Другапраўе 34 глава

Пятая кніга Масеява: Другапраўе
Пераклад Яна Станкевіча → Новый Библейский Комментарий

Пераклад Яна Станкевіча

1 І ўзышоў Масей з раўнінаў Моаўскіх на гару Нево, на верх Пізґі, каторая перад відам Ерыхону, і паказаў яму СПАДАР усю зямлю Ґілеад аж да Дану,
2 І ўсю Неффалімову, зямлю Яхрэмаву а Манасаву, і ўсю зямлю Юдзіну аж да адзадняга мора,
3 І паўдня, і раўніну аколіцы Ерыхону, места пальмаў, аж да Цоару.
4 І сказаў яму СПАДАР: «Во зямля, праз каторую Я прысягаў Абрагаму, Ісаку а Якаву, кажучы: "Насеньню твайму дам яе". Я даў табе абачыць яе ачыма сваімі, але туды не пярэйдзеш».
5 І памер там Масей, слуга СПАДАРОЎ, у зямлі Моаўскай, подле слова СПАДАРОВАГА.
6 І пахаваў яго ў даліне ў зямлі Моаўскай супроці Веф-Пеору, і ніхто ня ведае магілы ягонае аж дагэтуль.
7 І Масею было сто дваццаць год, як ён памер; не пацямнела вока ягонае, і ня высілілася сьвежасьць ягоная.
8 І плакалі сынове Ізраелявы па Масею на раўнінах Моаўскіх трыццаць дзён. І скончыліся дні плачу а жалобы па Масею.
9 І Ігошуа Нунянок напоўніўся духа мудрасьці, бо Масей рукі свае ўзлажыў на яго, і слухалі яго сынове Ізраелявы, і рабілі так, як расказаў СПАДАР Масею.
10 І не паўстаў яшчэ ў Ізраелю прарока, падобны да Масея, каторага СПАДАР знаў відам у від,
11 Подле ўсіх знакоў а чудосаў, каторыя зрабіць паслаў яго СПАДАР у зямлі Ягіпецкай Фараону а ўсім слугам ягоным а ўсёй зямлі ягонай,
12 І подле рукі дужое, і подле вялікага страху, каторыя Масей учыніў перад ачыма ўсяго Ізраеля.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.