Лявіт 15 глава

Кніга Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Учебной Библии МакАртура

Пераклад Антонія Бокуна

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
2 «Аб’явіце сынам Ізраіля і скажыце ім: “Мужчына, які мае выцёкі з цела свайго, нячысты.
3 Нячыстасьць яго ў выцёках ягоных, калі цела ягонае дапускае выцёк, ці калі затрымоўваецца выцёк у целе; гэта нячыстасьць ягоная.
4 Кожны ложак, на якім ляжаў той, хто мае выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсякая рэч, на якой ён сядзеў.
5 Кожны, хто дакранецца ложка ягонага, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
6 Той, хто сеў на рэчы, на якіх сядзеў той, хто мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
7 Той, хто дакранецца цела чалавека, які мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
8 Калі той, хто мае выцёкі, плюне на [чалавека] чыстага, той няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
9 Кожнае сядло, на якім сядзеў [чалавек], што мае выцёкі, будзе нячыстае.
10 Кожны, хто дакранецца чаго-колечы, што той, хто мае выцёкі, меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
11 Кожны, да каго дакранецца той, хто мае выцёкі, не памыўшы перш рукі ў вадзе, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
12 Кожны посуд гліняны, да якога дакранаецца той, хто мае выцёкі, няхай будзе пабіты, а кожны посуд драўляны няхай будзе вымыты ў вадзе.
13 Калі той, хто мае выцёкі, паздаравее ад выцёкаў, тады няхай адлічыць сем дзён на ачышчэньне сваё, і, памыўшы адзеньне сваё і цела сваё ў жывой вадзе, будзе чысты.
14 У восьмы дзень возьме дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў, і пойдзе перад аблічча ГОСПАДА да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і аддасьць іх сьвятару.
15 Сьвятар складзе іх у ахвяру: аднаго — у ахвяру за грэх, другога — у ахвяру цэласпаленьня, і перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за выцёкі ягоныя.
16 Калі ў каго выльецца насеньне, няхай ён абмые вадою ўсё цела сваё, і будзе нячысты да вечара.
17 І ўсякае адзеньне, і ўсякую скуру, на якую выльецца насеньне, трэба вымыць вадою, і яны будуць нячыстыя да вечара.
18 Калі мужчына ляжа з жанчынаю, і ў яго выльецца насеньне, няхай абодва абмыюцца ў вадзе, і будуць нячыстыя да вечара.
19 Калі жанчына мае цячэньне крыві з цела свайго, і гэта месячніца, яна сем дзён будзе ў нячыстасьці сваёй. Кожны, хто яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,
20 і ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні нячыстасьці сваёй, будзе нячыстым.
21 Хто дакранецца ложка ейнага, няхай памые адзеньне сваё і вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
22 Кожны, хто дакранецца рэчаў, на якіх яна сядзела, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
23 Калі хто дакранецца таго, што ляжала на ложку яе, або на рэчах, на якіх яна сядзела, будзе нячысты да вечара.
24 Калі мужчына ляжа тады з ёю, нячыстасьць ейная будзе на ім, і ён будзе нячысты сем дзён. Кожны ложак, на які ён ляжа, будзе нячысты.
25 Калі жанчына церпіць цячэньне крыві многія дні і ня ў час месячніцы, або калі пасьля месячніцы кроў не спыняецца, яна нячыстая ўсе гэтыя дні; як доўга будзе мець нячыстасьць сваю, будзе нячыстая.
26 Кожны ложак, на якім будзе ляжаць яна падчас цячэньня крыві сваёй, і рэчы, на якіх будзе сядзець, будуць нячыстымі, як нячыстыя падчас месячніцы яе.
27 Хто дакранецца іх, будзе нячысты, няхай памые адзеньне сваё ў вадзе, і вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
28 Калі кроў спыніцца цячы, няхай яна адлічыць сем дзён, і потым будзе чыстая.
29 У восьмы дзень возьме яна за сябе дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў і прынясе сьвятару да ўваходу ў Намёт Спатканьня.
30 Сьвятар складзе аднаго ў ахвяру за грэх, а другога — на цэласпаленьне, і перапросіць за яе сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за цячэньне нячыстасьці яе.
31 Аддзяляйце сыноў Ізраіля ад нячыстасьці іхняй, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, паганячы Сялібу Маю, якая ёсьць сярод іх.
32 Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі насеньня і стаецца нячыстым,
33 і адносна жанчыны, якая мае месячніцу, і адносна мужчыны і жанчыны, якія маюць выцёкі, і адносна мужчыны, які ляжа з жанчынай нячыстай”».


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.