Библия › Чарняўскі-17 › 1 да Тэсалонцаў

1-ы ліст да Тэсалонцаў

Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу заўсёды за вас усіх, успамінаючы пра вас безупынна ў малітвах нашых, памятаючы дзейнасць веры вашай, працу любові і трываласць надзеі ў Госпадзе нашым Ісусе Хрысце перад Богам і Айцом нашым, ведаючы, улюбёныя Богам браты, выбранне ваша, бо дабравешчанне наша не было да вас толькі ў словах, але ў сіле і ў Духу Святым ды ў шматлікіх сведчаннях, бо ж самі ведаеце, якімі мы былі ў вас для вас. І вы сталіся паслядоўнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў горы вялікім з радасцю Духа Святога, і так вы сталіся ўзорам усім верным у Мацэдоніі і Ахаі. Бо ад вас разышлося слова Божае не толькі ў Мацэдоніі і Ахаі, але ва ўсякае месца дайшла вера ваша ў Бога, так што нам няма патрэбы гаварыць пра гэта. Бо самі людзі абвяшчаюць пра нас, якое прыняцце мелі мы ў вас ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму і чакаць Сына Яго з неба, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.

Самі ж ведаеце, браты, прыбыццё наша да вас што не бясплодным было, але раней нацярпеўшыся гора, як ведаеце, і зняваг у Піліпах, надзею сваю мелі мы ў Богу нашым, прапаведуючы вам Евангелле Божае ў вялікай барацьбе. Бо навучанне наша не з памылкі, ані з нячыстасці, ані з якога подступу, але як выпрабаваны былі мы Богам, каб даверыць нам Евангелле, так і гаворым, не каб людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашы. Бо ніколі, як ведаеце, не былі мы ў слове ліслівымі, ані пры ніякай нагодзе хцівымі, Бог сведка, не шукалі таксама ў людзей славы, ані ў вас, ані ў іншых, хоць маглі быць у паважанні як Апосталы Хрыстовы, але сталіся мы ціхімі між вамі і, як карміцелька песціць дзяцей сваіх, так і мы, спагадныя да вас, хацелі шчыра перадаць вам не толькі Евангелле Божае, але і душы нашы, бо сталіся вы нам улюбёнымі. Бо вы памятаеце, браты, працу нашу і стому; ноччу і днём робячы, каб каго з вас не абцяжарыць, абвяшчалі мы вам Евангелле Божае. Сведкі вы і Бог, як свята, справядліва і без наракання абыходзіліся мы з вамі, якія ўверылі. Самі ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, просячы і пацяшаючы, пераконвалі жыць дастойна Бога, Які паклікаў вас да Валадарства Свайго і славы. Таму і мы бесперапынна дзякуем Богу, бо, калі вы прынялі слова Божае, пачутае ад нас, успрынялі яго не як слова чалавечае, але як сапраўды яно ёсць, як слова Божае, якое і дзейнічае ў вас, веруючых. Бо сталіся вы, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысце Ісусе, бо і вы нацярпеліся гэтак сама ад землякоў вашых, як і яны ад юдэяў, якія забілі і Госпада Ісуса, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, бо ўсім людзям супрацівяцца, забараняюць нам гаварыць да паганаў, каб тыя былі збаўлены; і гэтак увесь час дапаўняюць мерку грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх. Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, а не сэрцам, тым мацней спяшаемся пабачыць вас з аблічча ў вялікім прагненні. Пагэтаму хацелі мы пайсці да вас, асабліва я, Паўла, і раз, і другі, але перашкодзіў нам шатан. Што ж можа быць нашаю надзеяй, або радасцю, або вянком славы — ці ж не вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыход Яго? Бо вы — наша слава і радасць.

Дзеля таго, што не маглі мы далей вытрымаць, захацелася нам адным застацца ў Атэнах. і паслалі мы да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка, паслугача Божага ў Евангеллі Хрыстовым, для падмацавання вашага і падбадзёрвання ў веры вашай, каб ніхто не хістаўся ў гэтых прыгнётах; бо самі ж ведаеце, што мы на гэта пастаўлены. Бо, і ў вас будучы, мы прадказвалі вам, што будзем цярпець прыгнёт, як і сталася, і вы ведаеце. Таму вось і я, не могучы далей стрымацца, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не зводзіць вас часам спакуснік і ці не дарэмнай сталася праца наша. Цяпер жа, пасля прыбыцця да нас ад вас Цімафея і весткі пра веру і любоў вашу, і што маеце заўсёды пра нас добрую памяць, жадаючы нас пабачыць, як і мы вас, суцешыліся мы вамі, праз веру вашу, ва ўсякім горы і прыгнёце нашым, браты, бо мы цяпер жывём, калі вы стаіце ў Госпадзе. Якую ж падзяку можам даць Богу за вас і за ўсю радасць, якою радуемся дзеля вас перад Богам нашым, ноччу і днём горача молячыся, каб паглядзець на вас з аблічча і дапоўніць тое, чаго не хапае веры вашай? Хай жа Сам Бог і Айцец наш і Госпад наш Ісус Хрыстос выпрастае дарогу нашу да вас. А вас няхай Госпад напоўніць і перапоўніць узаемнай любоўю і любоўю да ўсіх, як і мы да вас, дзеля ўзмацнення сэрцаў вашых без заганы ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі Яго святымі.

Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб, як вы атрымалі ад нас, як вам належыць жыць і падабацца Богу, так і жылі, і больш багацелі. Бо ведаеце, пэўна, якія мы вам далі пастановы ад Госпада Ісуса. Бо воляй Божай ёсць асвячэнне ваша, каб высцерагаліся распусты, каб кожны з вас умеў захоўваць сваё начынне ў святасці і ў пашане, а не ў пажадлівасці юрлівай, як пагане, якія не ведаюць Бога; каб ніхто не ўзвышаўся і не крыўдзіў у справах брата свайго, бо Госпад ёсць мсціўцам за ўсё гэта, як мы вам ужо казалі і сведчылі. Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасці, але да святасці. Дык хто гэта адкідае, той не чалавекам пагарджае, але Богам, Які даў нам Духа Свайго Святога. Адносна любові братняй не маем патрэбы вам пісаць; бо самі вы навучаны Богам адзін аднаго любіць. Так вы і рабіце адносна ўсіх братоў ва ўсёй Мацэдоніі. Просім жа вас, браты, каб з яшчэ большай сілай прыкладалі намаганні, каб жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і зарабляць на пражыццё ўласнымі рукамі, як загадалі мы вам, ды каб дастойна адносіліся вы да тых, якія жывуць звонку, і каб ні ў чым не мелі нястачы. Не хачу, браты, каб вы не ведалі наконт памерлых, каб вы не сумавалі, як іншыя, якія не маюць надзеі. Бо калі верым, што Хрыстос памёр і ўваскрос, дык Бог і тых, якія паўміралі ў Ісусе, прывядзе з Ім. Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, якія жывём і пакінуты да прыходу Госпада, не апярэдзім тых, што паўміралі. Бо Сам Госпад з загадам і пры голасе арханёла ды пры гуке трубы Божай сыдзе з неба, і мёртвыя, якія ў Хрысце, ўваскрэснуць першыя. Потым мы, жывыя і пакінутыя, разам з імі будзем падняты ў паветра на аблоках насустрач Госпаду, ды так заўсёды будзем з Госпадам. Вось так адны адных суцяшайце гэтымі словамі.

Пра часы і пару, браты, няма патрэбы вам пісаць, бо самі добра ведаеце, што дзень Госпадаў, як злодзей уначы, так ён прыйдзе. Бо калі скажуць: «Супакой і бяспека», тады раптам прыйдзе на іх загуба, як родавыя мукі на цяжарную, і не ўцякуць. Вы ж, браты, не ў цемры, каб дзень той захапіў вас, як злодзей, бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня. Мы не належым ані ночы, ані цемры. Дык не будзем спаць, як і іншыя, але будзем чуваць і будзем цвярозымі. Бо тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя. Мы ж, якія належым дню, будзем цвярозымі, адзетымі ў панцыр веры і любові і ў шлем надзеі збаўлення. Бо не прызначыў нас Бог на гнеў, але на атрыманне збаўлення праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі з Ім заўсёды. Таму пацяшайце адзін аднаго і падтрымлівайце ўзаемна, як вы і робіце. Просім вас, браты, каб паважалі тых, якія працуюць у вас і кіруюць вамі ў Госпадзе ды навучаюць вас, каб больш паважалі і любілі іх дзеля працы іх. Жывіце ў згодзе між сабою. Просім вас, браты: спыняйце свавольных, пацяшайце маладушных, апякуйцеся над хворымі, будзьце цярплівымі да ўсіх. Глядзіце, каб нікому ліхам за ліха не адгаджаць, але імкніцеся заўсёды да дабра, як адзін для аднаго, так і для ўсіх. Заўжды радуйцеся, несупынна маліцеся, за ўсё дзякуйце; бо такая ёсць воля Божая ў Ісусе Хрысце для вас. Духа не гасіце, прароцтвамі не пагарджайце, усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся. Высцерагайцеся усякага роду зла. Хай жа Сам Бог супакою ўсвячае вас ва ўсім, каб дух ваш, і душа, і цела захаваліся беззаганнымі на прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста. Верны Той, Які паклікаў вас, Які зробіць [гэта]. Браты, маліцеся за нас. Прывітайце ўсіх братоў пацалункам святым. Заклікаю вас Госпадам, каб гэты ліст быў прачытаны ўсім святым братам. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.