Марка 9 глава

Евангелле паводле святога Марка
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».
Перамяненне Езуса

2 Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі.
3 Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць.
4 І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам.
5 Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
6 Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся.
7 І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».
8 Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.
Пытанне аб прыйсці Іллі

9 Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.
10 Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
11 І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
12 Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны.
13 Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».
Аздараўленне эпілептыка

14 Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.
15 Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго.
16 Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?»
17 Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы.
18 Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі».
19 Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».
20 Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
21 Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства.
22 Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам».
23 Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць».
24 Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю».
25 Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
26 І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!»
27 Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.
28 Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?»
29 А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».
Другое прадказанне мукі і ўваскрасення

30 Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў.
31 Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні.
32 Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
Хто большы?

33 Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?»
34 Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
35 Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх».
36 Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
37 «Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».
У імя Езуса

38 Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі».
39 А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне.
40 Бо хто не супраць нас, той за нас.
41 А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
Спакуса

42 Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
43 Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны.
44 [отсутсвует]
45 І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену.
46 [отсутсвует]
47 І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену,
48 дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.
49 Бо кожны будзе пасолены агнём.
50 Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.