Библия › Чарняўскі-17 › Даніэля

Даніэля

У трэці год царавання цара Юдэйскага Ёакіма падышоў Набукаданосар, цар Бабілонскі, пад Ерузалім і абклаў яго; і Госпад аддаў у яго рукі цара Юдэйскага Ёакіма, і частку пасудзін дома Божага, і іх забраў ён у зямлю Сэнаар, у дом багоў сваіх, і памясціў пасудзіны ў дом скарбоўні багоў сваіх. І цар загадаў Асфаназу, кіраўніку сваіх еўнухаў, каб прывёў з ізраэльцаў і з роду царскага, і з правіцеляў юнакоў без аніякай заганы, прыгожых выглядам і вывучаных ва ўсякай мудрасці, маючых веды, і выхаваных, і здатных да службы ў царскім палацы, і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйцаў. І цар выдзеліў ім штодзённую порцыю ад страў царскіх і ад віна, якое сам піў, каб былі яны ўзгадаваны праз тры гады і пасля служылі цару. Такім чынам, з сыноў юдэйскіх былі сярод іх Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя. І наглядчык еўнухаў надаў ім імёны: Даніэлю — Балтасар, і Ананію — Сэдрак, Місаэлю — Місак, і Азарыю — Абдэнага. Даніэль жа рашыў у сэрцы сваім, каб не апаганьвацца стравамі царскімі, ані віном, якое цар піў, ды папрасіў наглядчыка еўнухаў, каб не апаганьвацца. А абдарыў Бог Даніэля ласкаю і міласэрнасцю перад наглядчыкам еўнухаў, і кіраўнік еўнухаў сказаў Даніэлю: «Баюся я гаспадара майго, цара, калі ўбачыць ён вашы твары худзейшымі, чым у іншых юнакоў у вашых гадах; калі гэтак, то вы выставіце маю галаву на небяспеку перад царом». І Даніэль сказаў вартаўніку, якога паставіў кіраўнік еўнухаў над Даніэлем, Ананіем, Місаэлем і Азарыем: «Прашу, аддай нас, паслугачоў тваіх, дзесяцідзённаму выпрабаванню: хай даюць нам гародніну есці і ваду піць; і ўбачыш, як мы выглядаем і як выглядаюць юнакі, якія ядуць стравы царскія, і зробіш з паслугачамі сваімі паводле таго, што ўбачыш». Ён, выслухаўшы гэтыя словы, выставіў іх на дзесяцідзённае выпрабаванне. Па дзесяці ж днях аблічча іх было лепшым і здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу царскую. А вартаўнік браў іх ежу і віно і падаваў ім гародніну. І надзяліў Бог гэтых чатырох юнакоў ведамі і ўменнем ва ўсякім пісанні і мудрасці, Даніэль жа меў разуменне ўсякіх з’яў і сноў. Дык калі прайшоў час, што ўстанавіў цар, каб іх прадставіць, наглядчык еўнухаў прывёў іх да Набукаданосара. І калі цар размаўляў з імі, нельга было знайсці паміж іх усіх нікога, роўнага Даніэлю, Ананію, Місаэлю і Азарыю; ды сталі на службу пры цару. І ўсякае слова мудрасці і разумення, якое ён атрымаў ад іх, цар знайшоў у іх дзесяцікратна лепшым, чым словы ўсіх прадказальнікаў і варажбітоў, якія былі ва ўсім яго царстве. А прабываў там Даніэль аж да першага года цара Кіра.

На другі год царавання меў Набукаданосар сон; і ўстрывожыўся дух яго, што і сон не браў яго. І цар загадаў склікаць прадказальнікаў, і варажбітоў, і чараўнікоў, і халдэйцаў, каб сказалі цару сны яго; калі яны прыйшлі, то сталі перад царом. І цар сказаў ім: «Меў я сон, і дух мой занепакоены, каб зразумець сон». І сказалі халдэйцы цару па-арамейску: «Цару, вечна жыві! Раскажы паслугачам сваім сон, ды высветлім яго сэнс». І ў адказ сказаў цар халдэйцам: «Вось што я гавару. Калі не высветліце мне сну і яго сэнсу, будзеце разарваны на кавалкі і дамы вашы будуць разбураны; а калі высветліце мне сон і яго сэнс, атрымаеце ад мяне дары, і ўзнагароды, і вялікую пашану. Дык раскажыце мне сон і яго сэнс». Адказалі паўторна і сказалі: «Хай цар раскажа сон сваім паслугачам, і мы высветлім яго сэнс». У адказ сказаў цар: «Разумею, канешне, добра, што хочаце мець час, ведаючы, што слова адышло ад мяне. Такім чынам, калі не высветліце мне сну — адзін ёсць для вас прысуд. І вы згаварыліся выявіць мне слова лжывае і поўнае ашуканства, пакуль не зменяцца часы; дык выявіце мне сон, каб я мог пераканацца, што можаце мне высветліць яго сэнс». І халдэйцы адказалі цару: «Няма чалавека на зямлі, які б мог высветліць слова цара; таму ніводзін з цароў, хоць вялікіх і магутных, не выведвае такое слова ад усякага прадказальніка, і ад варажбіта, і ад халдэйца. Пытанне бо, якое ты, цар, ставіш, — цяжкае, і ніхто не зможа на яго адказаць цару, акрамя багоў, якія не прабываюць паміж людзей». Пачуўшы гэта, цар, апанаваны вялікім гневам і абурэннем, загадаў пазабіваць усіх мудрацоў бабілонскіх. І калі выйшаў загад, каб загубіць мудрацоў, шукаліся Даніэль і сябры яго, каб разам былі забіты. Звярнуўся тады Даніэль з парадай і разважлівасцю да Арыёха, кіраўніка варты царскай, які выбраўся, каб загубіць мудрацоў бабілонскіх; сказаў ён Арыёху, які атрымаў паўнамоцтвы ад цара: «Чаму такі строгі загад царскі?» Такім чынам, калі Арыёх прадставіў Даніэлю справу, Даніэль, пайшоўшы, папрасіў цара, каб вызначыў ён яму час на выяўленне сэнсу сну цару; і вярнуўся Даніэль дадому, і расказаў справу сваім сябрам Ананію, Місаэлю і Азарыю, каб прасілі міласэрнасці перад абліччам Бога нябеснага аб гэтай таямнічай справе і каб Даніэль са сваімі сябрамі не загінулі разам з другімі мудрацамі бабілонскімі. Тады Даніэль у начным бачанні атрымаў выяўленне таямніцы, дык дабраслаўляў Даніэль Бога неба і казаў: «Хай будзе дабраславёна імя Бога ва ўсе векі вечныя, бо мудрасць і ўсемагутнасць ёсць у Яго; і Ён змяняе часы і вякі, устараняе і ўстанаўляе цароў, дае мудрасць мудрым і разумнасць разумным. Ён аб’яўляе глыбокае і схаванае і ведае, што знаходзіцца ў цемры, ды святло жыве з Ім. Цябе, Божа маіх бацькоў, слаўлю і Цябе ўхваляю! Бо даў мне мужнасць і мудрасць і выявіў мне зараз тое, аб чым мы малілі Цябе, бо слова царскае выявіў нам». Таму Даніэль пайшоў да Арыёха, якога паставіў цар, каб пазабіваць мудрацоў бабілонскіх, ды так сказаў яму: «Не забівай мудрацоў бабілонскіх; завядзі мяне да цара, і я раскажу цару сэнс сну». Тады Арыёх хутка завёў Даніэля да цара і сказаў яму: «Знайшоў я чалавека сярод выселеных з Юды, які выявіць цару сэнс сну». Цар звярнуўся і сказаў Даніэлю, якога імя было Балтасар: «Ці сапраўды можаш выявіць мне сон, які я бачыў, і раскрыць яго сэнс?» І ў адказ Даніэль сказаў перад абліччам цара: «Таямніцу, пра якую цар пытае, не змогуць выявіць ані мудрацы, ані прадказальнікі, ані варажбіты, ані астролагі; але ёсць Бог у небе, Які адкрывае таямніцы, і Ён выяўляе цару Набукаданосару, што станецца ў апошнія дні. Твой сон і бачанні галавы тваёй, якія ты меў на сваім ложку, ёсць наступныя: цябе, цару, на тваім ложку ахапілі думкі аб тым, што мае пазней надысці; і Той, Хто раскрывае таямніцы, выявіў табе, што станецца. Таксама, што да мяне, таямніца гэта стала мне вядомай не дзеля мудрасці, якой у мяне больш, чым ва ўсіх жывучых, але каб даць выясненне цару і каб ты разумеў думкі свайго сэрца. Ты, цару, бачыў: і вось, адна статуя вельмі вялікая, статуя гэтая, вялікая і высокая, стаяла перад табой, і выгляд яе быў страшны. Галава гэтае статуі была з чыстага золата, грудзі ж яе і плечы — са срэбра, а жывот і клубы — з медзі, ногі ж — з жалеза, ступні яе — часткова з жалеза, а часткова з гліны. Так бачыў ты, што, вось, адарваўся камень, хаця не дакранулася да яго рука людская, і ўдарыў статую ў яе ногі з жалеза і гліны, і паламаў іх; тады зараз жа паламаны былі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата, ды сталі яны, як мякіна на таку летам, і падняў іх вецер, так што не застаўся па іх след; камень жа, які ўдарыў статую, стаў вялікай гарою і запоўніў усю зямлю. Такі вось сон; яго сэнс таксама скажам табе, цару. Ты цар цароў, і Бог неба даў табе царства, і сілу, і моц, і славу, і ў тваю руку даў усё, дзе жывуць людзі, і звяры палявыя, і птушкі нябесныя, і цябе зрабіў валадаром над імі ўсімі, ты — галава залатая. І па табе ўзнікне іншае царства, меншае, чым тваё, і надыдзе трэцяе царства, меднае, якое будзе валадарыць над усёй зямлёй. І чацвёртае царства будзе трывалае, як жалеза; як жалеза, што ўсё крышыць і ламае на кавалкі, і як жалеза, што, разбіваючы, знішчае ды крышыць усё гэта. Затым тое, што ты ўбачыў ногі і пальцы, часткова зробленыя з гліны і часткова — з жалеза, значыць, што царства будзе падзелена; і будзе ў яго трываласць жалеза паводле таго, што ўбачыў ты жалеза, змяшанае з глінай. І пальцы ног часткова з жалеза і часткова з гліны, — гэта значыць, што царства будзе часткова трывалае, часткова — крохкае. А тое, што ты ўбачыў жалеза, змяшанае з глінай, значыць да таго ж, што змяшаюцца яны праз людское семя, але не будуць прымацаваны адзін да аднаго, падобна як жалеза не можа злучыцца з глінаю. А ў часы гэтых царстваў Бог Неба ўзбудзіць Валадарства, якое вытрывае вечна ды ўлада яго не пяройдзе на другі народ: сатрэ і знішчыць яно ўсе гэтыя царствы і само будзе трываць вечна. Як ты гэта ўбачыў, калі камень адарваўся ад гары, хоць не дакранулася да яго рука людская, і знішчыў жалеза, і медзь, і гліну, і срэбра, і золата; вялікі Бог выявіў цару, што станецца пазней: і праўдзівы ёсць сон, і выясненне яго вернае». Тады Набукаданосар упаў на твар свой, і пакланіўся Даніэлю, і загадаў зрабіць яму ахвяры з ежы і духмянае каджэнне. Такім чынам, звярнуўся цар да Даніэля і сказаў: «Ваш Бог ёсць сапраўды Бог багоў і Валадар цароў, Які выяўляе таямніцы, бо змог ты выявіць гэту таямніцу». Потым узвысіў цар Даніэля і даў яму многа багатых дароў ды зрабіў яго кіраўніком намеснікаў над усімі правінцыямі бабілонскімі і кіраўніком над усімі мудрацамі Бабілона. Даніэль жа папрасіў цара і паставіў над справамі правінцыі бабілонскай Сэдрака, Місака і Абдэнагу; Даніэль жа прабываў пры царскай браме.

Цар Набукаданосар пабудаваў залатую статую, вышынёю ў шэсцьдзесят локцяў, а шырынёю — на шэсць локцяў; і загадаў яе паставіць на раўніне Дура ў правінцыі бабілонскай. Такім чынам, даручыў цар Набукаданосар сатрапам, намеснікам і суддзям, кіраўнікам і правіцелям, і загадчыкам ды ўсім правіцелям правінцый сабрацца і ўдзельнічаць у асвячэнні статуі, пабудаванай царом Набукаданосарам. Дык сабраліся сатрапы, намеснікі і суддзі, кіраўнікі і правіцелі, магнаты, якія былі пастаўлены да ўлады, ды ўсе кіраўнікі правінцый на асвячэнне статуі, пабудаванай царом Набукаданосарам. А стаялі яны перад статуяй, якую пабудаваў Набукаданосар. Герольд абвяшчаў уголас: «Загад для вас, народы, пакаленні і мовы: у гадзіну, калі пачуеце гучанне рога, і флейты, і ліры, і арфы, і псалтэрыёна, і дудаў ды ўсякага роду інструментаў музычных, упадзіце і пакланіцеся залатой статуі, якую паставіў цар Набукаданосар. Калі ж хто не ўпадзе і не паклоніцца, будзе той адразу ўкінуты ў распаленую печ». Такім чынам, пасля гэтага адразу, як пачулі ўсе народы гук рога, флейты, і арфы, і псалтэрыёна, дудаў ды ўсякага роду музычных інструментаў, то ўсе народы, пакаленні і мовы ўпалі і пакланіліся залатой статуі, якую паставіў цар Набукаданосар. І адразу ж, і ў тую ж самую гадзіну некаторыя халдэйцы прыйшлі абвінаваціць юдэяў, і звярнуліся яны да цара Набукаданосара: «Цару, вечна жыві! Ты, цару, распарадзіўся, каб кожны чалавек, калі пачуе гук рога, флейты, ліры, арфы, псалтэрыёна, дудаў і ўсякага роду музычных інструментаў, упаў і пакланіўся залатой статуі; калі ж хто не ўпадзе і не паклоніцца, будзе ўкінуты ў распаленую печ. Такім чынам, ёсць мужы юдэі, якіх ты паставіў над работамі правінцыі бабілонскай: Сэдрак, Місак, Абдэнага; мужы гэтыя не лічацца з табою, цару, не даюць пашаны тваім багам і не пакланяюцца залатой статуі, якую ты паставіў». Тады Набукаданосар закіпеў гневам і загадаў прывесці Сэдрака, Місака і Абдэнагу; і прывялі тых мужоў да цара. І Набукаданосар звярнуўся да іх і спытаўся: «Ці праўда, Сэдраку, Місаку і Абдэнагу, што не шануеце маіх багоў і не пакланяецеся залатой статуі, якую я паставіў? Ці цяпер гатовыя вы — у любую гадзіну, калі пачуеце гучанне рога, флейты, ліры, арфы, псалтэрыёна, дудаў і ўсякага роду музычных інструментаў, упасці і пакланіцца статуі, якую я зрабіў? Калі бо не аддасцё паклону, будзеце ў тую ж гадзіну ўкінуты ў распаленую печ; які бог зможа вас вырваць з маіх рук?» Сэдрак, Місак і Абдэнага адказалі, звяртаючыся да цара Набукаданосара: «Не павінны мы табе, цару, адказваць у гэтай справе: калі бо наш Бог, якому мы служым, можа нас выратаваць з распаленай печы, то і з тваіх рук, цару, вызваліць. Калі не пажадае, то ведай, цару, што не будзем ушаноўваць тваіх багоў, ані пакланяцца залатой статуі, якую ты паставіў». На гэта Набукаданосар узгарэўся гневам, і выгляд яго твару змяніўся ў адносінах да Сэдрака, Місака і Абдэнагі; і прыказаў у адказ напаліць печ у сем разоў больш, чым звычайна; і мужчынам найдужэйшым паміж свайго войска даручыў звязаць Сэдрака, Місака і Абдэнагу ды ўкінуць іх у распаленую печ. Дык адразу ж звязалі гэтых мужоў у іх шараварах, і ў галаўных павязках, і ў абутку, і ў шатах і ўкінулі ў сярэдзіну распаленай печы; такім чынам, паколькі загад цара быў сур’ёзны і печ была залішне распалена, полымя агню забіла тых людзей, якія кідалі Сэдрака, Місака і Абдэнагу. Тры ж чалавекі, Сэдрак, Місак і Абдэнага, упалі звязанымі ў сярэдзіну распаленай печы. (91) Цар Набукаданосар вельмі здзівіўся і ўстаў паспешліва; звярнуўся ён да сваіх магнатаў, кажучы: «Ці не кінулі мы трох звязаных мужоў у сярэдзіну агню?» Яны адказалі цару: «Сапраўды, цару». (92) Ён у адказ сказаў: «Вось, бачу чатырох мужоў, што развязаныя і ходзяць у сярэдзіне агню, і не робіцца ім нічога дрэннага; і выгляд чацвёртага напамінае сына багоў». (93) Тады падышоў Набукаданосар да жарала палаючай печы і сказаў: «Сэдраку, Місаку і Абдэнагу, паслугачы Узвышняга Бога, выйдзіце і прыйдзіце сюды!» І адразу ж Сэдрак, Місак і Абдэнага выйшлі з сярэдзіны агню. (94) І сатрапы, намеснікі, і суддзі, і правіцелі цара сабраліся і агледзелі тых мужоў, бо агонь не меў ніякай улады адносна цел іх, і ніводзін волас з іх галавы не быў спалены, ані іх шаравары не былі пашкоджаны, ані не дайшоў да іх пах агню. (95) І Набукаданосар сказаў, звяртаючыся да іх: «Хай будзе дабраславёны Бог Сэдрака, Місака і Абдэнагі, Які паслаў Свайго анёла і ўратаваў Сваіх паслугачоў, якія на Яго ўсклалі свой давер, і парушылі загад цара, і аддалі свае целы, каб не служыць і не аддаваць паклону іншаму богу, апроч Бога свайго. (96) Такім чынам, я выдаю загад, каб усякі народ, пакаленне і мова, хто скажа блюзненне супраць Бога Сэдрака, Місака і Абдэнагі, быў разарваны на кавалкі, і каб дом яго быў разбураны, бо няма іншага Бога, Які змог бы так збавіць». (97) Потым цар узвысіў Сэдрака, Місака і Абдэнагу ў правінцыі бабілонскай. (98) «Цар Набукаданосар — да ўсіх народаў, пакаленняў і моў, пражываючых на ўсёй зямлі: “О, каб дасягнулі вы вялікага супакою! (99) Спадабалася мне абвясціць знакі і цуды, якія Узвышні Бог учыніў для мяне: якія вялікія ёсць Яго знакі ды якія магутныя Яго цуды! (100) І Яго валадарства ёсць вечнае валадарства, і валадаранне Яго — на ўсе пакаленні”.

Я, Набукаданосар, цешыўся супакоем у сваім доме і радасцю ў сваім палацы; Убачыў я сон, які мяне перапалохаў, і стрывожылі мяне думкі на маім ложку і з’явы ў маёй галаве. Ды выдаў я загад, каб прывялі да мяне ўсіх мудрацоў бабілонскіх, каб яны далі мне выясненне сну. Тады з’явіліся прадказальнікі, варажбіты, халдэйцы, і астролагі; і расказаў я ім сон, і выяснення яго не далі мне; пакуль, на астатку, не з’явіўся да мяне Даніэль, які называецца паводле імя майго бога — Балтасар і які мае дух святых багоў у самім сабе. І расказаў я яму сон: “Балтасару, кіраўніку прадказальнікаў, ведаю, што ты маеш у сабе дух святых багоў і што ніякая таямніца не робіць табе цяжкасці, вось з’явы майго сну, якія я ўбачыў, і дай мне яго выясненне! З’явы ў маёй галаве на маім ложку былі такія. Глядзеў я, і, вось, дрэва на сярэдзіне зямлі, і яго вышыня — велізарная. Дрэва вялікае і моцнае, і вышыня яго неба даставала; відаць яго было аж з усіх канцоў зямлі. Лісты яго — найпрыгажэйшыя, і плады яго — шчодрыя, і давала яно ежу ўсім. Пад ім жылі палявыя звяры, і на яго галінах жылі птушкі паднебныя, і з яго кармілася ўсё жывое. Глядзеў я ў з’явах у маёй галаве на маім ложку, і, вось, Вартуючы і Святы сышоў з неба. Закрычаў Ён голасна ды так казаў: “Ссячыце дрэва і абрэжце галіны яго, абтрасіце лісты і адкіньце плады яго. Хай звяры бягуць з-пад яго, і птушкі — з галінаў яго. Але пень яго каранёў пакіньце ў зямлі і ў кайданах з жалеза і медзі сярод палявых траў, хай палівае яго раса з неба, і траву палявую хай дзеліць са звярамі дзікімі. Яго чалавечае сэрца хай зменіцца, і хай атрымае сэрца звярынае; і хай сем прамежкаў часу над ім праміне! Па рашэнні Вартуючых такі ёсць дэкрэт, і справа вырашана Святымі, каб жывучыя ведалі, што Узвышні ёсць Валадар над людскім царствам, і можа яго даць, каму захоча, і можа паставіць над ім самага ўпакоранага з людзей”. Гэта сон, які ўбачыў я, цар Набукаданосар. Такім чынам, ты, Балтасару, падай мне яго сэнс, бо ўсе мудрацы маёй зямлі не маглі мне выясніць; ты ж можаш, ёсць бо дух святых багоў у табе”». Тады Даніэль, які называўся Балтасар, трапіў на нейкі час у ашаламленне, і думкі яго трывожылі яго. Цар жа сказаў яму ў адказ: «Хай сон і выясненне яго не турбуюць цябе, Балтасару». Балтасар адказаў: «Гаспадару мой, а каб жа сон тычыўся тваіх ворагаў, а яго выясненне тваіх супраціўнікаў. Дрэва, якое ты ўбачыў, высокае і магутнае, вышыня якога даставала да неба, і што было бачным на ўсёй зямлі, і галіны яго найпрыгажэйшыя, і плады яго шчодрыя, і ежа для ўсіх на ім, пад якім жылі звяры палявыя і на галінах якога жылі паднебныя птушкі, — гэта ты, о цару, які вырас і стаў магутным, і веліч твая ўзрасла і дастала аж да неба, і валадарства тваё бачна аж на канцах свету. Адносна ж таго, што цар убачыў Вартуючага і Святога, якія сыходзілі з неба і казалі: “Ссячыце дрэва і знішчыце яго; толькі пень яго каранёў пакіньце ў зямлі ў жалезных і медных кайданах сярод палявых траў; і хай яго палівае раса з неба, і хай мае ўдзел са звярамі дзікімі, аж пакуль не праміне над ім сем прамежкаў часу”, — гэта ёсць выясненне, цару, і рашэнне Узвышняга, якое здзейсніцца на гаспадару маім, цару: і выганяць цябе з паміж людзей, і будзеш пражываць пасярод дзікіх звяроў, і, як валы, будзеш есці траву, і расой з неба будзеш праганяць смагу; таксама сем прамежкаў часу праміне над табой, пакуль не прызнаеш, што Узвышні ёсць Валадар над царствам людскім і даручае яго каму захоча. Тое ж, што дадзена было распараджэнне, каб пакінуць пень каранёў яго, гэта значыць, дрэва пакінуць табе, царства тваё застанецца, калі прызнаеш уладу Неба. Дзеля таго, цару, прымі маю табе раду і выкупі грахі свае ўчынкамі справядлівымі і свае злачынствы — міласэрнасцю да ўбогіх: так можа тваё шчасце прадоўжыцца». Усё гэта споўнілася на цару Набукаданосару. Па дванаццаці месяцах ён прагульваўся ў палацы царства Бабілонскага; і, гаворачы, сказаў цар: «Ці ж не гэта вялікі Бабілон, які я пабудаваў, як палац царскі, сілай магутнасці сваёй ды на славу гонару свайго?» Калі яшчэ слова было на вуснах цара, пачуўся голас з неба: «Табе кажуць, цару Набукаданосару, цараванне тваё спынілася; і выдаляць цябе ад людзей, і пражываць будзеш сярод дзікіх звяроў, траву, як валы, будзеш есці; і праміне сем прамежкаў часу над табою, пакуль не прызнаеш, што Узвышні валадарыць над людскім царствам і дае яго каму захоча». Зараз жа споўнілася прадказанне пра Набукаданосара, і быў ён выгнаны ад людзей, і еў траву, як валы, і расою з неба наталялася цела яго, аж пакуль валасы не выраслі ў яго, як у арлоў, і ногці яго — як у птушак. «Такім чынам, па вызначаных днях я, Набукаданосар, падняў вочы свае ў неба, і вярнуўся да мяне розум мой, і дабраславіў я Узвышняга ды Жывучага навечна праславіў я і ўхваліў, бо ўлада Яго ёсць улада вечная, і валадарства Яго — з пакалення ў пакаленне; і ўсе жыхары зямлі нічога не значаць перад Ім: па Сваёй бо волі Ён распараджаецца як магуццямі неба, так і жыхарамі зямлі, і ніхто не пасупрацівіцца руцэ Яго ды не скажа Яму: “Што робіш?” У той самы час вярнуўся да мяне розум мой, і на гонар царства майго і бляск мой вярнуўся ён да мяне; і магнаты мае, і намеснікі мае адшукалі мяне ды вярнулі мне царскую ўладу, ды далі мне яшчэ большую ўладу. Такім чынам, зараз я, Набукаданосар, хвалю, і слаўлю, і ўзвялічваю Валадара Неба, бо ўсе Яго дзеянні ёсць праўда і дарогі Яго — справядлівасць, і тых, хто ўпадае ў пыхлівасць, можа Ён упакорыць».

Цар Балтасар зрабіў для тысячы сваіх магнатаў вялікі баль і ў прысутнасці тысячы іх піў віно. Дык калі ўжо Балтасар быў п’яны, загадаў прынесці срэбраныя і залатыя пасудзіны, якія бацька яго, Набукаданосар, нарабаваў са святыні ў Ерузаліме, каб маглі з іх піць цар, і магнаты, і жонкі яго, і наложніцы. Дык прынеслі залатыя і срэбраныя пасудзіны, забраныя са святыні ў Ерузаліме; і пілі з іх цар, і яго магнаты, і яго жонкі ды наложніцы: пілі яны і хвалілі багоў сваіх залатых і срэбраных, медных, жалезных, і драўляных, і каменных. У той жа час з’явіліся пальцы рукі чалавечай і напісалі за падсвечнікам на паверхні сцяны царскага палаца; цар жа бачыў пальцы рукі, што пісала. І зараз жа твар цара змяніўся, і думкі яго ўстрывожылі яго, сцёгнавыя суставы яго саслабелі, і калені яго пачалі трэсціся. Дык крыкнуў цар уголас, каб прывялі варажбітоў, халдэяў і астролагаў, і сказаў: «Кожны, хто прачытае пісанне гэтае і выясніць мне яго сэнс, будзе апрануты ў пурпур, і будзе насіць залаты ланцуг на шыі ды будзе валадарыць як трэці ў маім царстве». Тады ўзяліся ўсе мудрацы царскія, і не змаглі ані прачытаць пісання, ані выясніць сэнс цару, дык Балтасар моцна ўстрывожыўся, і твар яго змяніўся ў яго, ды і магнатаў яго ахоплівала трывога. З прычыны ж прызыву цара і яго магнатаў у дом балю прыйшла царыца; і прамовіла царыца гэтыя словы: «Цару, вечна жыві! Не палохайся думак сваіх ды хай твар твой не змяняецца. У тваім царстве ёсць чалавек, які мае ў сабе духа святых багоў; у часы бацькі твайго знойдзены ў ім веды, і розум, і мудрасць, падобная да мудрасці багоў; бо і бацька твой, Набукаданосар, паставіў яго кіраўніком варажбітоў, чараўнікоў, халдэйцаў і гаруспікаў; бацька твой, о цару, бо былі знойдзены ў ім дух вялікі, і разважлівасць, і розум, і выясненне сноў, і выяўленне таямніц, і вырашэнне складаных спраў, — значыць, у Даніэлю, якому цар даў імя Балтасар. Дык вось цяпер хай пазавуць Даніэля, і хай ён выясніць сэнс». Дык прывялі Даніэля да цара; звярнуўшыся да яго, цар сказаў: «Ці гэта ты, Даніэль, адзін з сыноў палону з Юды, якога прывёў цар, мой бацька? Пачуў я пра цябе, што маеш божага духа і што знойдзены ў цябе веды, і розум, і мудрасць надзвычайная. І зараз прыйшлі да мяне мудрацы і варажбіты, каб прачытаць пісанне гэтае і выясніць мне яго сэнс, і не змаглі выясніць сэнс гэтага слова. А пачуў я пра цябе, што ўмееш даваць выясненні невядомага і разгадваць складанасці; дык калі патрапіш прачытаць пісанне і вызначыць мне яго сэнс, будзеш апрануты ў пурпур і будзеш насіць залаты ланцуг на шыі сваёй, ды будзеш валадарыць, як трэці, ў царстве маім». Тады адазваўся Даніэль і сказаў у прысутнасці цара: «Дары свае захавай сабе, і падарункі свае дай іншаму; пісанне ж прачытаю табе, цару, і выясненне яго выяўлю табе. О цару, найвышэйшы Бог даў твайму бацьку Набукаданосару валадарства, і веліч, і хвалу, і пашану. І з прычыны велічы, дадзенай яму, усе народы, і пакаленні, і мовы баяліся яго і дрыжэлі перад ім; забіваў ён, каго хацеў, і караў, каго хацеў; і каго хацеў — узвышаў, а каго хацеў — упакорваў. А калі яго сэрца ўбілася ў пыху, і дух яго ўзброіўся ганарыстасцю, ён скінуты быў з царскага пасада свайго і была адабрана ў яго слава яго; і быў выгнаны ён з паміж людзей, але і яго сэрца памешчана было сярод звяроў, і пражываў ён з дзікімі асламі, таксама еў ён траву, як валы, і цела яго наталялася расой з неба, аж пакуль не пазнаў, што Узвышні Бог валадарыць над царствам людзей і што Ён, каго хоча, ставіць над імі. Таксама ты, яго сын, Балтасар, не ўпакорыў свайго сэрца, нягледзячы на тое, што ты ведаў пра гэта ўсё, але падняўся ты супраць Госпада Неба, і прынесены былі да цябе пасудзіны Яго дома, і ты, і твае магнаты, і твае жонкі ды твае наложніцы пілі з іх віно; усхваліў ты таксама багоў срэбраных і залатых, і медных, жалезных, і драўляных, і каменных, якія ані бачаць, ані чуюць, ані разумеюць; Бога ж, Які валодае ў руцэ Сваёй тваім дыханнем і ўсімі дарогамі тваімі, — не ўшанаваў. Таму паслаў Ён пальцы гэтай рукі, і таму напісана было гэтае пісанне. А вось такое пісанне, што было запісана: манэ, манэ, тэцэль, парэс. І гэтакі сэнс слова: манэ — Бог палічыў тваё цараванне і вызначыў яму канец; тэцэль — паважылі цябе на шалях, і аказаўся ты вельмі лёгкі; парэс — тваё царства падпала дзяленню і аддадзена яно мідзянам і персам». Тады па загадзе Балтасара апранулі Даніэля ў пурпур, і павесілі на шыю яго залаты ланцуг, і абвясцілі аб ім, што мае ён валадарыць у царстве яго як трэці. Той самай ноччу цар халдэйскі Балтасар быў забіты. І Дарый мідзянін, маючы шэсцьдзесят два гады, атрымаў царства.

Спадабалася Дарыю, і ўстанавіў ён над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб прабывалі яны ва ўсім яго царстве, а над імі — трох кіраўнікоў, адным з якіх быў Даніэль, каб сатрапы давалі ім справаздачу і каб цару не рабіць прыкрасці. Вось жа, Даніэль перавышаў усіх кіраўнікоў і сатрапаў, бо Дух Божы большы быў у ім. З-за гэтага цар маніўся паставіць яго над усім царствам; дзеля таго кіраўнікі і сатрапы стараліся знайсці прычыну, каб абвінаваціць Даніэля ў справах супраць царства. Але не маглі, аднак, знайсці аніякае прычыны ані падазрэння, бо быў ён верны і не можна было ў ім знайсці аніякай віны або памылкі. Дык сказалі мужы тыя: «Не знойдзем ніякай прычыны ў гэтым Даніэлю, але маем штосьці супраць яго ў законе яго Бога». Тады кіраўнікі і сатрапы гэтыя паспяшаліся грамадою да цара і так яму сказалі: «Цару Дарыю, вечна жыві! Усе дзяржаўныя кіраўнікі, намеснікі і сатрапы, магнаты і суддзі рашылі, каб цар распарадзіўся і даў загад: хто на працягу трыццаці дзён выкажа просьбу якому-небудзь богу або чалавеку, акрамя цябе, цару, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў. Такім чынам, цяпер, цару, пацвердзі рашэнне і пастаў пячаць на загадзе, каб не было адклікана паводле непарушнага закону мідзян і персаў». Дык цар Дарый паставіў пячаць на распараджэнні-дэкрэце. А Даніэль, калі даведаўся, што падпісаны дэкрэт, пайшоў у свой дом; і, паколькі меў ён у сваім верхнім пакоі адчыненыя вокны, накіраваныя на Ерузалім, штодзень тры разы падаў на калені, і маліўся, і славіў Бога свайго, таксама так, як звычайна рабіў гэта і раней. Такім чынам, гэтыя мужы наляцелі грамадою і знайшлі Даніэля, які маліўся і прызываў Бога свайго. Дык пайшлі і сказалі цару аб рашэнні: «Ці не падпісаў ты, цару, дэкрэт, што ўсякі чалавек, хто на працягу трыццаці дзён будзе прасіць аб чымсьці каго-небудзь з багоў або людзей, акрамя цябе, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў?» У адказ цар сказаў: «Справядлівае слова паводле непарушнага закону мідзян і персаў». На гэта адказалі, звяртаючыся да цара: «Даніэль, з сыноў палону Юды, не палічыўся з табою, цар, ані з распараджэннем, выдадзеным табою, але тры разы ў дзень моліцца ён сваёю малітвай». Калі цар пачуў гэтае слова, ахапіў яго смутак; і схіліў ён сэрца сваё да Даніэля, каб выратаваць яго; ды аж да захаду сонца стараўся прыдумаць, як яго ўхаваць. Але людзі гэтыя паспяшаліся грамадою да цара, кажучы яму: «Ведай, цару, што закон мідзян і персаў, як кожны дэкрэт і рашэнне, выдадзеныя царом, не можа быць зменены». Тады цар загадаў, і прывялі Даніэля, і ўкінулі яго ў ільвіны роў. І цар звярнуўся да Даніэля і сказаў: «Твой Бог, Якому так трывала служыш, Сам вызваліць цябе». І прынеслі адзін камень, і пакладзены ён быў па-над адтулінаю рова; цар апячатаў яго сваёй пячаткай і пячаткай сваіх магнатаў, каб нішто не змянілася ў справе Даніэля. І вярнуўся цар у свой палац, і пайшоў спаць галодным, і ежы не прынеслі яму, звыш таго, і сон адышоў ад яго. Дык цар устаў на світанні і паспяшаўся да львінага рова; і, калі ўжо быў блізка ад рова, прызваў Даніэля голасам, поўным болю, і звярнуўся да Даніэля: «Даніэлю, паслугач жывога Бога, ці Бог твой, Якому служыш так верна, не змог вызваліць цябе ад ільвоў?» І Даніэль адказаў цару: «Цару, вечна жыві! Мой Бог паслаў Анёла Свайго, і Ён закрыў пашчы львам; і не скрыўдзілі яны мяне, бо перад Ім знайшлася ў мяне справядлівасць; але і адносна цябе, цару, не зрабіў я нічога благога». Вельмі ўзрадаваўся тады цар з-за яго і загадаў дастаць Даніэля з рова; і выцягнулі Даніэля з рова, і не знойдзена было на ім ніводнай раны, бо даверыўся ён свайму Богу. А цар загадаў, і прывялі тых мужоў, якія абвінавацілі Даніэля, і ўкінулі ў ільвіны роў іх, і іх дзяцей, і іх жонак, і, перш чым упалі яны на дно рова, схапілі іх ільвы і раздрабілі іх косці. Тады цар Дарый напісаў да ўсіх народаў, пакаленняў і моў, якія пражывалі на ўсёй зямлі: «Хай павялічваецца сярод вас супакой! Выдаю дэкрэт, каб на ўсім абсягу майго царства шанавалі і трымцелі перад Богам Даніэля: бо Ён ёсць Бог жывы і трывае на векі; і Валадарства Яго не будзе знішчана, і ўлада Яго — аж навек. Ён ратуе і вызваляе і творыць знакі і цуды на небе і на зямлі. Ён жа вызваліў Даніэля ад ільвоў». А Даніэль цешыўся спагаднасцю ў цараванне Дарыя і ў валадаранне перса Кіра.

У першы год цара Бабілонскага Балтасара меў Даніэль сон і бачанне ў галаве сваёй на сваім ложку; тады апісаў ён сон. Пачатак слоў, якія ён сказаў: Адказаў Даніэль, і так сказаў: «Бачыў я ў з’яве мне ноччу, і вось, чатыры вятры неба трывожылі Вялікае мора, і чатыры велізарныя звяры выходзілі з мора, розныя між сабой. Першы падобны быў да львіцы і меў арліныя крылы; глядзеў я, пакуль не вырвалі яго крылы; і яго самога паднялі ўгару і паставілі, як чалавека, на ногі, і далі яму чалавечае сэрца. І вось, другі звер, зусім іншы, часткова падобны да мядзведзя, з аднаго боку падпёрты, і тры іклы былі ў пашчы яго і ў зубах яго; і так гаварылі да яго: “Падыміся! Жары многа мяса!” Потым я глядзеў, і вось, іншы звер, падобны да леапарда, і меў ззаду сябе чатыры птушыныя крылы; і звер гэты меў чатыры галавы; і яму была даручана ўлада. Па гэтым глядзеў я ў начным бачанні, і вось, чацвёрты звер, страшны і дзівосны і вельмі дужы; меў ён вялікія жалезныя зубы; ён зжыраў, і знішчаў, і таптаў усё, што заставалася, нагамі сваімі; а адрозніваўся ён ад папярэдніх звяроў, якіх я бачыў, ды меў дзесяць рагоў. Я прыглядаўся да рагоў, і вось, іншы малы рог вырас між імі, і тры першыя рогі былі перад ім вырваны; і вось, вочы ён меў на рагу сваім, падобныя да чалавечых вачэй, і вусны, якія гаварылі пыхліва. Глядзеў я, аж пакуль не пастаўлены былі пасады і пакуль Спрадвечны не сеў. Шаты Яго былі белыя, як снег, і валасы на галаве Яго — як з чыстай воўны; пасад Яго — з агністага полымя, колы яго — палымнеючы агонь. Ручай агню разліваўся ды выцякаў з твару Яго; тысячы тысяч служылі Яму, і дзесяць тысяч разоў па сто тысяч стаялі перад Ім: суд распачаўся, і кнігі былі раскрыты. Глядзеў я тады дзеля гоману гучных моў, якія выдаваў гэты рог; і я ўбачыў, як забілі звера і цела яго было знішчана і аддадзена было на спаленне агнём; ад іншых звяроў была таксама аднята ўлада, і час жыцця быў вызначаны ім аж да гадзіны і хвіліны. Такім чынам, убачыў я ў начным бачанні: і вось, як быццам Сын Чалавечы прыйшоў на аблоках нябесных, і падышоў аж да Спрадвечнага, і паставілі Яго перад абліччам Яго; і даручана была Яму ўлада, і слава, і царства; і служылі Яму ўсе народы, пакаленні і мовы: улада Яго ёсць улада вечная, якая ніколі не спыніцца, і Валадарства Яго не будзе знішчана. Дух мой устрывожыўся: я, Даніэль, напалоханы быў усім гэтым, і бачанні ў галаве маёй спужалі мяне. Падышоў я да аднаго з прысутных і хацеў дазнацца ад яго праўды аб усіх гэтых рэчах; ён прамовіў да мяне і выясніў мне сэнс гэтых рэчаў: “Гэтыя чатыры вялікія звяры — гэта чатыры царствы, якія паўстануць з зямлі; царства, аднак, атрымаюць святыя Бога Узвышняга і будуць утрымліваць царства ў векі вечныя”. Потым захацеў я дакладна даведацца пра чацвёртага звера, які моцна адрозніваўся ад усіх тых і страшным вельмі быў, у якога зубы з жалеза і кіпцюры медныя, які пажыраў, і знішчаў, і таптаў нагамі сваімі рэшткі, і пра дзесяць рагоў, якія меў на галаве, і пра іншы, які з’явіўся раней, чым упалі тры рогі, пра той рог, што меў вочы і вусны, якія гаварылі вялікія справы, ды які быў большы за астатнія. Глядзеў я — і вось: рог гэты пачаў вайну са святымі і перамагаў іх, аж пакуль не прыйшоў Спрадвечны і не аказаў справядлівасць святым Узвышняга, і прыйшоў час, калі святыя атрымалі царства. І ён сказаў так: “Чацвёрты звер — гэта чацвёртае царства будзе на зямлі, якое будзе большым за ўсе царствы, і яно праглыне ўсю зямлю, і стопча яе, і знішчыць. Далей, дзесяць рагоў абазначаюць, што з царства будзе дзесяць цароў; і па іх будзе іншы, і ён будзе магутнейшы за ранейшых, і ўпакорыць трох цароў, і будзе плявузгаць супраць Узвышняга, і святых Найвышэйшага будзе губіць, і задумае змяніць [святочныя] часы і закон, і святыя будуць выдадзены ў яго рукі аж да часу, часоў і палавіны часу; і адбудзецца суд, і аднімуць яны яго ўладу, каб знішчыць яго і загубіць цалкам; царства ж, і ўлада, і магутнасць царстваў, што знаходзяцца пад усім небам, будуць аддадзены святому народу святых Найвышэйшага, царства Якога будзе вечным царствам, ды ўсе цары служыць Яму будуць і падпарадкоўвацца”». Дасюль канец слова. Я, Даніэль, вельмі быў устрывожаны сваімі думкамі, і твар мой змяніўся на мне, слова ж захаваў я ў сваім сэрцы.

На трэці год валадарання Балтасара цара меў бачанне я, Даніэль, па тым, што з’явілася мне спачатку. Убачыў я ў бачанні, і сталася: пакуль я разумеў, што быў я ў Сузах, у крэпасці, якая знаходзіцца ў правінцыі Элам, а назіраў я ў бачанні, што апынуўся я за ракой Улай. І падняў я вочы свае і ўбачыў: і вось, адзін баран стаяў над ракой, меў ён два рогі, і рогі высокія, і адзін большы за другі, і вышэйшы вырас апошнім. Убачыў я барана, які круціў рагамі на захад, і на поўнач, і на поўдзень, і ніводзін са звяроў не мог яму супрацівіцца, ані вызваліцца ад яго; і ён рабіў, што хацеў, і ўславіўся. І я глядзеў уважліва: вось жа, казёл ад коз ішоў з захаду над паверхняй усёй зямлі, і не дакранаўся да яе; і, прытым, казёл меў выдатны рог між вачамі сваімі. І падышоў ён аж да таго рагатага барана, якога я бачыў, калі ён стаяў перад ракою, і пабег ён да яго ў разгоне ўсёй сілы сваёй. І бачыў я яго, калі падбягаў ён блізка да барана, і раз’юшыўся ён супраць яго, і ўдарыў барана, і зламаў абодва рогі яго, і баран не змог устаяць перад ім; і калі ён паваліў яго на зямлю, то стаптаў яго нагамі, ды не было нікога, хто мог бы вызваліць барана ад яго моцы. Казёл ад коз стаў вялікім вельмі; і, калі разросся, зламаўся рог яго вялікі, і выраслі на яго месцы чатыры рогі на чатыры вятры нябесныя. А з аднаго з іх вырас адзін рог малы і разросся дужа на поўдзень, і на ўсход, і ў моц, і ўзрос у славе аж да магуцця нябеснага, і выкінуў ад магуцця і ад зорак, і стаптаў іх, і ўзвялічыўся аж да Князя Магуццяў, і адняў ад Яго вечную ахвяру, і зняславіў месца Яго свяцілішча. Войска ж дадзена было супраць пастаяннай ахвяры з-за грахоў, і праўда была кінута на зямлю; ён жа зрабіў рог, і пашанцавала яму. І пачуў я, як адзін са святых казаў, і як адзін святы казаў другому, якога я не ведаю і які казаў: «Як доўга патрывае бачанне: і вечная ахвяра, і грэх загубы, якая сталася, і святыня, і магуцце, якое будзе таптацца?» І ён адказаў яму: «Яшчэ дзве тысячы трыста дзён, з вечара аж да раніцы, і свяцілішча ачысціцца». Сталася ж, калі я, Даніэль, бачыў бачанне і стараўся зразумець яго сэнс, вось, стаў перада мною нехта ў выглядзе мужчыны, і пачуў я голас чалавечы над ракой Улай, які пазваў гэтымі словамі: «Габрыэле, вытлумач яму бачанне!» Дык падышоў ён да месца, дзе я стаяў, і, калі прыбыў, перапалохаўся я і ўпаў на твар свой, і ён сказаў мне: «Ведай, чалавеча, што бачанне споўніцца ў апошні час». І калі ён са мною гаварыў, упаў я, збянтэжаны, тварам да зямлі, і дакрануўся ён да мяне, і паставіў мяне на ногі мае, і сказаў: «Вось, я паведамляю табе, што мае стацца пры канцы гневу, бо гэта будзе ў час канца. Баран, якога ты ўбачыў з двума рагамі, абазначае цароў мідзян і персаў; казёл жа ад коз — цар грэкаў, і вялікі рог, што быў паміж вачамі яго, — гэта першы цар. А тое, што рог быў зламаны, і чатыры рогі, што выраслі на яго месцы, гэта чатыры царствы, якія ўзнікнуць з яго народа, аднак без яго моцы. І пры канцы іх царавання, калі ўзрастуць яны ў сваёй несправядлівасці, паўстане цар жорсткага аблічча і здатны зразумець намеры; і яго магуцце будзе ўзвялічвацца, але не яго ўласнымі сіламі, і ён будзе знішчаць усё — больш таго, што можна ўявіць, і пашанцуе яму, і будзе ён дзейнічаць, і будзе забіваць дужых і народ святых, і з прычыны мудрасці хітрасць яго будзе мець поспех у руцэ яго, і ўзвялічыцца ў сэрцы яго; і спакойна падрыхтуе ён загубу вельмі многім; і паўстане ён супраць Валадара валадароў, і без дачынення рукі людской будзе знішчаны. І бачанне вечара і раніцы, аб якіх расказана табе, ёсць праўда! Такім чынам, ты адзнач бачанне, бо будзе яно пасля многіх дзён». І мяне, Даніэля, ахапіла немач, і хварэў я многія дні; і калі падняўся, то рабіў справы царскія, і быў неспакойны адносна бачання, бо не было нікога, хто зразумеў бы яго.

У першы год Дарыя з роду мідзян, сына Асуэра, які валадарыў над царствам халдэйскім, у першы год яго царавання я, Даніэль, зацікавіўся ў кнігах лікам гадоў, аб якім аб’явіў Госпад прароку Ярэмію, каб споўнілася спусташэнне Ерузаліма праз семдзесят гадоў; і я звярнуў твар мой да Госпада, Бога майго, каб я прасіў і маліўся ў пастах, зрэбніцы ды попеле. І маліўся да Госпада Бога, і прызваў, і казаў: «О Госпадзе, Божа вялікі і страшны, Які пільнуеш запавет і міласэрнасць да тых, што Цябе шануюць і пільнуюць Твае прыказанні! Зграшылі мы, несправядліва дзейнічалі, дапусціліся злачынстваў, і ўзбунтаваліся, і адышлі ад Тваіх загадаў і Тваіх прыказанняў; не былі паслухмяныя Тваім паслугачам, прарокам, якія прамовілі ў Тваё імя да нашых цароў, да нашых кіраўнікоў, да нашых бацькоў і да ўсяго народа зямлі. Табе, Госпадзе, справядлівасць, нам жа — сорам на тварах, як сёння: чалавеку Юды і жыхарам Ерузаліма, і ўсяму Ізраэлю, блізкім і далёкім ва ўсіх краях, у якія выгнаў Ты іх з прычыны правіннасцей іх, якімі зграшылі перад Табой. Госпадзе, сорам на твары нам, нашым царам, нашым кіраўнікам ды нашым бацькам, бо мы зграшылі супраць Цябе; Госпаду ж, нашаму Богу, — міласэрнасць і ласка, бо мы адвярнуліся ад Цябе. І не паслухалі голасу Госпада, Бога нашага, каб весці сябе па законе Яго, які ўстанавіў нам праз паслугачоў Сваіх — прарокаў; ды ўвесь Ізраэль спракудзіўся адносна закону Твайго і адвярнуўся, каб не слухаць голасу Твайго, ды леглі на нас праклён і ганьба, якія былі запісаны ў кнізе Майсея, паслугача Бога, зграшылі бо мы перад Ім. І споўніў словы Свае, якія выказаў супраць нас і нашых суддзяў, якія судзілі нас так, што прывялі яны на нас вялікую бяду, якой не было ніколі пад усім небам, паводле якой сталася ў Ерузаліме. Так было запісана ў законе Майсеевым — прыйшло на нас усё гэтае няшчасце; і не папрасілі мы аблічча Госпада, Бога нашага, каб адвярнуцца ад сваіх правіннасцей ды здабыць пазнанне Тваёй праўды. Дык рашыўся Госпад на пакаранне і ўзвёў яго на нас, бо Госпад, наш Бог, ёсць справядлівы ва ўсіх Сваіх дзеяннях, якія Ён зрабіў, мы бо не паслухалі голасу Яго. І цяпер, Госпадзе, Божа наш, Ты, што вывеў Свой народ з зямлі Егіпецкай дужай рукою і здабыў Сабе імя, як гэта [ёсць] і сёння, мы зграшылі, дапусціліся несправядлівасці. Госпадзе, дзеля ўсякай справядлівасці Тваёй, прашу: хай спыніцца гнеў Твой і абурэнне Тваё над горадам Тваім Ерузалімам і над Тваёю святою гарой: бо дзеля грахоў нашых і несправядлівасцей бацькоў нашых стаў Ерузалім і Твой народ ганьбаю для ўсіх акружаючых нас. Такім чынам, цяпер, Божа наш, выслухай маленне паслугача Твайго і яго просьбы і пакажы аблічча Тваё над святыняй Тваёй, якая спустошана, дзеля Самога Цябе! Нахілі вуха Сваё, мой Божа, і выслухай! Адкрый вочы Свае і пабач спусташэнне наша і горад, над якім было прызвана імя Тваё! Бо не ў апраўданне сваё прадстаўляем малітвы перад аблічча Тваё, але дзеля літасці Тваёй вялікай. Выслухай, Госпадзе! Злітуйся, Госпадзе! Зважай і дзейнічай дзеля Сябе Самога, не марудзячы, мой Божа, бо імя Тваё прызвана было над горадам і над народам Тваім». І калі я яшчэ гаварыў, і маліўся, і вызнаваў грахі свае і грахі народа майго Ізраэля, і выкладаў просьбы свае перад абліччам Бога майго за гару святую Бога майго, калі яшчэ працягваў я малітву, вось, муж Габрыэль, якога бачыў я перад тым у бачанні, дакрануўся да мяне, хутка лятаючы, у час вячэрняй ахвяры; і навучаў мяне, і гаварыў, і сказаў мне: «Даніэлю, выйшаў я цяпер, каб навучыць цябе і каб зразумеў ты. Ад пачатку маленняў тваіх выйшла слова; я ж прыбыў, каб паведаміць табе, бо ты чалавек пажаданняў, дык звярні ўвагу на слова і зразумей бачанне. Устаноўлена семдзесят тыдняў над народам тваім і над святым горадам тваім, каб знішчыць злачыннасць, і каб грэх скончыць, і каб знішчыць несправядлівасць, і каб увесці вечную справядлівасць, і каб здзейснілася з’ява і прароцтвы, і каб быў намашчоны Святы з святых. Такім чынам, ведай і разумей: ад сказанага слова, што зноў будзе адбудаваны Ерузалім, аж да Правадыра Намашчэнца — сем тыдняў. І пройдуць шэсцьдзесят два тыдні; і зноў будуць адбудаваны плошча і муры, але ў часы прыгнёту. І па шасцідзесяці двух тыднях Намашчэнец будзе забіты; і нічога ў Яго не будзе; і горад, і святыню знішчыць народ маючага прыйсці Правадыра, і апусташэнне да канца яго, і аж да канца вайны ўстаноўлена апусташэнне. Умацуе ж запавет з многімі ў адзін тыдзень; і ў палавіне тыдня спыніць крывавыя ахвяры і ахвяраванне, і на крыле агіднасці будзе разбуральнік, і ад гэтае пары знішчэнне і вырашэнне будуць абрушвацца на разбуральніка».

У трэці год цара персаў Кіра Даніэлю, названаму Балтасарам, было аб’яўлена слова, і слова праўдзівае, вялікае змаганне; і зразумеў ён слова, бо яго сэнс адкрыў у бачанні. У тыя дні я, Даніэль, сумаваў тры тыдні дзён, не еў я хлеба жаданага, не браў у вусны свае ані віна, ані мяса, не намашчаўся таксама духмянымі рэчывамі, аж пакуль не скончыліся тры тыдні дзён. У дзень жа дваццаць чацвёрты першага месяца быў я каля вялікай ракі, якой з’яўляецца Тыгр, і падняў вочы свае, і ўбачыў: і вось, адзін чалавек, апрануты ў ільняное адзенне, і сцёгны яго былі падперазаны чыстым золатам; і цела яго было падобна да тапазу, і твар яго — да ззяння маланкі, і вочы яго былі, як факелы агністыя, і рукі яго і тое, што было ўнізе аж да ног, — накшталт ззяючай медзі, і голас размоў яго — як гоман людзей. І я, Даніэль, адзіны меў бачанне; а людзі, якія былі са мной, бачання не мелі, але страх вялікі ахапіў іх, і яны ўцяклі схавацца. Я ж застаўся адзін, і ўбачыў гэтую вялікую з’яву, і не меў у сабе сілы, але і твар мой змяніўся на мне аж да разбурэння, і не хапіла мне сіл. І пачуў я гук яго слоў, і ўпаў, як ашаломлены, тварам сваім да зямлі, чуючы гук яго слоў. І вось, дакранулася да мяне рука і падняла мяне на калені мае і на далоні маіх рук, і сказаў мне: «Даніэлю, муж пажаданняў, зразумей словы, якія я кажу табе, і стань на ногі свае; бо я цяпер пасланы да цябе». І калі ён гаварыў мне гэтыя словы, я, дрыжачы, стаяў. Ды сказаў мне: «Не палохайся, Даніэлю, бо ад першага дня, калі накіраваў ты сэрца сваё, каб зразумець і ўпакорыцца перад тваім Богам, словы твае былі выслуханы; і я прыбыў дзеля тваіх слоў. А князь царства персаў працівіўся мне дваццаць адзін дзень; і вось, прыбыў да мяне з дапамогай Міхаэль, адзін з першых князёў; і я застаўся там, пры цару персаў. Прыйшоў жа я, каб навучыць цябе, што спаткае народ твой пры канцы дзён, бо гэта бачанне на тыя дні». І калі ён мне яшчэ гэтыя словы казаў, апусціў я твар свой да зямлі і замаўчаў. І вось, як быццам сыны чалавечыя дакрануліся да вуснаў маіх; дык адкрыў я вусны свае і загаварыў, і сказаў таму, хто стаяў перада мною: «Госпадзе мой, у час бачання схапілі мяне болі, і ніякіх сіл не засталося ў мяне. Дык як зможа такі паслугач гаспадара майго гаварыць тут з гэтым гаспадаром маім? Бо ніякіх сіл не засталося ў мяне, і дыхання майго не засталося ў мяне». Дык паўторна дакрануўся да мяне той, хто быў падобны да чалавека, і ўздужыў мяне, і сказаў: «Не бойся, чалавек пажаданняў; супакой табе! Узмацуйся і будзь дужы». І калі ён гаварыў са мною, я падужэў і казаў: «Гавары, гаспадару, са мною, бо ўздужыў ты мяне». І ён сказаў: «Ці ведаеш, чаго я прыйшоў да цябе? І цяпер вярнуся ваяваць супраць князя персаў, і, як я выйду, тады прыйдзе князь грэкаў. Але паведамлю табе, што ёсць напісана ў Кнізе Праўды: і ніхто не можа мне дапамагчы супраць іх, адзін толькі Міхаэль, князь ваш.

Я ж з першага года Дарыя мідзяніна стаяў побач з ім, каб умацаваць і ўздужыць яго. І цяпер выяўлю табе праўду: вось, стануць у Персіі яшчэ тры цары, і чацвёрты ўзбагаціцца больш, чым усе, і калі памножыць свае багацці, накіруе ўсё супраць царства Грэцыі. А паўстане цар мужны, і будзе ён панаваць над вялікім царствам, і будзе рабіць, што яму ўпадабаецца; і калі выступіць, будзе знішчана яго царства і распадзецца на чатыры вятры неба, але не на патомкаў яго, і не з прычыны моцы яго, якой ён валадарыў: бо будзе раздзёртае царства яго таксама іншымі, за выняткам іх. І набярэ сілы цар поўдня, ды адзін з князёў яго перавысіць яго сілай і завалодае дзяржавай большай, чым яго дзяржава. І па канцы гадоў злучацца яны; і дачка паўднёвага цара прыбудзе да цара паўночнага, каб завязаць сяброўства. І моц яго рукі не будзе трывалай, і яго рука не ўтрымаецца; і будзе выдадзена яна, і тыя, што яе прывялі, яе дзіця ды той, хто падтрымліваў яе ў тыя часы. І ўстане на яго месца патомак з яе лініі, і пойдзе супраць войска, і ўвойдзе ў крэпасць цара паўночнага, і будзе дзейнічаць супраць іх, і ўзмацніцца. Звыш таго, забярэ таксама ў Егіпет іх бажкоў разам з іх выявамі, поруч з іх каштоўнымі пасудзінамі са срэбрам і золатам, сам ён перавысіць моцаю цара поўначы праз некалькі гадоў. І ён увойдзе ў царства цара поўдня і вернецца ў свой край. Сыны ж яго паўстануць і збяруць вялікі лік войска; і ён прыйдзе спешна, і ўварвецца, і вернецца, і паўстане, і дойдзе аж да яго крэпасці. І цар з поўдня закіпіць гневам і пойдзе, каб ваяваць з ім, з царом поўначы, і выставіць ён супраць яго вельмі вялікую сілу, і вялікая гэта сіла пападзе ў яго рукі. І вялікая сіла будзе знішчана, і сэрца яго падымецца ў пыху, і пераверне многія тысячы, але не пераможа. Бо зноў паўстане цар поўначы і выставіць большую сілу, чым раней; і калі надыдзе канец часоў і гадоў, вырушыць спешна з вялікім войскам і з вялікімі сіламі. І ў тых часах многія выступяць супраць цара паўднёвага, таксама сыны крыўдзіцеляў народа твайго паўстануць, каб здзейсніць бачанне, і загінуць. І цар поўначы падыдзе, і насыпле вал, і здабудзе вельмі ўмацаваны горад, і рукі поўдня не вытрымаюць, і народ яго выбраны не будзе мець сілы супрацівіцца. І той, хто пойдзе супраць яго, будзе весці сябе па свайму ўпадабанню ды ніхто не зможа яму супрацьстаяць; і ўтрымаецца ў прыгожым краі, і ў руцэ яго — спусташэнне. І зверне твар свой, каб пайсці здабыць усё яго царства; і зробіць яму справядлівае, і дасць яму дачку адной з жанчын, каб знішчыць гэта, і не выстаіць ён, і не атрымаецца ў яго. Ды зверне твар свой на астравы і захопіць многія, і валадар спыніць яго знявагу, і знявага яго абернецца на яго. І зверне твар свой на гарады сваёй зямлі, і захістаецца, і ўпадзе, і знікне цалкам. І на яго месца стане другі, які пашле збіральніка падаткаў на аздобу царства; і знішчаны будзе за некалькі дзён ані з нянавісці, ані ў вайне. І на яго месца стане пагарджаны, і яму не будзе дадзена царскай пашаны; і ён прыйдзе патаемна, і апануе царства хітрасцю. І рукі ваюючага будуць ім пакараныя і знішчаныя; прытым і князь прымірэння. І па прымірэнні будзе з ім хітрыць, і нападзе, і пераможа з нямногімі людзьмі. Нападзе ён на квітнеючыя і багатыя гарады і зробіць тое, што не зрабілі яго бацькі, ані бацькі бацькоў яго: нарабаванае, і здабычу, і багацці іх І будзе падбадзёрвацца мужнасць яго і сэрца яго супраць паўднёвага цара ў вялікім войску; і цар поўдня будзе паднімацца на вайну, збіраючы вялікае і вельмі дужае войска, і не ўтрымаецца, бо выступяць супраць яго змоўшчыкі. І тыя, што елі хлеб з ім, знішчаць яго; і войска яго рассыплецца, і вельмі многа будзе забітых. Таксама абодва цары будуць мець на сэрцы, каб рабіць ліхое, і пры адным стале лгаць, і не дасягнуць нічога, бо не надышоў яшчэ час вырашэння. І вернецца ён у свой край з вялікімі багаццямі, і сэрца яго будзе супраць святога запавету; і будзе дзейнічаць, і вернецца ў сваю зямлю. Па нейкім часе вернецца ён і прыйдзе на паўднёвую зямлю, і не пашанцуе тым разам, як раней. І выступяць супраць яго караблі рымлянаў, і ўдараць яго; і будзе злавацца дзеля святога запавету, і зноў будзе дзейнічаць, і вернецца, і зверне ўвагу на тых, што пакінулі святы запавет. І рукі яго паднімуцца, і апаганяць свяцілішча мужнасці, і спыняць пастаянную ахвяру, і дадуць агіднасць разбуральніка. І бязбожнікаў ён хітрасцю ўвядзе ў зман адносна запавету; а людзі, якія ведаюць свайго Бога, вытрываюць і будуць дзейнічаць. І навучаныя ў народзе будуць вучыць вельмі многіх; і падуць ад меча і агню, і ў палоне, і праз рабунак — да нейкага часу. І калі яны ўпадуць, нямногія прыйдуць да іх з дапамогай, і вельмі многія далучацца да іх падступна. І паміж мудрацоў некаторыя падуць, каб некаторыя з іх ачышчаныя былі, і абмытыя, і абеленыя аж да апошняга часу, бо яшчэ іншы час будзе. І цар будзе дзейнічаць па волі сваёй, і будзе ўзвышацца, і будзе ўзвялічвацца над усімі багамі, і супраць Бога багоў будзе гаварыць рэчы дзіўныя, і яму пашанцуе, пакуль не прыйдзе гнеў; бо што вырашана — споўніцца. І не будзе паважаць багоў бацькоў сваіх, ані пажадлівасці жанчын, ані ніякага іншага бога не будзе паважаць, бо адносна ўсяго будзе ўзвышацца; а замест яго будзе паважаць бога крэпасцяў, і бога, якога не ведалі яго бацькі, будзе паважаць золатам і срэбрам, і каштоўнымі камянямі, і каштоўнасцямі, ды выступіць супраць умацаваных гарадоў з чужым богам; хто яго прызнае, славу таго памножыць і дасць ім уладу над многімі, і ва ўзнагароду будзе надзяляць зямлёй. І ў апошні час будзе ваяваць супраць яго цар поўдня і цар поўначы ўдарыць яго, як бура, калясніцамі, і конніцай, і многімі караблямі, і ўвойдзе ў землі, і знішчыць іх, і пройдзе. Ды ўвойдзе ў слаўную зямлю, і многія падуць; гэтыя ж толькі ўхаваюцца ад яго рукі: Эдом і Мааб, і землі кіраўнікоў аманітаў. Ды выцягне руку сваю на землі, і зямля Егіпта не зберажэцца; і авалодае скарбамі золата і срэбра, і ўсімі каштоўнасцямі егіпецкімі; і лібійцы, і этыёпцы пойдуць за ім. І весткі з усходу і поўначы напалохаюць яго; і пойдзе з гневам страшным, каб загубіць вельмі многіх, і знішчыць, і ўстановіць палаткі свайго палаца між марамі над гарой святой пышнасці; і ўзыдзе аж на вяршыню яе, і ніхто не прыйдзе да яго з дапамогай.

А ў тым часе паўстане Міхаэль, вялікі князь, які стаіць над дзецьмі твайго народа, і настане час пакуты, якой не было ад таго часу, як узніклі народы, аж дасюль. І ў той час народ твой будзе збаўлены, кожны, хто ёсць, будзе ўпісаны ў кнігу. І многія з тых, што спяць у праху зямлі, абудзяцца: адны да жыцця вечнага, і другія — на вечную ганьбу. Якія ж будуць разумнымі, будуць ззяць, як ззянне неба, і тыя, што навучаць многіх справядлівасці, будуць, як зоркі ў векі вечныя. Ты, аднак, Даніэлю, схавай словы ды запячаткавай кнігу аж да апошніх часоў; многія пройдуць, і веды павялічацца». І я, Даніэль, убачыў, і вось, два іншыя чалавекі стаялі, адзін на беразе на тым баку ракі і другі на беразе на гэтым баку ракі. І я сказаў чалавеку, апранутаму ў льняныя шаты, які знаходзіўся над водамі ракі: «Як доўга яшчэ да канца гэтых дзіўных рэчаў?» І пачуў я мужа, апранутага ў льняныя шаты, які знаходзіўся над водамі ракі, калі падняў ён правую і левую руку ў неба і прысягнуў Тым, Хто жыве вечна: «Да часу, часоў і палавіны часу, і гэта ўсё збудзецца, калі дабяжыць да канца моц нішчыцеля святога народа». І я пачуў, і не зразумеў, ды сказаў: «Госпадзе мой, які будзе канец гэтага?» І Ён адказаў: «Ідзі, Даніэлю, бо словы схаваныя і запячаткаваныя аж да канца часу. Многія будуць ачышчаны, і абелены, і выпрабаваны, і бязбожнікі будуць весці сябе бязбожна, і ніводзін з бязбожных не зразумее таго; але навучаныя зразумеюць. І ад часу, калі будзе спынена штодзённая ахвяра і заваладарыць агіднасць нішчыцеля, пройдзе тысяча дзвесце дзевяноста дзён. Шчасны той, хто стрывае і дачакаецца тысяча трыста трыццаць пятага дня. Ты ж ідзі да канца і адпачні, і будзе ў жэрабі тваім пры канцы дзён».

* У Бабілоне пражываў адзін чалавек на імя Ёакім; і ён узяў жонку на імя Зузана, дачку Гэльцыі, вельмі прыгожую і богабаязную: бацькі бо яе былі справядлівыя і выхавалі дачку сваю згодна з законам Майсея. Ёакім жа быў вельмі багаты і меў зямлю блізка ад свайго дома; і прыходзіла да яго многа юдэяў, бо яго паважалі больш за ўсіх. І ў тым годзе выбралі двух старых паміж людзей на суддзяў, аб якіх сказаў Госпад: «Выйшла злачыннасць з Бабілона з пасярод суддзяў-старцаў, якія лічыліся за правадыроў народа». Яны ж наведвалі дом Ёакіма, і да іх прыходзілі ўсе, якія мелі справы судовыя. Калі ж каля поўдня людзі разыходзіліся, прыходзіла Зузана і праходжвалася па зямлі свайго мужа. І абодва старыя бачылі яе штодзень, калі яна прыходзіла і гуляла, і ахапіла іх пажадлівасць, і страцілі свой розум, і адвярнулі свае вочы, каб не глядзець больш у неба і не звяртаць увагу на справядлівыя суды. Такім чынам, абодва былі ахоплены страсцю да яе і хавалі ўзаемна перад сабою сваё мучэнне; саромеліся бо прызнацца ў сваёй пажадлівасці, жадаючы легчы з ёю, ды так стараліся штодзень яе пабачыць. І сказаў адзін аднаму: «Вяртаемся дамоў, бо ўжо пара палуднаваць». Ды разышліся кожны ў свой бок. І паколькі абодва звярнулі з дарогі, то сустрэліся на гэтым самым месцы, і, пытаючыся ўзаемна пра прычыну, прызналіся ў сваёй пажадлівасці; і тады дагаварыліся супольна аб часе, калі змогуць спаткаць яе адну. Сталася ж, калі чакалі зручнага дня, аднойчы выйшла Зузана, як і ў папярэднія дні, толькі з дзвюма служанкамі, жадаючы пакупацца ў садзе; было бо вельмі спякотна. І не было там нікога, за выключэннем двух старых, якія, схаваўшыся, за ёй наглядалі. І сказала яна служанкам: «Прынясіце мне аліўкавага алею і духмянасцей, і дзверы саду замкніце, каб магла я пакупацца». І зрабілі, як яна загадала, і, замкнуўшы дзверы саду, выйшлі бакавымі дзвярамі, каб прынесці тое, што ім было загадана: і не ведалі, што старыя схаваліся ўнутры. Калі ж служанкі выйшлі, абодва старыя падняліся і пабеглі да яе, кажучы: «Бачыш, дзверы саду замкнёны, і ніхто нас не бачыць, і мы жадаем цябе; дык згадзіся з намі. Бо калі адмовішся, засведчым супраць цябе, што быў з табою юнак і дзеля гэтага адаслала ты служанак ад сябе». Уздыхнула Зузана і сказала: «Трапіла я ў цяжкую сітуацыю з усіх бакоў: бо калі гэта зраблю — пагражае мне смерць; калі ж не зраблю — не ўцяку ад вашых рук; але лепш мне нявіннай трапіць у вашы рукі, чым грашыць перад абліччам Госпада». Ды закрычала Зузана моцным голасам; крыкнулі ж таксама абодва старыя супраць яе, і адзін з іх пабег адчыніць дзверы саду. Дык калі дамашнія паслугачы пачулі крык у садзе, пабеглі праз бакавыя дзверы, каб паглядзець, што з ёй сталася. Калі ж старыя расказалі сваё, паслугачы вельмі збянтэжыліся, ніколі бо такіх слоў не чулі пра яе. І на наступны дзень, калі сабраўся народ у мужа яе Ёакіма, прыбылі і два старыя, поўныя ліхіх намераў адносна Зузаны, каб яе асудзіць на смерць; ды сказалі людзям: «Пашліце па Зузану, дачку Хэльцыі, жонку Ёакіма»; і паклікалі яе. Ды прыйшла са сваімі бацькамі, і дзецьмі, ды ўсімі сваімі сваякамі. Зузана ж была вельмі далікатная і прыгожая абліччам. І крывадушнікі загадалі ёй, каб яна агалілася, — бо была яна апранутая, — каб палюбавацца яе прыгажосцю. Такім чынам, усе яе блізкія, а таксама ўсе, што яе бачылі, — плакалі. А два старыя, падняўшыся з натоўпу, усклалі рукі на яе галаву; яна, плачучы, паглядзела ў неба: бо сэрца яе было поўнае надзеі ў Госпадзе. І старыя сказалі: «Калі прагульваліся мы адны ў садзе, яна ўвайшла з дзвюма служанкамі, і замкнула дзверы саду, і адправіла служанак; і прыйшоў да яе юнак, які схаваўся, і лёг з ёю. Затым мы, знаходзячыся ў канцы саду і бачачы злачынства, падбеглі да іх. І ўбачылі мы іх разам. І яго не змаглі мы схапіць, бо быў дужэйшы за нас і, адчыніўшы дзверы, уцёк. Калі ж мы яе схапілі, спыталі, кім быў той юнак, і не захацела нам назваць. Мы сведкі гэтае справы». Паверыў ім натоўп як старцам і суддзям народа, і асудзілі яе на смерць. Закрычала ж Зузана моцным голасам і сказала: «Спрадвечны Божа, Ты пазнаеш тое, што скрытае, Ты ведаеш усё, перш чым станецца, Ты ведаеш, што вынеслі фальшывае сведчанне супраць мяне; і вось, я паміраю, хоць не зрабіла нічога з таго, у чым яны крывадушна мяне вінавацяць». Госпад жа выслухаў яе просьбу. І калі вялі яе на смерць, узбудзіў Бог Святы Дух у юнаку на імя Даніэль; і крыкнуў ён моцным голасам: «Чысты я ад яе крыві!» І ўвесь народ звярнуўся да яго, пытаючыся: «Што значаць гэтыя словы, якія ты сказаў?» Ён, стаўшы сярод іх, сказаў: «Ці ж вы такія неразумныя, сыны Ізраэля?! Не разабраўшыся ці праўды не пазнаўшы, асуджаеце дачку Ізраэля! Вярніцеся на суд, бо яны сказалі фальшывае сведчанне супраць яе». Такім чынам, увесь народ хутка вярнуўся; ды сказалі старыя яму: «Хадзі і сядай паміж нас, і дакажы нам, бо Бог даў табе гонар старшынства!» І Даніэль сказаў людзям: «Аддзяліце іх далёка адзін ад аднаго, і я рассуджу іх». Такім чынам, калі былі яны ўжо аддзелены адзін ад аднаго, паклікаў ён аднаго з іх і сказаў яму: «Састарэўся ты ў пераваротнасці, цяпер выходзяць наверх грахі твае, якіх дапускаўся раней, выдаючы несправядлівыя прысуды, асуджаючы бязвінных і вызваляючы вінаватых, хоць Госпад сказаў: “Нявіннага і справядлівага не забівай”. Дык цяпер, калі ты яе ўбачыў, скажы, пад якім дрэвам ты бачыў іх, калі яны размаўлялі між сабою?» Ён адказаў: «Пад масцікавым дрэвам». А Даніэль сказаў: «Правільна салгаў на галаву сваю; вось бо анёл Божы, атрымаўшы прысуд ад Бога, раздзярэ цябе напалам!» І, адаслаўшы яго, загадаў прывесці другога і сказаў яму: «Семя хананейскае, а не Юды, прыгажосць звяла цябе і пажадлівасць перавярнула сэрца тваё. Так рабілі вы з дочкамі ізраэльскімі, і яны, баючыся, займаліся з вамі, але не, дачка Юды стрымала вашу разбэшчанасць. Дык цяпер скажы мне, пад якім дрэвам заўважыў ты іх, калі яны размаўлялі між сабой?» Ён адказаў: «Пад дубам». А Даніэль сказаў яму: «Правільна салгаў і ты на галаву сваю; чакае бо цябе анёл Божы, трымаючы меч, каб рассячы цябе папалам і вас загубіць». Такім чынам, увесь сход загаманіў моцна і дабраславіў Бога, Які збаўляе тых, хто ўскладае надзею на Яго. Ды накінуліся на двух старых — бо даказаў ім Даніэль вуснамі іх, што сказалі яны фальшывае сведчанне, — і зрабілі з імі, як яны зло рабілі блізкім. Так што зрабілі яны паводле закону Майсеевага; і забілі іх, і ў дзень той зберажона была непавінная кроў. Хэльцыя ж і яго жонка хвалілі Бога за дачку сваю Зузану разам з мужам яе Ёакімам ды ўсімі сваякамі, бо нічога не даказалі ў ёй ганебнага. Даніэль жа з таго дня і ў будучым праславіўся ў сваім народзе.

* І цар Астыяг далучыўся да бацькоў сваіх, і прыняў царства яго перс Кір. А Даніэль быў царскім сатрапезнікам і перавышаў важнасцю ўсіх яго прыяцеляў. Бабілонцы таксама пакланяліся ідалу на імя Бэл, і ўскладаліся яму штодзень дванаццаць мерак найчысцейшай мукі, і сорак авечак, і шэсць глякоў віна. Пакланяўся яму і цар і прыходзіў штодзень, каб аддаць яму паклон; Даніэль жа славіў свайго Бога. І сказаў яму цар: «Чаму не пакланяешся Бэлу?» Ён яму адказаў: «Бо я слаўлю не ідалаў, зробленых рукамі, але Бога жывога, Які стварыў неба і зямлю ды мае ўладу над усімі істотамі». Ды сказаў яму цар: «Табе здаецца, што Бэл нежывы Бог? А ці не бачыш, колькі ён з’ядае і п’е штодзень?» І Даніэль адказаў, смеючыся: «Ты памыляешся, цару; ён бо ў сярэдзіне з гліны і зверху з медзі, і ніколі ён не еў і не піў». І разгневаны цар склікаў святароў сваіх і сказаў ім: «Калі не скажаце мне, хто з’ядае гэтыя ахвяры, — памраце; а калі дакажаце, што Бэл з’ядае гэта, Даніэль памрэ, бо сплявузгаў на Бэла». І сказаў Даніэль цару: «Хай здзейсніцца слова тваё». Было ж семдзесят святароў Бэла, апрача жонак, і малых, і сыноў. І прыйшоў цар з Даніэлем у храм Бэла. І святары Бэла сказалі: «Вось, мы выходзім вонкі; і ты, цару, прынясі ежу, і змяшай віно, і пастаў яго, і замкні дзверы, і запячаткуй сваім пярсцёнкам; і калі ўвойдзеш раніцай і не знойдзеш, што Бэл з’еў усё, памром смерцю мы, або хай памрэ Даніэль, які ачарніў нас». Не турбаваліся яны, бо зрабілі яны пад сталом ахвярным патаемны ўваход, і праз яго ўваходзілі заўсёды, і з’ядалі ўсё. Дык сталася, калі выйшлі яны і цар паклаў ежу для Бэла, Даніэль загадаў паслугачам сваім прынесці попелу і пасыпаць праз увесь храм у прысутнасці толькі самога цара, і, выйшаўшы, заперлі дзверы, і, запячаткаваўшы царскім пярсцёнкам, пайшлі. Святары ж увайшлі, як звычайна, ноччу разам з жонкамі і са сваімі дзецьмі, і з’елі ўсё і выпілі. Цар жа ўстаў раніцай, і Даніэль разам з ім; і цар сказаў: «Даніэлю, ці пячаткі не парушаны?» Ён адказаў: «Не парушаны, цару». І, як толькі адкрыў дзверы, глянуў цар на стол ахвярны і закрычаў вельмі моцным голасам: «Вялікі ты, Бэлу, і няма ў цябе ніякай хітрасці!» Даніэль жа ўсміхнуўся і ўтрымаў цара ад уваходу ўнутр, кажучы: «Глянь толькі на падлогу і пабач, чые гэта сляды?» Цар жа сказаў: «Бачу сляды мужчын, і жанчын, і дзяцей». І разгневаўся цар. Тады ён загадаў схапіць святароў, і жонак іх, і дзяцей, дык паказалі яму патаемны ўваход, праз які ўваходзілі і з’ядалі тое, што было на стале. Такім чынам, цар загадаў іх забіць, і Бэла аддаў пад уладу Даніэля, які яго знішчыў разам з храмам яго. І быў вялікі вуж, і яму пакланяліся бабілонцы. І цар сказаў Даніэлю: «Немагчыма сказаць, што гэта не ёсць бог жывы; такім чынам, пакланіся яму». І Даніль сказаў: «Госпаду, Богу майму, буду пакланяцца, бо Ён ёсць Бог жывы. Ты ж, цару, дай мне ўладу, і я заб’ю вужа без дапамогі меча і палкі». І цар адказаў: «Даю табе такое». Дык Даніэль узяў смалы, і лою, і валасоў і спёк разам; і нарабіў булак, і кінуў у пашчу вужа. І калі вуж з’еў, то лопнуў. І ён сказаў: «Вось каму вы пакланяліся». Калі пачулі пра гэта бабілонцы, ахапіла іх вялікае абурэнне, і сабраліся супраць цара, і казалі: «Цар стаўся юдэем; Бэла загадаў пабіць, вужа разадраць, і святароў забіў». І, пайшоўшы да цара, сказалі: «Аддай нам Даніэля; інакш заб’ём цябе і дом твой». Такім чынам, убачыў цар, што дужа насядаюць на яго, і, змушаны неабходнасцю, выдаў ім Даніэля. Яны кінулі яго ў ільвіны роў, дзе прабываў ён шэсць дзён. Было ж у рове сем ільвоў, і давалі ім два целы людскія і дзве авечкі штодзень; і ў той час не далі ім нічога, каб з’елі Даніэля. А ў Юдэі быў прарок Абакук, і зварыў ён поліўку, і пакрышыў хлеб у пасудзіне, і пайшоў на поле, каб занесці гэта жняцам. І анёл Госпадаў прамовіў да Абакука: «Занясі абед, які маеш, Даніэлю ў Бабілон, у роў ільвіны». І Абакук адказаў: «Госпадзе, я ніколі не бачыў Бабілона і не ведаю рова львінага». Ды ўхапіў яго анёл за цемя яго, і панёс яго за валасы галавы яго, прынёс у Бабілон на край рова ў моцы духу свайго. І закрычаў Абакук, кажучы: «Даніэлю! Даніэлю! Вазьмі абед, які табе Бог пасылае!» І Даніэль сказаў: «Божа, памятаў Ты пра мяне і не пакінуў таго, хто Цябе шануе!» І Даніэль, падняўшыся, паеў. А анёл Божы вярнуў імгненна Абакука на папярэдняе месца. Такім чынам, цар прыйшоў на сёмы дзень, каб плакаць па Даніэлю; і прыйшоў да рова і ўбачыў Даніэля, які сядзеў. І закрычаў цар моцным голасам, кажучы: «Вялікі Ты, Госпадзе, Божа Даніэля, і няма ніводнага, акрамя Цябе!» Тых жа, якія хацелі яго загубы, укінуў у роў; і былі яны зараз жа ў яго прысутнасці з’едзены.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.