавага, таксама майстроў па жалезе і медзі для ўмацавання дома Божага. І работнікі прыступілі да працы, і дзякуючы працы рук іх трэшчыны залатваліся, і дом Госпадаў вярнулі ў стан ранейшы, і паставілі яго моцна стаяць. І калі гэта скончылі, прынеслі астатак грошай да цара і Ёяды, з якіх зрабілі пасудзіны ў святыню для службы і на складанне ахвяраў, таксама чары ды іншыя срэбраныя і залатыя пасудзіны. І ва ўсе дні Ёяды заўсёды складалі ахвяры цэласпаленняў у доме Госпадавым. А Ёяда пражыў шмат гадоў, састарэў і памёр, дажыўшы да ста трыццаці гадоў. І пахавалі яго ў горадзе Давіда разам з царамі, бо добрым быў да Ізраэля, да Бога ды да Яго святыні. Па смерці ж Ёяды прыбылі кіраўнікі Юдэі і ўшанавалі цара, які, змякчаючы іх пакорлівасцю, стаў іх слухаць. І пакінулі святыню Госпада, Бога бацькоў сваіх, і служылі слупам і ідалам, і дзеля гэтага граху ўзгарэўся гнеў Яго супраць Юдэі і Ерузаліма. І пасылаў Госпад да іх прарокаў, каб іх навярнуць да Госпада, але яны не жадалі слухаць іх словы. Такім чынам, Дух Божы напоўніў Захарыю, сына Ёяды святара; і ён стаў перад народам і сказаў ім: «Гэта кажа Бог: “Чаму пераступаеце прыказанні Госпада, гэта не дасць вам поспеху! Таму, што вы пакінулі Госпада, Ён пакіне вас”». Яны змовіліся супраць яго ды ўкаменавалі яго па загадзе цара на панадворку святыні Госпада. І цар Ёас забыўся пра міласэрнасць, якую аказаў бацька яго Ёяда яму, але забіў сына яго. Ён, паміраючы, казаў: «Хай бачыць Госпад і аддасць!» І яшчэ не скончыўся той год, як выступіла супраць яго сірыйскае войска, і ўварвалася ў Юдэю і Ерузалім, і знішчылі ўсіх князёў народа, і ўсю здабычу паслалі цару Дамаска. І хоць войска сірыйскае ўвайшло ў малой колькасці ваяроў, Госпад, аднак, аддаў у рукі іх вельмі вялікае войска, таму што адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх; і над Ёасам таксама правялі яны ганебны суд. І сірыйцы, адыходзячы, пакінулі яго ў цяжкай хваробе. Паслугачы ж яго змовіліся супраць яго і адпомсцілі яму за кроў сына святара Ёяды, ды забілі яго на ложку яго, і ён памёр. І пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў царскай грабніцы. А змовіліся супраць яго Забад, сын Сэмат аманіцянкі, і Ёзабад, сын Сэмарыт Маабкі. А аб яго сынах, аб колькасці падатку, што наклалі на яго, і аб адбудове дома Божага напісана ў каментарыях да Кнігі Цароў. І сын яго Амазія стаў царом на яго месцы.

Дваццаць пяць гадоў меў Амазія, калі стаў царом, і дваццаць дзевяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Ёадэн з Ерузаліма. І рабіў ён справядлівае перад абліччам Госпада, але не са шчырым сэрцам. І, калі ён убачыў, што ўмацаваў сваю ўладу, то забіў паміж паслугачоў сваіх тых, якія забілі бацьку яго, цара, але не забіў іх сыноў згодна з тым, што напісана ў кнізе закону Майсея, дзе загадаў Госпад, кажучы: «Хай не будуць забітыя бацькі за сыноў, ані сыны за сваіх бацькоў, але кожны памрэ за свой грэх». Такім чынам, сабраў Амазія жыхароў Юдэі, і паставіў іх па родах тысячнікамі і сотнікамі для ўсёй Юдэі ды Бэньяміна. І далей палічыў ён усіх ад дваццаці гадоў і вышэй, і выявіў трыста тысяч юнакоў, здатных да бою і трымаючых дзіду і шчыт. Прытым наняў з Ізраэля сто тысяч баявых ваяроў за сто талентаў срэбра. А прыйшоў да яго чалавек Божы і кажа: «О цар, хай не ідзе з табой войска Ізраэля; бо Госпад не з Ізраэлем ані з ніводным сынам Эфраіма. Калі думаеш, што войны абапіраюцца на сілу войска, то Бог дасць ворагам перамогу над табою: у моцы бо Божай і дапамагаць, і да ўцёку змушаць». Ды сказаў Амазія чалавеку Божаму: «Дык што станецца са ста талентамі, якія я выдаў ваярам Ізраэля?» І чалавек Божы адказаў яму: «Госпад мае моц даць табе значна больш за гэта». Такім чынам, Амазія раздзяліў войска, што прыйшло да яго з Эфраіма, каб вярнуліся ў свае мясціны; а яны, надта ўзлаваўшыся на Юдэю, вярнуліся ў сваю краіну. Потым Амазія ўпэўнена вывеў войска сваё, і павёў у Саляны лог і пабіў там дзесяць тысяч сыноў Сэіра. І іншых дзесяць тысяч ваяроў сыны Юды ўзялі ў палон, і прывялі да абрыву якойсьці скалы, і спіхнулі іх з вяршыні ў бездань, так што ўсе пазабіваліся. А тое войска, якое Амазія адправіў, каб не ішло з ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі аж па Бэтарон, ды, забіўшы тры тысячы ваяроў, узялі яны вялікую здабычу. Амазія ж, пабіўшы ідумейцаў, прынёс багоў сыноў Сэіра ды паставіў іх у сябе багамі, і пакланяўся перад імі, і ўспальваў ім. З гэтае прычыны разгневаўся Госпад на Амазію ды паслаў да яго прарока, каб сказаў яму: «Чаму пакланяешся багам, якія не абаранілі свайго народа ад тваёй рукі?» І калі ён гэта яму казаў, той адказаў яму: «Ці ж мы зрабілі цябе дарадчыкам цара? Перастань! Каб не забіў я цябе!» І перастаў прарок, сказаўшы: «Але я ведаю, што рашыў Бог забіць цябе, бо ты зрабіў такое і не паслухаў маёй парады». Такім чынам, Амазія, цар Юдэі, параіўшыся, паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Егу, цара Ізраэля, сказаць: «Прыйдзі, пабачымся!» А ён паслаў вестуна сказаць: «Церн на Лібане пераслаў кедру на Лібане такую просьбу: “Дай дачку сваю за жонку майму сыну”. І вось, дзікія звяры, што былі на Лібане, прабеглі і патапталі церн. Ты сказаў: “Пабіў эдомцаў!” І таму падымаецца сэрца тваё ў пыхлівасць. Сядзі ў сваім доме! Нашто выклікаеш бяду на сябе, каб упаў і ты, і Юдэя з табою?» Але Амазія не пажадаў выслухаць, таму што воляй Госпада было, каб быў ён аддадзены ў рукі ворагаў дзеля культу шанавання багоў Эдома. Такім чынам, выступіў Ёас, цар Ізраэля, і ўбачыліся сам на сам ён і Амазія, цар Юдэі, у Бэтсамэсе юдэйскім. І Юдэя была разбіта ізраэльцамі і ўцякла ў свае палаткі. Амазію ж, цара Юдэі, сына Ёаса, сына Ёахаза, схапіў у Бэтсамэсе Ёас, цар Ізраэля, ды завёў яго ў Ерузалім, і разваліў мур яго ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў. Забраў таксама ўсё золата і срэбра, і ўсе пасудзіны, што знайшоў у святыні Божай і ў Абэдэдома ды ў скарбоўнях палаца царскага, а таксама палонных адвёў у Самарыю. А Амазія, сын Ёаса, цар Юдэі, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў па смерці Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля. А астатнія дзеянні Амазіі, ад першых да апошніх, запісаны ў Кнізе Цароў Юдэі і Ізраэля. Ад часу, калі Амазія адвярнуўся ад Госпада, зрабілі змову супраць яго ў Ерузаліме; і калі ён уцёк у Лахіс, паслалі за ім у Лахіс і там забілі яго. І перавезлі яго коньмі, і пахавалі з бацькамі яго ў горадзе Давіда.

А ўвесь народ Юдэі шаснаццаці-гадовага Озію паставіў царом на месца бацькі яго Амазіі. Ён адбудаваў Айлат і вярнуў яго пад уладу Юдэі, калі цар супачыў са сваімі бацькамі. Калі пачаў цараваць, меў Озія шаснаццаць гадоў, і ў Ерузаліме быў царом пяцьдзесят два гады. Імя маці яго — Яхэлія з Ерузаліма. І дзейнічаў ён справядліва ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго Амазія. І туліўся да Бога ў дні Захарыі, які гадаваў яго ў страху Божым; ды як доўга туліўся да Госпада, дапамагаў яму Бог. Нарэшце выйшаў ён, і ўступіў у бой з філістынцамі, і разваліў мур Гета, і мур Ябніі, і мур у Азоце. Таксама пабудаваў гарады ў краі Азота і філістынцаў. Ды дапамагаў яму Бог супраць філістынцаў і супраць арабаў, што жылі ў Гурбаале, ды супраць маанітаў. І аманіцяне плацілі даніну Озіі; ды праславілася імя яго аж да ўваходу ў Егіпет, бо стаў вельмі магутным. І Озія пабудаваў вежы ў Ерузаліме над брамай Вугла, і над брамай Лагчыны і над Вуглом, і ўмацаваў іх. Пабудаваў таксама вежы ў пустыні, ды выкапаў многа вадаёмаў, таму што меў многа жывёлы як у Сэфэлі, так і на раўніне; меў ён таксама земляробаў, і вінаградараў у гарах і на ўраджайных палях; быў бо ён чалавек, адданы земляробству. А было ў Озіі войска ваяроў, якое выходзіла на вайну дружынамі па ліку ў спісе пісара Егіэля і пад кіраўніцтвам Маасіі і Хананіі, які быў адным з кіраўнікоў цара. І поўны лік кіраўнікоў па родах адважных ваяроў — дзве тысячы шэсцьсот. І пад іх кіраўніцтвам усяго войска было трыста сем тысяч пяцьсот ваяроў, якія былі здатныя да бою, каб ваяваць супраць ворагаў за цара. Таксама Озія прыгатаваў для іх, гэта значыць для ўсяго войска: шчыты, і дзіды, і шышакі, і кальчугі, і лукі ды камяні для кідання з прашчы. І ў Ерузаліме зрабіў машыны, па-майстэрску прыдуманыя, якія памясціў на вежах і па вуглах муроў, каб страляць з лукаў і кідаць вялікія камяні; і пашырылася слава яго імя далёка таму, што яму цудоўна дапамагаў Госпад і зрабіў яго магутным. Але калі ўзмацніўся, сэрца яго ўзганарылася на загубу сваю ды адвярнуўся ад Госпада, Бога свайго; і ўвайшоў у святыню Госпада, і сам захацеў скласці ахвяру ўспальвання на ахвярніку каджэння. І адразу ж за ім увайшоў святар Азарыя, а з ім восемдзесят святароў Госпадавых, людзей наймужнейшых; яны выступілі супраць цара і сказалі: «Не твой абавязак, Озія, складаць ахвяры ўспалення Госпаду, але святароў, гэта значыць сыноў Аарона, якія на гэту службу пасвячоны, каб складаць кадзільныя ахвяры. Выйдзі са святога месца, бо ты дзейнічаў незаконна; і не залічыцца табе гэта ў славу Госпадам Богам». І Озія ўзгарэўся злосцю, і, трымаючы ў руцэ кадзільніцу, каб складаць ахвяру ўспалення, пагражаў святарам. І раптам з’явілася праказа на яго чале перад вачамі святароў у доме Госпада пры ахвярніку каджэння. І калі глянуў на яго першасвятар Азарыя і ўсе іншыя святары, убачылі праказу на чале яго і хутка выгналі яго; але і ён спяшаўся выйсці, бо няшчасцем пакараў яго Госпад. Такім чынам, застаўся цар Озія пракажаным аж да дня сваёй смерці і пражываў асобна ў доме, поўным пракажаных, бо быў выключаны з дома Госпада. Затым Ёатам, сын яго, распараджаўся царскім домам ды судзіў людзей краю. А астатнія дзеянні Озіі, ад першых да апошніх, запісаў прарок Ісая, сын Амоса. Ды супачыў Озія са сваімі бацькамі, і пахавалі яго на полі каля царскіх грабніц, таму што людзі казалі: «Быў ён пракажаны». І па ім цараваў сын яго — Ёатам.

Ёатам меў дваццаць пяць гадоў, калі пачаў цараваць, і шаснаццаць гадоў быў царом у Ерузаліме. Імя маці яго — Еруса, дачка Садока. І дзейнічаў ён справядліва перад Госпадам, рабіў усё так, як бацька яго, Озія, за выключэннем таго, што не ўваходзіў у святыню Госпада, але народ ўсё яшчэ грашыў. Гэта ён пабудаваў Верхнюю браму дома Госпада і многа папрацаваў дзеля муроў Афэла. Ён пабудаваў таксама гарады ў гарах Юдэі, і ў лясах — крэпасці і вежы. Ён ваяваў з царом сыноў Амона і перамог іх, і ў тым годзе далі яму аманіты сто талентаў срэбра ды дзесяць тысяч кораў пшаніцы і столькі ж кораў ячменю; падобна плацілі яму аманіты ў другім і трэцім годзе. І ўзмацаваўся Ёатам, бо ішоў дарогамі сваімі перад Госпадам, Богам сваім. А астатнія дзеянні Ёатама і ўсе яго войны ды дарогі запісаны ў Кнізе цароў Ізраэля і Юдэі. Меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом ды шаснаццаць гадоў цараваў ён у Ерузаліме. І супачыў Ёатам са сваімі бацькамі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда; і па ім царом быў Ахаз, сын яго.

Ахаз меў дваццаць гадоў, калі стаў царом, і шаснаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме. Не дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, як Давід, бацька яго, але пайшоў дарогамі цароў Ізраэля. Прытым яшчэ адліваў статуі Баалам. Ён той, хто складаў ахвяры ўспалення ў лагчыне сыноў Гэнома і правёў сыноў сваіх праз агонь па агідных звычаях паганаў, якіх Госпад выдаліў перад сынамі Ізраэля. І складаў таксама ахвяры крывавыя і кадзіла ўспальваў на ўзгорках, ды на ўзвышшах, ды пад кожным зялёным дрэвам. І аддаў яго Госпад, Бог яго, у рукі цара Сірыі, які пабіў яго і многіх ад яго ўзяў у палон ды павёў у Дамаск. Ён таксама быў выдадзены ў рукі цара Ізраэля ды паражоны быў вялікаю плягаю. Бо Фацэй, сын Рамэліі, у адзін дзень забіў сто дваццаць тысяч з юдэяў — усіх баявых ваяроў, таму што яны адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх. У той жа час Зэхры, дужы мужчына з Эфраіма, забіў Маасію, сына цара, і Эзрыку, загадчыка палаца, а таксама Элькану, другога чалавека пасля цара. І сыны Ізраэля ўзялі ў няволю ў братоў сваіх дзвесце тысяч жанчын, юнакоў і дзяўчат і надта вялікую здабычу, і пераправілі ўсё ў Самарыю. А быў тады там прарок Госпадаў на імя Адэд, які выйшаў насустрач войску, што ішло ў Самарыю, ды сказаў ім: «Вось, Госпад, Бог бацькоў вашых, разгневаўся на Юдэю і аддаў іх у вашы рукі, і забілі іх страшэнна, так што да неба дайшла ваша лютасць. Звыш таго, хочаце вы ўзяць сыноў Юды і Ерузаліма ў нявольнікі і нявольніцы. Аднак ці вы самі не без віны перад Госпадам, Богам вашым? Дык паслухайце маёй парады і вярніце ўзятых у палон, якіх вы прывялі ад братоў вашых, бо страшнае абурэнне Госпада пагражае вам». Такім чынам, паўсталі некаторыя мужы паміж кіраўнікоў сыноў Эфраіма: Азарыя, сын Ёганана, Барахія, сын Масаламота, Эзэкія, сын Сэлума, і Амаса, сын Адалі, — супраць тых, якія вярталіся з вайны, ды сказалі ім: «Не ўводзьце сюды палонных, бо да віны, якая ўжо ляжыць на нас перад Госпадам, хочаце дадаць, апрача грахоў нашых, большую віну. Вялікая бо віна наша, і гнеў абурэння Госпада — на Ізраэль». Ды адпусцілі ваяры палонных і здабычу пакінулі перад кіраўнікамі ды ўсёю супольнасцю. І пайменна названыя людзі ўзялі палонных, і ўсіх, што былі голымі, апранулі са здабычы. І калі апранулі іх, і абулі, і накармілі, і напаілі, і намазалі алеем, то клапатліва павыводзілі іх, нават пасадзілі на аслоў усіх слабых ды адправілі ў Ерыхон, горад Пальмаў, да іх братоў. І самі яны вярнуліся ў Самарыю. У той час паслаў Ахаз пасланцоў да цара асірыйцаў, просячы дапамогі. Бо ідумейцы напалі, і пабілі юдэяў, і ўзялі палонных. Таксама філістынцы напалі на гарады Юдэі Сэфэлу і Нагэб, і захапілі Бэтсамэс, і Аялон, і Гадэрот, таксама Соха з ваколіцамі яго, і Тамну, і Гамзо з ваколіцамі іх ды абжыліся ў іх. Упакорыў бо Госпад Юдэю дзеля Ахаза, цара Юдэі, таму што ён разбэсціў народ і зняважыў Госпада. І пайшоў на яго цар асірыйцаў Тыглатпаласар, які пакрыўдзіў яго, а не дапамог. Бо Ахаз, абрабаваўшы дом Госпада і палац цара і кіраўнікоў, паднёс падарункі цару асірыйцаў, але гэта яму не дапамагло. Звыш таго, у час бяды сваёй ён, як раней, зневажаў Госпада. Ён — цар Ахаз. Сам цар Ахаз складаў ахвяры багам Дамаска, сваім забойцам, і казаў: «Багі цароў Сірыі дапамагаюць ім; буду і я складаць ім ахвяры, і яны дапамогуць мне», хаця, наадварот, былі яны на загубу яму і ўсяму Ізраэлю. Такім чынам, Ахаз, забраўшы ўсе пасудзіны дома Божага і пабіўшы іх, замкнуў брамы дома Божага і паставіў сабе ахвярнікі па ўсіх закутках Ерузаліма. Таксама ў кожным горадзе Юдэі пабудаваў узгоркі, каб успальваць ахвяры чужым багам, чым прагнявіў Госпада, Бога сваіх бацькоў. А іншыя дзеянні яго і ўсе справы, ранейшыя і апошнія, запісаны ў Кнізе цароў Юдэі і Ізраэля. І супачыў Ахаз са сваімі бацькамі, ды пахавалі яго ў горадзе Ерузаліме; але не паклалі яго ў грабніцах цароў Ізраэля. І па ім цараваў сын яго — Эзэкія.

Такім чынам, Эзэкія, маючы дваццаць пяць гадоў, стаў царом. Дваццаць дзевяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго — Абі, дачка Захарыі. І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, рабіў усё, як Давід, бацька яго. У першы месяц першага года свайго царавання ён адчыніў дзверы дома Госпада і аднавіў іх. І прывёў святароў і левітаў, і сабраў іх на Усходняй плошчы, і прамовіў да іх: «Слухайце мяне, левіты! Цяпер асвяціце сябе; ачысціце дом Госпада, Бога бацькоў сваіх, ды прыміце ўсю нячыстасць са святога месца. Награшылі бацькі нашы і дапускалі ліха перад абліччам Госпада, Бога нашага, адварочваючыся ад Яго; адвярнулі твары свае ад палаткі Госпада і павярнуліся плячамі. Звыш таго, зачынілі дзверы, што былі ў панадворку, і пагасілі свяцільнікі, і не ўспальвалі кадзіла, і не складалі цэласпаленняў у свяцілішчы Бога Ізраэля. Таму ўзгарэлася абурэнне Госпада на Юду і на Ерузалім, і аддаў іх на ганенне, і на здзіўленне, і на асвістанне, як самі бачыце сваімі вачамі. Вось, бацькі нашы загінулі ад мечаў, сыны нашы, і дочкі нашы, і жонкі трапілі ў палон дзеля гэтага злачынства. Дык вось цяпер у мяне на сэрцы аднавіць запавет з Госпадам, Богам Ізраэля, і хай адверне ад нас абурэнне гневу Свайго. Дзеткі мае! Не будзьце нядбайнымі, бо вас выбраў Госпад, каб стаялі ў прысутнасці Яго, і служылі Яму, і пакланяліся Яму, і ўспальвалі каджэнні». Дык паўсталі левіты: Магат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі з сыноў Кагата; далей з сыноў Мэрары — Кіс, сын Абдзі, і Азарыя, сын Ялелэля; з сыноў жа Гэрсона — Ёах, сын Зімы, і Эдэн, сын Ёаха; з сыноў жа Элісафана: Сэмры і Егіэль; таксама з сыноў Асафа: Захарыя і Матанія; а таксама з сыноў Гемана: Егіэль і Сямэй; з сыноў жа Ідытуна: Сямэя і Азіэль. І сабралі сваіх братоў, і яны асвяціліся, і ўвайшлі па загадзе цара і па волі Госпада, каб ачысціць дом Божы. Таксама святары ўвайшлі ў святыню Госпада, каб ачысціць яе; вынеслі яны ўсё нячыстае, што знайшлі ўнутры, на двор дома Госпада, усё гэта ўзялі левіты і вынеслі навонкі да ручая Цэдрон. Пачалі ж асвячаць у першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень таго ж месяца ўвайшлі ў панадворак святыні Госпада ды ў восем дзён асвяцілі святыню Госпада; у шаснаццаты дзень таго ж месяца, у які пачалі, скончылі. Таксама пайшлі да цара Эзэкіі і сказалі яму: «Ачысцілі мы ўвесь дом Госпада і ахвярнік цэласпаленняў, і пасудзіны яго, а таксама стол пакладных хлябоў з усімі прыладамі яго, і ўсе рэчы святыні, якія выкінуў цар Ахаз падчас свайго царавання ў сваёй пераваротнасці, мы аднавілі і асвяцілі. Вось, усе яны пакладзены перад ахвярнікам Госпада». Дык на світанні ўстаў цар Эзэкія, і сабраў кіраўнікоў горада, і пайшоў у дом Госпада. І прывялі ў той жа час сем валоў, сем бараноў, сем ягнят ды сем казлоў за грэх, за царства, за святыню, за Юдэю; загадаў ён таксама святарам, сынам Аарона, каб ускладалі ахвяры на ахвярнік Госпада. Дык забілі валоў, і святары ўзялі з іх кроў і ёю пакрапілі ахвярнік; забілі таксама бараноў і пакрапілі іх крывёю ахвярнік. Прывялі казлоў, прызначаных на ахвяру за грэх, перад царом і перад усёю супольнасцю, і ўсклалі на іх рукі свае, і святары забілі іх, і іх кроў вылілі на ахвярнік як ахвяру збавення за ўвесь Ізраэль; бо цар загадаў цэласпаленне за ўвесь Ізраэль і за грэх. Паставіў таксама левітаў у доме Госпада з цымбаламі, псалтэрыёнамі і цытрамі па распараджэнні Давіда і Гада, Прадракальніка цара, і прарока Натана; бо загад быў ад Госпада праз прарокаў Яго. І сталі левіты з музычнымі інструментамі Давіда, і святары з трубамі. І загадаў Эзэкія, каб склалі цэласпаленне на ахвярніку; і калі складалі цэласпаленне — пачалі спяваць пахвалы Госпаду, і трубіць у трубы, і граць на ўсякіх інструментах Давіда, цара Ізраэля. А калі ўся супольнасць пакланілася, спевакі і тыя, што трымалі трубы, спаўнялі свой абавязак, пакуль не скончылася ахвяра цэласпалення. І, калі скончылася ахвярапрынашэнне, цар і ўсе, што з ім былі, палі на калені з пашанаю і пакланіліся тварам да зямлі. І загадаў Эзэкія і кіраўнікі левітам, каб славілі яны Госпада словамі Давіда і Асафа Прадракальніка: яны хвалілі Яго з вялікай радасцю і, укленчыўшы, пакланіліся тварам да зямлі. А Эзэкія, між іншым, дадаў такое: «Цяпер, напоўніўшы рукі свае Госпадам, прыступіце і ўскладайце крывавыя ахвяры ў доме Госпада на падзяку». Ды кожны, хто хацеў, складаў таксама ахвяры цэласпалення. Лік жа цэласпаленняў, якія супольнасць прынесла, быў такі: валоў — семдзесят, бараноў — сто, ягнят — дзвесце — усё гэта ахвяры цэласпалення для Госпада. І асвяцілі Госпаду шэсцьсот валоў ды тры тысячы авечак. Замала ж было святароў і не змаглі здзіраць шкуры з усіх ахвяр цэласпалення; дык дапамаглі ім браты іх, левіты, аж да заканчэння працы і да асвячэння святароў; бо левіты былі са шчырым сэрцам, так што асвяціліся яны больш, чым святары. Такім чынам, цэласпаленняў было вельмі многа, з тлушчам мірных ахвяр і ўзліваннямі, што належалі да цэласпаленняў. Так была ўзноўлена служба ў доме Госпада. І ўзрадаваўся Эзэкія ды ўвесь народ з таго, што прыгатаваў Госпад для народа; сталася бо гэта ў імгненне.

Таксама паслаў Эзэкія пасланцоў да ўсяго Ізраэля і Юдэі, і напісаў лісты да Эфраіма і Манасы, каб наведалі дом Госпада ў Ерузаліме і каб святкавалі Пасху на пахвалу Госпаду, Богу Ізраэля. Калі параіліся цар, і кіраўнікі, і ўся супольнасць у Ерузаліме, рашылі святкаваць Пасху ў другім месяцы. Бо не здолелі яе святкаваць у сваім часе, таму што святары, якія маглі справіць свята, не асвяціліся, а народ яшчэ не сабраўся ў Ерузаліме. Такім чынам, спадабалася гэта рашэнне цару ды ўсёй супольнасці, ды рашылі паслаць вестуноў да ўсяго Ізраля ад Бээр-Сэбы аж па Дан, каб прыбылі яны святкаваць Пасху ў гонар Госпада, Бога Ізраэля, у Ерузалім; бо большасць не святкавала яе, як было законам прадпісана. І разышліся вестуны з лістамі з рукі цара і яго кіраўнікоў па ўсім Ізраэлі і Юдзе, таму што цар загадаў, абвяшчаючы: «Сыны Ізраэля, навярніцеся да Госпада, Бога Абрагама, і Ізаака, і Ізраэля, каб і Ён вярнуўся да тых, якія ўцалелі, уцякаючы ад рукі цароў асірыйскіх. Не будзьце падобнымі да бацькоў сваіх і братоў, якія адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх, і Ён аддаў іх на загубу, як самі бачыце. Цяпер не заглушайце сэрцаў вашых, як бацькі вашыя. Падайце рукі Госпаду і прыходзьце ў святыню Яго, якую Ён асвяціў навек; служыце Госпаду, Богу вашаму, каб адвярнуўся ад вас гнеў абурэння Яго. Бо калі вы навернецеся да Госпада, то браты вашы і сыны атрымаюць міласэрнасць перад гаспадарамі сваімі, якія іх павялі ў няволю, ды вернуцца ў гэтую зямлю: бо міласэрны і літасцівы Госпад, Бог ваш, ды не адверне Ён аблічча Свайго ад вас, калі навернецеся да Яго». Дык вестуны хадзілі з горада ў горад праз зямлю Эфраіма і Манасы аж да Забулона, але насміхаліся з іх і кпілі. Але некаторыя людзі з Асэра, і Манасы, і Забулона ўпакорыліся і прыйшлі ў Ерузалім. Таксама над Юдэяй была рука Госпада, каб даць ім адно сэрца, каб споўнілі загад цара і кіраўнікоў паводле слова Госпадавага. Такім чынам, у Ерузаліме сабралася многа народу, каб адзначыць у другім месяцы свята праснакоў, ды сабранне было вельмі вялікае. І яны, узяўшыся, разбурылі ахвярнікі, якія былі ў Ерузаліме, а таксама, перавярнуўшы ўсе кадзільніцы, укінулі іх у ручай Цэдрон. І забілі пасхальнае ягня чатырнаццатага дня другога месяца; а пасаромленыя святары і левіты асвяціліся і прынеслі цэласпаленні ў дом Госпада. І сталі ў сваім парадку па распараджэнні і законе Майсея, чалавека Божага; святары ж вылівалі кроў, якую бралі з рук левітаў, так як многа было ў сабранні такіх, што не асвяціліся; таму што ўсім, хто быў нячыстым, левіты забівалі пасхальныя ахвяры для асвячэння іх Госпаду. Вельмі бо вялікая частка народу з Эфраіма, і Манасы, і Ісахара, і Забулона не ачысціліся; і з’елі пасхальнае ягня не так, як было прадпісана. Ды маліўся за іх Эзэкія, кажучы: «Госпадзе, у дабраце Сваёй прабач усім, хто накіраваў сэрца сваё, каб шукаць Госпада, Бога сваіх бацькоў, хоць без ачышчэння свяцілішча». Госпад выслухаў Эзэкію і прабачыў народу. А сыны Ізраэля, якія знаходзіліся ў Ерузаліме, святкавалі ўрачыстасць праснакоў з вялікай радасцю сем дзён, славілі Госпада штодзень і левіты, і святары на музычных інструментах, якія прыемна гучалі. І прамовіў Эзэкія да сэрца ўсіх левітаў, якія мелі добрае ўяўленне аб Госпадзе; і закончылі сямідзённую ўрачыстасць, складаючы мірныя ахвяры ды славячы Госпада, Бога сваіх бацькоў. І спадабалася ўсёй супольнасці святкаваць яшчэ сем дзён, бо адзначалі з вялікай радасцю. Бо цар Юдэі Эзэкія выдзеліў для супольнасці тысячу валоў і сем тысяч авечак, а кіраўнікі далі народу тысячу валоў і дзесяць тысяч авечак; такім чынам, святароў асвяцілася вялікае мноства. І ўся супольнасць Юдэі, — як святары і левіты, так і ўсе ўдзельнікі, якія прыбылі з Ізраэля, таксама і чужынцы, што прыйшлі з зямлі Ізраэля або жылі ў Юдэі, — была перапоўнена радасцю. І ў Ерузаліме запанавала незвычайная радасць, якой не было ў гэтым горадзе ад дней Саламона, сына Давідавага, цара Ізраэля. Паўсталі ж святары левіцкага роду і дабраславілі народ; і кліч іх быў пачуты ды іх маленне дайшло да святога Яго жытла — у неба.

І, калі гэтую ўрачыстасць адсвяткавалі адпаведна звычаю, увесь Ізраэль, які знаходзіўся ў гарадах Юдэі, пайшоў і знішчыў статуі, і пассякалі слупы, разбурылі ўзгоркі ды ахвярнікі перавярнулі не толькі ва ўсёй Юдзе і ў Бэньяміне, але таксама ў Эфраіме і ў Манасе — пакуль дашчэнту не знішчылі. І вярнуліся ўсе сыны Ізраэля ў пасяленні свае ды ў свае гарады. А Эзэкія вярнуў чэргі святароў і левітаў па іх раздзяленні — кожнага ў яго службе, гэта значыць, як святароў і левітаў — да ўскладання цэласпалення і мірных ахвяр, так каб спаўнялі службу і славілі ды спявалі песні пахвалы ў брамах лагера Госпада. А частка маёмасці цара прызначана была на ахвяры цэласпалення заўсёды раніцай і вечарам, таксама ў суботы, і ў дні маладзіка ды ва ўрачыстасці іншыя, як напісана ў законе Майсея. Таксама загадаў ён народу, які пражываў у Ерузаліме, даваць належную частку святарам і левітам, каб маглі яны прысвяціць сябе закону Госпадаваму. Калі гэта дайшло да вушэй супольнасці, сыны Ізраэля ахвяравалі шмат пяршыняў збожжа, віна і аліўкавага алею, таксама мёду ды ўсяго, што родзіць зямля, і прынеслі з усяго багатыя дзесяціны. Але і сыны Ізраэля і Юды, якія абжыліся ў гарадах Юдэі, прынеслі дзесяціны з валоў і авечак, і дзесяціны з асвячонага, што асвячалі яны Госпаду, Богу свайму; і паскладалі ўсяго гэтага вялікія груды. У трэцім месяцы пачалі класці падмуркі грудоў, і ў сёмым месяцы скончылі іх. І калі прыйшлі Эзэкія і кіраўнікі, то ўбачылі груды і дабраславілі Госпада і народ ізраэльскі. Ды Эзэкія запытаўся ў святароў і левітаў, чаму так ляжаць груды. Адказаў яму Азарыя, першасвятар з племя Садока, кажучы: «Калі пачалі прыносіць дары ў дом Госпадаў, мы елі, і наядаліся, і многа заставалася, таму што Госпад дабраславіў Свой народ; а вялікія запасы, якія бачыш, — гэта з астаткаў». Дык загадаў Эзэкія прыгатаваць кладоўкі ў доме Госпада. Калі гэта зрабілі, знеслі туды як дары, так і дзесяціны, і ўсё рупліва асвяцілі. А загадчыкам іх быў Хананія левіт і Сямэй, другі брат яго, пасля яго Ягіэль, і Азазія, і Нагат, і Асаэль, і Ерымот, таксама Ёзабад, і Эліэль, і Есмахія, і Магат, і Баная — загадчыкі пад кіраўніцтвам Хананіі і Сямэі, брата яго, па загадзе Эзэкіі, цара, і Азарыі, першасвятара дома Божага. Корэ ж, сын Емны, левіт і прыдзверны Усходняй брамы, быў загадчыкам над тым, што добраахвотна ахвяроўвалі Госпаду, для раздзялення дароў Госпадавых і найсвяцейшага. І пад яго ўладай былі: Эдэн, і Бэньямін, Ешуа і Сямэя, таксама Амарыя і Сахэнія, якія пражывалі ў святарскіх гарадах, каб справядліва дзяліць братам сваім, падзеленым на чэргі, як вялікім, так і малым, па-за палічанымі мужчынамі ад трох гадоў і вышэй, усе, хто прыходзіў у святыню Госпада, каб споўніць службу штодзень паводле сваіх чэргаў. Святароў палічылі па іх родах і левітаў ад дваццаці гадоў і вышэй — па іх абавязках і чэргах. І палічана была ўся сям’я ўсякага пакалення: як жонкі, так і дзеці іх абодвух полаў — бо ўсе яны былі асвячоны ў вернасці службы сваёй. А для сыноў Аарона, святароў, якія пражывалі ў мясцовасцях і ваколіцах кожнага горада, былі па імені пазначаны людзі, якія размяркоўвалі часткі кожнаму мужчыне паміж святароў ды кожнаму, хто быў палічаны сярод левітаў. Такім чынам, паводле гэтага дзейнічаў Эзэкія ва ўсёй Юдэі ды рабіў добрае, і слушнае, і справядлівае перад Госпадам, Богам яго. І ва ўсім, што ён распачынаў у служэнні ў доме Божым, і паводле закону і прыказання, жадаючы шукаць Бога свайго, ён дзейнічаў ад усяго сэрца свайго ды меў поспех.

Па гэтых падзеях і па такой вернасці прыйшоў Санхэрыб, цар асірыйцаў, і, напаўшы на Юду, асадзіў умацаваныя гарады, хочучы іх узяць. Калі гэта заўважыў Эзэкія, гэта значыць, што падышоў Санхэрыб і што ўсю сілу вайны накіраваў на Ерузалім, параіўшыся з кіраўнікамі і наймужнейшымі ваярамі, вырашыў засыпаць вусці ручаёў, якія былі за горадам, і, паколькі ўсе былі аднае думкі аб гэтым, сабралася вялікая грамада, і засыпалі ўсе ручаі і раку, якая працякала пасярэдзіне зямлі, кажучы: «Хай не прыходзяць асірыйскія цары і не знаходзяць многа вады!» Дзейнічаў рупліва, адбудаваў таксама ўвесь мур, і пабудаваў на ім вежы, і знадворку — другі мур, і аднавіў Мэло ў горадзе Давіда, і зрабіў многа дзідаў і шчытоў. І паставіў ваенных кіраўнікоў над народам, і сазваў іх да сябе на плошчу гарадской брамы ды прамовіў да іх сэрца гэтыя словы: «Адважна дзейнічайце і будзьце дужымі! Не бойцеся, не дрыжыце перад царом асірыйцаў і вялікім мноствам, якое з ім. Многа бо больш з намі, чым з ім: з ім плячо чалавечае, а з намі — Госпад, Бог наш, Ён — Успаможца наш, будзе ваяваць за нас!» І народ ад гэтых слоў Эзэкіі, цара Юдэі, падняўся духам. Пасля гэтага Санхэрыб, цар асірыйскі, — бо ён з усім войскам асаджаў Лахіс, — выслаў паслугачоў сваіх у Ерузалім, да Эзэкіі, цара Юдэі, і да ўсяго народа, што пражываў у горадзе, заяўляючы: «Гэта кажа Санхэрыб, цар асірыйцаў: “На каго вы маеце надзею, седзячы ў Ерузаліме ў асадзе? Ці не зводзіць вас Эзэкія, каб выдаць вас на смерць ад голаду і смагі, сцвярджаючы, што Госпад, Бог ваш, вызваліць вас з рукі цара асірыйцаў? Ці ж Эзэкія не той, хто знішчыў узгоркі Яго і ахвярнікі ды загадаў Юдэі і Ерузаліму, кажучы: “Перад адным ахвярнікам будзеце пакланяцца і на ім будзеце паліць ахвяры”? Ці ж вы не ведаеце, што я зрабіў і што зрабілі мае папярэднікі ўсім народам зямлі? Ці ж змаглі багі тых земляў выратаваць свой край ад маёй рукі? Хто ж паміж усіх багоў тых народаў, якіх знішчылі бацькі мае, хто змог вырваць свой народ з рукі маёй, каб і Бог ваш мог таксама вырваць вас з гэтае рукі? Дык хай не падманвае вас Эзэкія, і пустымі абяцаннямі хай не ашуквае, і не верце яму. Бо калі ніякі Бог ніякага народа або царства не змог вырваць свой народ з маёй рукі і з рукі маіх папярэднікаў, тым больш ваш Бог не зможа вырваць вас з маёй рукі». Але паслугачы яго яшчэ больш гаварылі супраць Госпада Бога і супраць Эзэкіі, слугі Яго. Таксама напісалі ліст, поўны блюзнення на Госпада, Бога Ізраэля, і гаварылі супраць Яго: «Як багі народаў зямлі не змаглі вызваліць народаў сваіх з маёй рукі, так і Бог Эзэкіі не зможа вырваць народа свайго з гэтай рукі». Апрача таго, крычалі вялікім крыкам на гебрайскай мове да народа ў Ерузаліме, які быў на муры, каб яго запалохаць і запужаць і так здабыць горад. І супраць Бога Ерузаліма Санхэрыб гаварыў, як супраць багоў народаў зямлі, якія ёсць творы рук чалавечых. Дык цар Эзэкія і прарок Ісая, сын Амоса, маліліся дзеля блюзнення гэтага і прызывалі неба. І паслаў Госпад анёла, які паразіў усіх дужых ваяроў і князёў у лагеры цара асірыйцаў; і ён вярнуўся з ганьбаю ў сваю зямлю. І калі ён увайшоў у дом бога свайго, сыны, якія выйшлі з нутра яго, — забілі яго там мечам. Такім чынам, збавіў Госпад Эзэкію і жыхароў Ерузаліма ад рукі Санхэрыба, цара асірыйцаў, і ад рукі ўсіх ворагаў, і даў ім навокал супакой. Многія таксама прынеслі дары Госпаду ў Ерузаліме ды каштоўнасці Эзэкію, цару Юдэі, які ўзвысіўся па гэтых падзеях на віду ўсіх народаў. У тыя дні расхварэўся Эзэкія аж да смерці і маліў Госпада; і выслухаў яго Госпад, і даў яму знак. Эзэкія, аднак, не адплаціў за дабрадзействы, якія атрымаў, бо сэрца яго ўзнялося ў пыхлівасці; і ўзгарэўся супраць яго і супраць Юдэі і Ерузаліма гнеў Госпада. І потым Эзэкія ўпакорыўся дзеля пыхі сэрца свайго, як ён, так і жыхары Ерузаліма; і таму не прыйшоў гнеў Госпада на іх у дні Эзэкіі. Эзэкія ж стаў вельмі багатым і слаўным; сабраў сабе вялікія скарбы срэбра, золата і каштоўнага каменя, духмянасцей, шчытоў ды ўсякага роду каштоўнасцей. Назапасіў у кладоўкі збожжа, віна, алівы ды ў хлявы для ўсякіх гатункаў жывёлы і ў аўчарнікі для статка. Нажыў сабе статкі і ў вялікай колькасці авечак і валоў, бо Бог даў яму вялікія багацці. Гэта ён, Эзэкія, спыніў верхні працёк водаў Гіхона і павярнуў іх проста ўніз на заходні бок горада Давідава. Эзэкію шанцавала ва ўсіх яго прадпрыемствах. Калі, аднак, прыбылі паслы ад князёў Бабілона, пасланыя імі да яго, каб запытацца пра цуд, які здарыўся ў краі, тады пакінуў яго Бог, каб выпрабаваць, каб выявілася ўсё, што было ў яго сэрцы. Рэшта дзеяў Эзэкіі і яго міласцівасць апісаны ў бачанні Ісаі, сына Амоса, прарока, і ў Кнізе цароў Юдэі і Ізраэля. Супачыў Эзэкія са сваімі бацькамі і пахавалі яго ля ўваходу да магіл сыноў Давіда. Пахаванне яму справіла ўся Юдэя ды ўсе жыхары Ерузаліма. Пасля яго цараваў Манаса, сын яго.

Калі Манаса стаў царом, меў дваццаць гадоў, і пяцьдзесят пяць гадоў цараваў у Ерузаліме. А ён рабіў тое, што ліхім было ў вачах Госпада, па агіднасцях паганаў, якіх Госпад выдаліў перад сынамі Ізраэля. І, адвярнуўшыся ад Бога, аднавіў узгоркі, якія перавярнуў Эзэкія, бацька яго, і пабудаваў ахвярнікі Баалам, і зрабіў слупы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму ды служыў яму. Пабудаваў таксама два ахвярнікі ў доме Госпада, аб якім Госпад сказаў: «У Ерузаліме імя Маё будзе вечна». Пабудаваў жа ахвярнікі для ўсяго войска нябеснага ў двух панадворках святыні Госпада. І ён перавёў сыноў сваіх праз агонь у лагчыне сыноў Гэнома. Займаўся варажбой, чарамі, служыў паганскім культам; меў пры сабе заклінальнікаў і вешчуноў; многа ліха рабіў перад абліччам Госпада, каб гнявіць Яго. Таксама паставіў статую ідала, якога сам зрабіў, у доме Госпада, аб якім так казаў Бог Давіду і Саламону, сыну яго, кажучы: «У гэтым доме і ў Ерузаліме, які выбраў Я з усіх пакаленняў Ізраэля, пакіну імя Маё навечна. І не дазволю, каб нага Ізраэля вырушыла з гэтай зямлі, якую даў Я бацькам іх, калі толькі будуць пільнаваць тое, што Я загадаў ім, і ўвесь закон, і прыказанні, а таксама пастановы, уведзеныя праз руку Майсея». Дык Манаса давёў Юду і жыхароў Ерузаліма, што яны паводзілі сябе горш, чым усе пагане, якіх Госпад знішчыў перад сынамі Ізраэля. І перасцярог Госпад яго і народ яго, і не пажадалі яны зважаць на гэта. Дзеля таго навёў на іх кіраўнікоў войска цара асірыйцаў; і яны Манасу закавалі ў кайданы, і, звязанага ланцугамі, павялі ў Бабілон. Ён у горы сваім маліў Госпада, Бога свайго, і моцнай пакутай упакорыўся перад Богам бацькоў сваіх. Ды ўмольваў Яго, і Бог, літасцівы да яго, выслухаў маленне яго і вярнуў яго ў Ерузалім у яго царства; і пераканаўся Манаса, што толькі Госпад ёсць Бог. Пасля пабудаваў мур за горадам Давіда на захад ад Гіхона ў даліне і аж да ўваходу Рыбнай брамы навокал Афэла, і многа яго павысіў; і паставіў кіраўнікоў над войскам па ўсіх умацаваных гарадах Юдэі. І выкінуў чужых багоў і ідалаў з святыні Госпада, таксама ахвярнікі, якія пабудаваў на гары дома Госпада і ў Ерузаліме, ды выкінуў усё з горада. Далей аднавіў ахвярнік Госпада і ўсклаў на яго ахвяры мірныя і падзякі, і загадаў Юдзе служыць Госпаду, Богу Ізраэля. Але і далей народ ускладаў ахвяры на ўзгорках Госпаду, Богу свайму. Астатнія дзеянні Манасы ды яго маленне да Бога свайго, поруч словы прадракальнікаў, якія прамаўлялі да яго ў імя Госпада, Бога Ізраэля, — знаходзяцца ў запісах цароў Ізраэля. Таксама яго маленне і выслухванне, і ўсе яго грахі, і злачынствы, а таксама месцы, на якіх ён пабудаваў узгоркі, і зрабіў слупы і ідалаў, перад тым як ён упакорыўся, запісаны ў Размовах Газая. Такім чынам, супачыў Манаса са сваімі бацькамі ды пахавалі яго ў яго доме. І па ім цараваў сын яго Амон. Амон меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і два гады быў царом у Ерузаліме. І чыніў зло перад абліччам Госпада, як рабіў бацька яго Манаса, і ўсім ідалам, якіх зрабіў Манаса, складаў ахвяры і пакланяўся. І не ўпакорыўся перад абліччам Госпада, як упакорыўся Манаса, бацька яго, ды яшчэ болей грашыў. І тады паслугачы яго змовіліся супраць яго, і забілі яго ў яго палацы. Затым народ зямлі, выразаўшы ўсіх, хто змовіўся супраць цара Амона, на яго месца паставіў царом сына яго Осію.

Осія меў восем гадоў, калі стаў царом, і трыццаць адзін год быў царом у Ерузаліме. І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, і хадзіў па дарогах Давіда, бацькі свайго; не збочыў ані ўправа, ані ўлева. А на восьмы год царавання свайго, калі яшчэ быў юнаком, пачаў шукаць Бога бацькі свайго Давіда; а на дванаццаты год пачаў ачышчаць Юду і Ерузалім ад узгоркаў, і ад слупоў, і ад розных выяў багоў, ды ад адлітых з металу. І ў прысутнасці яго знішчылі ахвярнікі Баалам; і курыльніцы, памешчаныя над імі, разваліў; таксама слупы і разьбяныя выявы і адлітыя статуі паразбіваў і здрабніў ды рассыпаў кавалкі па магілах тых, хто звычайна гэтыя ахвяры ўскладваў. Апрача таго, косці святароў спаліў на ахвярніках іх, і ачысціў Юдэю і Ерузалім; але і ў гарадах Манасы, Эфраіма і Сімяона аж да Нэфталі ўсюды на іх плошчах разваліў ахвярнікі, і слупы, і разьбяныя выявы разбіў на кавалкі; і перавярнуў усе курыльніцы ва ўсёй зямлі Ізраэля, і затым вярнуўся ў Ерузалім. Такім чынам, на васемнаццаты год свайго царавання пры ачышчэнні зямлі і святыні даручыў Сафану, сыну Эсэліі, і Маасіі, кіраўніку горада, і Ёаху, сыну Ёахаза, — ад пісараў, — аднавіць святыню Госпада, Бога свайго. Яны прыбылі да першасвятара Хэлькіі і атрыманыя ад яго грошы, што былі ўнесены ў святыню Госпада і што сабралі левіты прыдзверныя ад Манасы, і Эфраіма, і ўсіх астатніх жыхароў Ізраэля, а таксама ад усёй Юдэі, і Бэньяміна, і жыхароў Ерузаліма, аддалі ў рукі загадчыкаў, якія кіравалі працай у доме Госпада, а гэтыя далі іх работнікам, якія працавалі ў святыні для адбудовы святыні і для аднаўлення ўсяго нетрывалага; гэта значыць, далі грошы цеслям і мулярам, каб купілі часаных камянёў і дрэва для стыкаў будынка і на пакрыццё дамоў, якія разваліў цар Юдэі. Наглядальнікі за работамі спаўнялі свае абавязкі сумленна. Наглядальнікамі ж за работамі былі Ягат і Абдзія — левіты з сыноў Мэрары; Захарыя і Масала з сыноў Кагата, якія кіравалі работамі. Усе ж левіты, якія ўмелі граць на музычных інструментах, былі пастаўлены над тымі, што насілі цяжары, ды кіравалі работамі тых, якія выконвалі ўсякія работы. З левітаў былі таксама пісары, і загадчыкі, і прыдзверныя. І калі вымалі грошы, прынесеныя ў святыню Госпада, першасвятар Хэлькія знайшоў кнігу закону Госпадава, перададзеную рукой Майсея. Дык сказаў Хэлькія пісару Сафану: «Кнігу закону знайшоў я ў доме Госпада». І аддаў яе яму. І Сафан занёс кнігу да цара ды яшчэ абвясціў яму, паведамляючы: «Усё, што ты даручыў паслугачам сваім, — вось, выконваецца. Срэбра, знойдзенае ў святыні Госпада, выкарысталі, і далі загадчыкам і работнікам». І паведаміў пісар Сафан цару: «Кнігу даў мне святар Хэлькія». Ды чытаў яе перад царом. І сталася, калі цар выслухаў словы закону, разадраў шаты свае і загадаў Хэлькіі, і Ахікаму, сыну Сафана, і Абдону, сыну Міхі, а таксама пісару Сафану ды слузе царскаму Асаю, кажучы: «Ідзіце і парайцеся з Госпадам, што да мяне і што да рэшты ізраэльцаў і Юдэі ў сувязі са словамі кнігі, якая была знойдзена. Страшнае бо абурэнне Госпада сышло на нас дзеля таго, што бацькі нашы не пільнавалі слоў Госпада, каб спаўняць усё тое, што напісана ў гэтай кнізе». Дык пайшоў Хэлькія і тыя, каго цар паслаў разам з ім, да прарочыцы Гульды, жонкі Сэлума, сына Тэквы, сына Харааса, вартаўніка адзення, якая жыла ў Ерузаліме, у новым горадзе, і расказалі ёй пра справу. І яна адказала ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Скажыце чалавеку, які прыслаў вас да мяне: вось што кажа Госпад: “Вось, навяду я бяду на гэтае месца і на яго жыхароў, усе праклёны, якія запісаны ў гэтай кнізе, якую чыталі перад царом Юдэі, бо пакінулі Мяне і ўскладалі ахвяры чужым багам, каб Мяне гнявіць усімі ўчынкамі рук сваіх; таму выльецца гнеў Мой на гэта месца ды не патухне”. А цару Юдэі, які паслаў вас параіцца з Госпадам, так скажыце: “Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Таму, што ты выслухаў словы кнігі, і забаялася сэрца тваё ды ўпакорыўся ты перад абліччам Бога, адносна таго, што было сказана супраць гэтага месца і жыхароў Ерузаліма, таму што ўпакорыўся ты перада Мной, раздзёр шаты свае ды плакаў перада Мной, то Я таксама пачуў цябе”, — гаворыць Госпад. Вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, ды будзеш пахаваны спакойна ў сваёй магіле; ды вочы твае не ўбачаць усёй загубы, якую Я навяду на гэтае месца і на яго жыхароў”». А яны прынеслі цару ўсё, што ён сказаў. Затым ён, сабраўшы ўсіх старэйшын Юдэі і Ерузаліма, увайшоў у дом Госпадаў разам з усімі юдэямі і жыхарамі Ерузаліма, са святарамі і левітамі ды з усім народам, ад найменшага да найбольшага. У доме Госпада ў прысутнасці ўсіх слухаючых цар перачытаў усе словы кнігі запавету, якую знайшлі ў доме Госпада. І, стоячы на сваім месцы, заключыў ён запавет перад абліччам Госпада, каб ісці за Ім і пільнаваць прыказанні Яго, і сведчанні і законы Яго ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёй ды спаўняць словы запавету, запісаныя ў гэтай кнізе. Заклінаў ён таксама аб гэтым усіх, хто знаходзіўся ў Ерузаліме і ў Бэньяміне; і сталі дзейнічаць жыхары Ерузаліма па дамове з Госпадам, Богам бацькоў сваіх. Осія, такім чынам, выкінуў усе агіднасці з усіх земляў сыноў Ізраэля і прымусіў усіх, хто знаходзіўся ў Ізраэлі, служыць Госпаду, Богу свайму. Ва ўсе дні яго не адступіў ніхто ад Госпада, Бога бацькоў сваіх.

Осія ж святкаваў у Ерузаліме Пасху Госпаду; бо чатырнаццатага дня першага месяца ахвяравалі ягня пасхальнае. І паставіў ён святароў у іх абавязках, і падбадзёрыў іх да службы ў доме Госпадавым. Таксама левітам, якія навучалі ўвесь Ізраэль і былі пасвячоны Госпаду, сказаў: «Пастаўце святы каўчэг у святыні, якую пабудаваў Саламон, сын Давіда, цар Ізраэля; не будзеце ўжо больш насіць яго на плячах. Цяпер будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, і Яго народу Ізраэлю. І падрыхтуйцеся па родах вашых і па чэргах вашых, як напісаў Давід, цар Ізраэля, і прадпісаў Саламон, сын яго; і служыце ў святым месцы групамі родаў братоў вашых, сыноў народа, — у кожнай групе частка левіцкага роду. Дык забіце пасхальнае ягня, і асвяціцеся, і прыгатуйце яго для братоў вашых, каб споўніць слова, якое загадаў Госпад праз Майсея». Прытым Осія даў кожнай супольнасці, якая там знаходзілася, дзеля Пасхі, ягнят і казлоў са статкаў: трыццаць тысяч, і валоў — тры тысячы — усё з маёмасці цара. Таксама яго кіраўнікі ахвяравалі добраахвотна, як народу, так і святарам, і левітам. Затым Хэлькія, і Захарыя і Ягіэль — кіраўнікі святыні Госпада — ахвяравалі святарам, каб справіць Пасху, супольна дзве тысячы шэсцьсот ягнят ды трыста валоў. Хананія ж, Сямэй, таксама і Натанаэль, браты яго, таксама Гасабія, і Егіэль, і Ёзабад — кіраўнікі левітаў, падаравалі іншым левітам на святкаванне Пасхі пяць тысяч ягнят ды пяцьсот валоў. І было прыгатавана служэнне: і святары сталі на сваім месцы, левіты таксама сталі па чэргах па загадзе цара. І забілі пасхальнае ягня; і святары рукою сваёй пакрапілі крывёй, і левіты здзіралі шкуру з ахвяр, і падзялялі ахвяру, каб даць групам, утвораным паводле родаў народа і ўскласці ў ахвяру Госпаду, як напісана ў кнізе Майсея. З валамі таксама зрабілі падобна. І спяклі пасхальнае ягня над агнём, як загадана было законам; мірныя ж ахвяры зварылі ў катлах, і ў каструлях, і ў гаршках ды спешна раздалі ўсяму народу. А сабе і святарам пазней прыгатавалі; бо ахвяраваннем цэласпаленняў і тлушчу святары былі заняты аж да ночы; таму левіты і сабе, і святарам, сынам Аарона, падрыхтавалі Пасху найпазней. Прытым спевакі, сыны Асафа, стаялі на сваім месцы па загадзе Давіда, і Асафа, і Гемана, і Ідытуна — прарокаў цара; прыдзверныя ж пры кожнай браме вартавалі, так што ні на хвілінку не адрываліся ад паслугі, бо браты іх, левіты, прыгатавалі ім ежу. Так што ў той дзень уся служба Госпаду была прыгатавана па абрадзе, каб святкавалі Пасху ды складалі цэласпаленні на ахвярніку Госпада па загадзе цара Осіі. Дык сыны Ізраэля, якія там знаходзіліся, святкавалі Пасху ў той час і ўрачыстасць праснакоў сем дзён. Не было нічога, падобнага да гэтага, у Ізраэлі ад часоў прарока Самуэля ды ніводзін з цароў Ізраэля не святкаваў так Пасхі, як Осія са святарамі, з левітамі, і ўсёй Юдэяй і Ізраэлем, які знаходзіўся там, ды з жыхарамі Ерузаліма. У васемнаццаты год царавання Осіі гэтак Пасха была адсвяткавана. У той час, як Осія аднавіў святыню Нэкао, цар Егіпта, пайшоў ваяваць пад Каркаміс каля Эўфрата. І насустрач яму выйшаў Осія. Тады ён паслаў да яго вестуноў сказаць яму: «Што мне і табе, цар Юдэі? Не супраць цябе сёння выступаю, але супраць іншага дому ваюю, на які ісці паспешна загадаў мне Бог. Не выступай супраць Бога, Які са мной, каб не забіў Ён цябе». Але Осія не захацеў вярнуцца, але смела рашыў з ім ваяваць ды не згадзіўся са словамі Нэкао, якія былі з вуснаў Божых; выступіў жа ў бой на раўніне Магеда. Там, паранены лучнікамі, сказаў сваім паслугачам: «Выведзіце мяне з бою, бо я цяжка паранены». Яны выцягнулі яго з калясніцы ў іншую калясніцу і завезлі ў Ерузалім; і памёр ён, і быў пахаваны ў грабніцы бацькоў яго; і ўся Юдэя і Ерузалім плакалі па ім. Ярэмія ўчыніў галашэнне па Осіі. Усе спевакі і спявачкі аж па сённяшні дзень учыняюць галашэнні па Осіі, і як бы закон утрымаўся ў Ізраэлі: вось, падаецца ў галашэннях. Астатнія дзеянні Осіі ды яго міласэрнасць, згодна з тым, што напісана ў законе Госпада, таксама яго дзеянні, першыя і апошнія, запісаны ў кнізе Цароў Ізраэля і Юдэі.

Затым народ зямлі ўзяў сына Осіі — Ёахаза і паставіў царом у Ерузаліме на месца бацькі яго. Ёахаз меў дваццаць тры гады, калі пачаў кіраваць, і тры месяцы быў царом у Ерузаліме. А выдаліў яго цар Егіпта, калі прыбыў у Ерузалім, і абклаў зямлю данінаю ў сто талентаў срэбра і адзін талент золата. І паставіў ён замест яго царом Эліякіма, брата яго над Юдэяй і Ерузалімам, і перамяніў імя яго на Ёакіма. Самога ж Ёахаза ўзяў з сабою і павёў у Егіпет. Ёакім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, ды адзінаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме; і дапускаўся ліха перад Госпадам, Богам сваім. Супраць яго выйшаў Набукаданосар, цар халдэйцаў, ды яго, звязанага ланцугамі, павёў у Бабілон; туды пераправіў і пасудзіны Госпадавы і памясціў у сваім храме. А астатнія дзеянні Ёакіма, і агіднасці яго, якіх дапускаўся, ды тое, што было знойдзена супраць яго, — запісана ў Кнізе цароў Ізраэля і Юдэі. І па ім быў царом сын яго Ёахін. Васемнаццаць гадоў меў Ёахін, калі стаў царом, і ўладарыў у Ерузаліме тры месяцы і дзесяць дзён, і дапускаўся ён ліхога ў вачах Госпада. І па сканчэнні года цар Набукаданосар паслаў па яго і загадаў прывесці яго ў Бабілон разам з найкаштоўнейшымі пасудзінамі святыні Госпада, а на яго месца паставіў царом яго брата Сэдэцыю над Юдэяй і Ерузалімам. Сэдэцыя меў дваццаць адзін год, калі стаў царом, і ў Ерузаліме цараваў адзінаццаць гадоў. І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, Бога свайго, і не ўпакорыўся перад прарокам Ярэміем, калі той казаў яму, як вусны Госпада. Узбунтаваўся ён таксама супраць Набукаданосара, якому прысягнуў Богам быць верным, і зацвярдзеў ён каркам сваім і сэрцам, каб не навярнуцца да Госпада, Бога Ізраэля. Дый і ўсе кіраўнікі святароў і народ памножылі бясчынствы свае і паводле ўсіх агіднасцей паганскіх апаганілі дом Госпадаў, які асвяціў Госпад у Ерузаліме. А Госпад, Бог бацькоў іх, пасылаў да іх Сваіх вестуноў, ноччу ўстаючы і штодзень напамінаючы, так як шкадаваў народ і месца Свайго прабывання. Але яны высмейвалі пасланцоў Божых, і не звярталі ўвагі на перасцярогі Яго, і здзекаваліся з прарокаў Яго, аж пакуль не ўзгарэлася абурэнне Госпада на народ Свой ды не было ўжо ніякага ратунку. Навёў бо на іх цара халдэяў, і мечам ён забіў іх юнакоў у доме свяцілішча іх, і не пашкадаваў ані юнака, ані дзяўчыны, ані старца, ані сівой галавы, але ўсіх аддаў у яго рукі. І ўсе пасудзіны святыні Божай, як большыя, так і меншыя, і скарбы святыні, і цара, і кіраўнікоў пераправіў у Бабілон. Ворагі спалілі святыню, і разбурылі мур Ерузаліма, спалілі ўсе палацы, і ўсё, што толькі мела каштоўнасць, было знішчана. Калі хто ўсцярогся меча, той быў заведзены ў Бабілон ды служыў цару і сынам яго, аж пакуль не загадаў цар персаў, каб споўнілася слова Госпада праз вусны Ярэміі: «Пакуль зямля прыме суботы свае, будзе яна спраўляць суботу ва ўвесь час свайго знішчэння, аж пакуль не мінуць семдзесят гадоў». А каб споўнілася слова Госпада, якое сказаў Ён праз вусны Ярэміі, узбудзіў Госпад дух Кіра, цара персаў, у першы год царавання Кіра, цара персаў, які загадаў абвясціць ва ўсім царстве сваім, таксама пісьмова заяўляючы: «Гэта заяўляе Кір, цар персаў: “Даў мне Госпад, Бог неба, усе валадарствы зямлі; і Ён загадаў мне, каб пабудаваў я Яму дом у Ерузаліме, што знаходзіцца ў Юдэі”. Хто з вас усіх з Яго народа, хай будзе Госпад, Бог яго, з ім, і хай ідзе!»


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.