Библия › Чарняўскі-17 › 2 да Цімафея

2-i ліст да Цімафея

Паўла, Апостал Хрыста Ісуса, з волі Бога, паводле абяцання жыцця, якое ёсць у Хрысце Ісусе, Цімафею, улюбёнаму сыну: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага. Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленнем, што ў маіх малітвах уночы і днём без перапынку маю ў памяці цябе, і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае слёзы, каб напоўніцца радасцю, і прыпамінаю веру не фальшывую, якая ёсць у табе, якая жыла найперш у бабулі тваёй Лаідзе і маці тваёй Эўніцы, ды я перакананы, што і ў табе. Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб узграваў ты дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне рук маіх. Бо не даў нам Бог духа страху, але сілы, любові і цвярозага мыслення. Дык не саромейся тады сведчання Госпада нашага, ані мяне, вязня Яго, але працуй дзеля Евангелля моцы Бога, Які збавіў нас і паклікаў святым пакліканнем не паводле нашых спраў, але паводле пастановы Сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысце Ісусе спрадвеку, а цяпер аб’явілася праз з’яўленне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвяціў жыццё і несмяротнасць праз Евангелле, дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, і Апосталам, і вучыцелем паганаў. З гэтай прычыны пераношу цярпенні, але не саромеюся, бо ведаю, Каму паверыў, і маю пэўнасць, што Ён мае моц захаваць уклад мой на той дзень. За ўзор вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, адносна веры і любові, што ў Хрысце Ісусе. Беражы добры ўклад Духа Святога, Які прабывае ў нас. Ці ведаеш тое, што ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне? Хай дасць міласэрнасць Госпад дому Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданоў маіх, але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў. Хай дасць яму Госпад знайсці міласэрнасць у Госпада ў той дзень. А колькі ён служыў у Эфесе, ты лепей ведаеш.

Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсць у Хрысце Ісусе, і, што чуў ты ад мяне пры многіх сведках, гэта перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць. Ты ж перанось цяжкасці як добры жаўнер Хрыста Ісуса. Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы зямныя, каб падабацца таму, хто яго выбраў. Бо і той, хто змагаецца, не здабудзе вянка, калі змагаецца незаконна. Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі. Зразумей, што кажу: хай дасць табе Госпад ва ўсім розум. Памятай пра Ісуса Хрыста з семя Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле дабравешчання майго, дзеля якога цярплю мукі аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга звязаць. Вось, я ўсё раблю дзеля выбраннікаў, каб яны атрымалі збаўленне, якое ў Хрысце Ісусе са славаю вечнай. Вернае слова: калі мы з Ім памерлі, дык з Ім жыць будзем; калі церпім, дык з Ім валадарыць будзем, калі зрачомся Яго, дык і Ён нас зрачэцца; калі мы зняверымся, дык Ён верным застанецца, бо Сам Сябе зрачыся не можа. Пра гэта нагадвай, сведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся, бо гэта нічога не дасць, хіба толькі сапсуе слухачоў. Пільна рупся паказацца годным перад Богам, працаўніком беззаганным, які даносіць з павагай слова праўды. Пустых жа гаворак высцерагайся, бо яны яшчэ больш спрычыняцца да бязбожнасці, і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; з такіх вось Гіменэй і Філет, якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрэсенне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры. Але цвёрды падмурак Божы стаіць, маючы такую пячатку: «Пазнаў Госпад, хто ёсць Яго», і «Хай аддаліцца ад нягоднасці кожны, хто вызнае імя Госпада». У вялікім жа доме маюцца не толькі залатыя і срэбраныя начынні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя — у пашане, другія — у ганьбе. Дык вось, калі хто ачысціў сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, усвечанай і карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсякай добрай справы. Высцерагайся пажаданняў юнацкіх, але трымайся справядлівасці, веры, любові, супакою з тымі, што чыстым сэрцам заклікаюць Госпада. Ухіляйся дурных і бязглуздых спрэчак, ведаючы, што яны даводзяць да звадак. Слуга Госпада не мусіць сварыцца, але трэба быць ветлівым з усімі, вучыцелем цярплівым, які лагодна выпраўляе тых, што працівяцца, ці не дасць ім Бог навяртанне дзеля пазнання праўды, каб вырваліся з путаў д’ябла; апутаныя імі, яны яго паднявольныя.

Гэта ведай, што ў апошнія дні наступяць цяжкія часы. Людзі будуць самалюбівыя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, бязбожныя, бессардэчныя, бязлітасныя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, тыя, хто не любіць дабра, здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога, што маюць выгляд набожнасці, але ж выракліся моцы яе. Такіх высцерагайся, бо між імі ёсць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць неразумных жанчын, якія абцяжараны рознымі грахамі, кіруюцца рознымі пажаданнямі, заўсёды вучацца, але ніколі не могуць дайсці да разумення праўды. Як Янні і Ямбр супрацівіліся Майсею, так і яны супрацівяцца праўдзе, людзі тупога розуму, нявыпрабаваныя ў веры. Але яны далёка не зойдуць. Бо бязглуздасць іх выявіцца ўсім так, як было і з тымі. А ты пайшоў следам маёй навукі, настаўлення, намераў, веры, велікадушнасці, любові, цярплівасці, пераследаванняў, пакут, якія сталіся са мною ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Гэтыя пераследаванні я перанёс; з усіх іх вызваліў мяне Госпад. Ды ўсе, каторыя хочуць жыць пабожна ў Хрысце Ісусе, пераследаваны будуць. Ліхія ж людзі і ашуканцы тым горш будуць гразнуць у зле, памыляючыся самі і ўводзячы ў аблуды. Ты ж трывай у тым, чаму навучыўся і што даручана табе, бо ведаеш, ад каго навучыўся, бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісанні Святыя, якія могуць цябе навучыць на збаўленне праз веру ў Хрыста Ісуса. Усё Пісанне натхнёна Богам і карыснае для навучання, дакору, выпраўлення і ўзгадавання ў справядлівасці, каб дасканалым быў чалавек Божы, настаўленым на ўсякае добрае дзеянне.

Умольваю цябе перад Богам і Госпадам Хрыстом Ісусам, Які будзе судзіць жывых і памерлых, праз прыход Яго і Валадарства Яго: абвяшчай слова, настойвай у час ці не ў час, дакарай, забараняй, малі з усёй цярплівасцю і навукай. Бо надыдзе час, калі здаровай навукі не будуць прымаць, але па волі сваіх пажадлівасцей падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам, і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца. Ты ж пільнуйся ва ўсім, цярпі ў смутку, выконвай справу евангеліста, службу тваю спаўняй. Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу настаў. Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў. На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды не толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Яго. Паспяшайся прыйсці да мяне хутка, бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты век, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далмацыю. Адзін Лука са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы. Тыхіка паслаў я ў Эфес. Як будзеш ісці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны. Аляксандр, меднік, шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасць яму Госпад паводле дзейнасці яго. Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам. Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не будзе ім палічана. Госпад жа з’явіўся перада мною і ўмацаваў мяне, каб прапаведаванне праз мяне працягвалася і каб яго пачулі ўсе народы; і я пазбегнуў ільвінае пашчы. І вызваліць мяне Госпад ад усякай ліхой справы, і захавае для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амін. Прывітай Прыску і Аквілу, і разам дом Анэсіфора. Эраст застаўся ў Карынце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце. Паспяшайся перад зімой прыйсці. Вітаюць цябе Эўбул, і Пудэнс, і Лін, і Клаўдзія, і ўсе браты. Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.