Библия › Чарняўскі-17 › Да Галатаў

Ліст да Галатаў

Паўла, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых, і ўсе браты, што са мною, цэрквам Галатыі: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вырваць нас з сучаснага веку ліхога па волі Бога і Айца нашага, Якому слава на векі вечныя. Амін. Дзіўлюся я, што гэтак хутка перакінуліся вы ад таго, які паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, да іншага евангелля, якое не ёсць іншае, але, напэўна, знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць перавярнуць Евангелле Хрыстова. Але калі б нават мы або анёл з неба дабравесціў вам нешта іншае, чым тое, што мы дабравесцілі вам, хай будзе анатэма! Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: калі б хто дабравесціў вам звыш таго, што атрымалі вы, хай будзе анатэма! Людзям я цяпер дагаджаю ці Богу? Ці я імкнуся людзям падабацца? Калі б я людзям падабаўся, не быў бы паслугачом Хрыстовым! Паведамляю вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ёсць з волі чалавека, бо я яго не ад чалавека атрымаў або навучыўся яму, але праз аб’яўленне Ісуса Хрыста. Чулі вы, пэўна, аб паводзінах маіх калісьці ў юдэйстве, як звыш меры пераследаваў я Царкву Божую і знішчаў яе, і вылучаўся ў юдэйстве між многімі аднагодкамі ў родзе сваім, з’яўляючыся найбольш руплівым аб бацькоўскіх традыцыях сваіх. Калі ж спадабалася Богу, Які выбраў мяне яшчэ ва ўлонні маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй, каб аб’явіць ува мне Сына Свайго, каб я дабравесціў пра Яго сярод паганаў, не стаў я радзіцца з целам і крывёю і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў Апосталаў, але выправіўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамаск. Толькі пасля трох гадоў прыйшоў я ў Ерузалім убачыць Пётру і прабыў у яго пятнаццаць дзён. З іншых Апосталаў не бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадава. А ў тым, што пішу вам, вось, перад Богам не хлушу. Потым пайшоў я ў ваколіцы Сірыі і Цыліцыі. З твару быў я невядомы цэрквам Юдэі, якія ў Хрысце, а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці пераследаваў іх, цяпер дабравесціць веру, якую раней нішчыў, і за мяне славілі Бога.

Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою і Ціта. Накіраваўся ж я згодна з аб’яўленнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Евангелле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бег або бягу. Але і Ціт, што быў са мной, хоць быў грэк, не быў змушаны да абразання. А адносна фальшывых братоў, якія падступіліся, каб выпрабаваць свабоду нашу, якую маем у Ісусе Хрысце, каб адправіць нас зноў у няволю, ім мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас. Адносна ж да тых, што выдаюць сябе за некага, якімі б яны ні былі калісьці, для мяне ўсё роўна: Бог не ўзіраецца на важнасць асобы. А тыя, што лічацца за кагосьці, мне не пярэчылі. Нават наадварот, калі ўбачылі, што мне даручана абвяшчаць Евангелле неабрэзаным, як Пётры абрэзаным, — бо Той, Які дзейнічаў праз Пётру ў Апостальстве між абрэзанымі, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, — і калі пазналі, што і мне дадзена гэтая ласка, дык Якуб, Кіфа і Ян, якіх лічылі стаўпамі, падалі мне і Барнабе руку лучнасці, каб мы ішлі да паганаў, а яны да абрэзаных, каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней, каб рабіць гэта. Калі ж пасля таго Пётра прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён заслужыў дакор. Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі, калі ж тыя надышлі, стаў пазбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абрэзанымі. За гэтай яго крывадушнасцю пайшлі і другія юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэтую крывадушнасць. Калі ж я ўбачыў, што яны не ходзяць проста, не паводле праўды Евангелля, сказаў аб гэтым Пётры ў прысутнасці ўсіх: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?» Мы па прыродзе юдэі, а не з паганаў грэшнікі, ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца не праз выкананне закону, а праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Ісуса Хрыста, каб апраўдацца верай у Хрыста, а не выкананнем закону, бо выкананнем закону не апраўдаецца ніводнае цела. Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, аказаліся самі грэшнымі, ці ж Хрыстос — паслугач граху? Аніколі. Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам. Я, вось, праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом: дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву ў веры ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў Самога Сябе за мяне. Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон справядлівасць, дык Хрыстос памёр дарма.

О неразумныя галаты! Хто зачараваў вас, каб вы не пакараліся праўдзе, вас, перад вачамі якіх апісаны быў Ісус Хрыстос, як бы між вамі укрыжаваны? Гэта адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханне веры? Няўжо вы такія неразумныя, што Духам пачалі, а цяпер целам завяршаеце? Столькі вы нацярпеліся, і безвынікова? Дый калі б безвынікова! Той, Хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, праз учынкі закону [творыць гэта] ці ад слухання веры? Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць, дык ведайце, што тыя, хто з веры, ёсць сыны Абрагама. Таму прадбачыла Пісанне, што будзе Бог апраўдваць народы з веры, і прадвесціла Абрагаму: «У табе будуць дабраславёны ўсе народы». Дык дабраславёны будуць з верным Абрагамам усе, хто з веры. Бо тыя, што абапіраюцца на ўчынкі закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто не трывае ва ўсім, што напісана ў кнізе закону, каб рабіць гэта». А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы з веры жыць будзе. Закон жа не з веры, але хто будзе спаўняць гэта, той жыць будзе ў гэтым. Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас пракляццем, як напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве», каб дабраславенне Абрагама праз Хрыста Ісуса перайшло і на паганаў, каб абяцанне Духа атрымалі мы праз веру. Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае. Вось жа, Абрагаму выказаны былі абяцанні і семю яго. Не сказана: «І семям», быццам многім, але як аднаму: «І семю твайму», якім ёсць Хрыстос. Гэта, вось, кажу: запавету аб Хрысце, Богам раней зацверджанага, закон, які з’явіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адкідае, каб знішчыць абяцанне. Бо калі спадчына з закону, то ўжо не з абяцання. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцанне. Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не прыйдзе семя, якому дадзена абяцанне; перададзены праз анёлаў рукою пасярэдніка. Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін. Ці ж закон працівіцца абяцанням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасць. Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне з веры ў Ісуса Хрыста было дадзена веруючым. Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, [чакаючы] веры, якая павінна была быць нам аб’яўлена. Таму закон быў нашым настаўнікам у Хрысце, каб з веры былі мы апраўданы. А калі прыйшла да нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам. Бо ўсе вы ёсць сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса. Бо вы, тыя, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся. Няма ўжо юдэя або грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчынскага ані жаночага: бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысце Ісусе. Калі ж вы Хрыстовы, дык вы — семя Абрагама, спадкаемцы паводле абяцання.

Кажу ж вам: пакуль спадкаемец дзіця, ён нічым не адрозніваецца ад нявольніка, хоць ён і гаспадар над усім, але знаходзіцца да вызначанага часу пад апекунамі і аканомамі. Так і мы, пакуль мы былі дзецьмі, былі паняволены стыхіямі свету. А калі прыйшла поўня часу, паслаў Бог Свайго Сына, народжанага жанчынай, стаўшага пад закон, каб адкупіў тых, якія былі пад законам, каб і мы атрымалі ўсынаўленне. А дзеля таго, што вы — сыны, паслаў Бог Духа Сына Свайго ў сэрцы вашы, Які кліча: «Абба, Ойча!» Так што ты ўжо не нявольнік, але сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы праз Хрыста. Але тады, калі не ведалі вы Бога, служылі тым, якія па сутнасці не ёсць багамі. Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і бязродных стыхій, якім зноў хочаце служыць? Вы глядзіце на дні, месяцы, часы і гады! Баюся за вас, што, можа, надарма працаваў у вас. Браты, прашу вас, будзьце такімі, як і я; бо і я стаўся такім, як вы. Нічым вы мяне не скрыўдзілі. Вы ж ведаеце, як праз слабасць цела першы раз я дабравесціў вам, і вы не пагардзілі спакусай маёй у целе маім, і не адрынулі, але прынялі мяне як анёла Божага, як Хрыста Ісуса. Дзе ж тады тое шчасце ваша? Сведчу вам, што, калі б гэта было магчыма, дык, вочы сабе вырваўшы, аддалі б іх мне. Дык ці ворагам стаўся я вам за тое, што казаў вам праўду? Рупяцца яны пра вас не з дабра, але хочуць адарваць вас, каб аб іх вы рупіліся. Добра рупіцца аб добрым заўсёды, а не тады толькі, калі я знаходжуся паміж вас; дзеткі мае, зноў вас нараджаю ў муках, пакуль уфармуецца ў вас Хрыстос. Хацеў бы я быць у вас цяпер ды змяніць голас мой, бо сам я ў неўразуменні аб вас. Скажыце мне тыя, што хочаце жыць пад законам: ці закону вы не чулі? Напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго з нявольніцы, другога з вольнай. Але той, што з нявольніцы, паводле цела нарадзіўся, а той, што з вольнай, — праз абяцанне. Гэта як алегорыя сказана, абазначае гэта два запаветы: адзін — на гары Сінай, што на няволю родзіць, гэта Агар. Бо гэтая Агар — гара Сінай у Арабіі, адпавядае цяперашняму Ерузаліму і зняволена з сынамі сваімі. Той жа Ерузалім, што ўгары, вольны, і ёсць маці ўсім нам. Напісана бо: «Узвесяліся, няплодная, якая не нараджаеш, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў пакінутай больш дзяцей, чым у той, якая мае мужа». Мы ж, браты, паводле Ізаака дзеці абяцання. Але як і тады той, што паводле цела нарадзіўся, пераследаваў таго, які паводле духа, так і цяпер. А што кажа Пісанне? «Выгані нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам вольнай». Дык вось, браты, мы дзеці не нявольніцы, але вольнай.

Дык стойце ў свабодзе, якой вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце зноў пад ярмо няволі. Вось, я, Паўла, кажу вам, што, калі вы дасцеся абрэзацца, Хрыстос не прынясе вам ніякай карысці. Яшчэ сведчу, што кожны чалавек абрэзаны павінен выконваць увесь закон. Вы, што шукаеце ў законе апраўдання, ад Хрыста аддзеленыя і ад ласкі адпалі. Мы ж духам ад веры маем надзею апраўдання. Бо ў Хрысце Ісусе ані абразанне, ані неабразанне не маюць сілы, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў. Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе? Перакананне гэта не ад Таго, Які вас кліча. Трохі кіслі ўсё цеста квасіць. Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што інакш гэтага не разумееце; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэнне, хто б ён ні быў. Калі ж я, браты, і далей прапаведую абразанне, дык чаму я цярплю пераслед? Тады знікла б згаршэнне крыжа. О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць! Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі каб свабоду вы не давалі як падставу для пажадлівасці цела, але любоўю духа служыце адзін аднаму. Бо ўвесь закон адным выразам спаўняецца, вось гэтым: «Любі блізкага свайго, як самога сябе». Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, глядзіце, каб вы адзін аднаго не загубілі. Кажу вам: кіруйцеся духам, ды не падпадайце пад пажадлівасць цела. Цела бо цягне супраць духа, а дух — супраць цела; яны супрацівяцца адно аднаму, каб не тое, што хочаце, вы рабілі. Калі будзеце кіравацца духам, вы не пад законам. Вядомыя ж учынкі цела, вось яны: чужаложства, распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, балванапаклонства, чараванне, варожасць, сварлівасць, нянавісць, забойствы, гнеў, звадкі, нязгода, герэзіі, забойствы, п’янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, якія такое чыняць, Валадарства Божага не атрымаюць. Плод жа духа — любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, дабрыня, вера, сціпласць, стрыманасць. Супраць такіх няма закону. Тыя ж, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з заганамі і пажадлівасцямі. Калі жывём Духам, дык Духам і ходзім. Давайце не імкнуцца да пустой славы, дражнячы адзін аднаго, зайздросцячы адзін аднаму.

Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і табе не быць спакушаным. Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выканайце закон Хрыстоў. Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае. Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым. Кожны бо панясе свой уласны цяжар. Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае. Не падманвайце сябе: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне; бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае. Не журымася, робячы дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не саслабеем. Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры. Гляньце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою. Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстоў. Але і тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюць закону, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым. А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету. Бо ў Ісусе Хрысце не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, але новае стварэнне. І хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Ізраэлю Божаму. Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Госпада Ісуса. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.