2 Цароў 24 глава

Другая кніга Цароў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Комментарии Давида Стерна

Пераклад Чарняўскага 2017

1 У дні яго выйшаў Набукаданосар, цар Бабілона, і Ёакім стаў яго паслугачом на тры гады, і пасля ўзбунтаваўся супраць яго.
2 І Госпад паслаў на яго дружыны халдэяў, і дружыны Сірыі, і дружыны Мааба, і дружыны сыноў Амона; і паслаў іх на Юдэю, каб знішчыць яе паводле слова Госпада, якое Ён гаварыў праз паслугачоў Сваіх, прарокаў.
3 А сталася гэтае дзеля гневу Госпада на Юдэю, каб адкінуць яе ад аблічча Свайго дзеля ўсіх грахоў Манасы, якія ён рабіў,
4 і дзеля нявіннай крыві, якую праліў і напоўніў Ерузалім крывёю нявіннаю; і таму не захацеў Госпад прабачыць.
5 А астатнія дзеянні Ёакіма і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
6 І супачыў Ёакім з бацькамі сваімі; і замест яго стаў царом Ёахін, сын яго.
7 І цар Егіпецкі не выходзіў ужо са сваёй зямлі, бо цар Бабілона заваяваў усё ад ручая Егіпецкага аж да ракі Эўфрат, усё, што належала цару Егіпта.
8 Ёахін меў васемнаццаць гадоў, калі стаў царом, і цараваў ён у Ерузаліме тры месяцы. Маці яго называлася Нэста, дачка Эльнатана з Ерузаліма.
9 І рабіў ён ліхое перад Госпадам, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго.
10 У той час паслугачы Набукаданосара, цара Бабілона, выйшлі супраць Ерузаліма і абклалі горад.
11 І прыйшоў Набукаданосар, цар Бабілона, да горада, калі паслугачы яго абкладвалі яго;
12 і Ёахін, цар Юдэі, разам з маці сваёй, і паслугачамі сваімі, і князямі, і еўнухамі сваімі выйшаў да цара Бабілона; і цар Бабілона ўзяў яго ў палон на восьмым годзе царавання яго.
13 І забраў ён адтуль усе скарбы дома Госпада і скарбы палаца царскага, і зламаў усе залатыя рэчы, якія зрабіў Саламон, цар Ізраэля, у святыні Госпада па слове Госпада.
14 І перасяліў ён у няволю ўвесь Ерузалім, і ўсіх князёў, і ўсіх ваяроў, дзесяць тысяч палонных; і ўсіх майстроў і будаўнікоў; і засталіся толькі найбяднейшыя людзі з народа зямлі.
15 Перасяліў ён таксама Ёахіна ў Бабілон, і маці цара, і жонак цара, і еўнухаў, і магнатаў зямлі забраў у няволю з Ерузаліма ў Бабілон,
16 і ўсіх дужых людзей, сем тысяч, і майстроў і будаўнікоў тысячу, і людзей, здатных да вайны; і вывеў іх цар Бабілона ў няволю, у Бабілон.
17 І паставіў царом дзядзьку яго Матанію замест яго; змяніўшы імя яго на Сэдэцыю.
18 Сэдэцыя меў дваццаць адзін год, калі стаў царом, і ён цараваў у Ерузаліме адзінаццаць гадоў. Маці яго называлася Аміталь, дачка Ярэміі з Лебны.
19 І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў Ёахін,
20 бо гневаўся Госпад на Ерузалім і Юдэю і адкінуў іх ад аблічча Свайго. І Сэдэцыя ўзбунтаваўся супраць цара Бабілона.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.