Лявіт 11 глава

Кніга Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Толкование Феофилакта Болгарского

Пераклад Антонія Бокуна

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы ім:
2 «Прамоўце да сыноў Ізраіля, кажучы: “Вось жывёлы з усіх жывёлаў зямных, якіх можаце есьці.
3 Кожную жывёлу, у якой раздвоеныя капыты і глыбокі разрэз на капыце, і якая жуе жвайку, можаце есьці.
4 Але з тых, якія маюць раздвоеныя капыты і якія жуюць жвайку, ня ешце вярблюда, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для вас;
5 дамана, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для вас;
6 зайца, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для вас;
7 і сьвіньню, бо яна мае раздвоеныя капыты і на капытах разрэз глыбокі, але не жуе жвайку, нячыстая яна для вас.
8 Мяса іхняе ня ешце і падліны іхняй не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.
9 Гэта будзеце есьці з усяго, што ёсьць у вадзе: усё ў вадзе, што мае плаўнік і луску, ці ў моры, ці ў рацэ, можаце есьці.
10 Але ўсё, што ня маеплаўніка і лускі, ці ў моры, ці ў рацэ, з усяго, што плавае ў вадзе, і з усякай душы жывой, якая ў вадзе, агідныя яны для вас.
11 Яны будуць агідай для вас. Ня ешце мяса іхняга і высьцерагайцеся падліны іхняй.
12 Усе [жывёлы] ў вадзе, якія ня маюць плаўніка і лускі, будуць для вас агіднымі.
13 З птушак будзеце вы брыдзіцца, бо яны — агіда для вас, і ня будзеце есьці арла, грыфа і марскога арла,
14 каршука і сокала з [усімі] гатункамі яго,
15 крумкачоў усякіх гатункаў яго,
16 страуса, савы, чайкі і ястрабаў усякіх гатункаў,
17 пугача, рыбалова, ібіса,
18 лебедзя, пэлікана і сыча,
19 чаплі, буслоў усякіх гатункаў, удода і кажана.
20 Усе жужлы крылатыя, якія на чатырох [нагах], агіднымі будуць для вас.
21 Але спаміж жужлаў крылатых, якія ходзяць на чатырох [нагах], будзеце есьці толькі тых, у якіх галені вышэй за ногі, каб маглі скакаць па зямлі.
22 Спаміж іх ешце саранчу ўсіх гатункаў, салам усіх гатункаў, харголь усіх гатункаў і хагаб усіх гатункаў.
23 Усе іншыя гатункі жужлаў крылатых, якія на чатырох [нагах], будуць для вас агідныя.
24 Ад іх вы будзеце нячыстыя; хто дакранецца падліны іхняй, будзе нячысты да вечара.
25 І кожны, хто будзе несьці падліну іхнюю, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара.
26 Кожная жывёла, якая мае капыты раздвоеныя, але ня мае разрэзу і не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас. Кожны, хто дакранецца яе, станецца нячыстым.
27 З усіх жывёлаў, якія ходзяць на чтырох [нагах], тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя для вас. Кожны, хто дакранецца падліны іхняй, нячысты будзе да вечара.
28 І той, хто нёс бы падліну іхнюю, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара, бо яны нячыстыя для вас.
29 Спаміж малых жывёлін, якія рухаюцца па зямлі, нячыстыя крот, мыш і яшчаркі ўсіх гатункаў,
30 анака, хамэлеон, летаа, хамэт і тыншамэт.
31 Усе яны нячыстыя спаміж малых жывёлаў. Кожны, хто дакранецца падліны іхняй, будзе нячысты да вечара.
32 І ўсё, на што ўпадзе нейкая з іх нежывая, будзе нячыстым, усякі посуд драўляны, адзеньне, скура, мяшок, усякая рэч, якою карыстаюцца. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.
33 А посуд гліняны, у які штосьці з гэтага ўпала, будзе ўнутры нячысты, і яго трэба разьбіць.
34 Кожная страва, якую ясьцё, калі на яе выцячэ вада [з таго посуду], будзе нячыстай, і ўсякае пітво, якое п’юць з такога посуду, будзе нячыстае.
35 Усё, на што ўпадзе падліна іхняя, будзе нячыстым. Печ ці грубка маюць быць зьнішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.
36 Толькі крыніцы і студні, дзе ёсьць вада, будуць чыстымі. Але той, хто дакранецца падліны іхняй, будзе нячысты.
37 Калі нешта ад падліны іхняй упадзе на насеньне, якое маюць сеяць, яно будзе чыстае.
38 Але калі зерне было мокрае, і ўпала на яго падліна іхняя, яно будзе для вас нячыстым.
39 Калі здохне жывёла, якую вам можна есьці, той, хто дакрануўся падліны яе, будзе нячысты да вечара.
40 Калі хто зьесьць падліну тую, няхай памые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара. І той, хто будзе несьці падліну тую, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара.
41 Усякая малая жывёліна, якая поўзае па зямлі — гэта брыдота, нельга яе есьці.
42 Усё, што поўзае па зямлі на жываце, і ўсё, што ходзіць на чатырох нагах, або мае шмат ног, або цягнецца па зямлі, ня ешце гэтага, бо гэта брыдота.
43 Не паганьце душаў вашых усялякімі паўзунамі і не дакранайцеся да іх, каб ня сталіся нячыстымі.
44 Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш. Асьвячайцеся і будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты! Не паганьце душаў вашых нейкім паўзуном, які поўзае па зямлі,
45 бо Я — ГОСПАД, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць для вас Богам. Будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты!
46 Гэта вось закон адносна быдла і птушак і ўсякай душы жывой, якая жыве ў вадзе і поўзае па зямлі,
47 каб вы адрозьнівалі, што чыстае, а што нячыстае, і [ведалі], што маеце есьці, а што нельга есьці».


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.