Библия › Чарняўскі-17 › Марка
Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось жа, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табой. Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму”». З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і абвяшчаючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў. І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан. Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падпяразаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах і еў саранчу і дзікі мёд. І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, пакланіўшыся, развязаць рамень пасталоў Яго. Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым». І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы ды Духа, як голуба, што сыходзіў на Яго. І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе». І зараз вядзе Яго Дух у пустыню. І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму. А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!» І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі. І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей». І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім следам. І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы. І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім. І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць. І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі. І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў, кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы». Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!» І нячысты дух, скалануўшы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго. І задзівіліся ўсе, ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта такое? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?» І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне. І адразу, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі з Якубам і Янам ў дом Сімона і Андрэя. Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе. І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і [адразу] пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім. А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нямоглых і апанаваных дэманамі; і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі. І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго. І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся. Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць». А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў». Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў. І прыступіўся да Яго пракажоны, і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны». І, калі Ён сказаў, адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся. І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу, кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім». Але ён, адышоўшы, пачаў шмат распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго.
І па некалькіх днях зноў Ён наведаў Кафарнаўм, і людзі пачулі, што Ён у доме, і адразу сышлося такое мноства, што нават пры дзвярах не маглі памясціцца, і гаварыў ім слова. І прыйшлі да Яго насільшчыкі са спаралізаваным, якога неслі ўчатырох. І калі з-за натоўпу не маглі яго паднесці да Ісуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусцілі пасцель, на якой ляжаў спаралізаваны. А калі Ісус убачыў іх веру, кажа спаралізаванаму: «Дзіця, даруюцца грахі твае». Былі ж там некаторыя кніжнікі, што сядзелі і думалі ў сэрцы сваім: «Што Ён кажа? Блюзніць! Хто можа дараваць грахі, калі не Сам Бог?» А Ісус, адразу пазнаўшы Сваім Духам, што яны так думалі ў сабе, кажа ім: «Што думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: “Даруюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі пасцель сваю і хадзі”. Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — гаворыць спаралізаванаму: “Табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і вяртайся ў дом твой”». Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы пасцель, пайшоў перад усімі, тк што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі не бачылі». І Ісус зноў адышоў да мора, а ўвесь натоўп людзей ішоў да Яго, і Ён навучаў іх. І, калі праходзіў міма, убачыў Леві Алфеева, што сядзеў на мытні, і гаворыць яму: «Ідзі за Мной!» І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім. І здарылася, калі ўзлягаў пры стале ў доме яго, узлягала разам з Ісусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім. І кніжнікі, і фарысеі, бачачы, што Ісус есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?» Пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровым патрэбны лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў да пакаяння». Вучні Янавы і фарысеі посцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: «Чаму, вось, вучні Янавы і фарысейскія посцяць, а Твае вучні не посцяць?» Адказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посціць вясельнікі, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, не могуць посціць. А надыдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посціць у тыя дні. Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзення, бо новая лата раздзярэ старое адзенне, і дзіра зробіцца большая. Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі — і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя». Прыйшлося аднойчы Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Яго пачалі зрываць каласы. Дык фарысеі казалі Яму: «Вось што робяць у суботу, гэта ж не след рабіць!» Ісус жа кажа ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі? Як увайшоў у дом Божы за Абіятарам першасвятаром ды еў хлябы пакладныя, якіх нельга яму было есці, а толькі святарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?» Ды казаў ім: «Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы. Значыць, Сын Чалавечы ёсць Гаспадар суботы».
І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў ссохлую руку. І сачылі за Ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб Яго абвінаваціць. І кажа сухарукаму чалавеку: «Стань пасярэдзіне!» Да іх жа кажа: «Ці ў суботу трэба добра рабіць, ці мо блага? Жыццё выратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі. Дык азіраючы іх з гневам, засмучаны асляпёнасцю іх сэрцаў, кажа чалавеку: «Выцягні руку тваю!» І выцягнуў руку, і рука яго ажыла, як другая. Фарысеі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, як бы Яго загубіць. Затым Ісус разам з вучнямі Сваімі адышоў да мора. І вялікі натоўп з Галілеі ішоў за Ім, і з Юдэі, і з Ерузаліма, з Ідумеі; і тыя, што з-за Ярдана, ды з ваколіц Тыра і Сідона велізарны натоўп, пачуўшы, што Ісус чыніў, сабраўся да Яго. Дык сказаў Ён вучням Сваім, каб парупіліся пра лодку, каб вялікае мноства людзей не заціснула Яго. Бо многіх аздараўляў, таму кідаліся да Яго ўсе, што хварэлі, каб дакрануцца да Яго. І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім, крычучы: «Ты — Сын Божы!» Ён жа строга забараняў ім выяўляць Яго. І ўзыходзіць на гару, і кліча да Сябе тых, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго. І вызначыў дванаццаць, каб яны былі пры Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць, і каб яны мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў; Сімона, якому даў імя Пётра, і Якуба Зебядзеева, і Яна, брата Якуба, і надаў ім імя Боанэргес, што значыць сыны громавы, і Андрэя, і Піліпа, і Баўтрамея, і Мацвея, і Тамаша, і Якуба Алфеева, і Тадэя, ды Сімона Кананіта, і Юду Іскарыёта, які Яго выдаў. І ўваходзяць у дом; і сышлося зноў мноства народа, так што не маглі нават хлеба з’есці. І калі пачулі гэта сваякі, выйшлі, каб узяць Яго, бо казалі яны: «Ашалеў». І кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма, казалі: «Мае Бэльзебула» і «Моцай князя дэманскага выганяе дэманаў». І Ісус, пазваўшы іх, гаварыў да іх у прыпавесцях: «Як шатан можа выганяць шатана? Калі царства раздзеліцца ў сабе, не можа ўтрымацца такое царства. І калі і дом падзелены ў сабе, не можа ўтрымацца дом такі. І калі шатан паўстаў супраць сябе самога і раздзяліўся, не можа ўтрымацца, але прыйшоў яму канец. Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, не можа абрабаваць яго маёмасці, калі перш не звяжа асілка, і тады абрабуе дом яго. Сапраўды кажу вам: усе грахі будуць адпушчаны сынам чалавечым, нават блюзненні, якіх бы ні дапусціліся. Калі б, аднак, хто блюзніў супраць Духа Святога, той не атрымае адпушчэння навек, але будзе мець вечнае асуджэнне». Бо казалі яны, што Ён мае духа нячыстага. І прыйшлі браты і Маці Яго, і, чакаючы перад домам, паслалі да Яго клікаць Яго. Вакол Яго сядзеў народ, і казалі Яму: «Вось, Маці Твая, і браты Твае перад домам, шукаюць Цябе». А Ён у адказ кажа ім: «Хто Маці Мая і браты Мае?» І, паглядзеўшы на тых, што вакол Яго сядзелі, кажа: «Вось Маці Мая і браты Мае! Хто спаўняе волю Бога, той — брат Мой, і сястра Мая, і Маці».
І зноў пачаў навучаць каля мора. І, вось, сабраўся вакол Яго велізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўвесь натоўп стаяў на беразе каля мора. І навучаў іх многаму ў прыпавесцях, і казаў ім у Сваёй навуцы: «Слухайце. Вось, выйшаў сейбіт на сяўбу. І сталася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго. Другое ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і хутка ўзышло, бо глеба была неглыбокая; і, калі паднялося сонца, звяла, бо не мела карэнняў, і высахла. А іншае ўпала ў церні, і выраслі церні ды заглушылі яго, і не дало яно плода. Яшчэ іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод: узышло, і вырасла, і ўрадзіла: адно трыццаць, другое шэсцьдзясят, трэцяе сто». І казаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае». І, калі Ён застаўся адзін, тыя, што разам з дванаццаццю з Ім былі, пыталіся ў Яго адносна прыпавесцей. І казаў Ён ім: «Вам дадзена ведаць таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія звонку, усё стаецца ў прыпавесцях, хаця тыя, што глядзяць, глядзяць і не бачаць, і тыя, што слухаюць, слухаюць і не разумеюць, і не навяртаюцца, і не атрымліваюць выбачэнне грахоў». І гаворыць ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа ўсе прыпавесці зразумееце? Сейбіт — хто слова сее. А тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць, зараз прыходзіць шатан і вырывае пасеянае ў сэрцах іх слова. А тыя, што на камяністым месцы пасеяны, калі пачуюць слова, прымаюць яго адразу з радасцю, але не маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыдзе прыгнёт або пераслед дзеля слова, зараз жа горшацца. А тыя, што ў цернях пасеяны, слухаюць слова, але клопаты веку гэтага і чары багацця ды прагавітасць да ўсяго іншага навокал, пранікаючы ў іх, заглушаюць слова, і яно не прыносіць плода. А што на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, што слухаюць слова і прымаюць ды прыносяць плод: адзін — трыццаць, другі — шэсцьдзясят, а трэці — сто». І казаў ім: «Ці на тое прыносіцца свечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Няўжо не на тое, каб была пастаўлена на падсвечніку? Бо няма нічога таемнага, каб не было аб’яўлена, ды нічога таемнага, каб не стала вядомым. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае». Далей казаў ім: «Зважайце на тое, што слухаеце! Якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераюць ды дададуць вам, якія слухаеце. Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, дык і тое, што мае, адымуць у яго». І казаў: «Божае Валадарства такое, як быццам чалавек пасеяў насенне ў зямлю. І ці ён спіць, ці ўстае ўночы і днём, а насенне ўзыходзіць і расце, і ён не ведае, калі. Бо зямля сама з сябе родзіць, перш ладыгу, пасля колас, нарэшце поўнае зерне ў коласе. І, калі ўжо паспее плод, зараз гаспадар запускае серп, бо надышло жніво». І казаў: «Да чаго падобна Валадарства Божае? Або якою прыпавесцю выявім гэта? Як гарчычнае зерне, калі пасеяна ў зямлю, ёсць найменшым з усіх зерняў на зямлі; а калі пасеянае ўзыходзіць, становіцца большым ад усіх гароднін і выпускае галіны вялікія, так што нябесныя птушкі могуць хавацца ў яго засені». І ў многіх падобных прыпавесцях Ён прамаўляў ім слова, наколькі маглі яны пачуць, ды без прыпавесцей не прамаўляў ім. А вучням Сваім асобна выясняў усё. Таго ж дня, калі настаў вечар, гаворыць ім: «Пераплывём на другі бераг». Адправіўшы людзей, як Ён быў у лодцы, так і ўзялі Яго; і іншыя лодкі былі з Ім. І ўзняўся вялікі вятруга, ды хвалі пачалі біць у лодку, так што лодку залівала. А Ён спаў на карме на падушцы. І будзяць тады Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе не рупіць, што мы гінем?» І, падняўшыся, прыгразіў ветру ды сказаў мору: «Замоўкні, суцішся!» Дык спыніўся віхор, і стала вялікая ціша. І адазваўся да іх: «Чаму вы такія палахлівыя, што не маеце яшчэ веры?» А яны састрашыліся вялікім страхам ды казалі адзін аднаму: «Хто ж гэта Такі, што вецер і мора Яго слухаюць?»
І перайшлі на другі бок мора, у краіну гадарынаў. І калі выходзіў Ён з лодкі, адразу ж з магіл да Яго выбег чалавек, апанаваны нячыстым духам, які меў жыллё ў магілах, і ніхто не мог яго звязаць нават ланцугамі. Бо яго шмат разоў скоўвалі і кайданамі, і ланцугамі, але рваў ланцугі і разбіваў кайданы, ды ніхто не мог яго ўтаймаваць. І ён заўсёды ўночы і днём у магілах і гарах крычаў ды біў сябе камянямі. І, здалёк бачачы Ісуса, прыбег і пакланіўся Яму, і, крычучы моцным голасам, кажа: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Заклінаю цябе Богам, каб мяне не мучыў». Бо Ён казаў яму: «Выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека». І пытаўся ў яго: «Якое тваё імя?» І кажа Яму: «Маё імя — легіён, бо нас многа». Ды прасіў Яго вельмі, каб не выганяў іх прэч з краіны. А там на гарах пасвіўся вельмі вялікі статак свінняў. І ўсе дэманы прасілі Яго, кажучы: «Пусці нас у свінняў, каб маглі мы ў іх увайсці». Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў свінняў. І амаль двухтысячны статак з вялікім імпэтам з адхону кінуўся ў мора і патануў. Тыя ж, што пасвілі яго, паўцякалі і абвясцілі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася. І прыйшлі да Ісуса, і бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, як ён сядзеў адзеты, пры здаровым розуме; таго, у якім быў легіён, — і спалохаліся. І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з тым, які меў дэмана, і пра свінняў. І пачалі яны прасіць Яго, каб адышоў ад іх межаў. І, калі Ён уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны, каб яму застацца пры Ім. Але Ісус не прыняў яго і гаворыць яму: «Ідзі да твайго дома і да тваіх, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як злітаваўся над табой». І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся. І, калі пераправіўся Ісус у лодцы праз мора, сышоўся да Яго вялікі натоўп, і Ён быў каля мора. І прыйшоў адзін з начальнікаў сінагогі імем Яір, і, убачыўшы Яго, паў да ног Яго, і вельмі прасіў Яго, шмат кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб паздаравела і жыла». І Ісус пайшоў за ім, і велізарны натоўп ішоў за Ім, і націскаў на Яго. І адна жанчына, якая была хворая на крывацечу аж дванаццаць гадоў, якая шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасць патраціла, ды нічога не дабілася, але яшчэ горш чулася, калі пачула пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго адзення, бо яна казала: «Калі толькі дакрануся да Яго адзення, паздаравею». І зараз жа перасох струмень крыві яе і адчула на целе, што паздаравела ад хворасці. І Ісус, адразу адчуўшы, што магутнасць, якая ў Ім была, выйшла з Яго, звярнуўшыся да натоўпу, гаварыў: «Хто дакрануўся да адзення Майго?» Вучні Яго казалі Яму: «Бачыш, як натоўп ціснецца да Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”» Але Ён азіраўся вакол, каб пабачыць тую, якая зрабіла гэта. Жанчына ж, баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падышла, і пала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. І Ісус сказаў ёй: «Дачка! Вера твая выратавала цябе. Ідзі ў супакоі і будзь аздароўлена ад хваробы тваёй». Калі яшчэ Ісус гаварыў, прыходзяць ад начальніка сінагогі, кажучы: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?» Ісус жа, як толькі пачуў сказанае слова, гаворыць начальніку сінагогі: «Не бойся, толькі май веру». І не дазволіў нікому ісці за Ім, адно Пётры, Якубу і Яну, брату Якуба. І прыходзяць у дом начальніка сінагогі, і бачаць роспач, і плач, і галашэнне вялікае. І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму сумуеце і плачаце? Дзяўчынка не памерла, але спіць». І смяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ з Сабой бацьку і маці дзяўчынкі і тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка. І, узяўшы за руку дзяўчынку, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!» І зараз жа ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а было ёй дванаццаць гадоў. І ўсе дзівіліся з дзіва вялікага. І наказаў ім сурова, каб ніхто аб гэтым не ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есці.
І, выйшаўшы адтуль, Ісус прышоў у Сваю бацькаўшчыну; вучні Яго ішлі за Ім. І, калі прыйшла субота, пачаў вучыць у сінагозе. І многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: «Скуль жа гэта ўсё ў Яго? І што гэта за мудрасць, дадзеная Яму, ды цуды такія, што дзейнічаюць праз Яго рукі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, ці не брат Якуба і Язэта, Юды і Сімона? Ці ж і Яго сёстры не тут з намі?» І горшыліся з Яго. І гаварыў ім Ісус: «Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, ды ў сваіх родных, ды ў доме сваім». І не мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькі хворых аздаравіў, усклаўшы рукі на іх. І дзівіўся з іх недаверства. І хадзіў па ваколічных вёсках, навучаючы. І паклікаў дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даваў ім уладу над нячыстымі духамі, і загадаў ім, каб не бралі нічога ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку, каб толькі ў пасталы абуваліся і не апраналі дзвюх вопратак. Ды казаў ім: «Дзе зойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не сыдзеце адтуль. А калі ў якім месцы вас не прымуць і не будуць слухаць, выходзячы, абтрасіце пыл з вашых ног на сведчанне ім. Сапраўды, кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суда, чым гораду гэтаму.» І яны, выйшаўшы, прапаведавалі і заклікалі да навяртання, ды многа дэманаў выганялі, і многіх нямоглых намашчалі алеем і аздараўлялі. І дачуўся цар Ірад, бо імя Яго сталася вядомым. І сказаў: «Ян Хрысціцель уваскрос з мёртвых, і таму многа цудаў ён творыць». Другія ж казалі: «Гэта Ілля». Яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў». Пачуўшы гэта, Ірад гаварыў: «Гэта Ян, якому я адсёк галаву, ён уваскрос з мёртвых». Бо сам Ірад паслаў і схапіў Яна, і звязаў яго ў вязніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго, бо ўзяў яе за жонку. Бо Ян казаў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго». А Ірадыяда злавалася на яго і хацела яго забіць, але не магла, бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і вартаваў яго ды шмат дзівіўся, слухаючы яго, і ахвотна яго слухаў. І надышоў зручны дзень, і калі з нагоды свайго нараджэння Ірад справіў баль для князёў сваіх, трыбунаў і старэйшын галілейскіх, і калі дачка самой Ірадыяды з’явілася і скакала, то спадабалася Іраду і тым, што разам узлягалі. І гаворыць цар дзяўчыне: «Прасі мяне, што хочаш, і я дам табе». І прысягнуў ёй моцна: «Пра што будзеш прасіць, дам табе, хоць бы да паловы царства майго». Яна ж, як выйшла, сказала маці сваёй: «Чаго мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысціцеля». І калі яна адразу таропка ўвайшла да цара, то папрасіла, кажучы: «Хачу, каб зараз даў ты мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля». І засмуткаваў цар, але дзеля прысягі ды дзеля ўзлягаўшых з ім не захацеў ёй адмаўляць, і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці галаву яго. І кат пайшоў, і адсёк галаву яму ў вязніцы, і прынёс галаву яго на блюдзе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці. Пачуўшы пра гэта, вучні яго прыйшлі, і забралі цела яго, і паклалі яго ў магіле. І, сышоўшыся да Ісуса, Апосталы паведамілі Яму пра ўсё, што рабілі і чаму вучылі. І Ён гаворыць ім: «Ідзіце вы адны ў пустыннае месца ды адпачніце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесці не мелі часу. І яны ў лодцы адплылі на бязлюднае месца адны. Але многія бачылі іх, як адплывалі, і пазналі куды, і збегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зышліся да Яго. І, выйшаўшы на бераг, Ісус убачыў вялікі натоўп людзей, і пашкадаваў іх, бо былі, як авечкі, што не маюць пастыра, і пачаў іх вучыць многа. І, калі мінула шмат часу, прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Тут пустыннае месца, а час ужо позні, адпусці іх, каб пайшлі да бліжэйшых сёлаў і вёсак ды купілі хлеба, бо не маюць чаго есці». Адказваючы, гаворыць ім Ісус: «Вы дайце ім есці». Яны кажуць: «Няўжо маем ісці, і купіць за дзвесце дынараў хлеба, і даць ім есці?» І кажа Ён ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» І, калі праверылі, кажуць: «Пяць і дзве рыбы». Дык загадаў ім, каб пасадзілі ўсіх на зялёнай траве гуртамі. І паселі, гурт за гуртам, па сто і па пяцьдзясят. І Ісус, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуў у неба, дабраславіў, і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб падавалі людзям. І дзве рыбы раздзяліў на ўсіх. І ўсе елі, і насыціліся, і з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў і рэшткі рыбы. А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын. І зараз змусіў Ён вучняў Сваіх сесці ў лодку, каб яны выправіліся ўперад на другі бок ў Бэтсайду, пакуль Ён адпусціць людзей. І, адпусціўшы іх, Сам пайшоў на гару маліцца. І, калі звечарэла, лодка была на сярэдзіне мора, Ён жа адзін на зямлі. І, бачачы іх, як страцілі сілы, бо дзьмуў супраціўны ім вецер, каля чацвёртай начной варты прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх. Але яны, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі. Бо ўсе бачылі Яго і ўстрывожыліся. Ён зараз жа загаварыў з імі ды кажа ім: «Супакойцеся, гэта Я, не бойцеся!» І ўвайшоў у лодку да іх, і вецер сціх. Ды тым болей яны дзівіліся ў сабе, бо нічога не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іх зачарсцвела. І, калі даплылі да зямлі, дасягнулі Генезарэта, і прысталі да берага. І, ледзь выйшлі яны з лодкі, адразу пазналі Яго людзі, і, разбегшыся па ўсёй той ваколіцы, пачалі на лежаках зносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён. І, калі ўваходзіў у селішча, або горад, або вёску, клалі перад Ім хворых на вуліцах і прасілі Яго, каб хоць да краю Яго адзення дакрануцца, і, колькі з іх дакраналіся да Яго, аздараўляліся.
І сышліся да Яго фарысеі ды некаторыя кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма. І, калі заўважылі, што некаторыя з вучняў Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць нямытымі, рукамі, — дакаралі. Бо фарысеі і ўсе юдэі не ядуць, калі не памыюць старанна рук, захоўваючы традыцыю дзядоў; таксама не ядуць, прыйшоўшы з рынку, пакуль не абмыюцца; па-за гэтым традыцыя іх загадвае трымацца многіх іншых рэчаў: мыць чары і збаны, і посуд медны, і лавы, — то пыталіся Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцый старэйшын, але ядуць хлеб нямытымі рукамі?» А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, праракаваў Ісая, як напісана: “Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад Мяне. Дарэмна, аднак, славяць Мяне, выкладаючы вучэнне пастаноў чалавечых”. І, аставіўшы прыказанне Божае, захоўваеце традыцыі чалавечыя: мыццё чараў і кубкаў, ды робіце шмат іншага, падобнага да гэтага». І гаварыў ім: «Ці добра, што вы касуеце прыказанне Божае і захоўваеце вашу традыцыю? Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю”, ды: “Хто зняважыць бацьку або маці — хай будзе смерцю пакараны”. А вы кажаце: “Калі б чалавек сказаў бацьку або маці: “Корбан, значыць дар, тое, у чым табе ад мяне была б карысць”, і ўжо дазваляеце нічога яму больш не рабіць для бацькі свайго або маці, перакручваючы Слова Божае праз традыцыю вашу, якую перадаяце далей, ды многа падобнага робіце». І, паклікаўшы зноў людзей, казаў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце. Па-за чалавекам няма нічога, што, у яго ўваходзячы, магло б яго апаганіць, але ад чалавека выходзіць тое, што яго апаганьвае. Калі хто мае вушы, каб пачуць, хай чуе!» І, калі Ісус увайшоў у дом ад народа, пыталіся вучні Яго пра сэнс гэтай прыпавесці. І гаворыць ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, не можа яго апаганіць, бо тое ўваходзіць не ў сэрца, але ў жывот і выкідаецца вон, ачышчаючы ўсякую ежу». І казаў далей: «А што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека. Бо з нутра, з сэрца чалавека выходзяць благія думкі, распуснасць, зладзействы, забойствы, чужаложства, хцівасць, нягоднасць, зайздрасць, бессаромнасць, ліхое вока, блюзненні, пыха, глупства. Усё гэта ліха з нутра выходзіць ды паганіць чалавека». І, устаўшы, выйшаў Ён адтуль у межы Тыра і Сідона. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто аб гэтым не ведаў, і схавацца не змог. Бо адна жанчына, у якой дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб Ім, увайшла ў дом і пала Яму да ног. А жанчына гэтая была з грэкаў, родам з Сірафэніцыі. Яна прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі яе. Ісус казаў ёй: «Дазволь перш насыціцца сынам, бо нядобра забіраць хлеб ад сыноў і кідаць яго сабакам». А яна адказвае Яму і кажа: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей». І сказаў ёй: «Дзеля такога адказу ідзі: дэман выйшаў з дачкі тваёй». І, калі яна прыйшла дамоў, знайшла, што дачка ляжыць на ложку і дэман выйшаў. І, зноў пакінуўшы межы Тыра і Сідона, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля. І прыводзяць да Яго глухога і нямога, каб Ён усклаў на яго руку. І, адвёўшы яго з Сабою ўбок, далей ад народа, уклаў Ісус пальцы Свае ў яго вушы ды Сваёй слінай дакрануўся да языка яго. І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў і гаворыць: «Эфэта», што значыць: «Адкрыйся». І зараз жа адчыніліся вушы яго ды развязаліся путы языка яго, і пачаў добра гаварыць. І загадаў ім, каб нікому не казалі, але чым болей Ён забараняў, тым больш яны абвяшчалі. І тым больш яны дзівіліся, кажучы: «Усё добра робіць, і каб глухія чулі, робіць, і каб нямыя гаварылі».
У тыя дні, калі зноў сабраўся вялікі натоўп і не меў чаго есці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, гаворыць ім: «Шкада мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні тоўпяцца пры Мне, ды не маюць чаго есці. Калі іх галодных адпраўлю дамоў, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк». І адказалі Яму вучні Яго: «Скуль зможа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?» І пытаўся Ён у іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны адказалі: «Сем». І загадаў людзям сесці на зямлі, і, узяўшы сем хлябоў і падзяку складаючы, паламаў і даў вучням Сваім, каб раздалі людзям. І яны раздалі народу. І мелі крыху рыб. І іх дабраславіў, і загадаў, каб таксама падалі людзям. І елі, і насыціліся, і сабралі таго, што засталося, сем корабаў кавалкаў. Было ж тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусціў іх. І, адразу сеўшы са Сваімі вучнямі ў лодку, прыйшоў у межы Далмануты. І фарысеі выйшлі, і пачалі з Ім спрачацца, і, выпрабоўваючы Яго, дамагаліся ў Яго знака з неба. І Ісус, уздыхнуўшы ў Духу Сваім, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленне патрабуе знака? Сапраўды кажу вам: знак не будзе дадзены пакаленню гэтаму». Ды, пакінуўшы іх і зноў увайшоўшы ў лодку, пераправіўся праз мора. І забыліся ўзяць хлеб, і мелі з сабою ў лодцы толькі адзін бохан. І Ён загадаў ім, кажучы: «Глядзіце, сцеражыцеся кіслі фарысейскай ды кіслі Ірадавай». І яны разважалі між сабой, кажучы, што не маюць хлябоў. Ісус, разумеючы гэта, гаворыць ім: «Чаму бядуеце, што не маеце хлеба? Дасюль не ўцяміце і не зразумееце? Яшчэ акамянела сэрца ваша? Няўжо, маючы вочы, не бачыце ды, маючы вушы, не чуеце? І не памятаеце, як Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч, колькі вы сабралі поўных кашоў кавалкаў?» Кажуць Яму: «Дванаццаць». «А калі тыя сем на чатыры тысячы, дык колькі тады сабралі корабаў кавалкаў?» Кажуць Яму: «Сем». І казаў ім: «Дык яшчэ не разумееце?» І прыходзіць у Бэтсайду. І прыводзяць да Яго сляпога, ды просяць, каб дакрануўся да яго. Дык, узяўшы сляпога за руку, завёў яго за вёску і, плюнуўшы на вочы яму і ўсклаўшы Свае рукі на яго, спытаўся ў яго: «Бачыш што-небудзь?» А той, гледзячы, казаў: «Бачу людзей, што як дрэвы. Бачу, ходзяць». І затым зноў усклаў рукі на вочы яго, аздаравіў яго зрок, і той стаў ясна ўсё бачыць. І адправіў яго ў дом яго, кажучы: «Вярніся ў дом свой і не заходзь у вёску, не расказвай нікому». І направіўся Ісус з вучнямі Сваімі ў межы Цэзарэі Піліпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Што кажуць людзі: Хто Я ёсць?» Яны адказалі Яму, кажучы: «Адны — што Ян Хрысціцель, другія — што Ілля, а яшчэ іншыя — што адзін з прарокаў». Тады пытаўся Ён у іх: «А вы за каго Мяне лічыце?» Адказваючы, гаворыць Яму Пётра: «Ты — Хрыстос!» І забараніў ім, каб нікому аб Ім не гаварылі. І пачаў іх вучыць: «Сыну Чалавечаму трэба многа цярпець, і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым ды па трох днях уваскрэснуць». І прамаўляў пра гэта адкрыта. І Пётра, адвёўшы Яго, пачаў папракаць Яго. Ісус жа, азірнуўшыся і глянуўшы на Сваіх вучняў, забараніў Пётры і кажа: «Адыдзі ад Мяне, шатан, бо не разумееш, што Божае, але што чалавечае». І, склікаўшы людзей разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, хай зрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, ды ідзе за Мною. Бо хто хацеў бы ўратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Евангелля, той уратуе яе. Бо што за карысць чалавеку, калі ўвесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць? І што дасць чалавек у выкуп за душу сваю? Бо хто пасаромеецца Мяне і слоў Маіх перад гэтым распусным і грэшным пакаленнем, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі святымі».
І казаў ім: «Сапраўды кажу вам: некаторыя, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, перш чым не ўбачаць, як Валадарства Божае прыйшло ў магутнасці». І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пётру, і Якуба, і Яна і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. Адзенне Яго заззяла і стала белым, як снег, як на зямлі бялільшчык выбеліць не зможа. І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гаварылі з Ісусам. І, кажучы, гаворыць Пётра Ісусу: «Рабі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Іллі адну». Бо сам не ведаў, што гаворыць, бо надта былі спалоханы. І з’явілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!» І яны, зараз жа паглядзеўшы навокал, апрача Ісуса, нікога больш не ўбачылі каля сябе. І, калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім Ён, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што гэта значыць: «уваскрэснуць з мёртвых». Дык пыталі Ісуса: «Чаму гэта кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Ілля?» А Ён гаворыць ім: «Ілля, калі прыйдзе перш, направіць усё; і, як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець, і будзе пагарджаны. Але Я вам кажу: і Ілля прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана». І, вяртаючыся да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, што спрачаліся з імі. І адразу, ўбачыўшы Ісуса, увесь народ здзівіўся і, падбягаючы, вітаў Яго. І спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся між сабой?» І нехта з натоўпу адказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога. І ён, дзе толькі наваліцца на яго, кідае яго, так што пеніцца ён і скрыгоча зубамі свімі ды пруцянее. Дык прасіў я вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не змаглі». Ён жа, адказваючы ім, кажа: «О род няверны, як доўга буду Я між вамі? Як доўга буду вас цярпець? Прывядзіце яго да Мяне». І прывялі яго да Яго. І калі ўбачыў Яго, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену. І запытаўся ў бацькі: «Як даўно яму гэта прычынілася?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства; і часта кідаў яго нават у агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі што можаш, ратуй нас, злітуйся над намі». А Ісус гаворыць яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць». Адразу бацька хлопчыка, плачучы, гаварыў уголас: «Веру, Госпадзе, дапамажы майму недавер’ю». І, калі Ісус убачыў, што збягаецца натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Дух глухі і нямы! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго». І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі: «Ён памёр». Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў. І, калі Ён увайшоў у дом, вучні Яго ўжо адзін на адзін пыталіся ў Яго: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?» І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, акрамя як праз [пост і] малітву». І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто пра гэта ведаў. Бо навучаў вучняў Сваіх і казаў ім: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, але, забіты, Ён на трэці дзень ўваскрэсне». Ды яны слоў гэтых не разумелі і баяліся Яго пытацца. І прыбылі ў Кафарнаўм. І, калі былі ў доме, спытаў Ён іх: «Аб чым вы ў дарозе разважалі між сабою?» Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся між сабой, хто з іх большы. І Ісус, сеўшы, паклікаў дванаццаць, і гаворыць ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх паслугачом». І, узяўшы дзіця, паставіў яго між імі, і прытуліў яго, і сказаў ім: «Калі хто ў імя Маё прыме адно з такіх дзяцей, Мяне прымае, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто Мяне паслаў». Сказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, які не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць за намі». Ісус жа гаворыць: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды ў імя Маё, не можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне. Бо хто не супраць вас, той за вас. Бо хто падасць вам кубак вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовы, сапраўды кажу вам: не страціць узнагароды сваёй. А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі жоран млынавы на шыю яго і кінулі ў мора. І, калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае. І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе кульгаваму ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве нагі, быць укінутым у агонь незгасальны, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае. І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсці ў Валадарства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла, дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае. Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра соллю пасоліцца. Соль добрая, а калі соль звятрэе, дык чым яе прысаліць? Майце ў сабе соль і мірна жывіце між сабою».
І, выходзячы адтуль, Ісус прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам, і зноў сабралася да Яго многа людзей, і Ён, як звычайна, навучаў іх зноў. І, падышоўшы, фарысеі пыталіся ў Яго, выпрабоўваючы: «Ці дазваляецца мужу пакідаць жонку?» Ісус, адказваючы, сказаў ім: «А што вам загадаў Майсей?» Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе». Ісус жа гаворыць ім: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага даў ён вам такі загад. Але на пачатку стварэння мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, ды злучыцца з жонкаю сваёю, ды будуць двое адным целам; значыць іх ужо не двое, але адно цела. Што вось Бог злучыў, хай чалавек не разлучае». І дома зноў пра тое самае пыталіся ў Яго вучні. І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і возьме іншую, той чужаложыць супроць яе. І, калі жонка пакіне мужа свайго ды пойдзе за іншага, — чужаложыць». І прыносілі дзяцей да Яго, каб да іх дакрануўся. А вучні забаранялі ім. Бачачы гэта, Ісус абурыўся і кажа ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне ды не забараняйце ім, бо такіх ёсць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: калі хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, не ўвойдзе ў яго». І, прытуліўшы іх да Сябе, усклаў на іх рукі і дабраславіў іх. Калі Ён выходзіў у дарогу, прыбегшы, нехта ўпаў перад Ім на калені і пытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што маю рабіць, каб наследаваць жыццё вечнае?» Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог. Прыказанні ведаеш: не забівай, не чужалож, не крадзі, не гавары фальшывага сведчання, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці». А ён сказаў Яму: «Настаўнік, я гэта ўсё захоўваў ад маленства свайго». Ісус жа, глянуўшы на яго, узлюбіў яго ды сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе, а тады прыходзь, узяўшы крыж, і ідзі за Мною». Той, засмучаны гэтым словам, адышоўся сумны, бо меў вялікую маёмасць. І Ісус, паглядзеўшы вакол, гаворыць Сваім вучням: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае». Вучні ж дзівіліся са слоў Яго. Але Ісус зноў, адказваючы, гаворыць ім: «Сынове, як цяжка тым, хто ўскладае надзею на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае». А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: «Дык хто можа быць збаўлены?» Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога: у Бога ўсё магчыма». Дык Пётра пачаў казаць Яму: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой». Гаворыць Ісус у адказ: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сясцёр, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля, каб ён не атрымаў цяпер, у гэты час, сярод пераследаванняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сясцёр, і мацярок, і сыноў, і палёў, а ў будучым веку — жыццё вечнае. І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі». І былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерузалім, і Ісус ішоў перад імі, а яны, за Ім ідучы, дзівіліся і баяліся. І паклікаў зноў дванаццаць ды пачаў казаць, што адбудзецца з Ім: «Вось жа, уваходзім у Ерузалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць паганам, і будуць з Яго здзекавацца і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне». І падышлі да Ісуса Якуб і Ян, сыны Зебядзеевы, кажучы: «Настаўнік, хочам, каб зрабіў нам, пра што будзем прасіць Цябе». Ён жа спытаўся ў іх: «Што хочаце, каб Я вам зрабіў?» Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб сядзець ад Цябе аднаму праваруч, а другому — леваруч у славе Тваёй». Ісус жа гаворыць ім: «Не ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысціцца хростам, якім Я хрышчуся?» Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус гаворыць ім: «З келіха, з якога Я п’ю, будзеце піць, ды хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны. Але сядзець праваруч ад Мяне або леваруч не Мне даваць вам, але Кім прыгатавана». Чуючы ж гэта, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна. І, паклікаўшы іх, Ісус кажа: «Ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іх маюць уладу над імі. Не так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы быць сярод вас большым, хай будзе вашым паслугачом. І хто хацеў бы ў вас быць першым, хай будзе паслугачом усіх. Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму паслугавалі, але каб паслугаваць і даць душу Сваю на адкупленне многіх». І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхона разам з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе і жабраваў. Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, пачаў крычаць і прасіць: «Ісус, Сын Давіда, злітуйся нада мной!» І сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: «Сын Давіда, злітуйся нада мной!» І Ісус, спыніўшыся, сказаў яго паклікаць. Дык паклікалі сляпога і сказалі яму: «Адважней, уставай, кліча цябе!» Ён, скінуўшы плашч свой, падняўся і прыйшоў да Ісуса. І, звяртаючыся да яго, Ісус сказаў: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сляпы адказаў Яму: «Рабоні, каб мне бачыць». І Ісус гаворыць яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І зараз жа стаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.
І калі наблізіліся яны да Ерузаліма, да Бэтфагэ і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ісус пасылае двух з вучняў Сваіх і гаворыць ім: «Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асляня прывязанае, на якім яшчэ ніхто з людзей не ездзіў. Адвяжыце яго і прывядзіце. І калі б вас хто спытаўся: “Што вы робіце?”, скажыце: “Госпад яго патрабуе”, і адразу ж адашле яго сюды». Пайшлі тады і знайшлі асляня пры варотах звонку, на скрыжаванні, і адвязалі яго. Некаторыя з там стаяўшых казалі ім: «Што робіце? Чаму адвязваеце асляня?» А яны адказалі ім, як сказаў Ісус; і адпусцілі іх. І прывялі асляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзенне сваё; і Ён сеў на яго. І многія клалі на дарозе сваё адзенне, а іншыя вецце, якое рэзалі з дрэваў, кідалі на дарогу. І тыя, што ішлі наперадзе і што ішлі за Ім, крычалі: «Гасана! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада! Дабраславёна Валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць у імя Госпада! Гасана на вышынях!» І ўвайшоў Ісус у Ерузалім і у святыню; і, агледзеўшы ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з дванаццаццю выйшаў у Бэтанію. І назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, адчуў голад. І, калі здалёк убачыў дрэва фігавае, пакрытае лістотаю, падышоў, ці не знойдзе што на ім. І, калі падышоў да дрэва, нічога, акрамя лістоты, не знайшоў, бо не была пара на фігі. І, звяртаючыся да дрэва, сказаў: «Няхай ужо ніколі не есць з цябе ніхто пладоў». І чулі гэта вучні Яго. І прыходзіць у Ерузалім. Ісус, калі ўвайшоў у святыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у святыні, і сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў. Ды не дазволіў, каб якую рэч пераносілі праз святыню. І навучаў іх, кажучы: «Няўжо не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў». Пачуўшы гэта, першасвятары і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, паколькі ўсе людзі захапляліся Яго навукаю. А калі звечарэла, выйшлі з горада. І, калі праходзілі раніцай, убачылі дрэва фігавае ссохлым ад карэнняў. Ды, прыпомніўшы, Пётра кажа Яму: «Рабі, вось, фігавае дрэва, што Ты пракляў, ссохла». І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Майце веру Божую! Сапраўды кажу вам: каб хто сказаў гэтай гары: “Падыміся і кінься ў мора”, і не сумняваўся ў сэрцы сваім, але верыў, што станецца, як скажа, станецца яму. Таму кажу вам: усё, пра што ў малітве просіце, верце, што атрымаеце, і будзе вам. І калі становіцеся маліцца, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашы. Калі ж вы не даруеце, то і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых І зноў прыходзяць у Ерузалім. І калі Ісус хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны і казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?» А Ісус гаворыць ім: «І Я ў вас запытаюся адно слова, адкажыце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладай Я гэта раблю. Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне». Яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, Ён скажа нам: “Дык чаму тады не паверылі яму?”» А калі сказаць: “Ад людзей”, баяліся народа, бо ўсе лічылі Яна за праўдзівага прарока. І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Не ведаем». А Ісус гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю».
І пачаў Ісус прамаўляць да іх у прыпавесцях: «Чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і аддаліўся. У свой час паслаў ён паслугача да вінаградараў, каб атрымаць пладоў з вінаградніку. Яны ж, схапіўшы яго, збілі ды адправілі з пустым. І зноў выправіў да іх іншага паслугача, а яны і таму, пабіўшы каменнямі, разбілі галаву і зняважылі. І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых: адных пакалечылі, другіх пазабівалі. Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбёнага сына, паслаў яго ўрэшце, кажучы: “Ушануюць сына майго”. Але тыя вінаградары гаварылі між сабой: “Ён — спадкаемец! Пойдзем, заб’ем яго — і нашаю будзе спадчына”. Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку. Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і заб’е вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым. Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”»? І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыпавесць. Дык, пакінуўшы Яго, адышлі. І паслалі да Яго некаторых з фарысеяў і ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў слове. Вось, яны, падышоўшы, спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарозе Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?» А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, гаворыць ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць». Дык прынеслі Яму дынар. І кажа ім: «Чый гэта адмалюнак і надпіс?» Кажуць Яму: «Цэзара». Дык сказаў ім Ісус: «Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу». І дзівіліся з Яго. І прыходзяць да Ісуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы: «Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ чыйсьці брат і пакіне жонку, не маючы сына, дык хай яго брат возьме яе за жонку і створыць нашчадка брату свайму”. Было сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы нашчадка. І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы нашчадка. Падобна і трэці. Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі нашчадка. Пасля ўсіх памерла і жанчына. Дык пры ўваскрэсенні, калі ўваскрэснуць, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку». Гаворыць ім Ісус: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце ні Пісання, ані магутнасці Божай? Бо калі ўстануць з мёртвых, дык не будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы ў нябёсах. Пра мёртвых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог сказаў яму пры кусце, гаворачы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”? Бог не ёсць мёртвых, але Бог жывых! Дык вы моцна памыляецеся». І адзін кніжнік, які чуў іх, як яны спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Ісус адказаў, падышоў да Ісуса і спытаўся ў Яго: «Каторае прыказанне з усіх першае?» Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказанняў такое: “Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш, — Госпад адзіны. Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі тваімі”. Другое, падобнае да яго: “Любі блізкага свайго як самога сябе”. Большага за гэтыя прыказанні няма». І гаворыць Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што Бог адзіны, ды няма іншага, апрача Яго, і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, усёю душою ды ўсімі сіламі, ды любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш, чым усе цэласпаленні і ахвяры». Ісус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца. І, навучаючы ў святыні, Ісус, адказваючы, казаў: «Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда? Сам жа Давід сказаў праз Духа Святога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”. Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — Сын яго?» І велізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго. І ў Сваёй навуцы казаў Ісус: «Сцеражыцеся кніжнікаў, якія ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку, і першыя лаўкі ў сінагогах ды першыя месцы на банкетах, якія аб’ядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд». І, сеўшы насупраць скарбонкі, Ісус глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра. І калі прыйшла адна ўбогая ўдава, то кінула дзве лепты, значыць квадрант. І, паклікаўшы Сваіх вучняў, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі з таго, што было ў іх у дастатку, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманне».
І, калі Ён выходзіў са святыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Яго: «Настаўнік, глянь, што за камяні ды якія пабудовы!» А Ісус гаворыць яму: «Бачыш усе гэтыя велізарныя будоўлі? Не застанецца з іх каменя на камені, які б не быў развалены». І, калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць святыні, пыталіся Яго асобна Пётра, і Якуб, і Ян, і Андрэй: «Скажы нам, калі гэта станецца, і што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?» І Ісус пачаў ім казаць: «Глядзіце, каб вас хто не звёў. Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта Я”, і яны многіх звядуць. А калі пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны, не трывожцеся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец. Бо падымецца народ на народ ды царства на царства, ды будуць месцамі землятрусы і голад, і смуты. Гэта пачатак пакут. Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і біць у сінагогах, і будзеце стаяць перад намеснікамі і царамі на сведчанне ім дзеля Мяне. І трэба, каб перш было абвешчана Евангелле ўсім народам. І, калі павядуць вас выдаваць, не турбуйцеся загадзя, што вам казаць, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое скажаце, бо не вы будзеце гаварыць, але Дух Святы. І будзе выдаваць на смерць брат брата і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў ды будуць забіваць іх. І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. Дык калі ўбачыце агіду спусташэння, пра што казаў прарок Даніэль, якая паўстала там, дзе не мела быць, — хто чытае, хай разумее, — тады тыя, якія ў Юдэі, хай уцякаюць у горы, а хто на даху, хай не сыходзіць у дом ды хай не ідзе, каб што ўзяць з дома свайго, і хто на полі, хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю. Гора будзе цяжарным ды тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні. Дзеля таго маліцеся, каб не сталіся ваші ўцёкі зімою. Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад заснавання свету, які Бог стварыў, аж дасюль, і не будзе. І, калі б Госпад не скараціў тых дзён, не ўратавалася б аніякае цела; але скараціў гэтыя дні дзеля абраных, якіх Ён абраў. І, калі б хто вам тады сказаў: “Вось, тут Хрыстос або, вось, там”, — не верце. Бо з’явяцца фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і будуць даваць знакі ды цуды, каб звесці, калі гэта магчыма, нават абраных. Дык вы сцеражыцеся: на тое Я вам усё прадказаў. А ў тыя дні, па тузе той зацемрыцца сонца, ды месяц не дасць святла свайго, і зоркі нябесныя падаць будуць, ды сілы, што на небе, пахіснуцца. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю і славаю. І тады пашле анёлаў Сваіх, і збярэ з чатырох вятроў; ад краю зямлі да краю неба абраных Сваіх. З фігавага дрэва бярыце прыклад. Калі яго галінка лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што ўжо блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, аж гэта ўсё станецца. Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. А дня таго і хвіліны ніхто не ведае; ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец. Глядзіце, чувайце і маліцеся, бо не ведаеце, калі гэты час надыдзе. Будзе, як з чалавекам, які выехаў у дарогу і пакінуў свой дом, і даў уладу сваім паслугачам, кожнаму свой абавязак, а прыдзвернаму, каб той чуваў. Дык чувайце, бо не ведаеце, калі гаспадар дома вернецца: вечарам, ці апоўначы, ці калі певень запяе, ці раніцай, каб, калі вернецца неспадзявана, не застаў вас спячымі. А што вам кажу, усім кажу: чувайце!»
Да Пасхі і свята праснакоў заставалася два дні. Дык першасвятары і кніжнікі шукалі, як Ісуса схапіць хітрасцю і забіць. Казалі аднак: «Толькі не ў святочны дзень, каб не дайшло да замяшання ў народзе». І, калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага, і ўзлягаў за сталом, прыйшла жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку нардавага, і, разбіўшы алябастр, выліла Ісусу на галаву. А некаторыя з прысутных абураліся ў сабе і казалі: «Нашто было марнаваць гэты алеек? Можна было гэты алеек прадаць даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе. А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Чаму робіце ёй прыкрасць? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне. Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе і, калі захочаце, зможаце ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце. Яна, што мела, зрабіла: алейкам цела Маё прыгатавала на пахаванне. Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе прапаведана гэта Евангелле ва ўсім свеце, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе». А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім. Яны, пачуўшы, вельмі ўзрадаваліся і абяцалі яму, што дадуць яму грошы. Ён жа шукаў, як Яго ў прыдатны час выдаць. У першы дзень праснакоў, калі прыносіцца ў ахвяру Пасха, кажуць Яму вучні Яго: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці Пасху?» І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: «Ідзіце ў горад, і спаткае вас чалавек, які будзе несці збан вады; ідзіце за ім. І, куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: “Настаўнік кажа: “Дзе пакой мой, дзе б разам з Маімі вучнямі мог бы з’есці Пасху?” Ён вам пакажа вялікую святліцу усланую, прыбраную; вось, там прыгатуйце месца нам». Дык адправіліся вучні Яго ў горад ды знайшлі, як ім сказаў, і прыгатавалі Пасху. І, калі настаў вечар, прыходзіць туды з дванаццаццю. І, калі ўзлеглі і елі, гаворыць Ісус: «Сапраўды кажу вам: адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне». Яны пачалі засмучацца і адзін за адным сталі гаварыць Яму: «Ці гэта не я?» І зноў: «Ці гэта не я?» Ён гаворыць ім: «Адзін з дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе. Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як аб Ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б яму, каб той чалавек не быў народжаны». І, калі яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў ім, і гаворыць: «Бярыце, ежце: гэта ёсць Цела Маё». І, узяўшы келіх, падзяку складаючы, даў ім; і пілі з яго ўсе. І гаворыць ім: «Гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам: “Не буду піць ужо з гэтага плода вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае ў Валадарстве Божым”». І, засьпяваўшы гімн, узняліся на гару Аліўную. І гаворыць ім Ісус: «Вы ўсе згоршыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, як напісана: “Удару пастыра, і разбягуцца авечкі”, але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею». А Пётра кажа Яму: «Хоць бы ўсе згоршыліся, але я — не». І гаворыць яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы певень прапяе, тройчы зрачэшся Мяне». Але ён тым мацней сцвярджаў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не зракуся». Падобна і ўсе казалі. І прыходзяць у сяло, якое завецца Гетсэмань, і гаворыць Ён вучням Сваім: «Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся». І бярэ з сабою Пётру, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць. І кажа ім: «Сумная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце». І, крыху адышоўшы, Ён упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна. І казаў: «Абба, Ойча! Табе ўсё магчыма, пранясі міма Мяне гэты келіх; але не як Я хачу, але як Ты!» І прыходзіць да іх, і знаходзіць іх спячых. Дык гаворыць Пётры: «Сімоне, ты спіш? Не змог ты хоць гадзіну патрываць? Чувайце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: бо дух бадзёры, а цела нямоглае». І, адышоўшы, зноў маліўся тымі самымі словамі. І вярнуўшыся зноў, знайшоў, што яны спяць, бо вочы іх былі ацяжэлыя, і не ведалі, што Яму адказаць. Ды трэці раз прыходзіць і гаворыць ім: «Спіце ўжо і адпачываеце? Даволі! Надышла гадзіна: вось жа, Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Падыміцеся, пойдзем, вось, ужо блізка той, хто Мяне выдае». І, калі Ісус яшчэ гаварыў, хутка падышоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мечамі і палкамі ад першасвятароў і кніжнікаў ды старэйшын. Здраднік жа Яго даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго і вядзіце асцярожна». І, калі падышоў, зараз жа прыступіўся да Ісуса і гаворыць: «Рабі! Рабі!», і пацалаваў Яго. Яны ж наваліліся на Яго і схапілі Яго. А адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы меч, ударыў паслугача першасвятара і адсёк яму вуха. І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Як на разбойніка выйшлі з мечамі і палкамі, каб схапіць Мяне. Штодзень быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не ўзялі Мяне, але няхай здзейсняцца Пісанні». І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі. І адзін юнак, адзеты толькі посцілкай па клубах, ішоў за Ім, і яго схапілі, але ён выкруціўся з посцілкі і голы ўцёк ад іх. І прывялі Ісуса да першасвятара, і сабраліся да яго ўсе першасвятары, старэйшыны і кніжнікі. Пётра ж здалёку ішоў за Ім, аж увайшлі ў сярэдзіну панадворка першасвятара, і потым сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні. А першасвятары ды ўся рада шукалі сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць, але не знаходзілі. Бо многія фальшыва сведчылі супраць Яго, але іх сведчанні не сыходзіліся. І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сведчылі супраць Яго, кажучы: «Мы чулі, як Ён казаў: “Я развалю гэтую святыню, пабудаваную рукамі, а праз тры дні збудую іншую, якая будзе нерукатворнай”». Але і іх сведчанні не сыходзіліся. І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса: «Чаму нічога не адказваеш на тое, у чым яны Цябе абвінавачваюць?» Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Тады першасвятар спытаўся Яго, кажучы Яму: «Ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?» Ісус сказаў яму: «Я ёсць, і вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч Магутнасці ды прыходзіць на аблоках нябесных». І першасвятар, раздзіраючы шаты свае, гаворыць: «Нашто патрэбны нам яшчэ сведкі? Вы чулі блюзненне; што вы думаеце?» І яны ўсе прысудзілі, што Ён варты смерці. І некаторыя пачалі на Яго пляваць і, засланіўшы твар Яго, біць Яго кулакамі, крычучы на Яго: «Праракуй!» І паслугачы давалі Яму поўхі. І калі Пётра быў на панадворку, на нізе, прыходзіць адна са служак першасвятара і, убачыўшы Пётру, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэта». Але ён запярэчыў, кажучы: «Ані я не ведаю, ані разумею, пра што ты гаворыш». І выйшаў вонкі ў прысенак, і запяяў певень. І служка, калі ўбачыла яго, пачала зноў казаць тым, што навокал: «Гэта адзін з іх». А ён ізноў адрокся. І неўзабаве тыя, што там стаялі, кажуць Пётры: «Ты сапраўды з іх, бо ты — з Галілеі, і гутарка твая падобная». А ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю Гэтага Чалавека, аб Якім кажаце». І адразу другі раз запяяў певень. Тады Пётра ўспомніў словы, якія яму казаў Ісус: «Раней, чым двойчы запяе певень, ты тройчы зрачэшся Мяне», і пачаў плакаць.
І зараз раніцай, Ісуса, па нарадзе першасвятароў са старэйшынамі і кніжнікамі, і ўсяго сангедрыёна, звязаўшы, павялі і перадалі Пілату. І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты — Цар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш». І вінавацілі Яго першасвятары ў многіх рэчах. Дык Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: «Чаму не адказваеш? Глядзі, як многа супраць Цябе абвінавачанняў». Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся. На свята ён меў звычай вызваляць ім аднаго з вязняў, каго б захацелі. Быў жа нейкі адзін, на імя Бараба, увязнены разам з бунтаўнікамі, які ў час бунту ўчыніў забойства. І калі сабраўся натоўп людзей, пачаў дамагацца таго, што ім звычайна рабілі. Пілат жа звярнуўся да іх і сказаў: «Хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?» Бо ведаў, што Яго выдалі першасвятары праз зайздрасць. Але першасвятары падбухторылі людзей, каб ім лепш адпусціў Барабу. І Пілат, адказваючы, гаварыў ім паўторна: «Дык што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Царом Юдэйскім?» Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!» Дык Пілат сказаў ім: «Што благога зрабіў Ён?» Але яны тым болей крычалі: «Укрыжуй Яго!» І Пілат, жадаючы дагадзіць народу, выпусціў ім Барабу, а Ісуса, пасля бічавання, выдаў на ўкрыжаванне. А ваяры ўвялі Яго ў панадворак, што завецца прэторыя, і склікалі ўсю кагорту. І апранулі Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, і пачалі Яго вітаць: «Радуйся, Цар Юдэйскі!» І трысцінай білі Яго па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, кланяліся Яму. І, калі ўжо наздзекаваліся з Яго, знялі з Яго пурпур ды зноў апранулі Яго ў адзенне Яго, ды павялі Яго на ўкрыжаванне. І прымусілі нейкага Сімона Цырэнейца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб нёс крыж Яго. І прывялі Яго на Гальготу, што значыць «месца чэрапа». І давалі Яму выпіць віно, змяшанае з сокам міры, але не прыняў. І ўкрыжаваўшы Яго, дзелілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя між сабою, каму што ўзяць. А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс віны Яго: «Цар Юдэйскі». І ўкрыжавалі разам з Ім двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч ад Яго. І збылося Пісанне: і да злодзеяў быў залічаны. І тыя, што міма праходзілі, плявузгалі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, што руйнуеш святыню ды зноў узнаўляеш у тры дні, уратуй Сябе Самога, зыдзі з крыжа». Таксама і першасвятары з кніжнікамі, смеючыся з Яго, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. Няхай жа Хрыстос, Цар Ізраэля, сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама і тыя, што былі з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго. А калі настала гадзіна шостая, усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзявятай. І а дзевятай гадзіне Ісус закрычаў моцным голасам: «Гэлёі, Гэлёі! Лама сабахтані», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» І некаторыя з тых, што бліжэй стаялі, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён Іллю кліча». А адзін, падбегшы, напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы яе на трысціну, даваў Яму піць, кажучы: «Пачакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». Ісус жа, закрычаўшы моцным голасам, сканаў. І заслона ў святыні разадралася напалам з верху аж да нізу. Сотнік жа, што стаяў насупраць, бачачы, што Ісус, так закрычаўшы, сканаў, гаворыць: «Сапраўды, Гэты Чалавек быў Сын Божы». А былі там і жанчыны, здалёк паглядаючыя, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Язэта, і Саламея, якія, калі Ісус быў у Галілеі, хадзілі з Ім і паслугавалі Яму, ды многа іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Ерузалім. І, калі звечарэла, а быў гэта дзень прыгатавання, які бывае перад суботаю, прыйшоў Язэп з Арыматэі, знатны член рады, які сам чакаў прыходу Валадарства Божага, і адважна ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісуса. Але Пілат сумняваўся, ці ўжо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр, і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу. Язэп жа купіў плашчаніцу і, зняўшы Яго, абгарнуў Яго плашчаніцай ды паклаў у магіле, што была высечана ў скале, і падкаціў камень да ўваходу ў магілу. Марыя ж Магдалена і Марыя, маці Язэпа, глядзелі, дзе пахавалі Яго.
І, калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Саламея накуплялі духмянасцей, каб пайсці і памазаць Ісуса. І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўжо ўзышло сонца. І гаварылі між сабою: «Хто нам адкоціць камень ад уваходу ў магілу?» І, глянуўшы, бачаць яны адвалены камень. А ён быў велізарны. І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, што сядзеў з правага боку і быў адзеты ў белае адзенне, і зжахнуліся. А ён кажа ім: «Не палохайцеся! Шукаеце Ісуса з Назарэта, укрыжаванага. Ён уваскрос, няма Яго тут; вось месца, дзе Яго паклалі. Але ідзіце і паведаміце вучням Яго і Пётры: “Ён ідзе перад вамі ў Галілею. Там Яго ўбачыце, як Ён вам сказаў”». І, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх ды трывога; і нікому нічога не казалі, бо баяліся. Уваскросшы на світанні ў першы дзень тыдня, Ісус найперш паказаўся Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў. А яна пайшла і паведаміла тым, што з Ім былі, якія сумавалі і плакалі. Але яны, пачуўшы, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі. Пасля таго Ён паказаўся двум з іх у іншым выглядзе на дарозе ў паселішча. І яны пайшлі і расказалі іншым, але і ім не паверылі. Нарэшце паказаўся Ён адзінаццаці, калі яны ўзлягалі пры стале, і дакараў іх за недаверства і закамянеласць сэрца, што не паверылі тым, што бачылі Яго ўваскрослага. І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь свет і абвяшчайце Евангелле ўсяму стварэнню. Хто паверыць і прыме хрост, будзе збаўлены. Хто ж не паверыць, будзе асуджаны. А тых, што павераць, будуць суправаджаць такія знакі: у імя Маё будуць яны выганяць дэманаў, на новых мовах гаварыць будуць, змеяў будуць падымаць, ды хоць бы што атрутнае выпілі — не пашкодзіць ім, на хворых рукі ўскладаць будуць — і яны аздараўляцца будуць». І пасля размовы з імі Госпад Ісус узнёсся ў неба, і сядзіць праваруч ад Бога. А яны, пайшоўшы, вясцілі ўсюды, а Госпад дапамагаў ім і падмацоўваў словы іх знакамі, што іх суправаджалі. Амін.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017