Библия › Дзекуць-Малея › 1 да Фесалонікійцаў
Паўла і Сілуан і Цімахве́й — царкве́ Фесалонікійцаў у Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысьце́: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Заўсёды дзякуем Богу за ўсіх вас, успамінаючы аб вас у малітвах нашых, нясупынна памятаючы аб вашым дзе́ле ве́ры і аб працы любві і цярплівасьці надзе́і на Госпада нашага Ісуса Хрыста нерад Богам і Айцом нашым, ве́даючы выбраньне вашае, умілаваныя Богам браты; бо нашае дабраве́шчаньне ня было да вас у слове толькі, але і ў сіле, і ў Сьвятым Духу, і ў сьвядоцтвах, як вы самі ве́даеце, якімі былі мы для вас міжы вамі. І вы сталіся насьледава́льнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў вялікім горы з радасьцяй Духа Сьвятога, аж вы сталіся ўзорам для ўсіх ве́руючых у Македоніі і Ахайі. Бо ад вас праняслося слова Гасподняе ня толькі ў Македоніі і Ахайі, але і ў-ва ўсякім ме́сцы прайшла слава аб ве́ры вашай у Бога, дык мы ня маем патрэбы не́шта казаці. Бо самі яны аб нас абвяшчаюць, які ўваход ме́лі мы да вас, і як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму і ждаць з нябёсаў Сына Яго, Якога Ён ускрасіў із мёртвых, Ісуса, што збаўляе нас ад надыходзячага гне́ву.
Вы самі ве́даеце, браты, аб нашым уваходзе да вас, што ён быў не дарэмны; але, памучыўшыся пе́рш, зьнява́жаныя, як вы ве́даеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым казаці вам Эвангельле Божае з вялікай барацьбой. Бо пацяшэньне нашае не з абмылкі, ані з нячыстасьці, ані ў хітраваньні, але, як мы выбраны ад Бога, каб нам было даве́рана Эвангельле, дык мы і гаворым, не як дагаджаючы людзям, але Богу, што дазнае́ сэрцы нашыя. Бо ніколі ня было ў нас ласьлівых слоў, як ве́даеце, ані думкі аб карысьці: Бог сьве́дка! Ня шукаем мы славы ані ад людзе́й, ані ад вас, ані ад другіх, маючы магчымасьць быць у паважаньні, як Хрыстовыя Апосталы. Але былі мы ціхія сярод вас; як карміцелька грэе дзетак сваіх, гэтак мы, рунячыся аб вас, пажадалі аддаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі. Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і ўтому: робячы ўначы і ўдзе́нь, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае. Сьве́дкі вы і Бог, як сьвята і справядліва і беззаганна паступалі мы з вамі, ве́руючымі; бо вы ве́даеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяце́й сваіх, пацяшалі вас і пераконывалі і сьве́дчылі, каб вы паступалі дастойна Бога, які паклікаў вас у Сваё Царства і славу. Дзеля гэтага і мы нясупынна дзякуем, што вы, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, прынялі яго не як слова чалаве́чае, а (як яно ёсьць папраўдзе,) слова Божае, якое і дзе́ець у вас, ве́руючых. Бо вы, браты, сталіся пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце́ Ісусе, бо і вы таксама цярпе́лі ад сваіх зямлякоў, як і тыя ад Юдэяў, якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім людзям супраціўныя, якія не даюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя спасьліся, каб выпаўніліся грахі іх усягды; але дасягнуў іх наканец гне́ў. Мы-ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, тым больш стараліся ўгле́дзіць аблічча вашае, Дзеля гэтага хаце́лі мы прыйсьці да вас, — я, Паўла, і раз, і два, — але перашкодзіў нам шатан. Бо якая наша надзе́я, ці радасьць, ці вяне́ц пахвалы? Ці й ня вы-ж перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыход Яго? Бо вы — слава нашая і радасьць.
Дзеля гэтага, ня це́рпячы бале́й, мы захаце́лі астацца ў Афінах аднымі і паслалі Цімахве́я, брата нашага і служку Божага і супрацоўніка нашага ў дабраве́шчаньні Хрыстовым, каб узмоцніць вас і паце́шыць вас у ве́ры вашай, каб ніхто не пахіснуўся ў смутках гэтых: бо вы самі ве́даеце, што на гэта мы пастаўлены. Бо мы і тагды, калі былі ў вас, прарочылі вам, што маем зазнаць гора, як і сталася, і вы ве́даеце. Дзеля гэтага і я, ня це́рпячы бале́й, паслаў даве́дацца аб ве́ры вашай, каб як не спакусіў вас спакусьнік, і ня сталася дарэмнай наша праца. Цяпе́р жа, калі прыйшоў да нас ад вас Цімахве́й і прынёс нам добрую ве́стку аб ве́ры і любві вашай, ды што заўсёды маеце добрую памяць аб нас, жадаючы нас бачыць, як і мы вас, дык мы, пры ўсім суме й бядзе́ нашай, уце́шыліся вамі, браты, праз ве́ру вашу; бо цяпе́р мы жывыя, калі вы стаіцё ў Госпадзе. Якую-ж падзяку можам мы даць Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся з вас перад Богам нашым, уначы і ўдзе́нь ве́льмі рупліва молячыся, каб бачыць аблічча вашае і дапоўніць нястачу ў ве́ры вашай? Сам жа Бог і Аце́ц наш і Госпад наш Ісус Хрыстос няхай пакіруе шлях наш да вас! А вас няхай Госпад напоўніць і ўзбагаціць узае́мнай любоўю і (любоўю) да ўсіх, як і мы да вас; каб узмацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў сьвятасьці перад Богам і Айцом нашым у прыход Госпада нашага ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Яго.
Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб вы, як прынялі ад нас, я́к трэба вам паступаць і дагаджаць Богу, дале́й узбагачаліся, бо ве́даеце, якія мы далі вам за́паведзі ад Госпада Ісуса. Бо гэта воля Божая, асьвячэньне вашае, каб вы ўзьдзе́ржываліся ад блуду, каб кожны з вас уме́ў захоўваць сваю судзіну ў сьвятасьці і чэсьці, а не ў пажадлівасьці юрлівай, як і пагане, што ня ве́даюць Бога; каб не рабілі праступку ні ў якім дзе́ле і не разжываліся з брата свайго: бо Госпад памсьціцца за ўсё гэтае, як і ране́й мы гаварылі вам і сьве́дчылі. Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасьці, але да сьвятасьці. Дык, хто адкідае, той адкідае не чалаве́ка, але Бога, Які і Духа Сьвятога нам даў. Аб любві-ж братняй няма патрэбы пісаць да вас, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго, дый вы гэтак і ро́біце з усімі братамі па ўсе́й Македоніі. Дык молім вас, браты, пасьпявайце бале́й і пільна дбайце аб тое, каб жыць ціха і рабіць сваё, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы запаве́далі вам; каб вы паступалі прыстойна перад тымі, што вонках, і ні ў чым ня ме́лі нястачы. Не хачу-ж пакінуць вас, браты, у няве́даньні аб паме́ршых, каб ня тужылі вы, як і іншыя, што ня маюць надзе́і. Бо, калі мы ве́рым, што Хрыстос паме́р І ўваскрос, дык і паме́ршых у Ісусе Бог прывядзе́ з Ім. Бо гэтае кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія астае́мся да прыходу Госпада, не апярэдзім тых, што паме́рлі, бо Сам Госпад з абвяшчэньнем, з голасам Архангела і трубой Божай зыйдзе з не́ба, і мёртвыя ў Хрысьце́ ўскрэснуць пе́ршымі; пасьля мы, што астае́мся жывымі, разам з імі падхоплены будзем на аблоках на спатканьне Госпаду на паве́тра, ды гэтак заўсёды з Госпадам будзем. Дык пацяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.
Аб часох жа і порах, браты, няма патрэбы пісаць да вас, бо вы самі напэўна ве́даеце, што дзе́нь Гасподні гэтак прыдзе, як злодзей уначы. Бо, як будуць гаварыць: мір і бясьпе́чнасьць, дык тагды неўспадзе́ўкі дасягне і загуба, быццам цяжарную мукі радзін, і яны не ўцякуць. Вы-ж, браты, ня ў це́мры, каб дзе́нь гэты захапіў вас, як злодзе́й: усе́ вы — сыны сьвятла́ і сыны дня: мы — ня (сыны) ночы, ані це́мры. Дык ня будзем-жа спаць, як і рэшта, але чувайма і будзьма цьвярозымі, бо тыя, што сьпяць, уначы сьпяць, і тыя, што ўпіваюцца, уначы́ ўпіваюцца. Мы-ж, сыны дня, будзьма цьвярозымі, апрануўшыся збро́яй ве́ры і любві і (узьдзе́ўшы) шалом надзе́і збаўле́ньня, бо Бог не празначыў нас на гне́ў, але на атрыманьне збаўле́ньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, што паме́р за нас, каб мы, ці чуваем, ці сьпім, з Ім разам жылі. Дзеля гэтага пацяшайце сябе́ ўзае́мна і навучайце адзін аднаго, як вы й робіце. Просім жа вас, браты, ве́даць тых, што працуюць у вас і пастаўле́ны над вамі ў Госпадзе дый вас навучаюць, і паважайце іх ве́льмі высока ў любві за дзе́ла іх; жыве́це ў згодзе міжы сабою. Молім вас такжа, браты, навучайце свавольных, пацяшайце маладушных, паддзе́ржывайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх. Глядзе́це, каб ніхто не ўздаваў каму злом за зло, але заўсёды шукайце дабра́ і адзін аднаму, і ўсім. Заўсёды радуйцеся. Нясупынна мале́цеся. За ўсё дзякуйце: бо гэткая аб вас воля Божая ў Хрысьце́ Ісусе. Духа не ўгашайце. Прароцтвамі не пагарджайце. Усё выпрабоўвайце; добрага дзяржыцеся. Узьдзе́ржывайцеся ад усякага роду зла. Сам жа Бог міру няхай асьве́ньціць вас у-ва ўсе́й поўні, і ўве́сь ваш дух, і душа, і це́ла няхай захава́ецца без заганы ў прыход Госпада Нашага Ісуса Хрыста. Ве́рны Той, што вас паклікаў; Ён і зробіць (гэта). Браты! Мале́цеся за нас! Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым. Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасланьне ўсім сьвятым братом. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.