Библия › Чарняўскі-17 › Амоса
Словы Амоса, які быў сярод пастухоў з Тэкуа; што бачыў ён адносна Ізраэля ў дні Озіі, цара Юды, і ў дні Ерабаама, сына Ёаса, цара Ізраэля, і за два гады перад землятрусам. І сказаў ён: «Госпад грыміць з Сіёна і з Ерузаліма падае голас Свой; і бядуюць лугі пастухоў, і вяршыня Кармэля стогне. Вось што кажа Госпад: “З прычыны трох злачынстваў Дамаска і дзеля чатырох не адмяню слова, таму што малацілі жалезнымі калясніцамі Галаад. Пашлю агонь на дом Газаэля, і паглыне ён палацы Бэнадада. І сатру запоры Дамаска, і знішчу жыхароў з даліны Авэн і трымаючага скіпетр з Бэтэдэна, а народ сірыйскі заведзены будзе ў палон у Кір”, — кажа Госпад. Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Газы і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што яны вывелі ўсіх, як палонных, каб перадаць іх у Эдом. Ды пашлю агонь на муры Газы, і паглыне ён палацы яго. Выгублю жыхара з Азота і трымаючага скіпетр з Аскалона, павярну руку Сваю супраць Акарона, і прападзе астатак філістынцаў”, — кажа Госпад Бог. Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Тыра і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што яны перадалі ўсіх, як палонных, у Эдом і не памяталі пра братэрскае пагадненне. Сашлю агонь на муры Тыра, і паглыне ён яго палацы”. Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Эдома і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што ён пераследаваў брата свайго мечам, і парушыў пачуццё міласэрнасці, і безупынна трываў у гневе сваім, і гнеў свой захаваў да канца. Пашлю агонь на Тэман, і паглыне палацы Босры”. Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Амона і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што яны рассякалі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць свае межы. Дык распалю агонь на мурах Рабы, і паглыне ён яго палацы сярод голасу ў дзень бою ды сярод віхуры ў дзень буры; і пойдзе цар іх у палон, ён і князі разам”, — кажа Госпад.
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Мааба і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што спаліў косці цара Эдома на вапну. Дык пашлю агонь на Мааба, ён паглыне палацы Карыёта, ды прападзе ў час завірухі ваеннай Мааб, у гармідары і пры гуку трубы: знішчу з пасярод яго суддзю і разам з ім пазабіваю ўсіх яго князёў”, — кажа Госпад. Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох збродняў Юды і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што адкінулі закон Госпадаў і загадаў Яго не захавалі, звялі іх ідалы іх, за якімі хадзілі бацькі іх; дык сашлю агонь на Юду, і паглыне ён палацы Ерузаліма”. Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох збродняў Ізраэля і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што за срэбра прадаюць справядлівага, а беднага — за пару сандаляў. У пыле зямлі топчуць яны галовы бедных, а дарогу ўбогіх крывяць; а сын і бацька яго ходзяць да [той самай] дзяўчыны, каб зняважыць Маё святое імя. І на вопратках, узятых у залог, вылежваюцца пры кожным ахвярніку, і віно, атрыманае з абвінавачаных, п’юць у доме Бога свайго. Я знішчыў з-пад іх аблічча амарэяў, вышыня якіх была падобнай да вышыні кедраў, а моц — быццам дубоў; я знішчыў плод іх зверху, а знізу — карані яго. Вывеў жа Я вас з зямлі Егіпецкай, і вёў вас праз пустыню сорак гадоў, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю амарэяў. І пасярод сыноў вашых узняў прарокаў, а паміж юнакоў вашых — назіраў. Ці не было так, сыны Ізраэля?” — кажа Госпад. А вы назарэйцаў паілі віном, а прарокам забаранялі, кажучы: “Не праракуйце”. Вось жа, Я прыцісну вас да зямлі, як прыціскае воз, загружаны снапамі. У спрытнага не стане сілы ўцячы, ды дужы не адчуе сілы сваёй, а волат не ўратуе душу сваю; лучнік не ўстаіць, ані спрытны не ўратуецца на нагах сваіх, а коннік на кані не ўратуе душу сваю. Нават наймацнейшы духам сярод волатаў уцячэ голы ў той дзень”, — кажа Госпад.
Слухайце гэта слова, якое сказаў Госпад пра вас, сыны Ізраэля, пра ўвесь род, які вывеў з зямлі Егіпецкай, кажучы: “Толькі вас прызнаў Я з усіх родаў зямлі, дзеля таго пакараю вас за ўсе правіны вашы. Ці пойдуць удвух разам перш, чым не дамовіліся між сабой? Ці ж зарычыць леў у лесе перш, чым атрымае здабычу? Ці ж падасць свой голас ільвянятка з свайго лежышча перш, чым нешта зловіць? Ці ж спадзе птушка на зямлю без сіла? Ці ж падымаецца пастка над зямлёю перш, чым нешта схопіць? Ці ж калі затрубіць труба ў горадзе, народ не палохаецца? І калі будзе ў горадзе бяда, ці не Госпад гэта дапусціў? Бо не зробіць нічога Госпад Бог, каб не адкрыць Сваёй таямніцы для паслугачоў Сваіх, прарокаў. Леў раве, хто ж не спалохаецца? Калі Госпад Бог прамаўляе, хто ж не будзе праракаваць? Абвясціце ў палацах Асірыі і ў палацах зямлі Егіпецкай! Кажыце: “Збярыцеся на гарах Самарыі і пабачце многія шаленствы ў ёй і ўціскі пасярод яе”. І не ўмеюць яны чыніць справядлівасць, — кажа Госпад, — збіраюць гвалт і рабунак у палацах сваіх”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Непрыяцель акружыць зямлю кругом, і будзе адабраная ў цябе сіла твая, і абрабаваны будуць палацы твае”. Гэта кажа Госпад: “Як вось пастух вырывае з пашчы льва дзве галёнкі або канец вуха, так будуць уратаваныя [нямногія] сыны Ізраэля, якія пражываюць у Самарыі на рагу пасцелі і на ложы Дамаска. “Паслухайце і дайце сведчанне ў доме Якубавым”, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — У дзень, калі буду караць праступкі Ізраэля, пакараю яго, а таксама ахвярнік у Бэтэлі, і адсечаны будуць рагі ахвярніка ды зваляцца на зямлю; і разбуру дом зімовы разам з домам летнім, і прападуць дамы з аздабленнем з косці слановай ды развалены будуць палацы вялікія”, — кажа Госпад.
Слухайце гэтае слова, каровы Басана, якія ёсць на гары Самарыі, якія прыгнятаеце няшчасных і мучаеце бедных, якія кажаце гаспадарам сваім: “Прынясі, і будзем піць!” Прысягнуў Госпад Бог святасцю Сваёй: “Вось, прыйдуць на вас дні, і прыцягнуць вас крукамі, а астатніх вашых — вудамі; і праз праломы муроў выйдзеце, адна насупраць другой, і павалакуць вас у Армон”, — кажа Госпад. “Ідзіце ў Бэтэль, і бязбожнае чыніце ў Галгале, і памнажайце злачынствы; і складайце ахвяры вашы кожнай раніцы і кожны трэці дзень — дзесяціны вашыя! І складайце ў ахвяру хлебную хлеб кіслы, і клічце ўголас да ахвяр добраахвотных, ды абвяшчайце, бо гэта вы любіце, сыны Ізраэля”, — кажа Госпад Бог. “За гэта і Я даў вам галечу зубоў па ўсіх гарадах вашых ды нястачу хлеба па ўсіх месцах вашых; а вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. “Таксама Я ўтрымаў ад вас дождж, калі яшчэ тры месяцы заставалася да жніва; ды праліў дождж на адзін горад, а на другі горад не даў дажджу: адна частка паліта дажджом, а другая частка, на якую не даў дажджу, ссохла. Тады ўцякалі два, тры гарады ў адзін горад, каб там напіцца вады, але не заспакоілі смагі; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. “Я караў вас пякучым ветрам і залатухай; многа вашых садоў і вінаграднікаў вашых, дрэвы фігавыя вашы і аліўкі вашы з’ела саранча; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. “Саслаў на вас пошасць — заразу, як на Егіпет, выбіў мечам вашых юнакоў, забраўшы коней вашых, ды ўчыніў так, што смурод ад станаў вашых падымаўся да ноздраў вашых; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. “Спустошыў Я вас, як спустошыў Бог Садом і Гамору, і сталіся вы, як галавешка, выцягнутая з агню; але вы не навярнуліся да Мяне”, — кажа Госпад. “Дык вось што зраблю табе, Ізраэль, а што гэта зраблю табе, прыгатуйся стаць перад Богам тваім, Ізраэль, бо вось, Ён — Той, Хто творыць горы і выклікае вецер, аб’яўляе чалавеку намер яго, выклікае зару і цемру, ходзіць па вышынях зямных; імя Яго — Госпад, Бог Магуццяў”.
Слухайце слова гэтае, якое я ўздымаю над вамі, плач, о доме Ізраэля; упала і не мае сілы падняцца дзяўчына Ізраэля; кінута на зямлю сваю, няма, хто б яе падняў. Бо гэта кажа Госпад Бог: “Горад, з якога выходзіла тысяча, застанецца ў ім сто; ды з якога выходзіла сто, застанецца ў ім дзесяць перад домам Ізраэля”. Бо вось што кажа Госпад дому Ізраэля: “Шукайце Мяне, і будзеце жыць; ды не шукайце Бэтэль, і не ўваходзьце ў Галгал, і не наведвайце Бээр-Сэбы, бо Галгал пойдзе ў няволю, а Бэтэль будзе нічым”. Шукайце Госпада і будзеце жыць; каб Ён часам не абрушыўся на дом Язэпа, як агонь, і не паглынуў яго, і не будзе каму яго загасіць у Бэтэлі. О вы, якія закон пераварочваеце ў палын, а справядлівасць топчаце па зямлі Гэта, вось, Той, Хто стварыў зоркі Пляяды і Арыёна, Хто перамяняе цемру ў раніцу, а дзень ноччу зацямняе, Хто прызывае воды мора і разлівае іх па паверхні зямлі; Госпад — імя Яго. Ён робіць так, што знішчэнне пануе над волатам, ды наводзіць Ён знішчэнне на крэпасць. А яны ненавідзяць таго, хто судзіць у браме, не церпяць таго, хто кажа праўду. Такім чынам, за тое, што тапталі беднага і частку збожжа бралі вы ад яго, дык вы будуеце сабе дамы з цясанага каменя, але не будзеце ў іх жыць; закладаеце вінаграднікі найлепшыя, але віна з іх не будзеце піць. Бо пазнаў я многія вашы збродні і многія вашы грахі, о вы, крыўдзіцелі справядлівага, хабарнікі і прыгнятальнікі бедных у браме! Вось чаму ў гэты час мудры маўчыць, бо гэта — час нядолі. Шукайце дабра, а не ліхоты, каб жылі так, каб быў з вамі Госпад, Бог Магуццяў, так, як вы казалі. Ненавідзьце ліхоту, а любіце дабро, ды ўсталюйце ў браме справядлівасць! Можа злітавацца Госпад, Бог Магуццяў, над астаткам Язэпа. Дзеля таго кажа Госпад, Бог Магуццяў, Валадар: “На ўсіх плошчах плач, на ўсіх вуліцах будуць крычаць: “Гора, гора!”; ды будуць прызываць земляроба да жалобы і да галашэння — тых, што ўмеюць галасіць. І ва ўсіх вінаградніках будзе плач, бо прайду пасярэдзіне цябе”, — кажа Госпад. Гора тым, хто чакае дня Госпадавага! Нашто вам дзень Госпадаў? Ён — цемра, а не святло. Гэта так, як бы хто ўцёк перад ільвом, а натрапіў на мядзведзя; як бы схаваўся ў дом і абапёрся рукой сваёй аб сцяну, а ўкусіла яго гадзіна. Ці ж не цемра — дзень Госпадаў, ды не святло? Ці ж не цемрадзь без яснасці ў ім? “Ненавіджу, брыджуся вашымі святамі і не маю ўпадабання ў вашых урачыстасцях. Калі, вось, будзеце складаць Мне цэласпаленні, то вашы ахвяры не прыму і не зірну на ахвяры з сытых быкоў вашых. Аддалі ад Мяне гармідар песняў сваіх, ды песні гусляў тваіх не буду слухаць! Хай, як вада, цячэ прысуд, а справядлівасць — як ручай вечны. Ці ж не складалі вы Мне ахвяр крывавых і ахвяр з ежы на працягу сарака гадоў у пустыні, доме Ізраэля? Але і насілі вы Сакута, вашага цара, ды Кайвана, баговішчаў вашых, зорку вашых баговішчаў, якіх зрабілі сабе. Таму перасялю вас за Дамаск”, — кажа Госпад; Бог Магуццяў — імя Яго.
Гора бяспечным на Сіёне і даверлівым на гары Самарыйскай, прызначаным быць першымі над народамі, да якіх прыходзіць дом Ізраэля! Ідзіце ў Хальнэ і паглядзіце, а адсюль ідзіце ў Эмат вялікі, ды зайдзіце ў Гет Філістынскі. Ці ж вашы лепшыя за гэтыя валадарствы або ці абшырнейшыя абсягі вашы за іх абсягі? Вы, якія дзень ліха лічыце далёкім, ды чыніце, каб наблізілася валадарства гвалту. Яны вылежваюцца на ложах з косці слановай і разлягаюцца на дыванах сваіх, ядуць ягнят са статка і цялят з пасярод пашы. Падпяваючы на гук псалтэрыёна, як Давід, прыдумляюць сабе інструменты грання. П’ючы віно з чар, намашчаюцца лепшым алейкам, а ніколькі не сумуюць над падзеннем Язэпа. Таму цяпер пойдуць у выгнанне на чале перасяленцаў, і спыніцца зборышча гуляк. Прысягнуў Госпад Бог на душу сваю, Госпад Бог Магуццяў кажа: “Брыджуся Я пыхлівасцю Якуба ды ненавіджу яго палацы, і аддам горад ды ўсю яго маёмасць”. А калі б засталіся дзесяць чалавек у адным доме, і яны памруць; і возьме іх сваяк іх, і спаліць іх, каб вынесці косці з дома; і скажа яму той, хто застаўся дома: “Ці ёсць яшчэ хто ў цябе?” І ён адкажа: “Няма”; ды скажа яму: “Маўчы”, бо нельга ўпамінаць імя Госпадавага. Бо вось, Госпад дасць загад і разваліць большы дом у руіны, а меншы дом у трэшчыны. Ці бягуць коні па скалах, або ці арэцца мора валамі; вы ж замяняеце закон на атруту, а плод справядлівасці — на палын. Яны цешацца з Лодэбар, яны кажуць: “Ці не сваёю сілаю здабылі мы сабе Карнаім?” “Вось жа, Я ўзбуджу супраць вас, доме Ізраэля, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — народ; і ён будзе прыціскаць вас ад уваходу ў Эмат аж да ручая Арабы”.
Вось жа, гэта паказваў мне Госпад Бог: і вось, Ён ствараў саранчу напачатку, калі адрасталі розныя травы, а была гэта атава на пакосах царскіх. І вось жа, калі яна скончыла з’ядаць траву на зямлі, я сказаў: “Госпадзе Божа, будзь міласцівы, малю, як застанецца Якуб? Ён жа малы”. Пашкадаваў Госпад яго. “Не станецца гэта”, — сказаў Госпад Бог. Вось што паказаў мне Госпад Бог: і вось, клікаў на суд праз агонь Госпад Бог, і ён паглынуў вялікую бездань, ды паглынуў таксама частку [зямлі]. Я прасіў: “Госпадзе Божа, перастань, малю, як жа застанецца Якуб, бо малы ён?” Пашкадаваў Госпад яго. “Не станецца гэта”, — сказаў Госпад Бог. Вось што паказаў мне Госпад Бог: вось жа, Муж стаіць на муры тынкаваным, і ў руцэ Яго кельня мулярская. Дык сказаў Госпад Мне: “Што ты бачыш, Амосе?” І я сказаў: “Кельню мулярскую”. Дык сказаў Госпад: “Вось жа, я пакладу кельню пасярод народа майго, Ізраэля; больш ім не дарую. І знішчаны будуць капішчы Ізаака, ды святыні Ізраэля будуць спустошаны, і пайду з мечам супраць дому Ерабаама”». І паслаў Амазія, святар з Бэтэля, Ерабааму, цару Ізраэля, кажучы: «Змаўляецца супраць цябе Амос сярод дому Ізраэля; не зможа знесці зямля ўсіх размоў яго. Гэта вось кажа Амос: “Ад меча памрэ Ерабаам, а Ізраэль будзе нявольнікам пераселены з сваёй зямлі”». Дык сказаў Амазія Амосу: «Правідцу, ідзі, уцякай у зямлю Юды, і там еж хлеб, і там будзеш праракаваць; а ў Бэтэлі болей не праракуй, бо гэта царская святыня і дом царства». І ў адказ сказаў Амос Амазіі: «Я не прарок і не сын прарока, але я пастух і збіраю сікаморы. І ўзяў мяне Госпад, калі я пасвіў статак, і сказаў мне Госпад: “Ідзі, праракуй народу Майму Ізраэлю”. А цяпер паслухай слова Госпада! Ты кажаш: “Не праракуй супраць Ізраэля і не прадказвай адносна дому Ізаака”. Дзеля таго вось што кажа Госпад: “Жонка твая ў горадзе будзе распуснай. Сыны ж і дочкі ад меча папрападаюць. Зямля твая будзе вяроўкай падзелена. Ты ж на зямлі спаганенай памрэш, а Ізраэль нявольнікам будзе пераселены з зямлі сваёй”».
Гэта вось паказаў мне Госпад Бог: вось жа, кош са спелымі пладамі. І спытаўся: «Што ты бачыш, Амосе?» Я адказаў: «Кош са спелымі пладамі». І сказаў Госпад мне: «Прыспеў канец народу майму Ізраэлю; не буду болей прабачаць яму. У той дзень палацавыя песні заменяцца ў плач, — кажа Госпад Бог, — будзе многа трупаў, раскідаюцца яны на кожным месцы, ціша!» Слухайце гэта вы, што ўціскаеце беднага і пазбаўляеце бедных зямлі. Вы кажаце: «Калі то пройдзе поўня месяца? Тады будзем мы прадаваць хлеб. Калі ж шабат? Тады мы адчынім свірны, каб змяншаць меру, павялічваць кошт сікля ды падманваць фальшывымі вагамі, каб купляць за срэбра няшчасных, а беднага за пару сандаляў, і каб высеўкі пшанічныя прадаваць». Прысягнуў Госпад на пыху Якуба: «Не забудуся ў вяках усіх іх учынкаў». Ці ж дзеля гэтага не задрыжыць зямля і ці ж не будзе бедаваць кожны яе жыхар, уздымецца яна ўся, як плынь, узбурыцца і ападзе, як ручай Егіпецкі? «І будзе так: у той дзень, — кажа Госпад Бог, — загадаю сонцу закаціцца ў поўдзень і зацямню аблічча зямлі ў ясны дзень. І замяню святы вашы ў жалобу, а ўсе спевы вашы — у плач; і надзену на ўсе сцёгны вашы зрэбніцу, а на ўсе галовы — лысіну, ды пакладу яе, як жалобу па адзіным сыне, а апошнія дні — як горкі дзень». «Вось жа надыдуць дні, — кажа Госпад, — і я пашлю голад на зямлю; не голад на хлеб ані смагу на ваду, але голад на слуханне слова Госпадавага. І будуць яны бегаць ад мора да мора; віраваць будуць з поўначы на ўсход, шукаючы слова Госпадавага, і не знойдуць. У той дзень памлеюць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і юнакі. Тыя, што прысягаюць на віну Самарыі і кажуць: “Жыве Бог твой, Дан!” і “Жыве шлях Бээр-Сэбы!” — падуць і болей не паўстануць».
Бачыў я Госпада, Які стаяіць над ахвярнікам, і Ён сказаў: «Стукні ў вершнікі, і хай захістаюцца бэлькі; разбі іх усе на галовах, і апошняга з іх Я заб’ю мечам; не ўцячэ з іх уцякач, ды не ўратуецца прысутны пры гэтым. Хоць бы сышлі яны ў апраметную, адтуль выведзе іх Мая рука; а калі б падняліся аж у неба, адтуль сцягну іх. І калі б схаваліся на вяршыні Кармэля, там вышукаю і забяру іх. Ды калі б скрыліся ад вачэй Маіх у глыбіні мора, там загадаю змею, і ён укусіць іх. Калі б пайшлі ў палон перад сваімі ворагамі, і там загадаю мечу, і пазабівае іх, накірую вочы Свае на іх на бяду, а не на дабро». І Госпад, Бог Магуццяў, — Той, Які дакранецца да зямлі, і яна пачне таяць. І залямантуюць усе жыхары яе, і падымецца ўся яна, як плынь, ды ападзе, як ручай Егіпецкі. Ён будуе на нябёсах палацы Свае, і скляпенне Сваё асноўвае на зямлі; Ён прызывае воды марскія і вылівае іх на паверхні зямлі; Госпад — імя Яго. «Ці ж вы, сыны Ізраэля, не такія Мне, як сыны этыёпцы? — кажа Госпад. — Ці ж не Я вывеў Ізраэля з зямлі Егіпецкай і філістынцаў — з Кафтора, і сірыйцаў — з Кіра? Вось жа, вочы Госпада Бога на грэшнае царства, і Я сатру яго з аблічча зямлі, і ўсе ж такі не сатру зусім дому Якуба, — кажа Госпад. — Бо Я, вось, загадаю і расцярушу дом Ізраэля паміж усіх народаў, як рассыпаецца зерне ў рэшаце, і ніводнае зерне не ўпадзе на зямлю. Ад меча пагінуць усе грэшнікі з Майго народа, тыя, што кажуць: “Не наблізіцца і не прыйдзе на нас гэтая бяда!” У той дзень Я адбудую палатку Давіда, якая ўпала, запраўлю трэшчыны ў ёй, і тое, што развалена, — аднаўлю ды адбудую яе, як у ранейшыя дні, каб яны атрымалі ў спадчыну рэшту Эдома і ўсе народы, над якімі прызывана імя Маё, — кажа Госпад, Які зробіць гэта. Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі аратай захопіць жняца, а таптальшчык вінаграду — сейбіта, а горы будуць цячы вінаградным сокам, ды ўсе ўзгоркі цячы будуць. Вярну з палону народ Мой ізраэльскі; і адбудуюць яны зруйнаваныя гарады, і абжывуцца ў іх, і будуць закладаць вінаграднікі, і будуць піць віно з іх, і вырасцяць сады, і будуць есці плады з іх. І пасаджу іх на іх зямлі, ды ніколі не будуць вырваны з зямлі сваёй, якую Я ім даў», — кажа Госпад, Бог твой.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017