Библия › Чарняўскі-17 › Да Ціта

Ліст да Ціта

Паўла, паслугач Божы і Апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраннікаў Божых і пазнання праўды, што вядзе да пабожнасці, у надзеі жыцця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, Які не падманвае, і аб’явіў у свой час Сваё слова ў пропаведзі, якая даверана мне па загаду Бога, Збаўцы нашага, Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка, міласць і супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага. Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старэйшых, як я табе загадаў: калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючых дзяцей, не вінавачаных у распусце або непаслухмянасці. Належыць бо, каб епіскап быў беззаганны як распарадчык Божы, не горды, не гняўлівы, не п’яніца, не задзіра, не сквапны да ліхой карысці, але гасцінны, ласкавы, сумленны, справядлівы, пабожны, уздзержлівы, які трымаецца праўдзівага слова паводле навукі, вернай слову, каб быў моцны і настаўляў у здаровым навучанні і дакараў тых, што кажуць супраць. Бо ёсць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды спакуснікаў, асабліва з абрэзаных, каторым трэба закрываць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ліхой карысці. Сказаў жа адзін з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя звяры, гультайскія жываты». Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры, не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на выказванні людзей, якія адварочваюцца ад праўды. Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверуючым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне. Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай справы няздатныя.

Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі. Старыя мужчыны павінны быць людзьмі цвярозымі, паважнымі, разумнымі, здаровай веры, поўнымі любові і цярплівасці. Падобна і старыя жанчыны павінны апранацца, як дастойна святых, высцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру, разумна вучыць маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей, былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зневажалася імі слова Божае. Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі. Ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы — чысціню, несапсаванасць і паважнасць, у здаровым слове — беззаганнасць, каб той, хто супрацівіцца, асароміўся, не могучы нічога благога пра нас сказаць. Хай паслугачы слухаюць сваіх гаспадароў, ва ўсім дагаджаюць, а не пярэчаць, не ашукваюць, але ва ўсім добрую вернасць аказваюць, каб ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, услаўлялі. Бо з’явілася ласка Бога, выратавальная для ўсіх людзей, якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і пажаданняў свету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым свеце, чакаючы шчаслівай надзеі і з’яўлення славы магутнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які ахвяраваў Самога Сябе за нас, каб збавіць нас ад усякага беззаконня і ачысціць Сабе народ асаблівы, рупны пра добрыя ўчынкі. Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. Няхай ніхто не пагарджае табой.

Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выконваць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку, нікога не абмаўляць, не быць сварлівымі, але ціхімі, выяўляць да ўсіх людзей усю ласкавасць. Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажадлівасцям і ўсякім асалодам, кіраваліся злосцю і зайздрасцю, былі ненавіснікамі, ненавідзячымі адны адных. Калі ж з’явіліся спагаднасць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога, дык не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы выканалі, але праз міласэрнасць Сваю Ён збавіў нас купальняй адраджэння і аднаўлення Духам Святым, Якога выліў на нас багата праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага, каб мы, апраўданыя ласкай Яго, сталіся спадкаемцамі паводле надзеі жыцця вечнага. Вернае слова, і хачу, каб ты сцвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна людзям. Дурных жа пытанняў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны некарысныя і пустыя. Герэтыка пасля першай і другой перасцярогі абмінай, ведаючы, што такі — пераваротнік, і ён грашыць, сам сябе асуджаючы. Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікапаль, бо там вырашыў я зімаваць. Зэну, заканазнаўца, і Апалоса старанна забяспеч, каб усяго ім хапала. Хай навучацца і нашы быць першымі ў добрых учынках дзеля пільных патрэб, каб не былі яны бясплоднымі. Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі! Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.