Псальмы 108 псалом

Кніга Псальмаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Новый Библейский Комментарий

Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 Песьня, псальм Давідавы.
2 Сэрца маё ўмацавалася, Божа! Буду пяяць і іграць я. Паўстань, май чэсьць!
3 Збудзіся, псалтыр і гусьлі! Я сьвітаньне збуджу!
4 Буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, і пяяці Табе між паганамі!
5 Бо вышэй за нябёсы ласка Твая і праўда Твая да аблокаў.
6 Панад неба ўзьніміся, о Божа, і хай слава Твая над усенькай лунае зямлёй!
7 Каб тыя, каго Ты ўлюбіў, былі збаўлены, успамажы правіцай Тваёй і паслухай мяне!
8 Бог казаў у Сьвятыні Сваёй: Перамагу і Сіхем падзялю Я і даліну Сукот разьмераю.
9 Мой Галаад, мой Манасса, і Яхрэм — цьвярдыня Маёй галавы, Юда — бэрла Маё!
10 Моаб — чара Мая ўмывальная; на Эдом Я вобуй скіну; над зямлёй Хвілістынаў буду радасна клікаць!
11 Хто ўвядзе мяне ў места ўмацаванае? Хто давядзе мяне да Эдому?
12 Ці ня Ты, о Божа, Які нас адкінуў, ці ня выйдзеш, о Божа, разам з войскамі нашымі?
13 Дай успамогу нам проці ворага, бо марная помач людзей.
14 З Богам мы сілу пакажам, і Ён ворагаў нашых растопча.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.