Библия › Чарняўскі-17 › Міхея
Слова Госпада, якое было да Міхея з Марэсэта ў дні Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юды, якое ўбачыў ён пра Самарыю і Ерузалім. Слухайце, усе народы, і зважай, зямля і ўсё, што напаўняе яе; хай будзе Госпад Бог сведкам для вас, Госпад з палаца Свайго святога! Бо вось, Госпад выходзіць з месца Свайго, і Ён сыходзіць, і будзе хадзіць па ўзвышшах зямлі; растаюць пад Ім горы і распадуцца лагчыны, як воск ад агню, як воды, што сцякаюць імкліва. Усё гэта дзеля злачынства Якуба ды грахоў дому Ізраэля. Якое злачынства Якуба? Ці не Самарыя? І хто паставіў узгоркі ў Юдзе? Ці не Ерузалім? «І Я зраблю з Самарыі кучу камянёў, поле, дзе будуць разводзіць вінаград; і сцягну камяні яе ў лагчыну, і адкрыю падмуркі яе. І ўсе яе ідалы будуць пабіты, і ўсе яе здабыткі будуць спалены агнём, і ўсіх ідалаў яе знішчу Я, бо з платы распусніцы яны сабраныя і ў плату распусніцы будуць пераменены». Дзеля гэтага буду я плакаць і галасіць; буду хадзіць распрануты і голы, і выць буду, як шакалы, і бедаваць, як страусы, бо невылечная рана яе, бо дайшло гэта аж да Юды, кранула браму народа майго, аж да Ерузаліма! Не абвяшчайце гэтага ў Геце, не ліце слёз, у Бэтлеафры качайцеся ў попеле! І перасяляйцеся, жыхаркі Сафіра, зганьбаваныя; не выйдуць і жыхаркі Саанана. Плач у Бэтэзэлі не дасць вам застацца на тым месцы. Дрыжаць, напэўна, аб сваёй маёмасці жыхары Марота, бо спаслана бяда Госпадам на браму Ерузаліма. Запрагай у калясніцу коней, жыхарка Лахіса; ты ёсць пачатак граху для дачкі Сіёна, бо ў цябе знайшлі правіны Ізраэля! Дзеля таго будзеш ты пасылаць дары ў Марэсэтгэт. Паселішча Ахзіб будзе падманам для цароў ізраэльскіх. Яшчэ здабыўцу прывяду да цябе, жыхарка Марэсы: ён прыйдзе аж да Адалама, славы Ізраэля! Вырывай валасы свае і абстрыжыся, сумуючы па дзецях, суцяшэнні сваім; павяліч лысіну сваю, як у арла, бо павялі іх у няволю далёка ад цябе!
Гора тым, якія задумваюць беззаконне і абдумваюць ліхоцце на ложках сваіх! На світанні здзяйсняюць задуманае, бо на тое стае моцы ў руках іх. Захочуць яны палёў — і забіраюць іх сілаю, захочуць дамоў — і адбіраюць іх. І бяруць у няволю чалавека і дом яго, рабуюць чалавека і спадчыну яго. Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я маю намер на род гэты навесці такое ліха, ад якога вы не ўхіліце каркаў вашых; і не будзеце хадзіць ганарліва, бо час прыйдзе самы жудасны. У той час будуць казаць прыпавесць аб вас і бедаваць, галосячы: “Спусташэннем мы абрабаваныя; доля народа майго мяняецца; няма нікога, хто б нам яе вярнуў; палі нашы падзелены між іншаверцамі”. Таму не будзеш мець нікога, хто кінуў бы жэрабя на сабранні Госпадавым. “Не праракуйце!” Але яны праракуюць! “Не праракуйце гэтага, не дасягне нас ганьба!” Ці будзе пракляты дом Якуба? Ці зменшыўся Дух Госпадаў, або ці такія ўчынкі Яго? Ці словы Яго не спагадныя да тых, хто справядліва робіць? Вы ж паўстаеце супраць народа Майго, як ворагі. Вы здымаеце з яго верхнюю і споднюю вопратку; Жанчын народа Майго выганяеце вы з іх утульных дамоў, дзяцей іх пазбаўляеце ласкі Маёй навечна. Уставайце і ідзіце, бо не маеце тут супачынку! Дзеля нячыстасці сваёй будзеце вы знішчаны пакараннем самым страшэнным. Калі які чалавек, ветрам узбуджаны, скажа хлусліва: “Я буду праракаваць табе пра віно і напоі”, той быў бы прарокам гэтага народа. Сабраннем збяру цябе ўсяго, Якубе; збяру ў адно рэшту Ізраэля, размяшчу разам статак у аўчарні, як жывёлу пасярод пашы; і будзе гармідар дзеля мноства людзей. Пойдзе бо перад імі правадыр; разбураць яны і пройдуць праз браму, выйдуць праз яе. І пойдзе цар іх перад імі, і Госпад на чале іх».
І сказаў я: «Слухайце, князі Якуба і правадыры дому Ізраэля: ці ж не ваш абавязак ведаць закон? Але вы ў нянавісці маеце дабро і любіце зло. Здзіраеце з іх шкуры сілаю і цела ад касцей іх аддзяляеце». Яны ядуць цела народа Майго і здзіраюць шкуру з іх; і ламаюць косці іх, і крышаць, нібы сушанае мяса ў кацёл і нібы мяса ў сярэдзіну гаршка. Тады будуць яны прызываць Госпада, і Ён не выслухае іх, і схавае аблічча Сваё ад іх у той час дзеля ўчынкаў найгоршых, якіх яны дапусціліся. Вось што кажа Госпад пра прарокаў, якія зводзяць народ Мой, якія, калі маюць што пажаваць зубамі сваімі, абвяшчаюць супакой; і калі хто нічога не ўложыць у рот іх, абвяшчаюць вайну супраць таго: «Дзеля таго будзе вам ноч без бачання, і будзе вам цемра без прароцтва; і зойдзе сонца над тымі прарокамі, і цёмным стане дзень над імі. І пасаромяцца прадказальнікі, і пасаромяцца варажбіты, і закрыюць вусны свае ўсе, бо не будзе адказу ад Бога». А я — поўны моцы Духа Госпадавага, справядлівасці і мужнасці, каб выяўляць Якубу злачынства яго і Ізраэлю — грэх яго. Слухайце гэта, князі дому Якубава і суддзі дому Ізраэлева, якія паганіце справядлівасць ды крывіце ўсё простае, якія на крыві будуеце Сіён і Ерузалім — на злачыннасці. Князі яго судзяць за падарункі, і святары яго вучаць за плату, і прарокі яго прадказваюць за грошы ды спасылаюцца на Госпада, кажучы: «Ці ж няма Госпада паміж намі? Не спадуць на нас няшчасці». Дзеля таго з-за вас Сіён будзе заараны, як поле, і, як куча камянёў, стане Ерузалім, і гара святыні будзе лясным узгоркам.
І будзе ў апошнія дні: гара дома Госпадавага пастаўлена будзе на вяршыні гор і ўздымецца над узгоркамі; і сцякуцца да яе народы. І пойдуць народы многія, і скажуць: «Хадземце, узыдзем на гару Госпада, і да дома Бога Якубава, і будзе Ён вучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па дарогах Яго». Бо з Сіёна выйдзе закон, і слова Госпадава — з Ерузаліма. І будзе Ён судзіць многія народы, і будзе выдаваць прысуды на народы магутныя і далёкія; і перакуюць мечы свае на плугі, і дзіды свае — на сярпы; народ на народ не падыме меча, і не будуць больш вучыцца ваяваць. І кожны будзе сядзець пад сваім вінаградам і пад сваім дрэвам фігавым, і не будзе ніхто страшыць іх; бо гэта сказалі вусны Госпада Магуццяў. Бо хай усе народы ходзяць кожны ў імя бога свайго; а мы будзем хадзіць у імя Госпада, Бога нашага, ў векі вечныя і надалей. «У той дзень, — кажа Госпад, — Я збяру кульгавых, і пазбіраю тых, каго выгнаў, і тых, каго пакараў; і зраблю кульгавых рэштаю, і таго, хто пакутаваў, зраблю народам магутным». І будзе валадарыць над імі Госпад на гары Сіён з гэтага часу і навек. І ты, вежа статка, узгорак дачкі сіёнскай, ранейшая ўлада прыйдзе і вернецца да цябе, царства — да дачкі Ерузаліма. Чаму цяпер крычыш моцным голасам? Ці няма цара ў цябе або загінулі дарадчыкі твае, што ахапіў цябе боль, як у парадзіхі? Цярпі і турбуйся, дачка Сіёна, як парадзіха; бо цяпер выйдзеш з горада, і будзеш жыць у полі, і дойдзеш аж да Бабілона; там будзеш вызвалена, там адкупіць цябе Госпад з рук ворагаў тваіх. Цяпер жа сабралася супраць цябе мноства народаў, якія кажуць: «Хай будзе ён апаганены, і хай нагледзяцца вочы нашы на няшчасце Сіёна!» Але яны не ведаюць намераў Госпада і не разумеюць пастановы Яго, што сабраў Ён іх, як снапы на таку. Устань і малаці, дачка Сіёна! Бо рог твой зраблю з жалеза, і капыты твае зраблю з медзі, і скрышыш ты многія народы, і прысвяціш Госпаду набыткі іх, і багацці іх Госпаду ўсяе зямлі аддасі.
Цяпер надрэж сябе, дачка разні! Прыгатавана супраць нас аблога; дубцом будуць біць па сківіцы суддзю Ізраэля. І ты, Бэтлехэм, Эфрата, ці ж найменшы ты паміж мностваў Юды, бо з цябе для Мяне выйдзе Той, Хто стане Валадаром у Ізраэлі, і паходжанне Яго ад даўніх часоў, ад дзён спрадвечных. Таму Ён пакіне іх да часу, у якім народзіць Тая, Якая мае нарадзіць; і астатак братоў Яго вернецца да сыноў Ізраэля. І Ён прыйдзе, і будзе пасвіць моцаю Госпада паводле велічы імя Госпада, Бога Свайго; і будуць жыць яны бяспечна, бо тады будзе Ён вялікі аж да краёў зямлі, і будзе Ён супакоем. Калі асірыец уварвецца ў зямлю нашу і калі будзе хадзіць па палацах нашых, мы выставім супраць яго сем пастыраў і восем князёў з народа. І будуць яны пасвіць зямлю Асірыі мечам і зямлю Німрода — дзідамі; і Ён вызваліць ад асірыйца, калі ён уварвецца ў край наш і калі ўвойдзе ў межы нашы. І будзе рэшта Якуба сярод многіх народаў, як раса ад Госпада і як шчодры дождж на траву, якая не спадзяецца на чалавека, ані аглядаецца на сыноў чалавечых. І рэшта Якуба будзе паміж народамі, паміж многімі плямёнамі, як леў сярод звяроў лясных і як ільвяня сярод статкаў авечых; ён, калі прыходзіць, і топча, і раздзірае, і няма такога, хто б уратаваў ад яго. Падымецца рука твая над ворагамі тваімі, і ўсе непрыяцелі твае загінуць. «І будзе ў той дзень — кажа Госпад, — Я вынішчу коней тваіх у цябе, і раструшчу калясніцы твае, і зруйную гарады на зямлі тваёй, і развалю ўсе ўмацаванні твае, і забяру чараванні з рукі тваёй, і варажбітоў ужо не будзе ў цябе. І Я знішчу розныя выявы твае і камяні твае ў цябе, і не будзеш болей пакланяцца творам рук сваіх; Я павырываю ў цябе твае слупы і знішчу тваіх ідалаў І ў гневе і абурэнні здзейсню помсту над усімі народамі, якія былі непаслухмянымі Мне».
Слухайце, што кажа Госпад: «Устань, судзіся на віду гор, і хай чуюць твой голас узгоркі!» Слухайце, горы, прысуд Госпадаў, і нахініце вушы, падваліны зямлі, бо Госпад судзіцца з народам Сваім, і Ізраэль будзе Ён вінаваціць. «Народ Мой, што Я зрабіў табе або чым угнявіў цябе? Адкажы Мне. Я вывеў цябе з зямлі Егіпецкай і з дому няволі вызваліў цябе, і паслаў перад табою Майсея, і Аарона, і Мірыям! Народ Мой, узгадай, прашу, што наважыў зрабіць Балак, цар Мааба, і што адказаў яму Балаам, сын Бэора? Што рабілася ад Сэтыма аж да Галгала, каб спазнаў ты справядлівасць Госпада!» «Што дастойнага маю ахвяраваць Госпаду, калі ўкленчу перад Богам Узвышнім? Ці ўскладу Яму ахвяру цэласпалення і маладых цялят? Ці будуць падабацца Госпаду тысячы бараноў, многія тысячы ручаёў алею аліўкавага? Ці аддам я першароднага сына свайго за злачынства сваё, плод улоння майго за грэх душы маёй?» Сказана было табе, чалавеча, што добрае і што патрабуе ад цябе Госпад: каб ты чыніў справядлівасць, і любіў міласэрнасць, і з пакораю хадзіў з Богам сваім. Голас Госпада прызывае горад — і той мудры, хто баіцца імя Твайго: «Слухайце, пакаленні і грамада горада! Ці магу Я цярпець бат несправядлівы і эфу паменшаную, агідную? Ці магу апраўдаць вагі бязбожныя і падманную вагу кашалька? За тое, што асілкі яго перапоўненыя злачыннасцю, ды жыхары яго кажуць няпраўду, і язык іх у вуснах іх — здрадлівы. Такім чынам, Я пачаў караць цябе, пустошыць цябе за твае грахі. Ты будзеш есці і не наясіся, і бруд будзеш адчуваць у нутры сваім. Ты будзеш хаваць і не зберажэш; і што захаваеш, Я аддам пад меч. Ты будзеш сеяць і не пажнеш, будзеш выціскаць аліву і не намажашся алеем, будзеш выціскаць вінаград і не будзеш піць віна. Захаваў ты загады Амры і ўсе ўчынкі дому Ахаба і кіраваўся радай іх — дык Я выдам цябе на спусташэнне і жыхароў тваіх — на пасмяянне: і будзеце вы несці ганьбу сярод народаў».
Гора мне, бо сталася ў мяне, як пасля збору ўраджаю, як пасля збору вінаграду! Ані аднае ягады, каб з’есці, ані аднаго спелага плоду, якога прагне душа мая. Знік з зямлі богабаязны, і няма між людзьмі праўдзівага; усе без вынятку цікуюць на кроў, кожны ставіць сетку на брата свайго. На ліхоту рукі іх гатовыя; князь вымагае падарункаў, і суддзя судзіць за хабар, і магнат выказвае жаданне душы сваёй, скажае справу. Найлепшы з іх — як цярніна, і праўдзівы — як шып з агароджы; дзень вартаўнікоў Тваіх, час наведвання Твайго прыйшоў: цяпер апануе сорам іх. Не верце прыяцелю, не спадзявайцеся на блізкага, ды ад той, якая спіць у абдымках тваіх, сцеражы дзверы вуснаў сваіх; бо сын зневажае бацьку, дачка працівіцца маці сваёй, нявестка — свекрыві сваёй: ворагі чалавеку — хатнія яго. А я буду выглядаць Госпада, буду чакаць Бога, Збаўцу майго; Бог мой выслухае мяне. Не цешся з мяне, непрыяцелька мая, што я ўпаў, я ўстану; калі сяджу ў цемры, то Госпад — святло маё! Мушу цярпець гнеў Госпада, бо зграшыў я супраць Яго, аж пакуль Ён не вырашыць справу маю і не правядзе суда нада мной; выведзе Ён мяне на святло, і ўбачу я справядлівасць Яго. І калі ўбачыць гэта непрыяцелька мая — засаромеецца, яна бо казала мне: «Дзе Госпад, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яе; цяпер будзе яна стаптана, як смецце на вуліцах. Прыйдзе дзень, калі будуць адбудаваны муры твае; у той дзень будуць пашыраны межы твае. У той дзень прыйдуць да цябе пражываючыя ад Асірыі аж да Егіпта і ад Егіпта аж да ракі, і ад мора аж да мора, і ад гары аж да гары. А зямля будзе спустошана дзеля жыхароў яе і дзеля пладоў учынкаў іх. Пасві народ Твой кіем Тваім, статак спадчыны Тваёй, пражываючых самотна ў лесе сярод садоў; хай пасвяцца яны ў Басане і Галаадзе, як у дні даўнія. Як у дзень выхаду твайго з зямлі Егіпецкай, пакажу вам цуды. Убачаць гэта народы і засаромеюцца, нягледзячы на ўсю моц сваю, паложаць руку на вусны, вушы іх стануць глухімі; будуць пыл лізаць, як той вуж, як паўзуны зямныя. Выйдуць, дрыжучы, з умацаванняў сваіх перад аблічча Госпада, Бога нашага, і будуць яны калаціцца і баяцца Цябе. Які Бог падобны да Цябе, Які прабачае правіннасць і не абвінавачвае ў злачынстве астатак спадчыны Сваёй? Не трывае Ён навекі ў абурэнні Сваім, бо спагадны ў міласэрнасці Сваёй. Ён злітуецца і пашкадуе нас, сатрэ правіннасці нашы і ўкіне ў глыбіню марскую ўсе грахі нашы. Ты выявіш Тваю вернасць Якубу, міласэрнасць — Абрагаму, як прысягаў бацькам нашым у дні старадаўнія.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017