Библия › Чарняўскі-17 › Навума

Навума

Прысуд на Нініву. Кніга бачання Навума Эльцэзэя. Бог, рупліва апякуючы і помслівы Госпад, мае абурэнне; і помсціць Госпад ворагам Сваім, і спаганяе гнеў на непрыяцелях Сваіх. Госпад цярплівы і магутны моцаю, Госпад не пакіне нікога без пакарання. Праз буру і віхуру шлях Яго, і хмары — пыл ног Яго. Забароніць Ён мору — і яно высыхае, і ўсе рэкі Ён ператварае ў пустыню. Млее Басан і Кармэль, і вяне кветка Лібана. Дрыжаць горы перад Ім, і ўзгоркі трывожацца; і зямля трасецца перад абліччам Яго, і сусвет ды ўсе, пражываючыя ў ім. Хто ўстаіць перад гневам Яго, і хто сцерпіць полымя абурэння Яго? Гнеў Яго разліваецца, як агонь, і скалы разбураюцца перад Ім. Добры ёсць Госпад — прытулак у дзень бяды і спагадны тым, што на Яго спадзяюцца; і ў бушуючым патопе Ён знішчыць ворагаў Сваіх, і непрыяцеляў Яго будзе пераследаваць цемра. Што думаеце вы супраць Госпада? Ён выканае знішчэнне; не паўторыцца бяда. Як густыя церні, сплеценыя між сабою, ды як горкія п’яніцы, так яны цалкам спалены будуць, як сухая салома. З цябе выйшаў той, хто задумаў ліха супраць Госпада, спланаваўшы ліхія намеры. Вось гэта кажа Госпад: «Хоць яны бяспечныя і шматлікія, аднак будуць яны таксама пасечаны і загінуць; Я табе чыніў шкоду і не буду чыніць табе шкоду болей. І цяпер паламаю Я прут яго, што на спіне тваёй, і разарву твае путы». І загадае Госпад адносна цябе: «Не будзе болей патомства з імем тваім. З дома бога твайго выкіну выразаныя і літыя выявы; прыгатую табе магілу, бо ты абняславіўся». Вось, на гарах ногі вестуна, што супакой абвяшчае. Святкуй, Юда, свае ўрачыстасці і выканай свае абяцанні, бо не пройдзе ўжо больш праз цябе Бэліял: ён дарэшты знішчаны.

Падымаецца на цябе разбуральнік. Беражы ўмацаванні, сцеражы дарогі, умацуй паясніцы, набярыся сілы. Бо адновіць Госпад веліч Якуба, як веліч Ізраэля, бо рабаўнікі абрабавалі іх і паламалі іх парасткі. Шчыт герояў яго — чырвоны: ваяры войска адзеты ў пурпур; агнём блішчаць калясніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і варушацца вершнікі. Па дарогах нясуцца калясніцы, стукаюцца адна аб адну на плошчах; выглядаюць яны, як паходні, як маланкі, што разбягаюцца ў розныя бакі. Ён кліча ваяроў сваіх, яны спатыкаюцца на дарогах сваіх; ірвуцца на мур, і рыхтуецца аблога. Запоры рачныя адкрываюцца, палац разбураецца. І прыгажуня агаляецца, яе бяруць у палон, і нявольніцы яе галосяць, як галубкі, і б’юць у сэрцы свае. І Нініва — як вадаём, поўны вады, воды якога выцякаюць. «Стойце, стойце!» — але ніхто не зважае. «Хапайце срэбра, хапайце золата!» І няма канца багаццям; скарбоўня з усіх жаданых пасудзін. Абрабавана, і спустошана, і разбурана яна, і млее сэрца, і дрыжаць калені; і боль ва ўсёй паясніцы, і збялелыя твары ва ўсіх іх. Дзе лежбішча львоў і пячора львянят, да якой хадзіў леў, каб прывесці туды львяня, і ніхто іх не палохаў? Леў шмат паразрываў для сваіх ільвянят і пазадушваў для львіц сваіх; ён запоўніў здабычаю пячоры свае і лежбішча сваё — нарабаваным. «Вось, Я супраць цябе, — кажа Госпад Магуццяў, — і спалю агнём аж у дым калясніцы твае; і меч звядзе львянят тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і не пачуецца болей голас паслоў тваіх».

Гора крываваму гораду! Увесь ён поўны падману і забойства! Рабаванне ў цябе не спыніцца. Чуцен ляскат пуг і грукат колаў, іржанне коней і грукатанне калясніц, нясецца конніца, і блішчаць мечы, і дзіды зіхацяць, і мноства забітых, і кучы трупаў; і безліч трупаў, і спатыкаюцца аб целы. Гэта — з-за мноства ўчынкаў распусніцы, прыгожай, і мілай, і злачыннай, якая распустай сваёю зводзіць народы і чарамі сваімі — плямёны. Вось, Я іду супраць цябе, — кажа Госпад Магуццяў, — і падыму адзенне тваё на твар твой, і пакажу народам галізну тваю і царствам — ганьбу тваю. І закідаю цябе агіднасцямі, і абкладу цябе знявагамі, і выстаўлю цябе на пасмешышча. Ды станецца, што кожны, хто гляне на цябе, адыдзецца ад цябе і скажа: “Нініва спустошана! Хто пашкадуе яе? Дзе знайсці мне табе суцяшальніка?” Ці ж лепшая ты, чым Но-Амон, што ляжыць між рэкамі? Акружаны водамі: мора — вал яго, воды — муры яго. Куш быў сілай яго, і Егіпет, якому не было канца; Пут і лібійцы былі ў дапамогу яму. Але і ён быў пераселены, пайшоў у палон. Дзяцей яго забівалі на скрыжаваннях усіх дарог і аб слаўных яго кідалі жэрабя, і ўсе магнаты яго былі закаваны ў кайданы. Так і ты ап’янееш, будзеш глядзець з пагардаю; і ты будзеш шукаць абароны ад ворага. Усе ўмацаванні твае, як дрэва фігавае з раннімі пладамі: калі патрэсці іх, то проста ўпадуць у вусны таго, хто іх есць. Вось, народ твой — жанчыны сярод цябе; ворагам тваім адчыняцца насцеж брамы зямлі тваёй; агонь спаліць засаўкі твае. Набяры вады на час аблогі сваёй, умацуй цвярдыні свае; пайдзі на балота і тапчы гліну, і вазьмі яе дзеля лепкі сцен. Там спаліць цябе агонь, пасячэ меч, зжарэ цябе, як саранча. Памнажайся, як саранча, павялічвайся, як саранча. Памнажай купцоў сваіх, як зоркі на небе; а саранча скінула шкуру і паляцела. Вартаўнікі твае — як саранча і пісары твае — як рой саранчы, які гняздзіцца ў агароджах у час халодны; узыходзіць сонца — і разлятаецца, і не вядома, дзе было месца іх. Спяць пастухі твае, цар Асірыйскі, адпачываюць князі твае, рассыпаўся народ твой па гарах, і няма каму сабраць яго. Няма супакою дзеля знішчэння твайго, невылечная рана твая; усе, якія пачуюць чутку пра цябе, будуць пляскаць у далоні на цябе; бо каго толькі не закранула несупынна ліхота твая?»


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.