Святарская 11 глава

Кніга Святарская
Пераклад Чарняўскага 2017 → Толкование Феофилакта Болгарского

Пераклад Чарняўскага 2017

1 І прамовіў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
2 «Вось што кажыце сынам Ізраэля: “Вось жывёлы з усіх жывёл зямных, якіх можаце есці:
3 кожную жывёліну, у якой цалкам раздвоеныя капыты і на іх глыбокі разрэз і якая жуе жвайку, тую можаце есці.
4 З тых, што маюць раздвоеныя капыты ці што жуюць жвайку, не ежце такіх: вярблюда, бо ён жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў, лічы яго нячыстым,
5 тушканчыка, які жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў, — нячысты ён,
6 таксама зайца, бо ён жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў,
7 і свінню, якая, хаця мае цалкам раздвоеныя капыты, не жуе жвайку; нячыстая яна для цябе.
8 Іх мясам не карыстайцеся і да падліны іх не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.
9 Вось тыя, што родзяцца ў вадзе і якіх можна есці: кожнага з тых, што маюць плаўнікі і луску, ці ён з мора, ці з ракі, ці з ручая, есці можаце.
10 Якія ж з іх не маюць плаўнікоў і лускі, з ліку паўзуноў або іншых якіх жывёл, якія рухаюцца ў вадзе, гэта паганае для вас
11 і павінны быць брыдотай. Не ежце іх мяса ды высцерагайцеся іх падліны.
12 Усе жывуны вадзяныя, якія не маюць плаўнікоў і лускі, будуць для вас нячыстымі.
13 Гэта тыя з птушак, якіх не павінны вы есці і якіх трэба высцерагацца: арла, грыфа і марскога арла,
14 каршука і сокала з родам яго,
15 усякіх гатункаў крумкачоў,
16 страуса, савы, чайкі, ды ястраба з родам яго,
17 пугача, рыбалова, ібіса,
18 лебедзя, пелікана і сыча,
19 чаплі, бусла з родам яго, удода і кажана.
20 Усе жывуны крылатыя, што ходзяць на чатырох нагах, нячыстыя будуць для вас.
21 Тых, хто ходзіць на чатырох нагах, але мае голені даўжэйшыя за ногі, якімі ён скача па зямлі,
22 вы можаце есці; гэта саранча з родам яе, ды салам з родам яго, харгол і хагаб з родам яго.
23 Усе іншыя гатункі чатырохногіх крылатых паўзуноў будуць для вас нячыстыя.
24 І хто дакранецца да іх мярцвячыны, апаганіцца і будзе нячысты да вечара.
25 І калі б яму выпала несці нейкую мярцвячыну, хай вымые адзенне сваё і будзе нячысты да захаду сонца.
26 Кожная жывёла, якая мае капыт, але не раздвоены, ды не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас, дык хто дакранецца да яе, станецца нячыстым.
27 З усіх жывёл чатырохногіх тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя будуць для вас; кожны, хто дакранецца да мярцвячыны іх, нячысты будзе да вечара.
28 Дык кожны, хто нёс бы мярцвячыну іх, хай вымые адзенне сваё і будзе нячысты да вечара, бо ўсе яны нячыстыя для вас.
29 Паміж малых жывёлін, якія рухаюцца па зямлі, нячыстымі хай лічацца гэтыя: ласка, мыш ды яшчаркі з родам іх,
30 землярыйка, чарапаха, стэліён, крот і хамелеон.
31 Усе гэтыя жывёлы нячыстыя. Хто дакранецца да іх мярцвячыны, будзе нячысты аж да вечара.
32 Калі з гэтай мярцвячыны ўпадзе што-колечы, ці то на посуд драўляны, ці на адзенне, ці на скуру, ці на мяшок, то ўсякая рэч, катораю карыстаюцца, будзе нячыстай. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.
33 А посуд гліняны, у які штосьці з гэтага ўпала, будзе нячысты і яго трэба разбіць.
34 Кожная страва, якую ўжываеце, калі б на яе пацякла вада з таго посуду, будзе нячыстай, ды ўсякае пітво, якое п’юць з такога посуду, будзе нячыстым.
35 На што толькі нешта з гэтае мярцвячыны ўпадзе, тое будзе нячыстым; печ ці грубка маюць быць знішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.
36 Толькі крыніцы і студні ды ўсё, дзе сабрана вада, будзе чыстым. Але той, хто дакранецца да той мярцвячыны, будзе нячысты.
37 Калі што-колечы ад падліны ўпадзе на насенне, не спаганіць яго,
38 але калі б якое насенне намачыла вада і такога дакранулася штосьці ад мярцвячыны, то яно будзе для вас нячыстым.
39 Калі здохне жывёла, якую вам можна есці, дык калі б хто дакрануўся да мярцвячыны, будзе нячысты да вечара,
40 і хто з’есць штосьці з яе або панясе падліну яе, хай памые адзенне сваё; і будзе нячысты да вечара.
41 Усякая жывёліна, якая поўзае па зямлі, — гэта брыдота, нельга яе ўжываць у ежу.
42 Што-колечы, што поўзае на жываце і на чатырох нагах, або мае многа ног, або цягнецца па зямлі, не ежце гэтага, бо гэта брыдота.
43 Не паганьце душ вашых якімі-небудзь паўзунамі і не дакранайцеся ні да каго з іх, каб не сталіся нячыстымі.
44 Я — Госпад, Бог ваш. Асвячайцеся ды будзьце святымі, бо Я — святы! Не паганьце душ вашых якім-колечы паўзуном, які поўзае па зямлі,
45 бо Я — Госпад, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам. Будзьце святымі, бо Я — святы!
46 Гэта вось закон адносна жывёлы і птушак ды ўсякага жывуна, які рухаецца ў вадзе і поўзае па зямлі,
47 каб адрознівалі, што чыстае, а што нячыстае, ды ведалі, што маеце есці, а чым маеце брыдзіцца”».


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.