Матауша 2 глава

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша
Пераклад П. Татарыновіча → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад П. Татарыновіча

1 Дык калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Гэрада, вось Мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалім
2 і кажуць: Дзе ёсьць што нарадзіўся кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку ягону на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца яму.
3 Пачуўшы гэта кароль Гэрад, стрывожыўся, а з ім увесь Ерузалім.
4 І сабраўшы ўсіх старшых святараў і кніжнікаў народу, даведваўся ад іх, дзе меў Хрыстус нарадзіцца.
5 Яны-ж сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока (Міх. 5:2).
6 «І ты, Бэтлееме, зямля Юдэйская, нічым ня меншы спаміж княстваў Юдэйскіх, бо з цябе выйдзе правадыр, што кіраваціме народ мой Ізраэльскі».
7 Тады Гэрад тайком паклікаўшы Мудрацоў, рупна выведаў ад іх час з’яўлення ім зоркі.
8 І пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзеце й распытайце добра аб дзіцяці і, калі знойдзеце, паведамце мне, каб і я пайшоўшы, пакланіўся яму.
9 Яны, выслухаўшы караля, адыйшлі. І вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, йшла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы ня супынілася над мейсцам, дзе было дзіця.
10 А ўбачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся надта вялікай радасцю.
11 І, ўвайшоўшы ў дом, знайшлі дзіця з ягонай маткай Марыяй і ўпаўшы, пакланіліся яму; ды адчыніўшы скарбы свае, ахвяравалі яму дары: золата, кадзідла й мірру.
12 І, атрымаўшы адказ у сьне, каб не вярталіся да Гэрада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
13 Калі-ж яны ад’ехалі, вось анел Божы з’явіўся ў сьне Язэпу, кажучы: Устань, вазьмі дзіця і матку яго ды ўцякай у Егіпет і будзь там дакуль не скажу табе; бо Гэрад шукаціме дзіцяці, каб загубіць яго.
14 Ён, устаўшы, ўзяў уначы дзіцятка й матку ягону ды пайшоў у Егіпет.
15 І быў там аж да Гэрадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які гавора (Оз. 11:1): «З Егіпту паклікаў я сына майго».
16 Тады Гэрад, бачачы, што мудрацы звялі яго, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, выбіў ўсіх дзяцей, што былі ў Бэтлееме ды ў ва ўсіх аколіцах яго ад двух гадоў і ніжэй, згодна з часам, аб якім быў ад мудрацоў дапытаўся.
17 Тады збылося запавешчанае праз прарока Ерэмія (31−15), кажучага:
18 «Голас быў чутны ў Раме, пляць наўзрыд вялікі; Рахэля галосячая па дзецях сваіх не хацела суняцца, бо іх нямашака».
19 Па смерці-ж Гэрада, вось анел Госпадаў з’явіўся ў сьне Язэпу ў Егіпце
20 й кажа: Устань, вазьмі дзіцятка й матку ягону ды йдзі ў зямлю Ізраэляву, памярлі бо тыя, што шукалі душы дзіцяці.
21 Ён устаўшы, ўзяў дзяцятка й матку ягону ды прыйшоў у зямлю Ізраэляву.
22 Але пачуўшы, што ў Юдэі панаваў Архэляй на месцы бацькі свайго Гэрада, пабаяўся туды йсці й, перасцярэжаны ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.
23 І, прыйшоўшы, аселіўся ў месьце, званым Назарэт, каб споўнілася запавешчанае праз прарокаў: Назарэем будзе звацца. (Судз. 13:5).


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.