Лічбаў 17 глава

Кніга Лічбаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Комментарии Давида Стерна

Пераклад Чарняўскага 2017

1 І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
2 «Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кіі ад кожнага іх пакалення, ад усіх князёў пакаленняў, дванаццаць кіёў, і напішы імя кожнага на яго кіі.
3 А на кіі левітаў напішы імя Аарона, і хай будзе па адным кіі асобна на кожнае пакаленне.
4 І пакладзі іх у палатцы сустрэчы перад каўчэгам сведчання, дзе Я з вамі сустракаюся.
5 Каго з іх Я выберу, хай кій таго закрасуе, і спыню нараканні сыноў Ізраэля, якімі яны наракаюць на вас».
6 І сказаў Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакалення; і было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.
7 Калі іх паклаў Майсей перад Госпадам у палатцы сустрэчы,
8 на другі дзень, вярнуўшыся, Майсей убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакалення Леві і што выраслі кветкі з набухлых пупышак, якія, закрасаваўшы, ператварыліся ў міндаль.
9 Такім чынам, вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля; і яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій.
10 І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона аднясі назад перад каўчэгам сведчання, каб захаваўся там як знак супраць бунту сыноў Ізраэлевых, і хай спыняць яны нараканні свае на Мяне, каб не загінуць».
11 І Майсей зрабіў, як загадаў Госпад.
12 І сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Вось, мы прапалі, мы паміраем, усе паміраем!
13 Хто толькі прыступіцца да скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.