Библия › Клышка › Да Рымлянаў

Да Рымлянаў

Павел, раб Ісуса Хрыста; пакліканы Апостал, выбраны для дабравешчання Божага, якое Ён раней абяцаў праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях, пра Яго Сына, які нарадзіўся целам з патомства Давідавага і адкрыўся Сынам Божым у сіле, паводле Духу святасці праз уваскрэсення мёртвых, пра Ісуса Хрыста, нашага Госпада, праз Якога мы атрымалі ласку і апостальства для паслушэнства веры ва ўсіх народах дзеля Яго імя, між якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, — усім, хто ў Рыме, улюбёным Божым, пакліканым святым, — ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста. Перш за ўсё дзякую майму Богу праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, таму што ваша вера абвяшчаецца ва ўсім свеце. Бо сведка мне Бог, Якому служу сваім духам у дабравешчанні Яго Сына, як я безупынна ўспамінаю вас, заўсёды просячы ў маіх малітвах, ці не ўдасца мне неяк цяпер нарэшце воляю Божаю прыйсці да вас. Бо я прагну ўбачыць вас, каб перадаць вам нейкі духоўны дар дзеля вашага ўмацавання, гэта значыць, каб разам з вамі суцешыцца агульнаю вераю, вашаю і маёю. І я не хачу, каб вы не ведалі, браты, што я шмат разоў намерваўся прыйсці да вас, (але я дагэтуль сустракаў перашкоды), каб мець нейкі плод і ў вас, які ў астатніх народаў. Даўжнік я і элінам, і варварам, і мудрым, і неразумным. Дык, што да мяне, то я гатовы дабравесціць і вам, якія ў Рыме. Бо я не саромеюся дабравесця [Хрыстовага], бо яно ёсць сіла Божая да выратавання кожнаму верніку, і іудзею, па-першае, і эліну. Бо ў ім адкрываецца з веры ў веру праведнасць Божая, як напісана: «А праведны будзе жыць вераю». Бо адкрываецца з неба гнеў Божы на ўсялякую бязбожнасць і няправеднасць людзей, што заглушаюць праўду няправеднасцю. бо тое, што вядома пра Бога, яўна для іх, бо ім Бог выявіў гэта. Бо Яго нябачнае — і Яго вечная сіла і Боскасць — ясна відаць ад стварэння свету праз разважанне над тварэннямі, так што няма ім выбачэння, таму што, спазнаўшы Бога, яны Яго як Бога не праславілі і не падзякавалі Яму, а сталі марнымі ў сваіх разважаннях, і запамарочылася іх нецямлівае сэрца. Сцвярджаючы, што яны мудрыя, яны падурнелі, і памянялі славу нятленнага Бога на падабенства вобраза тленнага чалавека, птушак, чатырохногіх і паўзуноў. Таму Бог перадаў іх у пажадлівасці іх сэрцаў нечысціні, так што яны апаганьваюць свае целы між сабою; яны замянілі Божую праўду маною і пакланіліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які добраславёны навекі, амін. З-за гэтага Бог перадаў іх ганебным пажадлівасцям: бо і іх жанчыны перамянілі натуральныя зносіны на ненатуральныя; а гэтак і мужчыны, пакінуўшы натуральныя зносіны з жанчынаю, распаліліся ў сваёй пажадлівасці адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі, чынячы сорам і атрымліваючы ў саміх сабе належную адплату за сваю аблуду. І як яны не ўважалі за патрэбнае мець Бога ў пазнанні, Бог перадаў іх перакручанаму розуму — чыніць непрыстойнае; яны напоўненыя ўсялякай няправеднасцю, подласцю, хцівасцю, зласлівасцю, поўныя зайздрасці, забойства, сваркі, ашуканства, благіх звычаяў, нашэптванняў, паклёпнікі, боганенавіснікі, крыўдзіцелі, ганарліўцы, самахвалы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам, неразумныя, падступныя, непрыязныя, неміласэрныя, якія, пазнаўшы праведны суд Божы1 — што тыя, хто робіць такое, вартыя смерці — не толькі гэта чыняць, але і ўхваляюць тых, хто гэта робіць.

Таму няма табе прабачэння, окожны чалавеча, што судзіш, бо ў тым, у чым судзіш іншага, ты асуджаеш сябе, бо, судзячы, ты робіш тое самае. А мы ведаем, што суд Божы паводле праўды на тых, хто робіць такое. І ты так лічыш, чалавеча, судзячы тых, што робяць такое, а сам, робячы тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага? Ці ты пагарджаеш багаццем Яго дабрыні, спагадлівасці і доўгацярплівасці, не ведаючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння? Але з-за тваёй жорсткасці і нераскаянага сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцця правасуддзя ад Бога, Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў: тым, хто вытрываласцю ў добрай справе шукае славы, гонару і нятлення, — вечнае жыццё; тым жа, хто своекарыслівы і неслухаецца праўды, аслухаецца няправеднасці — гнеў і лютасць. Гора і ўціск на душу кожнага чалавека, хто чыніць ліхое, — і іудзея, па-першае, і эліна. Слава ж, і гонар, і мір — кожнаму, хто робіць дабро, і іудзею, па-першае, і эліну: бо няма ў Бога зважання на асобы. Бо ўсе, якія без закону саграшылі, без закону і загінуць; а ўсе, якія пад законам саграшылі, паводле закону будуць асуджаны. Бо не слухачы закону праведныя ў Бога, а тыя, хто выконвае закон, будуць апраўданыя. Бо, калі язычнікі, у якіх няма закону, з прыроды робяць законнае, яны, не маючы закону, самі сабе закон; яны паказваюць, што змест закону напісаны ў іх сэрцах, калі сведчаць іх сумленне і развагі, на змену то абвінавачваючы, то і абараняючы іх, у дзень, калі Бог будзе судзіць патаемнае людзей праз Ісуса Хрыста, паводле майго дабравешчання. Калі ж ты называешся іудзеем, і абапіраешся на закон, і хвалішся Богам, і ведаеш Яго волю і распазнаеш тое, што лепшае, навучаючыся з закона, і ўпэўнены, што ты сам павадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры, выхавальнік неразумных, настаўнік дзяцей, маеш узор ведання і праўды ў законе; дык ты, які вучыш другога, сябе самога не вучыш? Абвяшчаючы не красці, крадзеш? Кажучы не чужаложыць — чужаложыш? Брыдзячыся ідалаў, рабуеш капішчы? Ты, што выхваляешся законам, пераступаючы закон, зневажаеш Бога! Бо «імя Божае з-за вас блюзнерыцца між язычнікаў», як напісана. Бо абразанне дае карысць, калі ты выконваеш закон, калі ж ты парушальнік закону, то тваё абразанне зрабілася не абразаннем. Дык калі неабрэзаны выконвае патрабаванні закону, хіба яго неабразанне не залічыцца ў абразанне? І неабрэзаны з прыроды, калі выконвае закон, будзе судзіць цябе, таго, хто праз літару і абразанне — парушальнік закону. Бо іудзей не той, хто такі з выгляду, і абразанне не тое, што звонку, на целе; а той іудзей, хто такі ўнутры, і абразанне — гэта абразанне сэрца, у духу, не ў літары; яму пахвала — не ад людзей, а ад Бога.

Дык якая перавага іудзея, ці якая карысць ад абразання? Вялікая ва ўсіх адносінах. Перш за ўсё ў тым, што ім былі даручаны словы Божыя. Бо што? Калі некаторыя не ўверавалі, хіба іх нявер’е знішчыць веру Божую? Зусім не2. Бог жа праўдзівы, а кожны чалавек ілгун, як напісана: «Праведны ў Тваіх словах і пераможаш у Тваім судзе». Калі ж наша няправеднасць паказвае праведнасць Божую, што скажам? Няўжо няправедны Бог, што наводзіць гнеў? Я кажу па-чалавечы. Зусім не. Бо як Бог будзе судзіць свет? А калі маёю маною праўда Божая ўзвышаецца для Яго славы, за што яшчэ я асуджаюся як грэшнік? І хіба не зневажаюць нас, і як некаторыя сцвярджаюць, што мы кажам: «Давайце рабіць зло, каб выйшла дабро». Суд над такімі справядлівы. Дык што? Ці маем мы перавагу? Ніколькі. Бо мы ўжо высветлілі раней, што і іудзеі, і эліны — усе пад грахом, як напісана: «Няма ніводнага праведнага, няма нікога, хто разумее, няма нікога, хто шукае Бога. Усе збіліся з дарогі, усе разам зрабіліся нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма ніводнага. Горла іх — раскрытая магіла, сваімі языкамі яны ашуквалі, змяіны яд пад іх губамі; іх вусны поўныя пракляцця і гаркоты; іх ногі хуткія на праліццё крыві; руйнаванне і няшчасце на іх дарогах, а дарогі міру яны не пазналі. Няма страху Божага перад іх вачыма». Але мы ведаем, што ўсё, што гаворыць закон, ён гаворыць да тых, хто пад законам, каб усе вусны змоўклі і ўвесь свет стаў падсудны Богу; бо са справаў закона не будзе апраўданы перад Ім ніякае цела: бо праз закон пазнаецца грэх. Але цяпер, незалежна ад закона, з’явілася праведнасць Божая, пра якую сведчаць закон і прарокі; а праведнасць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх [і на ўсіх] вернікаў. Бо няма розніцы, бо ўсе саграшылі і пазбаўлены3 славы Божай, і апраўдваюцца дарма Яго ласкай праз выкуп, што ў Ісусе Хрысце; Якога Бог паставіў у ахвяру прымірэння ў Яго крыві праз веру, каб выявіць Сваю праведнасць праз дараванне раней учыненых грахоў, у цярплівасці Божай: для доказу Сваёй праведнасці ў цяперашні час, каб быць Яму праведнымі апраўдваць таго, хто веруе ў Ісуса. Дык дзе ж пахвальба? Яна была выключана. Праз які закон? Закон учынкаў? Не, праз закон веры. Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў закона. Хіба Ён Бог іудзеяў толькі? Ці не Ён і Бог язычнікаў? Так, і язычнікаў, бо сапраўды адзіны Бог, Які апраўдвае абрэзаных з веры і неабрэзаных праз веру. Дык мы адмяняем закон праз веру? Зусім не, але мы закон сцвярджаем.

Што ж, скажам, знайшоў Аўраам, наш прабацька паводле цела? Бо, калі Аўраам быў апраўданы з учынкаў, то яму ёсць чым хваліцца, але не перад Богам. Бо што кажа Пісанне? «І Аўраам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасць». Таму, хто робіць, плата налічваецца не з ласкі, а з абавязку. А таму, хто не робіць, але веруе ў Таго, Хто апраўдвае грэшніка, яго вера залічваецца ў праведнасць; як і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае праведнасць незалежна ад учынкаў. «Шчаслівыя тыя, чые беззаконні дараваныя і чые грахі пакрытыя. Шчаслівы чалавек, якому Госпад ні ў якім разе не залічыць граху». Дык гэтая шчаслівасць адносіцца да абразання, ці і да неабразання? Бо мы кажам: «Вера была залічана Аўрааму ў праведнасць». Дык як была залічана? Пасля абразання альбо да абразання? Не пасля абразання, а да абразання. І ён атрымаў знак абразання — як пячатку праведнасці той веры, якую меў у неабразанні, каб яму быць бацькам усіх тых у неабразанні, хто веруе, каб і ім была залічана праведнасць, і бацькам абразання для тых, хто не толькі мелі абразанне, але і ішлі па слядах веры бацькі нашага Аўраама, якую ён меў у неабразанні. Бо не праз закон было дадзена абяцанне Аўрааму альбо яго патомству, што ён спадкаемец свету, але праз праведнасць веры. Бо калі спадкаемцы — тыя, хто ад закона, то вера апустошаная і абяцанне не дзейнічае; бо закон нараджае гнеў; а дзе няма закону, няма і злачынства. Таму спадчыннасць з веры, каб яна была з ласкі, каб абяцанне было цвёрдым для ўсяго патомства, не толькі паводле закона, але і паводле веры нашчадкаў Аўраама, які бацька ўсіх нас, як напісана: «Я прызначыў цябе бацькам многіх народаў», бацькам перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае як існае. Ён насуперак надзеі, увераваў у надзеі, што ён стане бацькам многіх народаў згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе тваё патомства». І, не аслабеўшы ў веры, ён не паглядзеў на сваё цела як на ўжо амярцвелае, бо яму было амаль сто гадоў, і на амярцвелае ўлонне Сары; але не засумняваўся нявер’ем у абяцанні Божым, але быў умацаваны вераю, узнёсшы славу Богу, і быў зусім ўпэўнены, што Ён мае сілу і выканаць тое, што абяцаў. Таму гэта [і] было залічана яму ў праведнасць. І не толькі дзеля яго было напісана, што гэта было залічана яму, але і дзеля нас, тых, каму будзе залічвацца, хто веруе ў Таго, Які ўваскрэсіў з мёртвых Ісуса, нашага Госпада, Які быў аддадзены за нашы грахі і ўваскрэшаны дзеля нашага апраўдання.

Дык, будучы апраўданыя вераю, мы маем мір з Богам праз нашага Госпада Ісуса Хрыста, праз Якога мы і атрымалі вераю доступ да гэтай ласкі, у якой стаім і ганарымся надзеяй славы Божай. І не толькі ёю, але і ганарымся пакутамі, ведаючы, што пакута выпрацоўвае вытрываласць, а вытрываласць — выпрабаванасць, а выпрабаванасць — надзею. Надзея ж не ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў нашы сэрцы Святым Духам, Які дадзены нам. Бо Хрыстос, калі мы былі яшчэ слабыя, у вызначаны час памёр за бязбожных. Таму што бадай хто-небудзь памрэ за праведніка, хутчэй хто за добрага чалавека і адважыцца памерці. Але Бог Сваю любоў да нас паказвае тым, што, калі мы яшчэ былі грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас. Дык тым болей апраўданыя цяпер Яго крывёю, мы будзем праз Яго выратаваны ад гневу. Бо калі, быўшы ворагамі, мы былі прыміраны з Богам праз смерць Яго Сына, — тым больш, прыміраныя, мы будзем выратаваныя ў Яго жыцці; і не толькі — але і ганарымся ў Богу праз нашага Госпада Ісуса Хрыста, праз Якога мы цяпер атрымалі прымірэнне. Таму як праз аднаго чалавека ўвайшоў у свет грэх, а праз грэх — смерць і гэтак смерць перайшла на ўсіх людзей з-за таго, што ўсе саграшылі, бо і да закона грэх быў на свеце, але грэх не залічваецца, калі няма закона. Але смерць уладарыла ад Адама да Маісея і над тымі, хто не саграшыў, падобна правіне Адама, які ёсць правобраз будучыні. Але не так, як злачынства, — дар ласкі; бо калі злачынствам аднаго многія памерлі, то тым больш ласка Божая і дар у ласцы аднаго Чалавека Ісуса Хрыста шчодра з’явіўся для многіх. І не як праз аднаго грэшніка — дар, бо суд за адно злачынства — на асуджэнне, а дар ласкі — ад многіх злачынстваў апраўданне. Бо калі злачынствам аднаго смерць заўладарыла праз гэтага аднаго, тым больш тыя, хто атрымлівае шчадроты ласкі і дар праведнасці, будуць панаваць у жыцці праз Аднаго, Ісуса Хрыста. Дык як праз адно злачынства — асуджэнне ўсім людзям, так і праз адну праведнасць — апраўданне жыцця ўсім людзям. Бо як праз непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнымі, так і праз паслушэнства Аднаго праведнымі стануць многія. Закон жа прыйшоў пазней, каб відавочней адкрылася грахоўнасць злачынстваў: а дзепамножыўся грэх, празмерна з’явілася ласка, каб як грэх уладарыў у смерці, так і ласка заўладарыла праз праведнасць для вечнага жыцця праз Ісуса Хрыста, нашага Госпада.

Дык што скажам? Ці заставацца нам у граху, каб памножылася ласка? Зусім не. Мы, якія памерлі для граху, як жа яшчэ будзем жыць у ім? Ці вы не ведаеце, што ўсе мы, хто быў ахрышчаны ў Хрыста Ісуса, ахрышчаны ў Яго смерць? Дык мы былі з Ім пахаваныя праз хрышчэнне ў смерць, каб як быў уваскрэшаны Хрыстос з мёртвых славаю Бацькі, так і мыпачалі хадзіць ў навізне жыцця. Бо калі мы зрасліся з Ім падабенствам Яго смерці, то мы будзем і падабенствам уваскрашэння; ведаючы тое, што наш стары чалавек быў укрыжаваныз Ім, каб было знішчана цела граху, каб мы ўжо не служылі граху; бо памерлы апраўданы ад граху. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстос, уваскрэшаны з мёртвых, ужо не памірае, смерць над Ім ужо не мае ўлады. Бо смерцю, якой Ён памёр, Ён памёр для граху раз і назаўсёды, а жыццём, якім Ён жыве, Ён жыве для Бога. Гэтак і вы — лічыце, што вы самі мёртвыя для граху, але жывыя для Бога ў Хрысце Ісусе, [нашым Госпадзе]. Дык няхай не ўладарыць грэх у вашым смяротным целе, каб вам слухацца яго пажадлівасцяў; і не аддавайцеграху вашы органы ў зброю няправеднасці, а аддавайце сябе Богу, як ажыўленыя з мёртвых і вашы органы — у зброю праведнасці Богу. Бо грэх не будзе над вамі панаваць: бо вы не пад законам, а пад ласкаю. Дык што? Ці грашыць нам, таму што мы не пад законам, але пад ласкаю? Зусім не. Хіба вы не ведаеце, што каму вы аддаяце сябе рабамі ў паслушэнства, таго вы і рабы, каго слухаецеся, — ці то граху на смерць, ці паслушэнству на праведнасць? Але ўдзячнасць Богу, бо вы былі рабы граху, але ад сэрца паслухаліся таму вобразу навукі, якому былі аддадзены. І вызваленыя ад граху, вы зрабіліся рабамі праведнасці. Па-чалавечы кажу з-за слабасці вашага цела. Бо як вы аддалі вашы органы ў рабы нячыстасці і беззаконню на беззаконне, так цяпер аддайце вашы органы ў рабыправеднасці наасвячэнне. Бо калі вы былі рабамі граху, вы былі вольныя ад праведнасці. Які ж плод вы мелі тады? Учынкі, якіх вы цяпер саромеецеся, бо канец тых учынкаў — смерць. Але цяпер вызваленыя ад граху і стаўшы рабамі Богу, вы маеце свой плод да асвячэння і канец — вечнае жыццё. Бо плата грэху — смерць, а дар Божы — вечнае жыццё ў Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе.

Ці вы не ведаеце, браты, бо я кажу тым, хто ведае закон, што закон пануе над чалавекам, пакуль той жывы? Бо замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; калі ж муж памрэ, яна вольная ад мужавага закону. Дык пры жывым мужу яна будзе называцца чужаложніцаю, калі зробіцца жонкаю іншага мужа; калі ж памрэ муж, яна вольная ад закону, так што яна не чужаложніца, стаўшы жонкаю другога мужа. Так што і вы, браты мае, умярцвёныя для закона праз цела Хрыстова, каб вам належаць другому, з мёртвых Уваскрэшанаму, каб прынеслі мы плод Богу. Бо калі мы былі ў целе, пажадлівасці грахоўныя, выяўленыя законам, дзейнічалі ў нашых членах, каб прынесці плод смерці. Але цяпер мы звольнены ад закону, памёршы для яго, якім мы былі ўтрымліваны, так каб служыць нам у навізне духа, а не паводле старой літары. Дык што скажам? Закон — грэх? Зусім не. Але я ўведаў грэх не інакш, як праз закон. Бо я і пажададлівасці не заўважыў бы, калі б закон не казаў : Не пажадай. Але грэх, ухапіўшыся за магчымасць праз запаведзь, выклікаў ува мне ўсялякую пажадлівасць, бо без закона грэх мёртвы. А я жыў некалі без закона, але калі прыйшла запаведзь, грэх ажыў, а я памёр, і запаведзь на жыццё — зрабілася мне на смерць; бо грэх, ухапіўшыся за магчымасць праз запаведзь, падмануў мяне і забіў праз яе. Так што закон святы і запаведзьсвятая, праведная і добрая. Дык дабро зрабілася мне смерцю? Зусім не. Але ёю зрабіўся грэх, каб ён быў выяўлены як грэх, праз дабро творачы мне смерць, каб грэх праз запаведзь выявіўся празмерна грэшным. Бо мы ведаем, што закон — духоўны, а я цялесны, прададзены граху. Бо я не ведаю, што раблю, бо чаго хачу, таго не раблю, а што ненавіджу, тое чыню. Калі ж чыню тое, чаго не хачу, я згаджаюся з законам, што ён добры. Але цяпер ужо не я гэта раблю, а грэх, што жыве ўва мне. Бо ведаю, што ўва мне, гэта значыць, у маім целе не жыве добрае; бо хацець уласціва мне, але рабіць дабро — не. Бо тое добрае, чаго я хачу, я не твару, а тое ліхое, якога не хачу, гэта раблю. Калі ж я чыню тое, чаго не хачу, то ўжо не я гэта раблю, а грэх, які жыве ўва мне. Дык я знаходжу гэты закон: калі хачу рабіць добрае, мне ўласціва ліхое. Бо я маю асалоду ў законе Божым паводле ўнутранага чалавека, але бачу іншы закон у маіх членах, які змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне палоннікам закону граха, які знаходзіцца ў маіх членах. Няшчасны я чалавек! Хтомяне выбавіць ад цела гэтай смерці? Дзякую Богу праз Ісуса Хрыста, нашага Госпада! Дык тады сам я розумам служу закону Божаму, а целам — закону граху.

Дык няма цяпер ніякагаасуджэння тым, хто ў Хрысце Ісусе [жыве не паводле цела, а паводле духу], бо закон Духа жыцця ў Хрысце Ісусе вызваліў цябе4 ад закону граху і смерці. Ботое, што закон не мог, таму што аслабляўся праз цела, Бог, паслаўшы Свайго Сына ў падабенстве цела граху і з прычыны граху, асудзіў грэх у целе, каб праведнае патрабаванне закона было выканана ў нас, што ходзяць не паводле цела, а паводле духу. Бо тыя, што жывуць паводле цела, думаюць пра тое, што ад цела, а тыя, хто паводле духу, — пра тое, што ад Духу. Бо розум, звернуты да цела, — смерць, а розум, звернуты да духу, — жыццё і мір; таму што розум, звернуты да цела, ёсць варажнеча супроць Бога, бо Закону Божаму ён непадпарадкоўваецца, бо ён і не можа. І тыя, хто ў целе, Богу дагадзіць не могуць. Але вы не ў целе, а ў духу, калі сапраўды Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстова не мае, той не Яго. Калі ж Хрыстос у вас, то хоць цела мёртвае з-за граху, але дух — гэта жыццё праз праведнасць. Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў Ісуса з мёртвых, жыве ў вас, то Той, Хто ўваскрэсіў з мёртвых Хрыста, ажывіць і вашы смяротныя целы праз Свайго Духа, які жыве ў вас. Дык тады, браты, мы даўжнікі не цела, каб згодна з целам жыць, бо калі вы згодна з целам жывяце, то павінны памерці, калі ж духам умярцвяеце ўчынкі цела, будзеце жыць. Бо ўсе, каго водзіць Дух Божы, тыя — сыны Божыя. Бо вы атрымаліне дух рабства, зноў на страх, але атрымалі Дух усынаўлення, у Якім усклікваем: «Авва, Татухна!» Сам Дух сведчыць нашаму духу, што мы дзеці Божыя. Калі ж дзеці, то і нашчадкі; нашчадкі — Божыя, сунашчадкі з Хрыстом, калі мы сапраўды з Ім пакутуем, каб з Ім і быць праслаўленымі. Бо я лічу, што пакуты цяперашняга часу не вартыя нават параўнання з тою славаю, якой належыць адкрыцца ў нас. Бо стварэнне з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых. Бо стварэнне было падпарадкавана марнасці не самахоць, а з-за таго, хто падпарадкаваў яго, у надзеі, што і само стварэнне будзе вызвалена ад рабства тлення ў свабоду славы дзяцей Божых. Бо мы ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і мучыцца родамі дагэтуль; і не толькі — але і мы самі, тыя, хто мае пачатак Духа, нават мы самі ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, выкупу нашагацела. Бо мы былі выратаваны ў надзеі. Але надзея, калі бачаць, не ёсць надзея: бо хто спадзяецца на тое, што бачыць? Калі ж мы спадзяёмся на тое, чаго не бачым, то чакаем яго са стойкасцю. А гэтак жа і Дух дапамагае ў нашай слабасці: бо мы не ведаем, аб чым нам маліцца, як належыць, але Сам Дух заступаецца [за нас] стогнамі невымоўнымі. Але Той, Хто даследуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, таму што Ён згодна з Богам уступаецца за святых. І мы ведаем, што тым, хто любіць Бога, пакліканым паводле Яго вызначэння, усё спрыяе на добрае. бо тых, каго Ён наперад пазнаў, тым наперад і вызначыў быць падобнымі да вобраза Яго Сына, каб Ён быў Першародны між многіх братоў; а каго наперад вызначыў, тых і паклікаў; а каго Ён паклікаў, тых і апраўдаў; а каго Ён апраўдаў, тых і праславіў. Дык што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супроць нас? Сапраўды, Той, Хто Свайго Сына не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як разам з Ім не даруе нам і ўсяго? Хто пачне абвінавачваць выбранцаў Божых? Сам Бог апраўдвае. Хто асуджае? Хрыстос Ісус памёрі, больш таго, быў уваскрэшаны, і Ён праваруч Бога, і Ёнхадайнічае за нас. Хто нас адлучыць ад любові Хрыстовай? Гора ці ўціск, ці ганенне, ці голад, ці галізна, ці небяспека, ці меч? Як напісана: «За Цябе нас умярцвяюць цэлы дзень, нас палічылі за авечак, ахвяраваных на зарэз». Але ва ўсім гэтым мы больш чым перамагаем праз Таго, Хто палюбіў нас. Бо я ўпэўнены, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Божай у Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе.

Праўду кажу ў Хрысце, не хлушу, сведчыць са мною маё сумленне ў Святым Духу, што вялікі ў мяне смутак і няспынны боль у маім сэрцы, бо хацеў бы я сам быць анафемай, адлучаным ад Хрыста дзеля маіх братоў, маіх сваякоў паводле цела. Яны ізраільцяне: іх — усынаўленне, і слава, і запаветы, і заканадаўства, і служэнне, і абяцанні; іх — бацькі і з іх целам — Хрыстос, Які ёсць над усім, Бог, дабраславёны навекі, амін. Але не тое, каб слова Божае не спраўдзілася. Бо не ўсе тыя Ізраіль5, хто з Ізраіля; і тое, што яны патомства Аўраамава, не значыць, што ўсе яны ягодзеці, а «ў Ісааку будзе названа табе патомства». Гэта значыць дзеці Божыя — гэта не дзеці паводлецела, а дзеці абяцання лічацца патомствам. Бо слова абяцання такое: «У гэты час Я прыйду і будзе ў Сары сын». І не толькі, але і Рэвека зачала дзяцей ад аднаго, ад Ісаака, нашага бацькі: бо калі яны яшчэ не былі народжаныя і не зрабілі нічога добрага ці благога, — каб застаў намер Божы ў выбранні — не ад учынкаў, а ад Таго, Хто паклікаў, было сказана ёй: «Большы будзе служыць меншаму», як напісана: «Іякава Я палюбіў, а Ісава ўзненавідзеў». Дык што скажам? Няўжо ў Бога несправядлівасць? Зусім не. Бо Маісею Ён кажа: «Памілую, каго мілую, і пашкадую, каго шкадую». Дык тады выбранне залежыць не ад таго, хто хоча, і не ад таго, хто намагаецца, а ад Бога, Які мілуе. Бо Пісанне кажа фараону: «Якраздля гэтага Я ўзнёс цябе, — каб паказаць на табе Маю сілу і каб Маё імя было абвешчана на ўсёй зямлі». Дык тады Ён, каго хоча, мілуе, і каго хоча, робіць жорсткім. Дык ты мне скажаш: «[Дык] чаму Ён яшчэ дакарае? Бо хто супрацьстаіць Яго волі?» О чалавеча, хто сапраўды ты, што спрачаешся з Богам? Няўжо вылепленае скажа таму, хто вылепіў: «Чаму ты мяне такім зрабіў?» Ці ганчар не мае ўлады над глінаю: з адной і той жа сумесі зрабіць адзін посуд для ганаровага ўжытку, другі — для штодзённага? І што калі Бог, хочучы паказаць гнеў і даць пазнаць Сваю магутнасць, зносіў з вялікай доўгацярплівасцю пасудзіны гневу, падрыхтаваныя на пагібель, і каб Ён даў пазнаць багацце Сваёй славы над пасудзінамі міласэрнасці, якія Ён наперад падрыхтаваў дзеля славы, на нас, якіх Ён і паклікаў не толькі з іудзеяў, але і з язычнікаў? Як і ў Асіі Ён кажа: «Я назаву не Мой народ Маім народам, і не ўлюбёную — улюбёнаю; і будзе: на тым месцы, дзе было сказана ім: «Вы не Мой народ», — там яны будуць названыя сынамі жывога Бога». А Ісаія ўсклікае пра Ізраіль: «Калі будзе колькасць сыноў Ізраілевых як марскі пясок, выратаваны будзе толькі астатак; бо Госпад спраўдзіць Сваё слова на зямлі, канчаючы і скарачаючы яго». І як Ісаія казаў раней: «Калі б Госпад Саваоф не пакінуўнам патомства, мы зрабіліся б як Садом і былі б падобныя да Гаморы». Дык што скажам? Што народы, якія не гналіся за праведнасцю, атрымалі праведнасць, але праведнасць, якая з веры, а Ізраіль, які імкнуўся да закона праведнасці, не дасягнуў гэтага закона. Чаму? Таму, што ён імкнуўся не з веры, а як бы з учынкаў. [Бо] яны спатыкнуліся аб камень спатыкнення, як напісана: «Вось, Я кладу на Сіёне камень спатыкнення і скалу спакусы, і [кожны], хто веруе ў Яго, не будзе пасаромлены».

Браты, жаданне майго сэрца і мальба да Бога за іх — для іх выратавання. Бо сведчу пра іх, што руплівасць да Бога яны маюць, але не паводле ведання. Бо, не ведаючы Божай праведнасці і імкнучыся паставіць уласную праведнасць, яны праведнасці Божай не падпарадкаваліся. Бо канец закону — Хрыстос, дзеля праведнасці кожнага, хто веруе. Бо Маісей піша аб праведнасці, якая з закона: «Чалавек, які выканаў іх, будзе жыць імі». А праведнасць, якая з веры, кажа так: «Не кажы ў сваім сэрцы: «Хто ўзыдзе на неба?» — гэта значыць звесці Хрыста ўніз; або: «Хто сыдзе ў бяздонне?» — гэта значыць, каб узвесці Хрыста ўгору з мёртвых. Але што яна6 кажа? «Блізка да цябе слова, у тваіх вуснах і ў тваім сэрцы», — гэта значыцьслова веры, якое мы абвяшчаем. Бо калі ты сваімі вуснамі вызнаеш Ісуса Госпадам і ў сваім сэрцы паверыш, што Бог уваскрэсіў Яго з мёртвых, ты будзеш выратаваны; босэрцам веруюць для праведнасці, а вуснамі вызнаюць для выратавання. Бо Пісанне кажа: «Кожны, хто веруе ў Яго, не будзе пасаромлены». Бо няма розніцы між іудзеем і элінам, бо адзіны і той жа Госпад ва ўсіх, багаты для ўсіх, хто кліча Яго; бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, будзе ўратаваны». Як жа ім паклікаць Таго, у Каго не ўверавалі? І як увераваць у Таго, пра Каго не чулі? І як пачуць без таго, хто Яго абвяшчае? І як абвясціць Яго, калі не будуць пасланыя дзеля гэтага? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі дабравеснікаў [міру, дабравеснікаў] добрага!» Але не ўсе паслухаліся дабравесця. Бо Ісаія кажа: «Госпадзе, хто паверыў пачутаму ад нас?» Дык вера — ад слухання, а слуханне — праз слова Хрыстова7. Але я пытаюся: хіба яны не чулі? Наадварот: «Па ўсёй зямлі разышоўся іх голас і да краёў населенай зямлі — іх словы». Але я пытаюся: хіба Ізраіль не ведаў? Маісей першы кажа: «Я выклічу ў вас зайздрасць да таго, хто не ёсць народам, народам няцямлівым разгневаю вас». І Ісаія адважваецца і кажа: «Мяне знайшлі тыя, хто не шукаў Мяне. Я адкрыўся тым, хто не пытаўся пра Мяне». Да Ізраіля ж Ён кажа: «Цэлы дзень Я працягваў Мае рукі да народа непакорлівага і супярэчнага».

Дык я пытаюся: няўжо Бог адкінуў Свой народ? Зусім не. Бо і я ізраільцянін з патомства Аўраамавага, племя Веньямінава. Не адкінуў Бог Свайго народа, які Ён наперад ведаў. Ці вы не ведаеце, што кажа Пісанне пра Ілію, як ён скардзіцца Богу на Ізраіля? «Госпадзе, прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі, і я застаўся адзін і шукаюць маёй душы»8. Але што кажа яму Боскі адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысяч чалавек, якія не схілілі каленяў перад Ваалам». Дык гэтак і ў цяперашні час, паводле выбару ласкі, захаваўся астатак. Але калі ласкаю, то ўжо не з учынкаў, а то ласка не была б ужо ласкаю. Дык што? Чаго шукае Ізраіль, таго ён не дасягнуў; а выбраныя дасягнулі, астатнія ж акамянелі, як напісана: «Даў ім Бог дух атупення, вочы, каб не бачыць, і вушы, каб не чуць, аж да сённяшняга дня». І Давід кажа: «Няхай будзе стол іх пасткаю, і сілком, і спакусаю, і адплатаю ім, няхай зацьмяцца іх вочы, каб не бачыць, і іх спіну сагні назаўсёды». Дык я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся так, што ўпалі? Зусім не. Але ў іх памылцы — выратаванне язычнікам, каб выклікаць рупнасць у іх. Калі ж іх памылка — багацце для свету, і іх страта — багацце язычнікам, то тым больш — іх паўната. Вам жа кажу, язычнікам; дык як апостал язычнікаў я праслаўляю маё служэнне — ці не абуджу я рупнасць утых, хто аднаго са мною цела, і ці не выратую некаторых з іх? Бо калі адхіленне іх — прымірэнне свету, то які набытак іх, як не жыццё з мёртвых? Калі жрошчына святая, то і цеста, і калі корань святы, то і галіны. Калі ж некаторыя з галін былі адламаныя, і ты, дзікая аліва, быў прышчэплены між імі і стаў супольнікам кораня ўрадлівасці ў алівы, — то не выхваляйся перад галінамі; калі ж выхваляешся — ведай: не ты корань трымаеш, а корань цябе. Дык ты скажаш: «Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены». Добра; яны былі адламаныя з-за нявер’я, а ты стаіш вераю. Не фанабэрся, а бойся; бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, то можа не пашкадаваць і цябе. Дык убач дабрыню і суровасць Божую: да тых, хто ўпаў, — суровасць, а да цябе — дабрыня Божая, калі будзеш заставацца ў Яго дабрыні, а то і ты будзеш адсечаны. Але і тыя, калі не застануцца ў нявер’і, будуць прышчэплены, бо Бог мае сілу зноў прышчапіць іх. Бо калі ты быў адсечаны ад дзікай з прыроды алівы і насуперак прыродзе прышчэплены да добрай алівы, то тым больш яны, прыродныя, будуць прышчэплены да сваёй уласнай алівы. Бо я не хачу, каб вы, браты, не ведалі гэтай таямніцы, каб вам не быць разумнымі самім па сабе: акамяненне сталася Ізраілю часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў. І так увесь Ізраіль будзе выратаваны, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Збаўца [і] адверне бязбожнасць ад Іякава. І гэта ім ад Мяне запавет, калі Я здыму іх грахі». Згодна з дабравесцем яны ворагі дзеля вас, а згодна з абраннем — улюбёныя дзеля бацькоў. Бо Божыя дары і пакліканне неадменныя. Бо як вы былі некалі непакорлівыя Богу, цяпер жа вы памілаваныя праз іхнюю непакорлівасць, так і яны цяпер не скарыліся, каб праз ласку да вас цяпер і яны былі памілаваныя. Бо ўсіх Бог зняволіў непакораю, каб усіх Ён памілаваў. О глыбіня багацця, мудрасці і ведання Божага! Як неспасціжныя Яго суды і недаследныя Яго шляхі! Бо хто спазнаў розум Госпада? Або хто стаў Яму дарадцам? Або хто першы даў Яму, і таму будзе аддадзена? Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і да Яго. Яму хвала навекі. Амін.

Дык прашу вас, браты, міласэрнасцю Божаю аддаць вашы целы ў ахвяру жывую, святую, прыемную Богу, як вашу разумную службу. І не прыстасоўвайцеся да гэтага веку, а пераўтварайцеся абнаўленнем [вашага] розуму, каб распазнавалі вы, што ёсць воля Божая: што ёсць добрае, што прыемнае Богу і што дасканалае. Бо я кажу дадзенаю мне ласкаю кожнаму з вас: не думаць пра сябе вышэй, чым належыць думаць, а думаць сціпла, як кожнаму Бог вызначыў меру веры. Бо як у адным целе мы маем шмат органаў, але не ўсе органы маюць адно і тое ж прызначэнне, так мы, многія, — адно цела ў Хрысце, а асобна — мы адзін для аднаго розныя органы. І, маючы розныя дары, згодна з ласкаю, дадзенаю нам: і калі прароцтва — будзем прарочыць суразмерна з вераю, а калі служэння — будзем верныя ў служэнні, калі хто вучыць — у навучанні, і калі хто суцяшае — у суцяшэнні; хто дае — у шчырасці; хто кіруе — то з руплівасцю; хто чыніць міласэрнасць — то з радасцю. Любоў няхай будзе непрытворная. Брыдзьцеся зла, трымайцеся дабра. Горача любіце адзін аднаго братняю любоўю, апераджайце адзін аднаго ў шанаванні, У руплівасці не будзьце гультаяватыя, духам палайце, служачы Госпаду. У надзеі радуйцеся, у горы будзьце стойкімі, у малітве — настойлівыя. Прымайце ўдзел у патрэбах святых, будзьце гасціннымі. Добраслаўляйце тых, хто вас гоніць; добраслаўляйце, а не праклінайце. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, [і] плачце з тымі, хто плача. Будзьце між сабою аднадумныя, не ўпадайце ў высакамер’е, а ідзіце ўслед за сціплымі, не лічыце сябе за разумнікаў. Не плаціце нікому злом за зло, дбайце загадзя пра добрае для ўсіх людзей. Калі мажліва, наколькі гэта залежыць ад вас, жывіце ў міры з усімі людзьмі. Не помсціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу Божаму, бо напісана: «У Мяне помста. Я адплачу, — кажа Госпад». Дык, калі «твой вораг галодны, накармі яго; калі хоча піць — напаі яго; бо, робячы гэта, ты збярэш на яго галаву гарачае вуголле». Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.

Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам, бо няма ўлады, калі не ад Бога, а тыя, што ёсць, усталяваныя Богам. Так што той, хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца Божай пастанове, а тыя, хто супраціўляецца, самі атрымаюць сабе прысуд. Боначальнікі — страх не для добрай справы, а для ліхой. А хочаш не баяцца ўлады? Рабі добрае і будзеш мець хвалу ад яе. Бо яна Божы слуга табе на дабро. А калі будзеш чыніць ліхое — бойся; бо недарэмна яна носіць меч; бо яна Божы слуга, яна помсціць у гнеў таму, хто ўчыняе ліхое. Таму трэба падпарадкоўвацца не толькі з-за гневу, але і з-за сумлення. Бо з-за гэтага вы і падаткі плаціце; бо яны Божыя служкі, гэтым самым заўсёды занятыя. [Дык] аддавайце належнае ўсім: каму падатак — падатак, каму пошліну — пошліну, каму страх — страх, каму пашану — пашану. Нікому нічога не будзьце вінаватыя, акрамя любові адзін да аднаго; бо той, хто любіць другога, выканаў закон. Бо запаведзі «Не чужалож, не забівай, не крадзі, [не сведчы фальшыва], не пажадай чужога» і іншыя, усе змяшчаюцца ў гэтым наказе: «Любі свайго блізкага, як самога сябе». Любоў не чыніць зла блізкаму; таму любоў — гэта выкананне закона. І рабіце так, ведаючы час, што пара ўжо вам прачнуцца ад сну, бо цяпер выратаванне да нас бліжэй, чым калі мы паверылі. Ноч на зыходзе, а дзень наблізіўся. Дык скінем з сябе справы цемры [і] апранемся ў зброю святла. Як удзень, будзем хадзіць прыстойна, не ў гулянках і п’янстве, не ў юрлівасці і распусце, не ў сварцы і зайздрасці. Але апраніцеся ў [нашага] Госпада Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пажадлівасць.

А таго, хто слабы ў веры, прымайце без спрэчак пра ягопогляды. Адзін верыць, што можна есці ўсё, а слабы есць гародніну. Той, хто есць, няхай не пагарджае тым, хто не есць; а хто не есць, няхай не асуджае таго, хто есць, таму што Бог прыняў яго. Хто ты, што асуджаеш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром стаіць ён альбо падае; і будзе пастаўлены, бо ў сіле Бог паставіць яго. Адзін вылучае дзень перад днём, другі ж вылучае кожны дзень. Кожны няхай будзе цалкам упэўнены ва ўласным розуме. Хто шануе пэўны дзень — для Госпада шануе, [а хто не шануе дня — для Госпада не шануе]; і той, хто есць, — для Госпада есць, бо дзякуе Богу; і той, хто не есць, — для Госпада не есць і дзякуе Богу. Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе. Бо ці жывём мы — для Госпада жывём, ці паміраем — для Госпада паміраем. Таму, ці жывём, ці паміраем, мы Гасподнія. Бо дзеля гэтага Хрыстос памёр і ажыў, каб быць Госпадам і мёртвых, і жывых. А ты — чаму асуджаеш свайго брата? Альбо і ты — чаму пагарджаеш сваім братам? Бо мы ўсе станем перад Судом Божым, бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад. — Перада Мною схіліцца кожнае калена і кожны язык вызнае Бога». [Дык] тады кожны з нас дасць справаздачу пра сябе Богу. Дык не будзем больш асуджаць адзін аднаго, а лепш разважце пра тое, як не ставіць брату спатыкнення ці спакусы. Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога самога праз сябе нячыстага, хіба толькі для таго, хто лічыць што-небудзь нячыстым; для таго яно нячыстае. Бо калі з-за яды засмучаецца твой брат, то ты не паводле любові ходзіш. Не губі сваёю ежаю таго, за каго памёр Хрыстос. [Дык] няхай ваша добрае не зневажаецца. Бо Царства Божае — не яда і пітво, а праведнасць, мір і радасць у Святым Духу. Бо той, хто гэтым служыць Хрысту, даспадобы Богу і ўхваляецца людзьмі. Дык будзем тады імкнуцца да таго, што служыць міру і ўзаемнаму ўзрастанню. Не руйнуй працы Божай дзеля яды. Чыстае ўсё, але дрэнна для чалавека — есці, робячы спатыкненне другім. Добра не есці мяса і не піць віна, і не рабіць нічога такога, ад чаго твой брат спатыкаецца, [ці спакушаецца, ці знемагае]. Вера, якую ты маеш, май для сябе перад Богам. Шчаслівы той, хто не асуджае сябе ў тым, што лічыць добрым; а хто сумняваецца, калі есць, асуджаны, боесць не з веры; а ўсё, што не з веры, — грэх. [А Таму, Хто можа ўмацаваць вас згодна з маім дабравесцем і пропаведдзю Ісуса Хрыста, згодна з адкрыццём таямніцы, пра якую ад вечных часоў замоўчвалася, але якая цяпер адкрыта і праз Пісанні Прароцкія, паводле загаду вечнага Бога, абвешчана ўсім народам дзеля паслушэнства веры, Адзінаму Мудраму Богу, праз Ісуса Хрыста, — Яму слава навекі, амін.]

А мы, моцныя, павінны несці слабасці бяссільных, а не дагаджаць сабе. Кожны з нас няхай дагаджае блізкаму на дабро для збудавання. Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, а, як напісана: «Знявагі тых, хто Цябе зневажае, упалі на Мяне». Бо ўсё, што было напісана раней, было напісана для нашага навучання, каб мы праз стойкасць і праз суцяшэнне з Пісанняў мелі надзею Няхай жа Бог стойкасці і суцяшэння дасць вам думаць аднолькава між сабою згодна з Ісусам Хрыстом, каб вы аднадушна адзінымі вуснамі праслаўлялі Бога і Бацьку нашага Госпада Ісуса Хрыста. Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую. Бо я кажу, што Хрыстос стаў служкаю абрэзаных дзеля праўды Божай, каб сцвердзіць абяцанае бацькам, і, што язычнікі павінны праславіць Бога за Яго міласэрнасць, як напісана: «Таму я буду ўсхваляць Цябе, Госпадзе, між язычнікаў і апяваць Тваё імя». І яшчэ кажа: «Радуйцеся, язычнікі, з Яго народам». І яшчэ: «Хваліце Госпада, усе язычнікі, і няхай узнясуць Яму хвалу ўсе народы». І яшчэ Ісаія кажа: «Будзе корань Іессея — Той, Хто паўстане, каб кіраваць язычнікамі; на Яго будуць спадзявацца язычнікі». Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і мірам у веры, каб вы сілаю Святога Духа абагаціліся надзеяй. Але я і сам перакананы пра вас, браты мае, што і вы самі поўныя дабрыні, напоўнены ўсялякімі ведамі і можаце навучаць адзін аднаго. Але тым адважней я напісаў вам, [браты], пра некаторыя рэчы, часткова каб зноў нагадаць пра іх вам, паводле ласкі, дадзенай мне Богам, каб я быў служкаю Хрыста Ісуса для язычнікаў, працуючы святаром дабравесця Божага, каб язычнікі сталі прыемнай ахвярай Богу, асвечанай Святым Духам. Дык мне ёсць чым ганарыцца ў Хрысце Ісусе ў тым, што адносіцца да Бога. Бо я не адважуся казаць што-небудзь з таго, чаго не зрабіў праз мяне Хрыстос для паслушэнства язычнікаў — словам і ўчынкамі, у сіле знакаў і цудаў, у сіле Духа Божага; так што ад Іерусаліма і ваколіц да Ілірыкая я поўнасцю прапаведаў дабравесце Хрыстова. Але лічыў сабе за гонар дабравесціць не там, дзе ўжо было названа імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку; а як напісана: «Тыя, які не было абвешчана пра Яго, убачаць; і тыя, якія не чулі, зразумеюць». Таму я і сустракаў так шмат разоў перашкоды, каб прыйсці да вас. Але цяпер у мяне ўжо няма месца ў гэтых краінах, і ўжо шмат гадоў я маю жаданне прыйсці да вас, калі пайду ў Іспанію, бо спадзяюся, што, праходзячы, убачу вас, і вы праведзяце мяне туды, як спярша я трохі нацешуся вамі. Але цяпер я іду ў Іерусалім, служачы святым. Бо Македонія і Ахаія ўважылі за добрае зрабіць некаторае ахвяраванне для бедных між святых у Іерусаліме. Бо яны ўважылі за добрае, ды яны даўжнікі перад імі. Бо калі язычнікі зрабіліся ўдзельнікаі ў іх духоўным, то павінны і ў цялесным паслужыць ім. Дык, завяршыўшы гэта і даставіўшы ім гэты плён, я выпраўляюся праз вашы мясціны ў Іспанію; і я ведаю, што калі прыйду да вас, то прыйду ў паўнаце дабраславення Хрыстовага. Прашу ж вас, браты, нашым Госпадам Ісусам Хрыстом і любоўю Духа змагацца разам са мною ў малітвах за мяне да Бога, каб я быў выбаўлены ад непакорлівых у Іудзеі і каб маё служэнне для Іерусаліма было добра прынятае святымі, каб мне, з волі Божай прыйшоўшы да вас у радасці, супакоіцца з вамі І няхай будзе Бог міру з усімі вамі. Амін.

Даручаю вам Фіву, нашу сястру, дыяканісу царквы, якая ў Кенхрэях, каб вы прынялі яе ў Госпадзе, як годна святым, і дапамагалі ёй, у чым бы яна ні мела ў вас патрэбы, бо і яна была апякункаю многіх і мяне самога. Прывітайце Прыску1 і Акілу, маіх супрацоўнікаў у Хрысце Ісусе, якія за маё жыццё падстаўлялі свае шыі, якім не толькі я дзякую, але і ўсе цэрквы язычнікаў; І прывітайце царкву, якая ў іх доме. Прывітайце Эпенета, улюбёнага майго, які ёсць пачатак Азіі для Хрыста. Прывітайце Марыю, якая шмат папрацавала для нас. Прывітайце Андроніка і Юнію, маіх сваякоў і вязняў са мною, знакамітых між Апосталаў, яны і ў Хрысце былі раней за мяне. Прывітайце Ампліята, улюбёнага майго ў Госпадзе. Прывітайце Урбана, нашага супрацоўніка ў Хрысце, і Стахія, улюбёнага майго. Прывітайце Апелеса, ухваленага ў Хрысце. Прывітайце тых, хто з дома Арыстобула. Прывітайце Геірадыёна, майго сваяка. Прывітайце тых, хто з дома Наркіса, хто ў Госпадзе. Прывітайце Трыфену і Трыфосу, працаўніц у Госпадзе. Прывітайце Персіду, улюбёную, якая шмат папрацавала ў Госпадзе. Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці яго і маю. Прывітайце Асінкрыта, Флеганта, Гермеса, Патрова, Гермасу і братоў, што з імі. Прывітайце Філолага і Юлію, Нірэя і яго сястру, і Алімпасу, і ўсіх святых, якія з імі. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе цэрквы Хрыстовы. Прашу ж вас, браты, заўважаць тых, хто чыніць падзелы і спакусы насуперак вучэнню, якому вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх. Бо такія служаць не нашаму Госпаду [Ісусу] Хрысту, а свайму страўніку і складнымі словамі і ліслівымі прамовамі ашукваюць сэрцы прастадушных. Бо вестка пра ваша паслушэнства дайшла да ўсіх; тау я радуюся за вас, але хачу, каб вы былі мудрыя для дабра, беззаганныя для ліха. Бог жа міру неўзабаве сатрэ сатану пад вашымі нагамі. Ласка Госпада нашага Ісуса [Хрыста] няхай будзе з вамі. Амін. Вітаюць вас Цімафей, мой супрацоўнік, і Лукій, Іясан і Сасіпатр, мае сваякі. Вітаю вас у Госпадзе я, Тэрцый, што пісаў гэты ліст. Вітае вас Гаій, госцепрыемец мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, гарадскі скарбнік, і брат Кварт. [Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.] А Таму, Хто можа ўмацаваць вас згодна з маім дабравесцем і пропаведдзю Ісуса Хрыста, згодна з адкрыццём таямніцы, пра якую ад вечных часоў замоўчвалася, але якая цяпер адкрыта і праз Прароцкія пісанні, паводле загаду вечнага Бога, абвешчана ўсім народам дзеля паслушэнства веры, Адзінаму Мудраму Богу, праз Ісуса Хрыста, — Яму слава навекі, амін.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.