Апакаліпсіс 20 глава

Апакаліпсіс святога Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Толкование Иоанна Златоуста

Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Тысячагадовае панаванне Хрыста

1 Затым я ўбачыў анёла, які сыходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
2 Ён схапіў цмока, змея старадаўняга, які ёсць д’яблам і сатаною, і звязаў яго на тысячу гадоў.
3 Укінуў яго ў бездань, замкнуў і апячатаў яе, каб не зводзіў больш народы, пакуль не пройдзе тысяча гадоў. А пасля гэтага ён павінен быць развязаны на кароткі час.
4 Я ўбачыў таксама троны і тых, хто сядзеў на іх і каму дадзена было судзіць, і душы сцятых за сведчанне Езуса і за Божае слова. Яны не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на сваё чало і на сваю руку. Яны ажылі і пачалі валадарыць з Хрыстом тысячу гадоў.
5 А іншыя памерлыя не ажылі, пакуль не прайшло тысяча гадоў. Гэта першае ўваскрашэнне.
6 Шчаслівы і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрашэнні! Другая смерць не будзе мець над імі ўлады, бо яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
Апошняя бітва і суд

7 Калі ж міне тысяча гадоў, сатана будзе выпушчаны са сваёй вязніцы,
8 і выйдзе зводзіць народы на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на бітву, а лік іх — як марскіх пяшчынак.
9 Яны выйшлі на прастору зямлі і акружылі лагер святых і ўмілаваны горад. Аднак з неба сышоў агонь і паглынуў іх.
10 А д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серы, дзе і звер, і фальшывы прарок будуць мучыцца днём і ноччу на векі вякоў.
11 Затым убачыў я вялікі белы трон і таго, хто сядзеў на ім, і ад аблічча якога ўцякалі неба і зямля, і не знайшлося ім месца.
12 Я ўбачыў памерлых, малых і вялікіх, якія стаялі перад тронам, і кнігі былі разгорнутыя. Разгарнулася таксама іншая кніга — кніга жыцця. Памерлыя былі асуджаны згодна з напісаным у кнігах, паводле іхніх учынкаў.
13 Тады мора аддало памерлых, якія былі ў ім, і смерць, і адхлань аддалі памерлых, якія былі ў іх. І судзілі кожнага паводле ягоных учынкаў.
14 А смерць і адхлань былі ўкінутыя ў вогненнае возера. Вогненнае возера — гэта другая смерць.
15 Калі некага не знайшлі запісаным у кнізе жыцця, той быў укінуты ў вогненнае возера.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.