Адкрыццё 20 глава

Адкрыццё Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Толкование Иоанна Златоуста

Пераклад Чарняўскага 2017

1 І ўбачыў я анёла, што сыходзіў з неба і меў у руцэ ключ ад бяздоння і вялікі ланцуг.
2 І схапіў ён дракона, змея старадаўняга, які ёсць д’ябал і шатан, і звязаў яго на тысячу гадоў,
3 і кінуў яго ў бяздонне, і замкнуў яго, і запячатаў яго, каб не зводзіў больш народы, пакуль не міне тысяча гадоў. А пасля ён мае быць вызвалены на кароткі час.
4 І ўбачыў я пасады, і паселі на іх тыя, якім дадзена права судзіць, і душы тых, якім сцялі галовы за сведчанне аб Ісусе і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зверу і вобразу яго, якія не мелі меціны на чолах і руках сваіх. І ажылі яны, і валадарылі разам з Хрыстом тысячу гадоў.
5 Рэшта памерлых не ажыла, пакуль не скончылася тысяча гадоў. Гэта ёсць першае ўваскрэсенне.
6 Шчасны і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні! Над імі другая смерць не мае ўлады, але яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
7 І, калі міне тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан са сваёй вязніцы,
8 і выйдзе ўводзіць у зман народы, якія на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, і збіраць іх на бой, а лік іх, як пяску марскога.
9 І яны ўзышлі на прастор зямлі і акружылі лагер святых і іх умілаваны горад. Але зляцеў ад Бога агонь і знішчыў іх.
10 І д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе і звер, і фальшывы прарок, і мучыцца будуць яны днём і ўночы на векі вечныя.
11 І ўбачыў я пасад вялікі белы і Таго, Які сядзеў на ім, перад абліччам Якога ўцяклі зямля і неба, і не знайшлося ім месца.
12 І ўбачыў я перад пасадам памерлых, вялікіх і малых, што стаяць перад Богам. І былі адкрыты кнігі. І была адкрыта іншая кніга, кніга жыцця. І быў суд над памерлымі за тое, што напісана было ў кнігах, паводле іх ўчынкаў.
13 І аддала мора памерлых, якія ў ім былі. Падобным спосабам аддалі смерць і пекла сваіх памерлых, якія ў іх былі. І кожны быў суджаны паводле сваіх учынкаў.
14 І смерць і пекла былі ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — другая смерць.
15 І хто не знайшоўся запісаны ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.