Святарская 15 глава

Кніга Святарская
Пераклад Чарняўскага 2017 → Учебной Библии МакАртура

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Далей прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
2 «Аб’явіце сынам Ізраэля і скажыце ім: мужчына, які мае выцёкі семя, будзе нячысты.
3 Хай лічыцца, што загана яго палягае або на тым, што цела яго дапускае свой выцёк, або на тым, што ўстрымліваецца ад выцёку, гэта нячыстасць яго.
4 Кожны ложак, на якім ён ляжаў маючы выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсё, дзе ён сядзеў.
5 Калі хтосьці з людзей дакранецца да яго ложка, павінен памыць адзенне сваё і вымыцца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
6 Калі хто сеў там, дзе сядзеў той, хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
7 Той, хто дакранецца да цела яго, маючага выцёкі, хай памые адзенне сваё, сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
8 Калі гэткі чалавек плюне на таго, хто чысты, няхай ён вымые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
9 Кожнае сядло, на якім ён сядзеў, маючы выцёкі, будзе нячыстае.
10 Кожны, хто дакранецца да чаго-колечы, што той, хто мае выцёкі семя, меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, хай памые адзенне сваё, сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
11 Таксама кожны, да каго дакранецца той, хто мае выцёкі, не памыўшы перш рукі, хай вымые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
12 Кожны посуд гліняны, да якога ён дакранаецца, маючы выцёкі, хай будзе пабіты, а кожны посуд драўляны хай будзе вымыты вадой.
13 Калі паздаравее той, хто церпіць ад такой хваробы, то хай адлічыць сем дзён на сваё ачышчэнне і, памыўшы адзенне сваё і ўсё цела ў жывой вадзе, будзе чысты.
14 У восьмы дзень хай возьме дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, і пойдзе перад аблічча Госпада да дзвярэй палаткі сустрэчы, і аддасць іх святару.
15 Той складзе аднаго ў ахвяру за грэх, другога ў ахвяру цэласпалення, і такім чынам ачысціць яго святар перад Госпадам, і будзе ён ачышчаны ад выцёкаў семя свайго.
16 Мужчына, з якога вывяргаецца семя, хай абмые вадою ўсё цела сваё; і будзе нячысты да вечара.
17 Адзенне і скуру, на якую выльецца семя, трэба вымыць вадою; і яны будуць нячыстыя да вечара.
18 Калі мужчына ляжыць з жанчынаю і ў яго выльецца семя, хай абодва абмыюцца вадою і будуць нячыстыя да вечара.
19 Жанчына, якая мае штомесячную крывацечу, хай яна адасобіцца на сем дзён. Кожны, хто да яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,
20 ды ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні адасаблення свайго, будзе нячыстым.
21 Хто дакранецца да ложка яе, хай памые адзенне сваё і сам абмыецца вадою; і будзе нячысты да вечара.
22 Кожны, хто дакранецца да любой рэчы, на якой яна сядзела, хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
23 Калі хто дакранецца да чагосьці, што ляжала на яе ложку, або да сядзення, на якім яна сядзела, будзе нячысты да вечара.
24 Калі які мужчына ляжа з ёю ў час штомесячнай крывацечы, то ён будзе нячысты сем дзён; кожны ложак, на якім ён спаў, будзе нячысты.
25 Калі жанчына церпіць цячэнне крыві многія дні, ды не ў час месячніцы, або калі пасля месячніцы кроў не спыняецца і цячэ, тады яна, як доўга будзе мець гэтую хваробу, будзе нячыстая як у час месячніцы.
26 Кожны ложак, на якім будзе спаць у час хваробы сваёй, і рэч, на якой будзе сядзець, будуць нячыстымі.
27 Хто дакранецца да іх, занячысціцца, дык хай памые адзенне сваё вадою, і сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
28 Калі кроў затрымаецца і перастане цячы, хай адлічыць яна сем дзён; і потым будзе чыстая.
29 Восьмага дня возьме яна за сябе дзвюх туркавак або двух маладых галубоў і прынясе святару да дзвярэй палаткі сустрэчы.
30 Святар аднаго складзе ў ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэласпалення. Гэта ачысціць яе перад Госпадам ад цячэння нячыстасці яе.
31 Дык вучыце сыноў Ізраэля, каб высцерагаліся нячыстасці, каб не памерлі ў нячыстасці сваёй, паганячы дом Мой, які ёсць паміж імі.
32 Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі семя і з якога вывяргаецца семя, і ён стаецца нячыстым,
33 і [адносна той], якая аддзяляецца ў час месячніцы або якая несупынна мае крывацечу, а таксама [адносна] чалавека, які спіць з нячыстай».


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.