Библия › Чарняўскі-17 › Ёэля

Ёэля

Слова Госпада, якое было да Ёэля, сына Патуэля: «Слухайце гэта, старэйшыя, і настаўце вушы, усе жыхары зямлі! Ці было гэткае ў дні вашы або ў дні вашых бацькоў? Раскажыце аб гэтым сынам вашым, а сыны вашыя сваім сынам, а сыны іх — наступным пакаленням. Што засталося пасля вусеняў — з’ела саранча, што засталося пасля саранчы — з’елі чэрві, а што засталося пасля чарвей — з’елі жукі. Прабудзіцеся, п’яніцы, і плачце! Наракайце ўсе, якія п’яце віно, дзеля маладога віна, бо знікла яно з вуснаў вашых! Бо нахлынуў на зямлю маю народ, моцны і шматлікі; зубы яго, як зубы ў льва, і сківіцы львіцы ў яго. Спустошыў ён вінаграднік мой, а фігавае дрэва маё на кавалкі паламаў; абдзёр яго дашчэнту і пакінуў, так што толькі галіны яго бялеюць. Галасі, як дзяўчына, адзетая ў зрэбніцу, дзеля мужа маладосці сваёй. Знікла ахвяра хлебная і вадкая з дома Госпада; плачуць святары, слугі Госпадавы. Спустошана краіна, сумуе зямля, бо знішчана збожжа; сапсаваўся вінаградны сок, звяла аліўкавае дрэва. Засаромцеся, земляробы, галасіце, вінаградары, дзеля пшаніцы і ячменю, бо прапала жніво на полі. Засохла вінаградная лаза, ды звяла дрэва фігавае, дрэва гранату, і пальма, і яблыня, і ўсе дрэвы на полі павысыхалі; бо змарнела радасць паміж сыноў чалавечых. Перапаяшыцеся ды плачце, святары, галасіце, слугі ахвярніка. Увайдзіце, апраніцеся ў зрэбніцу, слугі Бога майго, бо знікла з дома Бога вашага ахвяра хлебная і вадкая. Прызначце пост святы, склічце сход, збярыце старэйшых, усіх жыхароў зямлі ў дом Госпада, Бога вашага, і ўсклікайце да Госпада: “О гэты дзень!”» Бо блізкі ўжо дзень Госпадаў, і прыйдзе ён, як спусташэнне ад Усемагутнага. Ці ж на вачах нашых не зніклі харчы, а з дома Бога нашага — радасць і весялосць? Пагнілі зярняты пад сваімі скібамі; развалены гумны, разбураны свірны, бо высахла збожжа. Што ж так сумна мыкае жывёла, бо не маюць яны пашы? Нават чароды авечак прападаюць. Да Цябе, Госпадзе, клічу, бо агонь паеў пашу пустыні і полымя спаліла ўсе дрэвы палявыя. Нават звяры палявыя ўздыхаюць да Цябе, бо павысыхалі крыніцы водаў ды агонь паглынуў стэпавыя пашы.

Трубіце трубой на Сіёне, галасіце на святой гары Маёй. Хай дрыжаць усе жыхары зямлі, бо надыходзіць дзень Госпадаў, бо ён ужо блізка. Дзень цемры і змроку, дзень хмарны і мглісты. Як зараніца ранняя над узгоркамі, народ шматлікі і моцны: падобнага да яго не было ад пачатку, і па ім болей не будзе аж да будучых пакаленняў. Перад ім агонь пажырае, а за ім палае полымя. Як сад Эдэнскі зямля перад ім, а за ім — стэп пусты; і нічому не будзе ратунку ад яго. Выгляд яго падобны да выгляду коней, і імчаць яны, як коннікі. Узлятаюць яны над вяршынямі гор, быццам гоман калясніц, быццам гоман полымя агню, які паліць іржышча, як народ магутны, падрыхтаваны да бою. Перад абліччам яго задрыжаць народы, ва ўсіх твары збялеюць. Як барацьбіты, бягуць яны і, як ваяры, лезуць на мур; кожны ідзе сваёй дарогаю, і не збочваюць са сваіх сцежак. Адзін аднаму не замінае, кожны ідзе сваім шляхам; яны прарываюцца праз стрэлы, і гэта ім не шкодзіць. Урываюцца ў горад, падымаюцца на мур, узыходзяць на дамы, улазяць праз вокны, як злодзеі. Перад абліччам яго трасецца зямля, дрыжаць нябёсы, цямнеюць сонца і месяц і зоркі губляюць свой бляск. І Госпад падае Свой голас перад абліччам войска Свайго, бо надзвычай вялікі лагер Яго, бо ён магутны ў выкананні волі Яго; бо вялікі ёсць дзень Госпадаў і вельмі страшны. Хто вытрымае яго?! «Дык цяпер, — кажа Госпад, — павярніцеся да Мяне ўсім сэрцам вашым праз пост, і плач, і бедаванне. І раздзірайце сэрцы вашы, а не вопратку вашу, і павярніцеся да Госпада, Бога вашага, бо Ён ласкавы і міласэрны, цярплівы і шматлітасцівы, і спагадны ў нядолі». Хто ведае, ці не адумаецца Ён, і ці не даруе, і ці не пакіне па Сабе дабраславенне — ахвяры хлебныя і вадкія Госпаду, Богу вашаму? Трубіце ў трубу на Сіёне, прызначце пост, склічце сход. Збярыце народ, абвясціце святы сход, запрасіце старых, збярыце дзяцей і немаўлят; хай выйдзе жаніх са святліцы сваёй і нявеста з пакоя свайго. Паміж прысенкамі і ахвярнікам хай плачуць святары, паслугачы Госпадавы, ды хай кажуць: «Пашкадуй, Госпадзе, народ Свой, і не давай спадчыны Сваёй на здзекі, каб не панавалі над імі пагане. Нашто ж, каб казалі між народамі: “Дзе ж Бог іх?”» І ўзгарэўся Госпад рупліва любоўю апекі да зямлі Сваёй, і пашкадаваў Ён народ Свой. І адказаў Госпад, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа, і віно, і алей, і будзеце вы насычаны імі; і не аддам вас больш на здзек паганам, і таго, што з поўначы, Я аддалю ад вас далёка, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю дружыну яго — да ўсходняга мора, а заднюю — да мора заходняга». І падымецца ад іх смурод, і застанецца гнілізна па іх, бо ўчыніў Ён вялікае. Не бойся, зямля! Радуйся і весяліся, бо вялікае ўчыніў Госпад. Не бойцеся, звяры палявыя, бо зазелянелі пашы ў пустыні, бо дрэва прынесла плады свае, дрэва фігавае і вінаград далі плён свой. І вы, сыны Сіёна, радуйцеся і цешцеся ў Госпадзе, Богу вашым, бо Ён даў вам паводле справядлівасці дождж і ўчыніў, каб праліўся на вас дождж ранні і дождж позні, як і раней. І такі вашы будуць запоўнены збожжам, а тоўчні перапоўняцца вінаградным сокам і алеем. «І Я ўзнагароджу вас за тыя гады, у якія нішчыла вас саранча, вусені, чэрві і жукі — вялікае войска Маё, якое Я паслаў на вас. І тады будзеце есці, спажываючы, і наясцеся, і будзеце хваліць імя Госпада, Бога вашага, Які ўчыніў з вамі дзіўныя рэчы, і народ Мой не будзе асаромлены. І будзеце ведаць вы, што Я ёсць сярод Ізраэля, і што Я — Госпад, Бог ваш, і няма іншага; і народ Мой не будзе больш асаромлены на векі. А пасля гэтага будзе: вылью Я Духа Майго на кожнае цела, і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і старыя вашы будуць бачыць сны, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы. Ды нават на слуг Маіх і на служанак вылью ў тыя дні ад Духа Майго. І дам цуды на небе ды знакі на зямлі: кроў, і агонь, і слупы дыму. Сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і страшны. І будзе: кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены, бо на гары Сіён і ў Ерузаліме будзе збаўленне, як сказаў Госпад, і сярод ухаваных — тыя, якіх Госпад паклікаў.

Бо, вось жа, у тыя дні і ў той час, калі Я змяню лёс Юды і Ерузаліма, Я збяру ўсе народы і завяду іх у даліну Язафата, і там учыню суд над імі за народ Мой і за спадчыну Маю, ізраэльцаў, якіх яны раскідалі паміж народамі, а зямлю Маю падзялілі. І пра народ Мой кідалі жэрабя, і аддавалі юнака за блудніцу, а дзяўчыну прадавалі за віно, каб пілі. І што Мне вы, Тыр і Сідон, і ўсе акругі філістынскія? Ці вы хочаце адпомсціць Мне? Калі вы Мне такую помсту чыніце, вельмі хутка Я вашу помсту павярну на галаву вашу. Забралі вы срэбра Маё і золата, і забралі каштоўнасці Мае, і занеслі ў святыні вашы. Сыноў Юды і сыноў Ерузаліма прадавалі вы сынам Грэцыі, каб аддаліць іх ад межаў сваіх. Вось жа, Я выведу іх з месца, у якое вы іх прадалі, і помсту вашу павярну на галаву вашу. І прадам сыноў вашых і дачок вашых у рукі сыноў Юды, а яны прададуць іх сабэйцам, народу, які жыве далёка, бо так сказаў Госпад». Абвясціце гэта між народамі, прыгатуйцеся да святой вайны, склічце волатаў! Хай прыходзяць і хай выступаюць усе ваяры. Перакуйце плугі вашы на мечы, і сярпы вашы — на дзіды; хай слабы кажа: «Я моцны». Збярыцеся і прыйдзіце, усе народы сумежныя, ды збярыцеся там! Вядзі, Госпадзе, Тваіх волатаў. Хай паўстануць народы і сыдуць у даліну Язафата, там бо сяду Я, каб судзіць усе сумежныя народы. Пашліце сярпы, бо наспела жніво, ідзіце і таўчыце, бо поўная тоўчня і выліваецца з тоўчні, бо вялікая ліхота іх. Народы, народы ў даліне Прысуду, бо блізкі дзень Госпада ў даліне Прысуду. Сонца і месяц пацямнелі, і зоркі страцілі бляск свой. І Госпад загрыміць з Сіёна, і з Ерузаліма падыме голас Свой; і ўзварухнуцца нябёсы і зямля, Госпад жа будзе прытулкам народу Свайму і цвярдыняй для сыноў Ізраэля. «Дык пазнаеце тады, што Я — Госпад, Бог ваш, Які жыве на Сіёне, гары Маёй святой; і Ерузалім будзе месцам святым, і чужынцы больш не будуць праходзіць праз яго. І станецца таго дня: горы будуць сцякаць вінаградным сокам, і ўзгоркі аплываць будуць малаком, і па ўсіх ручаях Юдэі пабягуць воды, а з дома Госпада выцячэ крыніца і напоіць даліну Сэтым. Егіпет пойдзе на спусташэнне, і Эдом станецца бязлюднай пустыняй, таму што ліха чынілі адносна сыноў Юды і пралівалі кроў бязвінную ў зямлі іх. А зямля Юдэйская будзе заселеная вечна, а Ерузалім — з пакалення ў пакаленне. І адпомшчу за кроў іх, не пакіну без пакарання, і Госпад зажыве на Сіёне».


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.