Библия › Чарняўскі-17 › Осіі

Осіі

Слова Госпада, якое было да Осіі, сына Бээры, у дні цароў юдэйскіх: Озіі, Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, таксама ў дні цара ізраэльскага Ерабаама, сына Ёаса. Пачатак слова Госпадава праз Осію. Сказаў Госпад Осію: «Ідзі, вазьмі сабе жонку з блудніц і дзяцей з распусты, бо зямля, распусная і разбэшчаная, адварочваецца ад Госпада». Дык пайшоў ён і ўзяў Гамэр, дачку Дабэлаіма. Яна пачала і нарадзіла яму сына. І сказаў Госпад яму: «Назаві яго імем Езрагэль, таму што яшчэ не доўга і Я адпомшчу за кроў Езрагэля дому Егу і спыню царства дому Ізраэля. І ў той дзень зламлю лук Ізраэля на раўніне Езрагэль». Ды пачала яшчэ і нарадзіла дачку; дык сказаў ёй: «Назаві яе імем “Без міласэрнасці”, бо я ўжо болей не буду шкадаваць дом Ізраэля і не дарую ім. Але дом Юды пашкадую і збаўлю іх у Госпадзе, Богу іх. Не збаўлю іх, аднак, ані лукам, ані мечам, ані вайною, ані коньмі, ані коннікамі». І, адкарміўшы грудзямі тую, што была «Без міласэрнасці», пачала і нарадзіла сына. І сказаў: «Назаві яго імем: “Не Мой народ”, бо вы — не Мой народ, а Я для вас — “Няма Мяне”». І будзе лік сыноў Ізраэля, як пясок марскі, які нельга змераць ды нельга злічыць. І будзе: у тым месцы, дзе казалі ім: «Вы — не Мой народ», будуць казаць ім: «Вы — сыны Бога жывога». І злучацца тады сыны Юды з сынамі Ізраэля і ўстановяць сабе адну галаву; і сыдуцца з зямлі, бо вялікі дзень Езрагэля.

Кажыце братам вашым: «Мой народ» і сёстрам вашым: «Атрымала міласэрнасць». Спрачайцеся з вашай маці, спрачайцеся, бо яна ўжо не жонка Мая, а Я — не муж ёй; хай прыме з твару свайго распуснасць сваю і з грудзей сваіх — чужаложства. Каб часам не агаліў яе цалкам, ды не паставіў яе, як у дзень нараджэння яе, ды не зрабіў яе падобнаю да пустыні, ды не ўчыніў яе сухою зямлёй, ды не забіў яе смагаю. Дзяцей яе не пашкадую, бо яны дзеці распусты, бо маці іх чужаложыла; ганебна паводзіла сябе, якая іх пачала; бо казала: «Пайду за сваімі палюбоўнікамі, якія даюць мне хлеб і воды мае, воўну маю і лён мой, аліву маю і напітак мой». Дзеля таго, вось, загараджу дарогу тваю цернямі і мурам яе загараджу так, што сваіх сцежак не знойдзе; І пойдзе яна за палюбоўнікамі сваімі, ды не дагоніць іх, і будзе шукаць іх, але не знойдзе, і скажа: «Пайду я і вярнуся да майго праўдзівага першага, бо тады намнога лепей мне было, як цяпер». А яна не ведае, што гэта Я даў ёй збожжа, віно, аліву, павялічыў ёй срэбра і золата, з якога зрабілі Баала. Таму вярнуся і забяру ў свой час сваё збожжа і віно сваё ў свой час; адбяру воўну сваю і лён свой, якія закрывалі яе сорам. І цяпер адкрыю агіднасць яе перад вачамі палюбоўнікаў яе, ды [няма] нікога, хто б вырваў яе з рукі Маёй. І спыню ўсе гулянкі яе, святы яе, поўнямесячнікі, шабаты яе ды ўсе ўрачыстасці яе. Знішчу вінаграднік яе і сады фігавыя, пра якія казала: «Гэта плата мая, якую мне далі мае палюбоўнікі». Вось жа, заманю іх у лес, есці іх будзе дзікі звер. І наведаю яе ў дні Баала, калі яму паліла кадзіла, і ўбіралася ў завушніцы і нашыйнікі свае, і бегала за сваімі палюбоўнікамі, а пра Мяне забылася, — кажа Госпад. Дзеля таго, вось, Я заманю яе, ды завяду яе на пустыню, ды буду гаварыць да яе сэрца, і аддам ёй вінаграднікі яе з таго самага месца, і лагчыну Ахор, браму надзеі, і будзе там спяваць Мне, як у дні маладосці сваёй, калі выходзіла яна з зямлі Егіпецкай. І станецца: «У той дзень, — кажа Госпад, — ты назавеш Мяне: “Муж мой” ды не назавеш больш Мяне: “Баал мой”. І выкіну з вуснаў яе імёны баалаў, і ўжо не будзе ўспамінаць імя іх. І заключу ў той дзень пагадненне з імі: са зверам палявым, і з птушкай паднебнай, і з паўзуном зямным: лук, і меч, і вайну сатру з зямлі і дам ім жыць бяспечна. І пашлюблю цябе сабе на вечнасць; і пашлюблю цябе сабе па справядлівасці, і па законе, і па міласэрнасці, і па літасцівасці, і пашлюблю цябе сабе па вернасці, і пазнаеш Госпада. Ды станецца, што ў той дзень выслухаю, — кажа Госпад, — выслухаю неба, а яно выслухае зямлю; і зямля выслухае пшаніцу і віно, і аліву, а гэтыя выслухаюць Езрагэль. І пасею яе для сябе на зямлю, і пашкадую яе, якая была “Без міласэрнасці”; і скажу “Не Майму народу ”: “Ты — народ Мой”, а ён адкажа: “Ты — Бог мой”».

Вось жа, Госпад сказаў мне: «Ідзі яшчэ і палюбі жанчыну, каханую мужам, але чужаложную, як любіць Госпад сыноў Ізраэля, а яны глядзяць на чужых багоў і любяць аладкі з разынкамі». І купіў я сабе за пятнаццаць срэбранікаў, за гамэр ячменю і за паўгамэра аўса яе, і сказаў ёй: «Многія дні будзеш чакаць мяне, не чужалож і не будзь з іншым, і не прыйду я да цябе». Бо многія дні сыны Ізраэля будуць заставацца без цара, і без князя, і без ахвяры, і без каменя, і без эфода, і без тэрафіма. Але пасля таго навернуцца сыны Ізраэля і будуць шукаць Госпада, Бога свайго, і Давіда, цара свайго, і з пашанай будуць ставіцца да Госпада і да Яго дабра ў канцы дзён.

Слухайце слова Госпада, сыны Ізраэля, бо суд у Госпада з жыхарамі зямлі: бо няма праўды, і няма міласэрнасці, ды няма на зямлі пазнання Бога. Пракляцце і хлусня, забойства і крадзеж, і чужаложства распаўсюдзілася лішне, кроў памнажае кроў. Дзеля таго будзе плакаць зямля, і зняможацца кожны, хто жыве на ёй, жыхар яе са зверам палявым, з птушкай паднебнай, і нават рыбы марскія знікнуць. Аднак хай не будзе нікога, хто б асуджаў, ды нікога, хто б ганіў. І народ твой — як тыя, хто спрачаецца са святаром! І ты ўпадзеш днём, і прарок таксама будзе падаць з табою ноччу; дык загублю маці тваю. Прападае народ Мой, таму што не мае навучання, бо ты адкінуў навучанне, і Я цябе адкіну ад Майго святарства, бо забыўся ты пра закон Бога твайго, дык і Я забудуся пра дзяцей тваіх. Чым болей іх, тым больш грашаць супраць Мяне; дык славу іх замяню на ганьбу. Грахом народа Майго жывяцца яны, і да няправасці кіруюць яны душы свае. Што будзе з народам, тое будзе са святаром, і адпомшчу за яго ліхія паводзіны, па ўчынках яго адгаджу яму. Будуць яны есці і не наядуцца; будуць чужаложыць, але не размножацца, бо пакінулі Госпада, каб не служыць Яму. Распуста, і віно, і п’янства завалодалі сэрцам іх. Народ Мой раіцца са сваім дрэвам, а яго палка прадказвае яму; бо дух чужаложны звёў іх, пакінулі Бога свайго, каб распуснічаць. На вяршынях гор складаюць ахвяру, і на ўзгорках кадзяць кадзіла, пад дубам і таполяй, і тэрэбінітам, бо засень ад іх добрая. Таму вашыя дочкі займаюцца распустай, нявесткі вашыя чужаложаць. Ці ж не буду караць дачок вашых, калі б дапускаліся распусты? І нарачэніц вашых, калі б чужаложылі? Але яны самі паганяцца з чужаложніцамі і нават складаюць ахвяры з распусніцамі, ды так народ неразумны загіне. Калі ты, Ізраэлю, распуснічаеш, хай прынамсі Юда не грашыць! Не хадзіце ў Галгал, не заходзьце ў Бэт-Авэн, ані прысягайце словамі: «Жыве Госпад». Бо Ізраэль упорысты, як карова наравістая. Ці ж цяпер будзе іх пасвіць Госпад, як ягня на прасторным пасвішчы? Засябраваў Эфраім з ідаламі — кінь яго! Далучыўся да п’янства іх, аддаліся яны распусце, больш любяць ганьбу нячыстасці. Апануе іх віхор сваімі крыламі, і засаромяцца яны ахвяр сваіх.

Слухайце гэта, святары, ды звярні ўвагу, доме Ізраэля ды доме царскі, успрымі, бо для вас прызначаны суд; а вы сталіся сілом для Міцпы і разнятай сеткай над Таборам. І ўчынілі яны глыбокай яму Сітым, але Я ўсіх вас пакараю. Я знаю Эфраіма, ды Ізраэль не схаваны ад Мяне, бо цяпер ты, Эфраіме, пусціўся ў распусту, Ізраэль спракудзіўся. Не дапусцяць учынкі іх навярнуцца ім да Бога свайго, бо дух распуснасці жыве ў іх нутры, і не ведаюць яны Госпада. Пыха Ізраэля сведчыць сама за сябе, злачыннасць іх вядзе Эфраім і Ізраэль да падзення, а з імі разам падзе таксама Юда. З авечкамі сваімі і валамі сваімі пойдуць шукаць Госпада, але Яго не знойдуць, бо Ён ад іх ухіліўся. Адвярнуліся яны ад Госпада, бо нарадзілі чужых сыноў, цяпер знішчыць іх за месяц з іх маёмасцю. Грайце ў рог у Габе і на трубе — у Раме, гаманіце ў Бэт-Авэне — напалохайце Бэньяміна. Эфраім станецца пустыняй у дзень пакарання. Адносна пакаленняў Ізраэля абвяшчаю рэч верную. Князі Юды сталіся падобныя да тых, што перасоўваюць межы; вылью на іх, як ваду, гнеў Свой. Прыгнечаны Эфраім, знішчаны суд, бо захацеў пайсці за смеццем. А я — быццам моль для Эфраіма, ды быццам гнілізна для дому Юды. І ўбачыў Эфраім сваю кволасць, а Юда — рану сваю. І выйшаў Эфраім у Асірыю, і выправіў пасланцоў да вялікага цара; але ён сам не зможа вас вылечыць і не зможа вызваліць вас ад калецтва. Бо Я — быццам леў для Эфраіма ды быццам ільвянятка — для дому Юды; Я схаплю і пайду; панясу, і няма нікога, хто б уратаваў. Пайду і зноў вярнуся ў Сваё месца, аж адпакутуюць і будуць шукаць аблічча Майго, і будуць прагнуць Мяне ў бедах сваіх.

«Хадземце, вернемся да Госпада, бо Ён скалечыў нас і вылечыць нас, Ён нас пабіў і аздаравіць нас. Па двух днях верне нам жыццё, а трэцяга дня — падыме нас, і будзем жыць у прысутнасці Яго. Пазнавайма, парупімся пазнаць Госпада. Быццам зараніца, прыгатаваны прыход Яго, і прыйдзе Ён, як дождж своечасовы да нас, як дождж позні, што абвадняе зямлю». «Што ўчыню табе, Эфраім? Што зраблю табе, Юда? Любоў ваша, як ранняя хмара і як раса ранняя, нясталая». Дзеля таго абцёсваў Я іх праз прарокаў, забіваў іх словамі вуснаў Маіх, і закон Мой, як святло, узыдзе; літасці бо жадаю, а не ахвяры, і пазнання Бога больш, чым цэласпалення. Яны ж ужо ў Адаме парушылі дамову і там адвярнуліся ад Мяне. Галаад — горад злачынцаў, спаганены крывёю. Збор святароў падобны да разбойнікаў, што цікуюць на чалавека; на дарозе забіваюць яны тых, што ідуць у Сіхэм, дапускаюцца сапраўднага злачынства. У доме Ізраэля бачу Я жудасці: там Эфраім жыве распусна, спаганіўся Ізраэль. Але і табе, Юда, прыгатавана жніво, калі вярну палон Майго народа.

Калі захацеў вылечыць Ізраэля, яўнай сталася праступнасць Эфраіма і ліхота Самарыі, бо яны дапусціліся лгарства: злодзей уваходзіць, а на дварэ рабуюць разбойнікі. Яны не думаюць у сэрцах сваіх, што Я памятаю ўсе іх злачынствы, цяпер акружаюць іх учынкі іх, яны — перад абліччам Маім. Сваёй пераваротнасцю ўзрадавалі цара, а лгарствамі сваімі — князёў. Усе яны чужаложнікі: яны — як прапаленая печ, пекар перастае раздуваць агонь, калі месіць цеста, аж пакуль яно не скісне. У дзень цара нашага князі самлелі ад гарачкі віна, яно апанавала дзёрзкіх. Бо яны распалілі інтрыгамі сэрца сваё, як печ; усю ноч засынаў гнеў іх, нараніцы ж гарыць ён, як полымя агню. Усе яны распалены, як печ, і пажыраюць суддзяў сваіх; усе цары іх папрападалі, няма з іх нікога, хто прызываў бы Мяне, Эфраім памяшаўся з народамі, Эфраім — печаны ў прысаку хлеб, які не варочалі. Чужыя спажываюць сілу яго, а ён не ведае; сівізна пакрыла яго, а ён не ведае. Пыха Ізраэля сведчыць сама за сябе, але яны не навярнуліся да Госпада, Бога свайго, і ва ўсім гэтым не шукалі Яго. Вось, стаўся Эфраім, як галубіца неразумная, што не мае развагі; клікалі ў Егіпет, пайшлі ў Асірыю. І калі яны пойдуць, закіну Я на іх нерат Свой і схаплю ўсіх, як птушак паднебных, пакараю іх паводле таго, што чулі на сваім сходзе. Гора ім, бо яны адступілі ад Мяне! Будуць знішчаны, бо яны адвярнуліся ад Мяне. Усё ж такі адкуплю іх, хоць бы яны гаварылі лгарства супраць Мяне. Не прызывалі Мяне шчырым сэрцам сваім, калі лямантавалі на ложках сваіх; наразаюць скуру з-за збожжа і віна ды супрацівяцца адносна Мяне. Я ж вучыў іх і ўзмацоўваў плячо іх, а яны супраць Мяне задумваюць ліхоту. Звяртаюцца да таго, хто не дапаможа, сталіся, як лук падманны; падуць ад меча князі іх дзеля нястрыманасці языка свайго: такое пасмяянне з іх у зямлі Егіпецкай.

Вазьмі трубу ў вусны свае! Хай як арол — па-над домам Госпада дзеля таго, што пераступілі прымірэнне Маё і спракудзіліся супраць закону Майго. Клічуць Мяне: «Божа Мой, мы ведаем Цябе, мы Ізраэль». Адкінуў Ізраэль дабро, дык непрыяцель будзе пераследаваць яго, самі ўстанаўлялі цароў, але без Маёй волі; прызначалі князёў — але Я не ведаў; са срэбра свайго і са свайго золата зрабілі сабе ідалаў на сваю загубу. Адкінутае цяля тваё, Самарыя; узгарэўся гнеў Мой на іх. Дакуль жа не змогуць ачысціцца? Бо з Ізраэля і само яно: яго мастак зрабіў, і яно не бог; вось жа, на кавалкі рассыплецца цяля самарыйскае. Раз вецер будуць сеяць, жаць будуць буру; калі не будзе ў ёй коласа, расліна не дасць мукі, а калі і дала — чужыя з’ядуць яго. Праглынуты Ізраэль, і цяпер між народамі стаўся ён, як нячыстая пасудзіна. Яны бо пайшлі да Асірыі, як асёл дзікі, адзінокі, Эфраім жа набыў сабе супольнікаў падарункамі. Але хоць таварам падкупілі б народы, але збяру іх, і трымцець будуць скора пад цяжарам цара, князёў. Хоць павялічыў Эфраім ахвярнікі за грахі, сталіся яму ахвярнікі на грэх. Напісаў Я ім многа Сваіх законаў, але былі яны палічаны за чужыя. Любяць ахвяры крывавыя, складаюць з мяса ахвяры і ядуць; але Госпад не прыме іх. Успамяне Ён цяпер іх правіны і пакарае за грахі іх: яны вернуцца ў Егіпет. «Ты забыўся Ізраэль пра свайго Творцу і пабудаваў капішчы; а Юда пабудаваў шмат гарадоў умацаваных. Але Я пашлю агонь на гарады яго, і ён паглыне крэпасці яго».

Не цешся, Ізраэлю, не гамані радасна, як народы, бо ты распуснасцю адвярнуўся ад Бога твайго, узлюбіў плату за ўсе такі пшанічныя. Ток і тачыла не пракормяць іх, а віно падвядзе іх. Не выжывуць на зямлі Госпадавай, але вернецца Эфраім у Егіпет і ў Асірыі паганае будуць есці. Не будуць з віна складаць ахвяры Госпаду, і не будуць падабацца Яму іх ахвяры; быццам хлеб жалобы, стануць яны для іх; усе, хто з’ядуць яго, стануцца нячыстымі, бо хлеб іх будзе толькі для жыцця іх; не ўвойдзе ён у дом Госпадаў. Што зробіце ў дзень урачысты, у дзень святы Госпадаў? Вось жа, выйшлі яны дзеля спусташэння; Егіпет іх збярэ, Мемфіс іх пахавае: іх каштоўнае срэбра крапіва возьме ў спадчыну, а церні — іх палаткі. Прыйшлі дні пакарання, прыйшлі дні адплаты: хай ведае Ізраэль! «Дурны, — кажа ён, — прарок; шалёны — чалавек духоўны». Дзеля вялікай злачыннасці тваёй і вялікія варожасці твае. Цікуе Эфраім, народ Бога майго, — на прарока; на ўсіх яго дарогах — лавецкае сіло, варожасць — у самім доме Бога яго. Цяжка зграшылі яны, як у дні Габы; Ён жа ўспомніць іх ліхоту ды караць будзе за іх грахі. «Як вінаград у пустыні, знайшоў Я Ізраэля: як на першы фрукт фігавага дрэва на пачатку яго, глядзеў Я на бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэгора і пасвяціліся бессаромнасці, і сталіся агідныя, як тое, што палюбілі. Ад Эфраіма, як птушка, адляціць слова яго: не будзе родаў, цяжарнасці, ані пачацця. А калі б нават выхавалі дзяцей сваіх, пакіну іх без дзяцей, без людзей: але гора ім самім, калі адыду ад іх! Эфраім, як бачу, выставіў дзяцей сваіх на паляванне, і Эфраім вядзе дзяцей сваіх да забойцы. “Дай ім, Госпадзе! Што дасі ім? Дай ім улонне без дзяцей і высахлыя грудзі!” Усе злачыннасці іх у Галгале, бо менавіта там Я іх зненавідзеў. Дзеля ліхоты ўчынкаў іх выкіну іх з дому Свайго. Не буду іх болей любіць. Усе іх князі — бунтаўнікі, пацярпеў паразу Эфраім, высах яго корань, пладоў больш не будзе; а калі нават і народзіць, знішчу дарагі плод у яго ўлонні”. Выганіць яго Бог мой, бо не слухалі Яго; бадзяцца будуць між народамі.

Ізраэль — адборная вінаградная лаза, што прыносіць многа пладоў сваіх; паводле пладароднасці сваёй множыў ён ахвярнікі; паводле тлустасці зямлі сваёй аздабляў ідалаў. Раздзялілася сэрца іх, і цяпер будуць пакараныя; Ён сам сатрэ ахвярнікі іх, знішчыць іх ідалаў. Яны, канешне, кажуць: «Няма ў нас цара; мы бо не баімся Госпада, то што нам цар зробіць?» Гавораць словы, прысягаюць ілжыва, заключаюць хаўрусы; таму вырасце, быццам атрутнае зелле, суд на барознах раллі. З-за цяляці ў Бэт-Авэне трымцець будуць жыхары Самарыіі; бо ў жалобе засмуткуе народ яе; святары тым часам радуюцца дзеля славы яго; бо скора адыдзе ад яго. Бо і ён сам перапраўлены ў Асірыю, у падарунак цару вялікаму; апануе ганьба Эфраіма, засаромеецца Ізраэль дзеля рашэння свайго. Гіне Самарыя, а цар яе — як пена на паверхні вады. Ды будуць знішчаны ўзвышшы бязбожнасці — грэх Ізраэля; церні і асот вырасце на ахвярніках іх, а яны будуць казаць гарам: «Прыкрыйце нас!», а ўзгоркам: «Падзіце на нас!» Ад дзён Габы грашыць Ізраэль; там ператрывалі. Не ахопіць іх у Габе вайна супраць сыноў злачыннасці? «Па жаданні Маім — пакараю іх: збяруцца супраць іх народы, каб іх пакараць дзеля дзвюх іх злачыннасцей. Эфраім — навучаная цялушка, што любіць малацьбу. Я Сам ускладу ярмо на сытую шыю яго, сам Эфраіма запрагу, араць будзе Юда, Якуб жа баранаваць будзе. Пасейце сабе справядлівасць, а пажніце любоў: узарыце сабе новыя землі! Час шукаць Госпада, аж прыйдзе, каб праліць на вас дождж справядлівасці. Узворвалі вы бязбожнасць, жняце несправядлівасць, спажываеце плады лжывасці, бо паспадзяваўся ты на калясніцы свае, на мноства асілкаў тваіх. Падымецца замяшанне ў народзе тваім, і ўсе твае ўмацаванні будуць развалены, як Салман знішчыў Бэт-Арбээль у час вайны, а маці з дзецьмі засечана. Так учыніць вам Бэтэль за ўсю вашу вялікую злачыннасць. Уранні прападзе цар Ізраэля.

Палюбіў Я Ізраэля, калі быў яшчэ дзіцём, і сына Свайго пазваў з Егіпта. Чым болей іх прызываў, тым больш адыходзілі ад аблічча Майго: а ахвяры складалі Баалам і ідалам палілі кадзіла. А Я ж вучыў хадзіць Эфраіма, насіў іх на руках Сваіх, яны ж не ведалі, што апякуюся імі. Цягнуў я іх сувязямі людскімі, цягамі любові; Я быў ім, як той, хто прытуляе немаўля да грудзей сваіх; і схіляўся над ім, і карміў яго. Дык вернецца ў зямлю Егіпецкую, і Асур будзе яго царом, бо не хацелі навярнуцца. У гарадах яго будзе шалець меч і вынішчыць іх гаманкіх дзяцей ды паесць іх за рашэнні іх. Народ Мой настаўлены, каб адвярнуцца ад Мяне, і прызываюць яго ўгору, але поруч не падымаюць яго. Як учыню табе, Эфраіме? Як пакінуць цябе, Ізраэлю? Ці ж учыню табе, як Адаме, ці зраблю цябе падобным да Себаіма? Уздрыгаецца на гэта сэрца Маё, і адначасова разгараецца літасць Мая. Не пушчу гарэння гневу Майго, не павярнуся, каб знішчыць Эфраіма, бо Я — Бог, а не чалавек, пасярод Цябе — святы, і не прыйду з пагрозаю. Услед за Госпадам пойдуць яны; як леў, Ён дасць голас свой, бо Ён сам зарычыць, і з дрыжэннем збягуцца сыны з захаду. І, як птушкі, злятуцца з Егіпта, і, як галубы, — з зямлі Асірыйскай; і збяру іх у сваіх дамах», — кажа Госпад. «Акружыў мяне Эфраім падманам, і ашуканствам — дом Ізраэля, аднак Юда яшчэ дагэтуль ходзіць з Богам і, верны, — са Святым».

Эфраім пасе вецер і ганяецца за хвалямі: увесь дзень множыць лгарства і гвалт, заключае прымірэнне з Асірыяй і дастаўляе аліву ў Егіпет. Дык з Юдаю суд у Госпада, і Ён наведае Якуба; і адгодзіць Ён яму за паводзіны яго і ўчынкі яго. Ужо ва ўлонні маці ашукаў брата свайго, і ў поўні сіл сваіх змагаўся з Богам. Змагаючыся з анёлам, перамог яго, плакаў і маліў яго. Спаткаў яго ў Бэтэлі і там гаварыў з намі Госпад — Бог Магуццяў; Той, Які ёсць, — імя Яго. І ты вярніся да Бога свайго; беражы любоў і закон і май заўсёды надзею ў Богу тваім. Ханаан мае ў руцэ фальшывую вагу, любіць ашуканства. Вось жа, сказаў Эфраім: «Стаўся я багаты, знайшоў сабе маёмасць, і ўсе мае намаганні не дакажуць маёй незаконнасці, якой бы я зграшыў». «Я, вось, Госпад, Бог твой з зямлі Егіпецкай; дазволю табе яшчэ пражываць у палатках, як было ў днях сходу. Вось жа, буду прамаўляць да прарокаў, і памножу бачанні, і праз прарокаў буду даваць прыпавесці». Калі Галаад зрабіўся злачыннасцю, яны зноў сталіся ліхімі; у Галгале складаюць ахвяры цялятамі, — ахвярнікі іх будуць кучамі на барознах раллі. Якуб уцёк у мясцовасць Арам; і служыў Ізраэль за жонку, і дзеля жонкі быў вартаўніком. Вось, праз прарока Госпад вывеў Ізраэля з Егіпта і праз прарока акружыў яго апекай. Эфраім справакаваў Яго да моцнага гневу, таму кроў яго пакіне на ім і за яго знявагу Госпад яго адгодзіць яму.

Калі Эфраім прамаўляў, страх браў; быў ён правадыром у Ізраэлі. Вось жа, зграшыў праз Баала і памёр. І цяпер грашаць яны далей: адліваюць сабе са срэбра свайго статуі, ідалаў паводле свайго разумення; гэта ўсё работа рамеснікаў. «Ім, — кажуць яны, — складайце ахвяры!» — і людзі цалуюць цялят. Дзеля таго будуць яны падобнымі да воблакаў ранішніх і да расы ранішняй, што скора знікае, або стануцца, як мякіна з току, ветрам хапаная, ды як дым з коміна. «Я ж — Госпад, Бог твой ад зямлі Егіпецкай; і Бога па-за Мною не знойдзеш, і Збаўцы па-за Мною няма. Я пасвіў цябе на пустэчы, у зямлі засухі пустыннай. На выганах сваіх былі накормлены, а наеўшыся, паднялі сэрца сваё, і таму забыліся пра Мяне. А Я ім буду, як ільвіца, і, як пантэра, цікаваць буду пры дарозе. Кінуся на іх, як мядзведзіца на захопе львянятак, раздзяру запоры сэрца іх; і з’ем іх там, як леў; палявы звер разарве іх. Знішчаю цябе, Ізраэль; хто ж твой успаможца? Дзе ж цар твой, каб цябе ратаваў ва ўсіх тваіх гарадах, і дзе суддзі твае, аб якіх ты казаў: “Дай мне цара і князёў”? Даю табе цара ў гневе Маім і адбяру зноў у абурэнні Сваім. Схаваная злачыннасць Эфраіма, скрыты грэх яго. Болі парадзіхі прыйдуць на яго; будзе ён сынам неразумным, бо ў свой час стане ён пры выйсці з улоння. Ці ж з рукі пекла маю вызваліць іх і ад смерці выбавіць іх? Дзе твае пошасці, о смерць? Дзе твая загуба, о пекла? Шкадаванне скрыта перад вачамі Маімі». Хоць бы ён меў плён між братамі, прыйдзе вецер усходні, вецер Госпадаў, што прыходзіць з пустыні, высушыць крыніцы яго і высушыць студні іх. Ён зрабуе ўсе багацці, ўсё начынне каштоўнае.

Самарыя будзе пакарана, бо бунтавалася супраць Бога свайго: будуць гінуць ад меча, малыя іх пабіты, і цяжарныя будуць пасечаны. Вярніся, Ізраэлю, да Госпада, Бога свайго, бо ты заняпаў праз сваю злачыннасць. Забярыце з сабою словы і навярніцеся да Госпада; кажыце Яму: «Прабач нам усю нашу злачыннасць і прымі ўсё добрае, а мы прынясём ахвяру вуснаў нашых. Асірыя не збавіць нас, не будзем ужо сядаць на каня, ані будзем больш казаць “Наш Божа!” вырабам рук нашых, бо ў Цябе знойдзе літасць сірата». «Вылечу крывадушнасць іх, і ўзлюблю іх ад сэрца, бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх. Буду, быццам раса, для Ізраэля, так што расцвіце, як лілея, і, як лібанскі кедр, запусціць карані. Раскіне вецце сваё, і будзе слава яго, як дрэва алівы, пах яго — як пах Лібана. Вернуцца зноў тыя, што сядзяць у засені Маёй, будуць сеяць пшаніцу і расцвітуць, як вінаградныя кусты, слава іх — як віно лібанскае. Эфраіме, нашто яму яшчэ ідалы? Я выслухоўваю яго і наглядаю за ім. Я — як кіпарыс зялёны: ад Мяне нараджаецца плод твой». Хто мудры — хай зразумее гэта, хто разумее — хай ведае гэта! Бо роўныя шляхі Госпада, і справядлівыя пойдуць па іх; крывадушнікі, аднак, будуць падаць на іх.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.