Библия › Чарняўскі-17 › 2 да Карынцянаў
Паўла, з волі Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, Царкве Божай, што ў Карынце, з усімі святымі, што ва ўсёй Ахаі: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння, Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі суцяшаць тых, што ў якой-колечы бядзе, суцяшэннем, якім самі суцяшаемся ад Бога. Бо як у нас памнажаюцца цярпенні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваецца суцяшэнне наша. І, калі мы смуткуем, дык для суцяшэння вашага і для збаўлення; а калі мы суцяшаемся, дык для вашага суцяшэння і збаўлення, каб вы цярпліва пераносілі гэтыя самыя пакуты, якія і мы церпім. І надзея наша на вас цвёрдая, бо ведаем, што вы ёсць супольнікі як пакут, так і суцяшэння. Не хочам, браты, каб вы не ведалі пра наша гора, якое сталася ў Азіі, бо нас страшна прыціснула звыш сілы, так што не спадзяваліся жыць. Але мы самі ў сабе мелі прысуд смерці, каб не пакладаліся на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых. Ён і выбавіў нас ад такой смерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць, за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за той дар, што мы маем ад многіх людзей, многія падзяку складалі за нас. Бо пахвала наша — гэта сведчанне сумлення нашага, што ў прастаце ды ў шчырасці Божай, і не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас. Не пішам вам нічога, як толькі тое, што вы чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце разумець. Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы ёсць пахвала ваша, а вы — наша ў дзень Госпада нашага Ісуса. І з такой пэўнасцю я ўжо раней хацеў прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку, і ад вас прайсці ў Мацэдонію, а з Мацэдоніі зноў прыйсці да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю. Калі я меў гэткі намер, ці рабіў гэта легкадумна? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне: «так — так» і «не — не»? Верны Бог, што слова наша, якое было ў вас, — не было «так» і «не»! Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы вам прапаведавалі, — я, і Сіліван, і Цімафей, — не быў: «так» і «не», але ў Ім было «так». Бо колькі абяцанняў Бога, у Ім — «так». Таму таксама праз Яго і «амін», на хвалу Богу праз нас. А Той, Хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысце ды Хто нас намасціў, ёсць Бог, Які запячатаў нас ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых. Дык прызываю ў сведку Бога і душу маю, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт не з-за таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасці, бо ў веры вы трывалыя.
Я пастанавіў сам у сабе, каб не ісці да вас зноў у смутку, бо, калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі не той, хто быў мною засмучаны? І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, не мець смутку ад тых, ад якіх належала радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасць для ўсіх вас. Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са слязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я, асабліва ж да вас. Калі хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас. Такому хопіць кары, вызначанай большасцю, але лепш, каб вы такому даравалі ды суцешылі, каб празмерная згрызота яго не ахапіла. Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў. З гэтаю мэтаю я пісаў, каб спазнаць вашу выпрабаванасць, ці ва ўсім вы паслухмяныя. Каму вы даруеце, таму і я; бо і я, калі каму што дараваў, дык дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста, каб не звёў нас шатан, бо думкі яго добра нам вядомы. Калі я прыбыў у Трааду дзеля дабравесця Хрыстова і брама была мне адкрыта ў Госпадзе, я не меў супакою духу майму, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я развітаўся з імі і падаўся ў Мацэдонію. Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысце заўсёды ды праз нас ва ўсякім месцы выяўляе водар пазнання Свайго. Мы, вось, мілы Богу водар Хрыстоў сярод тых, што дасягаюць збаўлення, і сярод тых, што гінуць: для адных — водар смерці на смерць, а для другіх — водар жыцця на жыццё. І хто здатны на гэта? Бо мы не фальшуем Слова Божага, як многія, але прамаўляем шчыра, як ад Бога на віду Бога ў Хрысце.
Ці пачнём зноў знаёміцца? Або ці будзем патрабаваць, як некаторыя, прадстаўнічых лістоў да вас або ад вас? Вы ёсць наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі. Вы паказваеце праз паслугу нашу, што вы — ліст Хрыстоў, напісаны не атрамантам, але Духам Бога жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца. Такую пэўнасць маем у Богу праз Хрыста. Не таму, што мы самі маем здольнасць думаць нешта ад сябе, быццам з сябе, але гэта наша здольнасць ад Бога, Які і ўчыніў нас здатнымі быць паслугачамі Новага Запавету, не літары, але Духа, бо літара забівае, а Дух ажыўляе. Калі служэнне смерці, высечанае літарамі на каменні, было ў такой славе, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на твар Майсея дзеля славы аблічча яго, якая прамінае, дык ці не многа больш будзе слаўным служэнне Духа? Бо калі служэнне асуджэння ёсць слава, дык тым болей багатым славаю будзе служэнне апраўдання. Гэтак тое, што было слаўным часткова, не мае больш славы па прычыне славы, якая перавышае яе. Бо калі тое, што прамінае, мае славу, то тым больш слаўнае тое, што трывае. Дык вось, маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай, а не як Майсей, што ўздзеў заслону на твар свой, каб сыны Ізраэля не глядзелі на заканчэнне таго, што прамінае. Але розум іх прытупіўся, бо аж да цяперашняга дня, калі чытаюць Стары Запавет, гэтая заслона застаецца нязнятай, бо толькі ў Хрысце яна адсланяецца. Дык па сённяшні дзень, калі чытаюць Майсея, заслона ляжыць на іх сэрцах. А калі хто навяртаецца да Госпада, заслона ападае. Госпад ёсць Дух, а дзе Дух Госпадаў, там свабода. Мы ж усе з адкрытым тварам аглядаем славу Госпадаву, быццам у люстэрку, і перамяняемся ў Яго вобраз з яснасці ў яснасць, так, як ад Госпадава Духа.
Дзеля таго, маючы гэтае паслугаванне, як памілаваныя, мы не падаем духам, але мы стрымліваемся ад скрытых учынкаў сораму, не кідаемся ў хітрыкі ды не фальшуем слова Божага, але адкрытым вяшчэннем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленню кожнага чалавека. Калі наша Евангелле засланёна, дык засланёна для тых, што гінуць, для няверуючых, якім бог гэтага свету засляпіў розум, каб не заззяла ім святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз Бога. Бо мы не саміх сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — вашы паслугачы праз Ісуса. Бо Сам Бог, Які загадаў: «З цемры заззяць святлу», асвяціў нашы сэрцы, каб асвяціць нас пазнаннем хвалы Божай у вобліку Ісуса Хрыста. І мы гэты скарб захоўваем у гліняных пасудзінах, каб была велічнасць магутнасці Божай, ды не ад нас. Мы ва ўсім церпім прыцясненне, але не прыдушаны; жывём у нястачах, але не ў роспачы; церпім пераследаванні, але не пакінуты; мы павалены, але не гінем; заўсёды носім у целе нашым мёртвасць Госпада Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў целе нашым. Бо мы, якія жывём, заўсёды аддаёмся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе. Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас. А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: «Я паверыў, і таму прамовіў», і мы верым, і таму гаворым, ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, таксама і нас уваскрасіць праз Ісуса ды паставіць разам з вамі. Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасць на славу Бога. Таму мы і не падаем духам, бо хоць наш чалавек, той, што звонку, знішчаецца, аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца. Бо караткачасовае, лёгкае гора наша творыць нам важкую славу ў празмерным вечным узвышэнні. Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо бачныя рэчы — часовыя, а нябачныя — вечныя.
Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, гэта хаціна, разваліцца, то маем ад Бога дом нерукатворны, але вечны ў небе. Таму мы цяпер уздыхаем, прагнучы апрануцца ў наша жыллё, якое ёсць у небе, каб толькі, і адзетыя, мы не апынуліся голымі. Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца, каб тое, што смяротнае, ахоплена было жыццём. На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа. Дзеля таго мы заўсёды адважныя, хоць ведаем, што, пакуль жывем у целе, мы далёкія ад Госпада, бо ходзім вераю, а не бачаннем. Мы, аднак, адважныя ды маем добрую волю лепш быць далёкімі ад цела і апынуцца перад Госпадам. І таму імкнемся, ці пасяляючыся, ці высяляючыся, падабацца Яму. Бо ўсе мы мусім з’явіцца перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму плату за тое, што зрабіў ён у целе, — ці добрае, ці ліхое. Дык, ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам мы адкрытыя. Спадзяюся, што і для сумленняў вашых мы адкрытыя. Кажам вам гэта, не каб зноў сябе прадставіць вам, але каб даць вам магчымасць пахваліцца намі, каб мелі вы што сказаць перад тымі, што хваляцца абліччам, а не сэрцам. Бо калі мы не вылучаемся розумам, дык для Бога; а калі цвярозыя, дык дзеля вас. Бо любоў Хрыста прынукае нас, якія разумеюць, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі. І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос. Таму і мы ад гэтага часу не ведаем нікога паводле цела; і калі ж мы Хрыста спазналі паводле цела, дык ужо цяпер не ведаем. Бо хто ў Хрысце — новае стварэнне; старое мінула, вось, усё сталася новае. Усё ж ад Бога, Які пагадзіў нас з Сабою праз Ісуса Хрыста і даў нам служэнне прымірэння, бо, вось, Бог у Хрысце пагадзіў свет з Сабою, не ўлічваючы ім злачынстваў іх, ды ўсклаў на нас слова прымірэння. Дык мы замест Хрыста пасланы, як бы Сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім, пагадзіцеся з Богам! Бо Ён Таго, Хто не ведаў граху, учыніў за нас грахом, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.
Мы, як супрацоўнікі, заклікаем вас, каб вы не надарма прынялі ласку Божую, бо Ён кажа: «У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе». Вось, цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўлення! Не даючы нікому магчымасці спатыкнення, каб не глуміліся са служэння, але ва ўсім мы яўляем сябе паслугачамі Бога: у вялікай цярплівасці, у горы, у нястачы, ва ўцісках, пад ударамі, у вязніцах, у забурэннях, у спрацаванасці, у недаспаннях, у пастах, у чыстасці, у мудрасці, у вялікадушнасці, у дабрыні, у Духу Святым, у непадробнай любові, у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і левай руцэ, у пашане і ў ганьбе, у знеслаўленні і ў добрай славе; нібы ашуканцы, ды праўдамоўныя, быццам няведамыя, ды вядомыя, быццам паміраючыя, а, вось, жывём, быццам караныя, але не забітыя на смерць, як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога не маюць, а ўсім валодаюць. Вусны нашы адкрыліся да вас, карынцяне, наша сэрца пашырылася. Вам не цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах. Уздайце нам тым самым спосабам, як да сваіх дзяцей кажу: адкрыйцеся і вы. Не запрагайцеся з няверуючымі ў адно ярмо. Бо што мае агульнага справядлівасць з несправядлівасцю? Або якая супольнасць святла з цемраю? Або якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая лучнасць веруючага з няверуючым? Або якое суладдзе святыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсць святыня Бога жывога, як кажа Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам. Таму выйдзіце з іх асяроддзя і адлучыцеся ад іх, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я вас прыму, і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі — кажа Госпад Усемагутны».
Дык маючы такія абяцанні, умілаваныя, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, у страху Божым дасягаючы святасці. Прыміце нас! Мы нікога не скрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, ні ад каго не дамагаліся карысці. Кажу гэта не на асуджэнне; бо казаў ужо, што вы ў нашых сэрцах, каб разам памерці і разам жыць. Вялікае спадзяванне ў мяне на вас, вялікая пахвала мне за вас. Я напоўнены суцяшэннем і перапоўнены радасцю ў кожным нашым горы. Бо калі мы прыбылі ў Мацэдонію, наша цела не мела ніякага супакою, але мы цярпелі ўсялякае гора: звонку — напасці, унутры — страхі. Але Бог, Суцяшыцель пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта. І не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім суцешыўся ў вас, калі распавядаў ён пра вашу руплівасць, пра вашы слёзы, пра вашу тугу па мне, з чаго радаваўся я тым болей. Хоць, можа, я вас і засмуціў лістом, але не шкадую гэтага. Калі б і шкадаваў, бо бачу, што той ліст на нейкі час засмуціў вас, аднак цяпер цешуся, не таму, што вы засмуціліся, але што засмуціліся на пакаянне. Засмуціліся бо дзеля Бога, каб не цярпелі ад нас ніякай шкоды. Бо гэты смутак дзеля Бога ўчыняе нязменнае пакаянне на збаўленне, а смутак гэтага свету ўчыняе смерць. Гэта вось, што вы засмуткавалі дзеля Бога, выклікала ў вас гэткую руплівасць, а якую абарону, а якое абурэнне, а якую боязь, а якую тугу, а які клопат ды гатоўнасць прыняць адплату. Таму ва ўсім паказаліся вы беззаганнымі ў гэтай справе. Затым, калі я вам напісаў, дык не дзеля таго, хто спрычыніў крыўду, і не дзеля таго, хто пацярпеў, але каб паказаць руплівасць вашу, якую вы маеце дзеля нас у вас перад Богам. Дзеля гэтага мы суцешыліся суцяшэннем вашым. А яшчэ больш узрадаваліся радасцю Ціта, што супакоены быў дух яго вамі ўсімі. І я не пасаромеўся ў тым, што пахваліўся вамі перад ім. Падобна як усё гаварылі мы вам праўдзіва, так і сталася праўдай наша пахвала перад Цітам. І сэрца яго яшчэ мацней туліцца да вас, калі прыпамінае вашу агульную паслухмянасць ды тое, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем. Дык я цешуся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.
Паведамляем вам, браты, пра тую ласку Божую, што была дадзена цэрквам мацэдонскім, як у цяжкім выпрабаванні прыгнётам вялікая радасць іх і надзвычайная беднасць іх выявілася багаццем прастаты. Яны, сведчу, па магчымасці, ды нават звыш магчамасці, былі добраахвотнымі, вельмі прасілі нас прыняць дар і супольнасць служэння для святых. І яны звыш нашага спадзявання ахвяравалі сябе саміх найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай. Дзеля таго мы прасілі Ціта, каб ён, як гэта ўжо пачаў, так і завяршыў гэтую ласку і ў вас. І як вы ва ўсім былі багатымі, у веры, у слове, у ведах, ва ўсякай руплівасці, у любові сваёй да нас, каб і ў гэтай ласцы былі багатымі. Кажу гэта не як загад, але выпрабоўваючы руплівасцю іншых прыроджаную дабрачыннасць вашай любові. Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які, будучы багатым, дзеля вас стаўся бедным, каб Сваёю беднасцю вас узбагаціць. І я даю параду ў гэтым. Бо гэта карысна для вас, якія не толькі рабіць, але і хацець перш пачалі ў мінулым годзе. Давядзіце цяпер гэтую справу да канца, каб, чаго ахвотна жадалі, выканалі паводле таго, што маеце. Бо калі ёсць ахвота, яна выяўляецца па тым, хто што мае, а не па тым, чаго хто не мае. Бо не на тое, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасць. Хай цяпер ваша багацце пакрые іх нястачу, каб таксама іх багацце ў свой час дапоўніла вашу нястачу, каб так была роўнасць, як напісана: «Хто сабраў многа, не меў лішняга, а хто мала — не меў нястачы». Дзякуй Богу, які ў сэрцы Ціта абудзіў такую руплівасць пра вас, бо не толькі прыняў маю просьбу, але, будучы вельмі дбалым, добраахвотна выбраўся да вас. Разам з ім паслалі мы брата, што славіцца за абвяшчэнне Евангелля па ўсіх цэрквах, і не толькі гэта, але ён цэрквамі прызначаны быць таварышам нашага падарожжа з гэтай ласкай, якою мы служым на славу Госпада і дбаласці вашай, высцерагаючыся, каб нас хто не дакараў дзеля такога мноства даручанага нашаму служэнню. Бо мы дбаем аб добрым не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі. І паслалі мы з імі брата нашага, дбайнасць якога шмат у чым выпрабавалі і які цяпер яшчэ больш дбайны дзеля вялікага спадзявання на вас. Што да Ціта, дык ён — мой таварыш і для вас памочнік; а браты нашы — пасланцы цэркваў, слава Хрыста. Дык пакажыце ім доказ вашай любові і нашай пахвальбы вамі перад абліччам цэркваў.
Аб паслузе, якая робіцца для святых, лішне мне пісаць вам, бо ведаю пра вашу ахвоту, дзеля якой хвалюся вамі сярод мацэдонцаў, што Ахая прыгатавана ад мінулага года, і так ваша руплівасць заахвоціла многіх. Паслаў жа я братоў, каб у гэтым выпадку мая пахвальба вамі не была пустой, але, як ужо казаў, былі вы прыгатаванымі. Бо, калі прыйдуць са мною мацэдонцы і застануць вас непрыгатаванымі, каб мы не асароміліся, — не буду казаць «вы», — пахваліўшыся з гэткаю пэўнасцю. Дык вось, палічыў я патрэбным прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі ды загадзя паклапаціліся пра абяцанае вамі дабраславенства, каб было яно прыгатавана так, як дабраславенства, а не як прымус. Бо так ёсць: хто скупа сее, той скупа і сажне, а хто шчодра сее, той шчодра і жаць будзе. Таму хай кожны мяркуе па сваім сэрцы, не шкадуючы і не змушаючы сябе, бо таго, хто з радасцю дае, любіць Бог. Магутны Бог можа шчодра ўзбагаціць вас усякімі ласкамі, каб усюды і ва ўсім мелі вы усякі дастатак ды каб вы былі багатыя на ўсякую добрую справу, як напісана: «Падзяліў ён, даў убогім, справядлівасць яго трывае ў векі вечныя». А Той, Хто дае насенне сейбіту, дасць і хлеб для яды, ды зерне ваша размножыць, і павялічыць ураджай справядлівасці вашай, каб вы былі багатыя ўсім, поўныя шчодрасці, якая праз нас учыняе падзяку Богу, — бо выкананне гэтага служэння не толькі папаўняе тое, чаго не хапае святым, але і багатае многімі падзякамі Богу. Дык, дасведчыўшы такое служэнне, яны хваляць Бога за тое, што вы паслухмяныя ў вашым вызнанні Евангелля Хрыста, ды за шчырую лучнасць з імі і з усімі, і ў сваіх маленнях за вас выяўляюць прыхільнасць да вас дзеля шчодрай у вас ласкі Бога. Хай будзе падзяка Богу за невымоўны дар Яго!
Дарэчы, я сам, Паўла, перасцерагаю вас праз пакорлівасць і ласкавасць Хрыстову, што я асабіста між вамі ціхі, аднак у аддаленні патрабавальны да вас; дык вось, малю, каб, як прыбуду, не адважыўся б на тую суровасць, на якую думаю адважыцца адносна некаторых, якія лічаць, што мы жывём паводле цела. Бо хоць мы жывём у целе, не ваюем паводле цела, — бо зброя змагання нашага не цялесная, але магутная праз Бога на зруйнаванне цвярдынь; мы руйнуем намеры і ўсякую пыху, якая выступае супраць пазнання Бога, ды ўсякую думку палонім у паслухмянасць Хрысту, і пры тым гатовыя пакараць непаслухмянасць кожнага, калі паслухмянасць ваша стане поўнай. Ці на аблічча глядзіце? Калі хто ўважае, што ён Хрыстоў, дык хай разважыць у сабе, што і мы, таксама як ён, Хрыстовы. Бо не было б мне сорамна, калі б я яшчэ больш стаў хваліцца тою ўладаю, якую нам даў Госпад на збудаванне вас, а не на знішчэнне, каб не падалося, што я вас палохаю лістамі; некаторыя кажуць: «Лісты моцныя і грозныя, выгляд жа цела нядужы, і слова марнае». Хто такі, хай ведае, што, якія мы непрысутныя, здалёк і ў слове лістоў, такія і прысутныя, ва ўчынках. Бо мы не маем адвагі ані раўняцца, ані супастаўляцца з тымі, што самі сябе выстаўляюць. Бо яны мераюць сябе самімі сабой, раўняючы сябе з сабой, і неразумныя. Не будзем мы хваліцца праз меру, але будзем ацэньваць сябе ў меры, вызначанай нам Богам, каб маглі дасягнуць і вас. Бо мы не так, быццам не дасягнуўшы вас, перасягнулі самі сябе, бо мы дайшлі да вас у Евангеллі Хрыста. Не хвалімся без меры чужой працай. Спадзяёмся, аднак, што з узрастаннем вашай веры мы таксама ўзрастаць будзем у вас па нашай мерцы, каб і далей сярод тых, што па-за вамі, абвяшчаць Евангелле, не выхваляючыся, па чужой мерцы, тым, што зроблена іншымі, бо хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца. Бо не той выпрабаваны, хто сам сябе хваліць, але той, каго Госпад хваліць.
О, каб вы маглі сцярпець крыху маю неразумнасць! Але ж вы і церпіце мяне! Бо руплюся я дзеля вас Божаю руплівасцю, бо заручыў я вас з адным мужам, каб завесці да Хрыста, як чыстую дзявіцу. Але баюся, каб, як змей звёў Еву сваёю хітрасцю, гэтак і вашы думкі не адвярнуліся ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце. Бо калі б хто прыйшоў і стаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, або калі б вы прынялі іншага духа, якога вы не прынялі, або іншае евангелле, якое не атрымалі, — вы б цярпліва зносілі. Але я думаю, што і я зрабіў не менш за вялікіх Апосталаў, бо хоць я не вопытны ў слове, але не ў ведах, і мы ў кожным і ва ўсім адкрыліся вам. Ці ж я зграшыў, паніжаючы сябе, каб павысіць вас, бо прынёс вам дарма Евангелле Божае? Абіраў я іншыя цэрквы, беручы на пражытак дзеля служэння вам. І, калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, нікому не быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты, што прыйшлі з Мацэдоніі; і нічым не абцяжарваў вас і не буду абцяжарваць. Як Хрыстова праўда ўва мне, так гэтае пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў землях Ахаі. Чаму? Ці, можа, таму, што вас не люблю? Бог ведае! Што я раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, хто шукае поваду; каб аказаліся і мы такімі, з чаго яны выхваляюцца. Бо тыя фальшывыя апосталы — гэта крывадушныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Хрыстовымі Апосталамі. Ды не дзіва, бо нават сам шатан прыкідваецца анёлам святла. Таму нічога незвычайнага, што і яго паслугачы прыкідваюцца паслугачамі справядлівасці, але канец іх будзе паводле іх учынкаў. І зноў кажу: хай ніхто не лічыць мяне за неразумнага! У адваротным выпадку прыміце мяне, хоць як неразумнага, каб мог і я хоць крыху пахваліцца. Што гавару, тое гавару не паводле Госпада, але як бы ў неразумнасці ў гэтай адвазе пахвалы. Калі вось многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца. Бо ахвотна вы церпіце неразумных, хаця самі разумныя. Церпіце, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб’ядае, калі хто абірае, калі хто над вамі ўзносіцца, калі хто б’е вас па твары. Кажу гэта на сорам, як быццам мы нядужыя былі; нехта мае ў гэтым адвагу, — кажу ў неразумнасці, — дык і я адважуся. Яны гебраі? Дык і я! Яны ізраэльцы? Дык і я! Яны семя Абрагама? Дык і я! Паслугачы Хрыста? Здурэўшы кажу — дык і я куды больш: у большай спрацаванасці, у шматлікіх вязніцах, звыш меры ў плягах, часта пры смерці; ад юдэяў пяць разоў атрымаў па сорак удараў без аднаго, тры разы быў біты палкамі, раз каменаваны, тройчы пацярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень быў у марской глыбіні. Часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад разбойнікаў, у небяспеках ад народа, у небяспеках ад паганаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустыні, у небяспеках на моры, у небяспеках ад фальшывых братоў, у працы і знямозе, у частым чуванні, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і галізне, і, апрача ўсяго іншага, штодзённы збор дзеля настаўніцтва ў мяне, клопат пра ўсе цэрквы. Хто знемагаецца, а я не знемагаюся? Хто горшыцца, каб я не гарэў? Калі належыць хваліцца, буду і я хваліцца са сваіх немачаў. Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславёны навекі, ведае, што я не хлушу. У Дамаску намеснік цара Арэты пільнаваў горад дамасцаў, каб мяне схапіць, і ў кашы спусцілі мяне цераз мур з акна, і так я ўцёк з рук яго.
Некарысна хваліцца мне, бо перайду да з’яў і аб’яў Госпадавых. Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму — ці ў целе — не ведаю, ці па-за целам — не ведаю, Бог ведае, — падхоплены быў у трэцяе неба. І ведаю, што такоі чалавек — ці ў целе, ці па-за целам, — не ведаю, Бог ведае, — быў узяты ў рай і пачуў невымоўныя словы, якіх нельга чалавеку сказаць. Гэтым магу хваліцца, але сабой зусім не буду хваліцца, хіба сваімі немачамі. Калі і захачу хваліцца, не буду неразумным, бо скажу праўду. Але стрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне больш, чым ува мне бачыць або ад мяне чуе. І каб з-за велічы аб’яў я не выносіўся, дадзены мне джала для цела, анёл шатанскі, каб мучыў мяне, каб я не выносіўся. Дзеля таго тройчы маліў я Госпада, каб адышоў ад мяне, але Ён сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц Мая праз слабасць здяйсняецца». Таму найбольш ахвотна буду хваліцца сваімі немачамі, каб абжылася ўва мне моц Хрыстова. Дзеля таго падабаюцца мне і мае немачы, знявагі, нястачы, пераследаванні і прыгнёты дзеля Хрыста: бо калі я слабы, тады я дужы. Я стаўся неразумным, хвалячыся, бо вы прымусілі мяне! Гэта вам бы належала мяне хваліць, бо нічым я не меншы за вялікіх Апосталаў, хоць я нічога не варты. Знакі майго Апостальства сталіся ў вас ва ўсякай цярплівасці, а таксама ў знаках, і цудах, і моцах. Ці ж вы меней атрымалі, чым іншыя цэрквы? Хіба адно толькі, што не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду! Ужо трэці раз збіраюся да вас прыбыць і не буду вас абцяжарваць, бо шукаю не вашага, але вас. Бо не дзеці бацькам павінны збіраць скарб, але бацькі дзецям. Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашы. Дык ці чым больш вас люблю, тым менш любові атрымліваю? Хай будзе і так, я не абцяжарыў вас. Але, можа, як падступнік, хітрасцю вас абіраў? Ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, я шукаў ад вас карысці? Папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці Ціт вас скарыстаў? Ці мы не хадзілі ў тым самым духу? Ці не па тых самых слядах? Вы ўжо даўно думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся? На віду Бога ў Хрысце гаворым; а ўсё, найдаражэйшыя, на збудаванне ваша. Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы да вас, знайсці вас не такімі, якімі хачу вас знайсці, ды каб і вы не знайшлі мяне такім, якога вы не хочаце, каб часам не было ў вас спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, ачарненняў, абмовы, пыхлівасці, звадкі, каб, калі прыйду да вас зноў, не панізіў мяне Бог мой перад вамі і каб мне не прыйшлося аплакваць многіх сярод вас, якія раней зграшылі і не навярнуліся з нячыстасці, распусты ды разбэшчанасці, якую зрабілі.
Вось, я ўжо трэці раз выбіраюся да вас: «На вуснах двух або трох сведкаў угрунтуецца ўсякая справа». Сказаў я ўжо і паўтараю, як быўшы ў вас за другім разам і непрысутны цяпер, тым, што ўжо раней зграшылі, ды ўсім іншым, што, калі зноў прыбуду, не пашкадую, бо вы шукаеце доказаў на тое, ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які не слабы адносна вас, але моцны ў вас. Хоць Ён быў укрыжаваны ў кволасці, аднак жыве моцай Божай. І мы таксама бяссільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім моцай Божай у вас. Самі сябе даследуйце, ці трымаецеся веры; самі сябе выпрабуйце. Ці не ведаеце аб саміх сабе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя? Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не нягодныя. Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі, не дзеля таго, каб мы паказаліся годнымі, але дзеля таго, каб вы рабілі дабро, а мы былі быццам бы нягодныя. Бо не можам нічога супраць праўды, але для праўды. Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым жа і молімся — аб вашай дасканаласці. Таму, вось, адсутны, я пішу, каб прысутны ў вас не мусіў паступаць больш сурова, па ўладзе, якую даў мне Госпад на збудаванне, а не на руйнаванне. Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайце адзін аднаго, будзьце адной думкі, майце супакой, і Бог любові і супакою хай будзе з вамі. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя. Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасць Духа Святога з усімі вамі. Амін.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017