Псальмы 108 псалом

Псальмы
Пераклад Антонія Бокуна → Новый Библейский Комментарий

Пераклад Антонія Бокуна

1 Сьпеў. Псальм Давіда.
2 Умацаванае сэрца маё, Божа! Буду сьпяваць і выслаўляць [Цябе] ў славе маёй!
3 Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне!
4 Буду славіць Цябе сярод людзей, ГОСПАДЗЕ, і буду выслаўляць Цябе сярод народаў,
5 бо па-над неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў.
6 Узьвялічся па-над неба, Божа, і па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая!
7 Каб былі ўратаваныя ўмілаваныя Твае, збаў правіцай Тваёй і адкажы мне!
8 Бог сказаў у сьвятасьці Сваёй: «Я ўзрадуюся! Я падзялю Сыхем і даліну Сукот разьмераю.
9 Мой Гілеад, Мой Манаса, і Эфраім — моц галавы Маёй! Юда — заканадаўца Мой!
10 Мааў — міса для мыцьця Майго; на Эдом кіну сандалы Мае; над [зямлёй] Філістынскай радасна гукаць буду!»
11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто завядзе мяне ў Эдом?
12 Ці ж ня Ты, Божа, нас пакінуў і не выходзіш, Божа, з войскамі нашымі?
13 Дай нам успамогу ў прыгнечаньні [нашым], бо марны ратунак чалавечы.
14 З Богам мы зьявім сілу, і Ён растопча прыгнятальнікаў нашых.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.