Апакаліпсіс 8 глава

Апакаліпсіс святога Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Комментарии Скоуфилда

Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Сёмая пячатка: ціша ў небе

1 Калі адкрыў сёмую пячатку, у небе ўсталявалася ціша дзесьці на паўгадзіны.
2 І я ўбачыў сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і было дадзена ім сем трубаў.
3 І прыйшоў іншы анёл, стаў пры алтары, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат кадзіла, каб ён прынёс яго з малітвамі ўсіх святых на залаты алтар перад тронам.
4 Дым кадзіла з малітвамі святых узняўся з рукі анёла перад Богам.
5 Анёл узяў кадзільніцу, напоўніў яе агнём з алтара, кінуў на зямлю, і пачаліся гром, галасы, маланкі і землятрус.
Бачанне трубаў. Першыя чатыры трубы

6 Тады сем анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся, каб затрубіць.
7 І затрубіў першы. Узнік град і агонь, змяшаны з крывёй, і быў кінуты на зямлю. Была спалена траціна зямлі, была спалена траціна дрэў, і ўся зялёная трава была спалена.
8 Затрубіў другі анёл. І як бы вялікая гара, якая палае ў агні, была кінутая ў мора. Траціна мора стала крывёй,
9 загінула траціна марскіх стварэнняў, што мелі жыццё, і была загублена траціна караблёў.
10 Затрубіў трэці анёл. І ўпала з неба вялікая зорка, якая палала, быццам паходня, і ўпала на траціну рэк і на крыніцы вады.
11 А імя гэтай зоркі — Палын. Траціна водаў стала палыном, і многія людзі паміралі ад водаў, бо яны сталі горкімі.
12 Затрубіў чацвёрты анёл. І ўдараная была траціна сонца, траціна месяца і траціна зорак, так што траціна іх зацьмілася і дзень не з’яўляўся на сваю траціну, таксама і ноч.
13 Я ўбачыў і пачуў аднаго арла, які ляцеў пасярод неба і гучна казаў: «Бяда, бяда, бяда тым, хто жыве на зямлі ад трубных галасоў астатніх трох анёлаў, якія павінны затрубіць!»

Комментарии Скоуфилда

К этой главе нет комментариев.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.