Мацьвея 2 глава

Евангеля подле сьвятога Мацьвея
Пераклад Яна Станкевіча → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Яна Станкевіча

1 Як жа нарадзіўся Ісус у Бэтлееме Юдэйскім, за дзён караля Гірада, вось, мудрыцы з усходу прыбылі да Ерузаліму й сказалі:
2 «Ідзе кароль Юдэйскі, што нарадзіўся? бо мы бачылі на ўсходзе зорку Ягоную і прышлі пакланіцца Яму».
3 Пачуўшы гэта, кароль Гірад парушыўся, і ўвесь Ерузалім ізь ім.
4 І, зьбершы ўсіх найвышшых сьвятароў а кніжнікаў люду, распытаваў у іх, ідзе меў Хрыстос нарадзіцца.
5 І яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісаў прарока:
6 "І ты, Бэтлееме, зямля Юдзіна, ані ня меншы памеж правадыроў Юдзіных, бо зь цябе выйдзе правадыр, што будзе пасьціць люд Мой — Ізраеля’».
7 Тады Гірад патай прыгукаў мудрыцоў і дакладна ў іх выведаў праз час, калі зьявілася зорка.
8 І, пасылаючы іх да Бэтлеему, сказаў: «Ідзіце і ўсё дакладна даведайцеся празь Дзецянё; і, як толькі знойдзеце Яго, накажыце імне, каб і я прышоў а пакланіўся Яму».
9 Яны ж выслухалі караля й пайшлі. І вось, зорка, што яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, аж пакуль, прыйшоўшы, ня стала над местам, ідзе было Дзецянё.
10 І, абачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцяй надзвычайнай.
11 І, увыйшоўшы ў хату, абачылі Дзецянё з Марыяю, Маткаю Ягонай, і, паўшы, пакланіліся Яму; і адчыніўшы скарбы свае, абраклі Яму дары: золата, кадзіла а міру.
12 І, перасьцярэжаныя Богам у сьне, каб не зварачаліся да Гірада, адышлі яны іншай дарогаю да краю свайго.
13 І, як яны адышлі, вось, ангіл Спадароў зьявіўся Язэпу ў сьненьню, кажучы: «Устань, вазьмі Дзецянё а Маці Ягоную, і ўцякай да Ягіпту, і будзь там, пакуль Я не скажу табе; бо Гірад будзе шукаць Дзецяняці, каб загубіць Яго».
14 І. ён устаў, узяў Дзецянё а Маці Ягоную ночы, і здаліўся да Ягіпту.
15 І быў там аж да сьмерці Гірада, каб спаўнілася сказанае Спадаром прарокам: «Зь Ягіпту Я прыгукаў Сына Свайго».
16 Тады Гірад, абачыўшы, што мудрыцы насьміяліся зь яго, надта загневаўся, і паслаў, і забіў усі дзеці, што былі ў Бэтлееме а ў вусіх аколіцах яго, ад двух год і ніжэй, подле часу, каторы ён распытаў у мудрыцоў.
17 Тады спаўнілася сказанае Ярэмам прарокам:
18 «Быў чуваць голас у Раме, галашэньне а плач а шмат жалобы: Рахіль плача па дзяцёх сваіх і не даецца пацешыць, бо іх няма».
19 Але, як Гірад памер, вось, ангіл Спадароў зьявіўся ў сьненьню Язэпу ў Ягіпце,
20 Кажучы: «Устань, вазьмі дзецянё а маці Ягоную і йдзі да зямлі Ізраелявае, бо памерлі тыя, што шукалі жыцьця Дзецяняці».
21 І ён устаў, і ўзяў Дзецянё а Маці Ягоную, і прышоў да зямлі Ізраелявае.
22 Але пачуўшы, што каралюе ў Юдэі Архелай, — замест Гірада, бацькі свайго, — пабаяўся йсьці туды; а ў сьненьню перасьцярэжаны, адыйшоў да зямлі Ґалілейскае.
23 І прыйшоў, і жыў у месьце, званым Назарэт, каб спаўнілася сказанае прарокамі, што Ён Назарэцянінам будзе названы.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.