Библия › Клышка › 1-ы Карынфянаў
Павел, з волі Божай пакліканы Апостал Хрыста Ісуса, і Сасфен, брат, — Божай царкве, якая знаходзіцца ў Карынфе, асвечаным у Хрысце Ісусе, пакліканым святым, з усімі, хто заклікае ў кожным месцы імя нашага Госпада Ісуса Хрыста, у іх і ў нас: ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую заўсёды майму Богу за вас, за ласку Божую, дадзеную вам у Хрысце Ісусе, бо вы ўсім узбагаціліся ў Ім — усялякім словам і ўсялякім веданнем, таму што сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас, так што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы адкрыцця нашага Госпада Ісуса Хрыста; Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць беззаганнымі ў дзень нашага Госпада Ісуса [Хрыста]. Верны Бог, Якім вы былі пакліканы ў супольнасць Яго Сына Ісуса Хрыста, нашага Госпада. Малю ж вас, браты, і мем нашага Госпада Ісуса Хрыста, каб вы ўсе казалі адно, і не было між вамі падзелу, а былі паяднаныя ў адным і тым жа разуменні, і ў тых жа думках. Бо ад тых, хто з дома Хлоі, мне стала вядома пра вас, браты, што між вамі ёсць спрэчкі. А кажу я гэта, бо кожны з вас кажа: «Я — Паўлаў». — «А я — Апалосаў». — «А я — Кіфаў». — «А я — Хрыстоў». Ці ж падзяліўся Хрыстос? Хіба Павел быў укрыжаваны за вас? Ці ў імя Паўла вы хрысціліся? Дзякую [Богу], што я нікога з вас не хрысціў, акрамя Крыспа і Гаія, каб не сказаў хто, што ў маё імя вы былі хрышчаны. Хрысціў жа я і Стэфанаў дом, больш не ведаю, ці хрысціў я каго іншага. Бо Хрыстос паслаў мяне не хрысціць, а дабравесціць, не ў мудрасці слова, каб не спустошыць крыжа Хрыстовага. Бо слова пра крыж для пагібельных — дурнота, а для нас, што ратуемся, — сіла Божая. Бо напісана: «Знішчу мудрасць мудрых, і розум разумных адкіну». Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе спрачальнік гэтага веку? Ці не зрабіў Бог неразумнаю мудрасць [гэтага] свету? Бо калі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, — то Богу даспадобы было праз неразумнасць прапаведзі выратаваць тых, хто веруе; бо і іудзеі дамагаюцца знакаў, і эліны шукаюць мудрасці, а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, — для іудзеяў непрыстойнасць, а для язычнікаў1 — дурнота, для саміх жа пакліканых, і іудзеяў, і элінаў — Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасць, таму што нямудрае Божае мудрэйшае за людзей, і слабое Божае мацнейшае за людзей. Бо паглядзіце, браты, на ваша пакліканне, што няшмат мудрых паводле цела2, няшмат моцных, няшмат высакародных; але Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае, і бязроднае свету і пагарджанае выбраў Бог, тое, чаго няма, каб знішчыць тое, што ёсць, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам. Але ад Яго вы ў Хрысце Ісусе, Які стаў мудрасцю нам ад Бога: і праведнасцю, і асвячэннем, і адкупленнем, каб, як напісана: «Той, хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам».
І я, калі прыйшоў да вас, браты, прыйшоў не каб уразіць бляскам слова ці мудрасцю, абвяшчаючы вам таямніцу Божую. Бо я разважыў не ведаць нічога між вас, акрамя Ісуса Хрыста, Яго — укрыжаванага. І я быў у вас у слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні, і маё слова і мая пропаведзь — не ў пераканаўчых словах [чалавечай] мудрасці, а ў выяўленні Духа і сілы, каб ваша вера была не ў чалавечай мудрасці, а ў сіле Божай. Мудрасць жа мы прапаведуем сярод дасканалых, але не мудрасць гэтага веку і не ўладцаў гэтага веку, якія ператворацца ў нішто, а прапаведуем мудрасць Божую ў таямніцы схаваную, якую прадвызначыў Бог раней вякоў для нашай славы, якой ніхто з уладцаў гэтага веку не пазнаў: бо, калі б пазналі, то не ўкрыжавалі б Госпада славы; але, як напісана: «Тое, чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што на сэрца чалавеку не прыходзіла, тое падрыхтаваў Бог тым, хто любіць Яго.» А нам Бог адкрыў гэта праз [Свайго] Духа; бо Дух усё даследуе, нават глыбіні Божыя. Бо хто з людзей ведае, што ў чалавеку, калі не чалавечы дух, які ў ім? Так і Божага ніхто не ведае, толькі Дух Божы. Але мы атрымалі не духа [гэтага] свету, а Духа, Які ад Бога, каб ведаць дараванае нам Богам; што мы і кажам — не словамі, якім навучыла чалавечая мудрасць, а тымі, якім навучыў [Святы] Дух, тлумачачы духоўнае духоўнымі словамі. Але душэўны чалавек не прымае таго, што ад Духа Божага, бо яно для яго неразумнасць, і ён не можа пазнаць яго, бо гэта распазнаецца духоўна. А духоўны чалавек распазнае ўсё, але сам ён не распазнаецца нікім. Бо хто пазнаў розум Гасподні, каб вучыць Яго? А мы маем розум Хрыстоў.
І я, браты, не мог гаварыць з вамі, як з духоўнымі, але як з цялеснымі, як з немаўлятамі ў Хрысце. Я напаіў вас малаком, не даў цвёрдай ежы, бо вы яшчэ не маглі спажыць яе. Ды нават цяпер яшчэ не можаце ; бо вы яшчэ цялесныя. Бо калі паміж вамі зайздрасць, спрэчкі [і падзел] — ці не цялесныя вы і ці не па-чалавечы робіце? Бо калі хто кажа: «Я — Паўлаў», а другі: «Я — Апалосаў» — то ці не цялесныя вы? Дык што ёсць Апалос? І што ёсць Павел?3 Служкі, праз якіх вы ўверавалі, як і даў Госпад кожнаму з іх. Я пасадзіў, Апалос паліў, але Бог даваў рост. Так што і той, хто саджае, — нішто, і той, хто палівае, а ўсё — Бог, што дае рост. А хто садзіць і хто палівае — адно, але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы. Бо мы — Божыя супрацоўнікі; вы — Божая ніва, Божая пабудова. Дадзенай мне Богам ласкай, я, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы надбудоўвае на ім. Але кожны няхай глядзіць, як надбудоўвае. Бо іншага падмурку ніхто не можа закласці, акрамя закладзенага, які ёсць Ісус Хрыстос. Калі ж хто надбудоўвае на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, праца кожнага выявіцца; бо дзень пакажа, таму што ў агні адкрыецца, і агонь выпрабуе працу кожнага, якая яна ёсць. Калі праца таго, што надбудоўваў, застанецца, ён атрымае ўзнагароду; калі чыя праца згарыць, то ён будзе мець шкоду, сам жа будзе выратаваны, але так, як праз агонь. Ці не ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас? Калі хто знішчае храм Божы, знішчыць таго Бог; бо храм Божы — святы; і гэта — вы. Няхай ніхто сябе не падманвае; калі хто між вас думае, што ён мудры ў гэтым веку, няхай зробіцца неразумным, каб стаць мудрым. Бо мудрасць гэтага свету — неразумнасць у Бога. Бо напісана: «Ён ловіць мудрых у іх хітрасці». І яшчэ: «Госпад ведае разважанні мудрых, што яны марныя». Так што няхай ніхто не хваліцца людзьмі; бо ўсё — ваша: ці Павел, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё ваша; а вы — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.
Няхай так лічыць нас чалавек, як служак Хрыстовых і домакіраўнікоў таямніц Божых. Тут, аднак, ад домакіраўнікоў патрабуецца, каб кожны аказаўся верным. Але мне найменш абыходзіць, як пра мяне судзіце вы ці чалавечы дзень. Я і сам сябе не суджу. Бо я нічога за сабою не ведаю, але не гэтым я апраўданы, судзіць жа мяне — Госпад. Так што не судзіце нічога заўчасна, пакуль не прыйдзе Госпад, Які і асветліць схаванае ў цемры і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога. І гэта я прыклаў, браты, да сябе і Апалоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудраваць звыш таго, што напісана, і не пышыцца адзін перад адным. Бо хто цябе вылучае? І што ты маеш, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, чаму хвалішся, як быццам не атрымаў. Вы ўжо сытыя, вы ўжо разбагацелі, вы пачалі цараваць без нас. І калі б сапраўды вы царавалі, каб і нам разам з вамі цараваць! Бо, думаю, Бог паставіў нас, апошніх Апосталаў, як асуджаных на смерць, таму што мы зрабіліся відовішчам для свету — і для Анёлаў, і для людзей. Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы слабыя, а вы моцныя; вы ў славе, а мы ў ганьбе. Аж да гэтага часу мы церпім і голад, і смагу, мы і голыя, і бітыя, і бяздомныя, і працуем, робячы сваімі рукамі; лаюць нас — мы дабраслаўляем; гоняць нас — мы трымаемся, зневажаюць нас — мы суцяшаем. Мы зрабіліся як смецце для свету, адкідамі для ўсіх — дагэтуль. Не каб пасарамаціць вас, пішу гэта, а каб наставіць на розум як маіх улюбёных дзяцей. Бо хоць у вас дзесяць тысяч настаўнікаў у Хрысце, але не шмат бацькоў; бо я ў Хрысце Ісусе нарадзіў вас праз дабравесце. Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі, [як і я Хрыста]. Таму я паслаў да вас Цімафея, які ёсць мой сын улюбёны і верны ў Госпадзе, які вам напомніць мае дарогі ў Хрысце [Ісусе], як я ўсюды ў кожнай царкве вучу. А як я не прыходжу да вас, некаторыя заганарыліся. Але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і зведаю не словы ганарліўцаў, а сілу. Бо не ў слове Царства Божае, а ў сіле. Што вы хочаце? Ці прыйсці мне да вас з дубцом4 ці з любоўю і духам лагоднасці?
Увогуле чуваць аб распусце ў вас і аб такой, якой няма нават у язычнікаў: хтосьці з вас за жонку мае жонку свайго бацькі. І вы заганарыліся замест таго, каб плакаць у смутку, каб выдалены быў з вашага асяроддзя той, хто ўчыніў такое. Бо я, адсутны целам, але прысутны духам, ужо вырашыў, як бы знаходзячыся ў вас, аб тым, хто так гэта зрабіў, — у імя нашага Госпада Ісуса Хрыста, калі зберацеся вы і мой дух, з сілаю нашага Госпада Ісуса, аддаць такога сатане на згубу цела, каб дух быў выратаваны ў дзень Гасподні5. Нядобрая пахвальба ваша. Ці не ведаеце вы, што малая рошчына заквашвае ўсё цеста? Ачысціце старую рошчыну, каб быць вам новым цестам, бо вы — праснакі: бо і наша Пасха, Хрыстос, ахвяраваны [за нас]. Так што давайце будзем святкаваць не са старою закваскай і не з закваскаю ліха і нізасці, а з праснакамі чысціні і праўды. Я напісаў вам у лісце не мець зносін з распуснікамі : не наогул з распуснікамі гэтага свету ці з хцівымі і сквапнымі, ці з паклоннікамі, бо тады вы павінны былі б выйсці са свету. Але цяпер я напісаў вам не сходзіцца ні з кім, хто называецца братам, калі ён распуснік, ці хцівец, ці ідалапаклоннік, ці ліхамовец, ці п’яніца, ці рабаўнік: з такім нават разам не есці. Бо нашто ж мне судзіць тых, хто звонку царквы? Ці не тых, хто ўсярэдзіне царквы, вы судзіце? А тых, хто звонку царквы, будзе судзіць Бог. Выкіньце ліхога між вас.
Як адважваецца хто з вас, маючы справу супроць другога, судзіцца перад няправеднымі, а не перад святымі? Ці вы не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? І калі вамі судзіцца свет, то няўжо вы нявартыя найменшых судоў? Ці не ведаеце вы, што мы будзем судзіць анёлаў, не тое, што справы гэтага жыцця? Дык калі ў вас праходзяць суды па справах гэтага жыцця, то вы саджаеце суддзямі тых, хто нічога не значыць у царкве? На ваш сорам кажу. Так няўжо няма між вас ніводнага мудрага, які б мог рассудзіць між сваімі братамі. А брат з братам судзіцца, прытым перад бязвернымі. Дык гэта для вас прыніжэнне, што вы маеце судовыя справы адзін з адным. Чаму б не лепей заставацца пакрыўджанымі? Чаму б вам лепей не пацярпець шкоду? Але вы крыўдзіце і ашукваеце, і гэта братоў. Ці вы не ведаеце, што няправедныя не атрымаюць у спадчыну Царства Божага? Не падманвайце сябе: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні збачэнцы, ні мужаложнікі, ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні ліхамоўцы, ні грабежнікі — не атрымаюць у спадчыну Царства Божага. І такімі былі некаторыя з вас; але вы былі абмыты, але вы былі асвечаны, але былі апраўданы імем [нашага] Госпада Ісуса Хрыста і Духам нашага Бога. Усё мне дазволена, але не ўсё на карысць; усё мне дазволена, але я нічому не буду падуладны. Ежа для чэрава і чэрава для ежы, але Бог і тое і другое ператворыць у нішто. Цела ж не дзеля распусты, а для Госпада, і Госпад для цела. А Бог і Госпада ўваскрасіў і нас уваскрэсіць Сваёю сілаю. Ці вы не ведаеце, што вашы целы — члены Хрыстовы? Дык, узяўшы члены Хрыстовы, ці зраблю іх членамі распусніцы? Вядома ж не! Ніколі. Ці вы не ведаеце, што той, хто злучаецца з распусніцаю — з ёю адно цела? Бо Ён кажа: «Двое будуць адным целам». А хтозлучаецца з Госпадам, ёсць адзін дух з Госпадам. Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які б ні зрабіў чалавек, — па-за целам; а хто распуснічае, грашыць супраць уласнага цела. Ці вы не ведаеце, што ваша цела6 — храм Святога Духа, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і вы не свае ўласныя? Бо вы куплены дарагою цаною. Дык праслаўляйце ж Бога ў вашым целе [і ў вашым духу, у тых, якія ёсць ад Бога].
А пра тое, пра што вы [мне] пісалі, то добра чалавеку не дакранацца да жанчыны. Але, каб унікнуць распусты, кожны няхай мае сваю жонку і кожная няхай мае свайго мужа. Муж жонцы няхай аддае належнае, падобна і жонка мужу. Жонка не ўладная над сваім целам, а муж; але падобна і муж не ўладны над сваім целам, а жонка. Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба толькі па згодзе на час, каб аддацца малітве і потым зноў быць разам, каб не спакушаў вас сатана з-за вашай няўстрыманасці. Але гэта я кажу як дазвол, не як загад. А я хачу, каб усе людзі былі як і я сам; але кожны мае ўласны дар ад Бога: адзін так, другі — інакш. Але я кажу нежанатым і ўдовам: добра ім, калі застануцца як і я. Але калі яны не могуць устрымацца, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распальвацца жаданнем. А жанатым загадваю не я, а Госпад: жонцы не разводзіцца з мужам, — калі ж і развядзецца, няхай застаецца незамужняй ці памірыцца з мужам, — а мужу жонкі не пакідаць. А астатнім я кажу — я, не Госпад: калі які брат мае жонку бязверную і яна згаджаецца жыць з ім, няхай не пакідае яе; і жонка, калі мае бязвернага мужа, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае мужа7. Бо бязверны муж асвечаны жонкаю [верніцаю], і асвечана бязверная жонка братам8, бо тады дзеці вашы былі б нячыстымі, цяпер жа яны святыя. Калі ж бязверны хоча адысці, няхай адыходзіць; не прынявольваюцца брат ці сястра ў такіх выпадках; але Бог паклікаў вас9 да міру. Бо адкуль ты ведаеш, жонка, ці не ўратуеш мужа? Ці адкуль ты ведаеш, муж, што не ўратуеш жонку? Толькі кожны няхай жыве так, як Госпад10 яму прызначыў і да чаго паклікаў Бог11. І так я загадваю ва ўсіх цэрквах. Ці быў хто-небудзь пакліканы абрэзаным, няхай не тоіцца; пакліканы хто неабрэзаным, няхай не абразаецца. Абразанне — нішто, і неабразанне — нішто, але важна выкананне запаведзяў Божых. Кожны ў тым стане, у якім быў пакліканы, у тым няхай і застаецца. Ці ты рабом быў пакліканы — няхай гэта цябе не турбуе, але калі і можаш зрабіцца свабодным, лепш скарыстай гэтае становішча. Бо раб, які пакліканы ў Госпадзе, ёсць вольнаадпушчаннік Гасподні; падобна і вольны, які пакліканы, ёсць раб Хрыстоў. Вы куплены дарагою цаною. Не рабіцеся рабамі людзей. Кожны, у якім становішчы быў пакліканы, браты, у тым няхай і застаецца ў Бога. Што да дзявоцтва, то я не маю загаду ад Госпада, але падаю сваю думку як той, хто атрымаў ад Госпада ласку быць верным. Дык я за лепшае лічу пры цяперашняй патрэбе — што добра чалавеку быць, як ён ёсць. Ты звязаны з жонкаю, не шукай разводу; ты без жонкі, не шукай жонкі. Але калі і ажэнішся, не саграшыш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, яна не саграшыць; але такія цялесную муку будуць мець, а я вас шкадую. Але вось што я кажу, браты: час скарочаны, надалей няхай і тыя, штомаюць жонак, будуць, як бы не маюць, і тыя, што плачуць, як быццам не плачуць, і тыя, што радуюцца, як бы не радуюцца, і тыя, што купляюць, як бы не набываюць. І тыя, што карыстаюцца [гэтым] светам, як бы не карыстаюцца, бо праходзіць вобраз гэтага свету. А я хачу, каб вы былі без турботаў. Нежанаты рупіцца пра Гасподняе, як бы дагадзіць Госпаду; а хто жанаты — рупіцца пра мірское, як дагадзіць жонцы; і ён раздвойваецца. І незамужняя жанчына і дзяўчына рупяцца пра Гасподняе, каб быць святою і целам, і духам; а тая, што выйшла замуж, рупіцца пра мірское, як бы дагадзіць мужу. Але гэта я кажу дзеля вашай жа карысці — не дзеля таго, каб накінуць на вас пятлю, а каб вы добрапрыстойна і бесперапынна былі пры Госпадзе, не адхіляючыся. Калі ж хто лічыць непрыстойным для сваёй дачкі-дзяўчыны, каб яна, будучы у сталым узросце, заставалася так, той няхай робіць, як хоча: не саграшыць; няхай такія выходзяць замуж. Але хто цвёрда стаіць у сваім сэрцы, не маючы неабходнасці, мае тым не менш уладу над сваёю воляю, так і вырашыў у сваім сэрцы: захаваць сваю дачку-дзяўчыну, той добра зробіць. Так што і той, хто аддае замуж сваю дачку-дзяўчыну, добра робіць, а той, хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць. Жонка звязана [законам], пакуль жыве яе муж; калі ж муж памрэ, яна вольная выйсці замуж за каго хоча, толькі за таго, хто ў Госпадзе. Але яна шчаслівейшая, калі застанецца так, паводле маёй думкі; а я думаю, што і я маю Духа Божага.
А што да прынесенага ў ахвяру ідалам, мы ведаем, што мы ўсе маем веды. Веды надзімаюць, а любоў стварае. Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, то ён яшчэ не ўведаў так, як трэба яму ведаць. Але калі хто любіць Бога, таго Ён ведае. Дык што да ўжывання ў ежу прынесенага ў ахвяру ідалам мы ведаем, што ідал на свеце нішто і што няма іншага Бога, акрамя Адзінага. Бо нават калі ёсць так званыя багі, ці на небе, ці на зямлі, як і ёсць шмат багоў і шмат паноў, але ў нас адзін Бог, Бацька, з Якога ўсё, і мы для Яго, і адзін Госпад, Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго. Але не ва ўсіх гэтае веданне: некаторыя да гэтага часу па звычцы да ідала ядуць ежу як ідальскую ахвяру, і іх сумленне, будучы слабым, апаганьваецца. Ежа ж нас не наблізіць да Бога: ці не ядзім мы, нічога не трацім; ці ядзім, нічога не набудзем. Але глядзіце ж, як бы гэтае ваша права не стала спакусай для слабых. Бо калі хто ўбачыць, што ты, маючы веды, узлягаеш за сталом у капішчы, ці не падахвоціць яго сумленне, калі ён слабы, есці прынесенае ў ахвяру ідалам? Бо ад твайго ведання загіне слабы — брат, за якога памёр Хрыстос. А саграшаючы так супроць братоў і ранячы іх слабое сумленне, вы грашыце супроць Хрыста. Таму калі ежа спакушае майго брата, не буду есці мяса давеку, каб неспакусіць майго брата.
Ці я не свабодны? Ці я не Апостал? Ці я не ўбачыў Ісуса, нашага Госпада? Ці вы — не мая праца ў Госпадзе? Калі для іншых я не Апостал, то ўсё ж для вас я — Апостал: бо пячатка майго апостальства — вы ў Госпадзе. Вось маё апраўданне перад тымі, хто асуджае мяне. Ці мы не маем права есці і піць? Ці мы не маем права вадзіць з сабою сястру-жонку, як і астатнія Апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа? Ці адзін я і Варнава не маем права не працаваць? Хто калі-небудзь служыць воінам на свой кошт? Хто садзіць вінаграднік і не есць яго плод? Ці хто пасвіць статак і не п’е малака ад статка? Ці толькі па чалавечай развазе я гэта кажу? Ці не кажа гэтага і закон? Бо ў Маісеевым законе напісана: «Не закрывай рот валу, які малоціць». Ці пра валоў клапоціцца Бог? Ці не для нас увогуле Ён гэта кажа? Так, для нас гэта было напісана, бо хто арэ, павінен араць з надзеяй, і хто малоціць — з надзеяй мець сваю долю. Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікае гэта, калі мы пажнём ад вас цялеснае? Калі іншыя маюць у вас удзел ва ўладзе, ці не тым больш мы? Але мы не пакарысталіся гэтаю ўладай, а ўсё пераносім, каб не было ад нас ніякай перашкоды дабравесцю Хрыстоваму. Ці не ведаеце вы, што тыя, хто працуе пры святыні, ядуць тое, што са святыні, а тыя, хто слугуе пры ахвярніку, ад ахвярніка маюць долю? Так і Госпад загадаў, каб тыя, хто абвяшчае дабравесце, жылі ад дабравесця. Але сам я не пакарыстаўся нічым з гэтага; і я напісаў гэта не для таго, каб так было са мною; бо лепш было б мне памерці, чым дазволіць, каб нехта пазбавіў мяне гэтай славы. Бо калі я буду дабравесціць, то мне няма чым хваліцца, бо на мне ляжыць неабходнасць; бо бяда мне, калі я не буду дабравесціць. Бо калі я раблю гэта дабраахвотна, то маю ўзнагароду; калі не дабраахвотна, то выконваю толькі даручанае мне служэнне. Дык якая мая ўзнагарода? Тая, што, абвяшчаючы без платы дабравесце [Хрыста], не карыстаюся правам, якое дае мне дабравесце. Бо хоць я вольны ад усіх, я зрабіўся нявольнікам усіх, каб тым больш іх прыдбаць; і я стаў для іудзеяў як іудзей, каб прыдбаць іудзеяў; для тых, хто пад законам, як падзаконны — хоць сам я не пад законам, — каб прыдбаць тых, хто пад законам; для тых, хто без закону, быў як бы без закону, хоць я не без закону перад Богам, а пад законам Хрыстовым, — каб прыдбаць тых, хто без закону; для слабых я стаў слабым, каб прыдбаць слабых; для ўсіх я зрабіўся ўсім, каб выратаваць, чаго б ні каштавала, некаторых. І я ўсё раблю для дабравесця, каб быць саўдзельнікам яго. Ці вы не ведаеце, што пры забегу бягуць усе, але адзін атрымлівае ўзнагароду? Так бяжыце, каб атрымаць. І кожны спаборнік устрымліваецца ва ўсім: дык тыя, каб атрымаць вянок тленны, а мы — нятленны. Таму я бягу так — не як бы без яснай мэты; я б’юся, не як паветра б’ючы; а ўтаймоўваю сваё цела і занявольваю, каб, прапаведваючы іншым, самому не стацца нявартым.
Бо я не хачу, каб вы не ведалі, браты, што нашы бацькі ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора, і ўсе ў Маісея былі ахрышчаны ў воблаку і ў моры; і ўсе елі тую самую духоўную страву; і ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнай скалы, што ішла за імі, скала ж была — Хрыстос. Але большасць з іх не ўпадабаў Бог; бо яны палеглі ў пустэльні. А гэтыя падзеі сталі прыкладам для нас, каб мы не былі пажадлівыя на ліхое, як захацелі яны. І не рабіцеся ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх; як напісана: «Народ сеў есці і піць, і ўсталі гуляць». І не будзем рабіць распусты, як некаторыя з іх аддаліся распусце, і ў адзін дзень загінула дваццаць тры тысячы. І не будзем выпрабоўваць Госпада, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў. І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад знішчальніка. А ўсё гэта адбывалася з імі як прыклад, і напісана гэта было для навучання нас, на якіх сышліся канцы вякоў. Так што той, хто думае, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці. Вас напаткала выпрабаванне не іншае, як чалавечае; і верны Бог, Які не дапусціць, каб вы былі выпрабаваны звыш таго, што вы можаце, а створыць разам з выпрабаваннем і выйсце, каб вы маглі вытрымаць. Таму, улюбёныя мае, уцякайце ад ідалапаклонства. Кажу як разумным: разважце самі, што кажу. Чаша дабраславення, якую мы добраслаўляем, ці не ёсць далучэнне да Крыві Хрыстовай? Хлеб, які ламаем, ці не ёсць далучэнне да Цела Хрыстовага? Таму што адзін хлеб, то мы, многія, — адно цела; бо мы ўсе супольнікі аднаго хлеба. Паглядзіце на Ізраіля паводле цела; ці тыя, хто есць ахвяры, не саўдзельнікі ахвярніка? Дык што я кажу? Ці прынесенае ў ахвяру ідалу ёсць нешта, ці што ідал ёсць нешта? Не, але тое, што язычнікі прыносяць у ахвяру, прыносяць у ахвяру дэманам, а не Богу; а я не хачу, каб вы рабіліся саўдзельнікамі дэманаў. Не можаце піць чашу Гасподнюю і чашу дэманаў; не можаце быць удзельнікамі стала Госпада і стала дэманаў. Ці мы выклікаем у Госпада рэўнасць? Ці мы мацнейшыя за Яго? Усё [мне] дазваляецца, але не ўсё на карысць; усё [мне] дазваляецца, але не ўсё будуе. Няхай ніхто не шукае сваёй карысці, а шукае карысці другога. Усё, што прадаецца на мясным рынку, ешце, нічога не высвятляючы — дзеля спакою сумлення. Бо Гасподняя зямля і тое, што яе напаўняе. Калі хто з бязверных запрашае вас і вы хочаце ісці, то ўсё, што прапануецца вам, ешце, нічога не высвятляючы — дзеля спакою сумлення. Але калі хто скажа вам: «Гэта прыносілася ў ахвяру [ідалам]» — не ешце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумлення — [бо Гасподняя зямля і тое, што яе напаўняе]. Сумлення, кажу я, не вашага ўласнага, а другога. Бо навошта мая свабода будзе судзіцца сумленнем другога? Калі я прымаю што з удзячнасцю, то чаму мяне ліхасловяць за тое, за што дзякую? Дык, ці ясце вы, ці п’яце, ці што-небудзь робіце — усё рабіце на славу Божую. Не падавайце спакусы ні іудзеям, ні элінам, ні царкве Божай; як і я ўсім ва ўсім дагаджаю, шукаючы не сваёй карысці, а карысці многіх, каб яны былі ўратаваны.
Будзьце маімі пераймальнікамі, як і я — Хрыста. Але хвалю вас, [браты], за тое, што ўсё маё памятаеце і захоўваеце так паданні, як я вам перадаў. Але хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужу — Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог. Кожны мужчына, які моліцца ці прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву. А кожная жанчына, якая моліцца ці прарочыць з ненакрытай галавой, сароміць сваю галаву; бо гэта тое самае, як калі б яна была паголеная. Бо калі жанчына не накрываецца, то няхай і стрыжэцца; калі ж жанчыне сорамна быць стрыжанай ці паголенай, няхай накрываецца. Бо мужчына не павінен накрываць сабе галаву, таму што ён вобраз і слава Бога, а жанчына — слава мужава. Бо не мужчына з жанчыны, а жанчына з мужчыны; бо і не мужчына быў створаны дзеля жанчыны, а жанчына дзеля мужчыны. Таму жанчына павінна мець на галаве знак улады дзеля Анёлаў. Аднак і жанчына не без мужчыны і мужчына не без жанчыны ў Госпадзе; бо як жанчына з мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога. Разважце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу з ненакрытаю галавою? І ці сама прырода не вучыць вас, што калі мужчына мае доўгія валасы, то для яго гэта — ганьба, а калі жанчына мае доўгія валасы, то для яе гэта слава, таму што доўгія валасы дадзены ёй замест пакрывала? А калі хто думае паспрачацца, то такога звычаю не маем ні мы, ні цэрквы Божыя. Але вось які наказ я даю вам і не хвалю вас, што вы збіраецеся не на лепшае, а на горшае. Бо, па-першае, калі вы збіраецеся ў царкве, чую, што між вас ёсць расколы, я часткова гэтаму веру. Бо павінны быць між вас і розныя погляды, каб выявіліся праўдзівыя між вас. Дык калі вы збіраецеся разам, то гэта не значыць прымаць вячэру Гасподнюю; бо кожны пры ядзе раней бярэ ўласную вячэру, і адзін бывае галодны, а другі п’яны. Ці ж няма ў вас дамоў, каб есці і піць? Ці пагарджаеце царквою Божай і сароміце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Пахваліць вас? За гэта не хвалю. Бо я атрымаў ад Госпада тое, што і перадаў вам, што Госпад Ісус у тую ноч, у якую выдавалі Яго, узяў хлеб і, падзякаваўшы, разламаў яго і сказаў: «Гэта ёсць Маё Цела, якое за вас [помніцца]; рабіце гэта ва ўспамін пра Мяне». Гэтак жа і чашу пасля вячэры Ён узяў, кажучы: «Гэтая чаша ёсць новы запавет у Маёй Крыві; рабіце гэта кожны раз, калі п’яце яе, — ва ўспамін пра Мяне». Бо кожны раз, як вы ясце гэты хлеб і п’яце чашу, — вы абвяшчаеце смерць Госпада, пакуль Ён не прыйдзе. Так што хто будзе есці хлеб і піць чашу Госпада нягодна, той будзе вінаваты перад Целам і Крывёю Госпада. Але няхай чалавек выпрабоўвае сябе і так няхай есць ад хлеба і п’е ад чашы. Бо хто есць і п’е [нягодна], не распазнаючы, што гэта Цела [Госпада], той есць і п’е прысуд сабе. З-за гэтага між вас шмат слабых і хворых, і нямала памірае. Але калі б мы самі сябе судзілі, то нас бы не судзілі; а так нас Госпад судзіць і выхоўвае, каб мы не былі асуджаны з гэтым светам. Так што, мае браты, збіраючыся, каб есці, чакайце адзін аднаго. Калі хто галодны, няхай есць дома, каб не збірацца вам на асуджэнне. Астатняе ж уладжу, як прыйду.
А што да духоўных дароў, браты, — я не хачу, каб вы заставаліся ў няведанні. Вы ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, вы хадзілі да безгалосых ідалаў, так, як бы вялі вас. Таму аб’яўляю вам, што ніхто, гаворачы ў Духу Божым, не скажа: «Анафема Ісусу»; і ніхто не можа сказаць: «Ісус — Госпад!» — акрамя як у Святым Духу. Але ёсць адрозненні ў дараваннях, а Дух — той самы. І ёсць адрозненні ў служэннях, а Госпад — той самы. І ёсць адрозненні ў дзеяннях; а Бог — той самы, што робіць усё ва ўсіх. Але кожнаму даецца выяўленне Духа на карысць. Бо аднаму праз Духа даецца слова мудрасці, другому — слова ведання тым самым Духам; іншаму — вера ў тым жа Духу, а яшчэ іншаму — дар вылечвання ў адным Духу, а іншаму — чыніць цуды; а іншаму — прароцтва; а іншаму — распазнаванне духаў; іншаму — розныя роды моў; а другому — тлумачэнне моў. Але ўсё гэта робіць адзін і той самы Дух, раздаючы кожнаму асобна, як Ён хоча. Бо як цела адно і мае многа членаў, але ўсе члены [аднаго] цела, хоць іх шмат, — гэта адно цела, так і Хрыстос. Бо і ў адным Духу мы ўсе хрысціліся ў адно цела — іудзеі ці эліны, рабы ці свабодныя, і ўсе мы былі напоены адным Духам. Бо і цела — не адзін член, а многа. Калі нага скажа: «Таму што я не рука, то я не ад цела», гэта не значыць, што таму яна не ад цела. І калі вуха скажа: «Таму што я не вока, то я не ад цела», гэта не значыць, што таму яно не ад цела. Калі б усё цела было вока, дзе быў бы слых? Калі б усё яно было слых, то дзе быў бы нюх? Але цяпер Бог размясціў члены — кожны з іх — у целе, як Ён захацеў. Бо, калі б усе былі адзін член, то дзе было б цела? Але цяпер многа членаў, а цела адно. І не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна», ці зноў жа галава нагам: «Вы мне не патрэбны». Але наадварот: тыя члены цела, якія здаюцца слабейшымі, — яны неабходныя. А тыя члены цела, якія нам здаюцца менш пачэснымі ў целе, — іх мы акружаем яшчэ большай пашанай; і нашы саромныя члены набываюць яшчэ большую прыстойнасць, а нашы прыстойныя ў гэтым патрэбы не маюць. Але Бог сабраў цела, даўшы большую пашану таму, хто мае большую нястачу, каб не было падзелу ў целе, а каб члены аднолькава рупіліся адзін аб адным. І калі пакутуе адзін член, пакутуюць з ім усе члены; і калі славіцца адзін член, разам радуюцца ўсе члены. А вы — цела Хрыстова і паасобна члены. І некаторых Бог паставіў у царкве, па-першае, Апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; потым даў сілы, потым дары вылечвання, падтрымкі, кіравання, [розныя] роды моў. Ці ўсе Апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе робяць цуды? Ці ўсе маюць дар вылечвання? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць? Але вы рупцеся аб большых дарах. А я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.
Калі я гавару на мовах людзей і Анёлаў, але любові не маю, — то я стаў звонкай меддзю ці гулкімі літаўрамі. І калі я маю дар прароцтва і ведаю ўсе таямніцы і ўсё веданне, і калі маю ўсю веру, так каб і горы перастаўляць, а любові не маю, — я нішто. І нават калі я раздам усю сваю маёмасць на пракорм бедным, і калі аддам сваё цела, каб мяне пахвалілі12, а любові не маю, то няма мне ніякай карысці. Любоў доўга церпіць, любоў міласэрная, любоў не зайздросціць, не выхваляецца, не надзімаецца, не паводзіць сябе непрыстойна, не шукае свайго; не раздражняецца, не думае ліха, не радуецца няправеднасці, але радуецца разам з праўдай; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё вытрымлівае. Любоў ніколі не праходзіць; а калі прароцтвы — яны знікнуць, калі мовы — яны змоўкнуць, калі веды — яны стануць непатрэбнымі. Бо мы ведаем часткова і прарочым часткова. Калі ж прыйдзе дасканалае, — [тады] тое, што частковае, знікне. Калі я быў дзіцем, я гаварыў як дзіця, думаў як дзіця, разважаў як дзіця; калі я стаў мужчынам, я пакінуў дзіцячае. Бо цяпер мы глядзім на адлюстраванне няпэўна, тады ж — тварам у твар; цяпер я ведаю часткова, тады ж пазнаю поўнасцю, як і сам я пазнаны. А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх — любоў.
Імкніцеся да любові, рупцеся пра дары духоўныя, але асабліва — каб вы прарочылі. Бо хто гаворыць іншаю моваю, не людзям гаворыць, а Богу; бо ніхто не разумее13, але ў сваім духу ён кажа таямніцы. Той жа, хто прарочыць, людзям кажа на стварэнне, заахвочванне і суцяшэнне. Той, хто гаворыць іншаю моваю, самога сябе будуе; а той, хто прарочыць, царкву будуе. Я хачу, каб усе вы гаварылі мовамі, але лепей, каб вы прарочылі; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба толькі ён будзе тлумачыць, каб царква атрымала збудаванне. Але цяпер, браты, калі я прыйду да вас, гаворачы іншымі мовамі, якую прынясу вам карысць, калі не буду гаварыць да вас ці адкрыццём, ці веданнем, ці прароцтвам, ці навукаю? Нават бяздушныя прадметы, якія выдаюць гукі, ці то флейта, ці то арфа, калі не дадуць адрознення ў танах, як распазнаць тое, што іграецца на флейце ці на арфе? Бо і труба — калі выдасць невыразны гук, хто будзе рыхтавацца да бою? Гэтак і вы, калі не выдадзіце языком выразнага слова, як зразумець тое, што гаворыцца? Бо вы будзеце гаварыць на вецер. Ёсць, магчыма, шмат рознага роду галасоў на свеце, і няма ніводнага [з іх] без сэнсу. Дык калі я не ведаю значэння слоў, то я буду чужаземцам для таго, хто гаворыць, а хто гаворыць, будзе чужаземцам для мяне. Так і вы, калі рупцеся аб духоўным, старайцеся ўзбагацець ім для збудавання царквы. Таму, хто гаворыць іншаю моваю, няхай моліцца, каб патлумачыць. Бо калі я малюся на іншай мове, то дух мой моліцца, але мой розум бясплодны. Дык што ж? Буду маліцца духам, але буду маліцца і розумам; буду спяваць духам, але спяваць і розумам. Таму што, калі ты будзеш добраслаўляць у духу, то як жа той, хто займае месца недасведчанага ў мовах, скажа «амін» на тваё дзякаванне? Бо ён не разумее, што ты кажаш: бо ты добра дзякуеш, але другі не навучаецца. Дзякую [майму] Богу: я больш за ўсіх вас гавару мовамі; але ў царкве хачу пяць слоў сказаць сваім розумам, каб і іншых навучыць, чым дзесяць тысяч слоў на іншай мове. Браты, не будзьце дзецьмі розумам; але на ліхое будзьце немаўлятамі, а розумам будзьце сталымі. У законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць гэтаму народу, і нават так не паслухаюць Мяне, — кажа Госпад». Так што мовы ёсць знак не для вернікаў, а для бязверных, прароцтва ж не для бязверных, а для вернікаў. Дык, калі ўся царква збярэцца разам, і ўсе будуць гаварыць на іншых мовах, і ўвойдуць недасведчаныя ў мовах ці бязверныя, то ці не скажуць яны, што вы звар’яцелі? Калі ж усе будуць прарочыць і ўвойдзе бязверны ці недасведчаны, то ён выкрываецца ўсімі, судзіцца ўсімі; патаемнае яго сэрца выяўляецца; і тады, упаўшы ніцма, ён паклоніцца Богу, абвяшчаючы, што сапраўды Бог — між вас. Дык што ж, браты? Калі вы збіраецеся, у кожнага ёсць псалом, ёсць вучэнне, ёсць адкрыццё, ёсць мова, ёсць тлумачэнне; няхай будзе ўсё для збудавання. Калі хто гаворыць на іншай мове — няхай гавораць па двое ці, самае большае, па трое, і па чарзе, а адзін няхай тлумачыць. Калі ж не будзе тлумачальніка, няхай маўчыць у царкве і кажа сабе і Богу. А прарокі няхай гавораць два ці тры, а астатнія няхай разважаюць. А калі будзе адкрыццё другому, што сядзіць, першы няхай маўчыць. Бо вы ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усе навучаліся і ўсе падбадзёрваліся. І духі прарокаў паслухмяныя прарокам; бо Бог ёсць Бог не бязладдзя, а міру. Як ва ўсіх цэрквах у святых, [вашы] жонкі ў царквах няхай маўчаць, бо ім не дазваляецца гаварыць, а няхай падпарадкоўваюцца, як і закон кажа. Калі ж яны хочуць што-небудзь даведацца, няхай дома пытаюцца ў сваіх мужоў; бо сорамна жонцы гаварыць у царкве. Ці ад вас выйшла слова Божае? Ці да вас адных яно дайшло? Калі каму-небудзь здаецца, што ён прарок ці духоўны, той няхай ведае тое, што я пішу вам, — гэта запаведзь14 Госпада; калі ж хто-небудзь не разумее, няхай і не разумее. Так што, браты [мае], рупцеся пра тое, каб прарочыць, але не перашкаджайце гаварыць мовамі; і няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.
Напамінаю вам, браты, Дабравесце, якое я абвяшчаў вам, якое вы і прынялі, у якім вы і стаіце, праз якое вы і ратуецеся, калі трымаецеся слова, якое я абвяшчаў вам, — калі толькі не марна ўверавалі. Бо я перадаў вам перш за ўсё тое, што і атрымаў, — што Хрыстос памёр за нашы грахі згодна з Пісаннямі; і што Ён быў пахаваны, і што Ён уваскрэшаны на трэці дзень згодна з Пісаннямі; і што Ён з’явіўся Кіфе, потым — дванаццаці; потым з’явіўся больш чым пяцістам братам зараз, з якіх большасць дагэтуль жыве, а некаторыя памерлі; потым з’явіўся Іякаву, потым — усім Апосталам; а апошняму з усіх з’явіўся і мне, быццам неданошанаму. Бо я найменшы15 з Апосталаў, які няварты называцца Апосталам, таму што я гнаў царкву Божую. Але ласкаю Божаю я ёсць тое, што ёсць, і ласка Яго да мяне не стала дарэмнай, наадварот, я болей за ўсіх іх папрацаваў, зрэшты не я, а ласка Божая, што са мною. Дык ці я, ці яны — мы так прапаведуем, і вы так уверавалі. Але калі прапаведуецца Хрыстос — што Ён уваскрэшаны з мёртвых, — як жа кажуць некаторыя між вас, што няма ўваскрэсення мёртвых? Калі ж няма ўваскрэсення мёртвых, — то і Хрыстос не ўваскрэшаны; а калі Хрыстос не ўваскрэшаны, дарэмная тады наша пропаведзь, дарэмная і ваша вера. І таксама мы робімся лжэсведкамі Бога, таму што мы сведчылі супроць Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрашаў, калі сапраўды мёртвыя не ўваскрашаюцца. Бо калі мёртвыя не ўваскрашаюцца, то і Хрыстос не ўваскрэшаны. А калі Хрыстос не ўваскрэшаны, дарэмная ваша вера, вы яшчэ ў вашых грахах. Тады і памерлыя ў Хрысце загінулі. Калі мы ў гэтым жыцці толькі спадзяёмся на Хрыста — мы найнешчаслівейшыя за ўсіх людзей. Але цяпер Хрыстос уваскрэс з мёртвых, першынец з памерлых. Бо як праз чалавека прыйшла смерць, то праз чалавека і ўваскрэсенне мёртвых. Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе ажывуць. Але кожны ў сваім парадку: першы — Хрыстос, потым тыя, хто Хрыстовы, пры Яго прышэсці, потым — канец, калі Ён перадасць Царства Богу і Бацьку, калі Ён адменіць усялякае начальства і ўсялякую ўладу і сілу. Бо Яму належыць цараваць да тае пары, пакуль Бог не пакладзе ўсіх ворагаў пад Яго ногі. Як апошні вораг будзе знішчана смерць. Бо Ён усё падпарадкаваў пад Яго ногі. Калі ж Ён скажа, што ўсё падпарадкавана, — ясна, што за выключэннем Таго, Хто падпарадкаваў Яму ўсё. Каліж Яму будзе падпарадкавана ўсё, тады і Сам Сын будзе падпарадкаваны Таму, Хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім. Бо што будуць рабіць тыя, хто хрысціўся дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрашаюцца, навошта яны хрысцяцца дзеля іх?16 Дзеля чаго і мы кожную гадзіну ў небяспецы? Я кожны дзень паміраю: спашлюся ў доказ, браты, на вашу пахвалу, якую я маю ў Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе. Калі я па-чалавечаму змагаўся са звярамі ў Эфесе, якая мне карысць? Калі мёртвыя не ўваскрашаюцца, будзем есці і піць, бо заўтра памром! Не падманвайце сябе: благія таварыствы псуюць добрыя норавы. Працверазіцеся праведна, і не грашыце, бо некаторыя з вас не ведаюць Бога: на сорам вам кажу. Але хто-небудзь скажа: «Як уваскрашаюцца мёртвыя? І ў якім целе яны прыходзяць?» Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажывае, калі не памрэ; і тое, што ты сееш, ты сееш не як цела, якім яно стане потым, а як звычайнае зерне, быць можа, пшанічнае ці якое іншае. А Бог дае яму цела такое, якое Ён захацеў, і кожнаму зярняці — яго ўласнае цела. Не ўсякае цела — тое самае цела, а адно — у людзей, другое цела — у жывёлы, іншае цела — у птушак, яшчэ іншае — у рыб. І ёсць целы нябесныя і целы зямныя; але ў нябесных слава адна, а ў зямных — іншая. Іншая слава ў сонца, і іншая слава ў месяца, і іншая слава ў зорак; бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай. Так і ўваскрэсенне мёртвых. Сеецца ў тленні — уваскрашаецца ў нятленні; сеецца ў ганьбе — уваскрашаецца ў славе; сеецца ў слабасці — уваскрашаецца ў сіле; сеецца цела душэўнае — уваскрашаецца цела духоўнае. Калі ёсць цела душэўнае, ёсць і духоўнае. Так і напісана: «Першы чалавек, Адам, стаў жывою душою»; апошні Адам ёсць жыватворны дух. Але не духоўнае першае, а душэўнае, потым духоўнае. Першы чалавек — з зямлі, гліняны; другі Чалавек — [Госпад] з неба. Які гліняны, такія і гліняныя, і які Нябесны, такія і нябесныя; і як мы насілі вобраз глінянага, так будзем насіць і вобраз Нябеснага. Але што вам скажу, браты, што цела і кроў атрымаць у спадчыну Царства Божага не могуць, і тленне не можа мець спадчыны ў нятленні. Вось кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе зменімся, ураз, у імгненне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць яна, і мёртвыя будуць уваскрэшаны нятленнымі, і мы зменімся. Бо патрэбна, каб гэтае тленнае апранулася ў нятленне, і гэтае смяротнае апранулася ў бессмяротнасць. І калі гэтае тленнае апранецца ў нятленне, і гэтае смяротнае апранецца ў бессмяротнасць, тады спраўдзіцца напісанае слова: «Перамога паглынула смерць». Дзе, смерць, твая перамога? Дзе, смерць, тваё джала?17 Джала ж смерці — грэх, а сіла граху — закон; але падзяка Богу, Які дае нам перамогу праз нашага Госпада Ісуса Хрыста. Дык, браты мае ўлюбёныя, будзьце цвёрдымі, непахіснымі, маючы заўсёды поспех у рабоце Гасподняй, ведаючы, што ваша праца не марная ў Госпадзе.
А што да збору для святых, то як я пастанавіў цэрквам Галатыі, так і вы зрабіце. У першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладвае, зберагаючы, у сябе, што ўдасца, каб не было збораў, калі я прыйду. А калі прыйду, то тых, каго вы ўхваліце, пашлю з лістамі занесці ваш дар у Іерусалім; а калі прыстойна будзе і мне ісці, яны пойдуць са мною. А прыйду я да вас, калі прайду праз Македонію, бо я праходжу праз Македонію. І, можа, пажыву ў вас ці нават перазімую, каб вы правялі мяне, куды я пайду. Бо я не хачу бачыць вас цяпер мімаходам; бо спадзяюся нейкі час застацца ў вас, калі Госпад дазволіць. Застануся ж я ў Эфесе да Пяцідзесятніцы, бо мне адчынены дзверы, вялікія і дзейсныя; і шмат праціўнікаў. А калі прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб ён быў у вас у бяспецы, бо ён робіць работу Гасподнюю, як і я. Дык няхай ніхто не пагарджае ім. А правядзіце яго з мірам, каб ён прыйшоў да мяне; бо я чакаю яго з братамі. Што да брата Апалоса, я вельмі прасіў яго, каб ён прыйшоў да вас з братамі; але ў яго зусім не было ахвоты прыйсці цяпер, а ён прыйдзе, калі надарыцца добрая нагода. Будзьце пільнымі, стойце ў веры, будзьце мужнымі, умацоўвайцеся. Няхай усё ў вас робіцца ў любові. Прашу вас, браты, — вы ведаеце дом Стэфана, што ён пачатак Ахаіі, і што яны аддалі сябе на служэнне святым, каб і вы падпарадкаваліся такім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе. Я ж радуюся прыходу Стэфана, Фартуната і Ахаіка, таму што яны запоўнілі вашу адсутнасць; бо яны супакоілі мой дух і ваш. Дык прызнавайце такіх. Вітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас у Госпадзе Акіла і Прыска18 разам з царквою, якая ў іх доме. Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Прывітанне — маёю, Паўлавай, рукою. Калі хто не любіць Госпада, няхай будзе анафема19. Марана та20. Ласка Госпада Ісуса няхай будзе з вамі. Любоў мая ў Хрысце Ісусе няхай будзе з усімі вамі. [Амін].
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014